Гарэцкі Радзім

%d0%93%d0%9e%d0%a0%d0%95%d0%a6%d0%9a%d0%98%d0%99

З кнігі "Лёсы"

Спачатку я ўбачыў кнігу “Браты Гарэцкія” ў музеі сумна вядомай Катыні, дзе НКУС знішчыў, акрамя польскіх афіцэраў, тысячы суайчыннікаў. А падчас нашай размовы гэтую кнігу падарыў мне сам аўтар — акадэмік Радзім Гарэцкі. Выкарыстоўваючы нагоду, яшчэ раз дзякую, а да фразы “пра адражэнцаў мінулага стагоддзя” я бы дадаў “і гэтага”, бо, расказваючы пра іх, Радзім Гаўрылавіч распавядае і пра свой лёс.

Успаміны пра пачатак

Я нарадзіўся 7 снежня 1928 года ў Мінску, так што мне цяпер ужо амаль 82 гады. Мой бацька вельмі любіў Беларусь і добра ведаў яе гісторыю. Свайго старэйшага сына ён назваў Усяславам у гонар Усяслава Чарадзея, а мяне — Радзімам, бо так звалі заснавальніка племені радзімічаў. (Ёсць такая легенда, што Вячка і Радзім спусціліся з Карпацкіх гор, Радзім застаўся на Сожы і ўтварыў племя з адпаведнай назвай.) Я больш нікога не ведаю з такім імем.

У мяне былі выдатныя бацькі. Як кажуць, іх і Радзіму не выбіраюць. Мне пашанцавала і з Радзімай. Бацьку звалі Гаўрыла Іванавіч, маці — Ларыса Восіпаўна. Яны пазнаёміліся ў Маскве, дзе вучыліся ў Ціміразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі, якая тады называлася Пятроўскай: бацька — на эканамічным факультэце, маці — на агранамічным. Маці родам з Беластока, а бацька — з вёскі Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні.

Бацькі майго таты былі непісьменнымі, але баба – сапраўдная народная спявачка і казачніца. Яна ведала процьму беларускіх песень, казак, і гэтая крыштальная народная паэзія так паўплывала на яе сыноў, што Максім і Гаўрыла палюбілі ўсё роднае — мову, песні, зямлю. Таму і сталі аднымі з самых адданых адраджэнцаў пачатку мінулага стагоддзя і пранеслі сваю любоў да Бацькаўшчыны праз усё жыццё. Стараліся, каб яна была багатай, шчаслівай, вольнай.

У 1919 годзе мой бацька закончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, якое зараз стала акадэміяй, і паехаў вучыцца ў Маскву. Там адразу пачаў садзейнічаць стварэнню кола сапраўднай інтэлігенцыі, якая будзе будаваць новую Беларусь. Арганізаваў так званую Беларускую культурна-навуковую асацыяцыю студэнтаў акадэміі. Яго абралі старшынёй. У хуткім часе яна аб’ядноўвала ужо боьш за двесці чалавек. З самага пачатку там была і мая маці. Так бацькі і пазнаёміліся. Такога моцнага кахання, як у іх, я ні ў каго не бачыў.

У першы год дзейнасці названай асацыяцыі на яе сходы завітвалі і А.Чарвякоў, і прадстаўнік БССР у Расіі М.Мароз. Словам, усё там ладзілася на дзяржаўным узроўні.

Майму тату і шанцавала, і не шанцавала адначасова. Арыштоўвалі яго аж пяць разоў, аднак выжыў. Як кажуць, нарадзіўся ў сарочцы.

Першы арышт быў кароткім — усяго чатыры дні за кратамі, а другі ўжо стаў вельмі сур’ёзным. Бацька настолькі вызначыўся як нацыянальны дзеяч, што трапіў пад прыцэл самога ДПУ. У дваццаць другім годзе Ленін вырашыў выкінуць вон з Расіі ўсю вальнадумную інтэлігенцыю. Менавіта тады ён прамовіў сумна вядомыя словы пра “гаўно” і хацеў ачысціць Расію ад гэтых “гадаў”. Акрамя “парахода інтэлігенцыі” было шмат іншых спосабаў.

