Дашкевіч Зміцер

%d0%b4%d0%b0%d1%88%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d1%96%d1%87

З кнігі "Будзіцелі"

 Даведка: Зміцер Дашкевіч узначальвае незарэгістраваную арганізацыю “Малады фронт”. 18 сакавіка 2006 года “Малады фронт” прыняў рашэнне аб выхадзе са складу кіруючых  структур Аб’яднаных дэмакратычных сіл, якія не выканалі сваіх абавязкаў,, што многімі было ўспрынятае з вялікай павагай.

– Напэўна, пачалося ўсё ў 1979 годзе, калі мой тата пазнаёміўся з маёй матуляй. Праз два гады нарадзіўся я. Дакладней, 20 ліпеня 1981 года. У  пасведчанні аб нараджэнні напісана, што гэта вёска Кушняры Івацэвічскага раёна Брэсцкай вобласці.

– Вялікая вёска?

– Мо з тысячу жыхароў.  Я там некалькі разоў і быў толькі. Гэта радзіма таты, Вячаслава Уладзіміравіча. А  першыя дзіцячыя ўспаміны звязаны з магаданскім краем. Справа ў тым, што мае бацькі журналісты і іх “насіла” па свеце.  У Беларусь яны прыехалі ў госці да сваякоў. Маці была цяжарнай, таму геаграфічным месцам майго нараджэння сталася вёска Багуцічы, Ельскага раёна, а запісаны я быў па нараджэнні, што дазваляла заканадаўства, на радзіме таты, у вёсцы Кушняры. А потым мы паехалі ў магаданскі край, дзе і пражылі да канца 1986 года. У нейкім сэнсе на Поўначы Расіі я пачаў займацца палітыкай, таму што на пяцігоддзе мне падарылі кніжачку пра Леніна. Яна і цяпер у мяне ёсць у бацькоўскай хаце, што ў Старых Дарогах. Шмат разоў яе чытаў.  Мабыць, марыў стаць Ілічом. Сур’ёзна, я на той час быў кучаравым. Усё сыходзілася.

У Беларусь мы вярнуліся напрыканцы 1986-га. У Старых Дарогах я і скончыў школу. Потым паступіў у Гродзенскі агратэхнічны універсітэт.  Але настолькі быў далёкі ад гэтай сферы, што ўжо праз год напісаў заяву каб зысці. Пасля прыехаў у Мінск.

Хацеў паступаць на журфак. Гены. Мне  падабалася журналістыка, і я, напэўна, бачыў сябе ў гэтым. Аднак пакуль дабраўся да факультэта журналістыкі, паспеў пазнаёміцца з “Маладым фронтам” і далучыўся да іх дзейнасці. Прыйшоў падаваць дакументы ў БДУ ў маладафронтаўскай майцы. Камісія іх нават не прыняла. Яны патрабавалі нейкую даведку, што ў мяне няма… вышэйшай адукацыі.  Хаця ўсім было бачна і зразумела, што ў такія гады я проста не магу яе мець.  Карацей ,  банальна “адфутболілі”. І ўсім абсалютна зразумела, чаму зараз гэта адбываецца амаль усюды, калі браць Беларусь.

Сябра Алег Шэін параіў атрымаць адукацыю ў Літве, дзе я зараз і вучуся. Віленскі дзяржаўны універсітэт на факультэце славістыкі адкрыў беларускае аддзяленне. Там навучаюцца беларусы, якія жывуць у Віленскім краі і прыязджаюць адсюль.  ЕГУ пачаў працаваць у Літве значна пазней.

Для мяне гэта было выйсцем. Гэта цяпер можна вучыцца ў той жа Польшчы, таму што Аляксандр Мілінкевіч падпісаў адпаведнае пагадненне з польскім урадам, і сітуацыя кардынальна змянілася. А раней адначасова займацца грамадскай дзейнасцю і вучыцца ў дзяржаўных вузах было немагчымым. Выганялі за налепкі. Зараз студэнтаў забіраюць з мітынгаў, яны адбываюць на “суткі”, і ўсё абыходзіцца толькі вымовамі. Дзякуй  праграме Каліноўскага. Яе ролю тут перацаніць цяжка.

Рывок атрымаўся даволі відавочны. Моладзі зараз стала значна прасцей, і яна больш ахвотна далучаецца  да дзейнасці грамадскіх арганізацый. Таму што ведае: не здолее атрымаць вышэйшую адукацыю тут, ёсць магчымасць вучыцца ў прэстыжных еўрапейскіх універсітэтах.  І далейшыя перспектывы будуць яшчэ лепшымі.

– Зразумела, што “адсідак” было нямала, але апошняя стала самай вядомай. Нагадайце, калі ласка, яшчэ раз. як усё адбылося?

