Бандарэнка Вольга

%d0%91%d0%b0%d0%bd%d0%b4%d0%b0%d1%80%d1%8d%d0%bd%d0%ba%d0%b0-2

З  кнігі "Супраць плыні"

Не разумею, чаму жанчын даволі часта называюць “слабым полам”. Падчас доўгай размовы з Вольгай Бандарэнка яе вочы “заблішчалі” толькі адзін раз. Па логіцы гэты момант павінен быў прыходзіцца на аповед пра пакуты мужа Зміцера, аднак на самой справе было інакш.

Эмоцыі пачалі дамінаваць падчас успамінаў пра рэферэндум 1995 года, калі Беларусь змяніла свой нацыянальны сцяг.

“– Майго бацьку звалі (на жаль, як і маці, яго ўжо няма) Генадзь Пятровіч Панфілаў, але да знакамітых герояў не маю ніякага дачынення, хаця і нарадзілася ў Сібіры. Затое бацька быў стрыечным братам маршала Говарава. Вырас у дзіцячым доме, таму яго генеалагічную “ветку” я амаль не ведаю.

Маці Ніна Фёдараўна нарадзілася ў Вялікім Болдзіна. Назва гэтай вёскі добра вядомая па творчасці Пушкіна. Бацька маці загінуў у апошнія дні вайны. У іх сям’і было шасцёра дзяцей. Пераехалі ў Ніжні Ноўгарад, які тады зваўся Горкім. Жылі (як Гары Потэр) пад лесвіцай. Па вяртанні з сібірскіх заробкаў да пятага класа там быў і мой пакой.

Пры Сталіне маці “валіла лес” за тое, што з-за хваробы не паехала ад работы ў калгас “на бульбу”. Тады ёй было толькі 16 год.

Як і маці, бацька мяне вельмі любіў і вазіў па ўсіх музеях, у заапарк. Бывала, мы з ім проста садзіліся на трамвай і ехалі да канцавога прыпынку. Калі хто ведае Горкі, то знае, што гэта вельмі доўгі горад. Падчас працяглай паездкі я праз акно лічыла дамы (так засвоіла навуку арыфметыку), а бацька чытаў кніжкі. Чытаць да школы навучылася і я. Зараз гэта звычайная рэч, а раней – рэдкасць.

Заўсёды, калі ён мяне забіраў з дзіцячага садка, засоўвала руку ў яго кішэню і знаходзіла там цукерку.

Спачатку (да пятага класса) я вучылася ў 25 школе, а потым (атрымалі кватэру) у 123-й. Паўсюды была выдатніцай.

Новая кватэра была ў “працоўным” раёне. То бок у атачэнні заводаў. Зразумела, з экалогіяй там было вельмі кепска. Бацька і маці памерлі ад раку, як і большасць нашых суседзяў.

Пасле восьмага класа пайшла ў прэстыжны прамыслова-эканамічны тэхнікум на праграмаванне. Звычайна, выдатніцы не паступаюць падобным чынам, але я не ведаю прычыны, чаму зрабіла менавіта так. Напэўна, хацелася быць самастойнай.

Вучыцца вельмі падабалася. Люблю матэматыку. Гэта склад розуму.

Скончыла тэхнікум з чырвоным дыпломам і збіралася паступіць на факультэт прыкладной матэматыкі і кібернетыкі мясцовага ўніверсітэта.

Менавіта на 1979 год прыходзіцца мой першы шлюб. За плячыма было толькі васемнаццаць з паловай год. Леанід Савіцкі быў беларускім футбалістам, а я калісьці займалася спартовай гімнастыкай, крыху валейболам. Словам, нейкія “перакрыжаванні” ў нас былі.

Ён прыехаў у Горкі да сваёй сястры. Сагітаваў паступаць у Мінскі інстытут фізічнай культуры. Я паехала толькі таму, што на рабоце з гэтай нагоды давалі адпачынак. Была ўпэўнена, што потым вярнуся ў “матэматыку”. Выйшла інакш.

Мінск вельмі спадабаўся. Тут чысцей, але ў нас лепшая архітэктура. Я была ўпэўнена, што не паступлю. Як выдатніцы, мне трэба было здаваць адзін экзамен – фізічную падрыхтоўку. Там сярод іншага было плаванне, а я, хаця вырасла на Волзе і Аке, плаваць не ўмела зусім.

