Антончык Сяргей

%d0%b0%d0%bd%d1%82%d0%be%d0%bd%d1%87%d0%b8%d0%ba

З кнігі "Найноўшая гісторыя ў асобах"

Калі ішла работа над гэтым нарысам, мяне вельмі здзівілі два моманты. Першы – філасофскі падыход да жыцця простага рабочага. Другі   –менавіта гэты, непадобны на казачнага волата чалавек, некалі прымусіў гістэрычна плакаць Аляксандра Лукашэнку, які сёння ўладай асацыюецца з нечым моцным і непахісным. Калі я не памыляюся, нічога падобнага ў найноўшай гісторыі не было ні раней, ні потым.

І яшчэ. Сяргей Антончык недарэмна лічыць сваё жыцці шчаслівым, бо адна галоўная падзея ў ім ўжо адбылася – абвяшчэнне дзяржаўнай незалежнасці. І ён меў да гэтага самае, што ні ёсць, непасрэднае дачыненне.

Ген датычнасці

 Гэта не жарт, але Сяргей Антончык сапраўды нарадзіўся ў Дзень жартаў – 1 красавіка 1956 года. Адбылося ўсё ў “грыбной сталіцы” нашай краіны. Так што народная прымаўка “ў Беларусі тры сталіцы – Мінск, Бабруйск і Плешчаніцы (з націскам на апошні склад)” вельмі блізкая да рэальнасці.

Акрамя першай сярэдняй школы ў гэтым паселішчы гарадскога тыпу ёсць яшчэ адна такая ж і школа-інтэрнат, аднак СШ№1 традыцыйна была абранай па тэрытарыяльнай блізасці да дому. Дакладней, у такіх малых паселішчах звычайна ніхто места навучання дзяцей не абірае: ідуць туды, куды скажуць. Тым больш у тыя гады.

Сям’я Антончыкаў (пасляваенныя часы – заўвага аўтара), калі сказаць вельмі мякка, не была заможнай. Як і ў сучаснасці, школьныя настаўнікі імкнуліся тады “наблізіць” да сябе дзяцей, чые бацькі жылі лепш за астатніх, то бок нашчадкаў мясцовага начальства.

А тут – бацька, былы зэк, сталяр-чырванадрэўшчык (родам з пасёлка Шацк, што пад Рудзенскам) Антон Дзмітрыевіч і маці Надзея Рыгораўна (родам з вёскі Гаравец, якая знаходзіцца недалёка ад Плешчаніц), што працавала ў мясцовай бальніцы. Апошнія 15-20 гадоў яна была санітаркай, а да гэтага “ўсім”, то бок касцяляншай, загадчыкам гаспадаркі і нават на аперацыях хірургічнай сястрой. Пасля вайны так было шмат дзе. Словам, ніякай “круцізны”.

У сям’і Антончыкаў было чацвёра дзяцей. Акрамя героя нарыса ў 1951 годзе нарадзіўся яго брат Аляксандр, у 1954 годзе – сястра Любоў, у 1960 – брат Зміцер.

Вучыўся Сяргей добра. Больш за тое, яму, як выдатніку, да восьмага класа давалі ганаровыя граматы. А потым пачаліся канфлікты з настаўнікамі: пераходны ўзрост, які звычайна суправаджаецца абвостраным пачуццём справядлівасці.

Цяпер на гэта ніхто не звярнуў бы ўвагі, а тады за “маральным абліччам будаўніка камунізму” сачылі вельмі пільна. Як звычайна, школьнікі хадзілі “пад танцы”, якія зараз называюцца дыскатэкамі, а настаўнікі там іх “лавілі”.

Дачка адной з калег маці (таксама з небагатай сям’і) “папалася”, і настаўніца (прозвішча Сяргей Антончык далікатна не назваў – заўвага аўтара) пачала публічна яе “паліваць брудам” і зрабіла амаль ні прастытуткай. Словам, пакрыўдзіла вельмі моцна. Абураны, Сяргей знайшоў і прачытаў творы вядомага педагога Сухамлінскага, а потым працытаваў іх падчас аднаго з заняткаў.

Які тады падняўся вэрхал, можна толькі ўявіць, бо “савецкім настаўнікам” падобнае было цалкам незнаёмым. Маці Сяргея нават у школу выклікалі. Таму цалкам зразумела, што скончыў яе Сяргей ужо “больш-менш”.

Вучыцца далей хацелася адразу, але матэрыяльнае становішча і асабістае сумленне гэтага дазволіць не маглі. Сяргей спачатку хацеў “зарабіць грошы” і толькі потым “некуды паступаць”.

