Чарняўская Юлія

%d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Ёсць катэгорыя людзей, размаўляючы з якімі, не звяртаеш увагу на час. Вядомы культуролаг Юля Чарняўская менавіта з такіх. Мы размаўлялі з ёй амаль пяць гадзін. Высветлілася, што і гэтага мала. Так бывае заўсёды, калі размаўляеш з цікавымі і добрымі людзьмі.

А яшчэ — я зноў пераканаўся: у гэтым жыцці значных поспехаў дабіваюцца толькі тыя, хто шмат працуе і не шкадуе сябе.

Незвычайны радавод

“Канешне, калі нехта стане лічыць, што табе 47, а не 54, гэта будзе вельмі прыемна, аднак я прынцыпова ніколі не скрываю год і дзень сваіх народзінаў – 5 жніўня 1962 года. Я з’явілася на свет у знакамітым радзільным доме “на Валадарцы”.

Калі ў мамы пачаліся “схваткі”, бацькі ўсю ноч сядзелі на кухні кватэры на вуліцы Карла Маркса і травілі анекдоты, а раніцай разам пешку пайшлі ў раддом. Пра тое, каб выклікаць таксі, нават ніхто і не падумаў… Ісці было недалёка, але зрабіць гэта з болем “схватак” вельмі нялёгка…

Мама ў мяне стоік. Яе завуць Аляксандра Рыгораўна, а бацька — Вісарыён Цімафеевіч. Тады проста Саша і Віля. Абое — маладыя ўрачы.

Як расказвалі, я нарадзілася каля дзесяці вечара. Цікава, што праз чвэрць стагоддзя гэтак жа зрабіла мая дачка Жэня. Як спяваюць у адной папулярнай песні — “у тым жа месцы, у тую ж гадзіну”. Толькі я ў жніўні, а яна — 24 лістапада.

Такое вось супадзенне!

Маці паходзіць з даволі своеасаблівай сям’і, у тым сэнсе, што яе бацька меў “звычку” шмат разоў жаніцца і кожнай жонцы пакідаць дзяцей… Пра многіх сваякоў я даведалася толькі ў 48 гадоў праз праграму “Чакай мяне”.

У мяне шмат родных, але, каб нікога не заблытаць, пачну з таго, што пасля заканчэння вайны бабуля па кудзелі апынулася ў Кёнігсбергу, які ў 1946 годзе стаў Калінінградам, і дзе па вядомых прычынах вызвалілася шмат жытла. Туды хутка прыехаў з вайны яе муж, але яны літаральна з парога разышліся.

У Калінінградзе бабуля кіравала дзіцячым домам. Яе звалі Эда, у гонар Эды Габлер з п’есы Ібсэна. Чарняўская – ад яе.

На жаль, у 37 гадоў маладая жанчына памерла ад раку, і мая мама пасля двух гадоў назірання за трагедыяй і клопату паехала паступаць у Смаленск у медінстытут. Аднак, нягледзячы на тое, што раней вучылася на медсястру, не паступіла. Ёй было тады 18 гадоў.

Затое праз год адбылося паступленне ў Мінскі медінстытут, дзе мае бацькі і пазнаёміліся.

Па бацькавай лініі сітуацыя склалася кардынальна інакш.

У дзеда Цімафея Васільевіча было двое братоў і дзве сястры. Ён быў старэйшым. Малодшы Аляксей хутка памёр, а ўсе астатнія пайшлі па жыцці рознымі шляхамі. Барыс прайшоў вайну, стаў ваенным, а дзедава любімая малодшая сястра цётка Тася — настаўніцай.

Яна пражыла доўга, памерла ў 2012 годзе ў роднай вёсцы Езлічы, што на Случчыне. Светлая, добрая працаўніца. Гэта быў апошні чалавек у маім жыцці, які называў дзядулю Цімашком.

Цімафей Васільевіч яшчэ са школы вельмі пісьменна пісаў і на рускай і на беларускай мовах і без праблем паступіў у Бабруйскую прафтэхшколу. У гэты ж час пачаў пісаць вершы, на паэтычнай глебе знайшоў аднадумцаў, і яны сталі друкавацца ў бабруйскай шматтыражцы.

Потым пераезд у Мінск, дзе ў маладога паэта Цімафея Крысько (вядомы псеўданім Віталь Вітка паявіўся ў час вайны, у 1943 годзе) выйшлі дзве першыя кнігі. У 1935 годзе адбылося яго знаёмства з будучай жонкай — Вольгай Рыгораўнай Лерман. Тады многія беларускія пісьменнікі жаніліся з габрэйкамі: Міхась Лынькоў, Мікола Федаровіч, Рыгор Суніца-Лынькоў.

Так пачаўся габрэйскі складнік майго радавода.

Бабуля Вольга была вельмі добрай, з непаўторным этнічным тэмпераментам. Часам гэта выражалася даволі забаўна. Помню, як не раз пасля таго, як доўга ўгаворвала мяне надзець паліто, крычала: “Не, гэтае дзіця мяне загубіць! Не хочаш надзяваць? Ну, і не надзявай. Вось прастудзішся і здохнеш пад плотам, шкадаваць не буду. Куды?! Неадкладна надзень паліто… Не, гэтае дзіця мяне заб’е!”

Парадокс: мой беларускі дзед ставіўся талерантна не толькі да габрэяў, але і да Ізраіля. А вось бабуля вельмі не любіла Ізраіль. Яна казала: “Гэта з-за таго, што яны туды з’язджаюць, да нас тут такая нянавісць”.

Жыццёвыя катаклізмы

Бабуля Вольга, дачка шаўца, пераехала з Гомеля, дзе выступала ў мастацкай самадзейнасці, у Мінск і пайшла ў тэатр працоўнай моладзі “Трам”, адкуль выйшла шмат прафесійных актораў. Яна іграла там характарныя ролі.

Аднойчы ў іх быў нейкі канцэрт. Бабуля выбегла на сцэну і надзвычай эмацыйна пачала чытаць вершы Купалы і Маякоўскага. Вельмі прыгожая, стройная, чорныя кудры.

Як кажуць, дзеда гэта “паразіла”, і ў іх пачаўся раман. У 1936 годзе маладыя пабраліся шлюбам, а ў 1937-м на свет з’явіўся мой бацька. Дзед Цімафей даў яму імя Вісарыён, бо вельмі любіў Бялінскага.

Усё жыццё бацька адчуваў складанасці з імем, якое некаторыя не маглі нават вымавіць. Тое ж самае адчуваю і я, толькі цяпер гаворка ідзе пра імя па бацьку…

У 1939 годзе ў іх нарадзілася дачка Наталля.

