Акудовіч Валянцін

a%d0%ba%d1%83%d0%b4%d0%be%d0%b2%d0%b8%d1%87

З кнігі "Найноўшая гісторыя ў асобах"

Некаторы час таму мы дамовіліся, што вядомы філосаф Валянцін Акудовіч дашле мне свае нататкі па электроннай пошце. Я хацеў зрабіць іх “у фармаце” ўсёй кнігі, але адмовіўся па той прычыне, што ў гэтым няма сэнсу.

…Дарэчы, чаму мы кажам: “Я нарадзіўся”? Ніхто з людзей не з’яўляецца на свет белы сам, з уласнай волі. Кожнага з нас нараджае маці (так атрымалася нават з Ісусам), і таму, бадай, больш слушна было б казаць: “Маці мяне нарадзіла”. У маім выпадку гэта здарылася 18 чэрвеня 1950 года ў мястэчку Свіслач. Бацька яшчэ не дарэшты збудаваў хату, але жыць сыну ўжо было дзе. Між іншым, як і ў выпадку Ісуса, мой бацька быў цесляром (усміхнёмся з гэтай авантурнай паралелі), адно што звалі яго не Іосіф, а Васіль. Ён не толькі сам збудаваў хату, але сваімі рукамі змайстраваў усё неабходнае для жытла ў ёй: сталы, табурэткі, крэслы, шафы.

Маці, Людміла, была партніхай — так, на расейскі манер, празываліся ў нас швачкі. І, пэўна, партніхай яна была неблагой, бо яе кліентуру складаў амаль увесь местачковы “бамонд”.

Мае бацькі паходзілі з мясцовых сялян, мелі ўсяго толькі пачатковую адукацыю, але па меры людскасці я не шмат каго згадаю з імі побач. Яны годна “справіліся” з дзвюма сусветнымі войнамі, некалькімі акупацыямі, бежанствам, рэпрэсіямі ды перманентнай нястачай у перыяды бясконцых гістарычных катаклізмаў.

Падчас Другой сусветнай вайны бацька ваяваў з немцамі — спачатку ў Войску Польскім, а затым у Савецкай Арміі, з якой і дайшоў да Прагі (артылерыст, быў моцна паранены, аднак праз добрае здароўе дажыў да дзевяноста чатырох гадоў). Маці, тады маладое дзяўчо, акупацыйныя ўлады забралі на працу ў Нямеччыну. Дзед запрог каня і паехаў у перасыльны лагер, дзе за немалы хабар схіліў аднаго з ахоўнікаў цішком адпусціць дзяўчыну дахаты. З-за гэтага да канца вайны на хутар дзеда раз-пораз наязджала паліцыя, і тады “дэзерцірка” хавалася ў схароне за печкай.

Калі бацькі пабраліся шлюбам, тату было ўжо трыццаць сем (на пятнаццаць гадоў старэйшы за маму). Неўзабаве “маладыя” перабраліся на жытво ў мястэчка Свіслач, што амаль на мяжы з Польшчай. Адзін мой школьны сябар недзе ў шостым класе збег з урокаў у лес і, заблукаўшы там, міжволі патрапіў у іншую краіну. Праз некалькі дзён палякі дэпартавалі перабежчыка на бацькаўшчыну. Па вяртанні ў школу мы сустракалі яго, як нацыянальнага героя, бо на тую пару за мяжу выпускалі адно савецкіх разведчыкаў.

