Аніська Сяргей

З кнігі "Супраць плыні"

“…Не гледзячы на тое, што мы сябруем ужо шмат гадоў, на свой сорам я не ведаў, што Фёдар Мірзаянаў з’яўляецца пляменнікам менавіта Сяргея Аніські. А яшчэ пра вельмі цікавы жыццёвы шлях майго сябра.

Праўда, пачаў размову Сяргей Аніська з аповеду пра свайго бацьку. І гэта невыпадкова, бо той быў сапраўды неардынарнай Асобай. На жаль,  усяго ў 58-м год яго забраў інсульт. Самае цікавае, што за два дні да смерці бацька доўга размаўляў са сваім сынам. Распавядаў пра сваё жыццё, дэталі вайсковай службы, знаёмства з маці, нараджэнне дзяцей, унукаў і г.д. Чаму гэта адбылося менавіта тады, вядома толькі на нябёсах. Магчыма, чалавек спяшаўся “выгаварыцца”… Як бы там ні было, Сяргей Аніська (як і многія з нас) шкадуе, што такіх грунтоўных гутарак было вельмі мала…

Фёдара Іванавіча  Аніську прызвалі ў армію менавіта ў той час, калі пачалося сумна вядомае “хрушчоўскае” скарачэнне і тэрміны яшчэ  не былі дэталёва адрэгуляванымі. Прызывалі на пяць гадоў, а праслужыў  толькі тры, але за гэты час яго буйны сельсавет падзялілі на некалькі  “нармальных”. Пасады там занялі іншыя людзі, і ён вырашыў застацца ў арміі на звыштэрміновую службу. Спачатку служыў у артылерыі, потым ў чыгуначных войсках, а затым ва  ўрадавай сувязі КДБ.

Апынуўся там па сутнасці выпадкова, але гэтая выпадковасць (а можа зігзаг лёсу?) і дазволіла вярнуцца з азербайджанскага Баку ў родную Беларусь. Аднойчы ўся іх сям’я  ехала сюды ў адпачынак. Суседам па купэ аказаўся афіцэр  з Нясвіжа. Ён  прапанаваў перайсці да іх і абяцаў  дапамогу з пераводам.

Упэўнены, падобных прыкладаў можа багата ўзгадаць  кожны з нас і пацвердзіць тое, што часцей за ўсё яны абмяжоўваюцца звычайным “купэйным знаёмствам”. Гэты выпадак можна назваць прыемным выключэннем, бо Аніські  хутка сапраўды аказаліся ў Нясвіжы.

Там яны пражылі да 1974 года, пакуль Фёдара  Іванавіча не накіравалі ў Манголію.  У горадзе Дзуун-Хараа Сяргей скончыў школу і атрымаў унікальны атэстат на мангольскай мове, які больш падобны на нейкую жэсаўскую даведку, чым на дакумент, пацвярджаючы сярэднюю адукацыю чалавека. Цяпер Сяргей з вялікай цяжкасцю можа “вылічыць” канкрэтна, за што атрыманы канкрэтныя адзнакі, але гэта і неістотна.

Тады ў хлапчука не было ніякіх ваганняў наконт выбару жыццёвага шляху – толькі афіцэр. Ды і не магло быць інакш, бо ўсё сваё невялікае на той час жыццё ён правёў выключна ў ваенным асяроддзі.

А вось з выбарам вайсковай прафесіі сыну дапамог бацька. Жыццёвы досвед лёгка разбіў юнацкі рамантызм, і Ленінградскае вучылішча падводнага плавання імя Ленінскага камсамола засталося “за дужкамі”. Як і Саратаўскае верталётнае.  Замест усяго гэтага быў прапанаваны аўтамабільны накірунак, што было таксама да спадобы Сяргею, бо кіраваць ён навучыўся яшчэ  ў школе.  А галоўнае – гэта не перашкаджала потым пайсці  крокам бацькі.

