Дракахруст Юры

%d0%94%d0%a0%d0%90%d0%9a%d0%9e%d0%a5%d0%a0%d0%a3%d0%a1%d0%a2

 

  • З кнігі “Інтэрв’ю, якіх не было”

 

                                          Я сам расскажу

                                          О времени и о себе.

                                                В. Маяковский

       

 

 

  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

 

 У журналістыцы з 1991 года.

Супрацоўнік рускай службы Радыё Свабода (1991—2000) і беларускай службы таго ж радыё (з 1996-га па цяперашні час). Лаўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).

 

Выбар на карысць журналістыкі быў і выпадковым, і заканамерным. Нарадзіўся я ў 1960 годзе на другім канцы свету — у Хабараўску, у сям’і журналістаў. Калі мне было 4 гады , наша сям’я пераехала ў Мінск. Пра Далёкі Усход не памятаю амаль нічога, акрамя адной карцінкі — пляж на беразе Амура і колавы пераплаў на рацэ.

У Беларусі бацька працаваў у вайсковай газеце “Во славу Родины”, маці была супрацоўніцай аддзела культуры “Советской Белоруссии”. Так што нейкае агульнае ўяўленне пра гэтую працу я меў, як кажуць, з калыскі. Ведаючы цану хлеба савецкай журналістыкі, бацькі не хацелі, каб я ішоў тым жа шляхам. Ды мне і не надта хацелася. Цікавіўся матэматыкай, паступіў на мехмат, з 3 курса пачаў працаваць у зоркі беларускай (ды і ўсёй савецкай) матэматыкі — у тагачаснага дырэктара інстытута матэматыкі Уладзіміра Платонава. Мая дыпломная атрымала мядаль Акадэміі навук СССР. Потым былі аспірантура інстытута матэматыкі, кандыдацкая ў 26 гадоў. Але далей — тупік. Нешта рабіў, працаваў, але ўсё часцей прыходзіў да высновы, што сіл, мазгоў хапіла толькі на першы рывок і што гэта — не маё.

А тут якраз перабудова, у газетах і часопісах такое! Ну, і зацягнула віхура. Палітыкай я цікавіўся і раней. Быў у нас такі гурток сяброў: збіраліся, абмяркоўвалі, ладзілі (вельмі асцярожна) сувязі з маскоўскімі дысідэнтамі, вазілі адтуль кніжкі. Я ў канцы 70-х — пачатку 80-х прачытаў і Салжаніцына, і Джыласа, і Зіноўева, і Аўтарханава — словам, увесь патрэбны набор. Так што падзей кшталту перабудовы я не тое, каб чакаў (тады і ўявіць сабе было нельга, што падобнае магчыма), але быў да іх у пэўным сэнсе гатовы.

Ну, і пайшло: мітынгі, БНФ, у якім на нейкі час я нават стаў маленечкім начальнікам. І пісанне — напачатку як працяг палітычнай дзейнасці. Першай пробай пяра быў, здаецца, злосны артыкул у “ЛіМе” пра чарговы з’езд КПБ. А потым ізноў збег акалічнасцей — расейская служба “Свабоды” шукала сабе карэспандэнта па Беларусі. І нехта нібыта параіў мяне, непрафесійнага журналіста, вядомага хіба што адным артыкулам у “ЛіМе”. Чаму? Не вядома. Хто? Таксама дакладна не ведаю. Называлі сярод іншых і імя Васіля Быкава.

Згадзіўся таму, што было цікава. Таму, што глядзеў на “Свабоду”, як на вялікую трыбуну, дзе можна сказаць тое, што, кажучы высокім штылем, рвалося з душы. Праўда, хутка зразумеў, што гэта не парыў, а прафесія. Хаця матыў – сказаць тое, што хочаш, — застаўся галоўным і дагэтуль.

На “Свабодзе” давялося асвойваць рамяство, нават элементарнае — як запісаць інтэрв’ю, як скласці матэрыял і г.д. Такі прафан (у прафесійным сэнсе) мог трапіць на такі ўзровень толькі ў тую эпоху авантурыстаў і дылетантаў. Не, потым сяму-таму навучыўся, але сказаць, што стаў такім ужо выдатным рапарцёрам, не магу. Мяне заўсёды вабіла аналітыка, асэнсаванне. Я для сябе нават такі нахабны і правакацыйны прынцып сфармуляваў: “Мяне не цікавяць людзі, мяне цікавяць ідэі”. Для рэпарцёрства такі падыход, мякка кажучы, няплённы. Але для аналітыкі часам і карысны. Ну, а які з мяне атрымаўся аналітык, тут, у адрозненне ад рэпарцёрства, скажу сціпла, што не мне судзіць.

Спакушэння “нячэснасцю” я проста ніколі не ведаў. У тыя благаславёныя гады напісаў некалькі артыкулаў для “Знамени юности”, але гэта ж была тая, “класкоўская”, “Знамёнка”, смялейшая за многія фармальна незалежныя выданні. І тады, і потым ніхто мяне ў дзяржаўныя “мэдыя” не запрашаў, ды я і не пайшоў бы.

На пачатку 90-х былі і БДГ, і БГ, і, зразумела, “Свабода”. Малады быў, адтуль і сілы браліся. Ну, і краіна мянялася разам са мной, і сказаць хацелася і пра тое, і пра гэтае. У 1996 годзе дабавілася і беларуская “Свабода”. Прычын было шмат, сярод іншых і “кліч глебы” ў яго прафесійным вымярэнні: усё ж кропкай адліку на расейскай службе была Масква, а на беларускай — Мінск, сваё. У 1996-м беларуская “Свабода” проста дадалася, але потым яна рабілася ўсё больш важнай. У 1999 годзе я атрымаў запрашэнне папрацаваць у офісе Радыё Свабода ў Празе, дзе працую і дагэтуль ужо 8 гадоў, шостую частку жыцця. Астатняе ж, як мы кажам у нашых перадачах, “чытайце на сайце Свабоды — www.svaboda.org”.