Маці дапамагла ўладкавацца ў леспрамгас. Як раней было модна казаць, свае першыя “працоўныя ўніверсітэты” хлопец праходзіў менавіта там.

Гэта была сапраўдная “школа жыцця”, бо калектыў брыгады лесарубаў амаль цалкам складаўся з тых, хто некалі “сядзеў”. На той час там плацілі вельмі добрыя грошы. Калі мама Антончыка атрымлівала заробак у 90  рублёў, то там плацілі 240. Але і працавалі ад цямна да цямна. Умовы былі вельмі цяжкімі.

Калі Сяргей прыйшоў туды першы раз, яны падумалі, што хлопца “працаўладкавала” міліцыя, і адносіліся як да “малалетняга хулігана”, бо фізічна Антончык быў даволі моцным хлопцам. З часам высветлілася, што ён нармальны выхаваны чалавек, і гэта “напарнікаў” вельмі моцна здзівіла. Асабліва тое, што Сяргей не курыць, не п’е і не лаецца матам. Нягледзячы на тое, што ў гэтых людзей было шмат недахопаў, у іх не было ніякага фальшу. Больш за тое, тады Сяргей Антончык упершыню зразумеў: людзі, якія прайшлі праз гора, разумеюць, што такое дабро і зло.

Сярод іх былі розныя асобы. Калі хацелі працаваць — працавалі, калі не хацелі — кідалі. І ніякі дырэктар не мог да нечага прымусіць. У гэтых людзей быў нейкі своеасаблівы ГОНАР, СТРЫЖАНЬ.

Успамінаецца адзін вельмі красамоўны ў гэтым сэнсе момант. Сяргей заўсёды дапамагаў сям’і, бо яго бацька быў інвалідам. А калі таму з-за закупоркі сасудаў адрэзалі загніўшую нагу, хлопцу прыйшлося “ўзяць на сябе ўсё” (напрыклад, загатоўку дроў).

Аднойчы Сяргей не змог прыйсці на працу, а “напарнікі” падрыхтаваныя ім дровы прадалі за гарэлку. Калі юнак гэта ўбачыў, на яго вочах навярнуліся слёзы. “Напарнікі” заўважылі, але прамаўчалі.

На другі дзень вальшчык прывёз цэлы воз адборнай бярозы. Такую на дровы нават нельга было пускаць. “Напарнікі” так і сказалі: “Гэта табе, малады. Ніколі не страчвай самавалодання”.

Успамін першы

“Мой бацька 17 год прасядзеў у турме. Калі я быў дэпутатам, я папрасіў тагачаснага старшыню КДБ Генадзя Лавіцкага паказаць мне яго “справу”. Бацька “сядзеў” у Ніжнім Тагіле, і Лавіцкі зрабіў адпаведны запыт. Неўзабаве адтуль прышлі ўсе паперы. Мне нават падаравалі фатаграфію бацькі часоў зняволення. Лавіцкі расказваў, што падчас сталінскіх рэпрэсій былі “чыста палітычныя” і былі простыя рабочыя: існавала праблема ў рабочай сіле.

Гэты момант пазней стаў падставаю для розных інсінуацый. Напрыклад, газета “Мы и время”, якой кіраваў памерлы Віктар Чыкін, абліла мяне брудам. Маўляў, бацька быў ніякім не палітычным, а звычайным крымінальнікам. Я падаў за гэта на іх у суд і выйграў.

У рэальнасці адбылася “тыповая” для тых часоў гісторыя. Аднойчы бацька зайшоў у краму, каб набыць там дзягу. Іх не было. І тады ён пажартаваў: “Што гэта за ўлада такая, што нават дзягаў няма!!?” Сказаў і забыўся.

Праз некалькі дзён пагрукалі ў дзверы і арыштавалі. “За падрыхтоўку ўзброенай акцыі” прысудзілі да пяці гадоў зняволення, што выклікае шчыры смех, бо за меншыя злачынствы тады без вагання “ставілі да сценкі”. Як пісаў адзін паэт,”ты виноват лишь тем, что хочется мне кушать”. А потым кожныя пяць гадоў “дабаўлялі”. Усё гэта ёсць у “справе”.

Напрыклад, у 1943 годзе дабавілі за тое, што на лесасецы, дзе бацька тады працаваў, “усхваляў нямецкую зброю”, бо немцы дайшлі да Масквы. Лавіцкі на гэты конт мне сказаў: “Здзіўляюся, што яго тады не расстралялі ўвогуле”. Гэта, сапраўды, было б лагічней, а тлумачыцца ўсе банальным жаданнем мець бясплатную рабочую сілу і “работай” “стукачэй”, якія пісалі свае даносы амаль “ад балды”.

