Драздоў Генадзь

%d0%94%d0%a0%d0%90%d0%97%d0%94%d0%9e%d0%8e

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Пасля размовы з гэтым чалавекам яшчэ раз пераканаўся, што таленавітыя людзі вельмі рэдка бываюць “правільнымі”, то бок цалкам рафініраванымі і неканфліктнымі. Напэўна, талент і афіцыйная мараль – рэчы цяжка сумяшчальныя.

Калі, канешне, гутарка пра сапраўдную Асобу… Генадзь Драздоў менавіта з такіх, бо пасля вядомага мастака Аляксея Марачкіна іншыя не маглі б узначаліць творчую суполку “Пагоня” па вызначэнні…

Малюнкі дзяцінства

“Аповед пра сябе я пачну з расказу пра братоў. Абодва, Віктар і Жора, старэйшыя. Абодва, як і я, атрымалі вышэйшую адукацыю.

Віктар скончыў інстытут фізічнай культуры, які потым стаў універсітэтам, спецыялізаваўся “на лыжах”. З часам ён радыкальна памяняў сваё жыццё. Цяпер – пастар пратэстанцкай царквы.

У нейкім сэнсе кожны з нас ідзе па жыцці (у абывацельскім разуменні), як па шырокім шляху, поўным розных спакус. І перад кожным паўстае своеасаблівы Рубікон – крочыць далей праз спакусы альбо выбраць тое, што я называю ШЛЯХ ВУЗКАЙ БРАМАЙ. Гэты вобраз я ажыццявіў у адной сваёй карціне.

З часам у пратэстантызм перайшлі ўсе блізкія, акрамя мяне. Я – прынцыповы прыхільнік аўтакефальнай беларускай нацыянальнай праваслаўнай царквы і з’яўляюся ў ёй намеснікам царкоўнай Рады. Старэйшы Жора скончыў ваенную вучэльню і служыў у авіяцыі, сёння на пенсіі.

Я родам з вёскі Паддуб’е Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Гэта 12 кіламетраў ад Доўска.

Дарэчы, з Рагачова паходзіў Гервасій Валіваха, герой “Ладдзі Роспачы” Уладзіміра Караткевіча.

У школу я хадзіў у Старыя Журавічы. У гэтым мястэчку ў свой час былі праваслаўная царква, шыкоўны касцёл ХVI стагоддзя і дзве сінагогі. У 1651 г. у касцёл прыязджаў сам кароль

Польскі і вялікі князь ВКЛ Ян II Казімір, каб пакланіцца цудадзейнаму абразу Маці Божай. На жаль, на сённяшні дзень не захавалася нічога. Разбурылі яшчэ да вайны, пры першай хвалі Саветаў. Апошнія рэшткі (відаць, гэта была званіца) бурылі, калі я хадзіў у першыя класы.

Некалі там праходзілі буйныя кірмашы і, як і ва ўсёй Беларусі, жыло шмат габрэяў.

Выкладалі ў школе цудоўныя настаўнікі, у большасці габрэі. Дзякуючы ім сярод выпускнікоў заўсёды была вельмі вялікая доля тых, хто паступіў у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Маці маю завуць Ганна Лаўрэнцьеўна. Дзявочае прозвішча Кісялёва. 1932 года нараджэння. У беларусаў сапраўднымі прозвішчамі былі “Кісель”, “Дрозд”, а канчаткі -оў з’явіліся пры русіфікацыі.

Адзін раз хацеў змяніць напісанае ў пашпарце, але трэба было ехаць за мяжу, і я банальна не паспяваў. Да таго ж змена прозвішча пацягне за сабой праблемы з пытаннямі спадчыны, маёмасці і г.д.

Маці была вельмі адметнай і рэдкай па таленце швачкай. Як і бацька, Пётр Мікалаевіч. Да таго ж ён лічыўся вельмі добрым краўцом і мог пашыць літаральна ўсё – шапкі, футра і нават кажухі, якія патрабавалі асабліва моцных іголак. Яны ніколі не былі калгаснікамі.

Заказчыкі ехалі да бацькі з усяго раёна, і нават вобласці. Гэта быў чалавек вельмі складанага лёсу. Яго маці не стала яшчэ ў маленстве, і яе замяніла мачаха. Пасля вайны жыццё было надзвычай складаным. Працавалі, як кажуць, і старыя, і малыя.

