Астаповіч Антон

%d0%90%d0%a1%d0%a2%d0%90%d0%9f%d0%9e%d0%92%d0%98%d0%a7-img_4651

З кнігі "Лёсы"

Напрыканцы 2002 года Антон Астаповіч з аднадумцамі стварыў незарэгістраваную ініцыятыву “Беларускі шлях” і пачаў ладзіць “Вандроўкі ў мінулае”. У 2007 годзе да гэтага далучылася Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Па самых сціплых падліках, ужо адбылося больш за дзвесце вандровак.

Камяні юнацтва

Я нарадзіўся 23 кастрычніка 1964 года ў Асіповічах. Па лініі бацькі я з гэтых мясцін, а па лініі маці — з гістарычнай Ігуменшчыны (зараз гэта Чэрвэньшчына).

Усё маё дзяцінства можна падзяліць на дзве часткі. Да шасці гадоў я жыў у бабулі Алены (маці маёй маці) у мястэчку Сечы. Калі ехаць з Мінска на Гомель на электрычцы, то за Міханавічамі ёсць такі прыпынак, а калісьці гэта была паўнавартасная чыгуначная станцыя. І сёння ў мяне перад вачыма стаіць такая карціна: мы сядзім вечарам каля лямпавага прыёмніка, бабуля ловіць “Голас Амерыкі” ці “Радыё “Свабода”, і мы разам слухаем — пажылая жанчына і малы падшыванец.

З таго часу ў маю галаву запалі два прозвішчы — Сіняўскі і Даніэль (іх якраз тады судзілі ў Маскве). Гэта былі першыя “антысаветчыкі”, пра якіх я чуў, таму заўсёды гавару, што іншадумцам мяне зрабіла бабуля, якая мела “адпаведныя” погляды…

Маці, Ядвіга Аляксандраўна, усё жыццё працавала на пошце. У нашым горадзе пошты не было, і ёй прыходзілася шмат гадоў ездзіць у Мінск (100 кіламетраў у адзін бок), спачатку на дызелях, потым на электрычках.

Другі перыяд дзяцінства звязаны з Асіповічамі. У дзеда Антона (бацька майго бацькі) было шмат дзяцей, а значыць — і ўнукаў, але мяне ён любіў больш за іншых і лічыў самым разумным. Напрыклад, чытаць я навучыўся ў тры з паловай года. Як? Чытаць вучылі майго старэйшага брата Аляксандра, а я глядзеў праз яго плячо.

У дзяцінстве я быў крыху “дэфектыўным” — картавіў, не мог вымаўляць літары “р” і “л”. Таму, зразумела, мяне часта дражнілі. Калі мы гулялі ў вайну ці ў індзейцаў, равеснікі падсмейваліся: “Ты будзеш беы аол…”. (Літару “л” я потым асвоіў самастойна, а вось “р” — з дапамогай лагапеда.)

Устойлівыя дзіцячыя ўспаміны звязаны з чыгункай, дзе працаваў машыністам мой бацька Уладзімір Антонавіч. Ён часта браў мяне ў паездкі. Дарэчы, спачатку я хацеў быць менавіта машыністам, бо ў 7—8 гадоў ужо паспрабаваў весці цеплавоз.

У Асіповічах я пайшоў у школу, наведваў і музычную, але вельмі хутка стала зразумела, што другога Паганіні з мяне не атрымаецца, таму вучоба там доўжылася толькі некалькі гадоў.

Заўсёды з цеплынёй узгадваю Івана Адамавіча Чыруна. Настаўнік гісторыі, дырэктар школы, ён быў вельмі строгі, “ганяў” усіх, асабліва мяне і брата. Сямідзясятые гады, савецкая школа — кароткія стрыжкі, школьная форма. Мы ж былі амаль нефармаламі. Памятаю, дырэктар нас перыядычна выганяў, стаяў на ганку і крычаў: “Вы зноў нястрыжаныя! Вон!” Мы ішлі дамоў і сядзелі там два-тры дні. Потым прыбягалі класныя кіраўнікі і клікалі нас вучыцца. Нягледзячы на строгасць, Івана Адамавіча ўсе паважалі за справядлівасць. Да таго ж ён валодаў унікальнай памяццю — да апошняга часу пытаўся ў бацькоў пра нас з братам…

Потым я паступіў у Мінскую медыцынскую вучэльню. Выдатна скончыў яе ў 1984 годзе і стаў фельчарам, аднак ужо тады цікавіўся гістарычнай спадчынай. Паспеў крыху папрацаваць на “хуткай дапамозе” ў Мінску. Маючы дыплом з адзнакай, без усялякай падрыхтоўкі, як кажуць, “аўтаматам”, паступіў у медінстытут у Мінск, які пры сучаснай уладзе стаў універсітэтам.

