Анісім Алена

%d0%90%d0%9d%d0%86%d0%a1%d0%86%d0%9c

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Для тых, хто не абыходзіцца без яхідных каментарыяў, хачу адразу падкрэсліць: размову з Аленай Анісім мы задумалі за некалькі гадоў да таго, як яна стала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. А калі дайшла справа да дыктафоннага запісу, вырашылі абмежавацца толькі канстатацыяй самога факта прыналежнасці да беларускага парламента, у якім яна працуе ў камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Варта таксама нагадаць, што кароткі час Алена Анісім спрабавала стаць кандыдатам у прэзідэнты нашай краіны.

Наканаваны выбар

“Я нарадзілася ў настаўніцкай сям’і 28 верасня 1962 года ў вёсцы Саванi Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Маю двух братоў: Віктар старэйшы за мяне на 13 гадоў, Анатоль — на 9. Абодва ўжо на пенсіі, адзін жыве ў Мінску, другі — на Стаўпеччыне ў вёсцы Ператокі.

Бацька, Мікалай Сцяпанавіч Амельчыц, выкладаў рускую і беларускую мовы, а таксама нямецкую, якую добра ведаў, таму што патрапіў пад акупацыю, а да гэтага вучыўся ў гімназіі ў Стоўбцах. Сярод вяскоўцаў у яго быў вялікі аўтарытэт. Заўсёды запрашалі на сямейныя святы, накшталт вяселляў і хрэсьбінаў. Ён нават мірыў маладых, калі ў тых узнікалі сур’ёзныя спрэчкі.

Мама, Вера Іванаўна Амельчыц, выкладала матэматыку, а перад пенсіяй працавала выхавацелькай групы падоўжанага дня.

Так атрымалася, што найбольшы ўплыў на мяне аказаў бацька.

Добра памятаю, што першыя словы прачытала ўжо ў чатыры з паловай гады. Гэта была назва: “Настаўніцкая газета”. Слова “настаўніцкая” я яшчэ асіліць не магла, а “газета” прачытала выразна.

Бацькі вырашылі аддаць мяне ў школу раней часу. Па-першае, таму, што не было з кім пакідаць, а па-другое, яны ўсё роўна ішлі туды кожны ранак і проста пачалі браць з сабой.

Такім чынам школьніцай я стала ў няпоўныя шэсць гадоў.

Цяпер разумею, наколькі з іх боку гэта было правільна. Я расла і ўвесь час (у тым ліку і фізічна) падцягвалася да дзяцей, старэйшых за мяне на год.

У гэты ж час бацька прывучыў да канькоў, што стала захапленнем на бліжэйшыя дзесяць гадоў. Зімой я каталася кожны дзень. Браты вучыліся на філфаку БДУ і, калі прыязджалі дамоў, чысцілі мне ад снегу ўсе бліжэйшыя стаўкі, сажалкі і нават кар’еры, якія пасля таго, як адтуль забіралі торф, залівала вадой.

Канешне, лёд далёка не заўсёды быў гладкім, а часта і зусім шурпатым, але прага да катання стала такой вялікай, што я не зважала на любыя недарэчнасці. Каталася дзе заўгодна, хоць па выслізганай дарозе.

Акрамя гэтага, бацька істотна паўплываў і на тое, каб мой характар быў такім, якім ён стаў цяпер. Мяккі па-жаночаму, але і па-мужчынску дастаткова прамалінейны і прынцыповы.

На ўсё жыццё мне запомнілася шмат яго фраз. Прывяду толькі адзін прыклад.

Калі ў падлеткавым узросце ў мяне нешта не атрымлівалася, і я моцна нервавалася-злавалася, ён казаў: “Я ў тваіх бедах не вінаваты”.

Гэта ставіла ўсё на месца. Я навучылася ў сваіх бедах вінаваціць толькі сябе.

А яшчэ бацька моцна паўплываў на крытычнае стаўленне да таго, што сёння называецца прапагандай. Ён ніколі не імкнуўся ўступіць у партыю, што прывіваў і сваім дзецям. А яго маці (мая бабуля Сарафіна) была і ўвогуле антысаветчыцай. Заходняя Беларусь усё ж…

Дарэчы, маці паходзіла з Беларусі Усходняй. Яна родам з вёскі Сакольнікі, якая, напэўна, ужо стала часткай Віцебска.

