Гілевіч Ніл

%d0%b3%d0%b8%d0%bb%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87

З кнігі "Найноўшая гісторыя ў асобах"

 ШЛЯХАМ НІЛА ГІЛЕВІЧА

 Завершыць кнігу я вырашыў менавіта нарысам, які быў падрыхтаваны да 80-годдзя Ніла Сымонавіча Гілевіча. І зрабіў свой выбар асэнсавана, бо яго жыццё без перабольшванняў можна назваць люстэркам нашай эпохі. Люстэркам, якому хочацца верыць. Люстэркам, пасля якога хочацца жыць.

Дзеці вайны

Вывучаючы біяграфіі знакамітых беларускіх творцаў, я заўважыў адну заканамернасць: большасць з іх — сялянскага паходжання. І гэта невыпадкова. Іх шчырая любоў да роднай краіны пачыналася з любові да роднай прыроды, замілавання сваёй малой радзімай.

Ніл Гілевіч у гэтым сэнсе — не выключэнне. Ён нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў прыгожай беларускай вёсцы Слабада, што на Лагойшчыне, недалёка ад трагічна вядомай Хатыні. У сялянскай сям’і было восем дзяцей.

Яго бацька Сымон Пятровіч, як і многія ў тыя гады, фанатычна верыў у камуністычныя ідэалы. Спачатку стаў камсамольцам, а потым і сябрам бальшавіцкай партыі. Ва ўзросце ледзь за дваццаць быў абраны-прызначаны старшынёй сельскага савета.

Таму цалкам лагічна, што з самага пачатку нямецкай акупацыі Беларусі Сымон Пятровіч апынуўся ў партызанскім падполлі. Тры гады над сям’ёй, што заставалася ў вёсцы, лунала смяротная пагроза. Але Бог, у якога не верыў заўзяты атэіст-камуніст, мілаваў, а людзі не выдалі.

Цікава, што праз многія гады менавіта яго сын стане не толькі знакамітым паэтам і грамадскім дзеячам, але і самым актыўным прыхільнікам адраджэння ўсіх старажытных народна-рэлігійных святаў, абрадаў, звычаяў. Праўду кажуць, што Боскія шляхі «неисповедимы».

Творчы дэбют

Адбыўся ён у дзіцячым часопісе «Бярозка» ў 1946 годзе, дзе з’явіўся верш Ніла Гілевіча «Яблынька». Маладому паэту было тады ўсяго пятнаццаць гадоў, але ён ужо пастаянна працаваў калгасным паштальёнам.

Як адзначаў вядомы філосаф і літаратуразнаўца Уладзімір Конан, які, на жаль, ужо пайшоў ад нас, «традыцыйную беларушчыну будучага паэта ўвасабляла таленавітая, духоўна багатая сялянка — Кацярына Мікалаеўна». Мабыць, яе «гены» і сталі прычынай таго, што сын з дзяцінства пачаў цікавіцца лірыкай Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Паўлюка Труса, чытаць творы Аляксандра Пушкіна, Сяргея Ясеніна, Аляксандра Твардоўскага. Больш за тое, пачаў запісваць у роднай Слабадзе і навакольных вёсках народныя песні.

Пасля творчага дэбюту пачалі друкавацца іншыя вершы. У 1947 годзе Ніла запрасілі ў Мінск на першую нараду маладых літаратараў, дзе сярод іншых былі Мікола Аўрамчык, Андрэй Макаёнак, Іван Шамякін. Там жа пашанцавала паслухаць Якуба Коласа, Янку Маўра, Пятра Глебку, Петруся Броўку, Пімена Панчанку, Алеся Якімовіча.

Напісаў гэтыя прозвішчы — і аж дух захапіла. Магчыма, нешта падобнае тады адчуваў і таленавіты юнак Ніл Гілевіч. І не мог ведаць, што праз шмат гадоў ён, як і яны, таксама стане патрыярхам беларускай літаратуры.