Якраз у той момант студэнтаў усіх форм навучання пачалі прызываць у савецкае войска. Мяне “забралі” ў самым пачатку другога курса. І дзякуй Богу, бо дзяржава дала магчымасць падумаць пра далейшы лёс і вызначыцца — працягваць вучобу на медыка далей або заняцца справай, якая бліжэй да сэрца.

Восенню 1987 года я вярнуўся са службы, забраў дакументы з медінстытута і ўладкаваўся на працу па спецыяльнасці — фельчарам чыгуначнай бальніцы, а гэта — работа ў медпункце дэпо, раз’язным фельчарам паліклінікі, у медпункце вакзала. Дзе я толькі не працаваў! Зарплата невялікая. Каб забяспечыць нармальны ўзровень жыцця, заўсёды падзарабляў дзе-небудзь.

А ў 1989 годзе (у 25 гадоў) завочна паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У наступным годзе ажаніўся і пераехаў у Мінск, адкуль была жонка.

Дарэчы, “ажанілі” нас мае бацькі. Узрост я меў ужо не юны, вечарамі сядзеў дома, ніякіх кампаній не вадзіў, матэрыяльна быў незалежным — словам, самадастатковы патэнцыяльны жаніх. Таму яны, так бы мовіць, вырашылі крыху “паскорыць працэс” і мэтанакіравана пазнаёмілі мяне з Таццянай. Раней ужо мелі месца падобныя прэцэдэнты, але тут было зусім іншае. Сяброўства неўзабаве перарасло ў каханне.

У новай сферы мне адразу пашанцавала. Нягледзячы на тое, што я вучыўся толькі на першым курсе, мяне ўжо добра ведалі ў краязнаўчых і гістарычных колах, таму адразу ўзялі ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка ў аддзел фондаў, а праз год прызначылі загадчыкам сектара Цэнтральнай Беларусі ў экспазіцыйным аддзеле. Гэтаму музею я аддаў больш за 16 гадоў жыцця.

Узнікае лагічнае пытанне: навошта было “агарод гарадзіць” з медыцынай, калі гісторыя заўсёды падабалася больш? Адказ просты: паўплывалі бацькі. Людзі сталыя і практычныя, яны не лічылі гісторыю той сферай, дзе заўсёды будзе стабільны кавалак хлеба з маслам. А медыцына — вясло ў руках.

Каб не гады армейскай службы, то, магчыма, я застаўся б у медыцыне, але два гады роздумаў дазволілі зрабіць выбар і займацца тым, чым хацелася. На гэты конт я заўсёды жартую, што тут неабходна браць прыклад з братоў Грыцкевічаў — абодва па адукацыі медыкі.

Мне пашчасціла і ў тым, што калі я ўжо быў намеснікам дырэктара музея, то некалькі гадоў на палову стаўкі выкладаў на той кафедры Універсітэта культуры, якую тады ўзначальваў Анатоль Пятровіч Грыцкевіч. А дзякуючы кнізе Васіля Пятровіча Грыцкевіча “Факел Гіпакрата” (1987 год) я адкрыў для сябе сапраўдную гісторыю беларускай медыцыны. У медінстытуце мы вывучалі пэўны курс гісторыі медыцыны, аднак пра Беларусь там нічога не было напісана — усё Расія, Расія, Расія… Здавалася, што медыцына пачалася там, а тут — такое адкрыццё.

Музейныя падмуркі

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту стаў для мяне добрай школай менавіта па гісторыка-культурнай спадчыне, таму што гэта перш за ўсё традыцыйная народная драўляная архітэктура. Некаторыя памылкова звязваюць яго са Строчыцамі, але дакладней будзе назваць вёску Азярцо, бо гутарка — пра яе фактычную ўскраіну. На 150 гектараў музейнай зямлі з усёй Беларусі звазілі і рэстаўрыравалі помнікі. Культавыя, сялянскія. А Строчыцы далёка, за Пціччу. Калі ў 2006 годзе я звальняўся з музея, шмат хто хацеў убачыць у гэтым нейкае палітычнае адценне, бо менавіта тады праходзілі прэзідэнцкія выбары. І гэта цалкам зразумела, бо я даволі значна вызначаўся грамадскай актыўнасцю. Больш за тое, быў даўнім сябрам Партыі БНФ, а ў 1989 годзе нават прысутнічаў на ўстаноўчым з’ездзе ў Вільні. У ніякія іншыя палітычныя структуры я больш не ўваходзіў.

