Дынько Андрэй

%d0%94%d0%ab%d0%9d%d0%ac%d0%9a%d0%9e

З кнігі "Інтэрв'ю, якіх не было"
  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

 Працуе шэф-рэдактарам газеты “Наша Ніва”. Больш дакладна, адказвае за сайт nn.by. Лаўрэат прэмій “Оксфам Новіб / Міжнароднага ПЭН-цэнтра” (2006), імя Лёрэнца Натале (2006), “За журналісцкую мужнасць і прафесіяналізм” (2006). Вацлаў Гавал перадаў яму сваю Грамадзянскую прэмію імя Эленбоген (2003).

Першы раз артыкул у газету я напісаў у красавіку 1995 года. Я тады вучыўся ў Бельгіі па студэнцкім абмене ў рамках праграмы “Тэмпус”. Там, сярод брусельскай вішнёвай, ружовай вясны, мяне засталі весткі пра рэферэндум у Беларусі аб адмене дзяржаўнасці беларускай мовы з астатнімі сімвалічнымі пытаннямі ў дадатак. Якім бы “зялёным” я тады ні быў, аднак ясна разумеў, што гэта азначае фактычнае аднаўленне Савецкага Саюза хай не ў фармальна-юрыдычным, але ў маральным, культурным сэнсе, што было нават страшней. А для мяне не было нічога жахлівей за пачвару СССР і не было нічога свяцейшага за незалежнасць і родную культуру. Не перабольшваю. Я быў патэтычным юнаком. Хоць тады яшчэ і не размаўляў на роднай мове па-за межамі сям’і і кола выпадковых беларускамоўных прыяцеляў, для мяне мае нацыянальныя прынцыпы значылі бясконца шмат. Яны былі маім стрыжнем, жыццёвай задачай, апраўданнем быцця ўжо тады. Я многа чытаў і яшчэ больш купляў беларускіх кніг, не мінаў ніводнай “Нашай Нівы”, “Свабоды” Герменчука (яе, дарэчы, чытала ці не палова нашай студэнцкай групы, з якой мы лёталі ў Брусель: гэта высветлілася, калі адзін з нас узяў свежы нумар у самалёт; сярод лепшых студыёзусаў чытачоў нацыянальнай дэмакратычнай прэсы было найбольш), пачытваў “Народную газету”, якую тады яшчэ рэдагаваў Сярэдзіч. Праглядаў “Звязду” — яна мне пасавала менш, была не такой “гарадской”. Трапляўся мне і “ЛіМ”, але і ён мне быў завузка-цэхавым.

Яшчэ да ад’езду ў Бельгію, у 1994 годзе, я пераклаў на беларускую мову для серыі “Школьная бібліятэка” выдавецтва “Мастацкая літаратура” “Бацьку Гар’ё” Анарэ дэ Бальзака. Страшна ваяваў з рэдактаркай (яе прозвішча было Цяляціна, а ў кнігах яна падпісвалася Цялюк), каб напісаць рыхтык, як па-французску — “Гар’ё”, а яна вымагала “Гарыо”, “таму што ў рускім перакладзе “Горио”. Увогуле, яна маім навацыям не давярала, правіла на капыл расейскага перакладу, калі што толькі было ў мяне цьмяна ці занадта пурыстычна, я кіпяціўся, не здаваўся. Яна французскае, ясная рэч, не ведала, асабліва цвеліла мяне тым, што імкнулася вершаваныя радкі капіраваць з расейскага варыянта, хоць яны выходзілі ні ў склад, ні ў лад. На цяперашні мой перакладчыцкі досвед я разумею, што многа было ў маім перакладзе і лажы ў тых жа рыфмаваных радках — усё ж я быў студэнтам, нават не старшых курсаў. Гэта што да маёй французскай, а беларуская… Якая там была ў мяне пасля расейскамоўнай савецкай школы? Але ж які я быў шчаслівы тым перакладам і ганарарам за яго! Кніга яшчэ паспела выйсці да лукашэнкаўскага пагрому культуры, калі пераклады зусім перасталі фінансаваць, і мой сын калісьці мо па школьнай праграме яшчэ прачытае гэтае выданне.