Рэабілітавалі яго за трыццаць гадоў да таго часу, як я стаў дэпутатам. Падкрэсліваю гэты момант спецыяльна для тых, хто “шукае” зразумелыя толькі яму прычыны…

Бацьку далі ў Плешчаніцах дастаткова вялікі дом, дзе да ліквідавання Плешчаніцкага раёна  жылі мясцовыя начальнікі.

А да гэтага мы жылі ў іншым — невялікі пакойчык з агульнай кухняй (яго маці атрымала ад бальніцы). Звычайная камуналка.  У цэнтры  –“буржуйка”, у баку — бацькавы вярстак. Пасляваенны час… У адным доме — тры сям’і…

Бацька вярнуўся з турмы ў 1950 годзе інвалідам. У яго былі паралізаванымі рука і нага. Пазнаёміўся з маёй маці. Пажаніліся. А праз год нарадзіўся Саша.

Бацька амаль не ездзіў на сваю “малую радзіму”: не было да каго. Справа ў тым, што, калі яго арыштавалі, усе сваякі ад патэнцыйнага пераследу з’ехалі на Украіну. Там як раз быў галадамор і шмат зямлі лічылася “нічыйнай”.

У адрозненне ад маці, бацька быў даволі жорсткім чалавекам. І, калі я распытваў  пра турму, пра рэпрэсіі,  ніколі нічога не расказваў. Тыя, хто многа расказвае, як некаторыя франтавікі, пра свае “подзвігі”, выклікае пэўны недавер. Хто ўсё бачыў сваімі вачыма, мала пра гэта гаворыць.

Выключэнне складалі толькі рэдкія моманты, калі бацька выпіваў “чарку”.  Ён заўсёды плакаў і пачынаў нешта ўспамінаць.

Тады я яшчэ не чытаў ні Салжаніцына, ні Варлама Шаламава, але ўжо шмат ведаў. Бацька, напрыклад, успамінаў пра тое, што, калі чалавек паміраў, яго не аддавалі адразу. Труп хавалі некалькі дзён, бо “пайку” бралі і на яго. Голад там быў страшэнны. Асабліва падчас вайны. Зэкі паміралі тысячамі. Ніхто на гэта не звяртаў ніякай увагі. Бірка на нагу – і ў траншэю. Закопвалі толькі вясной, калі зямля пачынала таяць. Жахліва.

Адзін раз  да іх прыязджаў сам Берыя (праводзіў “інспекцыю”), але ніякіх “палёгкаў” гэта не прынесла. Наадварот, пасля яго ад’езду цэлым баракам пачалі даваць нейкія шэрыя таблеткі. Усе паміралі як мухі. Мабыць, у дзяржавы не хапала ежы, і яна пазбаўлялася ад “лішніх ратоў”. Мой бацька два тыдні  ляжаў без прытомнасці, але выжыў”.

Самастойнае жыццё

У леспрамгасе Сяргей Антончык працаваў “да арміі”.  Прызвалі яго ў ракетныя войскі стратэгічнага назначэння.  Пасля вучэбкі ў украінскім Катоўску ён камандаваў аддзяленнем,  запраўляў палівам шахтныя ракеты. Дастаткова цяжкая і вельмі небяспечная справа.

Гэта цяжка ўявіць, але ў дзяцінстве Сяргей Антончык вельмі хацеў быць ваенным і паступіць у сувораўскае вучылішча. Дырэктар школы падрыхтаваў і паслаў у Мінск адпаведныя дакументы на  Антончыка і яшчэ аднаго вучня з прозвішчам Андрэеў (ён вучыўся крыху горш). Андрэева ўзялі, Антончыка — не.

Прычыну Сяргею не сказалі, але зараз яе няцяжка “вылічыць”. Дырэктар быў былым франтавіком. З бацькам яны ўзялі пляшку гарэлкі і аб чымсьці  ціха размаўлялі… Сын былога “ворага народа” савецкім афіцэрам не мог стаць па вызначэнні…

Пасля звальнення ў запас Сяргей зноў крыху папрацаваў у лепрамгасе. У гэты ж час пазнаёміўся з вельмі прыгожай дзяўчынай Тамарай, якая пасля заканчэння харэаграфічнага тэхнікума два гады “адрабляла” ў Плешчаніцах у Доме культуры.

Дарэчы, знаёмства ў іх адбылося вельмі цікавае. Як і многія ў той час, Сяргей, мякка кажучы, не быў прыхільнікам савецкай папсы. Перавагу аддаваў “Uriah Heep”, “Pink Floyd”, “Deep Purple”. Цікава,  што апошні гурт іх і пазнаёміў.

