Атрошчанкаў Аляксандр

%d0%90%d1%82%d1%80%d0%be%d1%89%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%be%d0%b2-1

З кнігі "Супраць плыні"

Даведка: Аляксандр Атрошчанкаў нарадзіўся 22 сакавіка 1981 года ў Мінску. Вучыўся на факультэце міжнародных зносінаў БДУ, быў выключаны за палітычную дзейнасць. Cтудэнт ЕГУ па спецыяльнасці “міжнароднае права”.

У 2001–2006 гг. быў сябрам арганізацыі “Зубр”, браў удзел у яе акцыях, затрымліваўся за сваю палітычную дзейнасць міліцыяй, таксама невядомымі.

10 гадоў працаваў карэспандэнтам сайта charter97.org. Пасля стварэння грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” быў яе прэс-сакратаром. На выбарах-2010 – прэсавым сакратаром штаба Андрэя Саннікава.

2 сакавіка асуджаны ў Фрунзенскім судзе Мінска на 4 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

 “ …Я нарадзіўся 22 сакавіка 1981 года ў Мінску. Вучыўся ў розных школах. Спачатку ў 189-й, потым у гімназіі “Наступны час”, а скончыў сярэднюю школу №64 — бацькі хацелі, каб ведаў ангельскую мову.

Бацька Сяргей Паўлавіч працуе інжынерам, а маці Ірына Мікалаеўна — медсястрой. Яны для мяне красамоўны жыццёвы ўзор. Можна сказаць, прыклад для пераймання, бо нягледзячы на “савецкія адукацыю і атачэнне”, не зацыкліваліся на нейкіх догмах, заўсёды імкнуліся пашырыць свой светапогляд. І мяне таксама так выхоўвалі. Вельмі ім за гэта ўдзячны.

Некалі 64-я школа лічылася адной з лепшых у Мінску, таму няма нічога дзіўнага, што я адразу паступіў на прэстыжны факультэт міжнародных зносінаў БДУ. Сам, без нейкай “лапы”. Абмежаваўся рэпецітарамі і тым, што шмат рыхтаваўся да ўступаў самастойна.

Напэўна ў тыя часы туды яшчэ маглі трапіць і “простыя людзі”, як там зараз – не ведаю…

Правучыўся там тры гады. Ужо на другім курсе (1999 год) пачаў займацца палітыкай – распаўсюджваннем друкаванай прадукцыі. Менавіта за гэта першы раз і затрымалі, бо ў той час ішла актыўная інфармацыйная падрыхтоўка да першага “Марша свабоды”. На шчасце, гэта амаль не заўважыла маё ўніверсітэцкае кіраўніцтва.

Другое затрыманне адбылося ў 2000 годзе на святкаванні Дня Волі. “Забралі” на пляцоўцы каля філармоніі. Побач пачалі арыштоўваць нейкую дзяўчыну. Разам з незнаёмым хлопцам мы яе “адбілі”. Дзяўчыну адпусцілі, а хлопца кудысьці пацягнулі. Я за яго заступіўся – таксама “забралі”. Прывезлі ў ангар на Маякоўскага, дзе сярод іншых апынуліся і наглядальнікі АБСЕ.

Потым разам з іншымі мяне загрузілі ў нейкую машыну і павезлі. Маўляў, будуць страляць. Было непрыемна, але я ў гэта не моцна верыў. Звычайны псіхалагічны ціск. Хаця стала зразумелым: будзе загад — яны закапаюць жывым у зямлю, бо ніякіх стрымліваючых механізмаў зараз у нашай краіне няма.

Выкінулі ў лесе. З астатнімі выйшаў на дарогу. Больш падрабязнасцей не помню. У аўтобусе пасажыры сказалі, што ў мяне ў крыві ўвесь твар. Пры затрыманні рассеклі пераноссе. “На адрэналіне” гэтага  нават не адчуваў.

Маёй спецыялізацыяй было “міжнароднае права”, разглядаў нават работу ў юрыдычнай сферы. Напрыклад, практыку пасля другога курса мы праходзілі ў пракуратуры. Натуральна, што такая работа была б рэальнай толькі ў дэмакратычных умовах, але пасля пачатку палітычных забойстваў зразумеў: знаходзіцца “в стороне” больш немагчыма.

