Домаш Сямён

 

%d0%b4%d0%be%d0%bc%d0%b0%d1%881

 

  • З кнігі  “Асобы”

 

СЯМЁН ДОМАШ – СТРАЧАНЫЯ МАГЧЫМАСЦІ

Падрыхтавана да друку  22.01. 2008

 Калі ў 2006 годзе Сямён Мікалаевіч Домаш пачаў працаваць генеральным дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне”, многія аднесліся да гэтага вельмі негатыўна. Маўляў, “зламалі”. Мне ж больш падабаецца пазіцыя другога ўдзельніка падзей 2001 Уладзіміра Ганчарыка – чалавеку трэба неяк жыць.

 

Сямён Мікалаевіч Домаш нарадзіўся 2 студзеня 1950 года ў вёсцы Тумашы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. На момант “злому” яму было толькі 56 гадоў. Узрост не пенсійны, таму на словы пра “здраду дэмакратычным прынцыпам” я заўсёды прыгадваю гэты факт і прапаную суразмоўцу ўявіць сябе на яго месцы. І пакуль яшчэ не бачыў нікога, хто б у адказ працягваў настойваць на палітычных стэрэатыпах.

У 1969 годзе Домаш скончыў Бабруйскі аўтатрактарны тэхнікум і пачаў працаваць на астравецкай аўтабазе № 4. Спачатку год механікам, затым амаль чатыры гады інжынерам і тры дырэктарам. У 1977 годзе пераязджае ў Гродна – дырэктарам аўтакамбіната № 1,  потым загадчыкам прамыслова-транспартнага аддзела Гродзенскага гаркама КПБ, другім сакратаром Кастрычніцкага райкама.

Акрамя тэхнікума Домаш скончыў яшчэ Вышэйшую партыйную школу (1981 г.) і Беларускі інстытут народнай гаспадаркі (1989 г.).

Як было заведзена ў тыя гады, партыйная старонка ў кар’ерным росце мянялася на “савецкую” і наадварот. У 1987 годзе Сямёна Домаша абралі (альбо прызначылі) старшынёй Лідскага гарвыканкама. Знакамітае піва ён “піў” тры гады, а потым зноў вярнуўся ў Гродна, дзе з чэрвеня 1990 года па кастрычнік 1993 узначальваў выканкам і гарадскі Савет народных дэпутатаў.

Гэта ўжо былі гады кардынальных сацыяльных і палітычных перамен. Змена эпох, якая патрабавала перамен і ў чалавеку. Ці глыбінных, ці знешніх, гэта значыць – прыстасавання. Большасць наменклатуры абачліва выбрала апошні варыянт. Домаш, хаця і не адразу, першы. Але не змог  трымацца яго да канца. Бо час зноў павярнуў назад. У гэтым заключалася яго ўнутраная драма. Ды ці толькі яго аднаго. Да таго ж, гэтая драма на момант адказнага выбару далейшага шляху (пасля паразы на прэзідэнцкіх выбарах) – у адкрытую апазіцыю ці ў цень грамадскага жыцця – сышлася па часе з інфарктам.

21 кастрычніка 1993 года Домаш замяніў загінуўшага Зміцера Арцыменю на пасадзе старшыні Гродзенскага аблвыканкама і аўтаматычна стаў кіраваць народнымі выбранікамі вобласці, бо тады гэтыя пасады яшчэ не былі падзелены.

Пасля першых прэзідэнцкіх выбараў, дакладней 12 снежня 1994 года, згодна з загадам прэзідэнта № 257 на месца Домаша старшынёй Гродзенскага абласнога выканкама быў прызначаны будучы Герой Беларусі Аляксандр Дубко. Каларытны чалавек, які пайшоў з жыцця абсалютна нечакана.

С.М. Домаш яшчэ два гады ўзначальваў Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў. Ён быў шчырым прыхільнікам пашырэння паўнамоцтваў мясцовых органаў улады, узмацнення іх ролі ў тэрытарыяльным развіцці і функцыянаванні галінаў народнай гаспадаркі і таму вельмі хутка стаў адным з самых вядомых рэгіянальшчыкаў.

Менавіта Домаш ініцыяваў стварэнне Асацыяцыі пародненых еўрапейскіх гарадоў і еўрарэгіёна “Нёман”. Адным з першых кіраўнікоў перайшоў на беларускую мову. Гэтага хапіла, каб і ўвесь апарат зрабіў тое самае, без усялякага прымусу.

