Дубянецкая Ірына

%d0%94%d0%a3%d0%91%d0%af%d0%9d%d0%95%d0%a6%d0%9a%d0%90%d0%af

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Шчыра кажучы, упершыню ў жыцці сутыкнуўся з тым, што ўладальніца гэтага імені так прынцыпова ставіцца да падобных нюансаў. Дубянецкая прымае “Ірына” і не прымае “Іра”, бо ў гэтых імёнаў зусім розныя значэнні. “Ірына” ў перакладзе з грэчаскай – мір, а “Іра” на лаціне азначае “гнеў”.

Часам яна так і кажа: “Не будзіце ўва мне Іру…”

А яшчэ мне было вельмі прыемна адчуваць, што размаўляю з першай у беларускай гісторыі жанчынай, якая стала доктарам багаслоўя.

Пачатак пачаткаў

“Мой бацька, Міхал Дубянецкі, родам з Палесся, дакладней са Століншчыны.

У дзяцінстве ён быў кніжнікам, і культ кнігі захаваў на ўсё жыццё. І ягонае першае знаёмства з Савецкай уладай пачалося праз кнігі. Першае ўражанне ад бальшавікоў ён таксама захаваў на ўсё жыццё.

Гэта было ў верасні 1939 года. Бацька вучыўся тады ў кляштарнай школе ў Пневах, куды яго разам са старэйшым братам адправілі ў якасці ўзнагароды за выдатную вучобу. Кляштарам кіравала (цяпер ужо святая) Марыя Уршуля Ледухоўская, памяць пра якую грэла майго бацьку да самай смерці. У канцы лета ім з братам са школы прыслалі тэлеграму, каб яны не вярталіся ў Пневы, бо пачыналася вайна.

Неўзабаве прыйшлі чырвонаармейцы і пачалі ўсталёўваць свой лад. Адной з першых дзеяў стала разарэнне школьнай бібліятэкі. Магчыма, хацелі знішчыць польскія кнігі, а іншых там, відаць, і не было. У двары расклалі вогнішча і сталі кідаць туды кнігі. Дапытлівы чырвонаармеец хацеў ведаць, што ён паліць, а чытаць па-польску не ўмеў, і таму загадаў хлопцам агучваць аўтара і назву.

Выглядала гэта прыблізна так.

Малы з трапятаннем бярэ кнігу і чытае:

– Генрык Сянкевіч. “Ogniem i mieczem”.

– Вось табе “мечэм”! – чырвонаармеец раздзірае кнігу напалам. – А вось табе “огнем,” – і шпурляе яе ў вогнішча.

– Эліза Ажэшка. “Хам”, – ледзь не плача хлопчык.

– Ты яшчэ і лаешся, падла?! – салдат радасна дзярэ кнігу і адпраўляе за першай…

Ніякая камуністычная прапаганда потым не затушыла таго вогнішча дзяцінства.

Па вайне стала ясна: Саветы – надоўга, і бацька вырашыў, што рабіць для сваёй краіны нешта карыснае найлепей знутры сістэмы. Ён адслужыў у савецкім войску, скончыў Вышэйшую партыйную школу, працаваў у ЦК КПБ. Пры гэтым ніколі не траціў свой унутраны супраціў. У 1980-я апынуўся ў самым віры адраджэнскіх падзей, а ў 1988 годзе ўзначаліў новаўтвораны “Мартыралог Беларусі” і быў адным са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту.

На ўсіх працах ягонай “рабочай моваю” – як ён сам гэта далікатна называў – была беларуская. Неяк у ЦК зрабілі брашурку пра БССР для замежнікаў (на некалькіх мовах), а яму прапанавалі стаць яе афіцыйным “аўтарам”. Ён спачатку адмовіўся, але потым пагадзіўся пад умовай “аўтарызацыі”. І паўстаўляў у тэкст колькі рэчаў пра беларускую даўніну і культуру, якія там зусім не меліся на ўвазе… Таксама з яго афіцыйнай рэкамендацыі Беларусі – адзінай з усіх савецкіх рэспублік – “дазволілі” выдаваць адкрытую (а не на 2-3 тамы, як мелася напачатку) акадэмічную серыю нацыянальнага фальклору. У выніку атрымалася легендарная БНТ (Бібліятэка народнай творчасці), якая выходзіла дзесяцігоддзямі, паказаўшы і беларусам, і свету ашаламляльнае багацце беларускага фальклору і выгадаваўшы некалькі пакаленняў нашых творцаў, даследчыкаў і культурных дзеячаў.

З ЦК бацька вырваўся, каб займацца мілай яго сэрцу справай – кнігамі. Ён стаў спачатку адказным сакратаром Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, а потым дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Заснаваў шмат кніжных серый, заахвочваў мастакоў ствараць з кніг мастацкія шэдэўры. Кнігі ягонай “Мастацкай літаратуры” заваёўвалі безліч міжнародных прызоў і прадаваліся за мяжу лепш, чым прадукцыя іншых савецкіх выдавецтваў.

Былі гады, калі адна “Мастацкая літаратура” прадавала кніг болей за цэлыя рэспублікі. Яму казалі, што гэта, маўляў, пераважна за кошт дзіцячых кніжак. А ён паспрыяў стварэнню новага асобнага выдавецтва дзіцячай літаратуры – “Юнацтва” і, ужо толькі на “дарослых” кніжках, працягваў рабіць “Мастацкую літаратуру” адным з самых прыбытковых выдавецтваў Савецкага Саюза. І адным з самых яркіх з пункту гледжання сузор’я культурных герояў, якія там сабраліся: Рыгор Барадулін, Васіль Сёмуха, Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Леанід Дранько-Майсюк…

У рамантычныя і змагарныя 1980-я ён падтрымліваў праросткі новай беларушчыны, хаця даваліся яны вельмі і вельмі цяжка. Бясконцыя змаганні ў высокіх кабінетах, няспыннае супрацьстаянне сістэме падкасілі здароўе. Бацька перанёс два, як ён казаў, “сацыяльна-палітычныя інфаркты” і інсульт.

