Дудараў Аляксей

%d0%94%d0%a3%d0%94%d0%90%d0%a0%d0%95%d0%92-img_4098

 

  • З кнігі “Лёсы”

Аляксея Дударава невыпадкова лічаць адным з самых вядомых драматургаў сучаснасці. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова правесці вельмі просты эксперымент — назваць іншых. На жаль, сярод іх  вельмі мала тых, хто сёння побач з намі.

 

Першыя ісціны

 

Дзяцінства было простае, звычайнае, як і ў большасці тых, хто жыве ў Беларусі. Я нарадзіўся праз пяць гадоў пасля перамогі, 6 чэрвеня 1950 года, у вёсцы Кляны Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці, што на самай мяжы з Расіяй. (Дарэчы, у гэты ж дзень нарадзіўся і Аляксандр Сяргеевіч Пушкін.) Бацька — былы франтавік.

Памятую, што летам тады было шмат сонца, а зімой — шмат снегу. Намятала гурбы да стрэх, і нават вышэй за хаты. З гэтых гурбаў мы, дзеці, ляцелі ўніз. Рэчка была выдатная — Расасенка. Школа — звычайная васьмігодка. А калі мне было 13 год,  пераехалі ў Зарубы. Там я скончыў дзесяць класаў і паступіў у Наваполацкае ПТВ нафтавікоў нумар 28. Потым працаваў на Наваполацкім нафта-перапрацоўчым заводзе (зараз “Нафтан”).

Служыў у Вінніцкай вобласці, у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. Радыст першага класа. Дарэчы, зараз я змагу перадаваць “ключом” не горш, чым трыццаць гадоў таму. Пасля вайсковай службы яшчэ два гады працаваў у Наваполацку.

Потым маё жыццё крута змянілася. Я пайшоў у мясцовы тэатральны калектыў і ў тым жа годзе паступіў у Тэатральна-мастацкі інстытут на акцёрскі факультэт, на курс Аляксандра Іванавіча Будакова. Інстытут скончыў паспяхова, спачатку працаваў акцёрам у Тэатры юнага гледача, потым — загадчыкам літаратурнай часткі. Праз тры гады як акцёр я з ТЮГам развітаўся, а як драматург пішу для яго і зараз.

Спачатку гэта былі “кароткаметражкі”, якія ставіў Валерый Рыгоравіч Басаў (светлая яму памяць), потым — п’есы. Яны ішлі не толькі ў Беларусі, але і па ўсім былым Савецкім Саюзе. Знакамітым кінасцэнарыстам мяне зрабілі “Белыя росы”. Пасля працаваў галоўным рэдактарам часопіса “Мастацтва”, узначальваў Беларускі саюз тэатральных дзеячаў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, лаўрэат прэмій усесаюзнага і беларускага камсамола.

Маё прызванне — драматург, хоць пачынаў я як празаік. І менавіта ім я сябе адчуваю.

Стаць начальнікам я не імкнуўся ніколі. Людзі — істоты вельмі складаныя. Павінен быць начальніцкі талент, а ў мене яго малавата. Я проста ўзначаліў мастацкае кіраўніцтва новага Драматычнага тэатра беларускай арміі. Неўзабаве яму споўніцца тры гады. Думаю, што тэатр адбыўся, і мы маем свайго гледача. Прычым гэта не толькі людзі ў пагонах. Гэта тэатр моцных пачуццяў, адкрыты, шчыры, і галоўнае — без усякіх “мух” і “замарочак”, якіх зараз вельмі багата і ў нас, і ў замежжы. Мне падаецца, што мастацтву ні ў якім выпадку нельга быць прымітыўным, аднак яно павінна размаўляць на зразумелай мове. Тэатр павінен падымаць вельмі складаныя пытанні і даваць адказы нават там, дзе іх, здаецца, няма. Калі чалавек задае такія пытанні, ён набліжаецца да ісціны.

 

Самы гучны поспех

 

Я не ваяваў, але інфармацыю пра вайну атрымаў вельмі багатую, магчыма, на генетычным узроўні. Мой бацька Ануфрый Іосіфавіч прайшоў усю вайну, ад пачатку да канца. Некалькі разоў быў паранены, кантужаны, узнагароджаны. Пакуль ён жыў, пакуль жылі яго аднагодкі, вайна прысутнічала ў нашай хаце заўсёды ў выглядзе ўспамінаў. Гэтая інфармацыя была лепшай, чым тая, якую можна знайсці ў мемуарах, музеях або ў нейкіх адрэагаваных матэрыялах. Не буду крывіць душой, калі скажу, што лепшыя творы пра вайну напісаны Васілём Быкавым, Віктарам Астаф’евым (з ім мне пашанцавала быць знаёмым), Барысам Васільевым, Кандрац’евым. Гэта так званая “лейтэнанцкая проза”. Яна несла нейкую эмацыянальную, інтуітыўную, падсвядомую інфармацыю. Гэта можна заўважыць у “Радавых” і іншых п’есах пра вайну. Напрыклад, у нашым тэатры ідзе спектакль “Не пакідай мяне”, галоўныя героі якога — дзяўчынкі. П’еса нечым нагадвае кнігу С.Алексіевіч “У вайны — не жаночы твар” і “А золкі тут ціхія” Б.Васільева. Увогуле, вайна пачварная і жудасная з’ява, а чалавек на вайне — страшэнная трагедыя. Яшчэ страшней, калі на вайне апынаецца жанчына: тая, якая павінна несці жыццё, знішчае яго ды гіне. Усё гэта жудасна і агідна.

