Баршчэўскі Вадзім

%d0%91%d0%90%d0%a0%d0%a8%d0%a7%d0%ad%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%86

З кнігі "Інтэрв'ю, якіх не было" 
  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

Нарадзіўся 10.02.1950 у Полацку. У 1967 годзе скончыў там СШ № 1. Паступіў на філалагічны факультэт БДУ імя Леніна, які скончыў у 1976-м. Працаваў настаўнікам у г.п. Ветрына Полацкага раёна, у СШ № 12  Віцебска, амаль 20 гадоў — намеснікам дырэктара Віцебскай вучэльні алімпійскага рэзерву. Рэдагаваў газету “Лад”, працаваў карэспандэнтам на Радыё Свабода, у выданнях “Частный детектив”, “День”, “Белгазета” ды іншых. Супрацоўнічае з газетай “Товарищ”.

1-2

Калі я збіраўся паступаць у ВНУ, тады яшчэ не было паняцця “чэсны” альбо “нячэсны”. Усе лічыліся “чэснымі”, і па вялікім рахунку ўсё вырашаў (умоўна) талент. Але з асаблівасцямі. Калі ты дзе-нідзе “запэцкаўся” недаверам да ладу, нейкім няўдалым выказваннем, надзеі амаль не было, і шанцаў выйсці на нешта значнае — таксама. Што б ні казалі, але прафесія журналіста ўваходзіла ў катэгорыю ідэялагічных, як і сёння, таму дысідэнтаў туды не пускалі. Але для былых школьнікаў, хлопчыкаў ды дзяўчынак, такога паняцця як дысідэнцтва, нават унутранае, практычна не існавала. Хоць калі я аналізую сваё стаўленне да рэчаіснасці ў тыя часы, то магу шчыра сказаць, што нейкі прысмак дысідэнцтва, напэўна, адчуваўся. Але гэта ўсё было вынікам юнацкага максімалізму ды хатняга выхавання. І, насамрэч, жаданнем адстойваць нейкія свае прынцыпы.

Вялікую ролю, безумоўна, адыграла мастацкая літаратура, асабліва расійская класіка, якую і зараз лічу лепшай настаўніцай гонару і пачуццяў. Улічваючы, што друкаваліся кнігі пісьменнікаў, так бы мовіць, дэмакратычнага напрамку, то і погляды фарміраваліся нейкія абстрактна-дэмакратычныя. Пачынаючы ад першага класа маці, якая сама вельмі многа чытала, складала для мяне спісы тых твораў, якія лічыла абавязковымі. Магчыма, яны не заўсёды адпавядалі вытанчанаму эстэтычнаму густу і нават майму ўзросту, але чытаў я з захапленнем. Адзінай кнігай, якая шчыра не спадабалася, была “Жыццё Кліма Самгіна” Максіма Горкага, бо я быў вымушаны чытаць яе пасля пятага класа ў бабулінай вёсцы на летніх вакацыях. Па-першае, да праблем, якія калісьці так хвалявалі рускую інтэлігенцыю, я адпаведна ўзросту ставіўся даволі індыферэнтна; па-другое, летам у вёсцы мноства больш прывабных заняткаў. Тым больш самаахвярная бібліятэкарка ў мясцовым клубе сабрала многа іншых вельмі цікавых кніжак і з задавальненнем раіла мне (ці не адзінаму, акрамя яе самой, чытачу) свае здабыткі. Менавіта тады, добра памятаю, я быў вельмі ўзрушаны “Паядынкам” Аляксандра Купрына, над горкім лёсам падманутага героя якога, не хаваючы вачэй, плакала жонка простага калгаснага працаўніка, цудоўная жанчына — бібліятэкарка Тамара.

А потым пачалося чытанне твораў зборамі, і выбару, у якім кірунку ісці па жыцці, да якой прафесіі, амаль не засталося. Любіць літаратуру і пайсці на тэхнічную спецыяльнасць здавалася нонсэнсам.