У дзяцінстве мой бацька зваліўся з каня і зламаў галоўку сцегнавой косткі. Яна пачала загніваць, а добрай медыцыны ў нашых мясцінах тады не было. Прыйшлося тэрмінова ехаць “у вобласць” — ледзь-ледзь уратавалі.

У 14 гадоў ён стаў інвалідам, адна нага была карацейшай за другую. Потым скончыў тэхнікум і стаў закройшчыкам. Матэрыяльна ўтрымліваў усю сям’ю.

Паўтаруся, да яго часта прыязджалі розныя людзі. Я вельмі любіў слухаць іх расповеды пра вайну, пра жыццё, пра свет. Часам дарослыя так і казалі: “Глядзі, гэты малы слухае раскрыўшы рот…”

Да школы ад нашай вёскі паўтара кіламетра. Восенню і вясной мы хадзілі самі, а зімой, калі сумёты былі вялікімі, наперадзе ішоў бацька. Памятаю: ён робіць праход, а потым мы малыя крочым…

Калі маразы былі надзвычай моцнымі, у школу не хадзілі ўвогуле.

Першыя чатыры класы я вучыўся ў старой драўлянай школе, а потым — у двухпавярховай каменнай. Цяпер яшчэ адну пабудавалі, новую, у ёй — музей Макаёнка, бо той родам менавіта з нашых мясцін.

На жаль, сёння там усё вымірае. Чарнобыльская зона…

Эцюды юнацтва

Маляваць пачаў амаль адначасова з тым, як навучыўся хадзіць.

Па натуры я “індывідуаліст”, то бок не люблю людскі тлум. Як толькі гэта стала магчымым, бацькі павялі мяне ў дзіцячы садок. Праз некалькі гадзін я ўцёк. Яны паўтарылі спробу — уцёк зноў. Больш мяне нікуды не адводзілі. Пакідалі аднаго дома.

Садзіўся каля вакна, дзьмуў на шкло. І пальцам маляваў на ім розныя рэчы.

Бацькі гэта заўважылі і неўзабаве купілі каляровыя алоўкі, а потым і фарбы.

У першых класах школы, як і браты, я вучыўся вельмі добра і быў здатны да розных навук. Але яшчэ лепш маляваў. Недзе ў класе пятым–шостым з заплюшчанымі вачамі, на спрэчку, мог намаляваць партрэт Леніна. Зразумела, усіх астатніх гэта па-добраму шакіравала.

Я настолькі захапіўся мастацтвам, што вучыцца стала не цікава. Да восьмага класа быў выдатнікам, а ў старэйшых класах надакучыла, пачаў прапускаць заняткі.

На жаль, у нашым рэгіёне не было з кім параіцца наконт таго, як і што лепш рабіць у мастацтве. У тыя гады надзвычай не хапала ўсяго некалькіх урокаў прафесійнага пісьма. Я “аблазіў” энцыклапедыі і таксама нічога не змог знайсці.

Да ўсяго даходзіў сам, нават эцюднік зрабіў сваімі рукамі.

На той момант мой старэйшы брат Віктар паступаў у інстытут фізічнай культуры і даведаўся, што ў Мінску ёсць яшчэ і мастацкая вучэльня. Як толькі ён пра яе расказаў, я адразу ж сабраўся і паехаў паступаць.

Без усялякіх блатаў і адпаведнай падрыхтоўкі паступіў з першага разу.

Вучоба разлічвалася на чатыры гады.

Вучэльня месцілася ў двары Акадэміі мастацтваў, там цяпер політэхнічны тэхнікум, левае крыло. Свайго памяшкання ў яе тады не было. Наколькі я ведаю, няма па наш дзень.

У жыцці будучых мастакоў мяне цікавіла ўсё. Вучыцца пашанцавала разам з вядомымі сёння мастакамі – Сержуком Цімохавым, Генадзем Мацурам, Ігарам Рамашэўскім, Людай Шчамялёвай.

На мой погляд, самым значным этапам той вучобы стаў момант, калі да нас прыйшоў выкладаць жывапіс Віктар Маркавец. Малады, прыгожы чалавек, які размаўляў на беларускай мове.

Дарэчы, ён і пазнаёміў з Аляксеем Марачкіным. Аляксей Антонавіч запрашаў нас у сваю майстэрню дапамагаць рэстаўрыраваць творы Язэпа Драздовіча і Алёны Кіш.

Дзякуючы гэтаму я ўпершыню сутыкнуўся з сапраўднай народнай творчасцю.