А сасватаў мяне перакладаць Бальзака Уладзімір Палупанаў, які тады працаваў у МЗС (з Краўчанкавага прызыву). І я перад вылетам выпрасіў у яго тэлефоны беларускага пасольства ў Бруселі, імёны дыпламатаў, каб там патэлефанаваць ім, спытацца, ці няма для мяне якой працы, ці не трэба якой дапамогі. Ён па наіўнасці даў мне тыя нумары, а я па наіўнасці па іх пазваніў. Дыпламаты сустрэліся са мной параю на Паўднёвым вакзале ў Бруселі — такія маладыя людзі з падазронасцю ў вачах, відаць, першы раз бачылі гэткага прышчавага прыдурка. Не, сказалі, работы няма, дапамогі не трэба. Палупанаў жа праз пару гадоў папросіць палітычнага прыстанішча ў Францыі, стане першым дыпламатам-невяртанцам і навек знікне з публічнага жыцця.

З гэтага майго апавядання можна зразумець, што па адукацыі я перакладчык, з Лінгвістычнага універсітэта, — модная спецыяльнасць у часы, калі краіна толькі адкрываецца свету.

Дык вось, там, у Бруселі, я і дазнаўся пра палітычны паварот на радзіме. Адкуль дазнаўся? Інтэрнэта тады на практыцы не існавала. Беларускія выразкі з прэсы мне час ад часу ў пісьмах дасылала сястра, але ішлі яны доўга — электронная пошта таксама была невядома. Затое бібліятэка майго універсітэцкага інстытута выпісвала расейскія “Известия”, а ў іх тады пісаў, прычым дэталёва і радыкальна, Саша Старыкевіч.

Ішла першая чэчэнская вайна. Бамут яшчэ трымаўся…

Помню, што навіну пра збіццё дэпутатаў у парламенце 12 красавіка чатырма радкамі надрукавала і “Монд”, і я шмат разоў перачытваў гэтыя сціслыя сказы: адзіны раз нешта пра Беларусь у “Монд” за тры месяцы, якія я прабавіў у Бруселі ў мансардзе на вуліцы Віктуар. “Известия” прыходзілі з лагам пару дзён, і са стрыманага паведамлення французскае газеты я спрабаваў разабрацца, што ж там адбылося, куды паварочваецца…

“Што рабіць? Што я магу зрабіць з Бруселя, каб спыніць гэта?”, — думаў я. Нічога лепшага не надумаў, як пераслаць сястры артыкул з заклікам галасаваць супраць, каб яна перадала яго ў “Звязду” (яна там працавала тэхнічнай супрацоўніцай). Напісаў. Пра гісторыю, спадчыну, гонар, еўрапейскую перспектыву, моладзь. Можаце сабе ўявіць, што я там пісаў. Дэмакратыя яшчэ была, і мой матэрыял надрукавалі амаль без правак, сястра даслала мне яго ў Брусель. Ён быў з сэрцам, той допіс. Пасля яго публікацыі рэдактару “Звязды” Наркевічу з бальніцы патэлефанаваў ужо смяротна хворы Максім Танк, каб падзякаваць і спытацца: ці праўда, што студэнт аж з Бруселя? Тады за мяжу яшчэ выязджалі адзінкі. І быццам бы Танк быў усхваляваны да слёз… Хоць апошняе, мажліва, ужо апокрыф. Можа, калісьці спытаюся рэдактара Наркевіча пра тую размову з Танкам?..

Калі сталі вядомыя вынікі рэферэндуму, я даў сабе слова, што з гэтага дня буду з чужымі людзьмі ўсюды і заўжды размаўляць толькі па-беларуску. І стаў. І сёння гэтага зароку трымаюся. Можа, за гэта Бог мне даруе тое, што я бываў слабы і не стрымаў якіх іншых зарокаў у жыцці… Аднак атмасфера вакол была ўсё адно неадольна дэпрэсіўная. Помню, як 15 мая, у першы дзень пасля рэферэндуму, мой універсітэцкі калега, а пасля закрыстыянін касцёла на Залатой Горцы і супрацоўнік біскупскай курыі Кірыла Гракаў казаў мне пры сустрэчы: “Хай бы яны бралі сабе ўсё, а нам пакінулі Заходнюю Беларусь, не, хоць адну Гарадзенскую вобласць, мы б там такі лад збудавалі б, такую краіну мелі б!” Помню, як у трамваі-шостцы на Якуба Коласа чытаў першы паслярэферэндумны нумар “Свабоды”, поўны апеляцый да нелегітымнасці рэферэндуму, а адна старая баба наўмысна гучна, трыумфальна верашчала: “Гэтая “Свабода” — фашысцкая газета!” А народ маўчаў ужо, адварочваўся да акон, ніхто не наважваўся ані спрачацца, ані падтрымліваць. Чулі людзі, чым павявала.

