Быкаў Васіль

%d0%b1%d1%8b%d0%ba%d0%be%d0%b2

З кнгі "Лёсы"

 Маленькая прафесійная “хітрасць”

 Нас пазнаёміла звычайная газетная памылка: я пераблытаў і напісаў, што фільм “На чорных лядах” зняў рэжысёр В.Тураў, а на самой справе гэта работа В.Панамарова. Апошні патэлефанаваў у рэдакцыю, і неўзабаве яны з Васілём Уладзіміравічам, які напісаў “Чорныя ляды”, прыйшлі да нас.

Скажу шчыра, у мяне і раней была задумка зрабіць артыкул з Быкавым, але ніяк не атрымлівалася. Ён у той час імкнуўся менш кантактаваць з журналістамі. Я прасіў вядомага рэжысёра Пташука, які зняў “Знак бяды”, зрабіць пратэкцыю. На жаль, гэта не дапамагло.

Валерый Панамароў нас і пазнаёміў, але Быкаў доўгай размовы не жадаў, тады я знайшоў яго хатні адрас і на дзень народзінаў пісьменніка, 19 чэрвеня 1996 года, купіў букет ружаў і прыйшоў павіншаваць.

А ў верасні адбылася наша амаль трохгадзінная размова. Потым яе надрукавалі “Свободные новости”. Рукапіс недзе згубіуся, і я папрасіў знаёмую студэнтку журфака Маргарыту Андрэеву зрабіць у “ленінцы” копію артыкула.

Частку яго вы маеце магчымасць прачытаць.

Вытокі поглядаў

“…Жыццё кожнага з нас пачынаецца аднолькава, але залежыць ад пэўнага гістарычнага часу, да якога адносіцца пакаленне канкрэтнага чалавека, канкрэтнай асобы. Я ўжо неаднойчы гаварыў, што час майго пакалення пачынаўся без радасці. Трыццатыя гады адыходзячага стагоддзя, на якія прыпала наша дзяцінства, былі амаль самымі драматычнымі і трагічнымі для лёсу беларускага народа. Эпоха пакут, сацыяльнай ломкі, росквіту камуністычнай тыраніі.

А што тычыцца менавіта Беларусі, краіны сялянскай, то для яе гэта быў перыяд сапраўднай нацыянальнай трагедыі. У той час шмат разважалі пра нейкі рабочы клас, пралетарыят, але на самой справе ён тады знаходзіўся ў зародкавым стане. Аснову нацыі складала сялянства, сапраўдны генератар нацыянальнай свядомасці, развіцця культуры. Дарэчы, калі сёння гавораць пра крызіс беларускай мовы, то трэба разумець, што ён стаў вынікам менавіта крызісу сялянства. Адно залежыць ад другога: знікае сялянства — адыходзіць у нябыт і мова. Пралетарыят у тым выглядзе, у якім мы назіраем яго на працягу дзесяцігоддзяў, фармацыя іншамоўная, калі больш дакладна — рускамоўная.

Драматургія ўласцівая кожнаму гістарычнаму перыяду народнага жыцця. Але, як мне здаецца, трыццатыя гады вызначаюцца драматызмам асаблівага роду. Гутаркі пра калектывізацыю, рэпрэсіі, адмаўленне ад асноўных чалавечых каштоўнасцей. Усё гэта, безумоўна, нейкім чынам паўплывала на мой характар, светапогляд, бо, як вядома, у маладосці закладваюцца асновы асобы чалавека, і потым менавіта яны адыгрываюць галоўную ролю ў грамадскім самавызначэнні кожнага з нас.

Часта пытаюць: калі з’явілася тое маё стаўленне да камунізму, якое пасля рэалізавалася ў творчасці? Заўсёды ў такім выпадку я адказваю: у адрозненне ад тых, да каго прасвятленне прыйшло пасля смерці Сталіна, выкрыцця культу асобы ці ў перыяд перабудовы, я не прымаў камуністычнай ідэалогіі амаль з дзяцінства. Некаторыя сённяшнія дэмакраты, у тым ліку і сумленныя людзі, расказваюць, як яны плакалі, калі памёр Сталін. Я не плакаў. Не плакаў, бо некалі чуў, як плакала мая маці, калі арганізоўваліся першыя калгасы. Здарылася гэта вельмі прыгожай раніцай: учора стварылі калгас, а сёння, на досвітку, забралі з хаты ўсе прыпасы, жывёлу, збожжа. Маці плакала не ад таго, што ў тую ноч дзіўным чынам змянілася яе сацыяльнае становішча, а ад таго, што праз некалькі гадзін існавання так званага калгаса не стала чым карміць дзяцей.