Знаёмства з Віктарам Маркаўцом і Аляксеем Марачкіным значна паўплывала на мой светапогляд, адметнасць мастацкага мыслення, фарміраванне творчага кірунку, які я зараз называю трансцэндэнтным сімвалізмам.

У 1979 годзе скончыў мастацкую вучэльню, але адразу ў Акадэмію мастацтваў не трапіў, таму што не далі туды накіраванне. Як і ў школе, я быў “нядобранадзейным”, бо ніколі не прагінаўся перад дзяржаўнымі бонзамі, не гандляваў сумленнем і ўсяго дабіваўся апантанай працай. У вучэльні ўтраіх (разам з Лявонам Яшэнкам і Міколам Макарам) мы здымалі адну кватэру і адначасова купілі тры гітары. Дачка гаспадара крышачку іграла, таму першыя ўрокі давала яна, а потым я ўсяму вучыўся ўжо самастойна. Час ад часу даю канцэрты. Пераважна на мастацкіх пленэрах.

Для мяне гэта добрая магчымасць “пераключаць” мазгі, калі мастацтва вельмі стамляе.

Дык вось з Макарам, Яшэнкам і іншымі студэнтамі мы вялі амаль багемнае жыццё.

Напрыклад, маглі дазволіць сабе (у той час) паехаць у Маскву на цікавыя выставы ў музей Пушкіна альбо ў Траццякоўскую галерэю.

Здаецца, квіток да Масквы тады каштаваў каля сямі рублёў. Начавалі прама ў пад’ездах – гітара, “чарнілка”, закусь… Зразумела, жыхарам і парцье гэта не падабалася. Выклікалі міліцыю — нас выганялі, і з аднаго пад’езда мы беглі ў іншы. Так “перакантоўвалі” ноч, а раніцай ішлі глядзець арыгіналы сусветна вядомых творцаў.

Тое ж самае было і ў час вучобы ў акадэміі. Калі ў Маскве ладзіліся выставы работ Тамая, Кандзінскага, Шагала, Малевіча, мы абавязкова на іх траплялі. Часам выпадала набыць каталогі, якія каштавалі вельмі дорага. Адзін – 25 рублёў, а студэнцкая стыпендыя – 40 рублёў. Мастаку вельмі важна бачыць арыгіналы, слухаць жывую музыку.

Акрамя гэтага я вельмі люблю класічную музыку, джаз. На канцэрты і выставы (дзе б не быў) хаджу яшчэ з тых часоў. Бывае, за мяжой гэта каштуе не танна. Не тое, што ў нашай філармоніі. Асабліва ў часы перабудовы. Тады кошт квітка быў прыкладна роўным з коштам бутэлькі піва… Між іншым, сёння гэтая розніца таксама не вельмі значная…

Сюжэты лёсу

Дыпломную работу мы рабілі ўчацвярых – я, Сяржук Цімохаў, Пётр Русак і Генадзь Мацур па Мажэйкаўскай царкве. Гэта праект музея народнай творчасці у Мажэйкаўскай царкве абарончага тыпу. Сёння яе ведаюць як знакамітую Мураванку, а раней царква была ў заняпадзе, зачынена.

Абараніліся на “выдатна”.

Пасля сканчэння вучэльні мяне, паўтаруся, не накіравалі на далейшую вучобу, а размеркавалі ў Гомель у “Бытрэкламу”, але паспеў прапрацаваць там толькі некалькі месяцаў – забралі ў войска. Таксама з прыгодамі, дарэчы.

Справа ў тым, што па прыездзе ў Гомель я не мог нідзе прапісацца (на той час гэта было вельмі складана), а значыць і стаць на вайсковы ўлік у ваенкамат.

А ў Мінску мяне вайскоўцы ўжо пачалі шукаць. Ледзь не зрабілі “ўхілістам”. Нават бацьку ліст напісалі пра пераслед “па заканадаўстве”. Прыйшлося самому ехаць у Рагачоўскі ваенкамат. Прызвалі за адны суткі. Пагражалі адправіць ледзь не на Далёкі Усход, але нічога ў іх не атрымалася.

Спачатку я трапіў у Печы, што пад Барысавам, а потым накіравалі пад Лепель, у Заслонава. Адразу хацелі пакінуць у медсанбаце пры вучэбцы, аднак потым пасля чарговага “залёту” адправілі ў “лінейку”, то бок непасрэдна ў дзеючае войска.