У канцы жніўня 1990 года, калі яго “зваліў” другі інфаркт, ён упіраўся, не хацеў ехаць у шпіталь, бо ў яго ўжо быў квіток у Пневы – рай ягонага дзяцінства, дзе ён мроіў – пасля 50-ці гадоў статусу “невыязнога” – глынуць волі. І калі яго забірала “хуткая”, ведаў, што сваёй абяцанай зямлі яму не ўбачыць…

Адной з самых гучных выдавецкіх гісторый была ягоная бітва за аповесць Васіля Быкава “Мёртвым не баліць”. Тэкст 20 гадоў пад забаронаю, а бацька надумаў уключыць яго ў новы чатырохтомнік Быкава. Нягледзячы на рэзкія адмовы і рэпрэсіі з боку ідэалагічнага апарату, працягваў даводзіць сваё, і ўрэшце даслаў велізарную тэлеграму ў маскоўскія “вярхі”. Апошні том спазняўся з выхадам у свет, і стомлены Быкаў прапаноўваў замяніць аповесць якой-небудзь іншай такога ж памеру. Бацька не здаўся і – перамог. Небяспечны тэкст пабачыў свет.

Бацькава змагарнасць неяк спалучалася з надзвычайнай унутранай мяккасцю, дабрынёй і вераю ў людзей. І, безумоўна, ён быў кніжнікам. Дома тысячы і тысячы кніг. Ён казаў, што, не выходзячы з нашай кватэры, можна атрымаць некалькі вышэйшых адукацый.

Калі мы з сястрой задавалі яму пытанне, напрыклад, што значыць нейкае слова, ён з ходу не адказваў, а праз хвіліну прыцягваў якуюсьці энцыклапедыю ці слоўнік і даваў максімальна грунтоўны адказ.

Тады гэта не заўсёды выклікала захапленне, бо гэткія лекцыі выходзілі за межы дзіцячай патрэбы ў хуткіх і простых адказах…

А наогул, нам здавалася, што іначай і быць не можа, што твой тата ўвесь свой час аддае табе, заахвочвае цябе заглыбляцца ў гісторыю, мастацтва, філасофію, літаратуру, і што ён ніколі не павышае голас, што ўсе людзі, якія натоўпамі праходзяць праз твой дом, характарызуюцца бацькам або як таленты, або як геніі, што ўсім у ягоным святле добра…

Я шмат павандравала па свеце, бачыла самых розных людзей і цяпер ведаю, што мой бацька быў унікум. І разумею, што ў мяне была незвычайная стартавая пазіцыя ў жыцці.

Пачатак сям’і

Мая маці, Марыя, таксама незвычайная асоба. Яна нарадзілася ў рэгіёне, частка якога цяпер уваходзіць у Добрушскі раён. Але гэта колішні кавалак Браншчыны, які Саветы падзялілі паміж Гомельскай, Чарнігаўскай і Бранскай абласцямі. Там яшчэ ў канцы ХХ ст. людзі вельмі каларытна размаўлялі па-беларуску. “Зена была гола ды войстра”; “Казаць мне сакрэты – што кідаць камянькі ў ваду: які б той камень ні быў, а ўжо не ўсплыве”, — распавядалі нам з сястрой старыя ў наш адзіны візіт у маміну вёску ў 1992 годзе і навучалі “важнага”: — “Я ё і бог, я ё і чорт”. Спявалі даўнія песні, вядзьмарылі, знахарылі і жыва памяталі ўнікальны беларускі абрад “пахавання стралы”.

Яна была адна ў маці, мудрай, пявучай і таленавітай жанчыны. Калі маёй маме было гадоў восем, яе маці “ўзяла” мужа з пяццю дзецьмі, бо дачушка паабяцала зваць яго татам і пароўну ўсё дзяліць з братамі і сёстрамі.

Айчым быў адзін з пяці братоў, якіх раскулачылі, бо яны разам трымалі вятрак (адабралі ўсё дачыста, кінуўшы жонак з дзецьмі жабраваць), і саслалі на Салаўкі. Ён і там падняўся, пасля ссылкі на радзіму не вярнуўся, толькі прыехаў у сваю вёску, каб знайсці сабе жонку, а сваім сіроткам – маці. Пабраліся і адразу паехалі чыгункаю на Кубань.

Мая мама яшчэ ў цягніку моцна пасябравала са сваёй новай сястрой Галяй, і праз усё жыццё яны захавалі надзвычайную блізкасць. Галя – гэта традыцыйнае свойскае імя для Ганны, як, зрэшты, і Марыяў там звалі Малямі, а пазней некаторых, у тым ліку і маю маму, “па-новаму” – Манямі.

Жыццё закінула цётку Галю на Далёкі Усход, у Хабараўскі край. Туды да яе перабралася і частка сям’і. І туды ў Хабараўскі медыцынскі інстытут паступіла мая маці, якая паспела ўжо папрацаваць у фельчарскіх пунктах кубанскіх станіц.

На той час ёй было ўжо 26 гадоў, што для першакурснікаў, мякка кажучы, нетыпова…

Пасля маці перавялася ў Мінск, куды перабралася і сям’я, скончыла вучобу і па размеркаванні паехала ў Ганцавічы — узначаліць раённую санстанцыю.

Бацька на той час таксама працаваў у Ганцавічах у мясцовай газеце. Яны здымалі кватэры ў адным доме і пры сустрэчах ветліва віталіся. Маці з маёй бабуляй здымалі два пакойчыкі, бацька – адзін.

На нейкай супольнай імпрэзе да мамы пачаў заляцацца адзін хлопец і пайшоў праводзіць яе дахаты. І бацька пайшоў. Каля хаты спыніліся, і кожны чакае, каб другі пайшоў. Але бацька там жыў і мог стаяць колькі заўгодна, і свайго саперніка “перастаяў”. Той пайшоў, а бацька пераможна сказаў ветлівае: “Дабранач, Марыя Міхайлаўна”.

