Ганчар Віктар

%d0%b3%d0%be%d0%bd%d1%87%d0%b0%d1%80

З кнігі "Асобы"

САКРАТАР ЦВК ВІКТАР ГАНЧАР

Падрыхтавана да друку  26.09.2007

Той факт, што Віктар Ганчар быў прызначаны віцэ-прэм’ерам і такім чынам трапіў у блізкае першае кола толькі што абранага першага прэзідэнта краіны, зусім не сведчыць аб іх добрых адносінах. Яны з самага пачатку не ўзлюбілі адзін аднаго. Занадта добра кожны адчуваў відавочны кантраст. Было абсалютна зразумела, што гэтыя людзі не змогуць доўга існаваць побач. У далейшым так і адбылося. Але ў іх біяграфіях ёсць не толькі палярнасць. Напрыклад, абодва былі некалі вясковымі хлопчыкамі.

Віктар Іосіфавіч Ганчар нарадзіўся 7 верасня 1957 года ў пасёлку Радзічава Мінскай вобласці. На  момант напісання нарыса яму б споўнілася 50. А ў памяці, нашай і нашчадкаў, ён заўсёды застанецца маладым, прыгожым, элегантным.

З яго кароткай, але такой насычанай падзеямі і дасягненнямі біяграфіі ёсць сэнс выдзеліць два эпізоды.

Першы. Выпускнік сельскай школы Віктар Ганчар паступіў на юрыдычны факультэт БДУ. Факультэт на той час не проста прэстыжны, а суперпрэстыжны, па сутнасці карпаратыўны, закрыты, з неверагоднымі конкурсамі, куды, акрамя добрых ведаў, траплялі па вялікай пратэкцыі. Ганчар паступіў сам. На экзамене ён адказваў так, што старшыня камісіі не змог стрымаць захаплення. Не проста адказваў – дыскутаваў, прычым доказна, прыцягваючы аргументы з розных крыніц, аж да дакладнага цытавання па памяці класікаў, са спасылкай на адпаведны том і старонку.

Другі. Ганчар уключыўся ў перадвыбарчую барацьбу ў Вярхоўны Савет 12-га склікання. Не проста насуперак афіцыйнай волі, але і ў непасрэднай канкурэнцыі з непасрэдным начальнікам – рэктарам інстытута, дзе працаваў дацэнтам. І перамог.

Гэтыя два эпізоды вызначаюць дзве, бадай што галоўныя, рысы яго натуры: талент  і самастойны, нават амбіцыйны характар, які, аднак, грунтаваўся на працаздольнасці і празе ведаў. Прарыў быў яго стыхіяй. Ён не любіў быць другім. Па лесвіцы – праз два прыступкі, на абгон – па восевай, ад Мінска да Маладзечна – за 45 хвілін. Апрануты – падкрэслена элегантна. Вясковы хлопец, што той “дэндзі лонданскі”.

Спыняцца паслядоўна на пасадах Віктара Ганчара не буду. Толькі пералічу дзеля агульнага фону. Пасля ўніверсітэта працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута філасофіі і права АН БССР, дацэнтам Беларускага інстытута народнай гаспадаркі, загадчыкам аддзела эканоміка-прававой работы Дзяржэканамплана БССР, першым намеснікам старшыні (Генадзя Карпенкі) Маладзечанскага гарвыканкама, намеснікам прэм’ер-міністра РБ, генеральным сакратаром Эканамічнага суда СНД, старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэферэндумаў.

Апошні запіс у працоўнай кніжцы быў сапраўды апошнім афіцыйным. І гэта невыпадкова. Віктар Ганчар быў для ўлады вельмі небяспечным. Менавіта таму спачатку яго выштурхнулі ў андэграўнд, а потым і “зніклі”.

З апошняга радка афіцыйнай біяграфіі і хацелася пачаць, таму адразу прашу прабачэння за парушэнне храналогіі.

Вярхоўны Савет 13-га склікання прызначыў Ганчара кіраўніком Цэнтрвыбаркама 5 верасня 1996 года. Па меркаванні бадай што ўсіх, ад паплечнікаў да палітолагаў і журналістаў, а цяпер ужо і даследчыкаў, гэта быў сапраўдны зорны час Віктара Ганчара, што цалкам адпавядае ісціне. Калі Ганчара зрабілі віцэ-прэм’ерам па сацыяльных пытаннях альбо калі ён працаваў кіраўніком Эканамічнага суда СНД, наўрад ці хто сумняваўся, што гэта не адпавядае амбіцыям Віктара Іосіфавіча. Ганчар марыў пра іншае. Пра сапраўдную ўладу. Як аднойчы, неўзабаве пасля абрання А. Лукашэнкі прэзідэнтам, у коле бліжэйшых паплечнікаў вызначыў сам: “Ну што ж, у мяне цяпер свая пяцігодка”.

