Антусевіч Сяргей

%d0%b0%d0%bd%d1%82%d1%83%d1%81%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87-1

З кнігі "Арытмія, альбо Код супраціву"

Некалькі гадоў таму я першы раз размаўляў з Сяргеем Антусевічам і быў уражаны тым што менавіта ў яго паявіўся адзін з першых у Беларусі навігатараў GPS, а цяпер разумею, што ўсе тут цалкам лагічна, бо з самага дзяцінства ён, як кажуць, “сябруе з тэхнікай”, а па жыціі яго вядзе другі навігатар – Свабода.

Першыя арыенціры

Яны паявіліся разам з нараджэннем Сяргея на свет – 16 жніўня 1973 года. Адбылося гэта ў Брэсце. Альбо, як лічаць многія – у Бярэсці.

Калі маці, Галіна Якаўлеўна, успамінае той дзень, заўсёды прыгадвае неверагодную смагу і прэм’еру суперпапулярнага савецкага кінасерыяла “Семнаццаць імгненняў вясны”. Знакамітыя кабзонаўскія песні даносіліся з усіх вокнаў.

З пачатку бацька Сяргея Яўген Сяргеевіч , працаваў на электра-механічным заводзе ў Брэсце. Потым яго прызвалі служыць у Латвію, у войскі сувязі, дзе той застаўся на “звышурочную”. Неўзабаве перавялі ў Гародню, а потым у якасці саветніка накіравалі ў Афганістан..

Саветнікам дазвалялася браць туды сем’і – моцная ахова плюс адносна спакойная для “шураві” атмасфера першых гадоў “выканання інтэрнацыянальнага абавязку”. У Гародні Сяргей скончыў шэсць класаў, а ў 1987 годзе ўжо вучыўся ў Кабуле.

Дарэчы, у суседнім з імі доме з жыў Наджыб, які пазней стане прэзідэнтам Наджыбулой, але запомнілася Сяргею зусім не гэта – кнігі.

Хто памятае, пацвердзіць, што ў савецкія часы гэта быў адзін з самых найбольш распаўсюджаных дэфіцытаў. Каб іх набыць, простым людзям трэба было здаць пэўную колькасць макулатуры і атрымаць адпаведны талончык.

У Кабуле кнігі прадаваліся свабодна. Савецкія выдаўцы вельмі эфектыўна працавалі на аўдыторыю “абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў”. Больш за палову багажу сям’і Антусевічаў заўсёды складалі менавіта яны.

Арыенцір – тэхніка

Пасля вяртання з Афганістана бацькоў, Сяргей Антусевіч працягнуў вучобу ў роднай пятай гарадзенскай школе. Пасля яе сканчэння паспрабаваў паступіць у Брэсцкі тэхнічны універсітэт (назва сучасная – заўвага аўтара), аднак непаспяхова.

Як звычайна, прыярытэты ў нас змяняюцца з цягам сталення. Спачатку Сяргей Антусевіч хацеў звязаць сваё жыццё з біялогіяй і сельскай гаспадаркай — з захапленнем саджаў нейкія семечкі і ўважліва сачыў за тым, як яны растуць.

Пазней захапіла гісторыя. А яшчэ пазней тое, што звычайна называюць новымі тэхналогіямі.

Гарадзенскі “Азот” быў шэфам іх школы. Калі Сяргей Антусевіч вучыўся ў дзевятай класе, яны падарылі школе персанальны камп’ютар вытворчасці нямецкай фірмы “Шнайдар”.

З гэтага моманту цікавасць да тэхнікі ў прыярытэтах перамагла ўсё іншае і свой лёс Сяргей вырашыў звязаць менавіта з ёй.

Пасля няўдалай спробы паступлення Антусевіч вярнуўся ў родную школу, дзе яго з задавальненнем узялі працаваць лабарантам кабінета фізікі. Дарэчы, пазней разам з дырэктарам сваёй школы ён будзе “дэпутатстваваць”.

За год работы Сяргей Антусевіч падрыхтаваўся так добра, што наступным летам паступіў адразу ў дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы. Добра ўяўляю, як гэта фраза вызывае ў чытачоў (мякка кажучы) “шмат пытанняў”, таму адразу ўсё тлумачу.

