Гулак Алег

 

%d0%b3%d1%83%d0%bb%d0%b0%d0%ba-1

  • З кнігі “Арытмія, альбо Код супраціву”

Пасля шматгадовага кіравання Беларускім Хельсінкскім камітэтам вядомай Таццянай Процькай Алегу Гулаку было вельмі цяжка “стаць у руля”. Як гэта звычайна бывае, усё новае пачалі параўноўваць з тым, што было раней. І даволі хутка пераканаліся: узровень працы БХК не зменіцца.

 

Вандроўка” ў мінулае

Алег Гулак зямляк знакамітага Васіля Старавойтава, якога паспрабавалі ператварыць з легенды айчыннай сельскай гаспадаркі ў “звычайнага былога зэка”. Гулак нарадзіўся 1 верасня 1967 года ў Кіраўскім раёне, у пасёлку Жылічы, што недалёка ад славутых Мышкавіч.

Як бачна, дзень народзінаў у яго выключна “настаўніцкі”, таму цалкам лагічна, што бацькі Алега Гулака выкладалі ў школе. Маці Яніна Гаўрылаўна (на жаль, ужо няма) — біялогію, а бацька Мікалай Сцяпанавіч быў настаўнікам “рускай мовы і літаратуры”.

Дарэчы менавіта ў Жылічах знаходзіцца маёнтак знакамітых Булакаў, адзін з якіх некалі быў у Радзе БНР. Увесь савецкі час гэты будынак актыўна выкарыстоўваўся, што і выратавала яго ад брутальнага разбурэння. Сёння ў ім вядуцца рэстаўрацыйныя работы.

Па свайму адміністрацыйнаму статусу пасёлак Жылічы знаходзіцца паміж горадам і вёскай. Значная частка насельніцтва там не працуе на зямлі пастаянна, але амаль кожны мае ўласную гаспадарку. Менавіта іх часцей усяго і абіраюць для стварэння “паказушных” аграгарадкоў.

Дарэчы, аўтар з’ўляецца прынцыповым аматарам “Вандровак у мінулае”, якія ладзіць старшыня таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Дзякуючы яму, мы пабывалі ў розных канцах Беларусі, бачылі дзясяткі розных аграгарадкоў. І вось што цікава: надзвычай рэдка каля дома можна знайсці нейкае садовае дрэва, што цалкам не ўласціва для Беларусі. Тлумачыцца ўсё вельмі празаічна: людзі не збіраюцца там жыць доўга…

 

Юрыдычны напрамак

У Жылічах адна сярэдняя школа. Яе ў 1984 годзе з залатым медалём скончыў Алег Гулак і абраў юрыдычны факультэт БДУ. Цікава, што ніхто ў родзе Гулакаў не быў юрыстам, таму на маё пытанне наконт прычын выбару ён адказаў вельмі проста – спадабалася.

Хто вучыўся на юрфаку побач з Алегам, спецыяльна распавядаць не буду. Як і называць канкрэтныя прозвішчы, бо многія з іх сёння працуюць на даволі высокіх пасадах. Абмяжуюся толькі тым, што ў 1989 годзе Гулак паспяхова атрымаў вышэйшую адукацыю.

На жаль, гэта адна з прыкмет нашага часу. Як казалі вядомыя дзеячы, хто не з намі, той супраць нас…

1989 год. Па размеркаванню Алега Гулака накіравалі ў родную Магілёўскую вобласць “падымаць” мясцовы аграпрам. Прама як сёння – бліжэй да Чарнобыльскай зоны.

Але прабыў Гулак там толькі два тыдні. Менавіта яны сталі ў нейкім сэнсе праваабарончым дэбютам.

Справа ў тым, што ўжо пасля выпуску ён ажаніўся на будучым філолагу Анастасіі, якую да гэтага ведаў амаль тры гады. Дарэчы, шлюбныя вузы заўсёды былі вельмі распаўсюджанымі паміж юрыстамі і філолагамі. І не толькі таму, што першых з большасці складаюць юнакі, а другіх – дзяўчаты. Проста студэнты юрфака і філфака БДУ жылі ў адным інтэрнаце і стрэлам Амура было значна лягчэй знаходзіць “ахвяраў”.