Шчыра кажучы, 16 гадоў працы далі мне вельмі шмат і сфарміравалі мяне як спецыяліста. Гэта і навуковыя экспедыцыі, і вывучэнне матэрыялаў па архітэктуры, і юрыдычная дзейнасць у названай галіне. І сёння сябрую з былым дырэктарам Георгіем Андрэевічам Ткацэвічам. Зараз ён пенсіянер, але працуе (намеснік старшыні Беларускага фонду культуры) і рэдагуе “Краязнаўчую газету”.

Вучыўся я на вопыце Валянціна Валянцінавіча Калніна, аднаго з пачынальнікаў айчыннай рэстаўрацыі, які пяць год працаваў у нас намеснікам дырэктара па навуцы (з 1997 па 2002 год). Калі ён пайшоў на пенсію, згаданую пасаду заняў я.

Я ўдзячны шмат каму, але пералічаным людзям — асабліва.

Хоць я і распрацаваў дысертацыю па водным транспарце Беларусі, але па жыццёвых абставінах абараніцца  не змог, таму працую толькі на прыкладным узроўні. І за тое, што маю пэўную базу, у першую чаргу ўдзячны музею.

У навуковых экспедыцыях мы займаліся выяўленнем і фіксацыяй помнікаў драўлянай архітэктуры, зборам этнаграфічнага (вуснага) матэрыялу, прадметаў музейнага значэння, за кошт якіх папаўняліся нашы фонды. З 1990 па 1996 год, калі было нармальнае фінансаванне, такіх экспедыцый ладзілася даволі шмат.

У верасні 1991 года была прынята новая нацыянальная сімволіка, і бел-чырвона-белы сцяг стаў дзяржаўным. Праз месяц адбылася экспедыцыя ў Клецк. З калегамі я засяліўся ў гатэль, а насупраць размяшчаўся райвыканкам, над якім вісела нешта чырвона-зялёнае. І. калі нам там ставілі нейкія адзнакі ў камандзіровачных лістах, я запытаўся: “А чаму вы парушаеце законы незалежнай Беларусі? Чаму ў вас вісіць тое, што адмянілі больш як месяц назад?”

Якая тут узнялася мітусня! Мяне завялі да намесніка  старшыні райвыканкама, і той пачаў апраўдвацца:  бачыце, там дым ідзе, да зімы ўсё латаем бітумам, баімся, каб новы сцяг не пакрыўся сажай, праз 3–4 дні скончым усе работы… Спалохаўся ён так, што тэрміны былі значна скарочаны, і ўжо праз некалькі гадзін над будынкам лунаў дзяржаўны сцяг. І дым перастаў перашкаджаць.

З гэтай нагоды я заўсёды жартую, што над Клецкам у 1991 годзе бел-чырвона-белы сцяг падняў менавіта я. Камічна-патэтычнай была гэтая сітуацыя…

Самае цудоўнае ў экспедыцыях — сустрэчы з людзьмі, якія жывуць у глыбінцы. Напрыклад, у Шчучынскім раёне нам сустрэўся 80-гадовы дзед, які некалі быў польскім уланам і крыху ўмеў маляваць. У хаце вісеў намаляваны алеем аўтапартрэт, дзе ён на кані, а побач — маршал Пілсудскі.

У экспедыцыях Беларусь адкрываецца па-новаму. Упэўнены, не было б іх, не было б і сённяшніх вандровак, бо падмурак быў закладзены тады, падчас аб’езду 85 адсоткаў Беларусі, калі я ўбачыў усе найбольш значныя гістарычныя каштоўнасці. Магу пахваліцца, што такіх людзей у Беларусі адзінкі.

Ідэалагічны фундамент

Напрыканцы 2005 года Георгія Андрэевіча Ткацэвіча адправілі на пенсію. Яго месца заняла жанчына, з якой мы адразу “не сышліся характарамі”, як кажуць. Яна спрабавала пазбавіцца ад мяне, выкарыстоўваючы пэўны палітычны чыннік, неаднойчы бегала жаліцца новаму міністру культуры і яго намеснікам: маўляў, майго сябра Каспяровіча пасадзілі за бел-чырвона-белы сцяг, а старэйшага сына я аддаў вучыцца ў ліцэй Якуба Коласа. Там толькі разводзілі рукамі — заканадаўства аб абароне працы, нічога зрабіць нельга.