Потым была першая паслярэферэндумная “Наша Ніва” з магутным дубам алоўка Сяргея Харэўскага на першай паласе і загалоўкам “Не зломіш!”. Гэта было неймаверна трапна, выцірала соплі і вяртала жаданне жыць.

8 верасня 1995 года я ўпершыню ў жыцці пайшоў на вулічную акцыю — тады народ талокся каля помніка Багдановічу, перад операй, ускладаў кветкі, а пасля рэдкай ручаінкай цадзіўся па распанахтаным асфальце, між калюжаў, уздоўж бетоннай набярэжнай, што пад вуліцай Камуністычнай, да Дома літаратара. Гэта цяпер ствараюць легенды пра пачатак 90-х, а тады людзей было зусім няшмат, арганізацыі ніякай, зусім не так, як на шматтысячным шэсці 8 верасня 1996 года, хоць спецназа тады і ведаць і не ведалі. Там, помню, пабачыў філосафа Алеся Анціпенку, знаёмага мне, бо да яго мяне калісьці быў скіраваў Зміцер Колас, які ў сваю чаргу выкладаў у нас літаральна пару месяцаў на пачатку 1994-га адну пару перакладу ў тыдзень і быў адным з першых у маім жыцці беларускамоўных выкладчыкаў. А скіраваў Колас мяне таму, што я з ім гаварыў па-беларуску і перакладаў яму па-беларуску на занятках (я быў не адзін, хто браўся перакладаць яму на беларускую, былі і іншыя такія ў нашай групе; помніцца мне, як горача стараўся ў тым таксама Ігар Круглік, яшчэ адзін палымяны беларус; цяпер ён паспяховы бізнесовец у Маскве, дзе ў яго дзядзька працаваў генералам ФСБ). Анціпенка ў той час загадваў выдавецкім аддзелам фонду Сораса і акурат шукаў перакладчыкаў і рэдактараў для першых выданняў серыі “Адкрытае грамадства”. І я хадзіў да яго ў офіс у політэхнічны, ён мне даў невыказна накручаны пераклад на пробу, нешта такое філасофскае-філасофскае. Я пераклаў, і ён даручыў мне першую працу — рэдактуру падручніка па гісторыі эканамічных вучэнняў аўтарства Андрэ Дэні. Перакладчыкамі былі студэнты факультэта міжнародных адносін Алесь Лагвінец — ён стане выкладчыкам  ЕГУ, а пасля палітыкам (думаю, ягоны шлях да палітыкі сваімі матывацыямі надзвычайна падобны да майго шляху ў рэдактарства), і Карэн Акопаў — гэты стане кар’ерным дыпламатам, будзе працаваць у МЗС, у пасольстве ў Вашынгтоне, пасля ў місіях ААН, але згідзіцца працай пры дыктатуры, кіне і пяройдзе ў прадпрымальнікі. З Акопавым мы сустракаліся неяк каля Дома афіцэраў, а Лагвінец прыязджаў да мяне дамоў. (Як толькі я пачаў падзарабляць, я зняў кватэрчыну і выехаў з інтэрната.) У эканоміцы мы яшчэ не петрылі, французскую мову ведалі нямоцна, беларускую — кожны па-свойму, хто на што вучыўся. Таму лазілі па слоўніках, капалі як апантаныя. Калі Акопаў быў да белмовы без прэтэнзій, то з Лагвінцом мы мелі прэтэнзій на трох і дзіка спрачаліся праз любыя праўкі, хапаючыся за відавочныя памылкі адзін аднаго. Бадай, французскую тады лепей разумеў я, а беларускую лепш адчуваў ён. (З цягам часу ўсё стане наадварот.) Дык жа ж: кніга тая выйшла, не ведаю, ці чытаў хто яе, аднак усе гэтыя студэнцкія працы далёка не бессэнсоўныя. І якія ж дурныя мы былі ў канцы 1990-х, пакідаўшы цягамотныя лукашэнкаўскія універы. Сам кантакт з намі, беларускамоўнымі, мог стаць тым жа паваротам, якім для мяне былі заняткі Коласа. Мова мову чуе і мова мову чапляе.

