Аркуш Алесь

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Калі нехта думае, што добрыя пісьменнікі павінны жыць толькі ў сталіцы, то ён глыбока памыляецца.  Можна прывесці шмат прыкладаў, сярод якіх абавязкова сустрэнецца прозвішча Алеся Аркуша. Што сведчыць аб адсутнасці залежнасці наяўнасці ( во – накруціў!!!) талента ад пашпартных дадзеных.

Калі ж гаварыць без падобных”прышпілаў”, то ўсё жыццё Алесь  Аркуш нечага прагне. Перш за ўсё – перамен.

І не толькі літаратурных.

Прага жыцця

“Вядома,  што радавод кожнага з нас умоўна дзеліцца на два напрамкі: “па кудзелі” і “па мячу”. То бок па лініі маці і па лініі бацькі. Абодва маіх дзяды паходзяць са Смалявічскага раёна.

Дзеда “па кудзелі” звалі Захарам Андрэевічам.  Без перабольшванняў ён быў унікальным чалавекам. У маладосці са стрыечным братам з’ехаў у Амерыку зарабляць грошы. Пасля вяртання ў 1917 годзе на бацькоўскім хутары  Арлова пачаў ладзіць сваю сельскую гаспадарку.

Калі пачаліся калгасы, яму загадалі перавесці дом ў вёску Бабін Лес. Там на могілках, дзе капліцу пабудавалі мае продкі, ён і пахаваны.  На пераезд  дзед не пагаджаўся. Двойчы яго арыштоўвалі. Адзін раз напісалі ў даносе, што  агітуе супраць калгасаў, але сяляне з суседніх вёсак пачалі дружна сведчыць, што гэта подлы паклёп. Двойчы вызвалялі з турмы.

1941 год. Дзеду саветы сказалі – або перавозіш свой дом, або едзеш у ГУЛАГ. Дом ён ужо разабраў, але перавесці не паспеў. Пачалася вайна. Дом склаў на ранейшым месцы.

Аўтарытэт дзеда быў такім высокім, што, калі немцы пачалі ствараць  уладу, сяляне аднагалосна  абралі яго старастам.

Калі ноччу прыйшлі партызаны і хацелі дзеда расстраляць, то з усяго наваколля збегліся з чапяламі бабы і сказалі:“Калі Захарку кранеце, будзеце мець справу з намі…” і тыя прапанавалі дзеду “працаваць на партызан.”

Словам, так атрымалася, што ён, руплівы гаспадар на ўласнай зямлі, быў “ворагам” для ўсіх тагачасных уладаў…

Дзед пачаў выконваць заданні партызан. У прыватнасці, ездзіў у Смалявічы за прадуктамі і іншымі рэчамі, прывозіў са сваіх “службовых” паездак каштоўную інфармацыю для партызан. Адна з такіх паездак закончылася трагічна.

Аднойчы, калі вёз партызанам  торбу з цігарэтамі, яго спынілі паліцаі, пачалі высьвятляць, куды столькі цыгарэт, моцна збілі. Дзед упарта казаў, што збіраецца іх мяняць з чыгуначнікамі на хлеб. Дзеда, ледзь жывога, адпусцілі, а цыгарэты забралі. Хутка Захар Андрэевіч ад збіцця памёр. Было гэта ў 1944 годзе, перад самым вызваленнем.

Напэўна, ад дзеда Захара і перадалася мне прага свабоды, прага непадпарадкавання і імкненне да самастойнасці.

Дзед “па мячы” быў начальнікам жодзінскай чыгуначнай станцыі. Трэба было прапусціць апошні савецкі эшалон, які ішоў у тыл, таму эвакуявацца яму не дазволілі. Прыйшлося, як кажуць, застацца “на часова акупаванай тэрыторыі”.   Зразумела, савецкія  спецслужбы ўсіх іх завербавалі і яны актыўна кантактавалі з партызанамі, якім дапамагалі не толькі інфармацыяй.