А першы паэтычны зборнік «Песня ў дарогу» Ніла Гілевіча, у які ўвайшлі студэнцкія вершы, пабачыў свет у 1957 годзе і адразу стаў, як модна зараз казаць, топ-падзеяй.

Метамарфозы лёсу

У 1947 годзе Ніл Гілевіч паступіў у мінскае педагагічнае вучылішча, якое скончыў у 1951 годзе. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной са сталічных школ. Але на гэтым не спыніўся і ў 1956 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а пасля і аспірантуру пры ім. Праз чатыры гады (з 1960 па 1986) стаў супрацоўнікам кафедры беларускай літаратуры ўніверсітэта. З 1958 да 1963 года працаваў літкансультантам газеты «Звязда», рэдактарам альманаха замежнай літаратуры «Далягляды». У 1954 годзе Гілевіча прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР.

У 1963 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя. У 1978 годзе атрымаў вучонае званне прафесара. У 1980 годзе яму прысвоена ганаровае званне Заслужанага дзеяча навукі.

У 1980 годзе Ніла Сымонавіча абіраюць першым сакратаром праўлення СП БССР, якім ён прабыў да 1989 г. Дзесяць гадоў (1981–1991) ён таксама абіраўся і сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў усяго СССР.

У 1980 годзе Ніл Гілевіч стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы за кнігу паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць, у 1986 годзе — лаўрэатам Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева за рэвалюцыйную паэзію і публіцыстыку, а ў 2007 — лаўрэатам украінскай прэміі імя Івана Франка.

Ён узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны, балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені, ордэнам «Югаслаўскай зоркі» са стужкай. А самай апошняй па часе ўзнагародай Нілу Гілевічу стаўся ордэн князя Яраслава Мудрага III ступені, які па даручэнні прэзідэнта Украіны ўручыў яму тагачасны міністр замежных спраў Украіны Барыс Тарасюк.

Прашу дараваць мне гэты біяграфічна-храналагічны пералік, але зроблены ён невыпадкова. Шмат разоў даводзілася размаўляць з людзьмі, якія распавядалі пра сваё «асабістае савецкае дысідэнцтва». Маўляў, ужо тады яны супрацьстаялі сістэме. Як казаў Станіслаўскі — не веру.

Наадварот. Шмат прыкладаў таго, што ТАЯ паспяховасць стала апірышчам для паспяховасці ГЭТАЙ. Добра вядома: узаемаадносіны сапраўднай творчай асобы і ўлады ва ўсе часы былі вельмі складанымі. І Ніл Сымонавіч Гілевіч — яскравае таму пацверджанне. Не думаю, што камуністычнай ідэалогіі падабаўся яго «нацыяналістычны ўхіл»…

Свежае паветра перабудовы

У 1985 годзе Ніла Гілевіча першы раз абралі ў Вярхоўны Савет БССР. У XI скліканні ён быў кіраўніком працоўнай групы па падрыхтоўцы праекта Закона аб мовах. Нагадаю, 26 студзеня 1990 года на 14-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР XI склікання закон быў прыняты пераважнай большасцю галасоў. На жаль, рэферэндумам 14 мая 1995 года той закон быў адменены.

На выбарах 1990 года Ніла Гілевіча зноў абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета, які абрэвіятуру «БССР» змяніў на «РБ». Ніл Сымонавіч стаў сябрам Прэзідыума ВС і старшынёй Камісіі па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны.

Напэўна, у тыя гады яму здавалася, што абвешчаная ў 1991 годзе незалежнасць краіны — гэта назаўсёды. Але прайшло 20 гадоў — і амаль усё, за што некалі змагаліся Ніл Сымонавіч з паплечнікамі, ці знішчана, ці знаходзіцца пад пагрозай. Сумна…

Не буду ўспамінаць усе абставіны і акалічнасці падзей апошніх двух дзесяцігоддзяў, адзначу толькі, што яны, мякка кажучы, не падымалі жыццёвы тонус вядомага паэта. Як і многія з нас, ён бачыць падзел беларускага грамадства на «сваіх» і «чужых» і пераносіць гэта вельмі балюча.