Дык вось, там, пад манументам, я сказаў Анціпенку, бачачы яго ўпершыню за год: “Якія жудасныя вынікі рэферэндуму!” А ён мне парыраваў: “Нічога страшнага. Самае важнае, што супраць інтэграцыі з Расеяй, савецкай сімволікі і надзялення Лукашэнкі дадатковымі паўнамоцтвамі галасавала тая самая група людзей. Значыць, мы, прыхільнікі беларускай культуры, уяўляем сабой прагрэсіўную частку грамадства, якая выступае за дэмакратыю і рынкавую эканоміку і мае цэльныя погляды. Гэта значыць, што будучыня за намі”. Мяне яго словы моцна ўразілі, такую трактоўку вынікаў плебісцыту я нідзе не сустракаў. Лімаўскі бэлетрыстычны плач, свабодаўскія заклікі да прагматычнага перагляду ранейшае стратэгіі дзейнасці, ніўскі дыскурс стаіцызму былі, а вось з такім рацыянальным прэпараваннем я нідзе не сутыкаўся. І пасля я доўга над тым перадумваў, спрабаваў з уласцівым мне крытыцызмам знайсці аргументы, якія б заўважылі логіку Анціпа (так мы называем яго між сабою, і гэта дасканала яму адпавядае, падкрэслівае тое старагрэцкае, што ў ім ёсць). Я прыгадваў свайго бацьку, які галасаваў супраць расейскай мовы, але за астатнія пытанні, і свайго універсітэцкага выкладчыка гісторыі, ашмянца Браніслава  ІпалітавічаЗагорскага, які прызнаваўся нам на семінарах, што як знаўца гісторыі галасаваў супраць вяночка і сцяга, але за расейскую мову і астатняе. Цяпер, з вышыні гадоў, я разумею, як па вялікім рахунку слушна аналізаваў сітуацыю Філосаф.

У той вечар, 8 верасня 1995 года, я разам з усімі дайшоў да Дома літаратара. Народу там было свет, у залу не праціснуцца. Беларусы былі непрызвычаеныя мітынгаваць, але прызвычаены набівацца ў літаратарскае гета і там даваць волю свайму запалу. У залу было не ўбіцца ў прамым сэнсе гэтага слова, я абмежаваўся пакупкай вялізнага бел-чырвона-белага сцяга ў аднаго з кніганошаў у холе (дарэчы, вось каму мы мусім калісьці паставіць помнікі ў кожным горадзе — нязводнаму племені кніганошаў). А сцяг з таго часу заўжды быў у мяне, дзе б я ні жыў. Ён вялізны. Не ведаю, чаго мяне панесла купіць такі вялікі, і я ніколі не наважваўся выйсці з ім на дэманстрацыю — характар не той. Адзін з рэдкіх разоў, калі ён пакідаў мой дом, было пахаванне Васіля Быкава, 2003 год, лета. Тады ніхто не ведаў, ці дадуць нам яго пахаваць па-людску, ці аточаць, ці як там будзе, і я абвязаўся гэтым сцягам пад кашуляй, зашпіліў чорны пінжак, каб не прасвечвала. Была тайная дамоўленасць аб тым, што ў выпадку, калі ўсё пойдзе па найгоршым сцэнары і лукашысты “арыштуюць” памерлага нацыянальнага пісьменніка, будуць дыктаваць свой план пахавання цішком, крадком, у адну з пачэсных варт устанем мы з Бяляцкім і, здаецца, Арловым (хто чацвёрты, не памятаю), і проста без папярэджання накрыем труну і панясём, а пасля на хаду накрыем палотнішчам. Меркавалі, што з рук труны шарпаць не будуць, а там Бог бацька. Я не сумняваўся, што прайсці да труны мне ўдасца, бо на той момант я быў першым намеснікам Быкава ў ПЭН-цэнтры, адзінай арганізацыі, якую ён да сваёй смерці ўзначальваў — заяву з просьбай аб адстаўцы Быкаў прынёс пасля прылёту ў Мінск, за два тыдні да смерці. Засталіся фоты Андрэя Лянкевіча і Сяргея Шапрана з таго яго прыходу, і Рада ПЭН-цэнтра не паспела, дый не збіралася яе задавальняць. Я нават узяў з сабой у Дом літаратара дакументы, якія пацвярджалі нашы пасады ў арганізацыі, каб быць упэўненым, што сцяг да сцэны данясу.( Дарэчы, пра апошні год і дні жыцця Быкава, ягонае пахаванне яшчэ ёсць маленькія нерасказаныя сакрэты, толькі пакуль не час іх публікаваць.)