Не буду пераказваць усе падрабязнасці змагання Алега Гулака з аграпрамаўскімі чыноўнікамі, якія вельмі своеасабліва (калі не сказаць большага) трактавалі тагачасныя законы. Адзначу толькі, што ў рэшце рэшт ён дамогся свайго і паехаў працаваць у Пінск, куды размеркавалі настаўніцай жонку.

Дакладней, стаў юрысконсультам завода “Камертон”, які з’яўляецца часткай вядомага “Інтэграла”. І апынуўся, як кажуць, паміж “молатам і кавадлам”. Хутка пачаліся так званыя “скарачэнні”, а Алег прынцыпова заклікаў “усё рабіць законна”. Вынік быў прадказальны. Адміністрацыя вінаваціла ў ангажаванасці рабочымі. Рабочыя казалі пра “дудку адміністрацыі”…

 

Супрацьстаянне

На “Камертоне” Алег Гулак прапрацаваў тры гады. Напэўна, гэта цягнулася б і надалей, каб ён не пазнаёміўся з лідэрам мясцовых сацыял-дэмакратаў Віктарам Ярашуком. Той быў фізруком у школе жонкі. Асоба даволі вядомая. І не толькі ў журналісцкім асяроддзі.

Дарэчы, менавіта пінская школа №12 у пачатку 90-х гадоў (у тым ліку і намаганнямі Ярашука) правяла страйк, дзе галоўнымі былі палітычныя патрабаванні. Да і сам Алег Гулак актыўна пачаў цікавіцца палітыкай. Дакладней, тым, што лаканічна называецца “трэцім сектарам”.

Таму цалкам лагічным было тое, што ён актыўна ўключыўся ў стварэнне Пінскай суполкі Беларускага Хельсінкскага камітэту. Нелагічна тое, што ўлада дазволіла ім нарадзіцца ўвогуле, бо ўявіць такое сёння нават немагчыма.

Цяжка паверыць і ў іншае. Сам БХК быў створаны ў 1995-ым годзе, а яго пінская філія ў 1996-ым. Каб правесці сустрэчу з мінскімі гасцямі, Алег Гулак звярнуўся за кансультацыяй да тагачаснага намесніка старшыні гарвыканкама, і той прапанаваў сваю “малую залю”…

Больш за тое, офіс пінскай структуры Беларускага Хельсінкскага камітэта некаторы час арэндаваў памяшканне ў адным будынку з мясцовым КДБ. Яны нават месціліся на адным паверсе. Рознымі былі толькі ўваходы… Як кажуць, “Гары Потар адпачывае…”

У 1997 годзе Анастасія паступіла ў аспірантуру БДУ, іх невялікая (адна дачка Дамініка) сям’я пераехала ў Мінск, і Алег Гулак пачаў працаваць у цэнтральным офісе БХК. Спачатку звычайным юрыстам, потым выканаўчым дырэктарам, намеснікам старшыні, а ў 2006 годзе старшынёй стаў сам.

Менавіта на гэты час прыходзіцца пачатак аднаго з самых складаных перыядаў дзейнасці праваабаронцаў, бо за некалькі месяцаў да абрання Алега Гулака старшынёй нечакана былі адменены рашэнні ўсіх гаспадарчых судоў, якія разглядалі іх “справу”.

Гутарка пра добра вядомую гісторыю вакол грантаў Еўракамасіі па праграме Тасіс. Нягледзячы на тое, што тыя афіцыйна не абкладаліся падаткамі, айчынныя фінансавыя пінкертоны налічылі праваабаронцам аж 155 мільёнаў (беларускіх рублёў, канешне) штрафаў, якія з улікам пені зараз ператварыліся ў больш за 200 мільёнаў.

Не засмуціла нават тое, што гранты былі ў межах міждзяржаўных пагадненняў, што аналагічныя грошы атрымлівалі яшчэ 29 структур, што нават беларускія суды палічылі “прэтэнзіі” поўным нонсэнсам… Калі ўспамінаць “ты вінаваты толькі тым, што хочацца мне есці”, то трэба канстатаваць: “есці” захацелася напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года…

Пройдзе пяць год, і той “падатковы наезд” стане прычынай папярэджання, якое наша Міністэрства юстыцыі дасць БХК 6 чэрвеня 2011 года.