Аднойчы да яго прыйшоў добра знаёмы немец і папярэдзіў аб арышце і аб тым, што ў дзеда, каб збегчы, застаецца адна ноч. Той пасадзіў на падводу ўсю сваю сям’ю  і яны ноччу ціханька з’ехалі ў партызаны.

Ваяваў дзед у атрадзе “Смерць фашызму”, а звалі яго  Антонам.

У дзеда Антона было шасцёра дзяцей, а ў дзела Захара – васьмёра.

Імя майго бацькі – Барыс, а маці – Ганна. Пазнаёміліся яны ў Жодзіне.

Спачатку гэта было невялікае мястэчка, потым пабудавалі электрастанцыю, дзе працаваў брат маёй маці Аркадзь. У яго нейкі час мая маці і жыла.

Дарэчы, бацькі майго таты паставіліся да будучага шлюбу не вельмі добра. Напэўна, таму, што дзед Захар нібыта супрацоўнічаў з немцамі. Хаця яны і ведалі ўсю паднаготную, балазе, менавіта заданні атрада “Смерць фашызму” выконваў Захар, але ўсё адно ў тыя часы нават чуткі пра сувязі з акупантамі выглядалі небяспечнымі…

Таму мой бацька пайшоў насуперак волі бацькоў і літаральна ні з чым сышоў да любімай дзяўчыны. Вяселле ніякага не было. Яны проста распісаліся і сталі разам жыць. Было гэта ў 1959 годзе, а 28 траўня 1960 года нарадзіўся я. Праз чатыры гады  паявіўся  малодшы брат Віктар.

Ён, дарэчы, аб’ехаў увесь свет, бо працуе рэмонтнікам-наладчыкам БелАЗаў, якія пастаўляюцца ад Кітая да Чылі.

Прага ведаў

Мне было толькі два гады,  калі бацькоў накіравалі ў Манголію, дзе мы жылі ў невялічкім гарадку Тасон. Там быў дрэваапрацоўчы камбінат з асабістай цеплавой электрастанцыяй і бацька вучыў манголаў, як трэба на ёй працаваць.

Хаця па вяртанні ў Беларусь мне было толькі пяць год, добра памятаю тыя горы і то, як мы з бацькам хадзілі лавіць харыусаў і тайменяў. Аднойчы я сабраў “малую шантрапу” і мы пайшлі ў вандроўку ў горы. Нас доўга шукалі. Памятаю, як знайшлі там нейкую пячору, дзе быў манастыр і некалі жылі манахі.

Дасталося тады мне ад бацькоў даволі моцна…

Нагадаю, што горад Жодзіна паўставаў з таго, што запрудзілі маленькую рэчку Пліса (націск на апошні склад – заўвага аўтара), зрабілі вадасховішча і пабудавалі цеплавую  электрастанцыю. У той час існаваў толькі невялікі пасёлак і гарачую ваду не было куды дзець, таму маё дзяцінства нагадвала сапраўдны рай.  Так бы мовіць, узнікла штучная тэрмальная крыніца. Наш пасёлак называўся ГРЭС. Сёння гісторыю гэтага кутка ў Жодзіне ведаюць усе. Некалі пасёлак быў абсалютна самастойным. Там працаваў свой рэстаран, мая любімая кнігарня (як я яе любіў), школа, крамы, лазня, сталоўка, пошта і нават будынак гарсавету ў той час быў менавіта ў нас.

Усё маё дзяцінства прайшло менавіта там, аб чым напісана ў шматлікіх эсэ і аповедах. Тыя гады, прыгоды, сябры з якімі мы стварылі рок-гурт, зараз успамінаюцца з нейкай настальгічнай цеплынёй, хаця мой стрыечны брат вядомы архітэктар Сяргей Казлоўскі мае рацыю, калі кажа, што мы жылі ў самым крымінальным месцы Жодзіна.

Сапраўды, каб прыехаць да нас на танцы, трэба было набрацца вялікай смеласці, альбо мець моцны “дах” у выглядзе сяброўства з нейкім мясцовым “аўтарытэтамі”.