Дзед вельмі шчыльна сябраваў з братамі Лыньковымі, з Міхасём і яго малодшым Рыгорам. Вельмі таленавіты быў паэт. Каб яго не блыталі з братам, узяў псеўданім – Рыгор Суніца.

Аднойчы дзед пазнаёміў яго з малодшай (і самай прыгожай) сястрой маёй бабулі (яго жонкі) Геняй. Пачалося каханне, адбыўся шлюб, і хутка нарадзілася дачка Алёнка.

У самым пачатку вайны фашысты расстралялі іх у Старых Дарогах, разам з першай жонкай Міхася Лынькова Ганнай Абрамаўнай і яго сынам Марыкам. Гені было дваццаць, а яе дачцэ Алёнцы – толькі два годзікі…

Я не ў курсе, ведаў альбо не пра гэта Рыгор, бо ён таксама загінуў на фронце ў 1941 годзе.

Аднак вернемся ў перадваенныя часы.

У 1937 годзе дзед быў адказным сакратаром адной з газет, сябраваў з тым, каго потым назвалі “ворагам народа” і “забралі”. На партыйным сходзе дзеда сур’ёзна “прапясочылі” за тое, што не данёс. Звычайна гэта заканчвалася хуткім арыштам.

Мая бабуля заўсёды была “ценем мужа”. Дзед – галоўны, гаспадар, а яна, як і належыць габрэйскай жонцы, “на доме, кухні і дзецях”. Але ў экстрэмальных сітуацыях бабуля імгненна ператваралася ў надзвычай валявую жанчыну і выратоўвала ўсіх. Тады яна цвёрда сказала: “Мы з’язджаем з Мінска і будзем недзе хавацца”.

Так яны апынуліся ў Пухавічах, дзе дзед два гады працаваў вартаўніком мясцовага Дома культуры. Потым (у нашым доме пра гэта ніколі не расказвалі — я даведалася аб усім з дзедавых успамінаў і лістоў) апала была знятая, і нехта ўспомніў пра маладога, таленавітага журналіста.

Дзеда накіравалі ў Беласток, працаваць сакратаром Беластоцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў. Там іх і застала вайна.

Яны хутка паехалі ў Гомель, дзед пабег у ваенкамат, дзе яго “зарубілі па зроку” і адразу ж накіравалі ў Маскву працаваць у беларускіх выданнях. Яны тады размінуліся і сустрэліся толькі напрыканцы вайны…

А бабуля пешшу (з двума маленькімі дзецьмі на руках) пайшла з Гомеля ў Оршу, а потым – дабралася да Смаленска, дзе ёй удалося сесці ў цягнік. Так яна апынулася ў Кургане, у эвакуацыі. Вось цытата з ліста (мова, стыль і арфаграфія з большасці захаваныя) бабулі ад 12.09.44 года:

Пшеничное поле…

Самым страшным этапом для меня было пройти это поле. Обойти его было невозможным, это значило вернуться назад. Нас просто согнала с дороги колонна танков. К нам обращался военный, который кричал в черный рупор: “Сверните граждане с дороги, дайте пройти войскам”. Это продолжалось до самого вечера. Многие ушли в обход. Нас осталось человек 20. Запомнилась мне одна женщина. Она почему-то была в черной шапке железнодорожника, несмотря на жару и пыль, и еще один горбатый парень, он все время плакал. Он первый зашел в поле пшеницы и лег. Мы думали, что он умер. Женщина в шапке подошла к нему, а он спит. Она нам сказала: заночуем в поле. Мы решили заночевать в поле, недалеко от Орши. Эта ночь была тем же страшным днем, с грохотом, страшными криками и воплями, а дети спали крепко. Оршу бомбили утром, но эту часть дороги не бомбили. Когда Виля проснулся, первое, что он сказал: “Какой лес!”, он первый раз видел поле, а пшеница была высокая, выше человеческого роста, и принял поле за лес. Вот этот “лес” пройти с ними было самым трудным, что было в моей жизни. Рука у Вилика еще не окрепла после Белостока, а плестись за мной по полю ему было очень трудно, он попросился на руки. Я ему вру про какое-то дерево, до которого мы скоро дойдем, и я его возьму. Когда я его посадила на плечи, он все время спрашивал о том дереве. Мне даже легче стало, он мне не мешал плачем, только слюни его стекали по моему носу. Сын на плечах, дочь на руках. К халату прикрепила узел, где хранила самый ценный для нас спаситель – пуховое розовое (которое превратилось в серое) одеяло. До сортировочной под Смоленском, со стороны Орши, мы добирались больше 2-х суток с перерывами. Помню, что в какой-то деревне меня и детей кормила старуха и рыжий дядька дал на дорогу хлеба. Я его очень просила поговорить с начальством, чтобы я осталась в деревне, но он сказал, что сами скоро оставляют дом и уходят.

Я опять смешалась с толпой и так до сортировочной…

5 июля (1941 года) на сортировочном вокзале Смоленска нас погрузили в товарный вагон, где яблоку упасть негде было. Недалеко от нас стоял пассажирский поезд, прибывший из Москвы. Мы диву давались и завидовали. Люди были хорошо одеты, дети бегали и жевали печенья, булку, значит, их эвакуировали организовано и дали возможность взять с собой нужное. Нас к тому поезду не допускали, также как их к нашему.

В нашем эшелоне я встретила людей из западных городов: Баранович, Гродно. Они, как и я, вышли голые и босые. Если что и было у меня, я побросала в Орше. Уже на ходу нам бросили несколько булок хлеба и еще что-то, и мы делили уже это когда ехали».

А вось – фрагмент аднаго з лістоў дзядулі 1942 года:

“Помнишь ли ты один из летних вечеров в Пуховичах, когда наши детки уже спали, а мы вышли с тобой и сидели на скамеечке возле клумб, потом долго ходили. Кажется, в этот вечер не было нами ничего особого сказано, но он останется в моей душе на всю жизнь. Я физически ощущаю его. Я всегда, когда о нем вспоминаю, чувствую свежий запах метиолы. Метиола! Почему я пишу о ней, думаю? Потому что я вообще не знал, что есть на свете такой цветок. Это ты открыла его название, его тайну, что он радуется своему счастью только ночью, когда никто не видит. Он тоже похож на нас, мы тоже с тобой никогда не любили показывать, бравировать, щеголять, хвалиться. Вот почему я навсегда запомнил эту ночь. Я тогда не сказал тебе этого, потому что понял все это позже и, может быть, по настоящему – сейчас. Но тогда, в ту ночь, я знал, что ты именно думаешь о том, что и я. Вот мы уже родители, спят наши дети. Но какое счастье любить и понимать, что тебя любят, и нам тоже хотелось, как наивным, беззаботным подросткам, вновь и вновь переживать, перечувствовать юность, которая всегда живет и будет жить в душе человека, как самое заветное – первое счастье. Моя любимая, ты прости мне, что в такой суровый час пишу тебе о своих чувствах, которыми сыт, согрет и обут не будешь. Милая, родная, в этом мое – несчастье. В мирное время писать о войне. Помнишь “Балладу про солдата”? А во время войны жить и радоваться воспоминаниями о метиоле”.