Пад кампанію падпалі нават некаторыя студэнты. “Сядзеў” бацька на сумна вядомай Лубянцы. Якраз у той год у Маскву прыехала вучыцца яго адзіная сястра Ганна. Яна была вельмі здольнай дзяўчынай, без праблем паступіла ў зоатэхнічны інстытут. А тут — арышт. Ганна павезла перадачу і трапіла пад трамвай (штурхнулі пры выхадзе). Аказалася ў шпіталі са смяротнымі траўмамі.

Бацька напісаў заяву ў ДПУ, дзе папрасіў дазволу пабачыць сястру. Адпусцілі. Пабачыліся. Яна амаль адразу памерла. Для бацькі гэта стала трагедыяй усяго жыцця. У смерці Ганны ён лічыў вінаватым сябе, бо перадачу яна несла менавіта яму. Маўляў, не існавала б такой “нагоды”, усё было бы добра.

Сумную дату ён узгадваў кожны год…

Адзін з кіраўнікоў ДПУ В.Мянжынскі размаўляў з маім бацькам больш за гадзіну. Выслухаў яго аповед і ў рэшце рэшт сказаў: “Добра. Мы пакідаем вас у Расіі, але ніколі не займайцеся палітыкай. Толькі навукай”. Майго бацьку хацелі адправіць у Германію.

Чарговыя выпрабаванні

 У Гаўрылы Гарэцкага быццам бы было два жыцця: спачатку эканаміст, потым — геолаг. Пасля вучобы бацька стаў дацэнтам і загадчыкам кафедры эканамічнай геаграфіі ў Горках, потым яму даручылі стварыць новы Беларускі навукова-даследчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі імя У.І.Леніна. Ішоў 1927 год. Выканаў загад выдатна. Знакаміты біёлаг Мікалай Іванавіч Вавілаў, калі прыязджаў у Мінск, быў настолькі здзіўлены ўбачаным, што сказаў: “Па гэтым тыпе мы створым інстытуты ў іншых рэспубліках”.

Неўзабаве бацька стаў кандыдатам Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР, а потым — і членам гэтага ЦВК. Шмат працаваў у галіне эканомікі сельскай гаспадаркі нашай краіны. Выдаў грунтоўныя манаграфіі “Народны прыбытак Беларусі”, “Межы Заходняй Беларусі ў Польшчы”. Два разы ездзіў у камандзіроўкі за мяжу, што потым і вылезла яму “бокам”.

І Гаўрыла, і Максім былі членамі Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), на базе якога ў 1928 годзе заснавалі Беларускую акадэмію навук. Бацьку абралі яе правадзейным членам, і ён, такім чынам, стаў адным з заснавальнікаў і першых чальцоў акадэміі. А тут якраз я нарадзіўся, так што мы з акадэміяй з’яўляемся “аднагодкамі”.

1 студзеня 1929 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Беларускай акадэміі навук. Тата сядзеў паміж Якубам Коласам і Янкам Купалам, з якімі сябраваў. Яму было ўсяго 28 гадоў. Да гэтага часу ён застаецца самым маладым акадэмікам нашай краіны.

Надышоў 1930 год, калі пачалі выяўляць так званых нацдэмаў. Абодвух братоў Гарэцкіх забралі ў турму. Бацьку арыштавалі з шэрагам акадэмікаў —  В.Ластоўскім, Я.Лёсікам, А.Дубахам і інш. Усіх пасадзілі ў сумна вядомую ўнутраную турму КДБ, якую называюць “амерыканкай”. Тут ім папала, як кажуць, па поўнай. Былі ў тым ліку і “парылкі” — так называлі цёмнае вузкае памяшканне без вокнаў і дзвярэй, дзе амаль не было паветра. Там можна было толькі стаяць. Тата трапіў ў “амерыканку” з нейкім вар’ятам. Той крычаў: “Я шпіён. Я шпіён…”. Словам, моцны маральна-псіхалагічны ціск.