Дарэчы, мая школа насіла імя Кастуся Каліноўскага — ля ўвахода нават стаяў ягоны бюст. Толькі не памятаю, каб пра Каліноўскага хоць калі згадвалі, акрамя як на ўроках гісторыі, прысвечаных сялянскім паўстанням. Першыя два гады, пакуль школа будавалася, я вучыўся ў нейкіх сырых сутарэннях з таўшчэзнымі сценамі, адно збольшага прыстасаваных пад класы. Казалі, што гэта гаспадарчыя прыбудовы нейкай даўняй гімназіі. Мінулі дзесяцігоддзі, перш чым я даведаўся, што пачынаў сваю адукацыю ў будынку слыннай Свіслацкай гімназіі, дзе колісь вучыліся не толькі такія нацыянальныя героі, як старэйшы брат Кастуся Каліноўскага Віктар, але і будучыя еўрапейскія славутасці — Напалеон Орда, браты Крашэўскія, Траўгут. Тагачасная ідэалогія вынішчыла ўсё, што магло нагадаць маладому чалавеку пра існаванне на гэтых землях высокай шляхецкай культуры.

Пасля школы я спрабаваў паступіць у Мінскі політэхнічны інстытут, але не паступіў, і маці ўладкавала мяне на працу ў мясцовую хлебапякарню экспедытарам. Кожным ранкам мы загружалі поўную машыну скрынямі з яшчэ гарачым хлебам і развозілі яго па вёсках. Ніколі потым у жыцці я не меў лепшай працы. Густы пах свежага хлеба, дарога, бясконцая плынь краявідаў і колькі хочаш часу для роздуму над быццём, пакуль, разгрузіўшыся ў адной вясковай краме, едзеш да іншай.

На наступны год я таксама не паступіў у політэхнічны інстытут, і маці зноў давялося ўладкоўваць мяне на працу: гэтым разам яна выправіла сына да знаёмцаў на Мінскі маторны завод. Так я стаўся токарам, хаця даволі хутка пераканаўся, што рукі ў мяне “не пад тое заточаны”. Я не любіў жалеза, і таму яно мяне не слухалася. Найболей я любіў шпацыраваць у вольную хвіліну між заводскімі карпусамі і думаць “пра вечнае” (у прозе ці вершах). Але завод мяне не нудзіў, бо вельмі хутка я прыдбаў там шмат сяброў (як высветліцца пазней — на ўсё жыццё) і пачаў з імі хадзіць у горы. Калі мяне забіралі ў войска, я ўжо меў нават нейкі разрад па спартовым турызме. Досвед вандровак добра дапамог мне ў бясконцых маршах на далёкі палігон, але не выратаваў ад бяды.

Як вядома, бывае, што ў войску страляюць, і, здараецца, нават кідаюць гранаты. Невялічкі асколак адной з іх патрапіў мне ў вока. Пасля аперацыі я ляжаў у палаце і курчыўся ад жаху, бо зусім рэальна было страціць вока. Не ведаю, ці то насамрэч, ці каб суцешыць, але хірург сказаў, што каб які міліметр убок, дык асколак увогуле пазбавіў бы мяне жыцця. Але для маладога чалавека, будучыня якога перадусім атаясамліваецца з каханнем дзяўчыны, фізічнае калецтва выглядала горшым за смерць.

Трохі адхіліла маю ўласную вусціш ужо на самай справе жахлівая бяда суседа, які маўкліва ляжаў побач. Санітарка, наглядзеўшыся на мае пакуты, ледзь чутна прашаптала на вуха: “Не пераймайся лішне, вунь салдаціку абедзве зрэнкі снарадам пасекла”. З гэтага моманту я пачаў думаць не пра сябе, а пра назаўжды абрынутага ў цемру хлопца, і нават склаў верш, з якога запомніўся толькі кавалак радка — “адно вока на дваіх”.

Мяне доўга лячылі, а калі выпісалі са шпіталя, дык узнагародзілі медалём “За воінскую доблесць”. Пасля войска я зноў вярнуўся на маторны завод, дзе працаваў спачатку слесарам, а потым “інжынерам па метале” (не маючы тэхнічнай адукацыі). Аднак праца мяне мала займала, бо насамрэч я жыў трэніроўкамі, турысцкімі спаборніцтвамі і вандроўкамі па гарах (Паўднёвы Урал, Хібіны, Крым, Карпаты, Каўказ, Палярны Урал, Саяны, Прыпалярны Урал, Алтай, Памір) і яшчэ (ці найперш) — кнігамі. З дашкольнага дзяцінства я марыў аб пісьменніцтве. Мае першыя вандроўныя нарысы, якія друкавала шматтыражная газета “Трактар”, значылі для мяне куды болей, чым самі вандроўкі і спартовыя дасягненні, звязаныя з імі (у 1980 годзе я атрымаў званне “Майстар спорту СССР”).

