Арастовіч Алесь

%d0%b0%d1%80%d0%b5%d1%81%d1%82%d0%be%d0%b2%d1%96%d1%87

З  кнігі "Жыццё пасля кратаў"

Даведка: Аляксандр Арастовіч нарадзіўся  9 снежня 1952 года ў Слуцку. У 1975 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер БНТУ). Вучыўся ў аспірантуры ў Чэхаславаччыне, абараніў дысертацыю і стаў дацэнтам. На працягу 27 гадоў выкладаў на кафедры будаўнічай механікі ў роднай ВНУ.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты М.Статкевіча. Затрыманы ўвечары 19 снежня. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ. Абвінавачанне прад’яўлена па па частках 1 і 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках). 15 лютага 2011 года быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.

23 жніўня 2011 года крымінальная справа супраць А. Арастовіча была спыненая ў сувязі з адсутнасцю ў ягоных дзеяннях складу злачынаства.

Ад самага пачатку мы дамовіліся аб тым, што гэты нарыс будзе складацца з двух частак.  Аляксандр Арастовіч пагадзіўся распавесці пра сябе толькі з умовай, што ў тэксце пра яго  будзе не больш, чым пра Міколу Статкевіча.

Пагадзіцеся, вельмі нязвычная для  палітыкі сціпласць. Асабліва для нашых часоў…

Слова пра сябе

“Мой бацька Іван Паўлавіч родам з вёскі Волашава, што пад Слуцкам. Пад час вайны ён змагаўся з немцамі,  быў капітанам супрацьтанкавай артылерыі, камандзірам батарэі.

Аднак скончылася вайна для яго вельмі хутка. Пад час адступлення Чырвонай арміі пад Смаленскам нечакана завязаўся бой і асколак папаў  ў галаву.  Аскепкі чарапной косці трапілі ў мозг. У новасібірскім шпіталі  ўрачы паўтары гады змагаліся за яго жыццё. Потым рэабілітацыя і  звальненне з арміі.

Маці звалі Ксеніяй Кірылаўнай. Яна родам з Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Дакладней з вёскі Крымск.

Там  і застала вайна. Да 1943  года яна знаходзілася пад акупацыяй, а пасля вызвалення адразу  пайшла ў пісары аднаго са штабоў дзеючай арміі.

Пасля вайны  паступіла ў  Гомельскі планава-фінансавы тэхнікум, і яе накіравалі ў Слуцкі гарвыканкам. У гэтым горадзе мае бацькі і сустрэліся, закахаліся, пабраліся шлюбам. У 1946 годзе нарадзілася мая старэйшая сястра Людміла, а  9-га снежня 1952-га — я.

На жаль, бацькоў ужо няма, а сястра, слава Богу, жывая.  Ужо, натуральна, на пенсіі.

Канешне, калі я пайшоў у першы клас першай слуцкай сярэдняй школы, нам не казалі, што гэта адна са старэйшых навучальных устаноў Беларусі. У другой палове XVII стагоддзя на яе базе пачала працаваць ПЕРШАЯ ў Беларусі гімназія.

Пасля школы збіраўся ісці ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут (МАІ), Марыў стаць лётчыкам, альбо будаваць самалёты. Хаця з матэматыкай  сябраваў вельмі добра (нават у рэспубліканскай алімпіядзе прымаў удзел), рызыкаваць не стаў. Дата народзінаў была такой, што калі б першая спроба была няўдалай, мяне вясной адразу бы “забралі” ў войска.

Па гэтай прычыне абраў іншае.

Тады ён называўся будаўнічым факультэтам БПІ (Беларускі політэхнічны інстытут —заўвага аўтара), спецыяльнасць ” прамысловае, грамадзянскае будаўніцтва”.

Вучыцца было няцяжка.

Паралельна займаўся  “спецыфічным” спортам — турызмам, дзякуючы якому аб’ездзіў амаль усю  еўрапейскую частку былога Савецкага Саюза.

Менавіта тады я зразумеў, што беларусаў няправільна лічыць нейкім складнікам “вялікага савецкага народа”. У нас своеасаблівыя гісторыя, менталітэт, людзі. За межамі Беларусі  гэта адчуваецца па-сапраўднаму моцна.

Ў тыя гады ў БПІ не было ваеннай кафедры, таму ўсе хлопцы пасля вучобы былі абавязаны паслужыць у войску. Як стараста групы, я вырашыў падаць прыклад і напісаў рапарт на службу на Ціхім акіяне. У рэальнасці ж выйшла інакш. Ніхто на гэта не звярнуў ніякай увагі, і нас размеркавалі вельмі банальна — па алфавіце.  Я трапіў у  будаўнічы батальён, які будаваў ткацкія фабрыкі ў расійскай Іванаўскай вобласці. Менавіта яны потым сталі  асновай “горада нявест”.