“Завочна” Сяргей Антусевіч паступіў на матэматычны факультэт Гарадзенскага ўніверсітэта, а “вочна” у Беларускі тэхналагічны інстытут (зараз таксама ўніверсітэт — заўвага аўтара) на інжынера-механіка машын і апаратаў хімічных вытворчасцяў.

Арыенцір – палітыка

Як і для большасці студэнтаў, для Сяргея Антусевіча вучоба пачалася з “ на бульбы”, якая ў дадзеным выпадку ператварыліся ў два тыдні ўборкі лёну.

1991 год. Пачатак незалежнасці. Хвалі мітынгаў. Бел-чырвона-белы сцяг. Усё гэта не магло не паўплываць на светапогляд будучага прафсаюзнага дзеяча. Да таго ж яшчэ ў школе бацька аднаго з яго аднакласнікаў быў у БНФ, так што “глеба” для іншадумства была ўжо падрыхтаванай.

Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што, калі ў 1996 годзе, яго размеркавалі на “Азот”, сваё вяртанне ў Гародню Сяргей Антусевіч пачаў з заявы аб сяброўстве ў народным фронце. Дакладней, у яго маладзёвай суполцы, якую ж сам жа і ствараў. Стаў там намеснікам старшыні.

Менавіта ў гарадзенскай суполцы “Маладога фронту” ён пазнаёміўся з будучай жонкай Жаннай. Распісаліся ў лістападзе 1998-га, а трапіла яна туды ў пачатку года.

Дарэчы, Сяргей Антусевіч шмат гадоў з’ўляўся сябрам Сойма БНФ і менавіта з гэтым “брэндам” удзельнічаў ва ўсіх выбарчых кампаніях. Гэта я да таго, што прыналежнасць да афіцыйных “адмарозкаў” не перашкаджае перамагаць. Няважна пад якімі сцягамі змагаецца чалавек, галоўнае тут іншае – падтрымка простых людзей.

І яшчэ. Шчыра кажучы, мяне (як і многіх іншых) сур’ёзна стамілі “пачкаванні” у беларускай апазіцыі. Такое ўражанне, што яны больш змагаюцца паміж сабой, чым з “апошнім дыктатарам Еўропы”. Не ў гэтым лі прычыны стабільна малой падтрымкі ў беларускім грамадстве?..

Арыенцір — незалежны прафсаюз

У дзевяностыя гады мінулага стагоддзя незалежныя прафсаюзы было зарэгістраваць значна лягчэй, чым сёння. На “Азоце” афіцыйны статус ён набыў у 1992 годзе, а Сяргей Антусевіч прыйшоў туды ў 1999.

Дарэчы, пасля сканчэння ў 1996 годзе свайго ўніверсітэта Сяргей Антусевіч быў размеркаваны на “Азот”. Што цалкам зразумела, калі ўлічыць адпаведнае накіраванне на вучобу.

Першы год ён працаваў слесарам, бо вольных месцаў на прадпрыемстве для інжынераў на той час не было. Чаму ўдзячны па наш дзень. Паявілася магчымасць сваімі вачамі убачыць, “як што працуе” і зразумець логіку людзей, якія зарабляюць на хлеб асабістай працай. У універсітэтах гэтаму не вучаць. Пагадзіцеся, досвед вельмі-вельмі каштоўны.

Амаль адразу пасля напісання заявы аб сяброўстве ў незалежным прафсаюзе, Сяргею Антусевічу прапанавалі займацца адукацыйнымі праграмамі. Накірунак важны перш за ўсё таму, што ў галіне працоўнага заканадаўства пастаянна нешта змяняецца.

А праз паўгады яму прапанавалі ўзначаліць арганізацыю.

Акрамя гэтага ў 2007 годзе на сёмым з’ездзе Беларускага незалежнага прафсаюза яго абралі сакратаром-скарбнікам. Звяртаю ўвагу, што гэтая структура з’яляецца толькі адным са складнікаў (самы вялікі) Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, які ўзначальвае добра вядомы Аляксандр Ярашук.

Працягвалася гэта да красавіка мінулага года, калі на чарговым з’здзе яго абралі віца-старшынём Беларускага Незалежнага прафсаюза. Прабыў на такой пасадзе ён менш за год. 31 студзеня 2012 года на першым пасяджэнні пасля 8-га з’езда БКДП Сяргей Антусевіч быў абраны намеснікам узгаданага раней Аляксандра Ярашука.