Такім чынам, у нашай сям’і як бы паядналіся дзве часткі Беларусі. І гэта крышачку адчувалася. Памяркоўная, ціхмяная маці і баявы, крытычна настроены да Савецкай улады бацька.

Вучылася я выдатна.

Пасля васьмі класаў рыхтавалася паступаць у радыётэхнічны тэхнікум, які цяпер стаў каледжам. Мы з татам нават ездзілі ўсё там паглядзець, аднак перад тым, як я павінна была ехаць падаваць дакументы, ён задумліва сказаў: “Канешне, ты, Алена, можаш рабіць, як хочаш, але там трэба працаваць з машынамі, а табе можа лепш з людзьмі”…

Прагучала не як забарона — проста меркаванне, падказка, аднак тыя словы прымусілі моцна задумацца.

Я пайшла ў дзявяты і дзясяты класы, што азначала пераход з “васьмігодкі” ў сярэднюю школу вёскі Залужжа. Ад нас гэта шэсць кіламетраў. У цяпло кожны дзень ездзілі на роварах. А зімой жылі там “па кватэрах”.

У піянерскім узросце ў “васьмігодцы” я ўвесь час абіралася старшынёй савета атрада, а потым старшынёй савета дружыны. А вось ужо на новым месцы ніякіх грамадскіх пасадаў не займала, таму што, паўтаруся, была на год малодшая за аднакласнікаў, і ў камсамол мяне прынялі толькі ў дзясятым класе.

І тое, толькі таму, што патэнцыяльная медалістка ў тыя часы не магла размінуцца з УЛКСМ…

Гэта да таго, што некаторая грамадская актыўнасць была мне ўласціва з маленства. Заўсёды з задавальненнем удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, чаму актыўна спрыялі бацькі.

Варта ўзгадаць, што мая маці добра іграла на гітары. У маладосці яна ўваходзіла ў склад настаўніцкага школьнага ансамбля.

Увогуле тады была натуральная традыцыя спяваць сямейным колам. Напрыклад, мой бацька ведаў акрамя процьмы беларускіх песняў шмат украінскіх.

Памятаю, у нас меўся нават зборнік песняў на беларускай мове.

Я таксама хацела скончыць яшчэ і музычную школу. І нават туды паступіла, аднак месцілася яна ў Стоўбцах, а ездзіць не заўсёды атрымлівалася, таму ад захаплення прыйшлося адразу адмовіцца. Бацька нават купіў акардэон, і я саматугам вучылася на ім іграць.

У тыя ж часы перамагла на абласным конкурсе сачыненняў, пра што сведчыць адпаведны дыплом.

Сярэднюю школу скончыла з залатым медалём. Маці – матэматык, бацька – філолаг, таму я крыху вагалася з жыццёвым выбарам, хоць адназначна марыла стаць настаўніцай. Урэшце перамог тата. Разважала так: “Матэматыку я сама разумею, але ці змагу гэта растлумачыць дзецям так, каб зразумелі яны…”

Для пятнаццацігадовай дзяўчыны гэта стала галоўным аргументам, і я падала дакументы на філалагічны факультэт БДУ.

Матэрыялізацыя выбару

Як медалістцы мне патрабавалася здаваць адзін іспыт. Без праблем атрымала вышэйшы бал і паступіла.

Акрамя вучобы і лагічнага ўдзелу ў мастацкай самадзейнасці нашага факультэта, была і яшчэ адна “фішка”. Мой старэйшы брат Віктар (на філфаку вучыліся абодва) у свой час быў перакладчыкам у гасцей з Польшчы.

Я таксама пачала працаваць з турыстамі, толькі з Чэхаславакіі. Мову вывучыла разам з аднакурснікамі ў складзе адпаведнай групы, многія з іх па маім прыкладзе таксама ездзілі перакладчыкамі. Дарэчы, славацкая мова больш падобная да беларускай, чым чэшская.

А брат Анатоль не абмінаў будаўнічыя атрады, чым таксама стаў для мяне прыкладам.

Пасля першага курса (нягледзячы на ўзрост, які афіцыйна забараняў працаваць) мы выправіліся ў Бярэзінскі раён на цагляны завод.

Так, цяжка, але ўсё кампенсавала маладосць і прыгажосці Бярэзіны!

Наш будаўнічы атрад быў жаночым. Недзе ў сямейным альбоме захаваліся (вельмі дрэнныя па якасці) фотаздымкі тых часоў — маладыя дзяўчаты здымаюць з канвеера па 4–5 цаглін…

Бацька вельмі хваляваўся за мяне і нават прыязджаў паглядзець, як мы там жывем. Такая адказнасць!