А на раніцу сутыкнуўся з ёй на агульнай кухні і ветліва ж прапанаваў пайсці за яго замуж. Маці строга спыталася: “А Вы ведаеце, колькі мне гадоў?” Ён адказаў: “Мяне гэта не цікавіць”. У той жа дзень яны распісаліся… У ЗАГСе быў выхадны, таму па загадчыцу гэтай установы адмыслова ездзілі на матацыкле.

У гэты ж дзень да бацькі знянацку прыехала ягоная сястра Вера, зусім выпадкова трапіўшы на вяселле. Вера адразу пасябравала з мамай і пайшла да яе спаць, а бацька застаўся ў сябе. Такая вось “шлюбная ноч”…

Адбылося гэта ў кастрычніку 1958 года. А неўзабаве бацька паехаў у камандзіроўку ў Мінск, і з’явіўся да цёткі Галі. Павітаўся і працягнуў ёй ліст ад мамы, які пачынаўся словамі: “Так-так, Галечка, гэта мой муж…” А яны ж былі не толькі сёстрамі, але і блізкімі сяброўкамі і сакрэтаў адна ад адной не мелі…

“Галечка” запусціла нечаканага сваяка ў хату жыць і амаль імгненна вельмі шчыра яго палюбіла… Маці з бацькам арганічна дапаўнялі адно аднаго. Яна больш практычная, ён – хутчэй рамантык.

Мая старэйшая сястра, якую назвалі ў гонар цёткі Галі Галінаю (а не Ганнаю, каб ужо напэўна была Галя), нарадзілася ў 1962 годзе ў Мінску, куды перабраліся бацькі. Маме было тады 37 гадоў.

Па тым часе – амаль неверагодна для першых родаў. І думала на гэтым спыніцца. Я нарадзілася праз два гады, дзякуючы настойлівасці бацькі (які моцна спадзяваўся на сына).

“Дэкрэт” тады быў толькі тры месяцы. Малую Галю глядзела бабуля, а маці бегала з працы яе карміць. Потым Галю аддалі ў садок, а зусім малую мяне – у яслі. Па начах маці пісала кандыдацкую дысертацыю. Пару разоў на тыдзень бабуля ў яе пыталася: “Ну ты ўжо абаранілася?”

Маё ранняе дзяцінства прайшло на Камароўцы, дзе ў нас была адна з пяці кватэр у драўляным доме з пячным ацяпленнем, калонкай і прыбіральняй у двары. Бліжэйшым суседам — Васіль Сёмуха, ён тады акурат перакладаў “Фаўста”. За Біблію ўзяўся ў сярэдзіне 1990-х, калі я ўжо пісала па ёй студэнцкія работы ў Лондане. Цікава, што адзін камароўскі двор даў двух беларускіх перакладчыкаў Бібліі.

Калі мы пераязджалі ў новую хату, дзядзька Вася з сям’ёй перабраўся ў нашу кватэру. У яго мусіла нарадзіцца дачка, і мой дзіцячы ложак застаўся ёй. З Алесяй Сёмухай мы пазнаёміліся ўжо на моладзевых імпрэзах пачатку 1990-х, і хутка я ў яе на філфаку пачала выкладаць літаратуру. “Чаго ты прапусціла заняткі?” – “А што, у нас ты зараз была? – дзівілася Алеся і казала: — Ай ладна, хадзем на каву”.

Па нашым завулку на Камароўскі рынак ездзіла шмат гужавога і грузавога транспарту, і ў нас, дзяцей, была забава – перабегчы дарогу як мага бліжэй да самахода. Я ў свае тры гады лічылася чэмпіёнкай. Магла перабегчы перад грузавіком так блізка, што сукенка зачапляла колы. Бедныя кіроўцы… Таго дома ўжо няма. І таго завулка. Цяпер там крыты рынак.

З чатырох гадоў маё дзяцінства праходзіла на Нямізе, дакладней, на Паркавай магістралі, якая потым стала звацца праспектам Машэрава, а потым праспектам Пераможцаў. (Я так і не ведаю, пераможцаў чаго – ці то хакейных чэмпіянатаў, ці то школьных алімпіяд? Заўсёды было неяк сорамна называць свой адрас.)

У дзяцінстве ў мяне амаль не было паняцця “я”, толькі “мы”, бо мы з сястрой былі адным непарыўным цэлым, пераплеценыя так шчыльна, што адчувалі адна адну як саму сябе, і абсалютна нічога не прадпрымалі паасобку. Яна на два гады старэйшая, і два першыя гады яе школы я па суботах хадзіла з ёй і чакала пад дзвярыма класа, пакуль выпусцяць на перапынак – хіба што настаўніца мяне заўважала і садзіла ў класе, дзе я моўчкі дзівілася, як гэта такія вялікія дзеці не ведаюць адказаў на такія простыя пытанні.

Пачатак працы

Пасля сканчэння школы хацела стаць мастацтвазнаўцам, але ў Беларусі такой спецыяльнасці не вучылі, трэба было ехаць у Ленінград. Маці мяне не пусціла. Маўляў, з тваім здароўем ды ў такую сырую і халодную дзюрку. І пагнала ў апошні дзень прыёму падаваць дакументы ў Мінск – хоць куды, абы тут. Яна мроіла ўбачыць мяне хірургам – ну ці хаця б архітэктарам.

І я паплялася на беларускае аддзяленне філфака БДУ. Як і сястра, школу скончыла з залатым медалём, таму здавала толькі адзін іспыт і адразу паступіла. Адседзела неяк пяць гадоў, па выніку якіх аказалася другою на курсе.

Галоўнымі цікавосткамі вучобы быў Караткевіч, якога, праўда, нам не выкладалі, але якога я любіла і па якім пісала ўсе свае курсавыя і дыплом, і стыхійная кампаратывістыка Таццяны Шамякінай.