Быў стралком-наводчыкам танка Т-72. Як кажуць, настраляўся на ўсё жыццё. Асабліва на вучэннях Захад-81, бо там наш батальён быў “у самым пекле”.

Цікава, што ў Печах пазнаёміўся з Віктарам Мікітам (разам рабілі макет палігона), які потым стаў адным з маіх выкладчыкаў у Тэатральна-мастацкім інстытуце і нават вазіў нас на практыку ў Пінск.

Аднак пра ўсё па парадку. Пасля звальнення ў запас (восенню 1981 года) я зноў вярнуўся ў Гомель. У “Бытрэкламе”, дзе да службы працаваў мастаком-афарміцелем (сёння – дызайнер), месца ўжо было занятае. Прыйшлося амаль восем месяцаў працаваць галоўным мастаком Спецыяльнага канструктарскага бюро сейсмічнай тэхнікі (СКБ СТ). Прадпрыемства было “закрытым”, то бок траплялі туды толькі па спецыяльным пропуску. Такая сістэма мяне вельмі напружвала, таму, як толькі з’явілася магчымасць, “уцёк” адтуль зноў у “Бытрэкламу”.

Ганаруся, што яшчэ ў 1982 годзе з сябрам Алегам Рабіновічам мы першымі ў Беларусі пачалі рабіць з алюмініевай жылы вітражы. Разам распрацавалі ўсю тэхналогію, бо якіх-небудзь даведнікаў тады проста не было. Тыя вітражы захаваліся і сёння, некалькі гадоў назад быў у Гомелі і сфатаграфаваў. Добрая прафесійная праца — таму і захаваліся. Хаця будыніна даўно змяніла свой статус і ведамаснае падпарадкаванне.

Прыгадваецца і яшчэ адзін цікавы выпадак. Напярэдадні нейкіх травеньскіх святаў нам з Алегам даручылі намаляваць вялікі партрэт Леніна. Абодвум гэта было “не ў дугу”. Узялі два шчыты (тры на тры кожны), паштоўку і “перавялі” з яе малюнак.

За вечар усё зрабілі і пайшлі дамоў спаць. Раніцай наступнага дня (у часоў дзесяць) я прыходжу на работу, бачу два перамаляваныя на бела шчыты, каля якіх “варожыць” адзін з нашых калегаў, які спецыялізаваўся “на партрэтах палітбюро”.

Аказалася, мастсавету не спадабалася наша праца і, не ведаючы, што гэта паўтор паштоўкі, яны яе “зарубілі”. Да святаў заставаліся суткі, таму для калегі гэта быў сапраўдны аўрал.

Зараблялі мы вельмі прыстойна. Абедалі толькі ў рэстаране з лепшай у горадзе кухняй. Грошы зараблялі, але за іх не было чаго купляць, бо добрых рэчаў у крамах немагчыма было набыць. Якасны тавар можна было прыдбаць, калі быў блат у крамах або ў фарцоўшчыкаў. Быў у мяне адзін такі знаёмы, калі можна сказаць, сябар Герман Іваноў па мянушцы Гера. Працаваў ён мастаком на нейкім заводзе, васьмікратны чэмпіён рэспублікі па штанзе, няскораны аптыміст, добры чалавек. Дарэчы, дзетдомавец. Яго ведаў, бадай, увесь Гомель. Я з ім калі-нікалі хадзіў на эцюды, дзе і пазнаёміўся. Знікаў ён часта. То два гады “хіміі” адседжваў. А аднойчы знік назаўсёды. І як потым высветлілася, знайшлі яго пад Гомелем у возеры з каменем на шыі. Так расправілася з ім банда невядома за што. А панавалі тады ў Гомелі некалькі бандыцкіх груповак — “марозаўцы”, ”пажарнікі” ды іншыя. Нечаканы працяг гэтай гісторыі адбыўся ў Маскве гадоў 10 назад. Дакладней, пад Масквой на лецішчы генерала генштаба Расіі.

Там мой сябар рабіў англійскі кабінет, більярдную залу.

Выпадкова мы сустрэлі там маладога чалавека па мянушцы Кузя. Ён быў у адной з груповак, здаецца “Kабана”.