Пазнаёміўся з Лёшам Шыдлоўскім, які сказаў, што для створанай у тыя дні арганізацыі “Зубр” патрэбна дапамога. Адказаць не мог. А калі там спатрэбіўся чалавек, які ўмее пісаць сам і кантактаваць з журналістамі, стаў іх прэс-сакратаром.

Як і трэба было чакаць, як толькі я стаў займацца палітычнай дзейнасцю, адразу пачаліся праблемы з вучобай. На экзаменах за мой выдатны адказ ставілі самую ніжэйшую станоўчую адзнаку. Не скажу, што быў нейкім суперідэальным студэнтам. Прыярытэты аддаваў пераважна таму, што падабалася, але ў цэлым вучыўся даволі добра. Стала больш цяжкасцей з залікамі.

Але адлічылі не за гэта. Зрабілі вельмі подла. Самі не далі (“мурыжылі” цэлы семестр) магчымасць здаць чарговы залік і самі ж за гэта выгналі. Не хаваючы пры гэтым палітычныя матывы.

Восенню 2001 года атрымаў адпаведную паперу, прыйшоў дамоў, уключыў тэлевізар, убачыў, як самалёты тэрарыстаў уразаюцца ў вежы-блізняты і зразумеў, што не толькі ў мяне кепскі дзень…”

З Андрэем Саннікавым Аляксандр Атрошчанкаў пазнаёміўся яшчэ ў 2001 годзе, таму цалкам лагічна, што той абраў сваім прэсавым сакратаром менавіта яго. Дарэчы, спецыяльнага запрашэння не было. Усё адбылося “сваім ходам”.

Да Плошчы—2010 Дар’я Корсак (тагачасная жонка —заўвага аўтара)  і Аляксандр Атрошчанкаў рыхтаваліся вельмі грунтоўна. Накупілі свежага сала, засалілі, набылі цёплых наскоў. Як і многія, яны чакалі доўгага супрацьстаяння, аднак яго не адбылося.

Пасля брутальнай “зачысткі”, што прайшла каля помніка Леніну, Аляксандр Атрошчанкаў вярнуўся дамоў і ўсю ноч працаваў. Каля пяці гадзін раніцы яму патэлефанавала Наталля Радзіна. Сказала, што яе арыштоўваюць. Праз гадзіну з такой жа нагоды патэлефанаваў Зміцер Бандарэнка, а каля сямі гадзін раніцы прыйшлі і да іх. Пазванілі ў дзверы. Не адчынілі. І тут ідэйныя нашчадкі Берыі-Цанавы праявілі незвычайную далікатнасць: яны з’ехалі. Мабыць, спадзяваліся, што прэс-сакратар Андрэя Саннікава скарыстаецца момантам і збяжыць за мяжу. Памыліліся, бо той замест гэтага пачаў ладзіць прэс-канферэнцыю і “з’ехаў” значна бліжэй – да бацькоў, у мінскую “Вяснянку”. А Дар’я Корсак паехала “маніторыць” суды.

У 10 гадзін раніцы дзверы кватэры бацькоў Аляксандра Атрошчанкава пачалі ламаць кувалдай. Чакаць завяршэння гэтай “справы” той не стаў. Зрабіў неабходныя званкі, апрануўся пацяплей і адчыніў дзверы.

Яму адразу ж надзелі на галаву мяшок і пачалі збіваць. Хутка Аляксандр апынуўся ў “амерыканцы”, дзе даведаўся, што “сёрвінгі”  чакалі кандыдатаў у прэзідэнты і чальцоў іх камандаў задоўга да падзей 19 снежня 2010 года, як і на Акрэсціна, дзе загадзя для палітзняволеных камеры ачысцілі ад бамжоў, дэбашыраў і п’янчукоў. Іх павызвалялі.

Тое, што адбылося далей, прапусцім, бо нешта падобнае можна прачытаць у іншых нарысах гэтай кнігі, а вернемся да ўспамінаў Аляксандра Атрошчанкава ў момант, калі прагучаў яго прысуд:

“– У “амерыканцы” прабыў тры з паловай месяцы. У параўнанні з тымі, хто да прысуду сядзіць там цэлыя гады, гэта вельмі мала. Напэўна, следчыя зразумелі, што “ламаць” альбо “разводзіць” мяне бессэнсоўна, і перадалі “справу” ў суд.