Дарэчы, нашая хатняя бібліятэка была амаль цалкам дастатковай на ўсе філфакаўскія праграмы.

Па-сапраўднаму беларускую літаратуру я палюбіла і пачала сур’ёзна даследаваць на сваёй першай працы. У 1986 годзе я далучылася малодшым навуковым супрацоўнікам у наваствораную Аб’яднаную дырэкцыю беларускіх літаратурных музеяў, якую звала проста “аб’ядналаўка”.

Нашай далёкай задачай было стварэнне Музея гісторыі беларускай літаратуры, а блізкай – выстава, прысвечаная літаратуры 20–30-х гадоў. Было надзвычай цікава. Тэма раней забароненая, большасць аўтараў амаль невядомыя, фантастычныя гісторыі маладых творцаў “Маладняку” і “Узвышша”, расстраляныя і высланыя паэты, скалечаныя лёсы і скалечаная свядомасць тых, хто застаўся. Вялікая радасць і вера, вялікія таленты, вялікая непапраўная трагедыя…

Я сядзела ў архівах, ездзіла ў экспедыцыі, пісала канцэпцыі, збірала цытаты, гарбатай “старыла” паперу скапіяваных матэрыялаў (маімі самымі дарагімі былі, бадай, цыдулачкі, дробненька спісаныя алоўкам і складзеныя шмат разоў дзеля кантрабанднага вынасу з турмы, якія Язэп Пушча пісаў у “Амерыканцы” сваім маленькім дзеткам: вершык “Дачушкам Лялі і Галі” і вершаваная казачка “Коцік-вусаты роцік і мышка-стрыжка”).

Выстава была б сапраўднай бомбай, калі б адкрылася, як планавалі, у 1987 годзе. Але яе мурыжылі і мурыжылі, перараблялі, перацягвалі ў іншыя памяшканні па Траецкім прадмесці. Начальства баялася рызыкаваць. Я спрачалася ледзь не кожны дзень, чытала дырэкцыі палымяныя лекцыі па літаратуры і не толькі, адбівала права не заклейваць “шэрай паперкай” Антона Адамовіча на шыкоўным фота 13 сяброў “Узвышша” і не рабіць калектывізацыю ды індустрыялізацыю цэнтральнымі тэмамі выставы…

Урэшце здалася і ўцякла на філфак. Выстава пад вялай назваю “Покліч” адкрылася, калі я ўжо з’ехала за мяжу, гадоў праз шэсць ад пачатку працы, і доўга-доўга вісела ў новым будынку літаратурнага музея на вуліцы Багдановіча.

Неўзабаве я пачала выкладаць на родным філфаку, а ў 1990-м — у Інстытуце замежных моў, цяперашнім Лінгвістычным універсітэце. Там утварылася кафедра беларусістыкі, і яе загадчыца Ала Сакалоўская адважна запрасіла мяне ўзначаліць секцыю літаратуры. На хвалі стыхійнай беларусізацыі ўтварылі беларускія плыні на ўсіх факультэтах, павялічылі колькасць гадзін беларускай мовы і літаратуры. Патрабаваліся цалкам новыя праграмы і новыя падыходы, што супадала і з маімі патрэбамі.

Я выкладала процьму розных курсаў па беларускай літаратуры, літаратуразнаўстве і фальклоры. На маіх лекцыях па фальклоры ў жывую спявалі дзяўчаты з лепшага тагачаснага квартэта аўтэнтычнага спеву “Голас”, які спецыялізаваўся на каляндарных песнях. А я пачала спецыялізавацца на рэканструкцыі традыцыйнай касмалогіі беларусаў. Тады ж усур’ёз захварэла на беларускую літаратуру. Каб добра вучыць, трэба вельмі добра вучыцца, і гэтым я без перапынку займалася. Заняткі – па тры–чатыры пары на дзень – знясільвалі і акрылялі. Пакуль я штосьці прагаворвала, у мяне звязваліся нейкія канцы, праяснялася агульная карціна… Я ўсё ўкладала ў студэнтаў і часам мела на іспытах фантастычныя вынікі. Гэта было шчасце.

Паралельна выкладала гісторыю рэлігіі ў Тэатральна-мастацкім інстытуце, цяперашняй Акадэміі мастацтваў. Рэч у тым, што тады, у “перабудову”, выкладаць навуковы атэізм ужо было неяк не камільфо. Аднак гэта адзіная дысцыпліна, з якой савецкі чалавек мог хоць нешта даведацца пра рэлігію.

І вось Міхась Раманюк і Яўген Шунэйка, які вёў мастацтвазнаўцаў-завочнікаў, вырашылі пашукаць, хто б мог павыкладаць студэнтам асновы розных рэлігійных сістэм. Нейкім чынам выйшлі на мяне, запрасілі, а праз два дні я ўжо выкладала прадмет, які ў Савецкай Беларусі не выкладаўся ніколі.

Па выніках гэтага курса, на які, дарэчы, хадзілі і некаторыя выкладчыкі, мяне запрасілі выкладаць на ўсіх асноўных аддзяленнях. Так я сталася першым беларускім выкладчыкам гісторыі рэлігій.

Такія тады былі часы. Мы адважна і безаглядна стваралі новы сусвет.

Пачатак сваіх праектаў

Навокал тады віравала нацыянальнае абуджэнне. У Беларусі, як і ў дарагія мне 1920-я, пачалі бруіцца культурніцкія, гістарычныя, адукацыйныя моладзевыя рухі. Легендарная “Майстроўня” прайшла амаль міма мяне, хоць і супала са мной па часе на філфаку, сваім першым месцы збораў. Я туды хадзіла ўсяго пару разоў і не паспела захапіцца.