– Будзе вельмі цяжка, таму даруйце, калі забуду пра нейкія дэталі.   Супраць “Маладога фронту” крымінальную справу ўзбудзілі ў той жа дзень, калі гэта ж зрабілі ў адносінах да Казуліна. 24 красавіка  2006 года. Аб гэтым я ўжо даведаўся ў спецпрыёмніку, з нататак маладафронтаўцаў. Яны закручвалі свае лісты ў цукеркі. Крымінальная справа была супраць мяне, Барыса Гарэцкага, Алега Корбана і Сяржука Лесічонка. Мяне адразу ж дапыталі. У прынцыпе, я ўжо пачаў рыхтавацца да таго, што з Акрэсціна да суда не выйду. Сукамернікі нават падрыхтавалі торбачку з адзеннем і ежай каб, пасля таго, як скончыцца арышт, мог пераехаць у  следчы ізалятар на Валадарку. Аднак гэтага не адбылося. У адрозненне ад таго ж Казуліна.

Наша крымінальная справа то сціхала, то актывізавалася. І так некалькі разоў.  Амаль паўгода.  Бывала, месяц – цішыня, потым – канфіскацыі, допыты, ператрусы, і зноў месяц – цішыня.  Усе мы не былі пад традыцыйнай падпіскай “аб нявыездзе”. Ездзіць было можна, адзінае – заўжды своечасова прыходзіць на допыты. Гэта сведчыць аб тым, што ўлады давалі нам магчымасць выехаць за мяжу. Яны былі б вельмі рады, калі б нехта з нас не вярнуўся ў Беларусь. Але гэтага рабіць ніхто не збіраўся. Усе свой жыццёвы выбар зрабілі асэнсавана, свядома і пераканана.

15 верасня мяне выклікалі на чарговы допыт, сказалі, што гэта будзе кароткі следчы эксперымент, сутнасць якога ў відыёзапісу размовы са мной, таму што я ўвесь час адмаўляўся ад любых паказанняў. Ім як быццам бы трэба  на нешта апірацца, зрабіць экспертызу майго голасу і параўнаць яго з нейкімі “праслушкамі”. Як высветлілася пазней,  гэта было цынічнай хлуснёй. Калі ўсё  зрабілі,  прапанавалі пачакаць. Маўляў, ёсць і яшчэ “фармальнасці”. І паказалі пяць аркушаў, якія былі падпісаны генпракурорам, аб маім арышце. Усё было зроблена, каб псіхалагічна “зламаць”. Па-першае, арышт адбыўся нечакана. Па-другое,  трох астатніх увогуле перасталі лічыць падазронымі.

Абвінавачаным стаў толькі я. Артыкул Крымінальнага кодэкса быў “лёгкім”, бо акрамя арышту прадугледжваў папярэджанне альбо штраф, і звычайна да суда  нікога не накіроўваюць за краты, але са мной яны вырашылі зрабіць па-іншаму. Чаму? Я ўсё прааналізаваў і прыйшоў да высновы: мяне арыштавалі таму, што “Малады фронт” у чарговы раз даволі блізка падышоў да рэгістрацыі.

16 верасня праходзіў “Джынсавы фэст”. На яго прыехалі нашы людзі з усіх беларускіх рэгіёнаў і былі павінны намеціць дату ўстаноўчага з’езда. Маўляў, раз улады патрабуюць рэгістрацыі, зробім яшчэ адну спробу. Але апошнія пачалі дзейнічаць прэвентыўна.

Усе вакол добра разумелі, што адбываецца поўны маразм. Улада нават не спрабавала трымацца нейкай логікі і прыстойнасці. Уявіце! Следчым мне прызначылі цэлага кіраўніка аддзела па асоба важных злачынствах рэспубліканскай пракуратуры. І гэта супраць дзяцей! Уся віна якіх у тым, што яны не падтрымліваюць прэзідэнта, а прапаведуюць нацыянальную ідэю і хрысціянскія прынцыпы, ездзяць па Беларусі, заклікаюць моладзь кінуць курыць, піць,  не ўжываць наркотыкі, думаць пра сваю краіну! Якая тут небяспека?  Навошта намі ў КДБ займаецца аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, тэрарызмам і абаронай канстытуцыйнага ладу, а ў пракуратуры – аддзел па асабліва важных злачынствах? Такія мы страшныя?

Следчы казаў: да ты не хвалюйся, мне  да пенсіі застаўся месяц, таму няма сэнсу хлусіць, усё абыдзецца штрафам.  Цукеркі мне прыносіў. Маўляў, у “Партнёрства” быў напал выбараў, а тут – усё проста.

– Не абышлося…

– Праз месяц майго знаходжання на Валадарцы справу перадалі ў суд. Асудзілі праз тры дні. Пракурор папрасіў максімум – два гады зняволення. А суддзя даў на паўгода менш, матывуючы гэта тым, што я “прызнаў сваю віну”, што няпраўда. Безумоўна, я прызнаваў усе дзеянні, якія мне інкрымінаваліся (сустрэчы, гутаркі, знаёмства з маладафронтцамі), але не бачыў сам факт віны.

Нагадаю, 193 артыкул Крымінальнага кодэкса забараняе дзейнасць арганізацый, якія ўчыняюць нейкі гвалт над асобай. Што цалкам адпавядае нашай Канстытуцыі і міжнародным пагадненням Беларусі. І гэта абсалютна нармальна.

Да 1 студзеня 2006 года быў толькі такі артыкул.  Максімальная адказнасць – да шасці месяцаў арышту.