Не раз даводзіцца чуць пра неверагодны ціск на сяброў незалежных прафсаюзаў і на гэтым сэнсе ім можна толькі выказаць шчырыя спачуванні. “Азот” у гэтым сэнсе – не выключэнне. Кожны год яго працаўнікі падпісваюць працоўныя кантракты. праходзяць пераатэстацыю і г.д.  Адміністрацыя выкарыстоўвае такія магчымасці “адпаведным” чынам.

Калі Сяргей Антусевіч пачаў там працаваць, у незалежны прафсаюзе налічвалася каля 900 чальцоў, сёння іх засталося крыху больш за сотню. Магчыма, такія лічбы камусьці пададуцца даволі сумнымі. Мяне ж шчыра радуюць, бо гэта азначае, што ўлада, нягледзячы на татальныя “зачысткі”, калі людзям прапануюць абіраць паміж кавалкам хлеба і асабістымі перакананнямі, на сённяшні дзень не дасягнула “эфекту спаленага поля”.

Арыенціры на будучыню

У 2002 годзе была абвешчана кампанія чарговых мясцовых выбараў, якія адбыліся ў годзе наступным, і Сяргей Антусевіч першы раз вырашыў балатавацца. І ніхто з яго бліжэйшага атачэння не стаў з гэтым рашэннем спрачацца.

Выбарчая акруга ў яго была невялікай – усяго сем тысяч выбаршчыкаў, якія ў асноўным жылі ў працоўных інтэрнатах. Хаця там спачатку было тры кандыдаты, асноўным сваім сапернікам ён не без пастаў лічыў тагачаснага першага сакратара гаркаму БРСМ, які лічыўся фаварытам.

Сяргея Антусевіча гэта не засмуціла. Ён перамог ў першым туры, перамог і ў другім. Інакш і быць не магло, бо для выбаршчыкаў ён быў “сваім хлопцам”, тым больш што ўся выбарчая кампанія была пабудавана на прынцыпе “ад дзвярэй да дзвярэй”.

Гэтыя словы мне прыходзілася чуць так шмат разоў, што, калі б яны цалкам адпавядалі рэчаіснасці, у краіне даўно быў бы іншы кіраўнік… А так… То лі “дзверы” былі не тымі… То лі не тымі былі тыя, хто да іх падыходзіў… То лі “паходы” паміж імі былі толькі ў папяровых справаздачах…

Шмат даводзілася чуць і пра фальсіфікацыі, у якіх ніхто (са свядомых людзей) ніколі не сумняваўся. Ведала пра іх і каманда Сяргея Антусевіча, але веды яшчэ не азначаюць гарантыю поспеху. Трэба ўмець разумна ім супрацьстаяць. Што і было зроблена.

Да бліжэйшых парламенцкіх выбараў улада ўжо “падрыхтавалася”. Напэўна, нехта з мясцовых ідэолагаў добра разумеў, што перамагчы Антусевіча ў чэсным спаборніцтву практычна немагчыма і яго банальна не зарэгістравалі.

Канешне, гэта быў моцны ўдар па ўсёй камандзе Сяргея, аднак на гэтым яны не здаліся. Назіралі за выбарамі так пільна, што ніякіх фальсіфікацый зноў не было. Больш за тое, 52-я гарадзенская выбарчая акруга стала тады адзінай (!) у цэлай Беларусі, дзе выбары не адбыліся.

На маю думку, гэта яскравы прыклад таго, як трэба змагацца за сваю перамогу. Зразумела, у праціўнікаў беларускай улады ёсць рацыя скардзіцца на неспрыяльныя ўмовы, але трэба разумець і тое, што яны ніколі не будуць “цяплічнымі”. На жаль, сітуацыя ў краіне для апанентаў улады значна пагоршылася ў параўнанню з тым, што было раней, аднак гэта не можа быць “вечным” апраўданнем усіх параз. Сумна, але рэальная работа ў нас даволі часта падмяняецца скаргамі на “крывавы рэжым”…

16.05.2012

З кнігі "Без палітыкі"

“Прыбамбасы” Сяргея Антусевіча

Па вялікаму рахунку тое, што некаторыя лічаць неардынарнай часткай  жыцця сябра Сойма Партыі БНФ Сяргея Антусевіча, на самой справе ёй не з’яўляецца. Так, у машыне Сяргея ёсць  навігатар GPS і ён, калі едзе, карыстаецца дапамогай спадарожнікаў, але гэта не таму, што Антусевіч вельмі “прасунуты”, проста  такія “прыбамбасы”, на жаль, яшчэ не сталі  такімі ж звыклымі, як скажам, сотавыя тэлефоны.