У нашым доме так і не палюбілі «показывать, бравировать, щеголять, хвалиться». Грошы ад ганарараў патрэбныя былі толькі для таго, каб для некага з дзяцей вырашыць нейкае пытанне. Гаспадарку бабуля вяла выключна на дзедаву пенсію.

Усе яго зберажэнні захоўваліся на ашчаднай кніжцы і “зніклі” разам з Савецкім Саюзам. Ён не паслухаў парадаў майго мужа Юры, бо ў нашым доме не прынята было размаўляць на “меркантыльныя” тэмы…

Напэўна, дзед быў вельмі засмучаны гэтым, але выгляду не падаў, бо моцна хвалявацца наконт грошай, на ягоны погляд, было не інтэлігентна. Грошы ўспрымаліся толькі як сродак. Ніколі не як мэта.

Калі на дзень народзінаў дзеда, 16 мая, я дарыла яму агромністы букет бэзу альбо півоняў, кожны раз прыходзілася тлумачыць, што гэта “не панскія замашкі” і каштуе вельмі сціплыя грошы.

Пры гэтым дзед не быў сквапным і ніколі іх не шкадаваў на тэрміновую дапамогу дзецям. Не эканомілі на добрыя фрукты і на паездкі ў Крым, дзе ў Кактэбелі быў Дом творчасці пісьменнікаў СССР і дзе я адчула ўсю прыгажосць шматкультурнасці, атрымала добрую “прышчэпку” ад ваяўнічага фашыствуючага пачатку.

Бабуля цалкам падтрымлівала спартанскі лад жыцця дзеда. Яны жылі эканомна, але калі нейкая рэч куплялася, яна была якасная. Напрыклад, адна і тая ж мэбля ў іх кватэры прастаяла шмат дзесяцігоддзяў, потым яе пераліцавалі і тая стала, як новая.

Яны не любілі ані хрусталю, ні “багемскага шкла”, ні дываноў, ні іншых савецкіх роскашаў, як у некаторых суседзяў. Нічога такога ў нас не было.

Першыя крокі

Увогуле, пра шык у доме на Карла Маркса, 36 не вельмі шмат хто думаў. Галоўным заўсёды было ўтульнае асяроддзе, камфортныя атачэнне, атмасфера. У нашым пад’ездзе жыў толькі адзін нейкі генерал “з боку”, астатнія – пісьменнікі. У кватэры пад намі жылі Клімковічы, над – Гілевічы, насупраць іх – Навуменкі, насупраць нас – “Глебчыха” з дачкой Ларысай, мужам і двума сынамі. А вышэй (час ад часу змяняючы адзін аднаго) – Шамякіны, Скрыганы, Брылі і дзядзька Уладзя Караткевіч, якога я любіла больш за ўсіх. У суседнім пад’ездзе жыў Янка Маўр.

Побач — сябар дзеда Усевалад Краўчанка, які пры таемных абставінах пайшоў з жыцця ў Парыжы, калі абодва знаходзіліся ў творчай камандзіроўцы. Дачка Краўчанкі Вольга і сёння спрабуе разгадаць гэтую тайну. Тады ёй быў годзік, а мне – тры месяцы. Тату яна не памятае… Вось дзе трагедыя.

Дарэчы, калі ў вядомым доме на Карла Маркса, 38 знаходзілася ЦК КПБ, ніхто там нікога не лавіў і ні за кім не сачыў… Нават можна было наўпрост хадзіць праз іх газон… Я так бегала на філфак…

А тады, у 1963 годзе дзядуля прыехаў з Парыжа ўзрушаны. Зайшоў у пакой маіх бацькоў і ў пераносным сэнсе адтуль не выйшаў, бо палюбіў мяне на ўсё жыццё. Нават, калі пачаліся “цяжкасці пераходнага ўзросту”…

З тых часоў ён праводзіў са мной гадзіны напралёт. Літаральна забіраў і нёс у свой пакой. Маці нават крыўдзілася, што аддаваў ёй дзіця толькі, каб пакарміць…

Бацька скончыў медычны інстытут на год раней за маці, бо тая ў сувязі з маім нараджэннем брала “акадэмку”. Яго размеркавалі ў горад Завіцінск. Гэта чыгуначная станцыя Завітая, што паміж Чытой і Благавешчанскам, Амурскі край.

Дзіцячыя ўспаміны таго часу вельмі сціплыя.

Памятаю: горы вугалю, шмат гасцей у нашым доме, бо туды размеркавалі шмат маладых дактароў, бацька на плячах нясе мяне з дзіцячага садка і спявае франтавую песню пра агарачак свечкі. Я і сёння яе люблю.

Потым ён неяк успамінаў: “Аднойчы я затрымаўся на прыёме ў паліклініцы, і, як заўсёды, Юльку на маю работу прывяла з дзіцячага садка выхавальніца — добрая душа. На двары было слотна і гідка, цямнела. Я ўзгрувасціў дачку на плечы і пабег дадому. Каля аднаго двара мяне спыніла пажылая балбатлівая пацыентка, я спусціў Юльку на зямлю і загаварыў з ёй. Раптам мы пачулі радасны Юльчын голас:
— Тата, глядзі, ён мяне не баіцца!
Я паглядзеў і ледзь не сеў у лужыну: Юлька пралезла ў дзірку плота, падышла да велізарнага ланцуговага сабакі, лупіць яго па мордзе кулачкамі і вельмі задаволеная. Сабака адварочваецца і віляе хвастом, не выяўляючы ніякай агрэсіі. Удваіх з жанчынай мы адцягнулі сабаку і выцягнулі незадаволеную Юльку”.

Я вельмі люблю жывёл. Нават кніжку напісала “Хлопчык і сабака”. Чаму я тады яго лупіла? Можа, гладзіла? Аднак на гэта адказаць ужо няма каму…

Так атрымалася, што мясцовы клімат мне “не пайшоў”. Пастаянныя ангіны і ўрэшце рэўматызм сталі прычынай таго, што мяне ў трохгадовым узросце прыйшлося адвезці ў Беларусь. А бацькі вярнуліся ў Завіцінск адпрацоўваць размеркаванне.