Мне было тады нейкіх дзевяць гадкоў, і, зразумела, я не звязваў слёзы маці з палітычнай сістэмай. Зерне дзіцячых пачуццяў прарасло пазней, на новым узроўні маёй свядомасці. Пасля калектывізацыі пачаліся «класавая барацьба» і «раскулачванне». Гады ляцелі хутка, і я не паспеў азірнуцца, як пачалі высылаць у Сібір маіх школьных сяброў.

Мая родная Ушаччына тады была памежным з Польшчай раёнам, і рэпрэсіі там праводзіліся ў самых агідных, здзічэлых формах. Людзей катавалі не толькі «спецыялісты» з НКУС, але і пагранічнікі. Урэшце, у маёй вёсцы, дзе тады было каля двух дзясяткаў двароў, арыштавалі шэсць сем’яў калгаснікаў, некалькі настаўнікаў, фельчара, аптэкара — карацей кажучы, усіх, каго можна было адправіць у сібірскае пекла. Іх называлі «ворагамі народа», польскімі шпіёнамі, але ніхто гэтаму не верыў. Бралі проста самых разумных, тых, хто мог паставіць пад сумненне вартасці афіцыйнай прапаганды. Дамоў ніхто з іх не вярнуўся, усе па нашым часе рэабілітаваны пасмяротна.

У маёй дзіцячай душы ўсё гэта адкладвалася нейкім не тое каб непаразуменнем альбо пратэстам, а вялікім каменем крыўды, які выкінуць з памяці ў наступным жыцці ўжо было немагчыма. Не раскрышыла гэты камень нават вайна.

Знешне мая крыўда ніяк не праяўлялася. Як і ўсе, я быў піянерам, камсамольцам. Як і ўсе, хадзіў строем. Іншага было не дадзена. У юнацтве яшчэ мог пагутарыць з некаторымі сябрамі на гэтыя тэмы, але з узростам зразумеў, наколькі небяспечныя такія размовы. Празмерная даверлівасць ламала лёсы людзей. Карныя органы не драмалі, паўсюдна вербавалі сваіх сексотаў. Нацыя вымірала. У людскіх сэрцах панаваў страх.

У арміі гэта праяўлялася больш яскрава. У кожным палку існавалі асобыя аддзелы, якія займаліся контрразведкай. Але я хоць і прайшоў усю вайну, ніводнага разу не чуў, каб яны выкрылі хаця б аднаго нямецкага шпіёна. Затое бачыў, як арыштоўвалі сяржантаў і афіцэраў за так званыя антысавецкія размовы. Ішло паляванне не на ворагаў, а на чыстыя людскія душы. Спрабавалі вербаваць усіх, і не толькі сярод вайскоўцаў. Урэшце ў сексотаў ператварылася амаль палова грамадства, таму няма нічога дзіўнага ў тым, што ідэі нацыянальнага адраджэння не сталі для народа яднаючымі. Савецкая ўлада гарачым жалезам выпаліла ў людзей каштоўнасці нацыянальнай свабоды. Сексотам не патрэбна дзяржаўнасць, яны, як тыя пацукі, могуць існаваць толькі ў цемры. Нацыянальнае — ад Бога. На жаль, у сваім жыцці чалавек кіруецца не боскімі правіламі, а правіламі карысці. У большасці сваёй грамада не падтрымала адраджэнне, і вельмі значная «заслуга» ў гэтым належыць органам бяспекі. Чаму ў іншых дзяржавах былога Саюза атрымалася інакш? Таму што людзі здолелі захаваць нацыянальную свядомасць, нягледзячы на ўсе намаганні спецслужбаў.

Ваенная кар’ера не адбылася

 Пасля вайны я не хацеў служыць у войску, усімі фібрамі душы імкнуўся да дэмабілізацыі. Не пускалі. Зразумела, служыў не вельмі ўзорна, таму адносіны з начальствам былі напружанымі: аб’яўлялі вымовы, саджалі на гаўптвахту. Адным словам, мае службовыя справы, мякка кажучы, пакідалі жадаць лепшага.

Потым служба нейкім чынам наладзілася. Напэўна, таму, што з часам я зразумеў: маладым мне войска не пакінуць. Змірыўся, стаў больш паслухмяным, і мяне прынялі кандыдатам у партыю. Заставалася канчатковая інстанцыя — парткамісія дывізіі. Напярэдадні мяне выклікалі ў асобы аддзел, але гутарка толкам не адбылася. Вырашылі вярнуцца да яе пасля парткамісіі. Дапамог Гасподзь Бог.