Няглядзячы на тое, што са мной судзілі (адным з першых) яшчэ двух чалавек, суд прайшоў вельмі хутка – два дні. Нават перапынку на падрыхтоўку для “прений сторон” не было. Чатыры гады зняволення.

Пасля прысуду адразу напісаў заяву аб тэрміновым этапіраванні ў калонію, але мяне яшчэ тры тыдні “мурыжылі” ў “амерыканцы”. Усе этапы ідуць з Валадаркі, таму апошнія суткі правёў менавіта там.

Этапіравалі мяне ў Дзень Волі, то бок 25 сакавіка. Сімвалічна…

Калі чытаў “Калымскія расказы” Варлама Шаламава, заўсёды здзіўляўся, як той “трымаў ў галаве” падрабязнасці гісторый людзей, якіх бачыў толькі некалькі дзён. Зараз усё выдатна помню і сам. У турме ў людзей мазгі працуюць зусім не так, як на волі.

Папаў у знакамітую “Віцьбу-3”. Там некалі сядзелі Скрабец і Казулін. Пасля двухтыднёвага карантына трапіў у сёмы атрад. Першы час, як кажуць заключаныя, “хісталася галава”. Перш за ўсё ад колькасці людзей. У камерах СІЗА КДБ знаходзіцца некалькі чалавек, а тут адразу 130.

Адмаўляцца ад работы ў калоніі нельга, бо могуць перавесці ў “крытку”, аднак я не раб, таму працаваў, мякка кажучы, без імпэту.

Спачатку сядзеў за швейнай машынкай. За тыдзень пашыў тры пары рукавіц, а потым сам жа іх распароў.

Першай турэмнай мянушкай у маім жыцці была “Саша – два шнурка”, бо аднойчы за змену пры норме, можа, 400 штук пашыў толькі два шнуркі… Не спяшаўся так, што потым уся калонія рагатала. Словам, усе адценні тэрміна “філоніць” я засвоіў вельмі добра.

Першыя часы не мог нарадавацца зялёнай траўцы, птушкам у небе і таму, што зараз лісты пісаць можна амаль без перашкод.

Самае страшнае не цэнзура, а самацэнзура. Калі пішаш і ведаеш, што можна пісаць, а што нельга. Улічваеш тое, каб не стварыць нікому ніякіх праблем. Таму пасля “адсідкі” з яшчэ большай пагардай стаўлюся да журналістаў дзяржаўных СМІ. Яны хлусяць, ведаючы пра сваю хлусню. Галоўнае – грошы.

А самым цяжкім у турме з’яўляецца адсутнасць зносін з роднымі і поўная залежнасць ад людзей, ад якіх ты б у іншых умовах не залежаў ніколі. Накшталт паўграматных ахоўнікаў.

Чамусьці я пакутаваў ад немагчымасці рыхтаваць ежу, хаця ніколі не быў заядлым кулінарам. Вельмі хацелася спячы бліны, але, калі вызваліўся, так іх не спёк.

У швейным цэху хутка зразумелі, што “толку з мяне не будзе” і перавялі ў цэх абрэзкі (адстрыгаць ніткі), але пасля таго, як я “запароў” некалькі куртак, мяне перавялі памочнікам аднаго з лепшых шаўцоў. Там я таксама “не справіўся”, таму – у грузчыкі. Большую частку часу яны сядзяць і чакаюць гатовую прадукцыю.

З гэтай “пасады” і выйшаў на волю…”

22.11.11

%d0%b0%d1%82%d1%80%d0%be%d1%89%d0%b5%d0%ba%d0%be%d0%b2-2 %d0%b0%d1%82%d1%80%d0%be%d1%89%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%be%d0%b2-3 %d0%b0%d1%82%d1%80%d0%be%d1%89%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%be%d0%b2-7%d0%b0%d1%82%d1%80%d0%be%d1%88%d1%87%d0%b0%d0%bd%d0%ba%d0%b0%d1%9e1%d0%b0%d1%82%d1%80%d0%be%d1%88%d1%87%d0%b0%d0%bd%d0%ba%d0%b0%d1%9e2