І менавіта тады я зразумеў, што калі  КПСС стварае нейкі жаночы ГУЛАК і выдае гэта за сваё дасягненне, у нашай краіне відавочна творыцца нешта не тое…

Дарэчы, перад тым як  пайшоў служыць, мы з Любай пабраліся шлюбам. Яна вучылася са мной у адной групе. Вельмі складанага лёсу чалавек. Яе дзеда па матчынай лініі расстралялі  пад час першай хвалі рэпрэсій. А ягоная  жонка (адпаведна бабуля), каб пазбегнуць арышту, з’ехала аж у  Растоў-на-Доне.

Наш сын Зміцер нарадзіўся ў 1976 годзе, а дачка Дарына у 1987-м. Сын займаецца бізнесам, а дачка пасля ўдзелу у кампаніі Мілінкевіча і намётавага гарадка 2006 года  (за які “далі” 10 сутак) па праграме Каліноўскага паехала вучыцца ў Польшчу. Атрымала там архітэктурную адукацыю. Зараз працуе ў адной варшаўскай прыватнай фірме.

Пасля войска мы прыехалі ў Мінск. З пэўнымі цяжкасцямі, канешне, бо проста так  у 1977 годзе трапіць у сталіцу было немагчыма. Дапамагло толькі тое, што “пературбацыі” з пашпартам зрабілі мяне “халастым”.

Працаўладкаваўся майстрам ў пяты будаўнічы трэст, які зараз называецца “Мінскпрамбуд”. А, паколькі яшчэ пад час вучобы, я цягнуўся  да навукі, людзі якія выкладалі ў той час, сказалі пра тое, што на кафедры будаўнічай механікі плануецца вакансія. Вырашыў прыняць удзел у адпаведным конкурсе. Перамог і стаў працаваць асістэнтам.

У 1988-м годзе  ў Браціславе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Чаму там?

Справа ў тым, што на чарговай  навуковай канферэнцыі пазнаёміўся з адным славацкім прафесарам і выказаў жаданне ў іх вучыцца. Той даслаў адпаведнае запрашэнне.

Усе пытанні тады вырашаліся  ў Маскве (Савецкі Саюз усё ж такі). Першапачаткова мне адмовілі. Маўляў, такой магчымасці няма. Дабіваўся гэтага тры гады, і толькі дзякуючы гарбачоўскай перабудове змог дасягнуць патрэбнага выніку.

Як мне здавалася, падвучыў іх мову (падобная да беларускай — заўвага аўтара),  і  ў 1986 годзе паехаў у Браціславу, ў Славацкую вышэйшую тэхнічную школу.  Дакладней –будаўнічы факультэт кафедры металічных і драўляных канструкцый.

Там і высветлілася, што мае веды адносна славацкай мовы (як гэта сказаць больш мякка) не самыя дакладныя.Прыйшлося шмат што, засвойваць самому. Кожны сказ, выраз я  імкнуўся вымаўляць так. як гэта робяць самі славакі. Капіраваў іх жэсты, міміку. Праз некаторы час ў тое, што я іншаземец, нават цяжка  было паверыць.

Вельмі прыгожая краіна. Цудоўныя  людзі. Калі б не быў жанаты, напэўна, у Беларусь не вярнуўся…

Нават імя для сваёй дачкі потым выбраў славацкае.

Чэхаславакія (тады дзяржава была агульнай і для чэхаў, і для славакаў) літаральна віравала. У палітычным сэнсе, канешне. Пашанцавала трапіць на першы апазіцыйны мітынг, які разагнаў мясцовы АМАП. У іх тады адбылося нешта падобнае да нашых “Дзядоў-88”.

У 1989 годзе я вярнуўся ў Беларусь. На роднай кафедры атрымаў пасаду дацэнта і пачаў выкладаць.

Пратрымаўся да 2006-га года. Перш за ўсё таму, што не даваў нагодаў для  расправы: у кампаніях ніколі не выпіў нават келіх шампанскага, на працу прыходзіў заўсёды своечасова.

Будаўнічая механіка — дысцыпліна, якая базуецца на фізіцы і матэматыцы, таму  “палітычных нюансаў” тут не можа быць па вызначэнню. Ідэолагам з КДБ, якія пільна сачылі за гэтым, проста не было за што зачапіцца.

І ўвогуле. На мой погляд, лепшая агітацыя за тое, чым ты займаешся, гэта тое, як робіш сваю справу. Асабліва адносна выкладання. Рабі ўсё так, як быццам бы робіш гэта ў апошні раз.

