Дрозд Зміцер

%d0%b4%d1%80%d0%be%d0%b7%d0%b4

Зміцер ДРОЗД

З  кнігі “Супраць плыні”

 

ДРОЗД З ВЁСКІ “ДРАЗДЫ”

 

Даведка: Зміцер Дрозд нарадзіўся 26 сакавіка 1973 года ў вёсцы Дразды. У 1978 годзе вёска ўвайшла ў склад горада Мінска. Зараз там рэзідэнцыя прэзідэнта.

У 1992 годзе скончыў Мінскі тэхналагічны тэхнікум па спецыяльнасці “фотатэхніка”, у 2005 годзе – гістарычны факультэт БДУ (спецыяльнасць “музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны”. У 2010 годзе выйшла яго вялікая праца – кніга “Землеўладальнікі Мінскай губерні 1861-1900 гг.”

У часе выбарчай кампаніі 2010 года быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава. За ўдзел у Плошчы-2010 адбыў 10-сутачны арышт. 1 лютага 2011 года быў узяты пад варту на 3 сутак як падазраваны па чч. 1 і 2 арт. 293 КК. Прад’яўлена абвінавачванне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 5 траўня асуджаны на 3 гады зняволення

.

Напісаць пра гэтага чалавека я вырашыў задоўга да таго, як адбылося “памілаванне”, і вельмі хваляваўся, каб не пачуць пра “пасыпанне попелам галавы”. На шчасце, “прызнання віны” не было нават і блізка. І не магло быць, бо той, хто апынуўся тады за кратамі, пайшоў на “турэмны тэрмін” свядома (прабачце, пафас), згодна з асабістым сумленнем і гонарам.”

І яшчэ. Звяртаю ўвагу ўсіх чытачоў на тое, што ніхто з тых, хто апынуўся за кратамі, з гэтай нагоды асабіста ніякіх пачуццяў  акрамя шчырай радасці не выказаў. “Маралізаваць” праблему  пачалі толькі тыя, хто мае на гэты конт выключна ўмоўны досвед. Большасць з іх вельмі добра “ўпакавана” і жыве за межамі Беларусі.

Разважаць адтуль лягчэй за ўсё і, галоўнае, бяспечна…

Фамільная” назва

 

Шэсць гадоў таму Зміцер Дрозд пачаў вывучаць свой радавод і высветліў, што раней родная вёска яго бацькі называлася Дуды. Там ў 1892–1893 гадах набыў 53 дзесяціны зямлі Павел Дрозд. Імя яго бацькі было Алесь, і рускія чыноўнікі выкарыстоўвалі  то Аляксандравіч, то Аляксеевіч. Такія ж “люфты” і з прозвішчам. Час ад часу Дрозд становіцца Драздоўскім.

У Паўла было тры сыны – Васіль, Раман і Рыгор і  дачка Варвара. У кожнага з іх быў асобны дом і, як кажуць сёння, бізнес – лецішчы для мінчан. З часам Дуды ператварыліся ў Дразды, бо там жылі людзі выключна з такім прозвішчам. На мапах трыццатых гадоў ХХ стагоддзя назва вёскі ўжо была новай.

У 1930-ым годзе ўсіх траіх братоў Драздоў, якім  было  ўжо за 60  год (і жонкам таксама), “раскулачылі” і саслалі ў Архангельскую вобласць Расіі. Варвару “ раскулачылі” “без высылкі” Усяго за паўгады (у 1931-ым) ад нязносных умоў памерлі  Рыгор, Васіль і жонка Рамана. Толькі некаторыя з тых Драздоў вярнуліся паміраць на бацькаўшчыну.  Сын Рыгора Раман, што збег з ссылкі на радзіму, у 1938 годзе быў расстраляны,  як польскі шпіён.

“Галіне” Зміцера Дразда пашанцавала. Яго прадзед Канстанцін да 1930-га года ўжо ажаніўся на беднай дзяўчыне і жыў асобна. Савецкая ўлада яго чапаць не стала, але ўсё астатняе жыццё яго і дзяцей “гнабіла” за  тое, што яны сваякі “ворагаў народа”. Калі падчас Другой сусветнай вайны  прыйшлі немцы, яны нават пачалі вяртаць частку маёмасці, бо лічылі Драздоў пацярпелымі ад бальшавікоў. І хаця ніякага калабаранства пры гэтым не было, саветы зноў іх судзілі. Зрабіць здраднікамі не маглі (ніякіх доказаў не было), таму высылалі як “сацыяльна-чуждых элементаў”.

Цікава, што, калі  Канстанцін Рыгоравіч  памёр, Машэраў, які ўзначальваў тады КПБ і жыў у Драздах, прыслаў вянок, бо яны былі добра знаёмымі суседзямі. Машэраў быў простым чалавекам. З ім можна было без праблем загаварыць альбо схадзіць разам на рыбалку. Наконт новага жыхара Драздоў нешта падобнае нават уявіць немагчыма…

Зміцер Дрозд нарадзіўся ў 1973 годзе і больш за год паспеў пажыць у старой хаце на зямлі продкаў, а потым іх сям’я пераехала ў Мінск. У 1978 годзе з Драздоў выселілі і апошняга потомка Паўла Дразда.