Наступным разам паехала працаваць у Малдову, збіраць ураджай памідораў і гарошку. Гэта 1980-ы, год Алімпіяды ў Маскве. Усе штатныя актывісты працавалі там, а мы зноў сфарміравалі філфакаўскі будатрад “Мара”, які існаваў ужо шмат гадоў. Легендарны. Са сваімі традыцыямі.

Дарэчы, менавіта ў гэты час я цалкам перайшла на беларускую мову. Калі з бацькамі ніякіх праблем не мела, то па месцы вучобы адчуваўся пэўны дыскамфорт. Выключна псіхалагічнага плана. Яно і зразумела. Калі яшчэ ўчора ты размаўляў “как все”, а сёння цалкам перайшоў “на сакавітую”, то ўзнікаюць нейкія пытанні. Хай ён і кароткі, але гэты перыяд патрабавалася вытрымаць і перастаць вагацца.

А ўжо на трэцім курсе я суправаджала турыстаў з Чэхаславакіі і ўвайшла ў “Майстроўню”.

У 18 гадоў чалавек — фактычна сфарміраваная асоба і робіць асэнсаваныя выбары, таму “Майстроўня” для мяне стала нечым магістральным у жыцці. Было прыемна ўсведамляць, што побач з табой шчырыя сябры і аднадумцы. Асяроддзе – надзвычай важна.

Думаю, сітуацыя ў гэтым сэнсе была даволі шчаслівай. Сярод маіх аднагрупнікаў і аднакурснікаў вельмі вядомыя людзі – Вінцук Вячорка, Сяргей Запрудскі, кандыдат філалагічных навук Вераніка Курцова, якая сёння працуе ў Акадэміі навук, магілёўскі паэт Сяргей Украінка, на жаль, ужо адышоўшая ў лепшы свет паэтка Ала Канапелька і інш.

Нічога ў нашым жыцці не бывае бессэнсоўным, усё пакідае свой адбітак. Мне вельмі пашанцавала з тымі, хто стаяў побач, з тымі, хто вучыў жыць. Карыстаючыся момантам, нагадаю свайго класнага кіраўніка, настаўніцу беларускай мовы Любоў Ульянаўну Война і ўніверсітэцкага выкладчыка Яўгена Міхайлавіча Камароўскага, які зрабіў першы пасляваенны правапіс беларускай мовы. Яны навучылі мяне адказнасці, мэтанакіраванасці і прынцыповасці.

Нягледзячы на тое, што сустрэчы “Майстроўні” праходзілі на філфаку, яе нельга назваць “філфакаўскай”, бо там было багата студэнтаў з іншых факультэтаў і ВНУ – хімікі, журналісты, гісторыкі, эканамісты і інш.

Нам давалі нават актавую залу. Напэўна, гэтаму спрыяла тое, што нашым выкладчыкам быў светлай памяці Ніл Сымонавіч Гілевіч, з яго аўтарытэтам і прыязнымі адносінамі да ўсяго беларускага.

У “Майстроўні” мы “ставілі” “Цара Максіміліяна”, а Ларыса Сімаковіч вучыла спяваць. А яшчэ ладзілі розныя народныя святы. Накшталт “Гукання вясны” 1982 года. А на адным са святаў сустрэліся са спявачкай Валянцінай Пархоменка. На той момант, здаецца, ужо народнай артысткай Беларусі.

Дарэчы, на іншым факультэце БДУ (механіка-матэматычным) вучыўся і мой будучы муж Валерый. У 1982 годзе ён скончыў вучобу і размеркаваўся на мінскі “Інтэграл”, а ў 1983-м мы пабраліся шлюбам. Я перайшла тады на пяты курс.

Праз дзесяць дзён пасля абароны дыплома нарадзіла старэйшага сына Аляксандра.

Дэкрэтны адпачынак быў толькі паўтара года, літаральна некалькі тыдняў я прапрацавала ў дзіцячым садку і нарадзіла другога сыночка Мікалая.

Калі яму споўніўся год, выйшла на працу ў сталічную 55-ю сярэднюю школу. Выкладала там беларускую мову і літаратуру, а ўсяго праз пару месяцаў, паколькі гэта была толькі кадравая замена, перайшла ў школу №71, цяпер гімназію.