Тамара іграла на фартэп’яна мелодыю адной вядомай песні, а Сяргей праходзіў міма. Пачуў і спытаў: “Вы слухаеце такую музыку?” І назваў назву кампазіцыі. Як потым расказвала Тамара, для мінчанкі пачуць такое  ў глухой правінцыі ад апранутага па-сялянску хлопца было вельмі дзіўным.

Праз год (1976) яны пажаніліся. Мужу тады быў 21 год, жонцы — 19. Разам ужо 37.

Сяргей пераехаў у родны для жонкі Мінск. Працаўладкаваўся на завод імя Леніна, які ў 1992 годзе стаў Белварам. Для тых, хто не памятае, нагадаем, што Белвар  расшыфроўваецца як Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі.

У 1978 годзе ў Антончыкаў нарадзіўся сын Сяргей, а праз год двойня — Саша і Юля..

Натуральна, што пра якую-небудзь вучобу  Сяргей Антончык больш нават і не думаў. Днём ён працаваў на заводзе, вечарам —  грузчыкам у  магазіне. А аднойчы нават маляром.

Успамін другі

“– Чаму ў жыцці зроблены менавіта такі выбар? Гэтае пытанне я задаю сабе вельмі часта. Відаць, так было наканавана лёсам. Мабыць, у некаторых з нас  ёсць нешта такое, што не дае  быць канфармістамі. Так і са мной.

Калі пакрыўдзілі Надзю, пра якую ўзгадавалася раней, увесь клас прамаўчаў. А я знайшоў дома кніжачку па псіхалогіі выхавання,  падабраў падобную супярэчнасць і пры ўсім  класе ў вочы выказаў  усё, што думаю, настаўніцы, якая ў нас да таго ж была класным кіраўніком. Пасля гэтага некалькі гадоў мы былі “на нажах”. Больш за тое, адным канфліктам усё не абмежавалася. Публічна  спрачаўся з ёй амаль пастаянна. Пры гэтым, у мяне не было ні заможных бацькоў, ні падтрымкі “сильных мира сего”.  Наадварот, тая ж маці не раз  плакала: бацьку за язык пасадзілі, пасадзяць і сына…

“Зайшло” так далёка, што я нават не пайшоў на выпускны вечар.

Я неканфліктны чалавек, але не магу мірыцца з любой праявай няпраўды. Калі на тым жа заводзе своечасова не выплачвалі заробкі, мы з хлопцамі ішлі да дырэктара. Я працаваў самым звычайным рабочым — гальванікам. Выконваў за змену  некалькі нормаў. Пра перадавіка  Антончыка час ад часу нават пісала мясцовая газета.

Дарэчы, працоўны калектыў нашага цэха мяне вылучыў у дэпутаты гарсавета. На агульным сходзе (800 чалавек!) тады  “пракацілі” цэлага сакратара парткама…  Для падобнага ў  вачах людзей трэба мець даволі моцны аўтарытэт.

Усё жыццё ў мяне была нейкая прышчэпка ад уладнай ілжы і прага заўсёды дакопвацца да праўды.

Калі ў  1989 годзе ў нас на заводзе сказалі, што на Маскоўскіх могілках  у годзе мінулым збіраліся нейкія  фашысты, а ўсе “рабацягі” павінны прыйсці да Опернага тэатра на альтэрнатыўны мітынг, у мяне адразу з’явіўся сумніў. На могілках я не быў, аднак тое, што ўбачыў каля Опернага, давала адказы на ўсе пытанні: звычайнае “партыйнае” мерапрыемства.

Праз тры дні я павінен быў везці дзяцей у санаторную школу і ўбачыў каля “Валгаграда” пікетоўцаў, якія пратэставалі супраць партыйнай наменклатуры. З плакатам стаяў Сяргей Міхноў — актывіст новага руху.  Гэта былі  аднадумцы,  людзі вельмі блізкія мне па духу.

Якраз у той момант праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет СССР. Супрацьстаялі Станіслаў Шушкевіч і першы сакратар Мінскага гаркома кампартыі Уладзімір Галко.  Зразумела, супраць апошняга і быў пратэст.

Я спыніўся, зразумеў, што менавіта такіх людзей і шукаў. І ўжо  на наступны дзень  уступіў у суполку БНФ. Дакладней, у тое, што тады стваралася,  бо на ўстаноўчы з’езд у Вільню мяне запрасілі ўжо ў якасці дэлегата. Там  выпала  выступіць, стаць сябрам Сойму.

Так пачалася мая палітычная дзейнасць. Гэта было надзвычай натуральна. Я не разважаў пра сваіх трох дзяцей і пра тое, што трэба больш займацца сям’ёй. Я нават не думаў на гэты конт. Проста адчуў, што тут  — маё. Гэта было своеасаблівым падзелам усяго рэчаіснага на дабро і зло. З аднаго боку — святло, пошукі справядлівасці і праўды, з другога — цемра партыйнага цынізму, двудушнасці, нахабства,  ілжы”.