Маці Зміцера Зоя Дзмітрыеўна родам з вёскі Весялоўка, якая яшчэ не так даўно месцілася на Камсамольскім возеры. Некалькі апошніх дамоў вёскі знеслі падчас знаёмага ўсім “благоустройства”, а раней на тым месцы быў даволі моцны і вялікі калгас.

Хаця будучыя бацькі Зміцера і жылі недалёка адзін ад аднаго, пазнаёміліся на вядомых тады танцах у Чыжоўцы – на карчах.

Весялоўку пачалі зносіць раней Драздоў, і маладой сям’і далі кватэру ў Мінску.

А добраўпарадкаванне саміх Драздоў пачалося ў сярэдзіне семідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, калі там пачалі рабіць адпаведнае вадасховішча. Цікава, што “раскулачвалі” продкаў Зміцера за тое, што зараз называецца “непрацоўнымі прыбыткамі”. Бальшавікам не спадабалася, што Дразды зарабляюць неблагія грошы “на лецішчах”. Усе хаты раскулачаных канфіскавалі і перавезлі ў розныя месцы. Адну — старшыні калгаса, другую аддалі пад клуб піянерскага лагера, які месціўся на зямлі высланых “кулакоў”. А потым у Драздоў  з’явіліся больш жахлівыя суседзі — лецішча НКУС. Многія лічаць, што там было нешта накшталт Курапат… Дарэчы, побач фашысты зрабілі першы мінскі канцлагер “Дразды”.

Зараз былой вёскі няма. Большая частка яе тэрыторыі (той, што некалі належала  Драздам) агароджана – рэзідэнцыя прэзідэнта. У месцы, дзе жыве яго “абслуга”, некалі ў адным маленькім доміку дажываў свой век Канстанцін Рыгоравіч, шасцёра яго дзяцей з сем’ямі і ўнукі. Сярод іх і будучы бацька Зміцера  Міхаіл.

Міхаіл Уладзіміравіч Дрозд, на жаль, памёр роўна дваццаць год таму (на гэтую сумную гадавіну Зміцер нават не змог схадзіць на могілкі (ужо быў на “Валадарцы”).  Працаваў на заводзе лядоўняў, на тонкасуконным камбінаце слесарам, стаяў за станком. Як кажуць, у яго былі залатыя рукі. А маці працавала на Мінскім заводзе вылічальнай тэхнікі,  потым у дзіцячым садку. Звычайная рабоча-сялянская  сям’я.

Ёсць у Зміцера яшчэ малодшая на год сястра Наталля, якая з’яўляецца поварам высокай кваліфікацыі. У яе двое сыноў.

У  двухпакаёвай кватэры, якую Дразды атрымалі амаль сорак гадоў таму, яны жывуць і па гэты дзень. Шэсць чалавек.

Зміцер Дрозд скончыў тую ж 132-ую школу (восем класаў), што і добра вядомая Святлана Завадская, муж якой “знік” у 2000 годзе. Вучыліся ў паралельных класах.

Школа была рускамоўная, і дзеці былых “сялянскіх” беларусаў, пад смех “гарадскіх”, паспяшаліся пазбавіцца свайго беларускага вымаўлення, каб перастаць быць “калгаснікамі”.

Трэці этап

 

Першы жыццёвы выбар ён зрабіў за кампанію. Гэта пра паступленне ў тэхналагічны тэхнікум (цяпер такія ўстановы сталі называць каледжамі). У ім Зміцер атрымаў веды прафесійнага фатографа і нават браў удзел на ўстаноўчым з’ездзе адпаведнага саюза, а ў 1998 годзе ў мінскай галерэе “NOVA” адбылася яго  персанальная выстава.

У фотагаліну Дрозд трапіў амаль выпадкова. Сябар Алесь Ставер, бацька якога працаваў фотакарэспандэнтам у розных  мінскіх газетах, марыў абраць менавіта такі шлях. І яшчэ адзін “плюс”. Тагачаснае “першае каханне” Зміцера таксама мела намер пайсці ў тэхналагічны на “дызайн адзення”.

Так атрымалася,  што дзяўчына туды так і не паступіла (не прайшла па конкурсу), а Зміцер з сябрам здзівілі выкладчыкаў сваімі ведамі па матэматыцы і атрымалі моцныя  пяцёркі.

Пасля трох з паловай гадоў вучобы Зміцер Дрозд доўга працаваў у фірме “Кодак”, чыя праявачная сетка моцна набірала абароты на абшарах Беларусі. Як і ў многіх іншых сферах, тое, чаму вучылі ў тэхнікуме, на практыцы аказалася “мінулым стагоддзем”. Рэальныя тэхналогіі аказаліся зусім іншымі.