З 1400 нямецкіх марак, якія я ашчадзіў з “тэмпусаўскай” стыпендыі і зарабіў у Бельгіі (то аднойчы з калегам, Пашам Шабуніным — ён цяпер настаўнікам французскай мовы ў Пасадэне, Каліфорнія, — мы складалі дровы для японкі-выкладчыцы, то я праводзіў экскурсію па Бругу для пантовых маскоўскіх турыстаў, уранку прыехаўшы ў той гарадок першы раз у жыцці), — на тыя часы вялізныя грошы для студэнта! — 140 я аддаў на “Нашу Ніву”. Калі пагартаць падшыўку за 1995 год, то можна знайсці падзяку: “за 140 марак ад жыхароў вёскі Заказанка Берасцейскага раёна”. Гэта я так папрасіў запісаць. Сярэднямесячны заробак тады складаў 50 даляраў, або 70 марак.

Тады ж, у 1995 годзе, сваю першую публікацыю ў “Нашай Ніве” зрабіла мая сястра, Наталка Бабіна.

Каб перадаць ахвяраванне, я папрасіў знаёмых звесці мяне з тагачасным адказным сакратаром газеты Алегам Дзярновічам, бо яны яго ведалі. Праз яго я прапанаваў свае першыя артыкулы і пераклады ў “Нашу Ніву” ў сакавіку 1996-га года. Ён перадаў пазітыўны адказ Дубаўца. Стваралася новая, штотыднёвая “НН”… Я прынёс пераклады нечага такога, як сказаў бы Гарэцкі, адулячонага, такога, чым тады поўніліся розумы ў кіраваным Ігарам Бабковым выдавецтве “Еўрафорум”, куды я з падачы тых-такі Анціпа і Дзярновіча ўжо трапіў, ды іншыя перакладулькі, ды вершы. Дубавец папрасіў пакінуць, а ў наступную сустрэчу — рэдакцыя тады сядзела ў панчанкаўскім доме на Пуліхава, у новай светлай веснавой кватэры, якую не паспелі дабіць наймальнікі, — сказаў мне: гэта нецікавае ўсё, з гэтага падыдзе толькі адзін пераклад прамовы Вацлава  Гавела, астатняе — не. А пісаць нам трэба рэфлексіі на бягучыя тэмы. Я пакрыўдзіўся (за вершы), але пісаць хацелася, і я стаў пісаць тыя рэфлексіі пра падзеі, з’явы, публікацыі. А пераклад з Гавела “Посткамунізм” адкрываў першы, сакавіцкі, нумар новафарматнае “НН” за 1996 год. Толькі цяпер, пішучы гэты тэкст, падумаў, што не ўзгадаў сказаць пра тое на цырымоніі перадачы мне Гавелам прэміі імя Эленбоген у 2003 годзе, што пачаў я свой газетны шлях з грашовага ахвяравання, а пасля — з перакладу твораў Гавела.

Гэта была ўжо новая эра: праз тры тыдні здарыцца ашаламляльная маніфестацыя на Дзень Волі, дэманстранты ледзь не возьмуць штурмам будынак тэлебачання. І я там быў, і мне было вусцішна перад шэрагамі касманаўтаў у чорных шлемах. Сталіца бурліла, бо Лукашэнка меў падпісаць саюзныя дамоўленасці з Расеяй, а апазіцыя паціху, у кулуарах парламента, сядзібках партыйных суполак і офісах замежных фондаў рыхтавалася яго скінуць. Усё гэта вісела ў паветры, мы гэта абмяркоўвалі на кухнях, за студэнцкаю макаронай з кансервавымі мідыямі, набытымі за першыя ганарары. Ці баяліся мы? Мы асцерагаліся. Яшчэ жывы былі ў галовах аповеды бабуль пра іголкі, якія саветы заганялі пад пазногці, пра калодзежы, якія завальвалі трупамі немцы. Пра тое, як гінуў кожны, хто высоўваўся і актыўнічаў. Ужо здарыўся першы ператрус “НН” па справе Славаміра Адамовіча, калі ён з нейкіх невядомых прычын ці па супадзенні акурат прыпёр у рэдакцыю торбы з пустымі пляшкамі. Мы і раней ведалі, што спрут прыціх, але не дрэмле, а тут усе гэтыя шэрыя пінжакі, бязлітасныя вочы, людзі няясных талентаў, але зручных пасад, усе гэтыя пранырлівыя падпалкоўнікі з вайсковых кафедраў — усе яны зноў заганарыліся, напупырыліся, ззяюць. Яны ўжо шныпарылі між намі, мітынгоўцамі, хоць у сімпатыях іх было не западозрыць. Таму бывала боязна. Нас было многа, пратэстоўцаў, у кожным разе. Я сустракаў шмат знаёмых твараў. І мы, хто тады хадзіў на шэсці, займелі адзін да аднаго сімпатыі на ўсё жыццё. Нават тыя, хто цяпер працуе зусім не там, дзе марылася, ці не так, як марылася, добра памятаюць нашы маладыя гады.