Апошніх  мы добра ведалі. Сканчалі яны (доўга не жылі) або ў турмах, або ў нейкіх крымінальных “разборках”.  Але сваіх, жыхароў пасёлка, яны ніколі не чапалі. Фактычна наш пасёлак быў такой вялікай вёскай, а ў вёсках крымінальнікі ніколі не чапаюць сваіх. Нават калі тыя значна слабейшыя. Чужых могуць пабіць, сваіх – не.

Гэта зусім не тое, што апісвае пра свае Шабаны Альгерд Бахарэвіч, успамінаючы, як яго ў дзяцінстве білі. У нас нічога падобнага не было. Нейкія грошы (капейкі) маглі забраць, біць – ніколі.

Наша вадасховішча называлі Брызгалаўка. Яшчэ мне вельмі падабалася Судабальскае возера. Чароўнае месца! Да яго было тры-чатыры кіламетры. На роварах мы ехалі туды на цэлы дзень, знаходзілі схаваныя ў хмызняках лодкі і лавілі з іх карасёў сярод лабірынтаў з чаратоў.

Настальгія…

Светлыя дзіцячыя ўспаміны – рыбалка, Судабальскае возера, ранішняя пара над ніколі не замярзаючай Брызгалаўкай…

У школу нумар адзін, якая насіць імя Пятра Купрыянава, у 1967 годзе я і пайшоў. Адвучыўся там восем год. Адразу стала відавочна, што мне  лягчэй даецца ўсё гуманітарнае, але маці сказала, што трэба атрымаць нейкую “запасную” прафесію і параіла ісці ў Жодзінскі палітэхнікум. Маўляў, потым, калі буду вучыцца ва ўніверсітэце, можна будзе скарэктаваць будучую прафесію.

Я так і зрабіў.

Мая спецыяльнасць называлася “Аўтатрактарнае электраабсталяванне”, хаця па гэты дзень я амаль нічога не цямлю ў падобнай справе. Як кажуць – “не маё”.

У гэты ж час бацькі зноў паехалі ў Манголію. Малодшага брата ўзялі з сабой, а мяне пакінулі “на цётку”, то бок родную сястру маці Лідзію Захараўну. Гэта маці ўзгаданага вышэй Сяргея Казлоўскага.

Ён старэйшы за мяне на 4 гады. Заўсёды быў сапраўдным інтэлектуалам. Пісаў  лісты ў армію, раіў працягваць вучобу.

Палітэхнікум быў створаны на базе БелАЗа і рыхтаваў кадры менавіта для гэтага завода. Перыядычна мы праходзілі там практыку, і размеркаванне, натуральна, я атрымаў туды ж. Дакладней, у канструктарскае бюро.  Рабіў  нейкія чарцяжы, але да войска заставалася зусім мала часу.

Дарэчы, трапіў туды я з пэўнымі прыгодамі. Напэўна, так мне адпомсцілі за жаданне пасля вучобы ўбачыць бацькоў…  Маўляў, “не вернешся назад”… Але я ўсё ж, хоць і са скандалам, але дамогся, каб мяне адпусцілі перад арміяй выехаць за мяжу. І за гэта паплаціўся…

Атрымалася так. Калі з ваенкамату прыйшла павестка, з Манголіі прыехаў мой бацька. каб зрабіць провады. Мы развіталіся, аднак у той самы дзень з размеркавальнага пункту ў Смалявічах мяне вярнулі назад — няма патрэбнай “каманды”.

Праз пэўны час ЗНОЎ прыйшла павестка, і бацька ЗНОЎ зрабіў провады.  І ЗНОЎ мяне вярнулі. Толькі на гэты раз з Мінску.

Тады ў бацькі лопнула цярпенне. Ён бярэ мяне “за шкірку” і вязе ў нейкі мінскі штаб. Там не сталі больш здзекавацца і параілі самім ехаць у Печы і выпісалі нейкае накіраванне. У тамтэйшай вучэбцы ўжо месяц ішлі заняткі з навабранцамі, але мяне (не без смеху ў штабе) нарэшце забралі служыць.