Яго расповед шчыры і адкрыты мог шакіраваць любога. Жорсткасць і вычварэнствы, з якімі распраўляліся крымінальнікі са сваімі ахвярамі, пераўзыходзілі нямецкіх катаў. Распавёў ён, як ім мянты здавалі ахвяры. Напачатку ахвяру садзілі на 5–10 сутак па заказе аўтарытэтаў, зразумела. Потым так жа нечакана выпускалі раніцай гадзін у 5 або яшчэ раней. Турма знаходзілася за горадам. Па дарозе дадому ахвяру падбірала машына, і чалавек знікаў назаўсёды. Сувязі з мянтоўкай, пракуратурай, суддзямі былі адпрацаваны на вышэйшым узроўні і не толькі на ўзроўні Гомеля. Я памятаю пра гэты вядомы гомельскі працэс пісалі ў афіцыйнай прэсе. І зачышчалі гэтых аўтарытэтаў ужо ў часы перабудовы і пазней.

Гэта быў вельмі цікавы час рамантычнай маладосці і суровай рэчаіснасці саўковых часоў з іх каларытнымі асобамі і аўтарытэтамі, пра што можна пісаць цэлую кнігу.

Колеры іншадумства

У 1983 годзе я паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, які потым стаў Акадэміяй мастацтваў. На станковую графіку. Конкурс там быў 15 чалавек на месца. Вучыўся шэсць гадоў.

Лёс звёў з Алесем Пушкіным. Нас нават у інтэрнаце пасялілі ў адзін пакой, дзе разам і пражылі тры гады. Да таго моманту, калі яго забралі ў войска.

Да гэтага ён быў даверлівы, сентыментальны і нават крыху наіўны вясковец. Так бы мовіць, чысты чалавек. А прыйшоў з войска зусім іншы Пушкін. Больш разважлівы, суровы, упэўнены ў сабе, мужны, нічога не баіцца. Вось што значыць вайна…

Пачалося яго супрацьстаўленне ўладзе. Памятаю, як перад ягоным перфомансам мы хавалі ў бамбасховішчы плакаты. А пасля арышту стварылі ініцыятыўную групу па абароне мастака і патрабавалі выпусціць яго з-за кратаў.

Гэта быў 1989 год.

Я тады бараніў дыплом, і мая майстэрня была своеасаблівым штабам падтрымкі Пушкіна. Дзверы там не зачыняліся.

Не скажу, што менавіта гэта на нешта паўплывала, але факт застаецца фактам – Алеся Пушкіна не выключылі з акадэміі.

Дыплом у мяне зноў вельмі цікавы – “Погляд праз шкло”. Я і сёння гэтую тэму працягваю распрацоўваць. Дарэчы, за гэтую графічную серыю я атрымаў дыплом 1 ступені на II Мінскай міжнароднай выставе графікі ў 2009 годзе.

Скончылася вучоба ў 1989 годзе, а 26 красавіка 1986 года адбылася трагедыя на Чарнобыльскай АЭС, і ўсе мае планы рухнулі. Я хацеў ехаць у Гомель, стварыць там мастацкую базу і пастаянна працаваць. На жаль, гэтага не адбылося… Мая родная вёска трапіла ў “зону непрымусовага адсялення”, потым мы з бацькамі адтуль з’ехалі ўвогуле. І мелі, трэба адзначыць, рацыю.

Сярод маіх знаёмых, аднасяльчан, блізкіх хворых на анкалогію становіцца з кожным годам усё больш і больш. Рак літаральна косіць людзей. Японцы зрабілі правільны прагноз, калі сказалі, што праз 25–30 гадоў пасля аварыі пачнецца пік анкалагічных захворванняў. Зараз так яно і ёсць. Усяго за апошнія пяць гадоў наша суполка “Пагоня” страціла дзевяць чалавек. Сёння ў яе ўваходзіць толькі 55 чальцоў.

Чарнобыль радыкальна змяніў жыццёвыя планы. Пасля сканчэння Акадэміі мастацтваў у мяне не было нічога — ні жытла, ні майстэрні, ні працы. Уся маёмасць месцілася ў плецаку за плячамі. Так пачыналася жыццёвая “кар’ера”.

Яшчэ пад час вучобы ў сталічнай Вяснянцы я вёў студыю выяўленчага мастацтва і там падпольна (ніхто гэтага не ведаў) жыў. Умовы былі нармальнымі. Пад жытло абсталявалі маленькі пакойчык.

Два разы на тыдзень праводзіў з дзеткамі заняткі, а ва ўсе астатнія дні займаўся творчасцю. Потым узяў туды Пушкіна. Потым нас адтуль паперлі. Пушкіна выгналі першага, і ён з’ехаў у Віцебск.