З пачаткам новага тысячагоддзя ў мяне  пакрыху пачалі здаваць галасавыя звязкі.  Яны сталі пухнуць і  магчымасць размаўляць пагаршалася. У паліклініцы неаднаразова спраўляліся з гэтай хваробай і кожны раз казалі, што  яна прафесійная.

Напэўна, на працы  ўсе разумелі, таму “выпадкова” прымушалі працаваць у самых халодных аўдыторыях…

Дайшло да таго, што ў 2006 годзе ўрачы  сказалі — хопіць і былі гатовыя напісаць любую паперу, каб мне знізілі  “галасавую нагрузку” і перавялі на чвэрць “стаўкі”.

Як і трэба было чакаць, кіраўніцтва на гэта не пагадзілася — альбо працуй напоўніцу, альбо звальняйся.  Я выбраў другое. І проста не падаў дакументы на чарговую пераатэстацыю, якія ў нас праходзілі раз на пяць год.

Хутчэй за ўсё кіраўніцтва нашага універсітэта было гэтаму вельмі рада, бо на той момант ужо прайшоў Кангрэс дэмакратычных сілаў ( той самы, дзе А.Мілінкевіча абралі адзіным апазіцыйным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах —заўвага аўтара), дзе я прадстаўляў нашу партыю і сядзеў у прэзідыуме.”

Потым  яшчэ шэсць год да пенсіі працаваў у сферы, якую добра ведаю.  Займаюся гэтым і зараз.”

Слова пра Міколу

 ” Пасля вяртання ў 1989 годзе са Славаччыны я убачыў тут іншую (у палітычным сэнсе) краіну.   Амаль усе  сябры, з якімі разам вучыўся, ўжо вызначыліся ў асабістых палітычных прыярытэтах. Нехта пайшоў у БНФ, нехта ў апазіцыйную Сацыял-дэмакратычную грамаду (БСДГ).

Мне вельмі падабаліся ідэі Беларускага народнага фронту, але ўжо ў той час адчуваў, што нават калі БНФ пераможа, уласцівы ім радыкалізм   не дазволіць  доўга пратрымацца ў ідэйна  варожым асяроддзі.

Да таго ж вырашэнне ўсіх пытанняў БНФ памылкова “замыкаў” (па той жа мове) на сябе, што значна спрасціла дзеянні апанентаў. Яны “білі” толькі ў адну “кропку”.

Дастаткова ўзгадаць, як адным фільмам “Дзеці ілжы”, улады па сутнасці звялі да  мінімуму ўплыў на грамадства самай буйной апазіцыйнай структуры.

На мой погляд, больш лагічным было ўступленне  ў БСДГ, якой на той момант кіраваў Алег Анатольевіч Трусаў.

У 1990-м годзе напісаў адпаведную заяву.

Тады быў сапраўдны росквіт апазіцыйнай партыйнасці. У нашу партыю уваходзіў рэктар Акадэміі мастацтваў Васіль Шаранговіч (нават даваў памяшканне для правядзення яе з’езду). А сярод сяброў БСДГ быў і Ігар Чарняўскі, які зараз працуе ў Міністэрстве культуры. Дарэчы, менавіта ён прапанаваў узяць  на працу маю жонку, якая на той момант за свае палітычныя сімпатыі стала беспрацоўнай.

У гэты ж час з’явіўся адзін з новых лідараў БСДГ – Мікалай Віктаравіч Статкевіч. Асоба з усіх бакоў неардынарная і адметная.

Упершыню пра яго гучна пачулі ў пачатку 1991 года, калі Статкевіч у знак пратэсту супраць падаўлення танкамі літоўскіх дэманстрантаў выйшаў з КПСС, а 20 жніўня 1991 года стаў адзіным беларускім вайскоўцам, які публічна выступіў супраць маскоўскага путчу.

Тады ж ён аб’явіў пра стварэнне Беларускага згуртавання вайскоўцаў.

Праз год на цэнтральнай мінскай плошчы адбылося  незвычайна прыгожае і масавае прыняцце вайсковай прысягі.  З харугвамі, з шэсцем па галоўнаму праспекту сталіцы

Зразумела, пытанне аб партыйным старшынстве павінна было прагучаць. Так і адбылося. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 года для многіх стала відавочна, што патрэбны новы старшыня БСДГ.

У 1995 годзе ім абралі Міколу Статкевіча.   З чым і не змог змірыцца Алег Анатольевіч Трусаў і звярнуўся  да Станіслава Шушкевіча з прапановай узначаліць сваіх прыхільнікаў. Так сярод беларускіх сацыял-дэмакратаў адбыўся першы раскол.