Накіравалі ў сяржанцкую “вучэбку”. Старшыня роты, калі даведаўся адкуль я родам, накіраваў ва ўзвод, дзе “замком” быў Косця Бараноўскі, з якім мы раней вучыліся (ён на год раней) у Жодзінскім політэхнічным тэхнікуме.

Можна сказаць, пашанцавала. Ніякіх палёгкаў не было, але ніхто мяне не прэсаваў.

Пасля “вучэбкі”   размеркавалі на перавалачную базу ў Брэст. Гэта быў сапраўдны “трэш”. Высветлілася, што камандаваць я буду (пасля паўгады службы) аддзяленнем “дзядоў”, то бок стараслужачых, бо ў той батальён набіралі людзей паўзводна аднаго прызыву.

Хто служыў, зразумее, наколькі  было складана…

Мяне ніхто не слухаўся, але ніхто і не чапаў…

Потым гэты прызыў “дзембельнуўся” і  стала значна прасцей.

Пад час службы  я ліставаўся з сябрам па політэхніцы Сашам Хомічавым, і мы вырашылі разам  паступаць у прэстыжны “наргас”. “Праляцелі”, канешне, але мяне ўзялі на падрыхтоўчае аддзяленне, і праз год я стаў студэнтам. Сёння такой спецыяльнасці ўжо няма. Яна называецца па-іншаму, напэўна, які-небудзь “маркетынг”. А за савецкім часам я вучыўся на  планава-эканамічным факультэце на спецыяльнасці “Матэрэяльна-тэхнічнае забеспячэнне”.

У 1987 годзе  скончыў “наргас” і па размеркаванню паехаў у Наваполацк.

Прага перамен

У Наваполацку адбылася каардынальная змена ў маім лёсе.

Вершы я пачаў пісаць яшчэ пад час юнацтва. Іх друкавалі не толькі белазаўская і наргасаўская шматтыражкі, але і вельмі салідныя выданні накшталт маскоўскага “Студэнцкага мерыдыяна” і “Рабочай змены”, якая потым стала “Парусам”.

У Мінску пачаў шукаць адпаведнае асяроддзе і трапіў у літа’бяднанне “Восхождение” расійскай паэткі Валерыі Маргуліс. Яны былі пры будаўнічай шматтыражцы і збіраліся ў доме, які знаходзіцца ў самым пачатку вуліцы Карла Маркса. Дарэчы, разам са мной туды хадзіла будучая жонка вядомага паэта Леаніда Галубовіча Вера Лойка.

Калі я туды стаў хадзіць, то спачатку нават не мог уявіць, што ёсць нейкія маладыя людзі, чыя творчасць звязаная з беларускай мовай, бо яна падавалася мне нечым архаічным, амаль сялянскім, абсалютна несучасным.

У 1984 годзе  выдаў сваю першую “самапальную” кніжку “Дыхания”, якая была цалкам рускамоўнай. Зборнічак падпольна збрашуравалі ў друкарні “БелАЗа”. Літаратараў, якія пішуць на беларускай мове я сустрэў толькі у наступным годзе – Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімір Сіўчыкаў, Уладзімір Сцяпанаў. Хутка перайшоў на беларускую мову і сам. Стаў Алесем Аркушам.

Маё сапраўдная прозвішча Козік. Былы кіраўнік афіцыйных прафсаюзаў Беларусі  — мой стрыечны дзядзька. Яго бацька — родны брат майго дзеда Антона. Ніякіх кантактаў паміж намі не было, бачыліся толькі адзін раз, на нейкім пахаванні.

Козікі жодзінскія з Козікамі барысаўскімі практычна не падтрымлівалі ніякіх адносін.

У сувязі з тым, што мой тата, паўтаруся, пайшоў насуперак сваім бацькам, больш шчыльныя сувязі ў маёй сям’і падтрымлівалі з раднёй маці.