Ад тае вясны 1996-га я, працуючы ў фінансавай кампаніі “Белзнешэканомбанк” і адначасна давучваючыся ў магістратуры, стаў пісаць у “Нашу Ніву” — калі часцей, калі радзей, але стараючыся штонумар. Гэта адразу стала ўнутранай патрэбай, важнай часткай мяне. Пісаў я найбольш тое, што заахвочвалася Дубаўцом у дачыненні да такіх пачаткоўцаў, як я, — рэфлексіі амаль дзённікавага тыпу. Пісаў таксама водгукі, весткі, якія трапляліся, рэакцыі на падзеі, рабіў трохі перакладаў — і літаратурных, і злабадзённых. Сяргей Дубавец быў дасканалым рэдактарам. Ён амаль не правіў тэкстаў, але тое, што правіў, запаміналася на ўсё жыццё — чаго не трэба пісаць. Часам ён прыбіраў які адзін сказ. Апошні, напрыклад. Або даваў лепшы загаловак. Заўсёды дакладна. Па маладосці я, вядома, спадзяваўся, што вось пачну жыць з ганарараў у “НН”, і можна будзе кінуць фінкампанію з яе нуднымі паперкамі, размытніваннем і паездкамі ў Мінсельгасхарч (на той працы мне давялося пазнаёміцца з Васілём Лявонавым, тады міністрам сельскай гаспадаркі, і Міхалам Марынічам, тагачассным старшынёй замежнага эканамічнага камітэта. Яны разбуралі мае ўяўленні пра наменклатуру як нешта хамскае і дурное; мяне таксама ўразіла, што сакратаром у Лявонава быў паэт Змітрок Марозаў, пра якога я ведаў, што ён падабае вянкі санетаў).

Дубавец налічаў грошы сціпла — не тое, каб зусім мала, не абы на паперу і ручку (як пасля часам даводзілася налічаць мне, ужо ў маю бытнасць рэдактарам, прычым нават аўтарам узроўню Адама Глобуса ці музычнага крытыка Юліі Андрэевай), але ўсё ж на тыя сумы было не пражыць. Мне крыўдна было, я стараўся падгледзець у ведамасці: мо мяне не цэніць, а іншым больш дае? А Дубавец чалавек стрыманы, увесь у сабе, пазбаўлены ўсялякае тэатральнасці, ніколі нічога не тлумачыў пра фінансавы стан выдання. З часам прыйшло разуменне, што маем тое, што маем, і ганарарны фонд жадзён, і жыць прыйдзецца з іншага.

Помню, страшна мяне дратавала, што праз тэхналагічную маруднасць — усё было на Дубаўцу — дэдлайн здачы матэрыялаў быў у чацвер, газета друкавалася ў Вільні ў нядзелю, а ў шапіках з’яўлялася толькі ў аўторак, і каб здабыць газету хутчэй, я (і не толькі) шукаў у горадзе цётачак, газетаношаў, у якіх нумар з’яўляўся ў панядзелак. Абурала, чаму нельга хоць на пятніцу ссунуць апошні тэрмін падачы матэрыялаў ці вазіць хутчэй? Такія хуткасці распаўсюду інфармацыі былі 12 гадоў таму. А цяпер учарашнюю навіну перадрукоўваеш на сайце, дык адразу табе тры чалавекі ставяць каментары: навіна — баян, ніва — капец, адстой…