Затое з “Талакой” супрацоўнічала напоўніцу, хаця ніколі ў яе афіцыйна не ўваходзіла. Пад час працы ў музеі пачала рабіць перадачы для радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная”, якая пад кіраўніцтвам Жанны Літвіной часам смела падымала вострыя тэмы. Я была пазаштатным карэспандэнтам для штотыднёвай праграмы Іны Студзінскай, цяперашняй журналісткі радыё “Свабода”. Гэтую праграму ніхто асабліва не кантраляваў, і мае “рэвалюцыйныя” перадачы выходзілі ў эфір у маёй рэдакцыі. Цягалася па ўсім горадзе з велізарнай цяжкой скрыняю бабіннага “рэпарцёра” (тады ўжо былі кампактныя касетнікі, але няштатнікам іх рэдка давалі) ды запісвала то “Талаку”, то розных культурных герояў.

У 1987 годзе амаль не заўважаным прайшло 920-годдзе Менска-Мінска. Я зрабіла вялікую гутарку пра гісторыю горада з незабыўным Міколам Ермаловічам. Мы з ім сядзелі ў нейкай бакавушцы Ленінскай бібліятэкі, і ён мне распавядаў нечуваныя датуль гісторыі пра крывавае знішчэнне места Уладзімірам Манамахам, пра мудрага і адважнага Глеба Менскага, пра Магдэбургскае права, пра ідыятычнае несправядлівае перазванне Менска ў Мінск у 1939 годзе, калі па Савецкім Саюзе акурат ішла хваля вяртання гістарычных назваў “нярускім” гарадам.

У тым самым 1987-м актывісты пачалі ствараць беларускія класы, дакладней, збіраць подпісы бацькоў ды “апрацоўваць” школьныя дырэкцыі, і я запісала пра гэта перадачу. Яна атрымалася надзвычай складанай, як і лёс адной маёй гераіні – адзінай (!) на ўвесь Мінск беларускамоўнай вучаніцы Насты Лісіцынай. Мужнасць, вера і ўпартасць той дзяўчынкі, якая практычна ў адзіночку перажывала свае школьныя гады, і яе бацькоў мяне проста ўзрушылі, але яшчэ больш уразіла новае яснае бачанне дзяржавы, у якой не было месца для свайго народу.

А наогул, у канцы 80-х і першыя гады 90-х час моцна паскорыўся. За дзень можна было зрабіць столькі, што цяпер і за пару тыдняў не перавернеш…

Я тады пачала шчыльна сябраваць з прыгажуняй і разумніцай Каралінай Мацкевіч – маёй дагэтуль самай блізкай сяброўкай ды адзінай інтэлектуальнай напарніцай, а таксама з Сержуком Вітушкам, светлым анёлам нацыянальных рухаў. Мы ўтраіх штосьці разам прыдумлялі і тое-сёе ажыццяўлялі. Святы, песні, “традыцыйныя” стравы… Я і цяпер сутыкаюся з нашымі прыдумкамі, якія спажываюцца сучаснай моладдзю як само сабой зразумелае і аўтэнтычнае.

На Другім Вальным сойме беларускіх суполак, які ўрачыста прагрымеў у Вільні на самым пачатку 1989 года, утварылася Канфедэрацыя беларускіх суполак, і Караліна была абраная яе каардынатарам.

Разам з Алесяй Сёмухай яна пачала выдаваць газету Канфедэрацыі “Супольнасць”. Караліна захацела завесці ў газеце “ўніяцкую бачынку”, дзе б распавядалася рэлігійная гісторыя Беларусі, якую тады практычна ніхто не ведаў – ды і цяпер, на жаль, веды ў гэтай тэме найчасцей фрагментарныя нават у звязаных з рэлігіяй людзей.

Тэма Уніі як колішняй нацыянальнай царквы хвалявала тады многіх, яна літаральна звінела ў паветры.

З аднаго боку, абцугі прымусовага атэізму зваліліся, пакінуўшы поўную духоўную дэзарыентацыю, якая ці то кампенсавалася, ці то, наадварот, паглыблялася прагаю дапасці да нейкае “праўды”, да чагосьці сапраўднага, што нейкім чынам дзесьці захоўвалася непарушным, пакуль мы білі паклоны грозным камуністычным ідалам – штосьці так. З іншага, абудзілася цікавасць да пошукаў свайго, глыбіннага, нескажонага і не накінутага суседзямі.

Не рускага ці польскага, а беларускага.

Караліна пачала з таго, што сабрала разам мяне і Сержука Абламейку, які даследаваў гісторыю Уніі, і запатрабавала тэксты. Аднак цягам гутаркі высветлілася, што мы можам пацягнуць самастойнае выданне. Вітушка прыдумаў стварыць суполку ТБМ “Унія” і прызначыць мяне яе кіраўніком. Скульптар і мастак Гэнік Лойка намаляваў нам пячатку з ім жа вынайдзеным сімвалам Уніі – цярновым вяночкам пакуты і перамогі, мы зарэгістраваліся – і панеслася…

Мяне пачалі запрашаць на ўсе беларускія рэлігійныя і калярэлігійныя мерапрыемствы. Нас было некалькі чалавек, што прадстаўлялі беларускія рэлігійныя традыцыі – праўда, толькі хрысціянскія, бо да глыбокага інтэгравання беларускага юдаізму і ісламу грамадства яшчэ не даспела.

Гэта быў найперш айцец Ян Матусевіч, каталіцкі святар, які пасля паездкі ў Лондан у 1988 годзе натхніўся служыць ва ўсходнім абрадзе і які ўважаў сваёй парафіяй увесь беларускі свет – ад Таліна да Уладыястока, як ён сам казаў. Ён з’яўляўся паўсюль, дзе пачыналася нешта беларускае, кажучы: “Калі справу пачынаць без Бога, яна разваліцца, а калі з Богам – умацуецца”. Ён жа стаў першым уніяцкім святаром пасля адраджэння Царквы ў верасні 1990 года.