Першы запіс у працоўнай кніжцы там зрабілі 25 жніўня 1986-га.

Адпрацавала пяць гадоў.

На жаль, бацькоў ужо няма. Спачатку ў лепшы свет адышоў бацька. Пасля таго маці пачувала сябе вельмі кепска, я знаходзілася побач і кожны дзень з родных Саванёў ездзіла ў Мінск на працу. Пехам 3 км у Асіпаўшчыну, а там электрычкай паўтары гадзіны да мікрараёна Курасоўшчына.

Вярталася ў 10-12 гадзін вечара, а ў 5 раніцы падымалася зноў.

Гэта доўжылася адну вучэбную чвэрць, а потым я забрала маму да сябе ў Мінск. Падыходзячую кватэру знайсці было надзвычай цяжка, жылі ў адным пакоі ўсе разам, упяцярых.

Праз пэўны час мужу, як маладому спецыялісту, прапанавалі пабудаваць “кааператыў”, і ў 1988 годзе мы пераехалі ў чатырохпакаёўку на Паўднёвым Захадзе.

Шмат хто памятае тыя часы – чэргі, перапоўнены транспарт, татальны дэфіцыт…

Дзяўчатам хацелася апранацца модна, разнастайна, але не атрымлівалася. Банальна не мелася такой магчымасці, таму, як гусяняты, усе хадзілі ў аднолькавым. Памеры розныя, мадэль адна і тая ж… Не разумею тых, хто марыць пра “светлае ўчора”…

У 1991 годзе стаўся “бум” на добрае веданне беларускай мовы дый беларушчыны ўвогуле, і з Акадэміі навук шмат хто перайшоў на працу ў Саўмін альбо ў Вярхоўны савет. Нягледзячы на скарачэнне, кадраў там не хапала, і я падала дакументы на ўдзел у адпаведным конкурсе, пра які даведалася ад маёй сяброўкі Веранікі Курцовай.

І атрымалася.

У школе адпускаць не хацелі, адпрацавала там, як кажуць, “дзень у дзень”, і 14 мая 1991 года я ўладкавалася ў Інстытут мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі.

Прафсаюзны выбар

Канешне, працаваць у школе з дзецьмі нялёгка, аднак сярод бюракратаў – яшчэ цяжэй. Колькасць паперак тады была вялікай, але гэта нішто, калі параўноўваць з тым, што ёсць цяпер…

Праз год працы на новым рабочым месцы нарадзіла трэцяга сына, Уладзіміра. А калі ў 1995-м зноў выйшла на працу, адразу атрымала прапанову ўвайсці ў прафсаюзны камітэт. Шчыра кажучы, гэтая прапанова мне не вельмі спадабалася, бо, ведаючы свой характар, разумела, што не змагу цынічна “адбываць нумар”.

Угаварылі і хутка абралі намесніцай, а неўзабаве старшыня прафкама Іван Дода з’ехаў на стажыроўку ў Польшчу, дык мяне “кінулі” на яго месца.

Так бывае заўсёды, калі чалавек не адмаўляецца адразу…

Але, з іншага боку, новая якасць прывяла да таго, што мяне пачалі ўспрымаць як пэўнага лідара. Калі выконваеш свае абавязкі належным чынам, так, як сам лічыш неабходным, то абавязкова сутыкнешся неўзабаве з начальствам. Не, гэта не канфлікты. Гэта адстойванне пазіцыі шараговых супрацоўнікаў, бо прафсаюзная дзейнасць – не толькі культурніцкія мерапрыемствы. Яна – абарона правоў тваіх калег.

Было нялёгка, асабліва, калі прафбос краіны Уладзімір Іванавіч Ганчарык вырашыў прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Фактычна ўсе мы ўвайшлі ў яго каманду, што на практыцы азначала перманентную напружанасць у адносінах з выканаўчай уладай. Да таго ж, я была членам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Атрыманы тады досвед вельмі прыдасца, калі пачну прымаць удзел у выбарах сама.

У 1999 годзе мяне дэлегавалі на гарадскую канферэнцыю Таварыства беларускай мовы ад акадэмічнай суполкі. Арганізацыю тады ўзначальваў светлай памяці прафесар Аляксей Саламонаў.

Выконвала абавязкі сакратара і рабіла гэта так добрасумленна, што ён сказаў: “Хачу бачыць цябе на сваім месцы”. Канешне, было прыемна, але і крыху дзіўна.