Палітычна-рабочы ўздым

Маскоўская (Кайданоўская) суполка  была самай буйной у БНФ, а самыя буйныя па колькасці ўдзельнікаў мітынгі праходзілі менавіта на Паўднёвым Захадзе. Зразумела, што гэта выклікала адпаведную рэакцыю ўладаў  і за кожным крокам Сяргея Антончыка вельмі пільна сачылі адпаведныя службы.

Памятаю, як адна знаёмая расказвала, што яны дазнаюцца пра розныя дэфіцыты, якія вязуць на продаж на Паўднёвы Захад, дзякуючы … Сяргею Антончыку. Справа ў тым, што людзі, якія яго “слухалі”, таксама любілі смачна паесці і “за адно” “слухалі” размовы мясакамбіната з мясцовымі магазінамі. Увесь тэлефонны вузел ведаў, куды павязуць мяса альбо каўбасу.

На выбарах у народныя дэпутаты СССР БНФ падтрымаў усіх,  хто трымаўся дэмакратычных поглядаў. У прыватнасці, Станіслава Шушкевіча. Не хачу сказаць, што гэтая падтрымка была галоўнай, але прынцыпова лічу, што перамог ён тады дзякуючы ў тым ліку і ёй.

А ў 1990  годзе Сяргей Антончык прыняў удзел у выбарчай кампаніі і непасрэдна. Гэта былі выбары ў Вярхоўны Савет БССР 12-га склікання. Балатаваўся ў Ясенінскай выбарчай акрузе і, нягледзячы на вельмі жорсткі супраціў партыйнай наменклатуры і наяўнасць 10 канкурэнтаў, перамог ужо ў першым туры.

У гэты ж момант Сяргея Антончыка на заводзе вылучылі кандыдатам на выбарах у гарсавет. Абралі, і ён стаў адным з тых нямногіх (палова дзясятка — заўвага аўтара), хто адначасова быў дэпутатам двух выбарчых органаў.

У 1990 годзе ў  жыцці Антончыка адбыўся газетны дэбют. “Аргументы и факты” надрукавалі вялікае інтэрв’ю з  назвай, якая цалкам гаворыць пра змест, “И снова о привилегиях…”

Цалкам лагічна і тое, што Сяргей Антончык працаваў у Вярхоўным Савеце 12-га склікання ў камісіі па прывілеям і працы, якую тады ўзначальваў Іван Герасюк.

Паралельна з палітычным уздымам у беларускім  грамадстве яшчэ адбываўся і ўздым незалежнага рабочага руху. Напрыканцы 80 гадоў мінулага стагоддзя на прадпрыемствах пачаліся забастоўкі і стварэнне новай арганізацыі  з назвай “Рабочы саюз”.

Рабочыя камітэты пачалі сваю дзейнасць паўсюды, дзе працавалі аднадумцы Сяргея Антончыка.  Напэўна, гэтаму значна дапамагла перабудова, калі па загаду Гарбачова на прадпрыемствах пачалі ствараць “саветы працоўных калектываў”.

Сяргея Антончыка абралі старшынёй “Рабочага саюзу” Мінска.

Галоўны ўспамін

“– Па вялікаму рахунку, у якой камісіі ты працуеш, было ўсё роўна, бо галоўнае — фракцыя БНФ. З яе вельмі жорсткай дысцыплінай. Менавіта там мы распрацоўвалі ўсе законы, у тым ліку і  “Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце”.

Асобна хачу адзначыць ролю Зянона Пазьняка. Буду  паўтараць да самай смерці, што  ўвесь наш палітычны рост адбываўся ў першую чаргу дзякуючы яму. Ён даваў нам пастаянныя ўрокі сапраўднай палітычнай і парламенцкай дзейнасці, і я вельмі хацеў бы, каб для гісторыі засталася толькі праўда пра той час.

Спачатку дэпутацкую фракцыю БНФ складалі 16 чалавек, потым 17, а потым стала 27. У гэтую маленькую групу ў нейкім сэнсе ўваходзіла будучыня Беларусі, якую нам дэлегавалі выбаршчыкі.

… Першай раніцай путчу мяне пабудзіў тэлефонны званок Валянціна Голубева, які жыве недалёка. Ён і расказаў пра дзяржаўны пераварот. Я  адразу  звязаўся з Генам  Быкавым і Жорам Мухіным. Праз некалькі гадзін мы сабраліся ў страйкаме, які месціўся на вуліцы Караля. Падышлі хлопцы з БНФ.