Мая мара здзейснілася ў 1975 годзе, калі я паступіў у Маскоўскі літаратурны інстытут імя Максіма Горкага пры СП СССР (СП — саюз пісьменнікаў). Гэта быў цуд! Дасылаючы на творчы конкурс невялічкую аповесць, я зусім не спадзяваўся на поспех. Мне было дастаткова таго, што нехта з сапраўдных пісьменнікаў прачытае яе і, можа, напіша некалькі слоў у адказ.

Увогуле, у сваёй безнадзейнасці я меў рацыю, бо пра Літінстытут (ці не адзіная падобная ўстанова ва ўсім свеце!) тады трызніў кожны графаман неабсяжнай савецкай імперыі. Казалі, што ў год майго паступлення конкурс складаў больш як сто чалавек на месца. Каб з гэтых больш як ста чалавек выбар спыніўся на хай сабе і добра начытаным, але ўвогуле не надта адукаваным беларускім хлопцы, які на кожнай старонцы друкаванага тэксту рабіў тузін граматычных ды сінтаксічных памылак, безумоўна, патрэбен быў цуд. Хаця цяпер, ужо добра пажыўшы і шмат напрацаваўшыся з маладымі літаратарамі, я часам думаю, што тут магло абысціся і без містыкі. Можа, мой будучы літаратурны кіраўнік проста адчуў, што ў гэтым маладым рабочым нешта ёсць, і рызыкнуў даць веры сваёй чуйнасці. Гэтаксама і я потым не аднойчы стану друкаваць яшчэ “сырыя” тэксты пачаткоўцаў толькі таму, што мне пачуецца: тут нешта ёсць.

Зрэшты, быў цуд ці не — гэта ўжо не мела значэння. Я апынуўся сярод мноства самых сапраўдных пісьменнікаў (лепшых у тагачаснай савецкай літаратуры), з дня ў дзень слухаў іх казанні, а пазней, здаралася, з некаторымі нават і чарку браў. Хаця справа не толькі ў пісьменніках.

На тую пару Масква была інтэлектуальным цэнтрам усёй камуністычнай імперыі, а Літінстытут — адным з самых выбітных інтэлектуальных цэнтраў Масквы. Да таго ж тут было найболей свабоды (хаця ў адносінах да таго часу слова “свабода” лепш увогуле не згадваць), бо пісьменнікам у Расіі традыцыйна дазвалялася трохі больш “вальнадумства”, чым каму яшчэ…

Бліскучая прафесура (што праўда, не без выняткаў), творчыя семінары, акадэмічная вольніца — усё гэта напачатку проста ашаламіла мяне. Але была ў Літінстытута (ён месціўся у невялікім доміку Герцэна на Цвярскім бульвары) яшчэ адна каштоўнасць, якая, бадай, нават пераважвала ўсё пералічанае. Гэта яго інтэрнат, бітком набіты надзвычай таленавітымі і добра абазнанымі ў сусветнай культуры маладымі “геніямі”. Там, у калідорах і пакоях, маё веданне спелілася нават з большым плёнам, чым у аўдыторыях.