Пасля аб’яднання нашай партыі і Партыі народнай згоды ўзнікла  Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) і Мікола Статкевіч стаў старшынёй БСДП (НГ).

Перш за ўсё Мікалай  хацеў, каб беларускія сацыял-дэмакраты мелі ў парламенце сваю фракцыю. Мы спадзяваліся, што яна дазволіць данесці  да грамадства ідэі сацыял-дэмакратыі,  прапановы па ўнутранай і знешняй палітыцы Беларусі. Парламент — трыбуна, дзе гэта і трэба рабіць, бо наша партыя не рэвалюцыйнага, а эвалюцыйнага, парламенцкага тыпу.

Такую фракцыю  стварылі, і яе ўзначаліў былы міністр замежных справаў Пятро Краўчанка. Ён таксама быў сябрам БСДП (НГ), але ўсім было відавочна, што партыя выкарыстоўваецца ім для таго, каб стаць яе лідарам, і з гэтай пляцоўкі ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, дзе той  збіраўся перамагчы. Абсалютна нармальная (партыі і існуюць для палітычнай барацьбы і прыходу да ўлады) пазіцыя, якую ён нават асабліва і не хаваў.

Таму, калі Краўчанка выступаў супраць Статкевіча, імкнуўся як след выкарыстоўваць багаты асабісты досвед. Ён ведаў  як (у сваіх мэтах) трэба праводзіць з’езды, як і калі арганізаваць “выступы з залу”.

Тут трэба аддаць  належнае. У розных партыйных інтрыгах Пятро Кузьміч ведае толк.  Напрыклад, на тым жа з’ездзе сядзяць побач з табой людзі. Здаецца, што  сябры, але ў “патрэбны” момант яны робяць “патрэбны” выступ, пасля якога сапраўды здаецца, што Статкевіч нечага не разумее.

Пятро Краўчанка ўстае і тлумачыць, чаму нешта ўжо адбылося не так, і якое ёсць выйце з гэтай сітуацыі…

Магчыма,  і стаў бы лідарам, бо прыхільнікаў у партыі ў яго хапала (асабліва з былой наменклатуры), але ў нейкім сэнсе ён быў чужы. Асабліва для людзей, якія калісьці былі ім пакрыўджаныя.

Таму, калі Краўчанка правёў паседжанне нашай фракцыі і выступіў за саюз з Расіяй (гэта цалкам не ўпісвалася ў партыйную праграму, і погляды на будучае Беларусі ў свеце), да яго ўзнікла шмат пытанняў, А калі быў пазбаўлены перспектыў кіравання,  з партыі ўвогуле сышоў.

Гэта азначала, што ў Міколы больш не  стала такіх амбіцыйных канкурэнтаў…

У Статкевіча была цудоўная ідэя пра тое, што Беларусь павінна быць часткай Еўропы і ЕС. І мы яе імкнуліся матэрыялізаваць у сваёй дзейнасці. У свой час на працягу некалькіх месяцаў мы распаўсюдзілі больш за мільёна ўлётак пра тое, што гэта дасць нашай краіне. На мой погляд, зараз беларускі народ разглядае магчымасць уступлення ў Еўразвяз як рэальную (згодна з многімі сацыялагічнымі апытаннямі) у тым ліку і дзякуючы Мікалаю Статкевічу.

Але што гэта за арганізацыя, ў якой КДБ не можа даць рады…

Жартую, канешне, але мы добра бачылі тых людзей, якія прыйшлі ў партыю з канкрэтнай мэтай пазбавіць яе канкрэтнага лідара.  Маўляў, Мікалай Віктаравіч Статкевіч “не той чалавек, які зараз патрэбны.”

Менавіта, пытанне лідарства і стала для БСДП (НГ) своеасаблівым “яблыкам разладу”. Адны выступалі за тое каб на прэзідэнцкіх  выбарах партыя вылучала  свайго старшыню Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты і рабіла ўсё (збірала подпісы, праводзіла агітацыю) для яго перамогі.

Былі і іншыя, якія лічылі, што такім чалавекам павінен быць прадстаўнік дзеючай наменклатуры. Маўляў, яны будуць  яго ведаць і “ціхай сапай” (як у свой час было з Гарбачовым і пустымі прылаўкамі) руйнаваць рэжым “знутры”.

Многія з іх цынічна збеглі ад Шушкевіча і спачатку гаварылі, што ім не падабаюцца  ідэі, якія ёсць там, а да спадобы дзейнасць Статкевіча. Нейкім чынам яны  апынуліся на кіруючых пасадах. Хаця пры гэтым ніхто  не працаваў “на нізе”. То бок, у нейкай раённай арганізацыі.