— Лагічнае пытанне. Адкуль?

Недзе ў годзе 1988, калі я яшчэ хадзіў у школу,  з’явіліся першыя  камп’ютары. І моцна мяне зацікавілі, як нешта новае, абсалютна незразумелае.  Гэта былі камп’ютары, што падарылі шэфы з аб’яднання “Азот”, дзе я цяпер працую. Можна сказаць, тады я “захварэў” усім, што з імі звязана.

У маёй свядомасці адбылася абсалютная ратацыя. Калі  раней я звязваў сваю кар’еру з біялогіяй альбо  гісторыяй, то з гэтага часу цалкам перафарматаваўся на “тэхнічны” лад, але канчаткова не звязаў сябе з камп’ютарамі, бо скончыў Тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “машыны і апараты хімічнай вытворчасці”. Свабоднае валоданне камп’ютарам на ўзроўні карыстальніка заўжды дазваляла добра адчуваць сябе ў гэтым напрамку. Тым больш, што яны ўсё больш і больш уваходзілі ў наша штодзённае жыццё, хаця ўспрымаліся больш сталым пакаленнем даволі насцярожана,  іх ў нейкім сэнсе  баяліся. А я пакрыху стаў, што называецца, актыўным юзэрам.

У 2002 годзе ездзіў у Нямеччыну, дакладней, па запрашэнню мясцовых прафсаюзаў у Гановер. Калі мяне сустракалі, упершыню ўбачыў, як наш вадзіцель Вальтар,  калі сядае за руль,  нешта ўключае. Пацікавіўся, што гэта такое. Ён патлумачыў –  прыбор GPS-навігацыі і паказаў, як той працуе. А яшчэ мяне ўразіў кошт — усяго тры тысячы даляраў. Цяпер для сярэднестатыстычнага немца, напрыклад, гэтая “цацка” абсалютна даступная і амаль стандартная пры камплектацыі аўтамабіля.

Выглядала ўсё даволі проста: заводзіш машыну, чырвоная кропка на прыборы паказвае месца, дзе мы  знаходзімся. Вальтар увёў назву месца, куды нам трэба прыехаць, і гэтае прыстасаванне праклала маршрут  руху, якому вадзіцель фактычна падпарадкоўваўся. Як вядома, аэрапорт Франкфурта-на-Майне настолькі вялікі, што выехаць адтуль без дапамогі ці  папяровай мапы амаль немагчыма. Я б, напрыклад, не здолеў бы ніколі.

Выехалі мы вельмі лёгка. На нямецкім аўтабане, які лічыцца адным з самых хуткіх у Еўропе, былі зачыненымі некаторыя ўчасткі, і прыбор адразу паказваў магчымыя аб’езды. Дабраліся да неабходнага месца хутка і без праблем.

Тады я ўпершыню  ўбачыў, што гэта такое і якім чынам яно працуе.

Прынамсі, да 2006 года GPS-навігатары былі для беларусаў нязбыўнай марай. Я наогул не спадзяваўся  ўбачыць іх тут і не ведаў, ці будуць яны на Беларусі працаваць. Пераканаўся толькі тады, калі набыў камунікатар на платформе “Windows Mobile” і ўбачыў, што ёсць магчымасці інсталяцыі праграмаў, якія працуюць у сістэме GPS. Для гэтага мне прыйшлося дадаткова набыць  спецыяльную антэну. Пачаў эксперыментаваць. Загрузіў некалькі праграмаў і пераканаўся, што яны ёсць у вольным доступе. Спадабалася.