Адпаведных ваенных вучылішч у Савецкім Саюзе тады працавала толькі чатыры, таму выбар быў невялікі.  Усурыйск адразу быў адрынуты па той прычыне, што знаходзіўся на другім канцы СССР. Чэлябінск “адпаў” з-за чыста кліматычных умоў. Холад пасля Манголіі Сяргей  прынцыпова не любіў. Аўтамабільнае вучылішча ў Разані лічылася суперэлітным, і туды траплялі пераважна “па блату”, таму застаўся Самарканд.

На апошніх курсах да іх тройчы прыязджалі “пакупнікі” з асобага аддзела КДБ Туркестанскай ваеннай акругі. Спачатку жадаючых было за сотню, а пасля таго як высветлілася, што служыць выпадае ў Афганістане, такое жаданне выказалі толькі шэсць чалавек. Сяргей Аніська быў сярод іх, але афіцыйна накіравалі яго адразу ў роднае вучылішча камандзірам курсанцкага ўзвода.  І толькі потым — у Ташкент, а адтуль — у Кабул.

Спачатку Сяргей быў памочнікам начальніка штаба батальёна 58-й аўтамабільнай брыгады, а потым узначаліў роту. Для маладога лейтэнанта  гэта  магчыма толькі на вайне. А вайна там была сапраўдная, бо аўтамабільныя калоны атакавалі часцей за ўсё. І таму 49 рэйсаў (52 тыс. км!) Сяргея Аніські гавораць самі за сябе. І  галоўнае – ён ніколі не быў тым афіцэрам, які хаваецца за спінамі падначаленых.

Дарэчы, з КДБ  яго знайшлі і там, аднак было гэта перад самай заменай у беларускі Слонім.  Ужо  адтуль  Сяргей паступіў у Навасібірск на вышэйшыя курсы ваеннай контрразведкі. Скончыў іх ў ліпені 1985-га, і яго  (па легендзе студэнта Навасібірскага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту) накіравалі на  месяц на Маскоўскі фестываль моладзі і студэнтаў.

Сэнс той работы зразумелы, таму засяроджу вашу ўвагу  выключна на тым, што пасля “сталічнай камандзіроўкі” Аніська на год трапіў у асобы аддзел КДБ па Брэсцкаму гарнізону. Потым былі Камянецкі раён і Мінск, дзе Сяргею давялося працаваць у інфармацыйна-аналітычным аддзеле (IAA), і пасада намесніка начальніка ваеннай контрразведкі ў Мар’інай Горцы.

Калі Беларусь стала незалежнай, Сяргея Аніську прызначылі кіраўніком  IAA. Так было да 1995 года.  Менавіта ў гэты час стала цалкам зразумела, які шлях абралі новыя ўлады  і тое, што яны будуць трактаваць законнасць, мякка кажучы, вельмі фрывольна.

Прашу прабачэння за банальнасць, але ў жыцці кожнага з нас бываюць моманты, калі канкрэтны Крок вызначае далейшы лёс чалавека. Падрабязна распавядаў пра біяграфію Сяргея Аніські я цалкам невыпадкова, бо хацеў паказаць, што здольнасць ісці супраць плыні схавана ў іх родзе на генетычным узроўні. І гэта не проста пафасныя словы.

Як і пляменнік у снежні 2010 года, у 1995-м Сяргей Аніська абраў шлях, які нельга назваць канфармісцкім. Служыць падпалкоўнік С.Аніська мог бы яшчэ шмат год (пасада дазваляла), але зрабіў інакш. Ён сышоў. Сышоў, каб не быць побач з тымі, хто плюе на любую мараль.”

25.06.11

%d0%9c%d0%98%d0%a0%d0%97%d0%9e%d0%af%d0%9d%d0%9e%d0%92-5

%d0%9c%d0%98%d0%a0%d0%97%d0%9e%d0%af%d0%9d%d0%9e%d0%92-6