У красавіку 1947 года з Масквы прыйшоў загад аб расфарміраванні нашай дывізіі. У рэшце рэшт мяне звольнілі ў запас. Пашанцавала. Замест партбілета я атрымаў дэмабілізацыйны ліст і накіраваўся ў Беларусь, у Гродна, дзе працаваў у газеце. Аднак доўга гуляць не атрымалася. У 1949 выклікалі на зборы. Тры месяцы правёў у лагеры каля Гродна. Як звычайна: вучоба, стрэльбы, манеўры. Пасля, бліжэй да восені, вярнуўся ў рэдакцыю, узяў адпачынак. Дагуляць не далі: раптам выклікалі ў ваенкамат, дзе прачыталі загад міністра абароны, згодна з якім праз тры дні мне належала з’явіцца ў Слонім, дзе разгортвалася нейкая дывізія.

У Савецкай Арміі ўласнае жаданне чалавека нікога не цікавіла. Пачыналася «халодная вайна», камуністы заўсёды ўмелі знайсці сабе ворага. У хуткім часе я апынуўся на Далёкім Усходзе. Курылы. Сахалін.

Праз некалькі гадоў зноў было скарачэнне. Хрушчоўскае. І зноў са мной ніхто не гаварыў, не раіўся.

Людзі савецкай сістэмы ніколі не належалі самі сабе. Я не хацеў служыць ніводнага дня, амаль што месяц пісаў рапарты. Аднак далей за камандзіра палка яны не даходзілі.

Толькі аднойчы здолеў-такі прабіцца вышэй. Памятаю, зімой былі выбары ў Вярхоўны Савет, і кандыдатам ад Далёкага Усходу вылучылі самога міністра абароны Маршала Савецкага Саюза Маліноўскага. Зразумелая справа — выбралі. А я, як выбаршчык дэпутата, напісаў яму ліст, дзе ў чарговы раз прасіў аб дэмабілізацыі. Адказ чакаў восем тыдняў. І вось аднойчы мяне выклікаюць у штаб дывізіі. Ад нашага палка да штаба трэба было ісці пяць кіламетраў уздоўж чыгуначнага палатна. Мароз пад трыццаць, завея, вецер у твар, а я ляцеў як на крылах, спадзяваўся…

Але… Начальнік аддзела кадраў стальным голасам астудзіў той запал, які не здолеў астудзіць мароз: міністр абароны даручыў нагадаць, што «служба в армии — есть священный долг каждого гражданина». Маўляў, ганарыся: табе даверана «крепить обороноспособность нашей Родины». Я адказаў: «Слушаюсь», павярнуўся і пайшоў у «забягалаўку», пасумаваў і пацягнуўся назад праз снег і цемру выконваць «священный долг».

Па замене з Далёкага Усходу мяне накіравалі ў Беларусь, у артполк Лапічаў. А напрыканцы года Мікіта Хрушчоў пачаў першае скарачэнне.

Творчы лёс

 Шчыра кажучы, у пісьменнікі я не збіраўся. У гады маёй маладосці літаратура не з’яўлялася той сферай дзейнасці, дзе было б магчымым нейкае сумленнае самавыяўленне. Тады патрабавалася пісаць пэўныя творы, іграць пэўную ролю, высвятляць пэўным чынам пэўныя тэмы. Да ўсяго гэтага я не дастасаваўся ні светапоглядам, ні выхаваннем.

Але пасля ў грамадстве адбыліся значныя змены, звязаныя з XX і XXII партыйнымі з’ездамі. Так, ва ўсякім выпадку, прынята лічыць у нашай навейшай гісторыі. З’явіліся нейкія магчымасці (у тым ліку і на Беларусі) больш праўдзіва адлюстроўваць грамадскае жыццё ў мастацтве, у літаратуры.

Мае першыя апавяданні былі надрукаваны ў «Вожыку» і ўяўлялі сабой, хутчэй, не гумар, а сатыру. Безумоўна, сатыру не на фундаментальныя рэчы жыцця грамадства, а на асобныя прыватнасці, як гэта тады было дазволена. Пазней бібліятэка «Вожыка» выдала тое асобнай кніжачкай.

Тады ж была надрукавана і аповесць «Жураўліны крык». У маю свядомасць вярнулася тэма вайны. Той вайны, што была мной пражыта вельмі востра, бо ў юнацкім узросце, як звычайна, усё перажываецца асабліва востра. А самае галоўнае, што паспрыяла далейшай творчасці, — мая чыста палемічная настроенасць. У пасляваенныя гады я не толькі не пісаў, але і чытаць не хацеў напісанае пра вайну. Канцэпцыя тады панавала прымітыўная: гераізм, барацьба з захопнікамі, кіруючая роля партыі. У літаратурным сэнсе гэта было мала цікава, а галоўнае — ніяк не ўпісвалася ў рамкі майго жыццёвага вопыту і праўды. Я бачыў іншую вайну.