Па характару Зміцер такі, што яму вельмі хутка надакучвае рабіць адну і тую ж справу. Таму год-другі працаваў, на паўгады сыходзіў, потым вяртаўся зноў. У працоўнай кніжцы чатыры запісы аб звальненні з “Кодака” і чатыры запісы аб прыняцці туды на работу. Кіраўніцтва фірмы рабіла гэта заўсёды з задавальненнем, бо ведала, што Зміцер Дрозд добры спецыяліст.

У прамежках ён працаваў у любімым піянерскім лагеры важатым альбо вандраваў па свеце. “Дзікуном” (адзін — заўвага аўтара) праехаў Крым і Каўказ, а потым Егіпет з Іарданіяй, аб чым напісаў успаміны “Мумія з беларускім пашпартам”.

Так было з 1996 года па 2002.

Па рэкамендацыі аднаго са сваіх  начальнікаў ён паехаў у Маскву зарабляць грошы, таксама ў “Кодак”, дзе спачатку працаваў аператарам, потым – фотадызайнерам.

Паралельна вучыўся на гістарычным факультэце БДУ, які скончыў у 2006 годзе.

Сваю біяграфію Зміцер умоўна дзеліць на тры этапы – вершы, фота і гісторыю. Вершы ён пачаў пісаць яшчэ ў 14 гадоў у школе (марыць выдаць кнігу — заўвага аўтара), потым займаўся фота, а затым было захапленне гісторыяй.

Праз сем гадоў працы ў Маскве (у 2009 годзе) ён вярнуўся ў Беларусь.

Яшчэ падчас вучобы на гістфаку захапіўся вывучэннем радавода сваёй сям’і. Ведае каля сотні сваіх непасрэдных продкаў (11 пакаленняў) – ажно да 1750 года.

Дарэчы, продкі Зміцера Дразда некалі таксама жылі каля рэчкі Свіслачы, вёска Зарэчча. Зараз гэта бераг Мінскага мора.

Калі праўда, што “рэклама – рухавік гандлю”, то радавод прымушае вывучаць структуры архіваў, бібліятэк і г.д. Напрыклад, знаходзіш фота якога-небудзь прадзеда, а ў яго на грудзях вісіць нейкі значок. І чалавек пачынае шукаць усё, што мае дачыненне да гэтай тэмы. Тое ж самае адносна пагонаў, адзення, рэчаў, інтэр’ераў, старых фотаздымкаў… Людзі, якія гэтым займаюцца, становяцца спецыялістамі ў самых розных галінах. Яны вывучаюць Гісторыю праз гісторыю сваёй сям’і.

Па адукацыі Зміцер Дрозд гісторык-музеязнаўца. Можа быць, менавіта па гэтай прычыне ў яго такое захапленне збіральніцтвам. Ён збірае старажытныя фота. Тыя, што былі зроблены на тэрыторыі Беларусі да 1917 года, як у мясцовых фотаатэлье, так і зробленыя немцамі.

Падчас Першай міравой вайны нашы землі вельмі доўга знаходзіліся пад акупацыяй і нямецкія салдаты тут вельмі багата фатаграфавалі, бо на іх еўрапейскі погляд шмат што тут было экзотыкай.  Якасць тых здымкаў вельмі-вельмі прыстойная. Часам нават немагчыма стрымаць здзіўленне ад таго, якія рэчы рабіліся сто гадоў таму. Многія з тых фота “выкладзены” ў інтэрнэце. Там іх Зміцер і знаходзіць. У планах Дразда выдаць фотаальбом беларускіх вёсак, якія знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй 1915–1918 гадоў,  а таксама каталог усіх дарэвалюцыйных фатографаў Беларусі.

Дарэчы, адна кніга ім ўжо зроблена.

Працу над кнігай “Землеўладальнікі Мінскай губерні 1861–1900” ён пачаў яшчэ ў Маскве. Прыходзіў з работы і да поўначы набіраў тэксты. А ў Мінску з адпаведная паперай з выдавецтва адразу пайшоў у архіў. Працаваў там каля года (расійскія заробкі дазвалялі). Кожны дзень – з 9.00 да 20.00. З розных дакументаў было зроблена больш як 20 тысяч выпісак.

300 асобнікаў Зміцер выдаў за свой кошт. Яны ўжо разышліся па ўсім свеце, а сама кніга атрымала вельмі добрыя водгукі ад прафесіяналаў і стала бібліяграфічнай рэдкасцю.  Пагадзіцеся, для нашага часу — не самая распаўсюджаная справа.

Асэнсаваны выбар

 

Сям’я Драздоў, як некалі сказала на допыце ў НКУС адна з цётак Зміцера, заўсёды была прынцыпова антысавецкай па пераканнях. І гэта не вынік катаванняў — гэта канстатацыя факту. Зміцер не стаў камсамольцам, бо яму быў нецікавы “савецкі фармалізм”, а бацьку калісьці і ўвогуле выключылі з піянераў.