Напісалі тэксты ўлётак і пачалі  множыць на ратапрынтах, прэзентаваных польскай “Салідарнасцю”. Першую партыю я асабіста раздаваў людзям каля сталічнага ГУМа.

Два дні путчу наш страйкам нагадваў разбураны мурашнік: прыходзілі дзясяткі людзей, работа не спынялася ні на адну хвіліну. Кожны ведаў, што ў выпадку  перамогі путчыстаў апынецца ў турме. Альбо ўвогуле будзе забіты. Беларускія нацыяналісты ў гісторыі нашай краіны  “Курапаты” перажывалі не адзін раз…

Пасля падзення ДКЧС   перад пазачарговай сесіяй ВС з Сяргеем Навумчыкам мы за два дні пабылі шмат у якіх месцах. Напрыклад, у ЦК КПБ (БНФ сабраў каля іх будынка амаль 15 тысяч чалавек). І, як матрос Жалезняк, зайшлі на  нараду камуністаў. Добра памятаю тую “нямую сцэну”: цішыня і толькі працуе машынка, якая знішчала нейкія дакументы. Напэўна, заявы, дзе яны падтрымалі путч.

Пасля абвяшчэння незалежнасці каля парламента сабраўся вялікі натоўп людзей, якія абдымаліся і цалаваліся. Хочаце верце гэтаму, хочаце не, але ў той момант я адчуў нейкі вельмі самотны настрой. Такое ўражанне, што хутка павінна была пачацца вайна… Тады чамусьці была думка, што гэта яшчэ не канчатковая перамога…

Зараз вельмі часта ўспамінаю тыя пачуцці, хаця тады і не задумваўся пра нейкі рэванш. Хутчэй адносіў тое, што перажываў, на рахунак агульнай стомленасці, бо ў тыя дні спаў па дзве-тры гадзіны за суткі.

Памятаю таксама, як будучая жонка Зянона Пазьняка Галя Вашчанка прывезла да мяне чырвоную тканіну і мы пашылі бел-чырвона-белы сцяг. Хацелі павесіць яго над будынкам парламента, але Шушкевіч ужо “паварушыўся” і ўсё зрабіў. Наш павесілі над іншым будынкам.

Некаторыя называюць пачуццё, якое наступіла пасля зробленай работы, маральным апусташэннем. Радасць была раней. У зале парламента. Калі Пазьняк пасля галасавання выйшаў на трыбуну і зрабіў вельмі цудоўную прамову пра гістарычную важнасць таго, што зроблена. Гэты момант быў вельмі бліскучым, а радасць, якая тады адчувалася, не параўнальная ні з чым у нашым жыцці.

Падобнае я адчуваў толькі падчас знакамітага красавіцкага мітынгу рабочых, калі стала зразумела, што ў беларускім грамадстве наступіў час кардынальных перамен і скончыцца ўсё абвяшчэннем поўнай незалежнасці. Такое бывае адзін раз у 30-40 гадоў. Напэўна, да наступнага падобнага моманту я ўжо не дажыву.

Дарэчы, рабочыя страйкі тады вельмі моцна аслабілі партыйную наменклатуру. Яна была вымушана стаць больш “лагоднай”, што паўплывала на многія тагачасныя рашэнні. У тым ліку і наконт незалежнасці.

Як толькі падобнае скончыцца, палітык павінен усё зразумець і адыйсці ўбок. Не трэба “вярстаць” сітуацыю “пад сябе”, а арганічна прыстасоўвацца да таго, што адбываецца вакол. Задача палітыка не навязваць руху свае ідэі, а агучваць тое, што сыходзіць з самога руху.

На жаль, у сучаснай рэчаіснасці ўсё адбываецца наадварот.

Галоўная супярэчнасць паміж рухам і яго лідарам у розным стаўленні да асабістага “я”. Калі просты чалавек уступае ў рух, ён дабравольна адмаўляецца ад свайго “я”, а лідар так не робіць. Ён імкнецца “прасунуць”сваё “я”,  выкарыстоўваць іншых.

Асабліва бачная гэта супярэчлівасць, калі нехта надоўга “засядзеўся” ў лідарах.

Знакаміты філосаф і сацыёлаг Эрых Фром вельмі добра напісаў пра гэта ў кнізе “Уцёкі ад свабоды”.

На жаль, пакуль не адбылося дэталёвага даследавання таго, што адбывалася ў нашай краіне апошнія 20-30 гадоў. Не прэтэндую на “истину в последней инстанции”, але, на мой погляд, рух БНФ дасягнуў сваёй галоўнай мэты, то бок абвяшчэння поўнай незалежнасці, але гэта не было канчатковай перамогай. Рэальную ўладу мы не атрымалі, і таму ўсе “разважанні” на гэты конт – недакладнасць. БНФ заўсёды знаходзіўся ў апазіцыі.

