Бяльзацкая Люцына

%d1%85%d0%b0%d0%bb%d1%96%d0%bf5

З  кнігі "Жыццё пасля кратаў"

Падрыхтавана да друку 07.01.2013

Выпрабаванні Люцыны Бяльзацкай

Калі над унукам было ўстаноўлена апякунства, яе прымусілі адкрыць неабходны банкаўскі рахунак, куды  пераводзілі мізэрныя дзяржаўныя грошы. Калі апякунства знялі, усе грошы Люцына Бяльзацкая перавяла  на дапамогу хворым дзецям.

” Нарадзілася я ў Варшаве 23 ліпеня 1936 года. У 1939 годзе, калі Гітлер напаў на Польшчу, а Савецкі Саюз “вызваліў” Заходнюю Беларусь і Украіну, мае бацькі здолелі праз мяжу дабрацца да Беластоку.

Бацьку звалі Юры Давыдавіч Бяльзацкі. Быў ён вядомым джазавым музыкай. Яго імя ёсць у многіх польскіх энцыклапедыях. Скончыў  вышэйшую школу музыкі імя Шапэна, потым кансерваторыю. Пісаў песні, меў сваё выдавецтва.

Калі выйшла замуж, дзявочае прозвішча не змяніла.

Наш варшаўскі дом стаяў на вуліцы Таварнай, якую немцы бамбілі адной з першых. Памятаю, мама (Гута Якаўлеўна) нясе мяне  на руках і кажа “Заплюшчы вочкі!” Гэта рабілася для таго, каб дзіця не бачыла, што адбываецца навокал.

Тыя, хто з нашых знаёмых і сваякоў, вырашыў  застацца, усе загінулі.

Тагачасны першы сакратар кампартыі  Беларусі Панцеляймон Панамарэнка  быў вельмі вялікім аматарам джазавай  музыкі. Ён загадаў сфармаваць Дзяржаўны эстрадны ансамбль пад кіраўніцтвам Эдзі Рознара, які потым стаў надзвычай папулярным.

Рознар быў сапраўднай зоркай.

Граць у гэты ансамбль запрасілі і майго бацьку.

Яны ездзілі з канцэртамі па ўсяму Савецкаму Саюзу.  Потым частка  з’ехала ваяваць у армію Андарса, і аркестр “даўкамплектавілі” савецкімі  музыкамі.

У 1946 годзе Эдзі Рознара арыштавалі і хутка назвалі “ворагам народа” за тое, што ён хацеў з’ехаць у Польшчу. Бацьку ж прапанавалі вярнуцца ў Беларусь, хаця была магчымасць застацца і ў Маскве.

Спачатку ён працаваў у Бабруйскім тэатры аперэты, а потым  у Оперным тэатры ў Мінску.

Шмат пісаў музыкі да фільмаў. Яна гучыць практычна  ва ўсіх беларускіх пасляваенных кіно. Усюды бацька быў у якасці дырыжору. Потым яго запрасілі кіраўніком эстраднага аркестра беларускага радыё і тэлебачання.

На жаль, у 1963 годзе ва ўзросце 53-х гадоў мой бацька пайшоў з гэтага жыцця .

У Мінску  з залатым медалём скончыла другую сярэднюю школу, якая тады была чыста жаночай. Зараз  у гэтым будынку месціцца лечкамісія.

Паступіла на філалагічны факультэт аддзялення рускай мовы і літаратуры. Атрымала там таксама дыплом з адзнакай. Усё жыццё працавала ў выдавецтве Акадэміі навук. Спачатку  назва цалкам адпавядала назве гаспадара, а потым  яно стала “Навукай і тэхнікай”.

З Валодзям мы былі знаёмымі яшчэ ва ўніверсітэце. Але толькі крыху, бо паступіў на журфак ён значна пазней майго курса.  Для іх абавязковай была наяўнасць працоўнага стажу.

У той час у нас быў адзін факультэт. Толькі розныя спецыяльнасці. Пад час агульных лекцый і сустракаліся. Дарэчы, разам з намі вучыліся Рыгор Барадулін, Гена Бураўкін, Толя Сачанка, Кастусь Цвірка і шмат хто яшчэ. А маладым аспірантам  быў Ніл Гілевіч.