Яе дзявочая прозвішча Пятровіч. Прама як псеўданім сучаснага кіраўніка Саюза беларускіх пісьменнікаў…

Чаму Аркуш?  Мне хацелася нечага больш гучнага чым “Козік”. Хацелася знайсці нешта ідэалагічна-нейтральнае і ў той жа час блізкае да літаратуры. Аркуш ( белы чысты ліст паперы) падыходзіў амаль ідэальна.

Чамусьці ў пісьменніцкім асяроддзі, гэты псеўданім успрынялі, як нешта жыдоўскае. Многія думалі, што гэта  сапраўднае прозвішча.

Мая першая беларускамоўная публікацыя планавалася ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Вершы нават былі ўжо набранымі на лінатыпе, і я прыйшоў вычытваць гранкі, калі мне настойліва параілі падпісацца не псеўданімам Аркуш, а сваім уласным прозвішчам. Маўляў, тады не будзе перашкод, інакш не надрукуюць.

Я адмовіўся і вершы “знялі”. Тая карэктура захавалася ў маім архіве… Дасёння  ходзяць плёткі пра мае жыдоўскія карані… І не важна, што мой прадзед пабудаваў праваслаўную капліцу на могілках вёскі Бабін Лес…

Знятыя “ЛіМам” вершы я аднёс ў “Маладосць”, дзе Яўгенія Янішчыц сказала – друкуем. Але папрасіла (каб было з чаго выбраць) прынесці яшчэ вершаў. Калі я другі раз прыйшоў у рэдакцыю, з яе кабінета выходзілі Віця Шніп і Толя Сыс.  Віцю я ведаў раней, з літаб’ядання пры “Чырвонай Змене”, а з Анатолем тады і пазнаёміўся. Сыс адразу да мяне прасякнуўся  добрымі пачуццямі, дачакаўся  выхаду з кабінета Янішчыц і сказаў: “Ну што? У звычайным жыцці  ты “маскаліш”, напэўна? Трэба размаўляць па-беларуску. Пашлі – пакажу”.

І павёў нас (я быў з дзяўчынай) у “Батлейку”, дзе тэатральна зрабіў замову: “Нам, калі ласка, тры марозіва і тры філіжанкі кавы!”. Афіцыянт усё зразумеў, што вельмі красамоўна пацвердзіла тэзу Сыса пра тое, што вакол усе добра разумеюць беларускую мову і не трэба баяцца на ёй размаўляць.

На жаль, потым ён стаў “злоўжываць”, а тады быў абсалютна іншым. Мы разам бывалі на шматлікіх імпрэзах. Не аднойчы я ў яго ў інтэрнаце начаваў, калі затрымліваўся ў Мінску. Гарэлку, дарэчы, пілі толькі адзін раз  — на фэсце ў Вязынцы.

Менавіта ён вычытваў маю першую кніжку (зборнік паэзіі “Вяртанне”) і паспрыяў яе выхаду ў якасці дадатку да часопіса “Маладосць”. Цікава, што ў новай серыі яго першая кніга была трэцяй, а мая – пятай. Так што мы стартавалі амаль адначасова.

Пазней Анатоль Сыс прывёў мяне ў “Тутэйшыя”  і параіў маю кандыдатуру Алесю Бяляцкаму, які адразу запрасіў на “падпольныя” паседжанні аб’яднання.

Да слова, “Тутэйшыя” мне тады больш падабаліся, чым пасля “легалізацыі”. На мой погляд, трэба  заўсёды імкнуцца да самастойнасці, як гэта зрабіў у той час Алесь Усеня, няварта было нешта даказваць “савецкім мастадонтам”…

Прага свабоды

Таварыства  вольных літаратараў (ТВЛ), у нейкім сэнсе, было створана “у піку тагачаснаму (яшчэ адзінаму) Саюзу пісьменнікаў.  Людзям, якія стваралі ТВЛ, не падабалася тая (з большага) закасцянелая, канфармісцкая, неканфліктная ў адносінах да  ўлады проза і паэзія. Нам хацелася стварыць нешта  сваё. Беларускую літаратуру, якая б

дыстанцыявалася ад той, што была раней.