Гэта цяжка ўявіць, але пэўны час я афіцыйна быў “галоўным ідэолагам” свайго музея. У 2002 годзе мяне прызначылі намеснікам дырэктара па навуцы, а ў 2004 годзе з Міністэрства культуры прыйшоў загад, які патрабаваў ускласці на аднаго з намеснікаў дадатковы абавязак — адказваць за ідэалогію. Акрамя мяне ў дырэктара былі яшчэ два намеснікі — па будаўніцтве і рэстаўрацыі і па гаспадарцы. Да таго ж узрост у іх быў ужо пенсіённы. Якая тут ідэалогія? Таму цалкам зразумела, што іншага выбару проста не было. На гэтую прапанову я адказаў пытаннем: “Вы ж ведаеце маю ідэалогію”. І пачуў у адказ: “Яна правільная”.

Міністэрства гэта зацвердзіла, і ў 2006 годзе, калі новая начальніца (яна потым мяне і “з’ела”) хацела адабраць “ідэалогію”, не атрымалася нічога. Дарэчы, да тых абавязкаў я і сёння стаўлюся вельмі станоўча, бо, па вялікім рахунку, там ёсць толькі тое, што закладзена ў праграму Партыі БНФ, — правы чалавека, нацыянальны характар дзяржавы, спадчына і г.д. Словам, ідэалогія ў нас была на самым высокім узроўні. Хто не верыць, хай адкрые любы афіцыйны падручнік. Пра падлізніцтва перад існуючым кіраўніцтвам там нічога няма. Гэта сучасныя чыноўнікі чытаюць “паміж радкамі”…

У той час у нас быў вельмі прафесійны юрыст. Ён на “на пальцах” растлумачыў, што “забраць ідэалогію” можна толькі ў адным выпадку — у сувязі з павелічэннем нагрузкі па навуковай лініі з захаваннем службовай надбаўкі, бо я дзейнічаю ў строгай адпаведнасці з існуючым падручнікам па ідэалогіі. А імкненні былі супрацьлеглымі. Новая начальніца рабіла ўсё, каб мяне “выжыць”. Калі не атрымліваецца звольніць прымусова, трэба зрабіць так, каб чалавек сышоў сам. І грошы тут — не апошні аргумент.

1 верасня 2006 года так і адбылося. Нягледзячы на тое, што праз некалькі дзён (9 верасня) музей святкаваў 30 гадоў з дня свайго заснавання, я напісаў адпаведную заяву і забраў працоўную кніжку. Нават не пайшоў на прысвечаную гэтай даце канферэнцыю — нічога не хацелася.

З таго часу быў там усяго два разы. Адзін выпадкова, у 2007 годзе, калі Паўлюк Канавальчык здымаў у тых мясцінах фільм з маім удзелам (я выконваў галоўную ролю — іграў чыноўніка, які “згарэў” на рабоце). Адну са сцэн здымалі ў вёсцы Азярцо, і рэжысёр прапанаваў заехаць у музей.

А другі раз здарыўся ў жніўні 2009-га, калі я праводзіў міжнародны валанцёрскі летнік і прыехаў туды ў рамках чарговай вандроўкі.

Мінулае дзеля будучыні

Дзякуй Богу, ёсць галава на плячах і пэўныя творчыя схільнасці.

Яшчэ ў 2004 годзе я пачаў супрацоўнічаць з адной незалежнай тэлестудыяй. Пісаў сцэнарыі, выступаў у якасці ўдзельніка, эксперта. У асноўным гэта дакументальнае кіно пра нашу гісторыка-культурную спадчыну. Плюс удзел у розных творчых праектах (публічныя лекцыі, арганізацыя валанцёрскіх работ), вандроўкі па Беларусі. Ды і па характары я лёгкі на пад’ём, таму звальненне са стабільнай працы не з’явілася для мяне нейкай жыццёвай трагедыяй.

А галоўным клопатам стала Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Арганізавалі яго яшчэ ў савецкія часы, дакладней, у 1966 годзе. Фармальна ў таварыстве я з гадоў дзесяці, бо тады запісвалі ўсіх школьнікаў. Актыўна ж супрацоўнічаю з гэтай арганізацыяй з 1990 года, калі пачаў працаваць у музеі і стаў валанцёрам. З калегамі і сябрамі мы нават заснавалі моладзевую секцыю.

7 чэрвеня 2007 года на чарговым справаздачным з’ездзе мяне абралі старшынёй структуры, сябрамі якой з’яўляюцца больш як 1800 чалавек па ўсёй Беларусі. З таго часу займаюся, як кажу, “праваабарончай дзейнасцю” — адстойваю права нашай спадчыны на існаванне. І адстойваць ёсць што, хаця, на жаль, сродкаў на гэта дзяржава сёння выдзяляе няшмат.