Прафесар як у ваду глядзеў. І неўзабаве ўзначаліла гарадскую арганізацыю ТБМ (2000 год) і была яе кіраўніком аж да 2014-га, калі на змену прыйшоў Аляксандр Давідовіч.

У гэтыя ж часы я ўваходзіла ў Рэспубліканскі савет, а нейкі перыяд нават узначальвала Савет старшыняў прафсаюзных арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, куды ўваходзілі і даволі буйныя структуры. Гэта быў вельмі карысны досвед.

Наш акадэмічны прафкам месціўся ў памяшканнях акадэмічнага Інстытута гісторыі НАН. Паколькі інстытуцкая арганізацыя была невялікай, то кіравала суполкай на грамадскай аснове.

Выбар “Новага часу”

Пачынаючы з 2000 года, я вельмі цесна “завязалася” на Таварыства беларускай мовы, таму да актыўнай дзейнасці ў прафсаюзах дадаўся яшчэ і гэты накірунак. У сэнсе актыўнасці не меншы, а часам і нават большы. Спачатку ачольвала сталічную арганізацыю ТБМ, потым была звычайным намеснікам старшыні, а з 2014 года – першым намеснікам.

У 2002 годзе мы запачаткавалі газету “Новы час”. Скажу шчыра, у той момант далёка не ўсе ў яе верылі і хацелі рабіць. Маўляў, навошта — дастаткова “Нашага слова”. Я была сярод тых, хто лічыў, што акрамя таго, што ёсць, патрэбна газета больш высокага ўзроўню, большай чытацкай аўдыторыі. Хацелася зрабіць выданне інтэлектуальнага кшталту, цікавае не толькі сябрам нашай арганізацыі, але і іншым. Распрацавалі канцэпт, прыдумалі назву, вырашылі прызначыць галоўным рэдактарам Кастуся Тарасава. Патрабавалася толькі знайсці чалавека, які б афіцыйна фігураваў як заснавальнік. Прапанавалі гэта Трусаву, аднак Алег Анатольевіч прапанаваў замест сваёй асобы Мінскую гарадскую арганізацыю ТБМ, якую на той момант ачольвала я.

З задавальненнем пагадзілася зрабіць апошні крок, узяла падрыхтаваныя дакументы і пайшла ў Міністэрства інфармацыі.

Як і чакалася, там іх браць не захацелі, бо ішоў ужо, паўтаруся, 2002 год, і для незалежных выданняў, скажам мякка, узнікалі пэўныя цяжкасці. Асабліва, калі тэматычна прадэклараваны грамадска-палітычны кірунак…

У міністэрстве я пачала пералічваць усе неабходныя для рэгістрацыі дакументы. Не хапіла так званага “рэгістрацыйнага збору”, які заўчасна не стала рабіць наўмысна, бо не ведала, да чаго канкрэтна прычэпяцца.

Хуценька яго аплаціла і літаральна прымусіла зафіксаваць заяўку. Праз пэўны час патэлефанавалі з Міністэрства інфармацыі і прапанавалі забраць пасведчанне аб рэгістрацыі.

Вельмі сімвалічна, што яго выдалі 25 сакавіка 2002 года, то бок у гэты Дзень волі мы святкуем яшчэ і 15 гадоў існавання “Новага часу”. Для мяне было надзвычай прынцыпова забраць яго менавіта 25 сакавіка.

Памятаю, у Доме ветэранаў у гонар Беларускай Народнай Рэспублікі ладзілі імпрэзу, і я з радасцю паказвала тое пасведчанне.

Умоўна дзейнасць любой газеты можна падзяліць на дзве часткі – творчую і адміністрацыйную. Творчай часткай займаўся Кастусь Тарасаў, усім астатнім – я.

Праз пяць гадоў да нас прыйшла творчая каманда ліквідаванай уладамі “Згоды”, што, на мой погляд, цалкам слушна, бо дазволіла многім прыстойным людзям захавацца ў прафесіі.

Па вялікаму рахунку, кадравыя перамены не прывялі (і не маглі прывесці) да змены нейкіх арыенціраў, таму што рэдакцыя з самага пачатку прытрымлівалася грамадска-палітычнага кірунку дзейнасці. Пэўныя асветніцка-культурніцкія элементы былі ад самага пачатку, але яны ніколі не дамінавалі над імкненнем да масавасці.