Да дзевяці гадоў я жыла ў дзеда Цімафея і бабулі Вольгі. Вывучыла напамяць процьму вершаў на беларускай і рускай мове і нават цалкам “Казку пра цара Салтана”, каб паказаць сваім бацькам, калі яны вернуцца, якая харошая ў іх расце дачка.

Канешне, у гэтым заслуга перш за ўсё дзеда, бо літаратура, пісьменніцкае асяроддзе для мяне было нечым натуральным. Як паветра, напрыклад.

Першыя вершы Барыса Пастэрнака, якога ён вельмі любіў, я пачула ў тры гады і памятаю па наш дзень.

Дзед пастаянна знаходзіўся побач, нават браў мяне з сабой на работу. А кожны дзень у парку, якому потым прысвоілі імя Янкі Купалы, у любую пару года адбываліся своеасаблівыя пісьменніцкія праменады. Па набярэжнай ракі Свіслач прагульваліся зоркі беларускай літаратуры (адны мужчыны) і маленькая дзяўчынка, якую трымаў за руку дзіцячы пісьменнік Віталь Вітка.

Ён сапраўды быў ДЗІЦЯЧЫМ.

Кожны дзень яму прыходзілі дзясяткі лістоў ад дзяцей. І на кожны з іх дзед адказваў асабіста. Бывала, на дзіцячыя лісты ён адказваў хутчэй, чым на пошту знаных вучоных.

А яшчэ для яго было нормай напісаць спачатку чарнавік ліста і толькі потым зрабіць чыставік. Гэта норма датычылася ўсіх і дзяўчынкі з нейкай малой вёскі, і знакамітага акадэміка Зміцера Ліхачова.

Выбар шляху

Калі вярнуліся мае бацькі, яны ўбачылі, што ў іх вырасла дачка з абвостраным пачуццём справядлівасці і спагады да чужой бяды. Нешта ад грынаўскай Асоль. Нешта ад герояў Дзікенса.

Напрыклад, я магла заплакаць перад сном ад таго, што “галадаюць дзеці Мазамбіка”, і бабулі прыходзілася супакойваць тым, што так адбываецца далёка не паўсюды, што мы абавязкова дашлем ім пасылку.

Па прыездзе бацькі вельмі хутка пачалі разводзіцца. Калі гэта адбылося, маці паспрабавала забраць мяне на здымную кватэру, але высветлілася, што гэта вельмі складана (яе праца на паўтары стаўкі і мае частыя хваробы кепска суадносіліся), і ёй прыйшлося вярнуць дачку да дзеда з бабуляй.

Зразумела, што там жыў і мой бацька. Ён, канешне ж, мяне любіў, аднак у той час быў цалкам “захоплены” напісаннем сваёй дысертацыі і, як я разумею цяпер, ратаваннем свайго сэрца: ён вельмі кахаў маму. Тады на мяне ў яго банальна не хапала часу і душэўных сіл.

Пасля таго, як мэта была дасягнутая, дысертацыя абароненая, ён ні з кім не стаў змагацца за “месца пад сонцам”, а з Інстытута траўматалогіі і артапедыі пайшоў працаваць у звычайную паліклініку да дзяцей, якіх выдатна лячыў. Ён вельмі любіў сваю працу. Ёсць нават запіскі пра яго пацыентаў. Напрыклад, такая:

“У трохгадовага хлопчыка пасля прыёму маці спытала:
— Што трэба сказаць доктару?
Малыш моўчкі працягнуў мне надкусаную цукерку «Мішка на Поўначы».
Гэта было найлепшым падарункам для мяне ў маім жыцці”.

Гэта быў тыповы ідэаліст-шасцідзясятнік, які ніколі за сваю работу не браў “удзячнасці”. Нават каробкі цукерак альбо бутэлькі каньяку… Вось, можа, толькі гэтую цукерку…

Зноў ажаніўся ён толькі праз дзесяць гадоў. Яго новая жонка толькі на 16 гадоў за мяне старэйшая, таму больш успрымалася, як сястра, і моцна паспрыяла майму збліжэнню з бацькам. На жаль, пражыў ён зусім не шмат, у 72 гады сышоў ад цяжкай формы дыябету.

Як мае быць, у сем гадоў я пайшла ў школу №2 і адвучылася там два класы. Потым яе расфарміравалі, і працягваць вучобу я была павінна ў чацвёртай школе, аднак тут мама атрымала кватэру і забрала мяне ў Серабранку.

Надышлі цяжкія часы. Раён толькі-толькі будаваўся. Школы раслі, як грыбы пасля дажджу, і таму вучні ўвесь час мяняліся. Да таго ж “кантынгент” вучняў там быў зусім не такі, як у цэнтры горада. Добрая настаўніца літаратуры, Марыя Міхайлаўна Субач, раіла: “Будзь прасцей”. “Быць прасцей” не атрымлівалася, таму з большасці мяне банальна “травілі”.

Цяпер я разумею, чаму так атрымлівалася. Я для іх была чужая. Я не разумела – за што: я заўсёды дзялілася і не драла ні перад кім носа. Але я проста была – “не наша”. Гаварыла доўгімі сказамі, пісала вершы, з трэцяга класа друкавалася ў газетах.

Ужо з дзевяці гадоў я збіралася паступаць на журфак і мела шмат публікацый у “Зорцы”, “Знамени юности”, “Парусе”, “Комсомольской правде”. Але паступіла на філфак. На журфаку ж была нейкі час толькі ў якасці выкладчыцы.

У мамы не было дзіцячай бібліятэкі. Толькі дарослая. Яе я і чытала. Напрыклад, у 9 гадоў я ўжо прачытала Рэмарка.

З кнігамі тады і значна пазней было вельмі цяжка. Акрамя самвыдату мне нешта трапляла з “тамвыдату”. Успаміны Надзеі Якаўлеўны Мандэльштам праз мяжу знаёмыя правезлі, прабачце, у трусах.

Увогуле, з кнігамі адбываліся “дзіўныя” рэчы. Некаторыя з іх траплялі ў Мінск “праездам”.

Памятаю, у 12 гадзін ночы прывезлі Платонава. Я прыехала на вакзал грамадскім транспартам, забрала. А аддаваць кнігу трэба было ўжо праз чатыры гадзіны, у гэты час яе зноў вывозілі на іншым цягніку. Прыйшлося ісці пешшу.

Ноч. Мінск. Дзяўчыне 18 гадоў. Ідзе – а душа пяе! Я прачытала “Катлаван”! Аднак гэта было ўжо пазней.