Пасля чацвёртага курса я праходзіў практыку ў маскоўскім часопісе “Знамя”, дзе мяне хацелі пакінуць на сталую працу. Аднак мне карцела вярнуцца ў Мінск і знайсці вартаўніцкую службу, каб хапала часу для вольнага крэмзання паперы. Так яно і сталася. Праўда, першы год пасля вяртання я працаваў у Доме піянераў (вучыў падлеткаў спартоваму турызму), але наступныя чатыры гады ўжо бавіў час у розных вартаўніцкіх каморках. Справа ў тым, што на лета я звальняўся са службы, каб пайсці ў горы, а восенню ўладкоўваўся ў іншае месца (выключэнне была турбаза “Нарачанка”, дзе я адпрацаваў лодачнікам поўны сезон).

За гэты час ажаніўся (у трыццаць тры гады) і займеў сына. Але калі нарадзілася яшчэ і дачка, дык нават нам, звыклым да жыцця ў нішчымніцы, трываць на адну вартаўніцкую зарплату ўжо не хапала моцы. Тады мой малодшы брат дапамог мне ўладкавацца намеснікам дырэктара ў Мінскую школу турызму. Затым ён жа прапанаваў выкладаць у Беларускім інстытуце турызму, дзе я чытаў лекцыі будучым інструктарам, а потым вывозіў іх практыкавацца па горныя маршруты. І ўсё было як быццам няблага, але з кожным годам мацнела разуменне, што сапраўдная справа чакае мяне ў іншым месцы, а менавіта — у літаратуры. Тым больш што ў тыя гады я ўжо пачаў досыць актыўна друкавацца (артыкулы, эсэ, проза). Але пошукі прытулку ў рэдакцыях літаратурных выданняў былі дарэмнымі. І нават пратэкцыя такіх слынных пісьменнікаў, як Янка Брыль ды Міхась Стральцоў нічым мне не дапамагла.

Пазней я зразумеў, што тады проста яшчэ быў не мой час. А як мой час надышоў (пара краху камуністычнай імперыі), дык і месцы знайшліся, і спраў з’явілася — рабіць не перарабіць.

Мая прафесійная літаратурная дзейнасць пачалася са штотыднёвіка “Культура”, дзе я пакрысе “дарос” да першага намесніка галоўнага рэдактара. Толькі ганаруся я зусім не кар’ерным поспехам, а літаратурна-філасофскім сшыткам “ЗНОЦ”, які ў якасці дадатку да газеты пачаў выходзіць у 1993 годзе. Я быў адным з яго стваральнікаў і нязменным рэдактарам. У “ЗНОЦ” мы ўпершыню надрукавалі ў перакладзе на беларускую мову мноства тэкстаў слынных мысляроў з самых розных эпох і кантынентаў, тут знайшлося месца андэграўндным, авангардным ды постмадэрновым практыкам айчынных творцаў, сярод якіх найбольш ярка заявіў пра сябе літаратурны рух “Бум-Бам-Літ” (маю гонар быць яго “хросным бацькам”) і шмат чаго іншага. Але ў тую бурапенную пару, калі з усіх бакоў клікалі на стваральную працу, немагчыма было трымацца нечага аднаго. Неўзабаве адначасна з газетай “Культура” я пачаў працаваць у часопісе “Крыніца” (загадваў аддзелам філасофіі і замежнай літаратуры), затым — яшчэ і ў штотыднёвіку “ЛіМ”, быў адным з намеснікаў галоўнага рэдактара філасофскага часопіса “Фрагменты”, выкладаў на аддзяленні філасофіі і літаратуры ў Беларускім Калегіуме. А колькі ў той самы час было ўсялякіх разавых праектаў (у першую чаргу — выдавецкіх), публічных лекцый, канферэнцый, замежных вандровак, акцый палітычнага супраціву… І на ўсё тады хапала і часу, і энергіі, і шалёнай прагі ствараць, змагацца. Мы як быццам прадчувалі, што гэтая эпоха (я яе, последам за нямецкімі рамантыкамі, называў “эпохай буры і націску”) не зацягнецца, і таму імкнуліся скарыстаць “тут і цяпер” усе магчымасці напоўніцу. Так яно і сталася. Недзе пасля 1996 года дзяржаўныя выданні былі вымушаны займацца ўсё больш жорсткім самацэнзураваннем, і я пакінуў “Культуру” ды “ЛіМ”, а затым і часопіс “Крыніца”. Апошні — праз бунт. Дзеля больш эфектыўнага кантролю над літаратурнымі выданнямі ўлады прынялі рашэнне аб’яднаць іх у холдынг і гвалтам змянілі нам галоўнага рэдактара. Калі саноўная дэлегацыя прыйшла нам пра гэта паведаміць, я, не выбіраючы слоў, сказаў ім усё, што думаў пра іх і аб’явіў аб сваім сыходзе з рэдакцыі. На маё здзіўленне праз некалькі дзён мяне падтрымалі ўсе астатнія супрацоўнікі. Падзея мела досыць шырокі публічны рэзананс, бо раней, здаецца, ніколі такога не было, каб у знак пратэсту звальнялася ўся рэдакцыя.