Старэйшыя пісьменнікі ўспрынялі  нашу ініцыятыву, калі не варожа, то не прыхільна. Гэта калі казаць, вельмі карэктна…

Яны лічылі, што ўсе павінны быць разам і ўбачылі  ў ТВЛ пэўную спробу раскола пісьменніцкага асяроддзя. Натуральна, гэта стварала для нас шмат праблем.

Нягледзячы на моцны супраціў, 8 траўня 1993 года два дзесяткі пісьменнікаў (пераважна з Гародні і Полаччыны) на ўстаноўчым сходзе стварылі Таварыства вольных літаратараў.

І гэта вельмі сімвалічна, бо як бы лічыцца, што самае галоўнае ў жыцці чалавек павінен паспець зрабіць да Хрыстовага ўзросту, то бок да 33 гадоў. Я, можна сказаць, “ускочыў у апошні вагон”. 8 траўня  нарадзілася ТВЛ, 28 – мне споўнілася 33.

Чаму пасля “наргаса”  абраў размеркаванне менавіта ў Наваполацк?   Адказ просты – бо Наваполацк (а гэта практычна прамысловы раён Полацка) у некаторым сэнсе быў культурнай сталіцай Беларусі. Я вучыўся “сярэдне”, але ніхто на аддзел камплектацыі Наваполацкага завода “Вымяральнік” не прэтэндаваў.  Завод лічыўся ваенным, не ведаю, як туды мяне прапусцілі. Напэўна, нехта нечага не даглядзеў…

Праблемы на гэты конт пачаліся ўжо ў Наваполацку, але завод ужо “паміраў” і было ўжо не да адсочвання налаяльных да ўлады работнікаў. Размеркавалі мяне ў 1987 годзе, то бок пасля таго, як пачалася перабудова, звязаная з кардынальнай ломкай архаічных савецкіх устояў.

Наваполацкае літаб’яднанне “Крыніцы”, якое дзейнічала пры гарадской газеце “Хімік”, узначальваў Уладзімір Арлоў, што было сапраўдным зорным часам  тамтэйшага культурніцкага жыцця. У Наваполацку і Полацку было пісьменнікаў (нават афіцыйна прызнаных) больш, чым у любым абласным горадзе Беларусі. І якіх! Уладзімір Арлоў, Вінцэсь Мудроў, Сяржук Сокалаў-Воюш, Якуб Лапатка, Ірына Жарнасек, Лявон Неўдах, Міхась Барэйша, Лера Сом, Іна Снарская і г.д.

Зразумела, нашай тэвээлаўскай вольнасці трэба было нешта супрацьпаставіць. На мой погляд, “Полацкая ветвь” узнікла менавіта з гэтай прычыны, бо ў тыя часы ў іх было проста шыкоўнае фінансаванне. Для мяне па гэты дзень застаецца загадкай адкуль яны бралі грошы на выпуск процьмы сваіх кніг, газеты “Вестник культуры” і часопіса “Западная Двина”?  Зразумела, нам дапамагаў фонд Сораса (пакуль ён існаваў) і ніхто гэтага не хаваў, усё было абсалютна празрыста. Рэцэнзіі на нашыя праекты пісалі Рыгор Барадулін, Адам Мальдзіс… Ведаю, што “Полоцкую ветвь” часткова падтрымлівала мясцовая ўлада.

З цяжкасцямі, але мы сталі выдаваць першы ў Беларусі недзяржаўны літаратурны часопіс, які называўся “Калоссе”.

Ідэя яго стварэння належыць карэспандэнту “Звязды” Алесю Касценю, які жыў у Паставах. Ён паведаміў, што мае магчымасці выдаваць часопіс, але каб ён абавязкова меў назву “Калосьсе”. Моцныя спрэчкі былі па назве, бо часопіс з такой назвай выходзіў у Вільні ў 30-х гадах. Шмат, каму яна не падабалася, але сітуацыя “разрулілася” фразай Юры Гуменюка: “У нас ёсць два варыянты. Або мы будзем мець часопіс, які  называецца “Калоссе”, або не будзем мець нічога і зможам гэта называць, як заўгодна…”

Выдавалі яго  раз на год, выйшла ўсяго адзінаццаць нумароў.