У час жыцця ў Серабранцы ў маім жыцці было два вялікія шчасці.

Першае звязана са студыяй Васілія Фёдаравіча Сумярава, куды я трапіла, таму што крыху малявала тушам.

Другім шчасцем быў Дом творчасці беларускіх пісьменнікаў у Каралішавічах.

Там мяне паважалі і любілі. І там, і там я была “сваёй”.

У старэйшых класах мы з Серабранкі зноў пераехалі ў цэнтр горада, і я пайшла ў 19-ю школу. Больш праблем з аднакласнікамі не было.

Шлях у сучаснае

Пра тое, чаму ўрэшце я трапіла не на журфак, а на філфак – асобная гісторыя. Зараз проста канстатую толькі факт — восенню 1979 года я стала студэнткай філалагічнага факультэта БДУ. Скажу шчыра, што, нягледзячы на тое, што вучылася я добра, я была не самай узорнай студэнткай і бывала там даволі мала.

Наступствы даволі цяжкіх дзіцячых хвароб яшчэ адбіваліся, яны дазвалялі вольнае наведванне лекцый, і я ім карысталася напоўніцу. Хадзіла толькі туды, дзе мне было цікава, а большасць экзаменаў здавала экстэрнам.

У мяне было сваё асяроддзе.

Перш за ўсё — аўтарская песня. Спачатку — клуб “Купалінка”, які хутка разваліўся. Потым кватэра знакамітай дысідэнткі Надзі Круп, удавы барда Арыка Крупа; затым мы напаўпадпольна збіраліся ў нейкім падвальчыку на вуліцы Альшэўскага – спявалі, чыталі вершы, сумесна працавалі над словам.

Дарэчы, голас у мяне быў, хоць і не самы моцны, але прыгожы. На ўсіх фестывалях я не заставалася без прызоў. Часцей за ўсё імі адзначаліся тэксты маіх песняў і сімпатыі слухачоў.

На другім курсе філфака я першы раз “выскачыла замуж”.

Міша вучыўся ў Наргасе, які тады не быў прэстыжнай ВНУ. Наадварот.

Ён шмат вандраваў, як звычайны турыст. Захапляўся альпінізмам. Любіў турысцкія песні. Сам не спяваў, слухаў іншых. У адным з паходаў мы і пазнаёміліся. З часам я ўбачыла ў ім сапраўднага мужчыну, джэнтльмена, культурнага, далікатнага, добра выхаванага. Дзед у яго быў прафесар, маці — кандыдат хімічных навук. Цудоўная жанчына!

З Мішам мы пражылі разам чатыры з паловай гады. Потым я ад яго сышла, бо зразумела, што гэта трэба зрабіць. Розныя людзі, розныя захапленні, прыярытэты.

Пасля разводу мы захавалі прыязныя адносіны. Я б нават сказала – сяброўскія.

Парадокс, але свайго другога мужа Юру я паказала менавіта ёй першай, і цётка Таня яго ўхваліла. Мы з ёй сябравалі да самай яе смерці, і хавалі разам з Мішам і яго другой жонкай, Ларысай.

Аднак вернемся да філфака БДУ.

Пасля заканчэння вучобы (1984 год) мяне размеркавалі ў звычайную школу, чаго ўсе астатнія баяліся, і чаму я была надта рада.

Мяне “кінулі” ў 91-ю школу. Яна фактычна месцілася ў цэнтры Мінска, але ўсе іншыя школы таго раёна былі спецыялізаванымі, а яна – не. Таму там вучылася шмат дзяцей з сем’яў, якім было “ўсё роўна”. І дзеці там былі вох якія розныя… Але мне даволі хутка ўдалося наладзіць кантакты з няпростымі вучнямі. У школе я прапрацавала два гады, арганізавала хор, тэатр. Зразумела, гэта многім не спадабалася і мяне банальна “з’елі”. Цкаванне было параўнальным з дзіцячымі гадамі і мне прыйшлося сысці.

Некалькі месяцаў я была беспрацоўнай. Пачалася дэпрэсія. Каб не перарываць працоўны стаж, часова ўладкавалася ў кінатэатр “Перамога”, які чакаў хуткі рамонт. Там я была маладзейшай за ўсіх, і да мяне ставіліся, як да агульнай дачкі. Напрыклад, дырэктар Рыгор Рыгоравіч, калі заўважыў, што я нешта машынальна малюю пад час “пяціхвілінкі”, наступным ранкам паклаў на стол чыстыя аркушы мелаванай паперы і фламастары. Адна супрацоўніца смажыла мне катлеты, другая прапанавала “пагаварыць пра Мандэльштама”…

Вось якраз у гэты час у маім жыцці з’явіўся Юра.

З Юрам мы пазнаёміліся 2 мая 1986 года. Я прыехала ў Львоў з сябрамі на “майскія”. Паехалі ў лес на пікнік пагаманіць, паспяваць. Юра не захапляўся бардаўскай песняй, а ў нашу тусоўку трапіў дзякуючы свайму сябру. Амаль выпадкова.

Ён больш любіў джаз. Што не перашкодзіла яму падысці да мяне і спытаць: “Дзе ты навучылася так пець?”. Гэта і стала нагодай для знаёмства. А потым ён навучыў мяне любіць джаз.

Бацькі Юры збіраліся эмігрыраваць у ЗША, аднак з-за мяне ён адмовіўся ад гэтага, і іх сям’я засталася ў Львове. Калі праз шмат гадоў яго маці памерла, я доўга адчувала віну. Напэўна, у Амерыцы яна б пражыла даўжэй: усё ж такі якасць жыцця і медыцына там непараўнальныя з нашымі…

А тады… Праз тыдзень ён быў ужо ў Мінску. Праз паўтара месяца мы разышліся з Мішам, а яшчэ праз два месяцы я пераехала ў Львоў.

З тых часоў я пачала пакрысе станавіцца сабой – жонкай, маці, выкладчыкам, прафесаркай, стваральніцай артыкулаў і перадач, аўтаркай кніг і п’ес… Але гэта ўжо іншая гісторыя, іншае і доўгае жыццё…

Імгненні лёсу

Калі нехта спытае, якіх людзей у свеце больш — добрых альбо злых, напэўна, я абяру другі эпітэт (можа, няшчасных ці шчаслівых) і дадам, што дабрыні ў свеце менш, але яна стварае значна больш, чым зло. Таму да любой дабрыні трэба ставіцца, як да цуду, і берагчы яе, як адзіную каштоўнасць, якая можа апраўдаць наша жыццё, наш лёс. Асабліва – дабрыні, якая выпадкова праліваецца на нас ад незнаёмцаў. Як срэбны дождж.