Можа, поспех і “Радавых”, і “Не пакідай мяне” абумоўлены тым, што я адчуваю вайну эмацыянальна, хоць і не бачыў яе. Я размаўляю са сваім гледачом як сучаснік, а не як тыя, хто ваяваў. Пэўныя дробязі важныя для франтавікоў, але ж для нас яны такімі не з’яўляюцца. І гэта натуральна. Аднак ёсць і тое, што будзе цікава і людзям, якія сядзелі ў акопах пад Масквой ці Сталінградам, і нам, сучаснікам. І праз сто, і праз дзвесце гадоў. Гэта тое, што нас аб’ядноўвае і робіць чалавека чалавекам.

Я ўвогуле не люблю пісаць па заказе і ніколі не бяру грошы наперад, але, як гэта ні дзіўна, “Радавыя” з’явіліся менавіта так. Набліжалася саракагоддзе Перамогі, і наша міністэрства культуры пачало “варушыцца”. Да мяне прыйшоў адзін з чыноўнікаў і пачаў упрошваць напісаць п’есу. У той час па ўсім Саюзе ўжо ішлі “Парог” і “Вечар”, і я быў вядомы. Моршчыўся, адмаўляўся, але ж… Ён прасіў зрабіць так, каб там не было здраднікаў, паліцаяў, нашых ваеннапалонных. Толькі пра простага салдата, нешта накшталт Васілія Цёркіна. Я кажу — пра радавых. Ён адказвае: во-во. Ад гэтага я і адштурхнуўся.

У “Радавых”, сапраўды, няма здрады. Толькі перамога, намаганні чалавечага духу і маральныя пакуты звычайных людзей. Тых, на чыіх плячах і крыві выкавалася перамога.

Я не думаў, што будзе такі поспех, аднак, калі пісаў, было адчуванне, што героі жывыя і размаўляюць з намі. У 1984 годзе гэта было незвычайна. Ніякай пампезнасці. Атрымаліся сапраўдныя радавыя, з жыцця, а не з плакатаў. Гэта быў мой бацька. Гэта былі рэчы, пра якія я чуў ад яго. Яны настолькі праўдзівыя, што рабілі праўдзівым усё, нават тое, што я прыдумаў.

Прыклад. На фронце кожны дзень выдавалі “наркамаўскія” сто грамаў гарэлкі. Для мужчыны гэта вельмі мала, і мой бацька з сябрам пілі па чарзе: адзін дзень хто-небудзь толькі закусваў, другі піў дзвесце грамаў. Калі п’еса ўжо ішла, адзін з франтавікоў спытаў: адкуль ты гэта ведаеш? Я адказаў, што ад бацькі.

Яшчэ адзін прыклад. Калі байцы залягаюць падчас атакі, “маладыя” інтуітыўна паўзуць да больш вопытных, каб атрымаць нейкую падказку, пачуць словы падтрымкі, што цалкам зразумела. Іх гналі ад сябе, бо варожыя кулямётчыкі стралялі перш за ўсё па “кучах”. Такім чынам, да старэйшых “прыцягвалася” смерць. Гэта таксама мне расказваў бацька. Слухаў я і іншых франтавікоў.

Потым прыйшоў поспех, і дзяржаўная прэмія за ім. Спачатку на самым высокім узроўні адбыўся вельмі моцны “наезд”. З п’есай разбіраліся два аддзелы ЦК КПСС (не КПБ, заўважце, а КПСС!) — аддзел культуры і аддзел прапаганды. Да гэтага часу я дзякую Пятру Нілавічу Дземічаву, тагачаснаму міністру культуры СССР, які глядзеў мае іншыя п’есы, і яму вельмі спадабалася.

Вакол “Радавых” пачалася мышыная валтузня. Ледзь ўвесь тыраж “Современной драматургии” не пусцілі пад нож. Я прабіўся да Дземічава, спытаў, чым вінаваты. Міністр сапраўды (мяне не падманеш) быў не ў курсе. Ён падняў тэлефонную трубку і загадаў усё спыніць. Тады багата хто ведаў, як трэба пісаць пра вайну. А я да таго ж залез у “чужы агарод”. Хто я такі, “не нюхавший пороху щенок”?

Нешта падобнае назіраецца і сёння. Так адбываецца на працягу ўсяго жыцця. На тых, у каго нешта атрымліваецца, часцей пішуць даносы, іх больш за іншых папракаюць. А тады было дастаткова арганізаваць некалькі даносаў, нібыта нехта супраць савецкай улады, і ўсё.