Максіму далі пяць гадоў і адправілі ў ссылку ў Вятку (пазней Кіраў). Бацьку прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання. Ён праходзіў па справе так званай Працоўнай сялянскай партыі (ПСП), таму што быў лепшым вучнем выдатных сельскагаспадарчых эканамістаў “Ціміразеўкі” — А.Чаянава, М.Кандрацьева і інш. Яны стварылі арганізацыйна-вытворчую школу, якая распрацавала перспектыву развіцця аграрных гаспадарак, што пазней укаранілі нават у замежных краінах, у Англіі выдалі шматтомнік Чаянава. Не менш вядомы быў і Кандрацьеў: ён распрацаваў перспектыўны план  развіцця народнай гаспадаркі краіны, які так і называлі — “пяцігодка Кандрацьева”.

На самай справе ПСП не існавала, як і Саюза вызвалення Беларусі. Гэта ўсё кэдэбэшныя прыдумкі.

Разам з бацькам арыштавалі і тагачаснага кіраўніка секцыі Дзяржплана  Р.Бонч-Асмалоўскага і інш. Быццам бы існаваў беларускі філіял ПСП, а ён і Гаўрыла Гарэцкі кіравалі ім.

Але ішоў толькі 1930 год, і яшчэ можна было чагосьці дабіцца. Не ведаю, было гэта ці не, але расказваюць, што кіраўнікі БССР А.Чарвякоў і М.Галадзед паехалі з “расстрэльным” спісам да Сталіна. Быццам бы Сталін дайшоў да прозвішча майго бацькі і спытаўся, колькі яму гадоў. І пачуў столькі добрых слоў, што дазволіў “нэмножко пожить”. Замест расстрэлу майму тату далі 10 гадоў лагераў і саслалі на Салаўкі.

Сям’я “ворага народу”

 Канешне, пасля гэтага маю маці звольнілі і нідзе не бралі на работу. Стала вельмі цяжка. Многія перасталі нават вітацца з мамай. Не адвярнуліся сем’і Купалы і Коласа. Яны не сталі рабіць выгляд, што з намі больш не знаёмыя. Нават дапамагалі маёй маці.

На Салаўках бацьку зноў пашанцавала: ён не толькі махаў кайлом, а як чалавек з вышэйшай адукацыяй быў задзейнічаны  ў інжынерна-геалагічных вышуканнях, звязаных з будаўніцтвам Беламорска-Балтыйскага канала. Там ён стаў геолагам-самавучкам.

А праз некаторы час да таты прыехалі і мы. Так што маё дзяцінства прайшло на Беламорканале. У Карэліі ёсць такі Медзведжагорск, які вырас з пасёлка Мядзведжая Гара, — мы там жылі. Потым пераехалі пад Мурманск у пасёлак Кола, затым — у Мурмашы, дзе зараз месціцца аэрапорт. Там я пайшоў у першы клас.

У маім жыцці гэта былі самыя “рыбалоўныя” часы. Вада ў Кольскім заліве была неверагодна чыстая. Калі пачынаўся адліў, мы бегалі туды і даставалі з пяску камбалу, якая хавалася там. А ў рэчцы было шмат сёмгі.

Добра памятаю сопку Салаварака. На ёй было столькі ягад! Марошка, журавіны, дурніцы. І процьма камароў і мошак…

У 1934-м за добрую працу бацьку датэрмінова вызвалілі, аднак катэгарычна параілі працаваь тут.

У 1937 годзе яго арыштавалі зноў, як і Максіма, які вызваліўся ў 1934-м і жыў у Смаленскай вобласці. Абодвух забралі ў кастрычніку.

З бацькам “узялі” яшчэ амаль дзве тысячы чалавек, і яго як “злоснага злачынца” (быццам бы завербаваў шпіёнамі Чарвякова і Галадзеда) накіравалі ў Маскву. Пакуль там “разбіраліся”, усіх “мясцовых” (каля 10 тысяч) расстралялі. Іхнія Курапаты называюцца “ўрочышча Сандармох”. Там ляжыць тысяч дзвесце людзей.

А бацьку зноў пашанцавала. Якраз адзін наркам НКУС мяняў іншага (Яжоў Ягоду), што азначала пэўныя палёгкі. У самым канцы 1937 года нечакана выпусцілі.