Таксама там быў айцец Міхал Сапель, малады каталіцкі святар, якому даручылі ствараць беларускамоўную парафію на Залатой Горцы і якому мы ўсе ў гэтым дапамагалі, праваслаўны святар Георгі Латушка і пратэстанцкі пастыр-дысідэнт Эрнэст Сабіла, і Васіль Сёмуха.

У гэткім жа складзе мы былі абраныя на агульнай канферэнцыі ў студзені 1992 года ў прэзідыум Беларускага біблійнага таварыства, дзе ўтварылі “беларускае крыло”. (Дарэчы, нядаўна зазірнула ў Вікіпедыю, у спадзяванні штосьці ўдакладніць, і пабачыла там зусім непраўдзівую інфармацыю пра склад першага прэзідыума.)

У канцы 1989 года распачалі сваё выданне – па сутнасці, першы незалежны часопіс сярод мора незалежных газет і лісткоў – “Унія”. Першы нумар выйшаў 6 жніўня 1990 года і быў прэзентаваны на ўрачыстай вечарыне ў Доме літаратара.

Яго выданне – гэта самастойная шматузроўневая (у тым ліку і дэтэктыўная) гісторыя з мноствам унутраных сувязей, значна большая за межы гэтай размовы, і я распавяду яе як-небудзь іншым разам.

Згадаю толькі пра сустрэчу, якой бы не здарылася без “Уніі” і якая сталася для мяне лёсавызначальнаю.

У лютым 1990 года мы даведаліся, што недзе 10 сакавіка ў Беларусь прыедзе з Лондана “сам” Аляксандр Надсан. Дзякуючы прапагандысцкім антыэмігранцкім публікацыям мы ведалі, хто ён такі. Ведалі, што ён едзе па “чарнобыльскіх” справах з грузам лекаў, што ён быў адзіным чалавекам за мяжой, хто на ўвесь свет даводзіў, што Чарнобыль — гэта беларуская (а не толькі ўкраінская ці савецкая) трагедыя. Таксама мы ведалі, што ён быў галоўным беларускім уніяцкім святаром у свеце.

Цягнік айца Аляксандра прыходзіў з Варшавы ў Мінск а чацвёртай-пятай гадзіне раніцы. Ён асабіста ведаў у Мінску толькі айца Яна Матусевіча, а яшчэ па перапісцы – Алеся Гуркова. Спадзяваўся, што айцец Ян яго сустрэне. На пероне ён убачыў, на сваё здзіўленне, велізарны натоўп з расцяжкамі “Чарнобыльскага шляху”. І ледзь не самлеў, калі сцяміў, што натоўп сустракае яго…

На наступны дзень ён адслужыў у касцёле на Кальварыі першую за Бог ведае колькі часу літургію ва ўсходнім абрадзе. Пасля паездкі ў чарнобыльскія рэгіёны айца Аляксандра запрасілі на пасяджэнні “Талакі” і там дамовіліся сустрэцца з намі.

Гэта было для яго яшчэ адным узрушэннем – даведацца, што ў Беларусі ёсць нейкія маладыя “уніяты”, якія маюцца выдаваць часопіс ”Унія”. Сустрэчу ён нам прызначыў на… сёмую гадзіну раніцы наступнага дня. Думаў, хуценька з намі пабачыцца ды заняцца сваімі справамі. Потым мы гэта з ім гадамі згадвалі і рагаталі, асабліва калі ён добра засвоіў, што я а сёмай хутчэй пакладуся спаць, чым пачну новы дзень.

А тады мы рыхтаваліся ўсю ноч, нават дэфіцытных кілбасаў панабывалі, каб годна сустрэць высокага госця, які аказаўся вегетарыянцам. З намі ён праседзеў да вечара, не ў змозе паверыць, што мы ёсць і мы сапраўдныя. Наступны раз ён прыехаў на наша з Каралінай запрашэнне, каб быць з намі 6 жніўня і адсвяткаваць не толькі вялікае свята Перамянення Гасподняга, але і выхад “Уніі”.

Пачатак тэалогіі

Часопіс выйшаў 4 жніўня, а да таго былі ўсе шанцы, што яго не будзе зусім. Калі мы напярэдадні рыдалі айцу Аляксандру, што ўсё так кепска і ўсё правальваецца, ён спытаўся: “Вы ўсё зрабілі, што маглі?” — “Усё,” – адказалі мы. “Ну дык пакіньце што-небудзь і на Бога”…

Такога аншлагу Дом літаратара ні дагэтуль, ні пасля не бачыў. Анатоль Сыс, які тады працаваў на беларускім тэлебачанні, нават прыцягнуў туды здымачную групу БТ. Мая мама потым казала, што ў яе мурашкі пабеглі па скуры, калі заслона рассунулася і на сцэну выйшаў стромкі і прыгожы Андрусь Абламейка з запаленай свечкай і прачытаў “Ойча наш” па-беларуску, і што яна адчула, як стаіла дыханне перапоўненая зала, пачуўшы на савецкай сцэне малітву… Усё неяк склалася. Былі выступы, спевы, вершы, слайды, малітвы. Вітушка ўпершыню паказаў сваю батлейку, якая сталася першай ластаўкай адраджэння традыцыі.

Караліна была эканамістам, яна скончыла наргас і вучылася там у аспірантуры. Але хацела павучыцца чаго-небудзь бліжэйшага да патрэбаў часопіса, пажадана багаслоўя. Я пачала прасіць айца Аляксандра паспрыяць ёй у гэтым. Ён задумаўся і пачаў перабіраць розныя варыянты – Рым, Парыж…“А можа мне яе ў Лондан да сябе ўзяць?” І тут ува мне нешта грукнула, і я ледзь не прашаптала: “І я хачу”. Вось так перакулілася маё жыццё.