Пра іх астатнія “прыгоды” гаварыць няма сэнсу, бо яны і так добра вядомыя. Зраблю акцэнт толькі на тым, што сёння БХК – АДЗІНАЯ (!!!) незалежная праваабарончая арганізацыя ў краіне, якая захавала свой легальны статус. Іншых “зачысцілі”.

Напэўна, некаторыя не ўбачаць тут нічога экстраардынарнага. Маўляў, “падумаеш – не падставіліся”… З гэтым можна пагадзіцца, калі цалкам не ўлічваць абставіны, у якіх мы ўсе сёння жывем. А абставіны такія, што над Алегам Гулакам амаль шэсць год вісіць “дамоклаў меч”, які ўшчэнт знішчыць яго структуру, калі для гэтага будзе адносна “прыстойная” падстава.

Пагадзіцеся, зберагчы ў такіх умовах няскоранасць сваёй арганізацыі (як і яе самую) вельмі-вельмі цяжка. Асабліва, калі тая раздражняе ўладу, не менш чым чырвоная ануча быка. Перш за ўсё тым, што не дае ажыццяўляць поўнае прававое бязмежжа, а ў мінулым годзе нават заклікала Вярхоўны суд адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Дарэчы, брутальныя падзеі 19 снежня 2010 года крануліся і непасрэдна самога Алега Гулака. Вечарам таго дня ён пайшоў паглядзець, што будзе адбывацца на сталічных вуліцах, і падчас “хапуна” трапіў у пастарунак. Праўда, на наступны дзень суд прызнаў Гулака невінаватым і выпусціў. Незвычайная літасць для айчыннага правасуддзя. Часцей бывае наадварот…

І яшчэ. БХК юрыдычна (даволі прафесійна) дапамагае тым, хто сёння быў бы цалкам неабаронены. Яны, як тая косць у горле, перашкаджаюць без перашкод праглынуць чарговую ахвяру.

 

Прымусовая дыялектыка

Не так даўно я ў чарговы раз пераканаўся, што ў гэтым свеце “ўсё паўтараецца на новым узроўні”. Зараз Алег Гулак вымушаны заняцца тым, з чаго і пачыналася яго юрыдычная кар’ера – абаронай асабістых правоў. Маецца на ўвазе “пошук канцоў”, якія зрабілі яго “невыяздным”.

Цалкам не падзяляю скепсіс з гэтай нагоды. Маўляў, у нашых судах праўды дабіцца немагчыма па вызначэнню.

Па-першае, можна прывесці добры дзясятак аргументаў і фактаў, якія абвяргаюць гэты лозунг.

Па-другое, “краіна павінна ведаць сваіх герояў”. А то ў нас часцей за ўсё робіцца так: нейкі “ананім” прыдумляе розныя “дробныя гадасці”, і ніхто толкам не ведае, каму трэба за іх “дзякаваць”.

Што тычыцца адыёзнай прапановы адыёзнага (былога) прапагандыста наконт грамадзянства, то тут я пагаджуся толькі тады, калі абмежаванні пачнуцца з такіх, як аўтар, “ноу-хау”. А то “змываюцца” ў Расею і пачынаюць адтуль “паліваць” нашу “стабільнасць”, за якую не так даўно самі ж прапаноўвалі даць Нобелеўскую прэмію ў галіне эканомікі… Агідна…

Калі я працаваў над гэтым нарысам, то некалькі разоў даводзілася чуць прэтэнзіі наконт скрупулёзнасці і зусім не нямецкай абавязковасці Алега Гулака. Больш за тое, асабіста пераканаўся ў тым, што для падобных меркаванняў ёсць пэўныя падставы.

На мой погляд, такая рыса не самая галоўная ў характары героя гэтага нарыса. Як вядома, бездакорных людзей няма ўвогуле. Да таго ж, нешта забывае часцей за ўсё толькі той, хто імкнецца запамятаваць як мага больш інфармацыі…

 

02.04.12

VLUU L110, M110 / Samsung L110, M110
VLUU L110, M110 / Samsung L110, M110

%d0%b3%d1%83%d0%bb%d0%b0%d0%ba-4

VLUU L110, M110 / Samsung L110, M110
VLUU L110, M110 / Samsung L110, M110