На жаль, не толькі ў дзяржаўным, але і ў недзяржаўным сектары плённа працаваць рабілася ўсё больш складана. Закрываліся газеты, часопісы, навучальныя ўстановы, фонды, грамадскія арганізацыі… Сфера незалежнай гуманістыкі радыкальна звужалася, як дарэчы, і магчымасць зарабляць хоць які грошык на жыццё. Тады мне зноў дапамог брат, які прапанаваў месца кладаўшчыка ў сваёй турыстычнай фірме.

Склад турысцкага рыштунку знаходзіўся ў склепе, працай мяне лішне не абцяжарвалі і, зацыраваўшы які разадраны намёт, я меў дастаткова часу, каб у цішыні сутарэння рэдагаваць тэксты для розных часопісаў ды зборнікаў, рыхтавацца да лекцый у Беларускім Калегіуме і без спешкі апрацоўваць рукапісы ўласных кніжак (праўда, іх маю няшмат: “Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека”, “Разбурыць Парыж”, “Дыялогі з Богам” і “Код адсутнасці”).

Зрэшты, досыць хутка вольнага часу ў мяне значна паменела, бо ў склеп панадзіліся хадзіць філосафы, літаратары, мастакі, журналісты ды ўсялякі іншы цікаўны люд. Якія толькі праекты тут не абмяркоўваліся, колькі ідэй ды ініцыятыў не ўзнікала, а часам — і згасала!..

На жаль, ўсё добрае па азначэнні мае тэндэнцыю да хуткага заканчэння. Ужо некалькі год у мяне няма таго ўтульнага склепа, як і сталай працы ўвогуле. Аднак гэта зусім не азначае, што я хоць на які дзень застаюся без справы. Часопісы, анталогіі, зборнікі, кнігі прозы і паэзіі, аналітычныя праекты… Чым толькі не даводзіцца займацца! І далёка не заўсёды тым, чаго б найболей хацелася. Аднак я гэтым лішне не пераймаюся, бо яшчэ падлеткам даў веры словам бацькі, якія ці не найлепш перадаюць філасофію беларуса: рабі што можаш і хай будзе як будзе.

P.S. Я ўжо даўно не выпраўляўся ў горы, пасля таго як на пачатку 90-х “пасадзіў” сэрца на адной з вяршынь Палярнага Урала. Аднак кожны год з хаўрусам філосафаў, літаратараў і музыкаў плаваю на байдарках па Беларусі.

У родным мястэчку Свіслач, дзе нарадзіўся і асталеў, бываю ўсё радзей. Затое на Вялікдзень —абавязкова. Там мяне чакаюць маці, сястра і нябожчык бацька на могілках. А яшчэ там чакае мяне маленькі хлопчык з гармонікам. Ён пакуль не ўмее на ім граць, але тае бяды. У яго яшчэ ўсё жыццё наперадзе.

