Дубавец Сяргей

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

 

  • З кнігі “Інтэрв’ю, якіх не было”

 

                                          Я сам расскажу

                                          О времени и о себе.

                                                В. Маяковский

 

 

  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

 

Уладальнік Дыплома Polcul Foundation за дзейнасць на карысць польска-беларускага супрацоўніцтва (1995). Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтра (1998). Уладальнік Дыплома БАЖа “За прафесійную мужнасць”. Лаўрэат літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” (2005).

 

1-3

Шкада, вядома, што я не магу пісаць калонкі ў “Беларусь Today”, а прадмовы да кніг у выдавецтве “Мастацкая літаратура” мушу падпісваць псеўданімам. Шкада, што не запрашаюць у літаратурныя перадачы БТ і не прапануюць пасаду галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”. (Мне, у прынцыпе, шкада сваёй прафесіі літаратурнага рэдактара, калі бачу, як большасць аўтараў бессаромна ўцюхвае публіцы чарнавікі, быццам мы, рэдактары, вымерлі, як дыназаўры.) Але гэта, далібог, не мой выбар. Перада мной такога выбару ніколі і не было. Увогуле я заўсёды стараўся сам ствараць выданні, у якіх друкаваўся, або пісаў і пішу ў незалежныя. Калі ты падладжваеш свой тэкст пад патрэбы нейкага СМІ, гэта ўжо не твой тэкст, альбо ты — гэта ўжо не ты. Пра што тут шкадаваць? Дарэчы, “нячэсны” — зусім не значыць “таленавіты”. І наадварот. Хоць калі мець на ўвазе халуйства, дык яно, безумоўна, з’ядае талент. Такіх прыкладаў, на жаль, я ведаю шмат. Але сам сябе з гэтымі азначэннямі — “чэсны-нячэсны” — асацыіраваць не магу, бо талент і вартасць у прафесіі для мяне важнейшыя. Ну, а блізкія на тое і блізкія, каб усё разумець.

4

Горад Мазыр, 17 верасня 1959 года. Калі споўніўся год, мяне перавезлі ў Мінск — бацькі атрымалі на Круглай кватэру. Мы заходзім, а там у калідоры — “лямпачка Ільіча”. Голая такая, жоўтая, свеціць у голых сценах калідора. Мне горача, я захлынаюся ў крыку, а зусім побач — вялізны твар дзядзькі Рыгора. Тая лямпачка — першы ўспамін. А быць хацеў мараком. Усё ў мяне было “марское” — і вопратка, і талерка з лыжкай, і нават лыжы з санкамі.

5

Не ведаю, чаму. У 1976-м “за кампанію” паступіў быў у наргас, але хадзіў туды ўсяго месяц, не болей. І раптам нешта прачнулася ўсярэдзіне, нейкая невядомая сіла пацягнула на журфак — быццам толькі так і трэба было. Магчыма, спадчыннае — бацька быў рэдактарам міліцэйскай газеты.

Нешта пісаў я заўсёды, колькі сябе памятаю. У другім класе выдаў першую сваю “брашуру” — два школьныя сшыткі. Называлася “Позор китайским провокаторам” (школа, натуральна, у Мінску была руская) — пра падзеі на востраве Даманскім. Сваякі чыталі, казалі: “Сярожа малайчына!”. Але вучыўся я надта кепска, школу ледзь з даведкай не скончыў.

6

Шмат дзе працаваў, але колькі сябе памятаю, заўсёды выдаваў нешта сваё — насценнае, шматтыражнае, падпольнае, легальнае. Журфак мне нічога не даў апроч сяброў на ўсё жыццё, і гэта найбольшае, дзеля чаго варта было туды хадзіць пяць гадоў. А ўвогуле прафесійных школ у мяне было дзве. Першая — служба ў дывізіённай шматтыражцы. Аднойчы неяк захварэлі ўсе афіцэры, салдат таксама чамусьці не было, і я мусіў сам напісаць усю газету, набраць яе на лінатыпе, звярстаць “у жалезе”, зрабіць форму і адкатаць тыраж на станку. Гэтым досведам ганаруся, хоць сёння ён нікому не патрэбны. А я яшчэ раз выкарыстаў яго ў 1990-м, калі трэба было звярстаць “Навіны БНФ”, і мяне ў якасці метранпажа завезлі ў літоўскую Ігналіну, дзе на адну ноч было дамоўлена з друкарней. Пасля былі кампозеры, “мікрошы” (першая савецкая кампутарная прыстаўка да тэлевізара, файлы запісваліся на звычайны касетнік) і першыя шматпакутныя (для тых, хто на іх працаваў) кампутары. Хутка будзе дваццаць гадоў, як я амаль без перапынку гляджу ў манітор.

Другая школа — праца ў рэдакцыі крытыкі часопіса “Нёман”. Уяўляю, якім грубым “мужланом” я прыйшоў туды ў 1987-м пасля ўсіх сваіх журфакаў і працы ў розных рэдакцыях. Вось гэта было нешта. Мала таго, што патрабавалася абсалютная граматнасць, дык не праходзілі ніякая недавершаная або “левая” думка, ніякі недаадчуты кантэкст, а тым больш ніякая пустата і фальш. Уласна школай гэтых “алімпійцаў” (калектыў быў найвышэйшай пробы) рабіла тое, што рэдактары — Ала Сямёнава, Генадзь Бубнаў, Анатоль Кудравец — не проста ўказвалі аўтару на хібы, але ўмелі пераканаць (калі аўтар, натуральна, гатовы быў іх пачуць), у неабходнасці нават самае дробнае праўкі. Я ўжо не кажу пра тое, што ніхто тут за цябе і без тваёй згоды не перапісваў твае тэксты на свой капыл. Прызнацца, ніколі і нідзе я больш не сустракаў такога стылю рэдакцыйнае працы, але заўсёды ў адносінах з аўтарамі імкнуўся дзейнічаць менавіта такім чынам.

Пасля трох гадоў у “Нёмане” можна было ўпэўнена ствараць свае выданні. Спачатку “Свабоду”, якую я рабіў “для разварушэння” і праз год перадаў Ігару Герменчуку, каб самому распачаць “Нашу Ніву”. У 2000 годзе “НН” я перадаў Андрэю Дынько. Нейкі час быў рэдактарам радыё “Балтыйскія хвалі”, пакуль цалкам не пераключыўся на аўтарскую працу. Пісаць даводзіцца шмат, але такога выдання, у якім хацелася б друкавацца, на сённяшні момант няма. Пэўную сатысфакцыю даюць публікацыі ў інтэрнэце, але я разумею яе ілюзорнасць. Магчыма, калі-небудзь такая сітуацыя дапячэ настолькі, што прыйдзецца стварыць свой часопіс. Бо не стае не толькі прасторы для ўласных публікацый, не стае таксама якаснай рэдактуры, цэлых жанраў — напрыклад, сатыры або літаратурнай крытыкі, якая б адэкватна ацэньвала тое, што сёння пішацца і друкуецца. Але я разумею, што сёння ствараць часопіс — значыць цалкам парынуць у інфраструктуры, а не ў змесце выдання.

7

Пішу “калумны” ў “Навіны.бай”, кніжкі пішу, рэдагую, выдаю, артыкулы розныя на замову, радыёперадачы. Афіцыйна нідзе не працую. Жыву з прафесіі. “Даспяваю” да перамен.