Сямён Мікалаевіч Домаш быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га і 13-га скліканняў. Апошні і стаў найбольш адметнай старонкай палітычнай біяграфіі Домаша. У траўні 1996 года яго выбралі членам прэзідыума ВС, дзе ён курыраваў работу пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве і мясцовым самакіраванні, ажыццяўляючы сувязь паміж мясцовымі органамі самакіравання і беларускай дыяспарай.

Падчас лістападаўскага рэферэндуму 1996 года Домаш адкрыта выступаў супраць палітыкі Лукашэнкі, быў сярод 70 дэпутатаў, якія ініцыявалі імпічмент і напісалі адпаведны ліст у Канстытуцыйны суд. Домаш стаў адзіным рэгіянальным лідарам, які публічна перайшоў у апазіцыю да прэзідэнта. Пасля паразы праціўнікаў узмацнення і пашырэння прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Сямён Мікалаевіч вярнуўся ў Гродна.

З 1997 года па 2002 ўзначальваў Гродзенскі абласны Каардынацыйны камітэт дэмакратычных сіл “Гродзенская ініцыятыва”, у які ўвайшлі 34 грамадскія, палітычныя і прафсаюзныя арганізацыі Гродзеншчыны. Па яго ініцыятыве ў маі 2000 года створана Каардынацыйная рада “Рэгіянальная Беларусь”.

Далей былі прэзідэнцкія выбары 2001 года. З ініцыятывай прапанаваць свайго кандыдата выступілі рэгіянальныя лідары грамадскіх абласных аб’яднанняў – каардынатары так званых рэсурсавых цэнтраў, найперш Віктар Карніенка і Аляксандр Мілінкевіч. У пэўным сэнсе насуперак памкненням Каардынацыйнай рады дэмакратычных сіл вядучую ролю ў якіх адыгрывалі партыі.

Насуперак, але і на апераджэнне, бо Рада ніяк не магла вызначыцца са сваім адзіным кандыдатам. Федэрацыя прафсаюзаў вылучыла свайго кандыдата – Уладзіміра Ганчарыка. Пайшлі і іншыя. Так і ўтварылася тая самая знакамітая пяцёрка, якая потым, пасля доўгай чарады пасяджэнняў рознага фармату, адкрытых спрэчак і закулісных гульняў, вымушана была сам-насам, за закрытымі дзвярыма, вызначацца з адзіным. Сышліся на Ганчарыку.

Выбарчы штаб Сямёна Домаша ўзначаліў Аляксандр Мілінкевіч. 18 чэрвеня 2001 года ЦВК Беларусі зарэгістраваў ініцыятыўную групу Домаша ў складзе 3 695 чалавек. Узначаліў яе малады і амбіцыйны юрыст, член АГП Яўген Лабановіч, які ўжо паспеў папрацаваць на Віктара Ганчара на так званых віртуальных выбарах.

14 жніўня 2001 года ЦВК прызнала сапраўднымі 160 077 подпісаў у падтрымку кандыдатуры Домаша. Аднак ужо 22 жніўня раніцай ён сабраў прэс-канферэнцыю, дзе на вачах у журналістаў падпісаў заяву ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэферэндумаў з просьбай вызваліць яго ад удзелу ў прэзідэнцкай гонцы ў сувязі з тым, што была дасягнута дамоўленасць аб падтрымцы адзінага кандыдата, якім стаў Уладзімір Ганчарык.

Мне пашанцавала быць на той прэс-канферэнцыі. Добра памятаю, што асаблівай радасці ў вачах сяброў штаба Сямёна Мікалаевіча не было. І, як цяпер ужо вядома, і быць не магло, бо ішоў ён на тое пасяджэнне з пасяджэння штаба з наказам канчатковага рашэння самастойна не прымаць. У крайнім выпадку папрасіць кароткі, на паўгадзіны-гадзіну, тайм-аўт, каб вярнуцца ў штаб параіцца. Прыхільнікаў рашэння не здымацца ні ў якім разе і рухацца да канца асобнай калонай у камандзе Домаша было ці не болей, чым прыхільнікаў пайсці на саступкі.

Многія, і не толькі з былой каманды Домаша, але і аналітыкі, да гэтага часу лічаць, што трэба было ісці да канца. Дынаміка рэйтынгу, энергічная каманда, аптымальнае спалучэнне іміджу рэфарматара з наменклатуры, гаспадарніка і рэгіянальнага палітыка, які ведае праблемы не толькі сталіцы, працавалі на Домаша.