Гены…

Палітыку Дразды заўсёды лічылі “бруднай справай”, і з часоў “раскулачвання” імкнуліся пра яе не гаварыць. Можа быць, менавіта па гэтай прычыне, калі амаль усе аднакласнікі Зміцера захапляліся ідэямі БНФ, ён жыў як бы ў паралельным свеце – паэтычна-фатаграфічным.

Палітыка ўзнікла паступова. Калі сам Зміцер яшчэ ў 1994 годзе зразумеў, хто прыйшоў да ўлады, то яго маці тады галасавала за “ўсенародна абранага”.  І не толькі за сябе, а нават і за сына. Ніхто і не запытаўся пра яго пашпарт…

Апошнім часам яна кардынальна змяніла свае погляды. Адбылося гэта яшчэ да сумных “прыгод” сына. На апошніх выбарах  галасавала супраць дзеючай улады (ніякай сынавай агітацыі не было), таму што жыць стала значна цяжэй.

Пасля загадкавага “самазабойства” Алега Бебеніна Зміцер Дрозд зразумеў, што ў нашай краіне трэба нешта тэрмінова рабіць, нельга знаходзіцца ўбаку і жыць па прынцыпу “толькі б не было вайны”.

На сайце “Хартыі-97” Дрозд прачытаў пра запіс у ініцыятыўную групу Андрэя Саннікава і напісаў туды ліст. Неўзабаве яму патэлефанавалі. А 30 верасня 2010 года на станцыі метро “Пушкінская” Зміцер атрымаў адпаведнае пасведчанне і сабраў свае першыя подпісы. З гэтага моманту і пачаўся яго шлях у палітыку.

Цікавыя ўражанні тых часоў: каля 80% тых, хто выходзіць з метро, не цікавяцца палітычнай тэматыкай цалкам, астатнія 20 адсоткаў складаюць прыблізна ў аднолькавых прапорцыях апаненты беларускага рэжыму і тыя, хто яго пакуль падтрымлівае. Пры гэтым актыўнасць апошніх сёння ўжо не тая, якая была, скажам, пяць год таму.

Каля пікета Андрэя Саннікава часам стаялі чэргі з тых, хто хацеў падпісацца. Людзі прыязджалі нават з іншых гарадоў. Пра дзеючага кіраўніка краіны нічога падобнага не скажаш: каля яго пікета спынялася самае большае пяць-сем чалавек за дзень.

Акрамя гэтага Зміцеру Дразду было прыемна, што пра яго кандыдата ў прэзідэнты гучала так многа добрых слоў. Мінск невыпадкова называюць вялікай вёскай: нехта быў знаёмы з бацькамі Саннікава, нехта ведае блізкіх яго жонкі і г.д.

Таму цалкам зразумела, што лічбы чарговай “элегантнай перамогі”, агучаныя 19 снежня 2010 года на плошчы Незалежнасці, мякка кажучы, абурылі Зміцера Дразда. Ён дакладна ведаў, што ўсё не так.

Гэта і стала прычынай эмацыйнага парыву. Дарэчы, шкло ў Доме ўрада, як паказаў відэазапіс, ён не разбіваў (яно ўжо было кімсьці пабітае)  і ніякі “ўрон дзяржаве” нанесці не імкнуўся. Біў па нейкай дошцы, якая ад гэтага не толькі не пацярпела, але нават не была падрапанай. І тым не менш — “тры гады”, плюс традыцыйныя “суткі”.

Першы раз яго арыштавалі на плошчы Незалежнасці, калі амапаўцы пачалі сваю сумна вядомую “зачыстку”. Пачуўшы грозны грукат гумовых дручкоў аб шчыты, Зміцер прынцыпова не стаў нікуды бегчы. І апынуўся … на Акрэсціна.

З двух бакоў доўгага калідора тварам да сцяны стаялі людзі.  “Набралі” так шмат, што не маглі ўсіх “размясціць”. Некаторыя па 3–4 гадзіны сядзелі на марозе ў аўтазаках.

Раніцай павезлі ў суд. Там высветлілася, што Зміцера Дразда затрымлівалі тры міліцыянты. Абсурд сітуацыі заключаўся ў адсутнасці такога факта ўвогуле. Ніякага затрымання тады не было. Людзей банальна (як быдла – заўвага аўтара) заганялі гумовымі дручкамі ў аўтазакі.

Нікога ў судзе гэтыя абставіны не засмуцілі. Хто пагаджаўся з тым, што на мітынг прыйшоў асэнсавана, атрымліваў10 сутак. А тым, хто казаў пра тое, што апынуўся там выпадкова, – 15. У тым ліку і тым, хто выпадкова ў гэтым раёне “піў піва”. Як кажуць, і смех і грэх…

Зміцер Дрозд быў у першай катэгорыі.