А надалей пачаў дзейнічаць новы Крымінальны кодэкс. Пакаранні былі пашыраны да двух гадоў і  з’явіўся новы артыкул – 193-1. Падкрэсліваю, не першая частка, а зусім новы, бо журналісты часта блытаюць. Гэты артыкул забараняў дзейнасць абсалютна ўсіх арганізацый, якія не прайшлі сіта рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі альбо былі ім забаронены. Па сутнасці, судзіць можна было нават тых, хто без дазволу займаецца, скажам, аховай птушак.

Але галоўная мішэнь была зусім іншай. Яе дэклараваў сам Лукашэнка, калі сказаў, што не дапусціць дзейнасці такіх арганізацый, як “Малады фронт” і “Зубр”. Канешне, у такіх умовах спадзявацца на рэгістрацыю нам не выпадала. Тым больш,  мы  не маглі займацца гэтым працэсам перад выбарамі, таму што ён вымагае вельмі шмат высілкаў. Каб правесці арганізацыйны сход, трэба збіраць людзей па ўсіх рэгіёнах, афармляць розныя дакументы. Перад выбарамі займацца ўсім гэтым амаль немагчыма. Яшчэ на пачатку  2000 года  было некалькі спроб рэгістрацыі, але потым мы палічылі, што гэта на той момант  не самае галоўнае. Губляем і час, і сілы.

24 сакавіка 2006 года, у дзень разгону намётавага гарадка, мне пачалі інкрымінаваць артыкул 193-1 і канчаткова прысудзілі 1,5 гады агульнага рэжыму. Але цяпер такіх калоній амаль няма. Мяне, напрыклад, прывезлі ў Шклоўскую калонію, дзе рэжым заўжды быў узмоцненым. Розніца толькі ў дробязях: колькасць перадач, сустрэч са сваякамі і г.д.

У судовай пастанове вычытаў вельмі цікавую фразу: « “Малады фронт”- организация, которая стремится к духовному и национальнаму возрождению Беларуси…» – такую выснову, аналізуючы матэрыялы справы, робіць суд, і далей тлумачыць зніжэнне на паўгода пакарання “… во имя восстановления социальной справедливости и учитывая личность обвиняемого… ”.

— А як сустрэлі ў Шклоўскай калоніі?

— Па-рознаму.

Мне было цяжка прыняць крымінальны свет з яго законамі, якія антычалавечыя па сутнасці. Канешне, гэта супольнасць імкнецца абараніць сябе і стварае свае пастулаты. Але ахоўваюць яны людзей, перш за ўсё, драпежнага складу характару, тых, хто можа быць ваўкамі і каго-небудзь  грызці. А слабейшых душыць яшчэ больш. Таму такую сістэму вельмі цяжка ўспрыняць. Канфлікты ў мяне з найбольш ярымі носьбітамі такой маралі  пачаліся амаль адразу і вельмі часта ледзь не даходзілі да фізічных разборак…

Калісьці Андрэй Клімаў  сказаў, што ўся зона “моліцца на Лукашэнку”. Зразумеў сэнс гэтых слоў толькі тады, калі трапіў за краты. “Моліцца” азначае прагне перамен. Я не сустракаў ніводнага чалавека, які б Лукашэнку падтрымліваў. Можна было з некім спрачацца. Але датычылася гэта таго, хто потым будзе лепшым прэзідэнтам. А пра неабходнасць зменаў нават не трэба было размаўляць. Часта бывала так, што некаторыя спачатку верылі ў штампы аб апазіцыі беларускага тэлебачання, аднак пасля 10 хвілін размовы пачыналі думаць зусім па-іншаму.

Такое адбывалася і на Валадарцы і на “зоне”.

Пасля першых канфліктаў (яны ёсць ва ўсіх, хто туды трапляе) да мяне адразу  пачалі змяняцца адносіны. Тут ёсць пэўны псіхалагічны фактар: да цябе будуць адносіцца так, як ты сам гэта дазволіш.

Па складу характару і па хрысціянскай маралі, якой па жыцці імкнуся прытрымлівацца, не мог адпавядаць поглядам тых людзей, якія спрабавалі мяне “зламаць”. Калі адразу гэта не атрымоўваецца, становіцца цалкам відавочна, што чалавек мае свае перакананні і яго лепей не чапаць. А з часам пачынаюць і паважаць.

І , канешне, фактар грамадскай салідарнасці. Было вельмі шмат лістоў.  Нават мая выхавацельніца-псіхолаг (цэлы маёр) сказала, што такой колькасці не бачыла ніколі. А асуджаныя, бачачы сотні лістоў, што прыходзілі да мяне што тыдня, гаварылі: “Да, Дзіма, апазіцыя – гэта сіла!” Таму вельмі ўдзячны кожнаму чалавеку, які выказваў мне сваю падтрымку. Перакананы, што наша салідарнасць сталася галоўнай падставай перамогі, якую атрымаў і я, і “Малады фронт” у гэтым выпрабаванні.

АЎТАРСКІ КАМЕНТАРЫЙ

Зміцер Дашкевіч прыйшоў да мяне з … пельменямі. Хутка, умела і смачна іх прыгатаваў. Тлумачылася ўсё вельмі проста – у  вядомага кіраўніка “Маладога фронту” часам няма магчымасці нават паесці. Факт вельмі красамоўны, бо ў некаторых кожны дзень яго хапае  на звычайны хакей.