27 гадоў я працую настаўніцай – школа, тэхнікум, альтэрнатыўны тэатр, універсітэт. Я бачу дынаміку адносінаў моладзі да жыцця, і яна, шчыра кажучы, крыху засмучае. Не, яны мне падабаюцца. Яны больш вясёлыя, лёгкія, чым мы. На жаль, іх інтэлектуальная планка з кожным годам апускаецца ўсё ніжэй і ніжэй. Але, можа, іх “подзвіг” яшчэ наперадзе?

І потым, справа не толькі ў моладзі, а ў нейкіх канкрэтных персонах. Уладную сістэму стварыў не адзін чалавек, а грамадства. Дакладней, тая яго частка, якая “ўманціравана” ў гэтую сістэму.

Майго дзеда не стала 7 ліпеня 1996 года, практычна праз год пасля сумна вядомага рэферэндуму аб змене нацыянальнай сімволікі. Добра памятаю дзень, калі над будынкам прэзідэнцкай адміністрацыі мяняўся сцяг. Калі я ішла да дзеда, яшчэ лунаў адзін, а вярталася – вісеў іншы.

Дзед напісаў пра гэта верш. І яго імгненна перасталі друкаваць. Больш за тое, калі ён памёр, нават месца на могілках раптам “не стала”, а беларускае тэлебачанне не сказала пра сумную падзею ні слова. Я доўга не магла зразумець прычыну, а потым мне патлумачылі, што яна якраз у тым вершы.

Спрабавалі “прабіць” мемарыяльную дошку на яго доме: усё ж класік дзіцячай беларускай літаратуры, стваральнік першага ў нас дзіцячага часопіса “Вясёлка”, аўтар “Роднага слова”, па якім мове і літаратуры навучаліся некалькі генерацый беларусаў. Але, відаць, памяць пра верш для кагосьці аказалася доўгай і больш значнай. Можа, з нейкага Божага погляду, так і патрэбна: каб памяць пра вершы трымалася столькі гадоў… Але ўсё роўна крыўдна і неяк непрыстойна. Такая дробная помста нябожчыку…

Дзень пахавання дзеда супаў з юбілеем Уладзіміра Някляева, які тады быў абласканы ўладай. Як бы там не было, я заўсёды буду ўдзячная Уладзіміру Пракопавічу за тое, што ў дзень свайго пяцідзесяцігоддзя ён разам з Васілём Уладзіміравічам Быкавым стаяў ля труны майго дзеда…

У часы юнацтва я часта ездзіла ў Маскву, сустракалася з літаратарамі, чытала ім свае вершы. Аднойчы мне пашанцавала ўсю ноч прагаманіць з Бэлай Ахмадулінай. Мне тады было толькі 16 гадоў, я заканчвала школу, і Бэла Ахатаўна адгаварыла мяне ад паступлення ў літаратурны інстытут.

Уражанне ад яе было неверагодна прыемным. Чароўны, фантастычны чалавек. Галоўная якасць добрай “роковой женщины” — рабіць так, быццам бы для яе, акрамя цябе, нікога ў свеце не існуе. У мяне тады было менавіта такое адчуванне.

Яна звярталася да мяне “на вы”. Другая ў маім жыцці. Першым быў у Кактэбелі Веніямін Аляксандравіч Каверын, з чыімі ўнучкамі Кацяй і Ірышай я сябравала. Мне тады ўвогуле было 14…

Ахмадуліна сказала: “Юлечка, не варта вучыцца ў літінстытуце. Я вучылася. Вас там толькі сапсуюць… Паверце, Вам гэта не трэба…”

…Са Святланай Аляксандраўнай Алексіевіч мы знаёмыя вельмі даўно, яшчэ з тых часоў, калі яна не магла надрукаваць сваю знакамітую “У вайны не жаночы твар”, і з гэтай нагоды з ёй сустракаўся мой дзед. Ён заўсёды ахвотна дапамагаў маладым творцам. У нас былі першыя кнігі Законнікава, Някляева, Разанава, і вось сярод іх з’явіўся рукапіс, які прынесла маладая, сціпла адзетая журналістка. Я тады для яе стала Юляй, яна для мяне – Светай.

Дзеду рукапіс вельмі спадабаўся. Памятаю, як ён тады сказаў: “Света — падзвіжніца”.

Потым яна стала вядомай пісьменніцай, потым знакамітай, потым яе пачалі перакладаць на іншыя мовы. А наша знаёмства ўзяло паўзу на некалькі дзесяцігоддзяў.

Ведаеце, я не вельмі ўмею камунікаваць са знакамітасцямі. Мне няёмка навязваць сябе людзям, якія дасягнулі пэўных вяршыняў. Тым больш, я ніколі не буду выкарыстоўваць асабістае знаёмства ў нейкіх сваіх мэтах.

Другі “этап” нашага знаёмства адбыўся, калі TUT.BY існаваў ужо дзевяць гадоў і займеў сваё тэлебачанне. Я вяла перадачу “Без адказаў”. Гэта была студыйная перадача. Напярэдадні я сустракалася з кожным яе ўдзельнікам. Размаўляла, рыхтавалася да наўпроставага эфіру сама і рыхтавала іншых.

Чарговы выпуск быў прысвечаны інтэлігенцыі. Маўляў, патрэбна яна для Беларусі або не? Адразу вырашыла, што адным будзе Валянцін Акудовіч. Юрый Дракахруст параіў мне Святлану Алексіевіч, якая на той час была ў Мінску. Патэлефанавала, прадставілася, сказала, пра што будзе праграма. Святлана Аляксандраўна згадзілася. Мы дамовіліся, што я заеду па яе на таксі. І тады нечакана для мяне яна пазнала ўва мне, дарослай жанчыне, тую самую дзяўчынку, унучку Віталя Віткі.

Гэта я да таго, што каштоўнасць кожнага з нас не вырашаецца тым, з кім мы сябруем, альбо нашымі сваякамі.

Жонка TUT.BY

І яшчэ крыху пра каханне. Але не толькі пра яго. Вернемся зноў у 1986-ы. Юра браў мяне “зморам”, бо пераходзіць з аднаго замужжа ў другое надта не хацелася. Няёмка было, неяк непрыгожа. Каб было больш зразумела, трэба азначыць: у тыя часы блізкія адносіны не пачыналіся адразу.

Па непрыемных этнічных абставінах Юра працягваў сваю львоўскую вучобу ў Ленінградзе і ў час чарговай паездкі на сесію на некалькі дзён прыехаў у Мінск і спыніўся ў нашага сябра Вадзіма Казначэева.