Вымушанае “памілаванне”

Праз дзесяць сутак жодзінскага СІЗА Зміцер выйшаў на волю, але “прыгоды” на гэтым не скончыліся. 1-га лютага 2011 года за ім “прыехалі”. Следчы паказаў відэа, дзе чалавек, падобны да яго, два разы адмахнуўся ад назойлівага аператара ў цывільным, які падышоў да яго зусім блізка. Ідэнтыфікаваць гэтага чалавека, як сябе, Дрозд адмовіўся. Маўляў, “вельмі падобны, але не я”.  У “глухім адказе” ён быў да 27 красавіка, калі пачаўся суд.

Не буду пераказваць усе падрабязнасці хады “самага гуманнага і справядлівага”, адзначу толькі, што амаль за тры месяцы, якія прайшлі пасля арышту, нічога новага следчыя (не глядзячы на вобыск у кватэры) “не нарылі”.

Да “справы” следчыя прыклалі скрыню ад мегафона. Ніхто пры гэтым не звярнуў увагу, што яна зусім іншай канструкцыі і значна менш той, што зафіксавала відэа…

Канфіскавалі  і каля чатырох сотняў абсалютна легальных агітацыйных брашур Андрэя Саннікава. На адной  Зміцер Дрозд стаіць побач з кандыдатам у прэзідэнты. Мабыць, нехта хацеў  тут “убачыць”  нейкую “падпольную сувязь”. Не атрымалася.

Здарыўся сапраўдны казус. На судзе хацелі паказаць той жа самы відэаролік, які быў на першым допыце, бо іншага не знайшлі, але ён, як кажуць камп’ютаршчыкі, не адкрыўся. Магчыма, беларускай Фемідзе дапамагае цэлы натоўп казачных гары потэраў, аднак у прысудзе напісана, што пашкоджаны файл прагледзелі і ён сведчыць пра віну Зміцера…

“Том” яго прысуду складаецца з 37 старонак. Пра Зміцера Дразда там толькі тры радкі. Атрымліваецца, за кожны з іх яму “далі” па году.

На судзе яму нават было няёмка за тых, хто сведчыў супраць. Асабліва наконт “фізічных пашкоджанняў” двухметровых бамбіз, якія зводзіліся альбо да “траўмы ягадзіцы”, альбо да параненага пальца. Дарэчы, апошняя – самая распаўсюджаная траўма. Калі “касманаўты” малоцяць натоўп, яны даволі часта пападаюць гумовымі дручкамі па руках адзін аднаму. Адсюль – “удар тупым прадметам”.

Пасля вынясення прысуду Зміцеру Дразду дазволілі першае спатканне з маці — паўгадзіны тэлефоннай размовы “праз шкло”. Другое адбылося ў Бабруйскай калоніі, якая пачалася з месячнага каранціну. Дарэчы, менавіта там Зміцер пазнаёміўся з другім “палітычным” – Сяргеем Казаковым.

На работу Зміцера Дразда накіравалі літаральна праз тры дні пасля сканчэння каранціну (у іншых такі тэрмін значна даўжэйшы). Спачатку ён быў грузчыкам (дакладней, сартыроўшчыкам, які пераносіў масіўныя бярвенні), а потым збіваў драўляныя паддоны.

Дзённая норма складае дзесяць адзінак. На першы погляд гэта няшмат, але, каб зрабіць адзін, трэба не толькі адстаяць шмат часовую чаргу за дошкамі, але і забіць каля пяцідзесяці цвікоў. Малаток, які яму выдалі, важыў кілаграм. Пад канец змены рука “гуляла”, як хацела, таму чалавек, які чакаў чарговы паддон,  гледзячы на пакуты новага цесляра, прапанаваў сваю дапамогу: давай я забью… Без адпаведнай звычкі – цяжка.

За кратамі “сядзяць” розныя людзі, але адзін з іх заслугоўвае асобнага аповеду, бо вельмі красамоўна “дэманструе” беларускую рэчаіснасць.  Звычайны іранец паверыў “казкам” пра “беларускі рай”, “роўныя ўмовы” і прыехаў паступаць у Мінскі медыцынскі  інстытут, які пазней стаў універсітэтам. Паступіць на “бюджэт” не змог, таму што ўсе месцы там былі ўжо занятыя “блатнымі”.

Па прычыне таго, што ён не быў сваяком персідскіх шэйхаў, прыйшлося два гады працаваць. Гэта дазволіла пайсці “на платнае”, праўда, ужо  не ў Мінск, а ў Гародню.

Пасля вучобы 10 год працаваў у звычайнай паліклініцы хірургам, стаў загадчыкам аддзялення. У 2008–2009 гадах яго прызналі лепшым хірургам беларускай сталіцы…

Усё сваё жыццё чалавек жыў у інтэрнаце, атрымліваў мізэрныя заробкі. За ім сачылі, праслухоўвалі тэлефон паўгады,  самі з трэцяй спробы справакавалі хабар і налічылі  аж на мільён “шкоды дзяржаве”… Не, не даляраў, а беларускіх рублёў. Не гледзячы на тое што гэта сума адразу была вернутая дзяржаве, падчас суда – тры гады.