З кнігі "Жыццё пасля кратаў"

БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛАЕ КАХАННЕ

Падрыхтавана да друку  27.11.2012

Даведка: Наста Палажанка нарадзілася 2 жніўня 1990 года ў Мінску. Вучылася ў 73 мінскай школе (з паглыбленым вывучэннем нямецкай мовы) і ў 37 школе (з эстэтычным ухілам). З 2008 года – студэнтка факультэта філасофіі і палітычных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

У 2008 годзе Наста была абрана намесніцай старшыні “Маладога Фронту”, у які прыйшла ў чатырнаццацігадовым узросце. У 2007 годзе была асуджаная па артыкуле 193.1 Крымінальнага кодэкса (“дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”). У якасці пакарання суд вынес папярэджанне. Неаднаразова затрымлівалася і адбывала адміністрацыйныя арышты.

Пасля акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года Насту Палажанку арыштавалі дома ў 3 гадзіны 20 хвілін ночы. Захоп дваццацігадовай дзяўчыны ажыццяўляўся сіламі пятнаццаці супрацоўнікаў КДБ. Утрымлівалася ў СІЗА КДБ. Першапачаткова абвінавачвалася ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках (чч. 1 і 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). 17 лютага 2011 года ўвечары адпушчана пад падпіску аб нявыездзе. 30 сакавіка абвінавачванне перафармулявана на ч.1 арт.342 КК РБ (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх).

20 траўня 2011 года суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Жана Жукоўская агучыла прысуд – адзін год умоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 1 год.

Даведка: Зміцер Дашкевіч нарадзіўся 20 ліпеня 1981 года ў Беларусі. Да пяці гадоў жыў у Расіі на Далёкім Усходзе ў пасёлку Ягаднае Магаданскай вобласці. Потым – вяртанне ў Беларусь, у горад Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. Пазней паступіў у Віленскі педагагічны ўніверсітэт на факультэт славістыкі.

У 2001 прыйшоў у “Малады Фронт”, у 2004 годзе абраны яго старшынёй. Неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. У 2006 годзе арыштаваны па абвінавачванні ў “дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі” паводле арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса. Асуджаны на паўтары гады зняволення.

Быў затрыманы прэвентыўна 18 снежня 2010 года на вуліцы разам з Эдуардам Лобавым, абвінавачаны па крымінальным артыкуле “злоснае хуліганства” (ч. 3 арт. 339 КК).

24 сакавіка 2011 года судом Маскоўскага раёна Мінска асуджаны на 2 гады калоніі агульнага рэжыму.

28 жніўня 2012 года ў папраўчай калоніі № 13 у Глыбокім выязны суд асудзіў З. Дашкевіча яшчэ да 1 года калоніі па абвінавачванні ў непадпарадкаванні адміністрацыі папраўчай установы (ч. 1, арт. 411 КК РБ).

Перад мужнасцю гэтых маладых людзей сёння схіляюць галовы ўсе. У тым ліку і аўтар гэтага нарыса. А зараз мне б вельмі хацелася сказаць і яшчэ адну крыху пафасную фразу: пакуль у нас ЁСЦЬ такая моладзь, як Наста Палажанка і Зміцер Дашкевіч, у Беларусі ЁСЦЬ будучыня.

Шляхам Насты

Усе 22 гады (з самага нараджэння) свайго жыцця Наста Палажанка правяла ў Мінску. Яе бацькі (Галіна Уладзіміраўна і Уладзімір Міхайлавіч) пераехалі сюды з Кіраўска, каб мець лепшую перспектыву для свайго жыцця і даць яе дзецям.

На жаль, 16 гадоў таму Галіны Уладзіміраўны не стала, таму ўвесь цяжар па выхаванню дзяцей лёг на плечы яе мужа.

Брат Насты Сяргей старэйшы за яе на дзевяць гадоў. Універсітэт ён скончыў з чырвоным дыпломам і зараз працуе індывідуальным прадпрымальнікам у галіне IT- тэхналогій.

Вучоба ж самой Насты пачалася ў 1997 годзе, калі яна першы раз пайшла ў першы клас сталічнай школы №73. Напэўна, яе і скончыла б, каб не дзве абставіны.

Першая звязана з сяброўствам у “Маладым Фронце”: праблемамі ў выглядзе міліцэйскіх візітаў і ўзбуджэння крымінальнай справы  ў 2007 годзе.

Другая – абранне дырэктрысы Насты дэпутатам мясцовага Савету.

Так атрымалася, што гэта адбылося амаль адначасова.

І яшчэ адзін вельмі прынцыповы, на мой погляд, момант. У Насты і яе школьнай дырэктрысы былі кардынальна супрацьлеглыя погляды на тое, што адбываецца ў краіне. Апошняя была перакананай прыхільніцай улады, таму, калі яе “абралі”, пачалося тое, што называецца здзекамі над адным пікантным месцам… Тым самым, якое некалі паэт Саша Чорны называў “седалищем”…

Даходзіла нават да таго, што адміністрацыя школы дэманстратыўна не віталася з Палажанкай. Цярпела Наста да сярэдзіны адзінаццатага класа, а потым не вытрымала, вырашыла змяніць месца навучання.