Менавіта гэтыя людзі потым і патрабавалі знайсці для партыі спонсара. “Знайшлі” яго у выглядзе Казуліна, і хуценька павыключалі з партыі прыхільнікаў Мікалая Статкевіча і яго самога.

У 2005 годзе Кангрэс дэмакратычных сілаў абраў адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах. Гэтыя людзі вырашылі “ісці сваёй калонай”. Чым гэта скончылася — добра вядома.

Шчыра кажучы, мне шкада гэтага чалавека. Па-першае, яго “кінулі” чыноўнікі. Па-другое “кінулі” тыя, хто некалі “кінуў” Статкевіча. Калі Казулін не стаў прэзідэнтам яны першымі пачалі разбягацца і той застаўся амаль адзін. А калі ён апынуўся у турме, цалкам адмовіліся ад яго лідарства,  У такіх умовах зрабіць чалавека “ганаровым старшынёй” нават за межамі прыстойнасці…

У той час Мікалай Віктаравіч пачаў паступова збіраць людзей, якія не пайшлі за Казуліным. Рабіў гэта, як былы вайсковец, скрупулёзна, дакладна, паступова.

Выступаў за тое, каб яны прымалі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Таму калі пад час прэзідэнцкай кампаніі нам прыйшлося за яго збіраць подпісы, ніякіх праблем не было, бо былі вядомымі ўсе неабходныя адрасы.

Прыемна, што побач з намі быў і Дзмітрый Ус. Калісьці ў партыю яго прывёў  цудоўны (светлая памяць) чалавек Георгій Станіслававіч Тарасевіч. Ус балатаваўся ў  гарсавет і вельмі разлічваў на нашу падтрымку. З дапамогай партыі  тады ён стаў дэпутатам, і не забыўся пра гэта дабро.

Калі (як і Мікола)  ён вырашыў  прыняць удзел у прэзідэнцкай кампаніі, подпісы мы збіралі адначасова за абодвух. І на многія сустрэчы з выбаршчыкам яны ездзілі разам.

Вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Міколу Статкевіча падтрымалі рух салідарнасці “Разам”, які ўзначальвае Вячаслаў Сіўчык, арганізацыя, якой кіруе Сяргей Скрабец, то бок аргкамітэт па стварэнню сацыял‑дэмакратычнай партыі «Свабода» і нашы структуры.

Пад апошнімі маюцца на ўвазе тыя, хто аб’яднаўся вакол Міколу Статкевіча. Яны стварылі аргкамітэт па стварэнню адноўленай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і абралі яго сваім старшынёй, а мяне адным з намеснікаў.

На прэзідэнцкіх выбарах Мікола Статкевіч прапанаваў  стаць яго даверанай асобай.

Абставіны нашага затрымання пасля крывавых падзей 19 снежня 2010 года ведаюць многія. Дадам толькі, што  пад час “хапуна” мне пашанцавала прарвацца ў метро. Перад тым, як ехаць дамоў вырашыў патэлефанаваць Міколу.

Аказалася ён знаходзіцца непадалёк у Міхайлаўскім скверы. Сустрэліся, высветлілася, што яму банальна НЯМА ДЗЕ НАЧАВАЦЬ, і я прапанаваў паехаць да мяне.  Таксоўка  праехала ўсяго некалькі соцень метраў, калі  яе блакавала  міліцэйская машына.

Міколу забралі асобна, а мяне кінулі ў звычайны аўтазак. Доўга вазілі па Мінску, потым даставілі на Акрэсціна. Спачатку хацелі “прышыць” звычайную для ўсіх іншадумцаў “лаянку” (з ілжывымі сведкамі ў міліцэйскай форме), а калі даведаліся пра сувязь з Міколам Статкевічам, адразу надзелі кайданкі і адвезлі ў “амерыканку”.

З “дробнага хуліганства” там хацелі зрабіць нейкую “таемную змову”. Хутка стала відавочна: “ніткі тут такія белыя”, што “справа” развалілася яшчэ на этапе следства.

Падзеі, які потым адбыліся вакол Міколы Статкевіча яшчэ раз  сведчаць пра тое, што некалі выбар мной зроблены правільна. Гэта — АСОБА!

%d0%b0%d1%80%d1%8d%d1%81%d1%82%d0%be%d0%b2%d1%96%d1%87-1 %d0%b0%d1%80%d1%8d%d1%81%d1%82%d0%be%d0%b2%d1%96%d1%87-2