Бабак Вольга

 

%d0%b1%d0%b0%d0%b1%d0%b0%d0%ba1

 

З кнігі "Інтэрв'ю, якіх не было"
  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

У журналістыцы з 1992 года. Працавала карэспандэнтам радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная”. У 1995—1996 гадах была вядоўцай “жывых” эфіраў і аўтарскіх праграм на FM-радыёстанцыі “Радыё 101,2”, закрытай у 1996 годзе. З 1999-га – карэспандэнт і вядоўца інфармацыйных праграм на Радыё Рацыя, якое спыніла вяшчанне з фінансавых прычын у 2002 годзе. З красавіка 2003 года па ліпень 2006-га працавала ў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. З ліпеня 2006 года па ліпень 2007-га была PR-менеджэрам у СП “IBA”. Са жніўня 2007 года зноў працуе ў БАЖ — рэдактарам інтэрнэт-сайта www.baj.by.

Выбар паміж “чэснымі” і “нячэснымі” перада мною стаяў усяго аднойчы, прычым яшчэ задоўга да з’яўлення гэтых забаўных азначэнняў. Я вучылася на чацвёртым курсе журфака БДУ і ўжо каля двух гадоў супрацоўнічала з радыёстанцыяй “Беларуская маладзёжная”, калі яе ліквідавалі. Усім штатным супрацоўнікам прапаноўвалі застацца на дзяржаўным радыё ў іншых рэдакцыях – кожнага з нас выклікалі да нейкага высокага начальства і прапаноўвалі працу. Аднак гэтая сустрэча была чыстай фармальнасцю – амаль уся рэдакцыя звальнялася, і іншага шляху, акрамя як сысці разам з сябрамі, я проста не бачыла.

Закрыццё “БМ” было толькі першым з чарады разнастайных закрыццяў і ліквідацый, праз якія нашай радыйнай камандзе давялося прайсці пасля гэтага. Быў “8 канал”, потым “Радыё 101,2”, потым “першая” Рацыя. Але пра свой выбар я ніводнага разу не пашкадавала. Бывала па-рознаму, але сумна не было ніколі.

Толькі ў 2004—2006 гадах я сур’ёзна падумвала над тым, каб зусім развітацца з журналістыкай. На мяне моцна паўплывала смерць стрыечнай сястры — Веранікі Чаркасавай. Яе жудаснае і дагэтуль нераскрытае забойства, пераслед яе сям’і з выкарыстаннем метадаў, пра якія хіба што ў кіно глядзеў ды ў кніжках чытаў… Усё гэта ператварыла наша жыццё ў суцэльны кашмар, ад якога хацелася збегчы як мага далей і схавацца. Я адчувала, што не баец на гэтым полі, і яшчэ страшней рабілася ад таго, што я дакладна ведала — Ніка таксама ніколі не была “байцом”. Яна была проста журналісткай…

Дарэчы, менавіта Чаркасавы першапачаткова і паўплывалі на мой выбар прафесіі. Цётка Дзіна — Дзіяна Чаркасава — працавала ў газеце “Голас Радзімы”, дзядзька Валодзя — Уладзімір Мялешка — узначальваў рэдакцыю літаратурна-драматычных праграм на беларускім тэлебачанні, а Ніка — прынамсі ў перыяд маіх першых свядомых успамінаў пра яе — была зоркай рэдакцыі моладзевых праграм БТ. З-за розніцы ва ўзросце (Ніка была старэйшая за мяне на 14 гадоў) сябраваць мы, натуральна, не маглі. Але ў нейкі час яна пачала апякаць мяне — яшчэ падлеткам я некалькі разоў прысутнічала на запісе нейкіх праграм, тэлеспектакляў, сядзела і агаломшана глядзела на зорную тусоўку ў тэлевізійным барчыку. “Больш цікавай працы, чым мая, не ведаю”, — сказала мне неяк Ніка. Сумнявацца ў насычанасці і незвычайнасці журналісцкай прафесіі ў мяне не было ніякіх прычын — у тыя махровыя 1980-я гады сястра хадзіла ў адпадных брыджах і кепцы, карысталася французскай касметыкай, пахла дарагой парфумай і ўвогуле нейкім зусім “несавецкім” жыццём.

Усё гэта вабіла мяне значна больш, чым перспектыва паступлення ў музычную вучэльню па класе скрыпкі. Пра тое, каб пайсці па сцяжынцы бацькоў, гаворкі ўвогуле не вялося: я была безнадзейным гуманітарыем у сям’і інжынераў-праграмістаў. Бацькі ўсё цудоўна разумелі і паўплываць на мой выбар нават не спрабавалі. Гэта цяпер часам, калі я пачынаю скардзіцца на чарговы завал па працы, яны стрымана паціскаюць плячыма — маўляў, ты сама гэтага хацела. І гэта праўда.

Мая адзіная спроба ўцячы ад журналістыкі пачалася ў 2006 годзе і бясслаўна скончылася роўна праз год. Нягледзячы на тое, што гэты год я правяла ў піяр-аддзеле вельмі прыстойнай фірмы, заканчэння кантракта ледзь дачакалася і вырашыла больш такіх эксперыментаў над сабой не ставіць. Зрэшты, пра гэты досвед я таксама не шкадую, бо цяпер цаню сваю працу і свабоду, якую яна дае, больш, чым дагэтуль.