Нагадаю, у 1992 годзе мы хацелі правесці рэферэндум па датэрміноваму роспуску Вярхоўнага Савета БССР і сабралі больш за чатырыста тысяч подпісаў. Для чаго была такая патрэба? Для таго, каб з’явілася магчымасць правесці рэальныя рэформы, бо пры ўладзе знаходзілася ўсё тая ж партыйная наменклатура, чаго не разумелі людзі, якія галасавалі за БНФ. Ім казалася, раз мы выканалі галоўнае абяцанне, то павінны хутка рэалізаваць і ўсе астатнія.

Калісьці адзін са стваральнікаў польскай “Салідарнасці” вядомы публіцыст Адам Міхнік бліскуча пісаў, што сітуацыя змены гістарычнай і палітычнай фармацыі не можа быць доўгай па часу. Калі хутка не будуць зроблены нейкія пераўтварэнні, то да ўлады вернецца адхіленая наменклатура. А далейшая стагнацыя сітуацыі прывядзе да таго, што ад рэфарматараў адыдзе асноўная частка падтрымаўшага іх грамадства, якое ўбачыць, што дэмакратычныя перамены нічога добрага ім пакуль не далі.

У Беларусі так і адбылося. Рэферэндум нам правесці не далі, і ўсё вельмі хутка вярнулася, як кажуць, “на круги своя”. Асабліва пасля прыходу да ўлады “новых”, якія вельмі добра выкарысталі складанасці таго часу.

БНФ ніколі не ініцыяваў стварэнне партый. Так, на нашай “базе” пачала, як і ў другіх краінах (Прыбалтыка, Чэхія, Славакія і г.д.), стварацца партыйная сістэма, але эканамічная сітуацыя не змянілася. Дакладней, пэўныя змены яшчэ не паспелі адбыцца. Сацыяльныя групы, якія б сталі падмуркам палітычных партый, не сфармаваліся.

Сітуацыя ў нашай краіне кардынальна адрознівалася ад той, што была ў суседзяў. Працэс грунтоўных эканамічных зменаў замарудзіўся, а палітычныя змены пачаліся даволі хутка.

Менавіта па гэтай прычыне вельмі хутка адбылося і фактычнае разбурэнне палітычнага поля: партыі з’явіліся, а сацыяльнай замовы на іх з’яўленне ў грамадстве не было.

Сродак памяняўся месцамі з мэтай. Ёй стаў не прыход да ўлады, а стварэнне “пад сябе” нейкай партыйнай структуры. Адразу ўзніклі кансервацыя партыйных груп (на чале якіх адны і тыя ж людзі знаходзяцца шмат гадоў), партыйная бюракратыя (якая стварае атачэнне “правадыра”) і поўная адсутнасць сваіх сродкаў на ўтрыманне партыйных структур.

Далей адбылася маргіналізацыя. Да таго ж, улада “насыціла” шэрагі апанентаў сваімі “стукачамі”, і мы атрымалі тое, што зараз маем на Беларусі.

Менавіта па гэтай прычыне “мастадонты” апазіцыйнай палітыкі крыху адышлі ўбок. Не тая зараз сітуацыя, як гэта было раней.

На жаль, гісторыя Беларусі настолькі цяжкая, што проста не можа быць павольнай. Каб мяне папрасілі яе схематычна намаляваць, то падзею 25 жніўня 1991 года я б абазначыў вешкай з бел-чырвона-белым сцягам. Іх трэба размясціць па ўсёй нашай гістарычнай схеме. Тое, што адбылося ў 1991 годзе — гэта “вешка” ў працяг падзей 25 сакавіка 1918 года, калі была ўтворана БНР. Як казаў Ніл Гілевіч, гэта толькі шлях да Беларусі. У 1991 годзе мы зрабілі  чарговы крок, і наперадзе будзе яшчэ адзін, калі наша незалежнасць стане сапраўднай, а суседняя імперыя банальна разваліцца.

У той сітуацыі дабіцца большага было немагчыма. Фракцыя БНФ зрабіла ўсё, што было ў нашых сілах. Сур’ёзнае змаганне за Беларусь толькі пачынаецца. У гісторыі няма закончаных працэсаў”.

  Метамарфозы лёсу

6 ліпеня 1994 года “Народная газета” перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў надрукавала артыкул Сяргей Антончыка “Лукашэнка-Кебіч: хто каго.  Камуністычнае шоу на Беларусі працягваецца”. Калі яго зноў прачытаць зараз, стане відавочным, што аўтар тады быў абсалютна правы.