Страшна мне пярэчыла і тое, што рэдакцыя (легендарныя ўсё людзі!) а 10-й вечара згортвала сваю працу і распачынала вячэру з гарэлкай. Мне і такі “ранні” канец працы, і асабліва чарка падаваліся недаравальнай саветчынай і распустай. Цяпер я разумею, што ў 1996-м на Дубаўцу была такая непамерная нагрузка, што яму проста мусова было адключацца. Неяк так выходзіла, што ўсе рабілі патроху, а на яго валілася гурба, прычым прыходзілася вычытваць усё да апошняй прыватнай абвесткі, бо культура мовы была нікудышняй, стыль-рэды і карэктары-першакурснікі лавілі мух, а газета ж тыднёвая ды з нерэалістычнай задумай “Інфарматара”, які больш выглядаў “Фарматарам альтэрнатыўнай рэальнасці”. Такі высілак датрываў да канца 1996 года, пасля чаго газета вярнулася да перыядычнасці выхаду два разы на месяц, тым самым страчваючы ўсякія магчымасці ўплыву на палітычны парадак дня, абмяжоўваючыся літаратурай і гуманітарыстыкай.

Я нейкі час, перадусім, зарабляў грошы і жыў для эканоміі ў сваёй Заказанцы. Увесь час патроху пісаў, не закідаў. Потым выкладаў. Адначасова мы з Валерам Булгакавым і парай іншых сяброў, жонкамі і будучымі жонкамі заснавалі часопіс “ARCHE”. Пасля таго нечакана Дубавец запрасіў мяне ў “Нашу Ніву” намеснікам рэдактара. А я ўжо меў фанабэрыю — як жа, заснавальнік “ARCHE”! Не прайшоў і год, як Дубавец, разарваны між Мінскам і Вільняй, фінансамі і творчасцю, “Нівай” і “Вострай Брамай”, на злёце крызісу 1999—2000 года — крызісу выдання, апазіцыі, нацыянальнай незалежнасці — прапанаваў галоўнае рэдактарства мне. Я параіўся з Булгакавым у імжысты вераснёўскі дзень над возерам Вяча, куды мы выехалі ягонай першай машынай — скрынкападобным, важкім, як танк, “Фордам Скорпіо”, — і з парады Булгакава пагадзіўся. Дубавец зрабіў мне тую прапанову ў Вільні, на кватэры Глобуса (там тады месцілася віленская рэдакцыя), ці, калі быць дакладным, Глобусавай жонкі, фатографа Алены Адамчык, у адказ на маю крытыку творчага застою і Дубаўцовай няздольнасці — увядзеннем палітыкі строгай эканоміі аздаравіць фінансы выдання. Мінская рэдакцыя тады арандавала кватэру на вуліцы Бабруйскай, у будынку аўтавакзала. Месца было зручнае для іншагародніх прыезджых, але кошт бяздумна дарагі, і маім першым крокам як новага начальніка стаў неадкладны пераезд ва ўдвая таннейшае памяшканне на Залатой Горцы, у дом над колішнімі могілкамі, аброслы лісіным вінаградам, што зіхацеў у тым кастрычніку ўсімі адценнямі золата й чырвонага віна.

У рэдакцыю сапраўды заўжды язджала і хаджала немаленька людзей.

На Бабруйскую, напрыклад, завітваў з Маладэчна 16-гадовы гімназіст Сяргей Богдан, прывозіў спісаныя дробным почыркам аркушы ў клетачку са школьнага сшытка. Пра падзеі ў Ачэху, Курдыстане. Найбольш вычытаныя ў расейскіх газетах, а таксама нямецкіх, што траплялі ў гімназію, але перадуманыя. Цяпер Богдан усходазнаўца, скончыў факультэт міжнародных адносін, дагэтуль піша ў “НН”. На Бабруйскую завіталі з намётамі хлопцы з Наваполацка на чале са Змітром Салаўёвым, едучы на сканчэнне легітымнае пяцігодкі Лукашэнкі. Народу на плошчы сабралося няшмат, тысячы чатыры, з намётам палачане аказаліся адны, арганізацыя Антончыкава аказалася блефам, а Шарэцкі пасля пад філфакам заклікаў усіх разыходзіцца і выехаў машынай АБСЕ ў Вільню.