Лёс. Адзінае выключэнне за ўсю гісторыю інстытута адбылося менавіта ў гэты момант. Плаванне замянілі гімнастыкай, і я стала студэнткай. Раней нават не ведала, што такія інстытуты існуюць ўвогуле…

У 1983 годзе скончыла яго зноў з чырвоным дыпломам і атрымала размеркаванне на працу на завод імя Леніна інструктарам па спорту.

Зараз, напэўна, многае таксама вярнулася, але ў савецкія часы мая працоўная дзейнасць існавала ў асноўным на паперы. Час ад часу я, канешне, праводзіла нейкія спаборніцтвы, але большасць энергіі ішла на “папяровую творчасць”. Напрыклад, для розных праверак у нас “працавала” амаль 15-ць розных секцый. “Ліпа”. На самой справе ўсё гэта было толькі на паперы.

Адзінае, што пазней стала модным – заняткі па рытмічнай гімнастыцы. Вось тут ужо ніякіх “фікцый” не было.

Дарэчы, гэтым я займаюся і сёння.

Я пазнаёмілася з Дзімам летам 1981 года, калі ўжо падала на развод.

Каб усё было зразумелым, тут трэба крышку патлумачыць. Справа ў тым, што за год да гэтых падзей дэлегацыя нашай ВНУ (як і іншых) прымала ўдзел у адкрыцці маскоўская алімпіяды — танцавалі “Казачок”, рабілі спартовую кампазіцыю. Я моцна закахалася ў хлопца з Краснаярска, што можна зразумець. Абсалютная адсутнасць адпаведнага жыццёвага досведу. Замуж пайшла такой маладой таму, што лічыла – раз пацалаваліся, трэба жаніцца. Такое выхаванне.

Маскоўскі раман скончыўся нічым, але я ясна зразумела, што не кахаю свайго мужа. Развесціся было б больш шчыра, чым жыць побач з чалавекам, які “не твой”…

Як вядома, студэнтаў ахвотна выкарыстоўваюць на сельгасработах. Нас адправілі “на лён”.

Аднойчы разам з Дзімам мы дзяжурылі на кухні. Ён паступіў у 17 год, па сутнасці дзіця. Я дарослая жанчына, якая прыбывае ў стадыі разводу. Я рыхтую — ён дапамагае. Вельмі хутка стала зразумелым, што мы з ім вельмі падобныя па поглядах на жыццё. Ва ўсім!

З часам сталі самымі блізкім сябрамі. Падкрэсліваю – сябрамі. Магчымасць стаць жонкай і мужам не разглядалася па вызначэнню.

Дзіму размеркавалі ў нейкі раённы цэнтр, але ён хутка “открепился” і стаў працаваць на серабранскім фізычна-аздараўляльным комплексе (ФАК), а потым у розных дзіцячых садках.

Мая “беларусізацыя” пачалася, калі трапіла ў Купалаўскі тэатр на дудараўскія спектаклі “Парог” і “Вечар”. Я была літаральна зачаравана беларускай мовай, бо ўзровень таго, што чула па радыё, не задавальняў, не кажучы ўжо пра “трасянку”.

Да Плошчы мы з дачкой рыхтаваліся, як след. Па знаёмым шукалі цёплыя рэчы, на два памеры большы абутак. Перад тым, як туды ісці, разам (Зміцер, я і Юля) памаліліся. На гэтым усе мае светлыя ўспаміны канчаюцца.

Пераказваць падрабязнасці добра вядомых падзей яшчэ раз не буду, бо і так вядома, што крыса, якую загналі ў вугал, здольная на ўсё. Скажу толькі, што ніхто біць шкло і змагацца з міліцыянтамі не збіраўся…

Мужа арыштавалі раніцай наступнага дня.

Першы час была абсалютная разгубленасць. Што робіцца ў краіне ? Як быць? За што жыць, калі мяне зволяць з работы? А займалася ў асноўным дапамогай іншым. Напрыклад, жонцы ахоўніка Андрэя Саннікава. Акрамя гэтага, трэба было з усім разабрацца і вызначыць, у якім свеце мы знаходзімся.

Неўзабаве стала зразумела, што жонкам і маці зняволенных трэба аб’яднацца. Я прапанавала гэта іншым. Ідэю падтрымалі ўсе без выключэння, і 30 снежня быў створаны камітэт “Вызваленне”. Ведаю, што ўлады гэта моцна раздражняла.

Спачатку можна было перадаваць шмат чаго, а 31 снежня раптам амаль усё забаранілі. І зрабілі гэта, на мой погляд, наўмысна, каб тыя, хто знаходзіцца за кратамі, цалкам не адчулі свята.