Аўтарскае пасляслоўе

Як і дамаўляліся, ён даслаў гэты тэкст 6 сакавіка 2007 года. Прыемна, калі нехта так дакладна выконвае свае абяцанні. На жаль, так атрымліваецца не заўсёды.

З кнігі: "Без палітыкі"

ГОРЫ ВАЛЯНЦІНА АКУДОВІЧА

Сёння Валянцін Акудовіч з’яўляецца адным з самых вядомых філосафаў Беларусі, а ў маладосці быў яшчэ і заўзятым “спартовым турыстам”, майстрам спорту СССР (1980 год).

Рэчы гэтыя, мабыць, узаемазлучаныя, бо ў гарах так добра філасофстваваць…

— Адкуль захапленне?

— Мусіць, з падлеткавага рамантызму. Я нарадзіўся і вырас у мястэчку Свіслач, што на мяжы з Польшчай, якая ў той час была амаль недасягальнай для савецкага чалавека. А вялікі свет паглядзець вельмі хацелася. І не проста паглядзець, а “пракрочыць” сваімі нагамі. Тады савецкая ідэалогія актыўна раскручвала брэнд — “… а я еду за туманом и за запахом тайги”. Плюс  школьнае захапленне бардаўскай песняй.

У 1968 годзе я прыехаў працаваць на Мінскі маторны завод, дзе ў эксперыментальным цэху вучыўся на токара. Там была вельмі моцная турысцкая група. Мяне  запрасілі ў першую вандроўку. Спадабалася неверагодна, і я адразу зразумеў, што гэта маё.

Пазней, калі мой настаўнік у спартовым турызме (і не толькі ) Аляксандр Латакурскі збіраў групу для вандроўкі на Паўднёвы Урал, яму парэкамендавалі мяне.

Другая катэгорыя складанасці. У спартовым турызме ёсць свая класіфікацыя. Самай складанай тады лічылася пятая катэгорыя.

Да таго часу, калі мяне заклікалі ў войска, акрамя Урала  ў “актыве” былі яшчэ і Хібіны. Дарэчы, гэта вельмі дапамагло служыць, таму што да палігона, куды мы хадзілі амаль кожны дзень, было 7 кіламетраў. Туды і назад — 14. Пагадзіцеся, для непадрыхтаванага чалавека  зусім няпроста.

Калі вярнуўся з войска, зноў пайшоў у горы. І так працягвалася 25 гадоў.

— Якія самыя любімыя?

— Мне падабаліся ўсе горы, хаця асабліва вылучаў Поўнач — Прыпалярны і Палярны Урал, Хібіны. Бываў там неаднаразова. Сваёй сціплай прыгажосцю яны зачароўваюць. Ёсць нейкая вабная сіла ў гэтым мінімалізме. Магія Поўначы вельмі моцная, але яе немагчыма растлумачыць словамі.

Дарэчы, Памір, Цянь-Шань і іншыя “высокія” горы мне падабаліся не менш. Проста  нейкай інтымнага адзінства з імі  я ўжо  не адчуваў…

Шмат хто блытае спартовы турызм з альпінізмам, але гэта не адно і тое ж. Калі паспрабаваць растлумачыць “на пальцах”, то альпінізм — гэта рух па вертыкалі, а спартовы турызм — рух па гарызанталі.

У вертыкалі заўсёды даволі кароткая адлегласць. Нават Джамалунгма (Эверэст) усяго 8848 метраў. А ў нашым  спорце для пятай катэгорыі складанасці трэба прайсці не менш як 250 кіламетраў, з вызначаным “наборам” перавалаў, вяршыняў, перапраў і іншых тэхнічна-складаных перашкод.

Звычайна маршрут атрымліваецца значна даўжэй. Да прыкладу, каб толькі дабрацца да асноўнага хрыбта Прыпалярнага Урала, трэба пераадолець 90 км Аранецкіх балот. І пасля тыя жа 90 км, каб зноў трапіць у “цывілізацыю”. Складаныя паходы, бывала, доўжыліся амаль месяц.