Той, хто думае, што ў нашай “сацыяльна-стабільнай” краіне такія рэчы робяцца вельмі проста, фатальна памыляецца. Разам з бацькам Наста Палажанка аб’ехала шмат сталічных школ. Вучылася яна добра (тут перашкодаў не было), але, калі ў новым месцы з дапамогай “камп’ютарнай базы” даведваліся пра “палітычна-міліцэйскія” праблемы, адразу адмаўлялі. Пагадзіліся толькі ў сярэдняй школе № 37 з эстэтычным ухілам.

Дарэчы, кампанію Насці склалі яшчэ трое яе сяброў. Такая праява салідарнасці сёння сустракаецца вельмі рэдка. Асабліва калі ўлічыць, што гэта была другая палова выпускнога адзінаццатага класа…

У “Малады Фронт” дзяўчына прыйшла ў 2004 годзе. Ёй было тады чатырнаццаць гадоў і вучылася яна ў восьмым класе. “Глеба” ж для гэтага была падрыхтаваная значна раней. З самага дзяцінства хацелася ведаць сапраўдную гісторыю сваёй краіны, размаўляць на роднай мове.

Сумна, але гэтае жаданне прыйшлося менавіта на той час, калі на ўсім гэтым афіцыйна быў “пастаўлены крыж”. Асабліва пасля рэферэндуму 1995 года, калі ў кране прынялі “двухмоўе”. Не трэба быць нацыяналістам, каб убачыць, як імкліва з нашага жыцця пачало знікаць усё беларускае, а патрабаванне “говорить нормально” стала не толькі вельмі распаўсюджаным, але і амаль абавязковым.

Некалькі месяцаў таму выпала пабываць у добра вядомым яшчэ з савецкіх часоў “Доме дружбы”. Такога раней не было, але мне сапраўды прыйшлося тлумачыць, што “аднолькавы” на рускай мове азначае “одинаковый”. На жаль, сярод сучаснай моладзі час ад часу сустракаецца і падобнае.

Таму можна толькі ўявіць, колькі разоў у сваім пакуль кароткім жыцці Наста Палажанка адчувала сябе “белай варонай”…

Нехта з сяброў прапанаваў схадзіць і паглядзець на тое, як у скверы Янкі Купалы будуць святкаваць Дзень бітвы пад Оршай. Хто будзе арганізоўваць імпрэзу, яна не ведала. Так лёс звёў яе з хлопцамі з “Маладога Фронту”. Там і даведалася пра прынцыпы, каштоўнасці гэтай арганізацыі, а неўзабаве ўжо і прыйшла на першую для яе маладафронтаўскую Управу.

Першыя два гады бацька і старэйшы брат ставіліся да яе захаплення палітыкай насцярожана. На гэтай глебе былі нават сваркі. І вельмі сур’ёзныя. У іх доме панавала сапраўдная вайна. Асабліва пасля першага затрымання.

“Пералом” у стаўленні бацькі да яе “заняткаў палітыкай” адбыўся пасля таго, як на Насту завялі крымінальную справу за дзейнасць у складзе незарэгістраванай арганізацыі. Уладзіміра Міхайлавіча выклікалі ў гарадскую пракуратуру і сказалі пра тое, што яго дачка стала падазраванай.

Па адукацыі бацька Насты ваенны палітолаг (вучыўся ў памежным вучылішчы пры КДБ СССР) і таму вельмі добра разумеў, што можа тут атрымацца.

Ён прысутнічаў на многіх допытах Насты. Разумеў яе правату і тое, што дачка будзе ісці далей.

Уразілі ператрус, які адбыўся ў іх кватэры ў адсутнасці Насты (такога бязмежжа бацька не мог нават уявіць), і суд над ёй. Вакол будынка тады сабралася каля трохсот чалавек, а ў самой зале прысутнічалі амбасадары, журналісты, палітыкі. Мабыць, тады Уладзімір Міхайлавіч і зразумеў, што Наста не адна і што ёсць людзі, дзеля якіх яна ўсё гэта робіць.

Было гэта ў 2007 годзе. За дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі  суд вынес дзяўчыне (як непаўнагадовай) папярэджанне.

Пасля школы Наста Палажанка хацела паступіць на філасофскі факультэт БДУ, але добра разумела складанасці, якія могуць узнікнуць з далейшай вучобай у Беларусі. Канчатковы выбар быў аддадзены Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту, які сёння вымушаны працаваць у Вільні.

Шляхам Зміцера

У яго пашпарце напісана, што Зміцер Дашкевіч нарадзіўся 20 ліпеня 1981 года ў вёсцы Кушняры Івацэвічскага раёна Брэсцкай вобласці, але гэта не адпавядае рэчаіснасці. У рэальнасці месцам нараджэння будучага лідара “Маладога Фронту” была вёска Багуцічы Ельскага раёна той самай вобласці.