Творчы чалавек павінен слухацца самога сябе. “Гуслям, княжа, не пішуць законы”, — казаў Янка Купала. На жаль, гэтыя законы заўсёды хочуць напісаць. Калі гусляр пачне граць па законах, гуслі замаўчаць. Тут трэба выбіраць. Гуслярам часцей больш за ўсіх і дастаецца.

 

Знакамітае хобі

 

Сапраўды, я люблю плаваць па беларускіх рэчках. У нас свая каманда, якой хутка споўніцца дзесяць гадоў. Кожны год мы рыхтуемся да летняга плавання. Мы ўжо прайшлі Нёман, Дзвіну, Днепр, Прыпяць, Шчару, Бобр.

А пачалося ўсё так. Мы ехалі з прыяцелем з нейкай чарговай “засядалаўкі”, і я расказаў яму сваю пра дзіцячую мару —  хачу праплыць па рэчцы. Як чалавек творчы , я мог бы абмежавацца толькі марай, а вось прыяцель — чалавек канкрэтны. Літаральна на наступны дзень ён патэлефанаваў мне і сказаў, што лодку і намёты ўжо купіў, прадукты загрузіў, заўтра паплывем. Я быў ашаломлены, паспрабаваў нешта сказаць у адказ. А ён як адрэзаў: не паплывеш ты, я паплыву адзін. Да нас далучыўся яшчэ адзін чалавек, і мы першы раз прайшлі па Нёмане ад Стоўбцаў да Ярэміч. Потым гэта стала захапленнем, без якога я з цяжкасцю ўяўляю сваё жыццё. Можа, ад узросту, можа, ад нечага іншага, але мне не хочацца ні на Кіпр, ні ў Егіпет, ні на Чорнае мора, хаця магчымасць туды паехаць ёсць.

Зараз нас, канешне, больш. Майго сябра называюць адміралам, мяне — капітанам, ёсць мічман і проста гардэмарыны. Часам да нас далучаюцца так званыя “госці”. У паходзе жорсткія правілы. Гардэмарыны, напрыклад, мыюць посуд, нарыхтоўваюць дровы  і г.д.

Безумоўна, гэта гульня, але ў нашым складаным, заблытаным жыцці без такіх аддушын было б цяжка.

Экстрым я не разумею. Па небяспечных мясцінах мы не ходзім і не будзем хадзіць. Гэта не для мяне. І не таму, што баюся, проста я не разумею гэтага: навошта рызыкаваць жыццём, карабкацца на той жа Эльбрус ці Эверэст, трапляць пад лавіны? Не разумею я і палявання. Адна справа, калі няма чаго есці, а калі сытыя людзі пуляюць у аленяў ці казуль, мне не зразумела. І не толькі таму, што шкада жывёлін. Нешта тут не тое…

 

Некалькі слоў пра самае дарагое

 

Я жанаты толькі адзін раз. Жонку завуць Валя. Пазнаёміліся мы ў гастраноме, дзе яна працавала: я зайшоў купіць цыгарэты. Адбылося гэта трыццаць пяць гадоў назад.

Сыну Максіму ўжо трыццаць, дачцэ Алесе — семнаццаць, яна заканчвае школу. Ёсць у мяне двое ўнукаў: Арсеній і Іаана (гэта поўны варыянт імя, а так мы завём яе Яначкай).

Сям’я ёсць сям’я — гэта і прытулак, і работа. Я не люблю шмат гаварыць на гэтую тэму і неахвотна слухаю тых, хто свае інтымныя рэчы “выносіць на ўвесь свет”.

Маю маці звалі Настассяй. У мяне ёсць дзве сястры. Старэйшай, Дзвіне, пазаўчора мінула семдзесят год. Яна жыве пад Оршай. Другую сястру завуць Надзеяй. У канцы пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя яна паехала на “асваенне цалінных і залежных зямель” у Казахстан, там і засталася.

 

І некалькі слоў пра кіно

 

Акрамя вядомых “Белых рос” у мяне яшчэ ёсць багата іншых сцэнарыяў: “Кола”, “Дэбют”, “Бусляня”, “Суседзі”, “Восеньскія сны”, “Купальская ноч” (гэты сцэнарый мы пісалі разам з Басавым, і я нават здымаўся ў адной з роляў). Апошнюю карціну па “Вечары” здымаў Ігар Дабралюбаў. Як мне здаецца, фільм неблагі, але такога поспеху, як “Белыя росы”,  не меў. Калі ў апошнім ёсць камедыйныя эпізоды, то “Вечар” — вельмі складаны філасофскі матэрыял. Ён зусім не забаўляльны, але людзі глядзелі і глядзяць яго з задавальненнем. І гэта аб’ектыўна.

 

Аўтарскае пасляслоўе

У Саюз тэатральных дзеячаў я прыйшоў у ліпені 2006 года. З Дударавым мы знаёмы даволі даўно — з тых часоў, калі ён напісаў сцэнарый да фільма, які марыў зняць Міхаіл Пташук. Менавіта гэты сцэнарый і быў пакладзены ў аснову адной з п’ес. Мне здавалася, што я ведаю пра Дударава многае, аднак высветлілася, што не ведаю амаль нічога.