Спецыяліста з залатымі рукамі, да якога прыязджалі хворыя з усяго свету, у калоніі паставілі… збіваць скрыні. І нікога не засмуціла тое, што гэта можа цалкам загубіць прафесіяналізм. У турэмнай санчасці для спецыяліста сусветнага ўзроўню месца не знайшлося…

“Кантынгент” калоніі складаецца з розных груповак: людзі аб’ядноўваюцца па брыгадах, інтарэсах, узросту, месцу жыхарства, нацыянальнасцям, крымінальным артыкулам і г.д.  Аднаму выжыць вельмі цяжка. Шмат тых, хто “сядзіць” за “эканамічныя” злачынствы, але самая значная – “малалеткі”, якія спрабуюць “касіць” пад бывалых “зэкаў”. Фізічная моц – адзінае, да чаго яны прыслухоўваюцца. Калі ты можаш за сябе пастаяць, усё будзе нармальна. Калі не…

За месяц максімальна можна зарабіць пяць тысяч, але і яны, бывае, “ператвараюцца” ў дзве. За такія “грошы” можна купіць адну пачку сігарэт, а каб адправіць “касатку”, то бок касацыйную скаргу, трэба 35 тысяч. Некаторыя (нават невінаватыя) менавіта па гэтай прычыне “сядзяць” “ад званка да званка”. На такія грошы немагчыма купіць нават туалетную паперу альбо мыла, не кажучы пра такі роскаш, як зубная паста.

Прапанова наконт “памілавання” была абсалютна нечаканай, таму што ў судзе Дрозд не прызнаў сваёй віны.

У адну з субот Зміцера Дразда выклікалі ў штаб, дзе з ім сталі размаўляць “па душам”. Маёр з “зоны” і нейкі “цывільны” пачалі расказваць, як цудоўна жыць у нашай краіне. Дрозд прытрымліваўся супрацьлеглай думкі. Некалькі гадзін пайшло на безвыніковыя пошукі агульнага “назоўніка”, пасля чаго “цывільны” нечакана загаварыў пра магчымасць убачыць хворую маці і вярнуцца да творчасці. Ён і прапанаваў нешта “напісаць”. Улічваючы тое, што Зміцер сваёй віны не прызнаў, нашлі кампраміс, які абмежаваўся абстрактным “пакаяннем”. Звычайна на такія рэчы ідуць цэлыя месяцы, а тут хваціла некалькіх дзён. Мабыць, моцна спяшаліся.

11 жніўня 2011 года беларускае тэлебачанне паведаміла пра “прэзідэнцкую літасць”.

14.09.11

 

З кнігі “Жыццё пасля кратаў”

 

Са Зміцерам Драздом мы размаўлялі амаль год таму. Што адбылося новага ў яго жыцці? З гэтага пытання і пачалася новая размова.

– Самае галоўнае, што 24 студзеня я забраў з друкарні другое выданне сваёй кніжкі, – расказвае Зміцер– Зрабіў дадрукоўку, бо, калі выйшаў на волю, іх ужо не было ў “Акадземкнізе”. Усе кніжкі прадалі. Людзі пісалі лісты, прасілі яшчэ. Тады я крыху палепшыў першае выданне, дадаў біяграфічны, імёнавы ўказальнікі, калектыўны ліст, які быў напісана для майго суду і выдаў яшчэ сотню кніг.

Па сутнасці ўжо прадалі і гэта выданне.

Зараз я працую на другім томам. Першы быў абмежаваны 1900-ым годам. Цяпер збіраю матэрыялы, якія тычацца землеўладальнікаў Мінскай губерні, што былі пасля гэтага часу. Гэта будзе вельмі грунтоўны і вялікі твор. У першай частцы “за аснову” ўзятыя 3000 землеўладальнікаў. У новым выданні іх будзе ўжо 18 тысяч. Калі ўлічыць, што ў першай кніжцы было каля 700 старонак, то там іх павінна быць прыблізна ў шэсць разоў болей. Як мінімум – двухтомнік. Гэта работа разлічана на 3-4 гады.

Паралельна з гэтым раблю і яшчэ адну работу. Рыхтую да друку кнігу маіх вершаў і фатаграфій. Па сутнасці гэта нейкая квінтэсенцыя таго, што пра мяне ніхто не ведае. Вельмі спадзяюся, што для “масавага чытача” яна будзе значна больш цікавая чым даведнікі пра землеўладальнікаў.

Час ад часу друкую свае артыкулы на “Хартыі-97”. Гэта мне прапанавала рабіць Наталля Радзіна Вельмі высока цаню   водгукі такога строгага рэдактара..