Справа ў тым, што бацькі Зміцера былі журналістамі і іх “насіла” па свеце. У Беларусь яны прыехалі ў госці да сваякоў. Маці была цяжарнай, таму рэальным геаграфічным месцам нараджэння стала вёска Багуцічы, а ў пасведчанні аб нараджэнні запісалі радзіму таты Вячаслава Уладзіміравіча вёску Кушняры, што дазваляла тагачаснае заканадаўства.

Пра гэта аўтару распавёў сам Зміцер Дашкевіч чатыры гады таму, калі ішла праца над кнігай “Будзіцелі”. Як і пра тое, што пасля заканчэння сярэдняй школы ў Старых Дарогах (лёс у 1986 годзе “закінуў” туды бацькоў) ён цэлы год правучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным сельскагаспадарчым інстытуце. А пасля зразумеў, што гэта “не яго” і паехаў паступаць у Мінск на журфак БДУ.

Так атрымалася, што туды Зміцер не трапіў, затое трапіў у “Малады Фронт” і восенню гэтага ж года (2001) прыняў актыўны ўдзел у абароне (250 дзён) месца масавых расстрэлаў у Курапатах.

У 2004 годзе пратэставаў супраць рэферэндуму, у выніку якога Лукашэнка атрымаў права вылучацца прэзідэнтам і на трэці, і на чацвёрты тэрмін.

У гэтым жа годзе стаў кіраўніком “Маладога Фронту”.

На прэзідэнцкіх выбарах 2006 Зміцер Дашкевіч працаваў у камандзе Аляксандра Мілінкевіча. Быў адным з арганізатараў акцый пратэсту, а таксама лідарам намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы. У верасні 2006 года яго арыштавалі па абвінавачванні ў “дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі” і 1 лістапада асудзілі на паўтары гады зняволення.

23 студзеня 2008 года Зміцера Дашкевіча нечакана вызвалілі са Шклоўскай калоніі. Менавіта тады мы асабіста і пазнаёміліся. І я ўпершыню ў сваёй практыцы сутыкнуўся з тым, што патэнцыйны герой пачынае “інтэрв’ю” са смажання пельменяў на маёй кухні. Прыгатаваў іх тады Зміцер вельмі хутка і смачна, але справа не толькі ў гэтым. Аказалася, у маладога хлопца на тое, каб нармальна паесці, проста не хапае часу. І гэта не “фактура” для самапіяру, гэта аб’ектыўны факт.

Памятаю, тады яшчэ падумалася, што, калі такія людзі прыйдуць да ўлады, яны ў працоўны час не будуць гуляць у хакей… А падчас размовы стала зразумела, што іх немагчыма “зламаць”, таму што яны шчыра (амаль фанатычнга) вераць у Бога і ў тое, што робяць…

Пра падзеі, якія адбыліся 18 снежня 2010 года, вельмі падрабязна расказана ў кнізе “Супраць плыні” (у нарысе пра Эдуарда Лобава), таму паўтарацца няма сэнсу. Дадам толькі, што 24 сакавіка 2011 года суд Маскоўскага раёна беларускай сталіцы “адзначыў” Зміцера Дашкевіча пакараннем у выглядзе 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але потым камусьці гэтага падалося мала.

28 жніўня 2012 года за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі” Дашкевічу “дадалі” яшчэ адзін год турмы.

Шляхам выпрабаванняў

З Настай Палажанкай Зміцер Дашкевіч пазнаёміўся ў 2004 годзе, падчас чарговага вызвалення з Акрэсціна. З часам звычайнае знаёмства перарасло ў каханне, а сёння, калі (па зразумелым прычынам) у журналістаў няма магчымасці пагаварыць з самім Зміцерам, Наста Палажанка стала своеасаблівым інфармацыйным мостам паміж ім і астатнім светам. Прычым самым надзейным. Таму менавіта яе я і папрасіў расказаць пра тое, што адбывалася ў іх жыцці пасля таго, як быў агучаны прысуд.

— Адразу пасля затрымання Зміцер знаходзіўся ў мінскім ІЧУ. Пасля этапам адбыў у Жодзіна. Прабыўшы там некалькі месяцаў, быў накіраваны на “Валадарку”, затым зноў перавялі ў Жодзіна, а адтуль адбыўся этап у Горкаўскую калонію. На пяты дзень свайго знаходжання там Зміцер трапіў у штрафны ізалятар. Потым больш за месяц да яго не пускалі адваката, і мы зусім не ведалі, што там адбываецца.

“Малафронтаўцам” тэрмінова прыйшлося праводзіць актыўную інфармацыйную кампанію ў яго падтрымку, акцыі і мітынг каля самой калоніі з патрабаваннем прапусціць адваката. Скончыўся ён адміністрацыйнымі арыштамі ўдзельнікаў, і свой Дзень нараджэння (2 жніўня — заўвага аўтара) я “святкавала” ў дрыблінскай турме.

Пасля гэтай інфармацыйна-супраціўнай акцыі да Зміцера прапусцілі адваката, і мы сталі атрымліваць інфармацыю пра здзекі, пагрозы, абразы, якія ён там перажывае. Сталі гэтаму даваць адпор, падаваць адпаведныя заявы ў Дэпартамент па выкананню пакаранняў, пракуратуру, розныя суды. У адказ улада пачала “страхаваць” кіраўніцтва горкаўскай калоніі, і 19 верасня 2011 года Зміцера зноў этапавалі.