А тут здавалася, што з’явілася магчымасць пісаць рэалістычна. Дарэчы, сацрэалізм заўжды менавіта да гэтага і заклікаў, але на самой справе баяўся рэалістычнасці. У той жа час з’явіліся творы маіх равеснікаў, расійскіх пісьменнікаў-франтавікоў (я маю на ўвазе Бакланава і Бондарава). Крыху раней — Някрасава, якога вельмі хутка прыдушылі. «У акопах Сталінграда» выдалі, а наступныя рэчы былі сустрэты літаральна вар’яцкім супраціўленнем. Калі нешта і друкавалася, то абавязкова з купюрамі і з адпаведнай негатыўнай крытыкай.

З гэтых аўтараў пачалася новая літаратура пра вайну. І на ўзнятай імі хвалі я напісаў «Жураўліны крык», «Трэцюю ракету», «Альпійскую баладу» і… «Мёртвым не баліць». Тут і пачалося. Калі першыя творы мелі вельмі станоўчую крытыку, то з «Мёртвых» усчалася вялікая літаратурная драма. Аповесць выйшла ў «Новом мире» на рускай мове ў 1966 годзе, якраз у той самы момант, калі генсек Брэжнеў пачаў вяртаць у партыйнае і грамадскае жыццё прасталінскія рэцыдывы. Два нумары «Нового мира» з маёй аповесцю выйшлі ў дні работы чарговага з’езда КПСС, і рэакцыя не прымусіла сябе доўга чакаць. Даволі моцна тады папала і мне, і «Новому миру». Спачатку ўзнялася на дыбкі расійская прэса, а потым і беларуская. Пасля былі пленумы, народныя сходы, «пратэсты» грамадзян, і аповесць прыкрылі. Аж да часоў перабудовы.

 Недарэчнасці жыцця

 Так адбылося, што я ледзь не “зрабіўся” мастаком. Нават вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы. Знаёмы дзядзька з суседняй вёскі пасля грамадзянскай вайны прывёз з Сібіры шмат кніг, часопісаў, карцін. У часопісах я прачытаў пра Рэпіна, Каровіна, убачыў рэпрадукцыі іх работ. Спадабалася, паспрабаваў маляваць сам. Не магу сказаць, што мяне лічылі асабліва таленавітым, але ў вучылішча трапіў. У 1940 годзе, якраз калі святкавалі чарговы сталінскі юбілей, студэнтам тэхнікумаў адмянілі стыпендыі, і мне прыйшлося вярнуцца ў родную вёску.

А потым была вайна, якая ўнесла ў палітру майго жыцця зусім іншыя фарбы — крывавыя фарбы сапраўднага пекла. Скончыў другое вучылішча — Саратаўскае пяхотнае. З васьмідзесяці курсантаў, якія вучыліся разам са мной, толькі чацвёра засталіся жывымі.

Мяне, дарэчы, таксама пахавалі — у брацкай магіле ля вёскі Севярынаўка. Па сённяшні дзень там, на Кіраваградчыне, ёсць помнік, на якім сярод іншых выбіта і маё прозвішча. Гэта даволі вядомая гісторыя. У пачатку сорак чацвёртага, дакладней, у студзені, наш батальён вёў бой ля вёскі Севярынаўка. Нямецкія танкі на кукурузным полі «шліфавалі» нашы пазіцыі. Атака іх была нечаканай, адзін мяне ледзь не расплюшчыў. Тракі разарвалі шынель, паранілі мне нагу. Нейкім цудам дабраўся да бліжэйшай вёскі. Размясцілі з дзясяткам параненых у адной хаціне. Ноччу разбудзіў камбат, спытаўся, ці магу хадзіць. Я не мог. Раніцай немцы зноў атакавалі. Пад абстрэлам выпаўз з хаты, байцы дапамаглі ўзлезці на апошнюю фурманку, якая вывозіла раненых. Літаральна на маіх вачах нямецкі танк расстраляў хату, дзе я начаваў. Потым быў шпіталь, я трапіў у іншую часць, а камбат, які не ведаў, што мне пашанцавала выпаўзці са знішчанай хаты, накіраваў родным «пахаванку». Пазней памыліліся і тыя, хто ставіў помнік на брацкай магіле.

Дарэчы, такіх выпадкаў вядома нямала. Баі на Кіраваградчыне падрабязна адлюстраваны ў найбольш аўтабіяграфічнай маёй аповесці «Мёртвым не баліць». Той самай, з якой больш за ўсё здзекавалася партыйная крытыка…

Ад аўтара

 Мы развітваліся, і я запытаўся ў Быкава, у чым, на яго погляд, сэнс чалавечага жыцця? Ён адказаў вельмі проста: “У тым, каб жыць”.

Падрыхтавана да друку 04.09.1996 

%d0%91%d1%8b%d0%ba%d0%b0%d0%b21 %d0%b1%d1%8b%d0%ba%d0%be%d0%b22