Нарэшце я атрымаў шэнгенскую візу. Двойчы з’ездзіў у Літву. Адзін раз у Польшчу – ажыццявілася мара пабываць у Еўропе. Злётаў самалётам літаральна на адзін дзень у Хельсінкі. Потым праз Балтыйскае мора на пароме – у Санкт-Пецярбург. Даўно марыў пабываць у іх архіве. На жаль там жыць вельмі дорага, бо для працы спатрэбіцца мінімум месяц.

– За свой кошт..?

– Выключна. Іншых прапаноў не было.

– Гэта адказ тым, хто шукае “мільёны апазіцыі”…

– Зараз хаджу ў мінскі архіў. Працягваю пошукі па сваёй радаслоўнай.

Дзякуючы, праграме Каліноўскага паступіў на вучобу ў Варшаўскі універсітэт, дзе буду атрымліваць другую вышэйшую адукацыю. Прапанавалі адразу дактарантуру, але я не адчуваю сябе так ўпэўнена, каб можна было пісаць навуковую работу на польскай мове.

У планах ужо ёсць, наступная кніга “Землеўладальнікі Заходняй Беларусі 1923-1939 год. Пакуль ідзе збор папярэдніх матэрыялаў

– Наколькі я памятаю, раней кола адносінаў у вас было з большасці прафесійным, потым палітычным. А цяпер яно не змянілася?

– Не. Ніхто з маіх сяброў (па школе, тэхнікуму, рабоце) маё прозвішча не выдаліў са спіску фрэндаў. Ні ў “Фэйсбуку”, ні ў “Аднакласніках”.

– Калі параўнаць момант, калі Вас садзілі ў турму з тым, што было пасля выхаду на свабоду, ёсць розніца? “Стабільнасць” змянілася крызісам, а зараз зноў абяцаюць стабільнасць…

– Нечым нашы дні мне нагадваюць тое, што адбылася на пачатку 2011 года. Усе чакалі дэвальвацыю, пісалі пра яе, а урад гаварыў пра “стабільнасць”. Тады яна сумела пратрымацца менш як паўгады. Цяпер сітуацыя вельмі падобная…

Па статыстыцы Нацбанку людзі пэўны час больш прадавалі валюты, чым куплялі. І гэта выдавалася за нейкую “стабільнасць”. Даволі цынічная хлусня. Людзі прадавалі валюту не таму, што больш верылі беларускаму рублю. Проста ім трэба было нешта есці… Сёння зноў скупляюць валюту. Становішча супрацьлеглае. Усе стала на “свае месцы”. Народ жыве на былых запасах. Мая маці атрымлівае зарплату (па курсу Нацбанку) крыху больш за сто даляраў у месяц. І так жывуць многія.

На камуналку і харчы кошты растуць бесперапынна. Аднак не гледзячы на гэта, страх у людзях пакуль усё роўна больш за астатнія пачуцці. Яны будуць сядзець галоднымі, але публічна пратэставаць не стануць. Гэты страх наўмысна культывуецца ўладай і асабіста Лакашэнкам. Падзеі 19 снежня 2010 года – урок страха. Схема вельмі простая: выйшаў на плошчу – сеў у турму. У людзей, як у сабакі Паўлава, у якой пры ўключэнне лямпачкі з’яўлялася сліна, вырабляецца ўмоўны рэфлекс – пратэст = турма.

На мой погляд, у многіх сёння настроі трымацца як мага далей ад палітыкі. Яны могуць думаць, што заўгодна, тысячы разоў ненавідзець гэты рэжым, але бадуць усё роўна баяцца, баяцца і баяцца. Маўляў, “плетью обуха не перешибешь”. Яны баяліся і раней, але пасля брутальных падзей на плошчы Незалежнасці гэта пачуццё ўзрасло ў шмат разоў.

– А навошта гэта трэба Вам? Пасядзеў у турме, вызваліўся… Навошта “дражніць гусей” і хадзіць на розныя апазіцыйна-небяспечныя акцыі?

– Справа ў тым, што на плошчы Незалежнасці (нават мяркуючы па нашай справе) было шмат амаль выпадковых людзей, якія проста “аказаліся ў непатрэбным месцы ў непатрэбны час” і уліплі ў непатрэбную гісторыю. Я ж быў там абсалютна асэнсавана і свядома. Хадзіў на Кастрычніцкую плошчу яшчэ ў 2006 годзе.

Пасля суда за падзеі 19 снежня 2010 года мая пазіцыя не змянілася. Як кажуць, “не стал на путь исправления”. За сем месяцаў няволі мне, вобразна кажучы, “мазгі не прамылі”. Па ранейшаму прынцыпова лічу, што наша краіна ідзе ў тупік, ёй патрэбны новы прэзідэнт, кардынальныя перамены.