Напэўна, каб я не магла прыняць нейкі ўдзел у кантролі за тым, як адбываецца этап Зміцера, ды нічога не ведала, мяне ў гэты ж дзень разам з Уладам Яроменкам затрымалі ў Мінску за акцыю “Горад наш”. У мяне забіраюць тэлефон і з яго дасылаюць усім маім сябрам паведамленне, што нас некуды вязуць і я не ведаю, дзе будуць судзіць. Зроблена гэта было для таго, каб у судовай зале падчас пасяджэння нікога не было. Шчыра кажучы, я крыху здзівілася пустой зале, бо ў “Маладым Фронце” так не прынята, нават у самыя небяспечныя часы як мінімум адзін чалавек ад нас падчас суда быць павінен. Хаця б для таго, каб пачуць прысуд…

Як мудрыя жанчыны, маці Мікіты Ліхавіда —  Алена, і Эдзіка Лобава — Марына, разумелі, што ў рэшце рэшт нам “дадуць” суткі і прывязуць на Акрэсціна. Мне прысудзілі 12 сутак, Уладзю Яроменку – 13.

Міліцыянты, якія былі ўпэўненыя, што ўтаілі месца нашага знаходжання, нешта не “пралічылі”, і нас на гэты раз не завезлі аўтобусам за плот, а, як звычайных алкаголікаў ці бамжоў, каторыя грамадскасці нецікавыя, “выкінулі” каля ўваходу, а ўсе дакументы перадалі дзяжурнаму.

У гэты момант да нас і падышлі Алена Ліхавід і Марына Лобава. Ад іх я і даведалася пра этап Дашкевіча, з іх дапамогай патэлефанавала свайму бацьку і расказала пра “суткі”, а таксама папрасіла, каб ён звязаўся з адвакатам і максімальна прасачыў за Дзіміным рухам…

Увесь час маёй “адсідкі” Зміцера “кідалі” з СІЗА ў СІЗА — Магілёў, Віцебск і г.д. Ягоны этап адбываўся больш за тыдзень, пакуль не скончыўся ў Глыбоцкай калоніі.

— Наколькі я ведаю, Глыбоцкая турма з’ўяляецца адной з самых жорсткіх у краіне?..

— Так. Перад тым як “пераехаць” у гродзенскую “крытку”, мы прайшлі самыя “крутыя” калоніі ў Горках, Глыбокім і Мазыры.

Такім чынам, напрыканцы верасня Зміцер прыбыў у Глыбоцкую папраўчую калонію № 13 і прабыў там амаль год. Потым яму “дадалі” год нібыта за сталае парушэнне рэжыму ўтрымання. Этапавалі на месяц у Віцебскае СІЗА, а адтуль у Мазыр, дзе Зміцер прабыў некалькі месяцаў.

Затым адбылося пасяджэнне (пра яго Зміцер не ведаў) аб пераводзе ў крытую турму. Так ён апынуўся ў Гродна.

— У ноч на 26 красавіка 2011 года не стала Вольгі Дашкевіч, якой было толькі 53 гады… Як Вы пра гэта даведаліся?

— З гэтай нагоды мне патэлефанаваў бацька Зміцера Вячаслаў Уладзіміравіч. Сказаў, што прыйшла бяда. Адразу зразумела, з чым гэта звязана, бо маці Зміцера вельмі балюча пераносіла ўсе яго пакуты.

Зранку я ўжо была ў пахавальным бюро і пачала збіраць неабходныя дакументы дзеля таго, каб суд Маскоўскага раёна Мінска (Зміцера судзілі менавіта там) даў магчымасць развітацца з маці.

У той момант Зміцер знаходзіўся яшчэ на “Валадарцы”, таму што 5 траўня разглядалі яго касацыйную скаргу.

Хавалі Вольгу праз два дні, таму ў нас шмат часу не было і суд мусіў прыняць тэрміновае рашэнне. Не ведаю, з кім яны раіліся, але такі дазвол быў атрыманы. Як толькі я аб ім даведалася, паімчала на “Валадарку”, але там ужо нікога з начальства не было.

Наступнай раніцай (27 красавіка — заўвага аўтара) кіраўніцтва сумна вядомага следчага ізалятара спачатку адмаўляла магчымасць развітання. Маўляў, няма канвою. І толькі судовае рашэнне прымусіла іх адвесці Зміцера ў Слуцк, да маці.

У гэты ж дзень са следчага ізалятара выехала машына і накіравалася ў Слуцк. Мы ехалі з ёй побач і ведалі, што там знаходзіцца Зміцер. У мяне па гэты дзень захаваўся нумар тэлефона канваіра, якому тлумачыла, куды і як трэба дабірацца.

Ведаю, што нейкія здымкі на гэты конт ёсць у інтэрнэце, але я не лічу, што ў такія моманты этычна нешта здымаць…

Гэта быў адзіны (за апошнія 19 месяцаў) момант, калі мы мелі зносіны не праз лісты.

Давайце вернемся да моманту Вашага арышту?