Калі чую папрокі на гэты конт, заўжды катэгарычна адмаўляюся іх успрымаць. На мой погляд, гэта нармальная прафесійная якасць для палітыка. Значна горш, калі яна адсутнічае альбо за марамі не праглядваюцца рэальныя магчымасці і воля да перамогі. Ці не дзякуючы менавіта гэтай апантанасці ўладай А. Лукашэнка так доўга і трымаецца на самай вяршыні? Прэзідэнтам марыць стаць амаль кожны з яго апанентаў, але не ў кожнага з іх ёсць такія магчымасці. Як кажуць, не дастаткова толькі хацець, трэба яшчэ і магчы. Ганчар хацеў і мог.

Рэч толькі аб сродках. Для Віктара Ганчара мэта і маральнасць сродкаў, мэта і дэмакратычныя каштоўнасці ўспрымаліся толькі ў адзінстве. Для яго перамога, дасягненне ўлады сумніўнымі сродкамі была несапраўднай, успрымалася як абраза гонару. Яму патрэбны быў не страх людзей перад ім, а прызнанне яго вартасцяў (розуму, ведаў, здольнасцяў, абаяльнасці) калегамі, любоў, калі хочаце, мас. Імправізацыя і разлік. Адпаведнасць пэўным фундаментальным прынцыпам і дастаткова вялікі допуск для свабоды дзеянняў з улікам рэалій, змены абставінаў. Паплечнікі памятаюць яго фразу, якая яшчэ пры ім зрабілася афарызмам: “З пэўнай доляй палітычнага цынізму мушу сказаць…” Разам з тым Ганчар выключна цаніў дакладнасць, паслядоўнасць і своечасовасць выканання арганізацыйнай схемы. Не раз падкрэсліваў: калі ён і мае нейкі талент, дык арганізатарскі. Такія не могуць быць дыктатарамі, такія могуць быць толькі лідарамі ў дэмакратычна арганізаваных грамадствах.

Стаўшы кіраўніком Цэнтрвыбаркама, Віктар Ганчар адразу ж наведаў шмат выбарчых участкаў па ўсёй краіне. І быў, літаральна, шакаваны памерамі выспяваючай, метадычна рыхтуемай хлусні. Але яшчэ болей быў шакаваны тым, што вельмі канкрэтныя і сур’ёзныя папярэджанні ніхто не ўспрымаў. Уражанне такое, расказваў ён мне пасля адной з такіх паездак, што кіраўнікі на месцах не проста нічога не чуюць, але і чуць не хочуць.

Аднак вядома, калі Ганчар нечага шчыра хацеў, ставіў сваёй мэтай, спыніць яго было вельмі цяжка. Па яго настойлівых патрабаваннях Канстытуцыйны суд прыняў рашэнне, што рэферэндум не будзе насіць абавязковы характар. Гэты пункт быў унесены ў бюлетэні для галасавання. Ганчар выступіў у Дзяржаўнай Думе Расіі, дзе распавёў пра шматлікія парушэнні і падрыхтоўку татальных фальсіфікацый. Думаю, гэта, мякка кажучы, не спадабалася кіраўніцтву краіны, якое, перш за ўсё, разлічвала на падтрымку або нейтральнасць Расіі.

Потым быў удзел у гучна вядомай перадачы НТБ “Герой дня”, дзе Віктар Іосіфавіч заявіў, што такія вынікі рэферэндуму ён, як старшыня ЦВК, не падпіша. Амаль усе лічаць гэту заяву яго самай вялікай памылкай. Маўляў, трэба было крыху пачакаць, сцішыцца, уцалець на пасадзе і ўжо пасля выбараў зрабіць заяву. З гэтым цяжка не пагадзіцца, але на такі крок кандыдат юрыдычных навук меў рацыю. Як піша ў сваёй кнізе “Лукашэнка. Палітычная біяграфія” вядомы палітолаг і публіцыст А. Фядута, “…Ганчар быў юрыстам, ён бачыў, як паступова і цынічна Лукашэнка папірае законнасць, і не мог з гэтым мірыцца”.

14 лістапада 1996 года А. Лукашэнка сваім загадам (хаця і незаконна) адхіліў Віктара Ганчара ад пасады. Служба аховы прэзідэнта груба вынесла яго на руках з кабінета старшыні ЦВК. Не дапамаглі ні спікер парламента Сямён Шарэцкі, ні галоўны пракурор Васіль Капітан.

Мне “пашанцавала” праз паўгадзіны быць у будынку, дзе тады знаходзіўся Цэнтрвыбаркам. Ганчар нервова хадзіў па холе і камусьці ўвесь час тэлефанаваў. Але ў памяці засталося не толькі гэта. Запомніліся коратка стрыжаныя патыліцы некалькіх дзясяткаў падначаленых палкоўніка Цесаўца, апранутыя, як камісары часоў Кастрычніцкага дзяржаўнага перавароту, у чорныя скураныя курткі, і пах не самых чыстых шкарпэтак.

Гэта, як кажуць, “звальненне” Віктара Іосіфавіча адбылося дэ-факта, а вось аформлена дэ-юрэ – праз месяцы. Толькі ў студзені 1997 ў працоўнай кніжцы В.І. Ганчара з’явіўся запіс, што 10.01.97 ён вызвалены з пасады. Такім чынам атрымалася, што ўвесь гэты час Цэнтрвыбаркамам быццам бы кіраваў Ганчар, а не Лідзія Ярмошына.