Акрамя пераадолення рознага роду перашкод, была яшчэ і праблема грузу за плячамі. Памятаю, як у Саянах  на пачатку маршруту заплечнік важыў 42 кіло. Гэта пры маёй тагачаснай вазе ў 64 кілаграмы. Уявіце сабе, што вы з мяшком бульбачкі з раніцы да вечара караскаецеся па гарах…

Я стамляўся так, што калі мы прыходзілі на месца начлегу, то бервяно на дровы для вогнішча пілаваў лежачы. Я ляжаў з аднаго боку, напарнік — з іншага.

— Узгадаеце, калі ласка, самыя драматычныя выпадкі…

— Натуральна, за чвэрць стагоддзя вандраванняў у гарах іх было нямала. Узгадаю толькі два эпізоды. Адзін амаль містычны, а другі ледзь не скончыўся трагедыяй для мяне і майго сябра.

Спачатку аб першым.

Каўказ.З перавала мы з цяжкасцямі спусціліся ў глухую вузкую расшчыліну з бурлівай ракой. Так-сяк знайшлі месца для начлегу. Кіраўнік даў мне 45 хвілін “на выведку”. Кантрольны час вызначаецца заўсёды. Калі ў прызначаны час ты не вярнуўся,  цябе ідуць шукаць. Я павінен быў пераканацца ў тым, ці зможам мы далей рухацца ўніз па рацэ.

Ішоў па звярынай сцежцы. Цямнела. Раптам бачу — мёртвая карова. Стала страшнавата. Абыйшоў яе вакол, агледзеўся — задраная мядзведзем. Зусім стала страшна. У мяне з сабой быў толькі ледасек і нож на поясе.

Нясцерпна хацелася збегчы назад у лагер, але я мацней сціснуў тронак ледасека, выняў нож і пайшоў далей. Калі вяртаўся, зноў некалькі разоў абышоў вакол няшчаснай жывёлы, спрабуючы зразумець, адкуль  і як наскочыў мядзведзь. Па вяртанні аб усім распавёў сябрам.  У тую ноч  усім спалася трывожна…

Аднак сапраўдны страх прыйшоў на наступны дзень. З суседняй даліны да нас дабраўся пастух. Пачаставалі гарбатай. Ён спытаў,  ці не бачылі мы мядзведзя, які задраў іх карову. Кіраўнік групы паказаў на мяне і растлумачыў, што я хадзіў вакол каровы, калі быў у выведцы.

Тады ўпершыню ў жыцці я ўбачыў, як у чалавека ўстаюць дыбам валасы. Страшна збляднеўшы, пастух распавёў, што яны, у надзеі забіць мядзведзя, паставілі тамака дзве стрэльбы ў якасці самастрэлаў. Гэта значыць, на сцежцы і вакол каровы нацягнулі аборкі, прывязаныя да спускавых цынгеляў стрэльбаў. Маўляў, мядзведзь іх учэпіць і – стрэл.

Якім чынам, некалькі разоў абыйдучы вакол жывёлы, я не ўчапіў ні адну з тых аборак — аднаму Богу вядома…

Мясцовым нават у галаву не магло прыйсці, што хтосьці спусціцца з гор туды, дзе людзі ніколі не ходзяць. Дарэчы, рака грукатала так, што ў лагеры стрэл не быў бы чутны.

А другі выпадак адбыўся на Алтаі, каля яго самой высокай гары Бялухі.

Нам неабходна было знайсці брод праз раку Кантэгір. Там гэтая магутная рака яшчэ неглыбокая, але ўжо неверагодна імклівая. З кіраўніком адшукалі, як нам здалося, самае спакойнае і неглыбокае месца. Узяліся, як водзіцца, за плечы і пайшлі.  Але не заўважылі, што літаральна ў некалькіх дзясятках метраў за паваротам рака абрываецца вадаспадам. На сярэдзіне рэчышча ледасекі, якімі мы ўпіраліся ў камяні, перасталі даставаць дна, а ўнутраная плынь, пад спакойнай паверхняй, невярагодна ўзмацнілася.