— На тым, што адбылося вечарам 19 снежня на плошчы Незалежнасці, падрабязна спыняцца не буду па той прычыне, што там мне пашанцавала (калі ўвогуле ў такіх умовах можна выкарыстоўваць гэты дзеяслоў) не трапіць пад амапаўскія “дэмакратызатары” і ў аўтазак. Больш за тое, атрымалася трапіць на кватэру, якую перад выбарамі здымаў Зміцер, і сабраць для яго перадачу з цёплых рэчаў, якія я ранкам планавала прынесці яму ў ІЧУ.

Дамоў я трапіла толькі недзе каля трох гадзін ночы. Стала пісаць Зміцеру ліст. На трэцяй старонцы ў дзверы нашай кватэры пазванілі, і я зразумела, што гэта “за мной”. Так яно і было.

Спачатку думала не адчыняць, але яны працягвалі званіць, пабудзілі майго тату. А потым я вырашыла адчыніць: узломяць дзверы. Падумалася, што мяне забяруць, а тата застанецца ноччу са зломанымі дзвярыма…

Папрасіла 10 хвілін на тое, каб пераапрануцца. Яны пагадзіліся. Гэта кажа пра тое, што гарадзенскія чэкісты пакуль не такія нахабныя, як мінскія. Пачала збіраць свае рэчы. Тата вельмі хваляваўся. Я яго супакоіла і папрасіла сабраць ежу, бо думала, што паеду “на суткі”, а там харчавыя перадачы забароненыя. Ён пайшоў на кухню, паклаў у мой пакет катлеты. Хацеў пакласці яшчэ хлеб, але я спыніла: у турме яго хапае.

Дарэчы, потым іх у КДБ скралі, таму, калі пасля следчы казаў пра нейкі “чэкісцкі гонар”, я распявала пра скрадзеныя катлеты… Каму раскажы – не паверыць: крадуць у самай “крутой” турме краіны…

Маршрут, па якім мяне вазілі, красамоўна сведчыў пра тое, што ў іх быў загад “забраць” і іншых сяброў “Маладога Фронту”.

Шчыра кажучы, я думала, што мяне павязуць на Акрэсціна, а аказалася “амерыканка”. Гэтую навіну ўспрыняла спакойна, бо там калісьці “сядзелі” Зміцер Федарук і Алег Корбан, а значыцца, “мы” праз гэта ўжо праходзілі.

Доўга вялі па нейкіх калідорах, пакуль мы не прыйшлі да кабінетаў следчых. Адны дзверы былі адчыненымі, і я ўбачыла там паўсоннага Анатоля Лябедзьку. Я вельмі “ўзрадавалася” знаёмаму твару і адначасова спалохалася ад думкі: ці шмат нас там?.. У той час яшчэ не ведала наколькі шмат…

Потым быў допыт, дзе даведалася пра тое, што мне “свеціць” ад “пяці да пятнаццаці”. Следчы, які “кімарыў” на ўласным кулаку. Каля чатырох гадзін чакання канваіра, бо яны не спраўляліся з ТАКОЙ колькасцю арыштаваных. Адсутнасць лістоў і ўсякай іншай інфармацыі. Прысуд.

— Навошта Вам усё гэта? Замест “амерыканкі” прымалі б удзел у якіх-небудзь конкурсах прыгажосці…

— Напэўна, гэта з малаком матулі. Я вельмі рана зразумела, што ў нашай краіне робіцца нешта не тое. На мой погляд, кожны чалавек павінен вырашаць праблему, якая яго кранае. Мяне кранае занядбаная палітычная воля беларусаў і абыякавасць да ўсяго вакол.

Шлях да храму

Падчас працы над гэтым нарысам стала вядома, што ў гарадзенскай турме паляць лісты Зміцера Дашкевіча. Не ведаю, чым кіруюцца тыя, хто прымае такія рашэнні. Магчыма, сапраўды нейкай “энергаэканоміяй”. Калі так, то адно яны сэканомілі дакладна – сумленне.

Магчыма, некаторыя памятаюць фільм Тэнгіза Абуладзэ “Пакаянне” і фразу пра тое, што не ўсе дарогі вядуць да храму. На мой погляд, Наста Палажанка і Зміцер Дашкевіч абралі менавіта той шлях, які да храму ў рэшце рэшт і прывядзе. Праз якія б пакуты не прышлося прайсці.

Пасляслоўе

Калі гэтая кніжка была амаль гатовая да друку, прыйшла вельмі прыемная навіна. 26 снежня 2012 года ў Гродна Наста Палажанка і Зміцер Дашкевіч пабраліся шлюбам. З гэтага дня прозвішча ў Насты – Дашкевіч, як у яе суджанага. І агульны, зараз ужо сямейны, шлях у будучыню.

%d0%b4%d0%b0%d1%88%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d1%96%d1%871 %d0%b4%d0%b0%d1%88%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d1%96%d1%872 %d0%b4%d0%b0%d1%88%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d1%96%d1%87-3 %d0%b4%d0%b0%d1%88%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d1%96%d1%874 %d0%b4%d0%b0%d1%88%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d1%96%d1%875 %d0%b4%d0%b0%d1%88%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d1%96%d1%87-6 %d0%b4%d0%b0%d1%88%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d1%96%d1%877