У кастрычніку 1992 года мы з Каралінай апынуліся ў Лондане. Без ангельскай мовы, без уяўлення, што нас чакае. Думалі на год, аказалася, на поўны курс навучання – і з працягам… Айцец Аляксандр адправіў нас у Лонданскі Місіянерскі інстытут, які даваў двухгадовую філасофскую і чатырохгадовую багаслоўскую адукацыю. Нам залічылі нашы гадзіны марксісцка-ленінскай філасофіі і дазволілі адразу заняцца тэалогіяй.

У інстытуце вучыліся клерыкі: манахі, семінарысты, місіянеры, святары. Мы былі не толькі першымі жанчынамі, што пачалі рабіць поўную багаслоўскую праграму, а і першымі свецкімі асобамі наогул.

Нашае з’яўленне, безумоўна, выклікала велізарны фурор, на нас была скіраваная агульная ўвага, што ўскладняла наша і так звышскладанае жыццё.

Апроч заняткаў і бясконцага пісання эсэяў мы мелі па дзве службы штодня – літургію і вячэрню – на Беларускай каталіцкай місіі, дзе мы і жылі пад пільным прыглядам айца Аляксандра.

У Мінску вячэрняў тады не было, і нам даводзілася па ходзе вучыць спевы ўсіх васьмі тонаў ды іншыя літургічныя спевы, сабраныя і выдадзеныя нястомным Гаем Пікардам, які жыў тамсама на Місіі, у Марыянгаўзе. Ён разам з эксцэнтрычнай паэткай Верай Рыч быў пастаянным спадарожнікам нашага лонданскага жыцця.

Айцу Аляксандру раілі накіраваць нас жыць у англамоўнае асяроддзе, каб нам была палёгка ў авалоданні моваю, але ён трымаўся цвёрда, маўляў, не мову вучыць прыехалі, а працаваць дзеля Беларусі.

І мы працавалі.

Пасяліў ён нас спачатку ў пакойчык у славутай Скарынаўскай бібліятэцы, пра якую я яшчэ сваім студэнтам распавядала, маўляў, у Беларусі няма Скарынаўскай бібліятэкі, а ў Лондане ёсць.

Адной з нашых асноўных прац, апроч бясконцай працы па гаспадарцы, было рэдагаванне айцовых літургічных перакладаў, якія ён рабіў цягам дваццаці гадоў. (Шмат-шмат гадоў лонданская капліца святых Пятра і Паўла была адзіным месцам у свеце, дзе штодня тварылася малітва за Беларусь і па-беларуску.)

А мова прыйшла гады праз два. Пасля чаго імгненна падскочылі нашы адзнакі, і мы ператварыліся ў “лепшых вучаніц”. І скончылі вучобу мы абедзве з найвышэйшай адзнакай, “Suma qum laude”.

Сярод велізарнага мноства багаслоўскіх дысцыплін мы з Каралінай абедзве абралі Біблію.

Ці то Біблія нас абрала?

Упрасілі выкладчыка гэбрайскай мовы займацца з намі звыш адведзенага аднаго семестра, і апантана на вялікіх перапынках, калі нашы калегі пілі гарбату і гулялі ў пінг-понг ды більярд, мы рабілі практыкаванні па гэбрайскай мове.

Пасля сканчэння Місіянерскага інстытута раз’ехаліся. Караліна — давучвацца ў Парыж, у Каталіцкі інстытут, куды яе “дамовіў” айцец. Яна спачатку і жыла ў айцовай кватэры ў квартале Тэмпль, а потым пайшла замуж, нарадзіла дзіця і пасля сканчэння інстытута перабралася ў Ангельшчыну, дзе праз доўгія гады зрабіла дактарат у Бібліі ў Шэфілдскім універсітэце.

Я ёю бязмерна ганаруся і вельмі люблю ейных дзвюх дачушак, маіх хросніц, старэйшая з якіх ужо на сваім хлебе – смачным, але цяжкім, акторскім.

А я паехала ў Бельгію, у Лёвенскі каталіцкі ўніверсітэт, да якога быў афіліяваны наш лонданскі інстытут. Гэта, безумоўна, адзін з лепшых універсітэтаў Еўропы, са старымі традыцыямі, што доўжацца ад 1425 года.

У Лёвене я адвучылася яшчэ сем гадоў. Гэты перыяд хай таксама застанецца за межамі гэтай гісторыі, бо ён, па сутнасці, змяшчаў цэлае жыццё. Проста скажу, што гэта самыя шчаслівыя гады.

Акадэмічным іх вынікам сталіся два магістраты, адзін ліцэнцыят і два дактараты. Сярод іх і тая мая навуковая ступень, якую – відаць, праз сваю пэўную экзатычнасць – найчасцей згадваюць у Беларусі: доктар сакральнай тэалогіі (хоць гэта стандартная назва эклезіястычнага дактарату ў багаслоўі).

Я займалася біблійнымі касмалогіямі і іх фантастычным кантэкстам – канцэпцыямі сусвету Старажытнага Блізкага Усходу, ад Егіпта да Месапатаміі, ад Хітыцкае імперыі да старажытнае Сіра-Палесціны, з асобным прыпынкам ва Угарыце – звышпісьмовай і літаратурнай цывілізацыі Бронзавага веку, якая, хоць і не наўпростава, была калыскаю біблійных уяўленняў пра свет.

Па ўгарыцкай касмалогіі я пісала асобную дысертацыю. Усё гэта вымагала вывучэння мноства старажытных моў. Некаторыя вучыла на ўніверсітэцкіх занятках, дзеля чаго мусіла запісвацца на асобныя нідэрландамоўныя праграмы на іншым факультэце, а некаторыя там не выкладаліся, і я вучыла іх сама, па падручніках.

Кожную сесію здавала па 15–16 іспытаў, у той час, як нармальныя людзі мелі па 6–7. Тым не менш – ці то дзякуючы гэтаму? – гэта быў цудоўны час. Маё сэрца засталося ў Лёвене.