Згодна са статутам, нашы рэгіянальныя структуры займаюцца краязнаўчай дзейнасцю, археалогіяй і г.д. А ў цэнтральнага апарату напрамак дзейнасці пераважна метадычны і прававы, гэта значыць мы актыўна праводзім па ўсёй тэрыторыі краіны маніторынг выканання заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і іншых нарматыўна-прававых дакументаў, якія рэгулююць згаданую сферу.

Пры досыць неблагіх законах амаль цалкам адсутнічаюць механізмы іх правапрымянення. У дзяржавы нават няма паўнавартаснай інспекцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У той жа Літве толькі ў цэнтральным апараце Дэпартамента аховы помнікаў працуюць амаль 120 чалавек, плюс чалавек 50 рэгіянальных інспектараў. Тое ж самае ў Польшчы. І нават у Азербайджане задзейнічана звыш чатырохсот чалавек. А ў нас?! У штаце ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ёсць 15 адзінак. Фактычна там працуюць 11 чалавек, а ўсе рэгіянальныя інспектары (работнікі клубаў, бібліятэк, малодшыя навуковыя супрацоўнікі музеяў) падпарадкоўваюцца і цалкам залежаць ад мясцовай выканаўчай улады, якая часцей за ўсё і з’яўляецца першым парушальнікам заканадаўства аб ахове спадчыны. Пры такой сістэме ніякі рэальны кантроль немагчымы. Хто пойдзе супраць свайго начальства?

Менавіта таму і праводзяцца “бульдозерныя рэстаўрацыі”, а помнікі не толькі не даглядаюцца, а нават руйнуюцца па рашэннях мясцовай улады. І ўсё гэта для іх зусім бяспечна. У Беларусі няма ніводнага прэцэдэнту пакарання чыноўнікаў за знішчэнне гісторыка-культурнай спадчыны. А знішчаецца яна бязлітасна. Прыкладаў можна прывесці вялікае мноства, але, на мой погляд, больш за ўсё пацярпелі сядзібна-паркавыя комплексы. За іх баліць душа. Адбылося наступнае. На апошнім этапе існавання Савецкага Саюза ў сельскую гаспадарку пайшлі вялізныя дзяржаўныя інвестыцыі. Раней старажытныя будынкі заўсёды былі “пры справе”. Там месціліся ці то праўленне калгаса, ці то “ачаг культуры”, ці нейкая амбулаторыя, школа. У 80-я гады мінулага стагоддзя пачалі расці новыя капітальныя будынкі, куды выводзіліся ўсе ўстановы, і безгаспадарчыя сядзібы паступова прыйшлі ў заняпад. Яны быццам бы знаходзяцца на балансе розных дзяржаўных устаноў, але сапраўднага догляду там няма. За апошнія 15 год мы панеслі такія страты, што хочацца плакаць.

У канцы 2008 года з’явіўся зацверджаны Саўмінам план рэалізацыі інвестарам безгаспадарчых сядзіб, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, за адну базавую велічыню пад аб’екты экатурызму. Але ж, па вялікім рахунку, гэта трэба было зрабіць значна раней.

Зараз у гэтым спісе 45 сядзіб, а іх у Беларусі некалькі соцень. І хто дасць гарантыю, што там не будзе створана нешта лубачнае, накшталт Траецкага прадмесця, бо прасачыць за гэтым у нашых умовах немагчыма?

Трэба не толькі прыгожа размаўляць на беларускай мове, але і рабіць канкрэтныя крокі ў гэтым напрамку.

Аўтарскае пасляслоўе

Пра тое, што робіць Антон Астаповіч, я чуў даўно, але сам першы раз паехаў у вандроўку толькі 7 сакавіка 2009 года. Вельмі спадабалася, і не толькі мне. Таму цалкам абгрунтавана, што ўжо 2 красавіка з’явіўся гэты артыкул. І я згодны з яго героем: каб пабудаваць дастойную будучыню, мы павінны добра ведаць сваё мінулае, бо нашы продкі таксама будавалі будучыню.

І някепска!!!

%d0%b0%d1%81%d1%82%d0%b0%d0%bf%d0%be%d0%b2%d0%b8%d1%871 %d0%b0%d1%81%d1%82%d0%b0%d0%bf%d0%be%d0%b2%d0%b8%d1%872 %d0%b0%d1%81%d1%82%d0%b0%d0%bf%d0%be%d0%b2%d0%b8%d1%873