З адлегласці сённяшняга дня бачыцца відавочным, што перамагчы яму б не далі. Але шанс стаць і застацца нацыянальным лідарам, а значыць бясспрэчным адзіным кандыдатам на наступныя выбары ў яго быў немалы. Ва ўсякім разе дынаміку і вастрыню той выбарчай кампаніі ўдзел Домаша, удзел двух дэмакратычных кандыдатаў, ды яшчэ б ва ўзаемадзеянні, гэта б надало – лічаць многія. І падмацоўваюць сваё меркаванне спасылкай на прыклад Аляксандра Казуліна пазнейшай пары.

Ва ўсякім разе зразумела, чаму і потым не было сапраўды супольнай працы прыхільнікаў Домаша на Ганчарыка. Але нават і пасля гэтага кардынальнага кроку згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі лабараторыі “Новак” асабісты рэйтынг былога гарадзенскага губернатара працягваў расці. І гэта невыпадкова: у апазіцыі з’явіўся новы твар.

Памятаю таксама, як піярыліся добрыя адносіны Домаша з Васілём Быкавым, да якога Сямён Мікалаевіч нават ездзіў у Фінляндыю, як падкрэслівалася сяброўства Домаша з сем’ямі Карпенкі і Кудзінава.

Калі я працаваў над гэтым нарысам, вырашыў пазваніць Валодзю Кудзінаву, які ў дадзены момант займаецца бізнесам у Крыме. Некалькі гадоў таму ён запрашаў мяне ў адзін з даволі вядомых на ўвесь былы СССР санаторый. У 2001 годзе Уладзімір Кудзінаў быў намеснікам кіраўніка выбарчага штаба Домаша. Ён расказаў, што падтрымлівае з Домашам добрыя адносіны, але пасля тых выбараў яны больш не размаўлялі і не бачыліся…

Тут, як кажуць, ніякія каментарыі не патрэбны.

Некаторыя лічаць, што адмаўленне ад удзелу ў прэзідэнцкай гонцы стала адной з прычын інфаркту. Не станем гэта дакладна сцвярджаць, але тое, што ў 2001 годзе С.М. Домаш страціў магчымасць стаць вельмі сур’ёзным палітычным апанентам Лукашэнкі – відавочна. На жаль, гэтую магчымасць ён страціў. Як і мы ўсе.

Тое, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года Домаш сышоў з вялікай палітыкі, на мой погляд, абумоўлена не толькі небяспечнай хваробай. І сышоў не адразу. Ён яшчэ паспрабаваў стварыць грамадскі рух на базе аб’яднання існуючых. І спыніў спробы на этапе абмеркавання з рэгіянальнымі лідарамі самой ідэі. Пасля нарады, ці не апошняй у сваёй палітычнай кар’еры, якую арганізаваў у адной з кавярняў у Гродне. Адмовіўся ён і ад прапановы стаць лідарам адной з партый. Проста зразумеў, што сапраўдная барацьба і знаходжанне ў апазіцыйнай палітычнай тусоўцы – розныя рэчы.

Можа, таму прэтэнзіі Домаша на лідарства сталічная апазіцыя і сустрэла хаця і без асаблівага імпэту, аднак і без асаблівай варожасці. Большасць зразумела, што гэта той выпадак, калі лепш сябраваць, чым ваяваць. Яго папулярнасць сярод электарату была на карысць дэмакратычным сілам. У ліку першай сотні Домаш падпісаў “Хартыю’97”. Яго абралі ў створаны апазіцыяй Нацыянальны выканаўчы камітэт, які быў так званым ценявым урадам.

Ён сыходзіў з палітычнай сцэны паступова, без гучных слоў і заяў. Але запомніўся. Свой унёсак у падрыхтоўку глебы да дэмакратычных пераменаў, якія непазбежна адбудуцца, рана ці позна, так ці інакш, бо гэта і ёсць неадольны гістарычны імператыў, Сямён Домаш зрабіў. І будучыя гісторыкі не абмінуць сваёй увагай гэты этап у жыццядзейнасці краіны і месца і ролю Домаша ў ім.

Сыход Домаша з палітыкі ў асабістае жыццё вымагае напісаць і аб такіх рэчах, аб якіх я звычайна не пішу. Думаю, многім будзе цікава даведацца, што Домаш з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па боксе. Яго жонка Зоя Фёдараўна працавала спецыялістам па кадрах Ленінскага аддзялення “Беларусбанка” ў Гродне. Старэйшага сына завуць Зміцер. Ён былы вайсковец, майстар спорту па плаванні, працаваў на сумесным беларуска-расійскім прадпрыемстве. Малодшы сын Аляксандр таксама займаўся спортам (плаваннем) і нават выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Скончыў факультэт правазнаўства Гродзенскага ўніверсітэта, працаваў у банкаўскай галіне.