Фантастычны факультэт!

Натуральна, на філалагічным факультэце было вельмі шмат дзяўчат. Вельмі многія з іх выйшлі замуж, за тых, хто сёння складае ЭЛІТУ беларускай літаратуры. Хлопцы з журфаку  даволі часта прыходзілі на нашу абарону дыпломаў.

Адна з маіх сябровак — жонка кампазітара Сяргея Картэса. На прэм’еры яго чарговага музычнага твора мы з Халіпам  і сышліся.

Па працоўнай лініі я прайшла шлях ад звычайнага карэктара да загадчыцы аддзела. З тых часоў ведаю практычна ўсю навуковую эліту Беларусі.

Першым часам было вельмі цяжка. Я ж згодна з дыпломам спецыяліст па рускай мове, а там даволі часта выпадала мець справу з мовай беларускай. Нічога — прызвычаілася.

Першай “карэктарскай” кнігай  стала крытыка Алеся Адамовіча “Беларускі раман”. Шмат разоў сустракалася з аўтарам. У выдавецтве гэта называецца “здымаць пытанні”… У мяне нават ёсць гэта кніга з дароўным надпісам Алеся Міхайлавіча: “Чалавеку, ад якога на 80% залежыць пісьменнасць аўтара”.

… 19 снежня 2010 года  я засталася з унукам. Усе (Валодзя і Андрэй з Ірынай) пашлі на Кастрычніцкую плошчу. Данька шчыра чакаў вяртанне бацькоў і не мог зразумець, чаму іх так доўга няма. Мы “плялі” яму пра нейкую тэрміновую камандзіроўку… Хлопчыку было тады толькі тры з паловай гады…

На жаль, гэта не перашкодзіла затрымаць яго ў дзіцячым садку, калі той прыйшоў на ранішнік…

Зрабіць такое могуць толькі людзі, у якіх цалкам адсутнічае сумленне…

Тры першых дні Ірына была ў якасці затрыманай. Толькі потым следчы патэлефанаваў і сказаў пра перавод у ранг арыштаванай, што дазволіла перадаць ёй самае неабходнае. Накшталт зубной шчоткі.

Было сказана таксама пра адпаведнае паведамленне ў службу апекі.  Маўляў, дзіця засталося без дарослых. Я спрабавала сказаць, што ў яго ёсць яшчэ бабуля і дзядуля, але следчы больш не захацеў са мной размаўляць.

Праз два дні і быў той самы ранішнік, з якога Даньку не адпускалі з яго няняй. Патрабавалі, каб  прыехаў хто-небудзь са сваякоў. Па дарозе ў дзіцячы садок ледзь не страціла прытомнасць.

Унук знаходзіўся адзін у нейкім пакоі для гульняў, сядзеў за маленькім столікам і катаў па ім маленькую машынку. Мяне адразу правялі  ў кабінет загадчыцы  дзіцячым садком. Разам з ёй былі галоўны раённы спецыяліст па апецы і што мяне ўразіла больш за ўсё — дырэктар прытулку. То бок, у іх ужо ўсё было падрыхтавана…

Аказваецца ў чацвер вечарам мне патэлефанаваў следчы, а ўжо ў пятніцу раніцай  прывезлі дакументы з КДБ. У сувязі з гэтым мне заявілі: паколькі дзіця засталося без апякунства бацькоў, альбо я пішу заяву на апякунства,  альбо (калі такой магчымасці няма”, пра яго будзе клапаціцца дзяржава…

На збор неабходных дакументаў  мне далі  толькі адзін месяц.

Сабрала ўсе неабходныя даведкі (псіха-неўралагічную, скурна-венералагічную,наркалагічную)  і нават здала кроў на аналіз па СНІДУ. Як і Данька… І ніхто не звярнуў увагу на яго ўзрост..

Паспела ў патрэбныя тэрміны, але рашэнне, было прынятае толькі праз два тыдні. Мабыць, у некага не было да чаго прычапіцца…

Нават калі вызвалілі Ірыну, апякунства не адмянілі. Адбылося гэта   толькі ў ліпені 2011 года, пасля касацыі на  прысуд”.