Акрамя гэтага мы  заснавалі  выдавецкую суполку “Полацкае ляда”, якая выдала шмат (каля трыццаці) розных кніжак, у тым ліку  (упершыню ў беларускай гісторыі) зборнік візуальнай паэзіі Людкі Сільновай “Рысасловы” ў заснаванай намі серыі “Паэзія новай генерацыі”.

Да таго ж  па прыездзе ў Наваполацк я заснаваў літаратурны альманах “Ксеракс беларускі”, дэбютны нумар якога падпольна выйшаў у Вільні яшчэ са Савецкім Саюзам, а потым афіцыйна друкаваўся ў Беларусі і распаўсюджваўся праз легальныя структуры. А неўзабаве пачаў пісаць тэксты для рок-гурту “Мясцовы час”.

На дадзены момант выйшла 12 маіх кніжак. Не толькі паэзіі, але і прозы, эсэістыкі і публіцыстыкі.

У 1993 годзе мы заснавалі  прэмію “Гліняны Вялес”, першым лаўрэатам якой стаў Ігар Бабкоў.

На жаль, сітуацыя ў беларускай літаратуры зараз ВЕЛЬМІ складаная, і на мяне выходзіць многія пісьменнікі з прапановай актывізаваць дзейнасць ТВЛ і паспрабаваць зарэгістравацца афіцыйна, што на маю думку, у год выбараў немагчыма па вызначэнню.

Асобна хачу сказаць пра сваю жонку Таццяну.

Самым важным у маім жыцці быў 1988 год, калі ў лютым мы з Таццянай пабраліся шлюбам. Нас пазнаёміў мастак Сяржук Цімохаў. Яго жонка Рыта вучылася з разам з Таццянай.

Мая Таццяна з легендарнага “нацыяналістычнага” класа Геніка Лойкі, дзе палова вучняў  потым сталі апантанымі прыхільнікамі беларушчыны. Гэта было ў мастацкай вучэльні імя Ахрэмчыка, якую многія называюць “парнатам”.

Яна нарадзіла мне двух сыноў – Антона і Данілу. Розніца паміж імі 14 год. Даніла яшчэ школьнік. Антон скончыў прэстыжную Познаньскую політэхініку.  Працуе праграмістам у фірме, якая абслугоўвае банкі. Жыве ў Познані.

Мінулым годам адбылося яго вяселле. На маім вяселлі спяваў Сяржук Сокалаў-Воюш, на яго – Зміцер Вайцюшкевіч. Паўгады таму ў сына нарадзілася дачка Сафія. Мая цудоўная ўнучка.

06.07.2015

%d0%90%d1%80%d0%ba%d1%83%d1%884

%d0%90%d1%80%d0%ba%d1%83%d1%883 %d0%90%d1%80%d0%ba%d1%83%d1%8814 %d0%90%d1%80%d0%ba%d1%83%d1%8815 %d0%90%d1%80%d0%ba%d1%83%d1%8816 %d0%90%d1%80%d0%ba%d1%83%d1%888 %d0%90%d1%80%d0%ba%d1%83%d1%88-11 %d0%90%d1%80%d0%ba%d1%83%d1%881 %d0%90%d1%80%d0%ba%d1%83%d1%882 %d0%90%d1%80%d0%ba%d1%83%d1%885 %d0%90%d1%80%d0%ba%d1%83%d1%886 %d0%90%d1%80%d0%ba%d1%83%d1%88-7 %d0%90%d1%80%d0%ba%d1%83%d1%889 %d0%90%d1%80%d0%ba%d1%83%d1%8810 %d0%90%d1%80%d0%ba%d1%83%d1%8812 %d0%90%d1%80%d0%ba%d1%83%d1%8813