Зараз прозвішча Ніла Сымонавіча амаль пад забаронай, таму што ён прынцыпова не пайшоў у новы Саюз пісьменнікаў Беларусі. Інакш не мог, таму што прытрымліваецца поглядаў, якія зараз называюць «пятай калонай».

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2006 года Ніл Гілевіч уваходзіў у выбарчы штаб Аляксандра Казуліна. І ў гэтым жа годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» адмовілася ад друку яго кнігі «Выбранае».

Народны паэт

У 1989 годзе Ніл Гілевіч быў абраны старшынёй рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Магчыма, пасада не самая галоўная ў сучаснай Беларусі, але яна даволі красамоўна сведчыць пра аўтарытэт чалавека. Асабліва, калі ўлічыць, што менавіта Гілевіч быў першым старшынёй гэтага грамадскага аб’яднання і галоўным рэдактарам газеты ТБМ «Наша слова».

Калі ў пачатку дзевяностых з’явілася ананімная паэма «Сказ пра Лысую гару», многія адразу прыпісалі аўтарства гэтага твора Нілу Сымонавічу. І мелі на тое рацыю — высокая якасць, арыгінальны гумар, лёгкасць стылю.

І не памыліліся. 30 жніўня 2003 года газета «Народная воля» надрукавала знакамітую паэму не пад легендарным ужо псеўданімам «Францішак Вядзьмак-Лысагорскі», а пад сапраўдным прозвішчам аўтара — Ніл Гілевіч. Больш за тое, публікацыі папярэднічаў грунтоўны артыкул Ніла Сымонавіча, у якім ён распавёў пра шлях твора. У тым жа годзе паэма выйшла асобнай кнігай.

Памятаю, што ў той момант мяне ўразіў не сам факт раскрыцця тайны аўтарства. Нагадаю, «Сказ…» пабудаваны на тым, што аўтар па-добраму іранізуе з некаторых сваіх сяброў і аднадумцаў. На мой погляд, менавіта гэтага сучаснай беларускай грамадзянскай супольнасці і не хапае. Не ўмеем мы крытычна, з гумарам, з самаіроніяй ставіцца да саміх сябе. Не палічыце банальнасцю, але казаць «непрыемную» праўду сваім паплечнікам значна цяжэй, чым змагацца з яўнымі апанентамі.

Баюся памыліцца, але дакладную лічбу твораў, якія належаць пяру Ніла Гілевіча, можа назваць толькі ён сам. І то з пэўнымі цяжкасцямі, бо выніковая лічба пастаянна ўзрастае. Паэт працуе. Нягледзячы на гады і здароўе. Ужо пабачылі свет больш за 40 кніг паэзіі, прозы, п’ес, сатыры, гумару і перакладаў.

Пра апошнія трэба сказаць асобна, бо памеры перакладчыцкай дзейнасці Ніла Сымонавіча ўражваюць. Гэта дзякуючы яму на беларускай мове загучалі вершы лепшых паэтаў Балгарыі, Славеніі, Сербіі, Харватыі, Босніі, Расіі, Украіны, Польшчы і г.д. Ды і яго творы таксама пераводзілі на дзясяткі замежных моў, сярод якіх ёсць нават хіндзі.

З адным такім перакладчыкам мне пашанцавала пазнаёміцца асабіста. Гутарка пра былога славацкага амбасадара Любаміра Рэгака, з якім я зрабіў некалькі інтэрв’ю. І ў кожным ён гаварыў, што ў дадзены момант займаецца перакладамі на славацкую мову вершаў Ніла Гілевіча. Нават калі пасля Беларусі працаваў у Брусэлі.

У 1991 годзе Нілу Сымонавічу Гілевічу было нададзена званне народнага паэта Беларусі. У гісторыі нашай краіны такіх людзей толькі восем. Акрамя Гілевіча — Янка Купала, Якуб Колас, Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін. Пагадзіцеся, вельмі пачэсная кампанія.