Быкоўскі Паўлюк

%d0%91%d1%8b%d0%ba%d0%be%d1%9e%d1%81%d0%ba%d1%96

З кнігі "Інтэрв'ю, якіх не было" 
  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

Працаваў у газетах “Чырвоная змена” і “Свабода”, рэдактарам радыёстанцыі “Крыніца”, кіраўніком музычнага канала “Радыё-2”, супрацоўнічаў з радыёстанцыяй “Юность” (Масква), газетамі “Бізнес&Балтыя” (Рыга), “Лабрыг” (Рыга), “Караван” (Алматы). Друкаваўся ў аналітычным часопісе PRISM, які выдаецца Jamestown Foundation (Вашынгтон).

Уласны карэспандэнт у Мінску праваабарончага тыднёвіка “Экспресс-хроника” (Масква), а таксама харвацкага інфармагенцтва STINA (Сплит). З лістапада 1999 года па травень 2002-га — аўтар і вядучы праграмы на Радыё Рацыя “Кантэкст (Рэфлексіі з нагоды мінулага тыдня)”.

Загадчык аддзела палітыкі тыднёвіка “Беларусы і рынак”.

1

Мне не падабаецца дзяленне на “чэсных” і “нячэсных” журналістаў. На маю думку, такое дзяленне прыдумалі палітыкі. Мне давялося працаваць у дзяржаўных СМІ, з 1995 года працую выключна ў незалежных, але маю сяброў, падтрымліваю кантакты па абодва бакі ўмоўнай “барыкады”. Перакананы, што незалежна ад формы ўласнасці СМІ і там, і там існуюць журналісты і прапагандысты. Але апошняе — гэта іншая прафесія.

Нядаўна мой стары знаёмы, з якім доўга не бачыліся, зрабіў свайго кшталту камплімент: “Не думаў, Паўлюк, што ты захаваешся як журналіст”. Гэты чалавек працаваў на дзяржаўнай службе і з яго званніцы лепш бачны хібы незалежных СМІ. Ён памятаў пра тое, што я калісьці працаваў у Ігара Герменчука ў газеце “Свабода”, і таму чакаў майго ператварэння ў апазіцыйныя журналісты, то бок, калі ісці далей, у маргінала і прапагандыста.

Я заўважыў у адказ, што праца ў Вячаслава Хадасоўскага ў газеце “Белорусский рынок” (з нядаўняга часу — “Белорусы и рынок”) — гэта праца ў якасным СМІ амаль заходняга ўзору, дзе няма месца прапагандзе, але існуе прастора для розных меркаванняў і дыскусій.

Мой сябар пагадзіўся, што дзяржава пакуль не здолела і, хутчэй за ўсё, не здолее стварыць сваю эканамічную газету, бо не хоча дазволіць вольных дыскусій.

2

Праявы слабасці былі, але так было наканавана, што я патрапіў у недзяржаўную прэсу. Мне надта падабалася працаваць у прамым эфіры на радыёстанцыі “Крыніца”, там быў вельмі добры калектыў і цудоўны галоўны рэдактар Алена Сцяпанава. Але прастора для вольных думак на дзяржаўным радыё перад прэзідэнцкімі выбарамі 1994 года раптам знікла, аб’ядналі “Крыніцу” і “Беларускую маладзёжную”, каб пазбавіцца ад іх вальнадумных кіраўнікоў — Алены Сцяпанавай і Жанны Літвіной.

Гэта было моцным выпрабаваннем для нас, тады пераважна маладых журналістаў. Некаторыя ў знак пратэсту звольніліся — такіх было больш сярод супрацоўнікаў “Беларускай маладзёжнай”. Іншыя, і я таксама, разважалі аб тым, што нельга аддаць подлым і хіжым мікрафон падчас прэзідэнцкіх выбараў, і ладзілі неверагодныя акцыі пратэсту ў прамым эфіры. Нам тады забаранілі выкарыстоўваць інфармацыю з незалежных крыніц, у прыватнасці з агенцтва БелаПАН, і мы адмовіліся ўвогуле чытаць навіны — толькі прагноз надвор’я, а замест навін зачытвалі рэзалюцыю свайго рэдакцыйнага сходу…

Потым быў нядоўгі час адлігі, бо напачатку новы рэжым абяцаў волю журналістам. Але ўжо хутка шрубкі пачалі закручваць мацней за тое, што рабіў стары рэжым. Вось так, не зусім па сваёй волі, я мусіў змяніць месца працы з дзяржаўнага на недзяржаўнае і наогул не бачу магчымасці вяртання назад.

Каб захавацца журналістам у дзяржаўных СМІ, зараз прыходзіцца вытрымліваць значна большы ціск у параўнанні з недзяржаўнымі. Іншае пытанне, што заробкі ў недзяржаўных СМІ значна меншыя. Прызнаюся, у мяне быў перыяд, калі я ўсур’ёз думаў пайсці на працу ў адну буйную рэкламную фірму, якую ачольваў і ачольвае мой сябар. Не магу сказаць, што творчасць у гэтым кірунку зусім не маё — гэта была цікавая праца, у некаторых выпадках нават фантастычная, з пункта гледжання рэалізацыі творчых задумак.

Але я паспеў прызвычаіцца, што прафесія дапамагае мне задавальняць цікаўнасць. Таму вырашыў пакуль застацца ў журналістыцы.

3

Мае блізкія паважаюць мой выбар.

4

Я нарадзіўся 29 кастрычніка 1971 года ў Мінску. Лета бавіў у вёсках у бацькоў маіх бацькоў у Лагойскім і Чэрвеньскім раёнах. Адзін з першых успамінаў аб тым, як я іду па баразне паміж вялікімі зялёнымі духмянымі раслінамі, потым мяне знаходзіць нейкі звер. Цяпер я ведаю, што гэты дзіўны лес быў усяго толькі бульбай, а звер — сабакам.

Што тычыцца таго, кім хацеў стаць, то мары тут мяняліся часта. У старшых класах імкнуўся зрабіцца пісьменнікам-фантастам і ледзь не рэалізаваў гэтую ідэю: пазней, калі пасля тэрміновай службы ў войску працаваў у “Чырвонай змене”, уваходзіў у літаб’яднанне “Крыніцы”, якое ачольваў Алесь Масарэнка. Цяпер я рады, што тыя пачатковыя працы не паспеў надрукаваць, бо вельмі добра бачу іх недасканаласць. Зараз пішу ў стол (то бок у кампутар), “когда состарюсь — издам книжонку”.

5 і 6

Падштурхнуў мяне да журналістыкі мой школьны сябра Косця Казлоў, з якім мы і біліся, і сябравалі амаль з першага класа. Ён пачаў наведваць гурток журналістыкі пры рэспубліканскім Палацы піянераў і школьнікаў. Мне таксама падалося гэта цікавым. У той час і “Знамя юности”, і “Чырвоная змена” актыўна працавалі са школьнікамі, з’явілася магчымасць друкавацца не толькі ў дзіцячых, але і ў такіх дарослых выданнях. З “Чырвонай зменай” я пасябраваў болей, нешта пісаў ёй і падчас службы ў войску, а потым гэтая газета сталася маёй першай працай у якасці прафесійнага журналіста.

7

Зараз я працую загадчыкам аддзела палітыкі і сябрам рэдкалегіі тыднёвіка “Белорусы и рынок”.