Варта таксама дадаць падрыхтаваныя ТБМ разнастайныя слоўнікі, беларускі варыянт правіл дарожнага руху, праекты законаў і г.д.

За пятнаццаць гадоў існавання “Новага часу” можна прыгадаць шмат адметных падзей, але галоўным (на мой погляд) сталася тое, што закладзенае Кастусём Іванавічам Тарасавым працягваў Аляксей Сцяпанавіч Кароль, а цяпер паспяхова рэалізуе Аксана Мікалаеўна Колб – накіраванасць на знакамітыя, славутыя постаці Беларусі. Як у гісторыі, так і ў сучаснасці. Гэта было з самага пачатку, гэта ёсць і сёння.

Мне здаецца, такая лінія “Новага часу” вельмі важная, бо чалавек, які чытае выданне з моманту яго стварэння, можа бачыць тое, што адбывалася ў даўніну, якія тады былі людзі, хто штурхаў, тварыў гісторыю, пакінуў у ёй след. І ведаць, якія постаці ёсць сёння, што канкрэтна яны робяць.

“Новы час” – беларускі час, які бярэ свае вытокі ў мінулым і накіраваны ў будучыню”.

12.03.2016

%d0%90%d0%9d%d0%86%d0%a1%d0%86%d0%9c-1-%d0%9f%d0%af%d0%a6%d0%ac-%d0%93%d0%90%d0%94%d0%9e%d0%8e-22-02-1969 %d0%90%d0%9d%d0%86%d0%a1%d0%86%d0%9c-2-%d0%97-%d0%91%d0%90%d0%a6%d0%ac%d0%9a%d0%90%d0%9c-%d0%9c%d1%96%d0%ba%d0%b0%d0%bb%d0%b0%d0%b5%d0%bc-%d0%a1%d1%86%d1%8f%d0%bf%d0%b0%d0%bd%d0%b0%d0%b2%d1%96%d1%87 %d0%90%d0%9d%d0%86%d0%a1%d0%86%d0%9c-3-%d0%9d%d0%90-%d0%a1%d0%a3%d0%91%d0%9e%d0%a2%d0%9d%d0%86%d0%9a%d0%a3-%d0%94%d0%97%d0%af%d0%92%d0%af%d0%a2%d0%ab-%d0%9a%d0%9b%d0%90%d0%a1-23-04-1977 %d0%90%d0%9d%d0%86%d0%a1%d0%86%d0%9c-4-%d0%a2%d0%a0%d0%ad%d0%a6%d0%86-%d0%9a%d0%a3%d0%a0%d0%a1-%d0%a4%d0%86%d0%9b%d0%a4%d0%90%d0%9a%d0%90-%d0%91%d0%94%d0%a3-%d0%93%d0%a0%d0%a3%d0%9f%d0%90-513%d0%90 %d0%90%d0%9d%d0%86%d0%a1%d0%86%d0%9c-5-%d0%9d%d0%90%d0%a1%d0%a2%d0%90%d0%8e%d0%9d%d0%86%d0%a6%d0%90-%d0%a1%d0%a8%e2%84%9671 %d0%90%d0%9d%d0%86%d0%a1%d0%86%d0%9c-6-%d0%97%d0%90-%d0%a8%d0%a2%d0%a3%d0%a0%d0%92%d0%90%d0%9b%d0%90%d0%9c-%d0%a0%d0%90%d0%a1%d0%86%d0%99%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%93%d0%90-%d0%92%d0%90%d0%99%d0%a1%d0%9a %d0%90%d0%9d%d0%86%d0%a1%d0%86%d0%9c-8-%d0%9d%d0%b0-%d0%b7%d0%b4%d1%8b%d0%bc%d0%ba%d0%b0%d1%85-%d0%91%d0%b5%d0%bb%d1%81%d0%b0%d1%82%d0%b0-%d1%80%d0%b0%d0%b7%d0%b0%d0%bc-%d0%b7-%d0%af%d0%bd%d1%96%d0%bd

%d0%90%d0%9d%d0%86%d0%a1%d0%86%d0%9c-7%d0%9b%d1%8f-%d1%9e%d0%b2%d0%b0%d1%85%d0%be%d0%b4%d1%83-%d1%9e-%d0%b4%d0%b2%d0%be%d1%80-%d0%b4%d0%b0-%d0%af%d0%b4%d0%b2%d1%96%d0%b3%d1%96-%d0%86%d0%b2%d0%b0%d0%bd