Мяне таксама з дапамогай міліцыі пачалі выганяць. На пераезд далі трое сутак. Прыйшлося шмат чаго пакінуць у студыі, бо не было куды перавозіць. На шчасце, тады мяне пачалі запрашаць распісваць праваслаўныя цэрквы на Беласточчыну, што дазволіла крыху зарабіць і здымаць кватэру. Гэта былі першыя выезды за мяжу.

На здымных кватэрах я пражыў да 1997 года, калі бацькам у Малінаўцы далі двухпакаёвую кватэру.

На жаль, бацька пражыў у той двухпакаёўцы толькі чатыры гады… Не змог перажыць трэці інфаркт. А маці, дзякаваць Богу, жывая па наш дзень. Ёй 85 гадоў. Усе мае сваякі па жаночай лініі жывуць доўга…

У 1999 годзе я ўступіў у Саюз мастакоў і стаў сябрам створанай яшчэ ў 1990 годзе мастацкай суполкі “Пагоня”, якую з 2011 па 2016 гады і ўзначальваў.

І яшчэ. Пад час вучобы з Сержуком Цімохавым мы купілі флейты і самастойна навучыліся на іх граць. Бывае, перад нейкімі персанальнымі выставамі альбо на пленэрах я даю “канцэрты” не толькі на гітары, але і на флейце. Граю творы з “Полацкага сшытка”, імправізацыі, а на гітары толькі творы ўласнага сачынення.

Нядаўна адбыўся мой літаратурны дэбют. У альманаху “Скрыжалі “Спадчыны” (нумар шосты) надрукавалі прозу і вершы.

У 2014 годзе, калі пачаліся падзеі ва Украіне, і пазней, калі распачалася агрэсія Расеі з захопам украінскіх тэрыторый, немагчыма было заставацца проста сузіральнікам гэтых падзей. У 2015 годзе мы наладзілі міжнародны пленэр разам з украінскім мастаком у зоне АТА. Тое, што давялося пабачыць на свае вочы, і той досвед баявых дзеяў надзвычай уразіў і шакаваў. Пазней у Мінску мы зладзілі выставу па выніках пленэру.

З сумам і прыкрасцю мушу канстатаваць, што нідзе не знайшлося месца пад гэту цікавую і насамрэч актуальную выставу. А як вар’яцела кіраўніцтва Саюза мастакоў, калі мы спрабавалі выставіць гэтыя творы ў Палацы мастацтва… Прыйшлося зладзіць яе ў Амбасадзе Украіны ў Мінску… Хоць нечым мы паспрыялі прымірэнню ў гэтай недарэчнай вайне…

У 2016 годзе выдалі шыкоўны каталог Суполкі “Пагоня — 25 гадоў”. Бясспрэчна, гэта калектыўная праца, і ўсе сябры суполкі і рэдакцыйнай калегіі папрацавалі на выдатна. Па водгуках сяброў па цэху атрымаўся найлепшы каталог за ўсю гісторыю Беларускага Саюза мастакоў.

У 2015 і 2017 гадах я прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні выстаў “Праўда пра Курапаты”. Гэта была мая ідэя і я вельмі ўсцешаны, што падабралася вельмі прафесійная і адказная каманда. Нам удалося ўзняць і давесці да шырокай грамадскасці важную тэму масавых рэпрэсій у часы камунабальшавіцкага рэжыму. Наперадзе, калі дасць Бог, новыя праекты, выставы, творы і, бясспрэчна, нас чакаюць вялікія перамены”.

21.06.2017

%d0%94%d0%a0%d0%90%d0%97%d0%94%d0%9e%d0%8e-1
Бацька

%d0%94%d0%a0%d0%90%d0%97%d0%94%d0%9e%d0%8e-2 %d0%94%d0%a0%d0%90%d0%97%d0%94%d0%9e%d0%8e-3 %d0%94%d0%a0%d0%90%d0%97%d0%94%d0%9e%d0%8e-4 %d0%b4%d1%80%d0%b0%d0%b7%d0%b4%d0%be%d1%831 %d0%b4%d1%80%d0%b0%d0%b7%d0%b4%d0%be%d1%834 %d0%94%d0%a0%d0%90%d0%97%d0%94%d0%9e%d0%8e-5 %d0%94%d0%a0%d0%90%d0%97%d0%94%d0%9e%d0%8e-6 %d0%94%d0%a0%d0%90%d0%97%d0%94%d0%9e%d0%8e-8 %d0%94%d0%a0%d0%90%d0%97%d0%94%d0%9e%d0%8e-9