Асабліва, калі мапа распрацаваная за мяжой. Возьмем той жа Беласток. Калі ёсць GPS-навігатор, ездзіш па ім, як па родным Гродна, прыемна і ўтульна. Усё залежыць ад дасканаласці мапы.

— Якія яны ў Беларусі, можна толькі ўявіць…

— 5–10 год таму людзі не думалі, што прыйдзе час, калі без інтэрнэту пражыць будзе амаль немагчыма. З яго дапамогай любая інфармацыя набываецца вельмі лёгка.  “Пашукавікамі”  я знайшоў рэсурс, дзе ёсць мапы Беларусі, бо абсалютна не ведаў, як іх можна набыць. Адпаведны беларускі  рэсурс www.belmap.info прапаноўваў тым, хто мае GPS-навігатары, прымаць удзел у дапрацоўцы гэтых мапаў. Робіцца гэта вельмі лёгка, таму што, калі ты рухаешся з уключаным навігатарам, ёсць сістэма запісу трэку руху. Пасля гэты трэк адпаведнай праграмай наносіцца на мапу, якая аўтаматычна ўносіць карэктывы. Пазначаюцца ўсе дарогі, якіх няма на гэтай мапе (такое здараецца часта), новыя развязкі альбо, калі грунтовую дарогу заасфальтавалі, фіксуецца новае пакрыццё.

Я яшчэ паспеў застаць апошнія некалькі месяцаў існавання гэтага рэсурсу. У нашай краіне такая дзейнасць ліцэнзаваная, бо гэта фактычна картаграфія, таму на ўладальніка рэсурсу вельмі хутка “наехалі”. Ён быў вымушаны прыпыніць  сваю працу. З гэтага моманту ўсё абмеркаванне беларускіх мапаў, іх карэктыроўка ідзе толькі праз расійскія інтэрнэт-рэсурсы. Яскравая праява неразумнай дзяржаўнай палітыкі, знакаміты прынцып “ні сам ні людзям”.

— І за колькі можна набыць такі навігатар?

—  Нармальны GPS-навігатар, які можа не толькі  рабіць навігацыю, але і праглядаць нейкія мультымедыйныя файлы, фільмы, дазваляе слухаць музыку, сёння можна набыць за 200 даляраў і вышэй. Калі чалавек многа ездзіць за мяжу, нават у Расію альбо ва Украіну, то для яго гэтая рэч абсалютна неабходная. Я, напрыклад, за мяжой ніколі не губляю час, каб дастаць мапу альбо некага спытаць. Засяроджваюся толькі на дарозе, і  навігатар падказвае адпаведнай стрэлкай альбо голасам места знаходжання і як трэба рухацца.

А які навігатар у Вас?

— У мяне камунікатар (тэлефон і кішэнны камп’ютар разам) Qtek S200, набыў крыху ўжываны праз інтэрнэт-форум за 250 даляраў. Цяпер мару пра больш прасунутыя мадэлі з больш хуткім працэсарам.

— Наколькі ўсе гэта проста?

— Вельмі. GPS-навігатар сёння можна набыць без праблем. Памерамі ён не шмат большы за звычайны “мабільнік”. Устанаўліваецца  на прыборную дошку аўтамабіля. І ў прынцыпе ўсё. Нідзе рэгістравацца не трэба. Адбываецца тое ж самае, калі вы ўключаеце камп’ютар. Запускаюцца праграмы, якія на ім ёсць.

—  Акрамя таго, што прасцей ездзіць, якая карысць ад GPS– навігатараў увогуле?

— Даволі вялікая. Калі я быў дэпутатам Гродзенскага гарсавета, у людзей (асабліва ў тых, хто жыве ў прыватных дамах) часта ўзнікалі пытанні па зямельных надзелах, па межах участкаў. Калі б у нас гэтая сістэма бурна развівалася, межы было б  лёгка пазначыць  з дапамогай GPS. Не было б ніякіх спрэчак, бо ніхто не можа іх змяніць: зямлю зварушыць з  месца немагчыма.

— Сапраўды актуальна. Узгадаў, як сусед па дачы (зараз яе няма) заўсёды ехаў першы і краў з дапамогай трубы, па якой цячэ вада, у мяне квадратныя сантыметры. На нашым участку труба заўжды нагадвала амаль змяю…

— А калі б улады карысталіся сістэмай GPS, зрабіць такое было б цалкам бессэнсоўна. І  падобных канфліктаў па ўсё краіне тысячы. Дарэчы, месцамі ўлады пачалі выкарыстоўваць GPS, але пакуль такіх прыкладаў вельмі мала.