Улада сёння робіць усё, каб з ёй змагацца. Майго сябра Макса Вінярскага арыштоўвалі і судзілі ўжо шмат разоў. Гэты чалавек не зарабляе для сябе нейкі апазіцыйны аўтарытэт, а шчыра змагаецца з уладай. Калі праходзіла інагурацыя Лукашэнкі, ён быў адным з дзесяці, якія тады адважыліся выйсці на Кастрычніцкую плошчу. Публічна пакляўся на Канстытуцыі, што не прызнае гэтую ўладу. Яго пакаралі “ 5 суткамі” за лаянку. Я выдатна ведаю, што ён ніколі не выкарыстоўвае брыдкіх словаў, яму гэта цалкам не ўласціва.

Таму, улады самі штурхаюць да таго, каб я не маўчаў.

– Не баіцеся, што “закрыюць” зноў?

– Канешне, як і любому нармальнаму чалавеку, мне гэтага не хацелася б.

Хаця, калі падыходзіць да пытання па-філасофску, то шмат хто “на зоне” жыве адносна нармальна. Праходзіць год-два-тры, і чалавек прызвычайваецца да жыцця ў няволі. Ён “не выпраўляецца” і ўжо практычна не пакутвае. Асабліва, калі тэрмін вялікі, і “сядзець” яшчэ 8-10 гадоў, а кантакты на волі былі вельмі падобнымі. На жаль “чэфір” п’юць не толькі за кратамі. Некаторыя не тое, што пакутваюць у калоніі – яны там жывуць.

Я адношуся да іншай катэгорыі. У калоніі было вельмі цяжка. Перш за усё таму, што там было абсалютна не ўласцівае мне кола стасункаў. Так, там ёсць і інтэлігентныя людзі, але іх (слава Богу) толькі 5-10 адсоткаў. З большасці тыя, хто атрымаў пакаранне за так званыя “эканамічныя” злачынства. Напрыклад, мой сябар доктар, былы лепшы хірург Мінска (пра яго расказана ў кнізе “Супраць плыні” – заўвага аўтара), якога “закрылі” за “шкоду” дзяржаве ў выглядзе аднаго (!!!) мільёна беларускіх рублёў.

Калі ж браць увесь “кантынгент”, то тут цяжка сказаць пра высокі інтэлект. У асноўным “малалеткі”. Нехта скраў мабільны тэлефон, па п’яні падраўся, або абрабаваў краму і г.д. Людзі там крыху недаеўшыя, недаспаўшыя, увесь час крыху злыя. Выдатна разумеюць, дзе знаходзяцца і лічаць сваё жыццё амаль загубленым. Канфлікты ўзнікаюць імгненна. Адной “іскры” дастаткова, каб усе схваціліся за табурэткі і пачалі драцца.

На мяне не было такога ціску, як скажам на Саннікава, або Статкевіча. Нічога геройскага не рабіў. Проста імкнуўся не кантактаваць з тымі, хто мне непрыемны. Нават, калі дзеля гэтага прыходзілася абіраць больш цяжкую работу.

– На Ваш погляд, будзе (як у 2006 і 2010 гадах) яшчэ адна Плошча? Пойдуць на яе людзі? Альбо страх больш?

– Канешне, для людзей больш сталага пакалення зрабіць гэта будзе вельмі цяжка, аднак моладзь – выйдзе. Большасць к кіруючаму рэжыму адносіцца вельмі крытычна. Магчыма, людзей будзе значна больш, чым у 2010. Магчыма, яны будуць больш агрэсіўныя, чым мы. Злосць множыцца. Паравы кацёл нельга ўвесь час награваць, бо крышку сарве абавязкова. У 2010 годзе ўлада справакавала агрэсію. Магчыма, у 2015 нічога пракаваць будзе не трэба..

Паглядзіце любыя тэлевізійныя навіны. У адным месцы затрымалі нейкіх футбольных фанатаў, у другім – рыцарскі клуб, у трэцім – эколагаў, якія сабраліся пагаварыць пра будаўніцтва АЭС, у чацвёртым – бардаў, што не маюць да палітыкі ніякіх адносін. Улада сама, сваімі паводзінамі правакуе супраціў ёй. Яна плодзіць сабе ворагаў больш, чым нейкія апазіцыйныя інфармацыйныя рэсурсы. Пры чым, кожны дзень.

 

%d0%94%d1%80%d0%be%d0%b7%d0%b4-2 %d0%b4%d1%80%d0%be%d0%b7%d0%b4-3 %d0%b4%d1%80%d0%be%d0%b7%d0%b4-4 %d0%b4%d1%80%d0%be%d0%b7%d0%b4-5 %d0%b4%d1%80%d0%be%d0%b7%d0%b4-6 %d0%b4%d1%80%d0%be%d0%b7%d0%b41 %d0%b4%d1%80%d0%be%d0%b7%d0%b42 %d0%b4%d1%80%d0%be%d0%b7%d0%b43-%d0%a2%d1%80%d0%b0%d0%ba%d0%b0%d0%b9%d1%81%d0%ba%d1%96%d0%b9-%d0%b7%d0%b0%d0%bc%d0%be%d0%ba %d0%b4%d1%80%d0%be%d0%b7%d0%b44 %d0%b4%d1%80%d0%be%d0%b7%d0%b45