Булахаў Дзмітрый

З кнігі "Асобы"

ДЗМІТРЫЙ БУЛАХАЎ — ТРАГІЧНЫ ЛЁС ПАЛІТЫКА

 Я вельмі шкадую гэтага чалавека і не падзяляю меркаванні тых, хто бачыць у Булахаве звычайнага здрадніка. Яго жыццё было даволі складаным, адзначаным многімі нелагічнымі і супярэчлівымі паваротамі, сумнеўнымі рашэннямі. Гэта ён сам усведамляў і перажываў. У адным са сваіх інтэрв’ю горка пажартаваў, што недзе ёсць і яго палітычная магіла. На жаль, праз некалькі гадоў яна стане не віртуальнай, а рэальнай. І адной з прычын яго ранняй заўчаснай смерці можна лічыць стрэс, унутраны разлад з самім сабой, абумоўлены яго вяртаннем ва ўладу, з якой некалі сышоў.

 Адбылося гэта ў кастрычніку 1996 года, калі ў «Народнай волі» быў надрукаваны артыкул Дзмітрыя Пятровіча Булахава «Ліст да бацькоў», дзе ён вельмі жорстка крытыкаваў Лукашэнку за жаданне пашырыць свае паўнамоцтвы. Было гэта літаральна напярэдадні рэферэндуму, таму ўсе мелі падставы лічыць, што Булахаў больш ніколі не вернецца «наверх». Калі быць больш дакладным, то працаваць у прэзідэнцкай адміністрацыі ён перастаў яшчэ ў 1994 годзе, але ў 1996-м разрыў, як тады бачылася, быў канчатковым. Калі 31 сакавіка 2000 года яго прызначалі пастаянным прадстаўніком Беларусі ва ўстаўных і іншых органах СНД, дзе ён пазней стаў першым намеснікам старшыні выканкама, гэтаму не хацелася верыць. Там ён будзе працаваць да верасня 2005 года. А потым была паўза аж да 13 красавіка 2006-га, калі Лукашэнка прызначыць Булахава дарадцам прэзідэнта — паўнамоцным прадстаўніком прэзідэнта ў Нацыянальным сходзе. Аднак ён не прапрацаваў на гэтай пасадзе і паўгода. У ноч з 7 на 8 верасня Дзмітрый Пятровіч Булахаў памёр…

Дзмітрый Булахаў нарадзіўся ў 1959 годзе ў Магілёве. Прозвішча ў яго было вельмі старажытным, але этымалогія тут дакладна не вылучана. Найбольш верагодным будзе тое, што слова «Булак» узятае рускімі ад татар у значэнні «падарунак», «узнагарода» і прысвойваецца доўгачаканаму, жаданаму сыну.

Пасля звычайнай школы Булахаў скончыў Мінскую вышэйшую школу МУС. Працаваў следчым упраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама.

У 90-х гадах пачалася яго палітычная кар’ера. Імклівая і яркая. І, на жаль, кароткая. На хвалі перабудовы, што ламала, здавалася, акамянелыя і непахісныя структуры савецкай сістэмы, малады і дагэтуль нікому не вядомы следчы ў барацьбе за мандат дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га склікання па Магілёўска-Юбілейнай выбарчай акрузе № 275 атрымаў перамогу. У ВС ён узначаліў камісію па заканадаўстве. Адну, на той час, з найважнейшых, ключавых. Выпрабаваннем для гэтай камісіі і асабіста для Дзмітрыя Булахава, якое мела лёсавызначальныя для краіны палітычныя вынікі, стала пытанне пра рэферэндум за правядзенне нечарговых парламенцкіх выбараў.

23 лютага 1992 года сфармаваная БНФ ініцыятыўная група пачала збор подпісаў грамадзян у падтрымку правядзення рэферэндуму. У кароткі тэрмін было сабрана 446 601 подпіс, аднак 29 кастрычніка 1992 года Вярхоўны Савет прыняў пастанову пра забарону на правядзенне гэтага рэферэндуму. І адну з галоўных роляў там адыграў менавіта Булахаў. Юрыдычнымі тэрмінамі ён канчаткова заблытаў тых, хто сам вельмі жадаў быць заблытаным. Памятаю, у той час у рэдакцыю «Свободных новостей», дзе я працаваў, Мікалай Камароў прынёс такое чатырохрадкоўе:

Народ когда-нибудь поймет,

Как референдум пошел прахом.

Неясно только — прав Булахов

 Или не прав во всем народ?

 15 сакавіка 1994 года тагачасны спікер Вярхоўнага Савета 12-га склікання Мечаслаў Грыб падпісаў першую Канстытуцыю Беларусі. Першапачаткова «ўзроставы цэнз» не дазваляў балатавацца Лукашэнку. Яго паплечнікаў, у тым ліку і Булахава, гэта не задавальняла. Яны дакладна пралічылі шанцы на яго перамогу, бачылі ў тым і свой інтарэс, але не ведалі наступстваў. Магчыма, Дзмітрый Пятровіч, якому было толькі 35 гадоў, не выключаў і свой выхад у якасці кандыдата. Разам з Ганчаром яны тады пайшлі да старшыні ВС Грыба, каб пераканаць таго цэнз знізіць.