Напісаць нешта новае пра яго знакаміты антыкарупцыйны даклад і “белыя плямы” вельмі цяжка. Нагадаю толькі, што Сяргею Антончыку гэта “каштавала” сур’ёзнага судовага пераследу і буйнога штрафу.

Акцэнтую ўвагу і на яшчэ адным моманце, які чамусьці сёння рэдка хто ўзгадвае. Пад “ціскам” фракцыі БНФ Антончыка ўключылі ў тую ж антыкарупцыйную камісію, якую ўзначальваў Лукашэнка. Больш за тое, ён не толькі лічыў даклад Лукашэнкі даволі павярхоўным, але і выступіў на парламенцкай сесіі пасля яго са сваім, альтэрнатыўным дакладам.

Для самога ж Сяргея Антончыка гэтыя сесіі працягваліся да 1995 года: пачаў працаваць новы склад Вярхоўнага Савета. Потым, калі ўсе апазіцыйныя сілы казалі, што “ў гэтай краіне” немагчыма нічога рабіць, ён распрацаваў тэхналогію, якая называлася “Рабочай дапамогай”. Сутнасць яе ў знаходжанні не фондавых грошай і закупку прадуктаў харчавання (цукар, гарбата, масла, крупы і г.д). З іх рабілі “пасылкі” і ў кожным горадзе ўтвараліся групы, якія раздавалі ўсё людзям. Абсалютна бясплатна і абсалютна без нейкага палітычнага падтэксту.

Напэўна, менавіта па гэтай прычыне ініцыятыву і не падтрымалі апазіцыйныя палітыкі. За тое яе небяспеку вельмі добра адчула ўлада. На аднадумцаў Сяргея Антончыка і на яго самога пачаўся неверагодны ціск. Арышты, суды, “суткі”… Даходзіла нават да спробаў “знікнуць” і адкрытых пагроз забойствам. Пагражалі атручваннем жонцы, а дачцэ падкінулі цыдулку: “За твайго бацьку, зарэжам тваё дзіця”.

На думку Антончыка, “для работы” з найбольш “небяспечнымі” ствараюцца адпаведныя “групы”, якія “прэсуюць” чалавека так, каб той альбо спыніў актыўнасць, альбо з’ехаў з краіны.

Апошняе не атрымалася, аднак “гадзіць” з часам менш не сталі. Калі Сяргей Антончык паспрабаваў знайсці работу, яму ўсюды адмаўлялі. Нават на вельмі шкодных для здароўя вытворчасцях.

Два гады ён “нелегальна” працаваў грузчыкам (разгружаў скрыні з півам) у адной фірме, потым два гады будаваў дамы, а калі “ўсё сціхла”, па аб’яве знайшоў работу кіроўцам, які адначасова выконвае функцыі грузчыка.

У гэтай якасці Сяргей Антончык працуе на працягу апошніх пяці гадоў, бо на пенсію ў мільён дзвесце тысяч беларускіх рублёў (5 месяцаў вырашалася сума) пражыць у наш час амаль немагчыма. Нармальна пражыць.

30.08.2013

%d0%b0%d0%bd%d1%82%d0%be%d0%bd%d1%87%d0%b8%d0%ba1-%d0%a3-%d0%94%d0%97%d0%af%d0%a6%d0%86%d0%9d%d0%a1%d0%a2%d0%92%d0%95 %d0%b0%d0%bd%d1%82%d0%be%d0%bd%d1%87%d0%b8%d0%ba2-%d0%a3-%d0%90%d0%a0%d0%9c%d0%86%d0%86 %d0%b0%d0%bd%d1%82%d0%be%d0%bd%d1%87%d0%b8%d0%ba5-%d0%92%d0%af%d0%a1%d0%95%d0%9b%d0%9b%d0%95  %d0%b0%d0%bd%d1%82%d0%be%d0%bd%d1%87%d0%b8%d0%ba3-%d0%97-%d0%9c%d0%86%d0%9a%d0%90%d0%9b%d0%90%d0%95%d0%9c-%d0%97%d0%90%d0%91%d0%9b%d0%9e%d0%a6%d0%9a%d0%86%d0%9c %d0%b0%d0%bd%d1%82%d0%be%d0%bd%d1%87%d0%b8%d0%ba4-%d0%97-%d0%96%d0%9e%d0%9d%d0%9a%d0%90%d0%99-%d0%a2%d0%90%d0%9c%d0%90%d0%a0%d0%90%d0%99 %d0%b0%d0%bd%d1%82%d0%be%d0%bd%d1%87%d0%b8%d0%ba7-%d0%a3-%d0%a1%d0%a2%d0%a0%d0%90%d0%99%d0%9a%d0%90%d0%9c%d0%95