Літінстытут імя А.М.Горкага адпадаў — не было двух гадоў працоўнага стажу. Таму і павёз я свае дакументы ў БДУ на журфак. Але ў прыёмнай камісіі мяне расчаравалі. Пры тым шалёным конкурсе шанцы ў выпускніка школы, які апынуўся ў сітуацыі, падобнай на сённяшнюю, калі таксама пад чарговую рэформу школы скасавалі год навучання (з адзінаццаці да дзесяці класаў), былі вельмі малымі. Нагадалі мне і пра працоўны стаж, а на галоўную надзею — накіраванне ад мясцовай газеты, здалося, нават не звярнулі ўвагі.

Пасялілі мяне ў інтэрнаце на Паркавай да хлопцаў — выпускнікоў журфака. Тыя, як я зразумеў, шукалі магчымасцяў пазбавіцца размеркавання і неяк зачапіцца за сталіцу. У першую ж ноч пад келіхі простага віна я паслухаў з бабіннага магнітафона тады яшчэ зусім невядомыя песні Булата Акуджавы і Уладзіміра Высоцкага, а хлопцы, убачыўшы маю ўражанасць іх улюбёнцамі, далі галоўную параду: забірай дакументы з гэтага “долбанага” журфака ды лепш ідзі на філфак. У якасці аргументаў былі высунуты наступныя: там хоць больш-менш веды па мове і літаратуры атрымаеш; у “бабіным царстве” хлопцу і вучыцца лягчэй, і жыць прыемней; размеркаванне там для хлопцаў добрае, а застанешся ў Мінску, то і ў рэспубліканскай газеце месца знойдзецца; калі ж хочаш таптаць гной на палетках, збіраючы матэрыялы для якіх-небудзь “столінскіх прызываў” альбо “жабінкаўскіх праўд”, то калі ласка — сцяг табе ў рукі… Мяне чамусьці асабліва ўразіла назва “Жабінка” (не крыўдую ейных месцічаў – маладыя забабоны), і я зранку хуценька перакінуў дакументы ў іншую камісію. І толькі потым угледзеў, што конкурс на філфаку яшчэ больш высокі. У выніку не дабраў бала: у першую чаргу, з-за адсутнасці вопыту і тактычных памылак. Наступным годам — ужо вопытны, таму і без марнавання часу на нейкую падрыхтоўку — вынік паўтарыў і пайшоў па салдацкія боты, якія чакалі ў капцёрцы старшыні.

Пасля службы ў войску магчымасцяў, на жаль, стала яшчэ меней. Пра Літінстытут, куды марыў паступіць, прыйшлося забыцца, бо жыць у чужой далёкай Маскве на 20 рублёў стыпендыі з невялічкай падтрымкай ад родных не выпадала. Вучыўся сярэдні брат, падрастаў малодшы. Бацька сказаў: паступіш цяпер — яшчэ зможам дапамагаць, а калі не, то разлічвай потым адно на свае сілы. Набраўшы 19 балаў, я трапіў на філфак. Але спадзяванні на добрае размеркаванне не спраўдзіліся. Пры рэктары Сікорскім паехалі па вёсках і райцэнтрах нават дочкі міністраў і сакратароў абкамаў. Розніца была толькі ў адным: хто з іх атабарыцца бліжэй да сталіцы.

Так пачалася мая выкладчыцкая і адміністрацыйная дзейнасць, якая расцягнулася на дзесяцігоддзі. Пісаць для выданняў пісаў, але так, для душы, альбо каб крышачку падзарабіць.