Дарэчы, менавіта з ім праз некалькі гадоў у Маскве я трапіла на разагнаны пікет Валерыі Навадворскай, і мы разам – Валерыя Ільінічна, Вадзім і я – спрабавалі спыніць міліцэйскую “газель”, куды запіхнулі актывістаў Дэмакратычнага Саюза. Нічога на выйшла, але дубінкай па нырках атрымала. Я ж з тых, хто вечна набярэ сабе клопату на галаву.

Ну вось, пасяліўся ў Вадзіма і пачаў мяне ўгаворваць. І ўгаварыў… на летні адпачынак прыехаць у Львоў. Там высветлілася, што я ўжо ўладкавана на работу адразу ў два тэхнікумы, што для нас зняты пакой у невялікай кватэры, што мяне кахаюць больш за жыццё. Так і выйшла, што той “летні адпачынак” цягнецца трыццаць другі год…

У Львове Юра быў жывой легендай толькі-толькі ўзнікаючай IT-сферы. Пра яго геніяльнасць ведалі амаль усе, а выкладчыкі пачыналі дрыжаць, калі на занятках ён падымаў руку для пытання.

Нягледзячы на гэта, ён ставіўся да мяне, як да нейкай іконы. Для яго мае вершы былі значна вышэй за новыя тэхналогіі. Я чытала, прыкладна так ставіўся акадэмік Андрэй Дзмітрыевіч Сахараў да сваёй жонкі Алены Мікалаеўны Бонэр. “Што – я, вось Люся колькі вершаў ведае”, – так ён казаў.

Львоў – цудоўны горад. У мяне там было шмат сяброў па аўтарскай песні. Мне было там добра. Але такога антысемітызму, як у тым савецкім Львове, я не бачыла нідзе… Я не магла чуць, як абражаюць майго мужа… проста нават на вуліцы, ці суседзі. Мне ўсё больш хацелася ў Мінск, і праз год мы вярнуліся — ён, я і дачка Жэня ў маім жываце.

Як сказаў тады Юра, у Беларусі ён трапіў у рай, бо “жыдоўскай мордай” тут амаль не называлі.

Але тут ужо мне прыйшлося сутыкнуцца з другой хібай – непрадуманай, залішне паспешнай “беларусізацыяй”. Зразумела, мне, выхаванай у шанаванні мовы, сама па сабе гэтая плынь падабалася, я нават у БНФ збіралася, таму што Курапаты і іншыя рэчы такога жудаснага кшталту, як попел Клааса, “білі мяне ў сэрца”. І дачку мы аддалі ў беларускамоўны дзіцячы садок. Бяда ў тым, што насамрэч выхавацелькі мовы не ведалі, апроч “добрай раніцы” і “да пабачэння”. Тады гэта рабілася для “галачкі”! Як праз некалькі гадоў – дзеля “той жа галачкі” зусім адваротнае. У нас у краіне і тады, і цяпер шмат чаго даводзіцца да абсурду. Тады мне, напрыклад, прапанавалі змяніць тэму кандыдацкай дысертацыі. Я хацела працягнуць тэму ўніверсітэцкай дыпломнай работы “Уплыў Чэхава на заходні тэатр абсурду”, а мне параілі змяніць Чэхава на Кандрата Крапіву, бо “Чэхаў не наш”…

Вось цяперашняя беларусізацыя, якая ідзе павольна, натуральна, сіламі і энергіяй супольнасці, інтэлектуальнай часткі грамадства — яна зусім іншага кшталту. Калі б такое было тады, то сёння ў нас было б фактычнае, а не юрыдычнае двухмоўе…

Слава Богу, такіх выпадкаў было не шмат, але яны былі.

Вяртанне ў Мінск суправаджалася не толькі падобнымі казусамі.

Жэня нарадзілася вельмі хваравітым дзіцем, а аднойчы і ўвогуле ледзь не памерла, пра што, дарэчы, ёсць фрагмент у кнізе Святланы Алексіевіч “Час сэканд хэнд”. Спачатку працаваць я не магла па гэтай прычыне, потым па прычыне, якая ўжо абазначана.

Зразумела, пераход на беларускія арыенціры для ўнучкі вядомага беларускага пісьменніка быў бы беспраблемным, але ён не адбыўся зусім не з нейкіх “прынцыпаў”. Мне не хацелася кан’юнктуры, тады мяне цікавілі тэмы, якія знаходзяцца НАД этнічнымі нюансамі. Калі б я тады ведала, што этнічнай тэме, у прыватнасці беларускай этнічнасці, я аддам дваццаць гадоў жыцця – я б вельмі здзівілася. Але ўсё здарылася менавіта такім чынам.

Першыя сем гадоў жыцця дачкі я выкладала вельмі мала. Той, хто ведае, што такое “ліхія дзевяностыя”, добра памятае, як тады жылі людзі. Мы былі такім ж беднымі, як усе. Здымалі “хрушчоўку” на Залатой Горцы, з якой нас перыядычна спрабавалі выгнаць, але абмяжоўваліся пад’ёмам платы. Муж працаваў у Бараўлянах праграмістам, атрымліваў 160 руб., плюс мае 35 руб. “дэкрэтных”, мінус 45 руб. аплаты за жытло… Каляска, магазіны, купоны… Адно слова – галеча…

Потым Юра “вахтавым метадам” уладкаваўся працаваць на Поўнач, у кааператыў горада Лангепаса, што знаходзіцца ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе. Гэта Цюменская вобласць, недалёка ад Ніжнявартаўска.

Ён з’язджаў на паўгода. Я заставалася з дзіцем адна. Хапалася за любую работу. Памятаю, клеіла аплікатуры для векаў, распісвала месцы на канцэртных квітках (тады гэта рабілі ўручную) і г.д. Але па начах пачала пісаць прозу. Вельмі хацелася пісаць! Прычым, пра дзяцінства і юнацтва.

Майго заробку не хапала нават на ежу, аднак Юра, слава Богу, пачаў нармальна зарабляць, і праз два гады (з матэрыяльнай дапамогай усіх сваякоў) мы купілі першую асабістую кватэру. Заводскі раён, вуліца Васняцова, 42 квадратныя метры, “распашонка”.