Далей рухацца было немагчыма, а развярнуцца мы не маглі, паколькі, паставіўшы сябе “плацінай” папярок ракі, праз імгненне былі б знесеныя плынню ў вадаспад. З апошніх сіл стаялі пасярэдзіне ракі, і я ўжо  падумаў, што гэта апошнія секунды майго жыцця. Вырашылі пазмагацца, па чарзе адыходзячы па  паўкроку назад. Так  і адыходзілі, як два рака ў абдымку, пакуль не пакінулі быстрыню.

— Вы падарожнічалі за свой кошт?

— Вядома. Аб фундатарах тады ніхто не ведаў. Грошы збіраеш цэлы год. Больш таго, каб на вандроўку хапала дзён, здаеш кроў, паколькі  тады за гэта на працы давалі  адгулы. Праўда, самыя складаныя вандраванні часам фінансаваліся Рэспубліканскай або Абласной радамі па турызму. Аднак ў такія экспедыцыі  траплялі не многія…

–Дарагое гэта хобі?

— Далёкае вандраванне каштавала прыкладна дзве сярэднямесячныя зарплаты, а бліжэйшыя горы  абыходзіліся значна танней. Тут варта ўлічыць, што спартовы турызм вырас з так званага самадзейнага турызму. Гэта значыць, што група сама рыхтавала і  забеспячэнне, і прадукты, сама выбірала маршрут, самастойна (без інструктара) праходзіла яго.Таму вандраванне абыходзілася на парадак танней, чым сучасныя арганізаваныя туры. На жаль, тады ні заплечнікаў, ні лёгкіх і ёмістых намётаў яшчэ і ў перспектыве не было. Як не было добрых карт, вяровак, спальнікаў і шмат чаго іншага.  Але, з іншага боку, як раз гэтая “адсутнасць усяго” рабіла горы і вышэй, і складаней, а вяртанне дадому невымерна больш радасным.

— А як Вы адмовіліся ад захаплення?

— Сваё апошняе “кіраўніцтва” паходам вышэйшай катэгорыі складанасці здзейсніў у 42 гады. Нават крышку ганаруся гэтым.

Але дзесьці гады праз два, калі я ўжо цалкам пагрузіўся ў літаратурную працу і перастаў трэніравацца, з’явілася магчымасць з групай пачаткоўцаў пайсці кіраўніком на Палярны Урал. Пагадзіўся, таму што засумаваў па гарах.

Маршрут быў тэхнічна нескладаным –гэта мяне і падвяло. На складаных маршрутах працуюць павольна, а тут патрэбныя былі толькі моцныя ногі і здаровае сэрца. У юнакоў гэтага хапала з лішкам, а ў мяне, растрэніраванага, не.

Калі падымаліся на гару Барзова (усяго крыху болей за кіламетр вышынёй і ніякай крутасці), хлопцы адразу ж “рванулі”. Натуральна, ім хацелася паказаць перад майстрам спорту ўсё, на што  здольныя. А “майстар” з дурнога славалюбства не мог дазволіць сабе прапанаваць ім прыцішыць запал, хоць ужо на сярэдзіне ўздыму  стала зразумела, што такі тэмп  не па мне. Вытрымаў, але апошнія метры да вяршыні падымаўся ўжо нічога не бачачы і са спыненым сэрцам.

Адпачнуўшы на вяршыні, я прыдумаў, як спусціцца, каб ніхто не заўважыў маёй слабасці. Пасля гэтага ў горы перастаў хадзіць увогуле. Зараз кожны год плаваю на байдарках па беларускіх рэках.  І толькі.

Кніга падрыхтавана да друку  02.11.2011

akudovichakudakudovich2