На Залатой Горцы стала патроху кандэнсавацца зусім юнае тады, новае пакаленне ніўцаў, канечне, патрэбнае на змену раструшчанае паразамі плеяды 90-х, пераважна студэнты. Сталі пісаць Кудрыцкі, Скурко, Гардзіенка, Дзядзенка. Нейкі час учашчаў цыбаты (не тое слова!) бамбіза Віця Мухін. Быў ён адчайны радыкал, моўна і палітычна, “Наша Ніва” была яму запамяркоўная — і моўна, і палітычна. Мухін пасля махне на Радыё Рацыя, хіба на адно лета, а пасля ў “Советскую Белоруссию”, у спадзеве беларусізаваць ворага ў ягоным логавішчы. Не выйшла, і заўчасна расчараваны хлопец нават прозвішча зменіць на “Корбут” і ўрэшце асядзецца ў “Туризме и отдыхе”.

На Залатую Горку ўпершыню ў маю бытнасць рэдактарам зрабілі рэйд кадэбісты. Было тое ў чацвер, пасля выхаду нумару. Я ў той дзень якраз выехаў у Вільню да Дубаўца, і адбіваўся ад іх Скурко, які трапіўся тады ў рэдакцыі. Такі быў яго першы досвед у “НН”. Усякіх налётаў і асабліва праверак будзе досыць.

Як перакладчык на час пачатку рэдактарства я быў ужо сталы, але досведу фарміравання газеты, сувязяў, ведання палітычных і нават культурных колаў у мяне не было аніякуськага. Выязджаў на эрудыцыі, адданасці справе і беларускасці, давяраў парадам аўтарытэтаў, якія часам вялі ў процілеглыя бакі, ды неяк жа “НН” выстаяла.

Дубавец адразу сказаў: “Я больш у газету не ўмешваюся, але нейкі час буду пасля цябе перачытваць тэксты, калі хочаш”. І яшчэ даволі працяглы час я засылаў яму на мэйл усе тэксты, а ён мне чырвоным пазначаў свае праўкі. Так я вывучыў моўныя і стылёвыя тонкасці нашаніўскай традыцыі. І яшчэ Дубавец сказаў: калі будуць праблемы з Жуком, я буду разбірацца сам. Павал Жук тады, да пэўнай перарэгістрацыі, фармальна заставаўся заснавальнікам “НН”, гэта значыць, меў на яе юрыдычныя правы, але ніяк у ёй не ўдзельнічаў. Аднак з Жуком ніякіх праблем не здарылася, ён мірна развітаўся, калі выйшаў з медыйнае справы.

Мае бацькі былі, ясная справа, катэгарычна супраць таго, каб я кідаў выкладанне і ішоў працаваць у “НН”. Яны таго не разумелі, а сітуацыя напружвалася. Якраз перад тым (1999—2000) сталі знікаць дзеячы апазіцыі, грамадства рыхтавалася да яшчэ горшага. Патрэбен быў час, каб яны звыкліся, нават выпісваць “НН” бацькі пачалі не адразу. Ды з часам так зжыліся, што перасталі выпісваць сваю “Звязду”, — яна ім стала прыкра канфармісцкай. Цяпер яны перадплачваюць толькі “НН” і жыцця без яе не ўяўляюць. Ну і сын неяк застаўся ў жывых, і гэта доўга так цягнецца, і тое супакойвае.

З 2006 года, калі мяне затрымалі каля плошчы, мая мама стала слухаць таксама радыё “Свабода”. Цяпер не можа заснуць, не паслухаўшы. Жонка за мяне выходзіла ўжо калі я быў намеснікам рэдактара ведаючы, за каго ідзе.

У дзяцінстве я ніколі і паняцця не меў аб працы ў СМІ. Калі кім і хацеў стаць, дык кіроўцам аўтобуса. І да самага моманту запрашэння Дубаўцом да пісання ў “НН” у мяне і думкі не было пра кар’еру ў газеце. Я не ведаў, кім стану працаваць у зменлівых постсавецкіх абставінах. Цяпер жа я не ўяўляю сябе без “Нівы”. Напэўна, мне спадабалася б аддана папрацаваць менеджэрам і ў іншай сферы, і не буду супраць, калі такое трапіцца, але “Наша Ніва” праз усе гады аўтарытарызму і русіфікацыі была для мяне яшчэ і малой незалежнай дзяржавай у форме выдання. Вось гэта — неацэнна!