Калі тата “сядзеў”,  з намі, зразумела, не жыў. А маці, каб нас пракарміць, дзень і ноч працавала. Мы з братам боўталіся, як беспрытульнікі. Выхоўваліся сярод зняволеных, а там былі і сапраўдныя злачынцы. Яны вельмі хутка навучылі нас курыць і брыдкасловіць. Брат аднойчы нават напіўся. Словам, нашай маці прыходзілася вельмі цяжка…

Цяжкае вяртанне

 Ў траўні 1938 года па бацьку зноў прыехаў “чорны воран”. Гэта быў самы цяжкі арышт. Доўжыўся ён больш за год. Пастаянныя здзекі, пабоі, голад, бясконцыя самагубствы. Маці пасылала нас з братам паглядзець — жывы тата ці не. Каля турмы (калі павядуць вязняў) чакалі гадзінамі.

Аднойчы не вытрымаў і ён. Папрасіў маці прынесці вострае лязо, бо больш не можа трываць, да і чакае толькі расстрэлу. Сапраўды, ад голаду ў яго апухлі ногі. Чаравікі не налазілі. Каб яны не звальваліся, бацька прывязваў іх вяроўкамі. Худы, зарослы шцаціннем. Жудасна! Добра, што ўсё ж перамагло жыццялюбства…

Зноў прыгаварылі да вышэйшай меры, але зноў змяніўся наркам НКУС (Яжоў на Берыю), і зноў выпусцілі. Работу з цяжкасцю знайшоў толькі на Урале ў пасёлку Часавы, куды мы і пераехалі.

У вайну бацька працаваў на розных абарончых работах пад Масквой, яго ўзнагародзілі некалькімі медалямі, у тым ліку “За абарону Масквы”. А мы з маці часова былі эвакуіраваны ва ўдмурцкае сяло Вавож. Я скончыў сем класаў, калі сям’я аб’ядналася зноў.

Бацька быў галоўным геолагам на многіх гідратэхнічных збудаваннях: Ніжнекамская, Цямлянская, Кіеўская, ГЭС, розныя водныя каналы і г.д. Пераязджалі даволі часта. За гады вучобы я змяніў больш за 10 школ.

Напрыканцы вайны мой брат трапіў на Маскоўскі аўтамабільны завод імя Сталіна (потым імя Ліхачова), дзе працаваў майстрам. Як і тата, я хацеў быць геолагам, таму прыехаў паступаць у нафтавы тэхнікум, але там не аказалася інтэрната, і нам з братам прыйшлося жыць разам у вельмі цяжкіх умовах у падвале. Нават спалі на адным ложку. А тут яшчэ высветлілася, што ў тэхнікуме няма геолагаразведачнага аддзялення, давялося пайсці на КВП (кантрольна-вымяральныя прыборы).

Я скончыў першы курс і аддаў дакументы ў сярэднюю школу пасёлка Чкалаўск на Волзе, куды пераехалі бацькі для ўдзелу ў інжынерна-вышукальных даследваннях пад будоўлю Горкаўскай ГЭС. Закончыў 10 клас і паступіў у Маскоўскі нафтавы інстытут.

У Маскве мы з братам і сустрэлі дзень Перамогі. Лепшага салюту я ў сваім жыцці не бачыў. Гэта было сапраўднае народнае свята! Гулялі па горадзе ўсю ноч.

Мне пашчасціла не толькі з бацькамі, але і з навуковым настаўнікам. Падчас дыпломнай практыкі ў Казахстане я пазнаёміўся з выдатным спецыялістам — геолагам Аляксандрам Яншыным (тады ён быў яшчэ кандыдатам навук). Ён узяў мяне на працу ў Геалагічны інстытут Акадэміі навук. Потым стаў доктарам, віцэ-прэзідэнтам АН СССР. Гэта мой Настаўнік з вялікай літары. Я нават напісаў пра яго кнігу — “Академик Яншын – дорогой мой учитель и друг”. Найвыдатнейшы быў чалавек і вучоны.