Яшчэ на пачатку настаўніцтва, калі працаваў у школе, арганізаваў разам з псіхолагамі Віцебскага тэлезавода для свайго 9-га класа тэсціраванне на здольнасці да прафесій. І сам разам з вучнямі прайшоў гэты амаль двухгадовы тэставы марафон. Вынікі атрымаліся найцікавейшымі. Але больш за ўсё ўразіла тое, што мне вылічылі “маёй галоўнай прафесіяй” журналістыку. Я нават стаў падумваць, ці не пайсці працаваць у газету. Аднак тагачасная “застойная” мясцовая прэса была такой нецікавай, падобнай на жованку, што… Журналістыкай па-сапраўднаму прыйшлося заняцца ў 90-я, асабліва пасля таго, як краіна пачала хутка ператварацца ў таталітарную дзяржаву. Калі ў Віцебску закрылі газету “Выбар”, адзіную, якая давала магчымасць выказваць думкі, што адрозніваліся ад курса ўлад, паўстала пытанне, якую трыбуну зможа выкарыстаць мясцовая апазіцыя, асабліва падчас перадвыбарных кампаній. Я і прапанаваў на палітрадзе стварыць новую газету. Хто прапаноўвае, таму, як вядома, і даручаюць. Астатнія чальцы рады ад імя сваіх дэмакратычных партый запэўнілі, што будуць актыўна дапамагаць як матэрыяльна, так і творча. Тады асаблівых праблем з рэгістрацыяй выданняў не было. У выніку з’явілася газета “Лад”. Абяцанкі засталіся абяцанкамі. Грошай нават на тую вельмі танную паперу не было, тым больш на ганарары журналістам. Дапамагалі артыкуламі сябры, але ім таксама трэба было нешта есці. Таму значныя аб’ёмы тэкстаў даводзілася ствараць самому. Вялікая падзяка аднаму з заснавальнікаў віцебскай філіі БАЖ Андрэю Аліфірэнку, які навучыў асновам макетавання ды вёрсткі.

Потым пачалася эра бюлетэняў, якія патрабавалі кожную свабодную хвіліну амаль бесперапынна грукатаць па клавішах. І праца ў розных масмедыя — ад “жорстка-крывавых дэтэктываў” да грамадска-палітычных выданняў.

Лёс так павярнуў, што “чэсным”, то бок дзяржаўным журналістам, не быў ніколі, таму і шкадаваць няма чаго. Ды, шчыра кажучы, і не бачу аніякіх пераваг працы на ўладу, акрамя, безумоўна, матэрыяльных.

3

Калі я яшчэ спрабаваў паступаць на журфак, бацькі аднесліся да майго жадання даволі стрымана. Ім, выхаваным на павазе да настаўніка, больш падабалася менавіта гэтая прафесія. Але на пачатку 70-х, калі дабрабыт выкладчыкаў, напрыклад, у параўнанні з “рабочымі” прафесіямі, стаў выглядаць даволі сціплым, яны ўжо з большай прыхільнасцю пачалі ставіцца да журналісткай працы. Як бы там ні было, але яна мела сацыяльныя перавагі. Хоць бы ў тым, што на слова рэагавалі, і крытыкі, тым больш у друку, вельмі баяліся. Зараз сям’я адносіцца да маёй працы з разуменнем. У тым ліку і да таго, што гэтая праца не ёсць бяспечнай.

4-6

Нарадзіўся я ў старажытным Полацку 10 лютага 1950 года ў так званай Чырвонай бальніцы, муры якой крыху пазней пачуюць і першы лямант Уладзіміра Арлова. Мне мой дзень народзінаў падабаецца, бо гэты лютаўскі дзень застаўся ў гісторыі памятным смерцю А.С.Пушкіна і народзінамі Барыса Пастэрнака і Бертольда Брэхта. У гэткай кампаніі адзначаць яго даволі прыемна. З першых успамінаў — шэрая спусцістая столь. Падазраю, што гэта наш пакой у Кадэцкім корпусе, але ўпэўнена сцвярджаць не магу. А вось падзеі 52-га адлюстраваліся ў маёй памяці назаўжды. Я і сёння магу з падрабязнасцямі распавесці і пра пажар на двары нашай хаты ў Запалоцці, якую бацька з дзедам адбудавалі для сям’і, і пра смерць майго трохмесячнага браціка Віці ад пароку сэрца — вынік перапуду маці на тым пажары і страшэннага відовішча суседкі, якая павесілася з гаротнага жыцця. Памяць насамрэч уражвае дзівосамі. Забываецца тое, што было тыдзень таму, але назаўсёды застаюцца цеплыня матчыных рук на тваёй стрыжанай дзіцячай галаве, бацькавыя трапныя выразы, енкі малодшага брата, якога ты, каб не перашкаджаў “дарослым” справам, прымушаеш ісці па процілеглых ходніках…

Насамрэч, напэўна, сама праца журналіста і ёсць спалучэнне фактаў рэчаіснасці з адбіткамі таго, што на працягу жыцця назапасіла памяць.

7

Фармальна і стала ў канкрэтнай рэдакцыі не працую. Матэрыялы з’яўляюцца ў розных выданнях.