Адзінае, на што спачатку не было ніякіх абмежаванняў, адкрыткі. Сёння гэтых “прышпілаў” прадаецца даволі багата. Пісаць на іх было нельга, але і тое, што там ёсць, было вельмі сімвалічным. Напрыклад, “Лепшаму мужу на свеце”.

Потым забаранілі і іх. Надта вялікае маральная падтрымка…

У “амерыканку” мы хадзілі (як на работу) тры разы на тыдзень – панядзелак, серада, пятніца. Ніякіх камунікацый з вязнямі не было, таму, калі да Кобеца схадзіў яго адвакат, спіс рэчаў, патрэбных у няволі, кожная з нас чытала вельмі ўважліва. Памятаю, калі і я ўбачыла гэты доўгі пералік, сказала: “Напэўна, Кобец там хоча застацца назаўсёды…” Чаго ў тым пераліку толькі не было!

Адразу адчуваецца – геолаг, які не раз хадзіў у паходы. Мы доўга не маглі зразумець, што такое “кручкі” і для чаго яны патрэбны ў камеры. Пакуль не здагадаліся, што ён будзе на іх вешаць розныя рэчы… Альбо тазік…

Дарэчы, больш, чым за Дзіму, хвалявалася за Андрэя Саннікава. За кратамі знаходзілася яго жонка Іра Халіп, а вакол іх сына разгараліся вядомыя “страсці-мардасці”. Ён мне нават сніўся.

Калі з СІЗА КДБ выйшла Наталля Радзіна, то перад тым як ехаць у родны Кобрын, начавала ў мяне і расказала пра “гарыл” у масках, бо жорсткія катаванні тычылася выключна мужчын. Уявіўшы свайго хворага мужа ў такіх абставінах, я ўпершыню пачала хвалявацца . А публічны расказ Алеся Міхалевіча быў сапраўдным шокам. Стала жудасна.

Як пазней высветлілася, так усё было і з маім мужам. Больш за тое Дзіму (адзінага) нават на прагулкі выводзілі (дваццаціградусны мароз!!!) у кайданках. А калі “адкрылася” язва, за спробу атрымаць медыцынскую дапамогу яго на дзесяць сутак кінулі ў карцэр, дзе першыя часы прыкавалі цэпам.

Калі пачаўся грып, нягледзячы на 40 градусаў тэмпературы, раздзявалі дагала і ставілі “на растяжку”.

Думаю, з яго выхадам на волю я даведаюся і пра шмат чаго яшчэ …

Была ад КДБ прапанова (безвыніковая) “паўплываць” на мужа. Маўляў, калі дасць “патрэбныя” паказанні, будзе дома святкаваць праваслаўнае Раство. Блага працуюць, бо нават не ведаюць пра тое, што мы каталікі…

Судзіў мужа суд Першамайскага раёна Мінска, і быў ён вельмі кароткім. 26 красавіка пачаўся, 27 красавіка скончыўся. Дзіма быў адзіным, каго судзілі аднаго. І адзіным, каму далі рэальны тэрмін па 242 артыкулу – два гады. Гэта той самы “лёгкі” артыкулу, па якому ўсім астатнім прысудзілі ўмоўнае пакаранне.

Як і ўсіх астатніх, Дзіму з “амерыканкі” перавялі на Валадарку, а калі стала вельмі блага са здароўем (міжнапазваночная грыжа), паставілі ўмову – альбо аперацыя, альбо этапіраванне ў калонію. Я была супраць, але іншага выбару не існавала.

Напомню, што ён двойчы з гэтымі праблемамі звяртаўся ў лякарню да арышту і павінен быў у студзені лажыцца туды яшчэ раз. Замест гэтага апынуўся ў СІЗА КДБ.

Магчыма, камусьці гэта падаецца спрэчным, але, калі б не апека еўрадэпутата Марэка Мігальскага, нічога б не адбылося. Гэта яго ліст прымусіў рэпрэсіўную машыну Беларусі праявіць “літасць”.

Аперацыю зрабілі толькі з другой спробы, бо першы раз ім не спадабалася колькасць людзей, якія былі каля ўваходу ў 5-ю клінічную бальніцу. Аперацыя была паспяховай, і ўжо праз тры дні яны мелі намер зрабіць “этап”. Па сутнасці гэта было забойствам, што многіх адразу ўсхвалявала. Каты адступілі. У бальніцы Дзіма правёў месяц. У калонію яго ўсё ж даставілі, але адвезлі туды на машыне”.

25.11.11