Як толькі гэта стала вядома, пэўныя колы ў Савеце Міністраў паспрабавалі рэанімаваць прыпыненую крымінальную справу супраць Булахава, якая ўзнікла з трагічнага выпадку на дарозе. 6 студзеня 1993 года ля райцэнтра Бялынічы пад машыну, якой кіраваў Булахаў, трапіла жанчына, якая потым памерла. Тады пракуратара прызнала Булахава невінаватым. Гэтыя высновы былі пацверджаны і ў 1994 годзе.

Дзмітрый Пятровіч Булахаў узначаліў ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі, але ўсе разумелі, што гэта намінальна. Асноўную работу там рабіў Сініцын. Ведаў гэта і Лукашэнка, таму, як толькі з’явілася магчымасць, ён як бы аддаліў ад улады Булахава.

Дзмітрый Пятровіч не хаваў свайго імкнення пасля перамогі Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах стаць на чале Канстытуцыйнага суда. Пасады, на якую ў той час абіралі дэпутаты. Лукашэнка, як і абяцаў, перашка­джаць гэтаму не стаў, але і дапамагаць таксама. Булахаў застаўся ўвогуле без якой-небудзь падтрымкі прэзідэнцкай адміністрацыі, а значыць, і без падтрымкі самога прэзідэнта. А без яе атрымаць большасць галасоў у той час было проста немагчыма.

Адносіны і дэпутатаў, і журналістаў, якія працавалі ў Вярхоўным Савеце, да Булахава былі аднолькавымі. Паважалі за веды, за прафесіяналізм, за працаздольнасць, за прастату і прыветлівасць у адносінах. Аднак і бачылі яго незвычайны нарцысізм. Толькі адны зайздросцілі, а другія жартавалі.

Пасля правалу на выбарах у старшыні КС спецыяльна для Булахава, каб нейкім чынам «кампенсаваць» яго амбіцыі, прыдумалі пасаду дзярж­сакратара Прэзідэнцкага савета. Праўда, ніхто не разумеў, «што гэта такое і з чым яго есці». Адзін з тагачасных паплечнікаў Лукашэнкі казаў мне, што гэта будзе нешта падобнае да Кандалізы Райс, што ён і сам не супраць заняць такую пасаду.

Аднак і на гэтай пасадзе Булахаў доўга не пратрымаўся. Дакладней, нават не паспеў яе заняць. На яго «наехалі», як піша ў сваёй кнізе «Лукашэнка. Палітычная біяграфія» Аляксандр Фядута, адразу ж пасля першай прэс-канферэнцыі яшчэ ў якасці «кандыдата ў дзяржсакратары». Дзяржаўныя СМІ пачалі ў адзін голас трубіць пра дачыненне Булахава да камерцыйных структур. Маўляў, карыстаючыся сваёй блізкасцю да прэзідэнта, вырашаў усякія пытанні. Гэта было як прысуд.

У 1995 годзе Булахаў зноў стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Выступаючы на адной з сесій ВС, А. Лукашэнка прызначыў яго і Анатоля Лябедзьку сваімі прадстаўнікамі ў парламенце, але без якога б там ні было афіцыйнага — распараджэннем, загадам, дэкрэтам – афармлення. Той жа Лябедзька сёння не без падстаў лічыць, што ніякім «прадстаўніком» прэзідэнта ў парламенце ён тады не быў. Ды і сам Булахаў імкнуўся гэты момант не афішаваць.

Калі напрыканцы 1996 года паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета былі скасаваныя, Булахаў не ўвайшоў у склад таго кола палітыкаў, хто дэманстратыўна працягваў адстойваць Канстытуцыю 1994 года. Ён, як кажуць, адышоў у цень. Сам Булахаў неаднойчы тлумачыў мне потым, што не хацеў «засвечваць» тых, хто з ім займаецца бізнэсам. Але і бізнэсмен з яго не атрымаўся. Як і кіраўнік партыі. Створаную ім Партыю ўсебеларускага адзінства і згоды памятаюць хіба толькі спецыялісты.

Так атрымалася, што недзяржаўны інстытут, дзе ён чытаў лекцыі, і наша рэдакцыя арандавалі плошчу на адным паверсе. Я выходзіў у калідор пакурыць і вельмі часта сустракаў там Булахава, які заўжды на некалькі хвілін спыняўся. Ён так шчыра крытыкаваў рэжым, што звесткам пра яго вяртанне ва ўладу я напачатку не паверыў. Аказалася — праўда. «Зламаўся»? Не бачыў перспектыў да перамен? Не бачыў месца для сябе ў несістэмнай апазіцыі? Хацеў добра жыць? Амбіцыі, апраўданыя талентам, ведамі, працаздольнасцю і знешняй прыгажосцю (нездарма яму жанчыны далі мянушку Ален Дэлон) увайшлі ў невырашальную супярэчнасць з рэчаіснасцю? Магчыма, усё разам. Такія, як ён, прыйшлі, уварваліся ў публічную палітыку, яна была іх стыхіяй. Але вецер дэмакратычных перамен згас, і іх жыццёвыя караблі пацярпелі крушэнне. Калі я рыхтаваў гэты нарыс, спецыяльна паглядзеў «Энцыклапедыю гісторыі Беларусі» 1995 года выдання і тую, што выдаецца зараз. У абодвух прозвішча Булахава няма. І гэта невыпадкова. Для адных ён стаў чужым, для другіх так і не стаў сваім.

14.12.07