Пералічыць ўсе сферы, дзе на дадзены момант GPS  працуюць, даволі складана. Перш за ўсё, гэта абарона, марская і авіяцыйная навігацыі.

Асобна хочацца сказаць пра працу МЧЗ. Сістэма GPS дазваляе зберагчы сілы і час і гарантуе дакладнасць у некалькі сантыметраў. Пагадзіцеся, калі гутарка пра жыццё людзей, гэта важна.

Зразумела, трэба назваць навуковыя мэты і, перш за ўсё, магчымасць мець дакладны час.

Усё часцей GPS можна ўбачыць у ахоўных аўтамабільных сістэмах. Тым, хто скраў такі аўтамабіль, я б не стаў зайздросціць. З дапамогай  GPS можна праводзіць розныя маніторынгі аўтатранспарту, сачыць за канкрэтнымі аб’ектамі. З ім на Захадзе звязана ўся лагістыка. Дарэчы, хтосьці мне казаў, што ў нас у Бабруйску з дапамогай GPS працуе нейкая фірма таксоўшчыкаў.  У дыспетчара ёсць магчымасць заўсёды сачыць за тым, дзе  ў дадзены момант канкрэтная машына, і даваць загад тым, хто знаходзіцца бліжэй.

Шырокае распаўсюджанне сістэмы GPS  нарадзіла спартыўную спадарожнікавую навігацыю, спаборніцтва па арыентаванню на аўтамабілях і гульні геакэшынг. Так называецца пошук “кладаў  і тайнікоў” па вядомым каардынатам.

У апошні час шмат гучыць слоў пра развіццё турызму. Каб дзяржава сапраўды за гэта дбала  і ведала, што такое GPS-навігатары, то  была б цэлая дзяржаўная праграма, а для яе патрэбны добрыя мапы. Аднак, калі адчыніць такую папулярную  праграму, як Go My Way ці Mio Map , і ўбачыць мапу Беларусі, то на вачах з’яўляюцца слёзы, таму што там толькі чатыры дарогі: Брэст–Мінск, Мінск – мяжа з Расіяй, Мінск–Вільня і Мінская кальцавая. Усё. Нават Гродна  там пазначана дзесьці ў боку ад рэальнага месцазнаходжання.

У нас больш распаўсюджаны праграмы расійскай вытворчасці. Яны працуюць на тых самых спадарожніках, але мапы нельга лічыць узаемазамяняльнымі, таму прыходзіцца выкарыстоўваць некалькі праграм адначасова: у Беларусі адна, у Польшчы другая, у Літве трэцяя.

— А якія зараз ёсць навігацыйныя сістэмы?

— Самая распаўсюджаная амерыканская Galileo. Шмат гаворыцца пра расійскую Гланасс. Менш вядомая тая, што таксама належыць амерыканскаму міністэрству абароны NavStar. Але расійская пакуль не працуе.

— Наколькі мне вядома, яе абяцалі стварыць да 2008 года?

— Такім было патрабаванне Пуціна, але яго не выканалі.

Першыя выпрабаванні сістэмы Гланасс пачаліся яшчэ ў 1982 годзе, а афіцыйнай датай прыняцця сістэмы ва ўжыванне лічыцца 24 кастрычніка 1993 года. Працавала яна нядоўга. Усяго было 44 спадарожнікі, аднак да красавіка 2002 года рабочымі на арбіце засталіся толькі 8.

Адраджэнне пачалося  ў канцы 2005 года, калі прэзідэнт Пуцін даручыў ураду аднавіць яе да 2008 г., аднак гэта, падкрэсліваю, выканана не было.

Расейцам спатрэбіцца ў лепшым выпадку яшчэ некалькі гадоў.

Кніга падрыхтавана да друку  02.11.2011

%d0%b0%d0%bd%d1%82%d1%83%d1%81%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87-2%d0%b0%d0%bd%d1%82%d1%83%d1%81%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87-5%d0%b0%d0%bd%d1%82%d1%83%d1%81%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87-4