Дзеля аб’ектыўнасці, трэба згадаць яшчэ адну версію  падзей. Некаторыя лічаць усё,  што тады адбылося, спектаклем, які для публікі разыгралі Лукашэнка і Ганчар. Маўляў, за ўсім стаялі вельмі вялікія грошы.

Як бы там не было на самой справе,  бясспрэчным вынікам стала тое,  што Віктар Іосіфавіч  Ганчар апынуўся сярод тых, хто не прызнаў вынікі лістападаўскага 1996 года рэферэндуму. Больш за тое, ён узначаліў спецыяльную парламенцкую камісію, якая расследавала антыканстытуцыйныя дзеянні А. Лукашэнкі. Быў нават падрыхтаваны адпаведны дакумент. Але гэта не стала каталізатарам народнага супраціўлення ды і сярод апазіцыі было сустрэчана без асобага імпэту. Апазіцыі не хапала еднасці, але аж занадта было ўзаемнага недаверу, непрыняцця адзін аднаго. Дамаўляцца і рабіць стаўку на аднаго, нават нелюбімага, але перспектыўнага, з кім можна перамагчы, яшчэ не навучыліся.

Эпізод гвалтоўнага адхілення Віктара Ганчара, па сутнасці разгрому ЦВК, быў ці не цэнтральным у наступе аўтарытарызму на дэмакратыю. Апазіцыя гэтага на той час не зразумела, ці пабаялася зразумець. Працэс яе пераўтварэння з сістэмнай у несістэмную, у тое, што яна ёсць зараз, у механізм для барацьбы, а не для перамогі, распачаўся менавіта тады.

Нават прыняцце 14 кастрычніка 1997 года Вярхоўным Саветам адпаведнай заявы не паўплывала на сітуацыю ў краіне. Усё скончылася лёгкай панікай ва ўладных структурах.

Калі супраць членаў камісіі ўзбудзілі крымінальныя справы, Ганчар зразумеў, што іншым апазіцыйным палітыкам гэта донкіхоцтва не патрэбна. Гэта быў момант сапраўднага расчаравання, і Віктар Іосіфавіч на пэўны час знік з палітычнай абоймы краіны. З’ехаў у Латвію, працаваў у нейкім Трацейскім судзе (па другіх звестках гэта была кансалтынгавая фірма). Мае спробы высветліць больш дакладна, былі безвыніковымі.

Вярнуўся ў палітыку краіны Ганчар амаль праз паўгода. Калі быць больш дакладным, то вярнуўся не па ўласнай ініцыятыве, а па просьбе рэшткаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання, каб у рангу старшыні легітымнага (абранага ВС) Цэнтрвыбаркама правесці згодна з Канстытуцыяй 1994 года чарговыя прэзідэнцкія выбары. Якія і адбыліся 16 траўня 1999 года.

У мяне няма жадання зараз спрачацца альбо падтрымліваць тых, хто лічыць тыя выбары па версіі апазіцыі авантурай. На мой погляд, галоўнае іншае: Лукашэнка адчуў для сябе рэальную пагрозу. Хутка за кратамі апынуўся Міхаіл Чыгір, ды і сам Ганчар адчуў на сабе ўсе “прелести” беларускай Феміды.

Потым было 16 верасня 1999 года. Апошні раз Ганчара, на той момант выконваючага абавязкі старшыні Вярхоўнага Савета 13-га склікання, бачылі ў раёне вуліцы Фабрычнай у 22.45. Ён выйшаў са сваім сябрам бізнесменам Анатолем Красуцкім з лазні і “знік”. Разам з Красуцкім і вішнёвым джыпам “Чэрокі”.

Не буду шмат разважаць пра тое, што тады адбылося. Пра гэта ўжо напісана багата. Раскажу пра іншае. Аднойчы Ганчар быў у рэдакцыі “Свободных новостей”, а потым расказваў, як, выходзячы, выпадкова сустрэў свайго добрага сябра, які раней працаваў у КДБ і меў у нашым будынку свой офіс. Той вітаў яго фразай: “А я думаю, па кім працуе “наружка!”

Разумею, што многія не пагодзяцца з тым, што журналіст на гэты раз абышоўся без ацэнак і акцэнтаў, але я зрабіў гэта невыпадкова. Справа ў тым, што ў баню на Фабрычнай Ганчар неаднойчы клікаў і мяне.

Праз шмат гадоў пасля тых трагічных падзей Хрыстосас Пургурыдзіс прыйдзе да высновы, што да гэтага злачынства маюць дачыненне ўладныя асобы. Апошнія, зразумела, з такімі высновамі не пагаджаюцца.

“Справа” Віктара Ганчара чакае грунтоўнага і аб’ектыўнага расследавання. Справа жыцця Віктара Ганчара – усталяванне ў Беларусі дэмакратычнага ладу – раней ці пазней будзе з поспехам рэалізавана.