Майго тату рэабілітавалі амаль адразу пасля смерці Сталіна, але ў Беларусь яму дазволілі вярнуцца толькі ў 1969 годзе. Ён стаў загадчыкам сектара палеагеаграфіі антрапагенавага перыяду Лабараторыі геахімічных праблем АН БССР. Амаль праз два гады, у снежні 1971 года, сюды прыехаў і я, ўжо ў Інстытут геахіміі і геафізікі.

Неўзабаве мяне абралі членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР,  потым акадэмікам, а пазней – замежным членам Расійскай акадэміі навук. Мяне прызначылі загадчыкам лабараторыі геатэктонікі, а ў 1977 годзе — дырэктарам. На гэтай пасадзе я прабыў шаснаццаць з палавой гадоў. З 1992 па 1997 год быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР, а зараз – галоўны навуковы супрацоўнік.

Балюча ад таго, што сёння там пануе чыноўніцкае самавольства. Інстытут, які некалі быў лепшым у Беларусі, ліквідавалі і перадалі Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Палічылі, што самае галоўнае — вузкапрыкладная навука, а не фундаментальная. Вялікая памылка. Без ведання геалагічнай гісторыі нашай зямлі, якой тры з паловай мільёна гадоў, знайсці нейкія новыя карысныя выкапні будзе даволі цяжка. На жаль, чыноўнікі ад навукі думаюць інакш. Зламаць заўсёды значна прасцей, чым нешта пабудаваць…

Дарэчы, калі я быў дырэктарам, бацька стаў маім падначаленым. Апошнія дваццаць год яго жыцця былі самымі шчаслівымі і радаснымі. Ён напісаў шмат манаграфій, атрымаў дзяржаўныя прэміі СССР і БССР, стаў заслужаным дзеячам навукі.

Беларускія гены

 На жаль, у 1988 годзе тата сышоў з жыцця, так і не даведаўшыся, як памёр яго брат. Афіцыйная версія — “кровазліццё ў мозг”. Хлусня. У 1990-м я трапіў у архівы КДБ, прагледзеў справы і высветліў, што Максім Гарэцкі быў расстраляны ў 1938 годзе ў Вязьме…

Я займаюся не толькі навуковымі справамі, але і грамадска-палітычнымі. Правільней было б сказаць “грамадскімі”, але сёння да палітыкі адносіцца амаль усё, нават мова. Калі ты гаворыш па-беларуску, значыць, апазіцыянер, бэнээфавец альбо яшчэ які-небудзь “ненармальны” беларус, а “нармальны” павінен, з пункта погляду чыноўнікаў і іх самага галоўнага начальніка, гаварыць па-руску. Вось вам і “палітыка”.

У 1990 годзе было заснавана Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. У аргкамітэце быў і я, а першым прэзідэнтам тады абралі Васіля Быкава.

У 1993 годзе мы правялі першы з’езд беларусаў свету. Прыехалі амаль тысяча ўдзельнікаў, быў арганізаваны выдатны форум. Нават выдалі адпаведную кнігу. На гэтым з’ездзе мяне, па прапанове Быкава, абралі прэзідэнтам. Адпрацаваў на згаданай пасадзе два тэрміны запар, а потым, нягледзячы на тое, што хацелі пакінуць, сказаў: “Хопіць”.

Зараз я таксама не цураюся розных імпрэзаў, сябрую з пісьменнікамі, мастакамі, навукоўцамі, палітыкамі, уваходжу ў рады Фонду беларускай культуры, Таварыства беларускай мовы і беларускай інтэлігенцыі. Хоць у нейкім сэнсе мяне можна лічыць троху расіянінам, я цудоўна адчуваю сябе ў беларускім асяроддзі і стараюся быць там, дзе размаўляюць па-беларуску, праўда, на жаль, у нашай сучаснасці гэта не так проста  ажыццявіць.

 

Аўтарскае пасляслоўе

Акадэмік Радзім Гарэцкі жыве ў некалі знакамітым “даляры”, дзе 8 красавіка 2010 года мы і сустрэліся. Галоўнае слова тут “некалі”. Сёння, на жаль, “прэстыжныя месцы” і арыенціры зусім іншыя. Зараз там галоўным чынам жывуць не вядомыя навукоўцы, а бізнесмены…