Пачатак працягу

14 гадоў замежных штудыяў ні на імгненне не замглялі цвёрдай веры, што я вярнуся ў Беларусь. У 2005 годзе, пасля апошняе абароны, я і вярнулася. Мяне сустрэла зусім не тая краіна, якую я ў свой час пакінула. Знайсці сабе прымяненне было надзвычай цяжка. Ну каму патрэбныя сакральныя веды Старажытнага Блізкага Усходу, калі ўся адукацыя завісла пад цяжарам ідэалогіі і перастала развівацца, выцясняючы з сябе ўсё “непрактычнае” ды “завумнае”?

Я мяркую, што пакуль беларусы не зоймуцца сур’ёзнымі даследаваннямі не-Беларусі, яны і Беларусі не зразумеюць, і нікому цікавымі не будуць – нават сабе. Беларусь – інтэгральная частка сусветнай цывілізацыі, і каб сябе ў ёй знайсці, а тым болей даць ёй нешта важнае, значнае, чаго ніхто іншы даць не зможа (а іначай навошта мы?), мы мусім ведаць гэтую цывілізацыю, ведаць яе мовы, яе гісторыю, яе шляхі і механізмы.

Той жа любы майму сэрцу Старажытны Блізкі Усход стаўся падмуркам, інтэлектуальным пачаткам еўрапейскай цывілізацыі, а гэбрайская Біблія – дзіця Старажытнага Блізкага Усходу – пунктам зборкі Заходняга свету, крыніцаю яго ідэнтычнасці, духоўнасці, культуры і сацыяльных каштоўнасцей.

Сёння Беларусь – адзіная краіна Еўропы, дзе няма сучаснага якаснага перакладу Бібліі на мову тытульнай нацыі. Парадокс: Францішак Скарына зрабіў пераклад падчас Рэфармацыі адным з першых, а ў ХХІ стагоддзе мы ўвайшлі апошнімі. Пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы адыгрывалі велізарную культура-, мова- і нацыятворчую ролю для сваіх краін. У сучасным свеце недаперакладзеная Біблія абавязкова вынікае ў недасфарміраванай нацыянальнай свядомасці.

Гэтаксама незасвоенасць асноўнага тэксту Заходняе цывілізацыі вынікае ў неінтэграванасці культуры ў гэтую цывілізацыю.

Гэта не азначае, што, калі мы перакладзем Біблію, сітуацыя зменіцца, але калі не перакладзем, то напэўна застанёмся на перыферыі сусветнай культуры.

Хутка па вяртанні я пачала выкладаць у Беларускім Калегіюме і ў віленскім ЕГУ некалькі розных курсаў, датычных Бібліі і Старажытнага Блізкага Усходу. А таксама пачала грунтоўныя паглыбленыя заняткі па Бібліі ў самастойнай Школе Бібліі, якая была спачатку проста “пры мне”, потым пры Агенцыі гуманітарных тэхналогій, а потым – і дагэтуль – пры Лятучым універсітэце. Так што алгарытм майго жыцця застаўся той самы – вучыцца і вучыць.

Ад 2010 года я пачала гуртаваць беларускіх гебраістаў, эліністаў, багасловаў, філолагаў, літаратараў ды культуролагаў дзеля новага навуковага перакладу Бібліі на беларускую мову. Пару гадоў таму паціху пачалі перакладаць. Спадзяюся, што ў 2017 годзе – на пяцісотгоддзе беларускай Бібліі – зможам хоць што-небудзь прадставіць краіне. Хаця поўны пераклад зойме Бог ведае колькі гадоў.

У 2013 годзе філосаф Алесь Анціпенка прапанаваў мне ўзначаліць створаны ў 1997 годзе Беларускі Калегіюм, якім ён ад тога часу кіраваў. Я мудра падзяліла дырэктарства на дваіх: ўзяла на сябе функцыю акадэмічнага дырэктара, а ролю адміністрацыйнага дырэктара пагадзіўся выконваць колішні выпускнік Калегіюма Андрэй Казакевіч, дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”, ініцыятар і арганізатар ужо славутага Ковенскага Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, які штогод збірае да шасці соцень беларусазнаўцаў з усяго свету і на якім я збіраю сваіх перакладчыкаў Бібліі – таксама з усяго свету. І мне вельмі падабаецца, што адбываецца ў сучасным беларускім інтэлектуальным жыцці, дзе ўжо колькі гадоў актыўна фарміруецца незалежная супольнасць мысляроў, свядомых сваіх глыбінных сувязей з мінулым і скіраваных на стварэнне новых інтэлектуальных сусветаў, кіраваных вольным мысленнем”.

17.02.2017

%d0%94%d0%a3%d0%91%d0%af%d0%9d%d0%95%d0%a6%d0%9a%d0%90%d0%af-2 %d0%94%d0%a3%d0%91%d0%af%d0%9d%d0%95%d0%a6%d0%9a%d0%90%d0%af-1 %d0%94%d0%a3%d0%91%d0%af%d0%9d%d0%95%d0%a6%d0%9a%d0%90%d0%af-3 %d0%94%d0%a3%d0%91%d0%af%d0%9d%d0%95%d0%a6%d0%9a%d0%90%d0%af-4 %d0%94%d0%a3%d0%91%d0%af%d0%9d%d0%95%d0%a6%d0%9a%d0%90%d0%af-5 %d0%94%d0%a3%d0%91%d0%af%d0%9d%d0%95%d0%a6%d0%9a%d0%90%d0%af-6 %d0%94%d0%a3%d0%91%d0%af%d0%9d%d0%95%d0%a6%d0%9a%d0%90%d0%af-7 %d0%94%d0%a3%d0%91%d0%af%d0%9d%d0%95%d0%a6%d0%9a%d0%90%d0%af-8 %d0%94%d0%a3%d0%91%d0%af%d0%9d%d0%95%d0%a6%d0%9a%d0%90%d0%af-9 %d0%94%d0%a3%d0%91%d0%af%d0%9d%d0%95%d0%a6%d0%9a%d0%90%d0%af-10