Але мы здаваліся сабе багачамі. Таму давалі прытулак шмат каму: тым, каму было горш за нас. Хто там толькі не жыў… Некаторыя гадамі… Кім Хадзееў кожны тыдзень прападаў у нас з пятніцы па панядзелак, і я кожны раз старалася да гэтай сустрэчы нешта напісаць, каб было, што абмяркоўваць. Я ведала: да пятніцы трэба як мінімум 20 старонак тэксту, з якім мы маглі працаваць. І пры гэтым я чытала лекцыі, вяла семінары, шмат студэнтаў тады хадзіла да нас у госці – дыскутавалі, абмяркоўвалі кіно і кнігі, пелі песні, разважалі наконт нейкіх экзістэнцыяльных пытанняў… Было хораша і весела. Час надзей.

Як кажуць, жыццё пачало наладжвацца.

Дачка падрасла, я ўладкавалася на пастаянную работу ў Інстытут сучасных ведаў, мы нават пачалі ездзіць адпачываць у Палангу, Крым альбо ў Балгарыю ў танны пансіянат, і ў гэты момант фірма мужа “Надзейныя праграмы” збанкруцілася.

У пэўным сэнсе “Надзейныя праграмы” — няўдалы папярэднік партала TUT.BY. Узнікла гэтая ідэя ў Лангепасе, дзе, паўтаруся, Юра працаваў у кааператыве, які абслугоўваў мясцовы банк. Паўтаруся таксама, што ён быў геніяльным праграмістам. Чэргі па заробкі ў банках тады расцягваліся на гадзіны, а то і дні. Юра прыдумаў камп’ютарную праграму, якая рабіла ўсе банкаўскія аперацыі за 35 секунд.

Парадокс, але дырэктар кааператыва адмовіўся ад яе распаўсюду, і тады Юра прапанаваў іншым банкам сваю распрацоўку. Урэшце рэшт, амаль траціна банкаўскіх устаноў былога Савецкага Саюза пагадзілася на інавацыю.

Фірма, якая пачыналася з маленькага пакоя нашай “распашонкі”, дзе сядзеў камтуршчык Дзіма, а Юра са сваёй “персаналкай” сыходзіў да маіх дзядулі і бабулі. Фірма, дзе, акрамя іх дваіх, быў яшчэ бухгалтар – дастаткова хутка ператварылася ў калектыў з пяцідзесяці супрацоўнікаў.

У 1996-м усё гэта рухнула з пачаткам банкаўскага крызісу. Жыццё зноў ператварылася ў паўтара года пекла.

Мы былі вінныя ўсім. Здавалася, усё вакол складаецца толькі з пазыкаў. Людзі не могуць працаваць без заробкаў, і фірма зноў “скукожылася” да некалькіх чалавек.

Я круцілася, як магла. Працавала ў дзвюх ВНУ, раз на тыдзень выкладала ў школе, пісала артыкулы для часопіса “Здароўе і поспех”. А ўлетку займалася звычайным каміваяжорствам, гандлявала касметыкай Swiss Formula.

Наколькі гэта прыніжае чалавека, зразумее кожны, хто на дзвярах розных фірмаў бачыў надпіс “Гандлёвым агентам уваход забаронены”…

Потым нам пашанцавала, нечакана паступіў заказ, які пакрыў усе запазычанасці. А праз некалькі гадоў узнікла ідэя стварэння TUT.BY.

Калі парталу споўнілася два гады і мы “выйшлі на самаакупнасць”, журналісты пачалі пытацца пра стартавы капітал. Зразумела, яны намякалі на нейкія гранты. На самай жа справе гэта былі грошы, сабраныя на набыццё большай кватэры. Юра ўклаў іх у новую справу, і мы яшчэ сем гадоў жылі ў “распашонцы”…

Я была не супраць ні хвіліны, хоць, шчыра кажучы, не верыла ў тое, што беларуская электронная пошта будзе камусьці патрэбная. Ужо былі і Yahoo, і mail.ru, і г.д. Але ж тыя грошы зарабіў менавіта мой муж, і ён меў права карыстацца імі, як заўгодна.

Удалую назву TUT.BY прыдумаў мой сябра Мікола Раманоўскі – рэдактар, перакладчык і паэт, унук нашага класіка Кузьмы Чорнага.

Вось такім складаным шляхам мы ішлі…

На мой погляд, жанчына не павінна станавіцца вядомай проста як “другая палова” свайго мужа. Адна знаёмая мяне некалі цікава прадставіла свайму спадарожніку. Кажа: “А гэта жонка TUT.BY”. Быць “жонкай шэфа” мне заўсёды было і будзе агідна. Таму я доўга і свядома дыстанцыянавалася ад партала, займаючыся сваімі справамі: кнігамі, п’есамі, артыкуламі, дысертацыямі, выкладаннем. А цяпер і літаратурным клубам GRAPHO. На партале я пачала паяўляцца, калі ён існаваў ужо дзевяць гадоў. Я там мала каго ведаю. Пішу артыкулы, дасылаю рэдактару. Калі рабіла перадачы – з’яўлялася менавіта на іх.

Даволі часта пытаюцца, навошта мне ўсё гэта трэба, навошта пры такім загрузе “за капейкі” выкладаць ва Універсітэце культуры?

Адказваю – мне цікава быць патрэбнай. Упэўнена, наша краіна падымецца не дзякуючы нейкім апазіцыйным асобам, а дзякуючы ўсёй грамадзянскай супольнасці. Яна ўжо ёсць. Існуе сярод тых, хто займаецца дабрачыннасцю, хто адважваецца на стартапы, рызыку і г.д. Мне падабаецца дапамагаць такім людзям, быць ім карыснай. Падабаецца быць мостам паміж АСОБАМІ, плакаць з-за “галодных дзяцей Мазамбіка”. Гэта мой лёс.”

Замест пасляслоўя

Калі развітваліся, высветлілася, што за час такой доўгай размовы мы не закранулі тэмы яе творчых поспехаў. Пажартавалі, што будзе нагода для новай сустрэчы. І мне чамусьці ўспомніўся адзін яе ўспамін.

Нядаўна Юля Чарняўская АСАБІСТА папрасіла прабачэння ў тых, каго некалі пакрыўдзіла. Нават у дзяцінстве. А калі некага не змагла знайсці, то дала зарок — ніколі гэтага не рабіць у будучыні. Так можа зрабіць толькі па-сапраўднаму ІНТЭЛІГЕНТНЫ чалавек. І вельмі НЕАРДЫНАРНЫ!

18.06.2017

1-%d0%94%d0%97%d0%af%d0%a6%d0%86%d0%9d%d0%a1%d0%a2%d0%92%d0%90 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-1 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-2 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-3 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-4 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-5 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-6 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-7 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-8 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-9 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-11 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-10 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-12 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-13 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-14 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-15 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-16 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-17 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-18 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-19 %d0%a7%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%af%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%90%d0%af-20