Хадановіч Андрэй

%d1%85%d0%b0%d0%b4%d0%b0%d0%bd%d0%be%d0%b2%d1%96%d1%87-1

З кнігі "Арытмія, альбо Код супраціву"

Прэмія “Дэбют”, на мой погляд, адна з самых крэатыўных у дзейнасці беларускага ПЭН-ЦЭНТРА, бо дазваляе невядомым паэтам і празаікам выдаць сваю першую кнігу. Пра дэбюты галоўнага кіраўніка гэтай структуры і распавядзе мой нарыс.

Магчыма, расказ пра жыццё самога Андрэя Хадановіча дапаможа зразумець, чаму ён так “рухае наперад” іншых.

Жыццёвы дэбют

Ён адбыўся 13 лютага 1973 года ў Мінску ў знакамітым раддоме насупраць Пішчалаўскага замка. Некалі там пакутаваў Якуб Колас. Напэўна, некаторыя экстрасэнсы (у апошні час іх стала надта багата, асабліва “потомственных”) убачылі б тут нейкі таямнічы сэнс. Мы ж проста канстатуем факт. Пачуць у першым дзіцячым крыку нейкія рыфмы, мякка кажучы, вельмі-вельмі цяжка…

Андрэй Хадановіч жартуе, што ўсё яго дзяцінства прайшло пад “знакам Бураціна”, бо пасля пераезду яго сям’я пачала жыць на сталічнай вуліцы Альшэўскага, у доме, дзе размяшчаўся цацачны магазін “Бураціна”. Яго вітрына і стала для хлопчыка асабістым діснэй-лэндам.

У сямейнай памяці жыве гісторыя пра тое, што аднойчы ва “ўзросце двух-трох гадоў” Андрэй убачыў за шклом плюшавага мішку і зладзіў сапраўдны скандал, патрабуючы цацку купіць. Высветлілася, што ў продажы мішкаў няма, а за шклом “вітрынны экспанат”. Дзіцячыя слёзы “паставілі на вушы” ўсю краму і працягваліся, пакуль цацку не пагадзіліся прадаць.

Спачатку Андрэй Хадановіч вучыўся ў сярэдняй школе №113, якая апроч “французскай мовы” мела яшчэ і “спартовы ўхіл”. З апошнім былі пэўныя праблемы, бо па жыцці Хадановіч аддаваў перавагу кнігам і канапе, а не футбольным мячам і спартовым снарадам.

Бацьку Валерыя Фёдаравіча гэта даволі моцна раздражняла — той меў цэлы стос спартовых разрадаў. Зразумела, хацеў бачыць у сваім сыне як мінімум прыхільніка алімпійскага лозунга «Citius, Altius, Fortius», але быць “хутчэй, вышэй, мацней” у Андрэя ніколі не атрымлівалася. Пакуль “у працэс” не ўмяшалася першае каханне.

“Кнігі” і спевы ў дзіцячым хоры Беларускага радыё і тэлебачання (ёсць у біяграфіі Андрэя Хадановіча і такі момант) саступілі месца жаданню падабацца дзяўчынкам. Юнак стаў абіраць самыя “конскія” віды спорту. Менавіта імі часта называюць тыя, дзе патрэбна перш за ўсё неверагодная вынослівасць.

Рамантычны дэбют

Спартовая хадзьба дапамагла “скінуць” лішнія кілаграмы, акадэмічнае веславанне — дадаць “мускульнай масы”.

Дарэчы, разам з Андрэем веславала старэйшая на год дзяўчынка з вельмі “знаёмым” (што не раз вызывала адпаведныя жарты) прозвішчам – Кацярына Хадатовіч. Пазней яна стане шматразовай алімпійскай чэмпіёнкай, выйдзе замуж і дасць да яго частку “Карстан”.

У ўладальніка падобнага на яе прозвішча са спортам, як кажуць, “не склалася”, бо прыблізна ў 17 год у Андрэя Хадановіча пачаўся канфлікт з трэнерамі. Па дзвюх прычынах.

Па-першае, ён зашмат думаў самастойна і зашмат задаваў розных пытанняў. Зразумела, тым, хто патрабаваў безумоўнага (і безгалосага) падпарадкавання, гэта не магло падабацца.

Па-другое, падчас чарговых спартыўных збораў у яго жыцці адбыўся рамантычны дэбют. Як звычайна, першае каханне падаецца падлеткам чымсьці бязмежным, вечным. І Андрэй Хадановіч не быў тут выключэннем. Вельмі хутка ён стаў “злосным парушальнікам спартыўнага рэжыму”…

У выніку гэта скончылася тым, што на ўсесаюзныя спаборніцтва (нягледзячы на рэспубліканскую перамогу) яго банальна не запрасілі. У каманду ўзялі іншага чалавека, што вельмі моцна пакрыўдзіла юнака.

Са спартовай секцыі Андрэй Хадановіч сышоў, што адразу станоўча паўплывала на паспяховасць у школе. Апошнія дзве чвэрці выпускнога класа ён скончыў на ўсе “пяцёркі”, імгненна ператварыўшыся з “сярэднячка” ў “выдатніка”. Як ні дзіўна, яму нават далі медаль (нягледзячы на тое, што раней былі “чацвёркі”). Але не залаты – срэбны.

Літаратурны дэбют

У той час медаль яшчэ азначаў пэўныя ільготы. Паспяхова здаўшы адзін экзамен, у 1990 годзе Андрэй Хадановіч паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Чаму? Напэўна, гэтаму выбару паспрыяла атмасфера, у якой хлопец рос.

Літаратурным дэбютам можна назваць дзіцячы верш, што наўрад ці можна лічыць нечым неардынарным. А вось пра абставіны, пры якіх гэта адбылося, варта сказаць асобна.

Андрэю было тады чатыры гады. На Новы год у іх сям’і, як заўсёды, упрыгожвалі ялінку. Напэўна, кожны з нас ведае, з чаго складаюцца шкляныя ёлачныя цацкі. Цікаўны хлопчык выцягнуў з адной металічны крапеж і ўсунуў “вусы” ў разетку, да якой той (па яго разуменню) ідэальна пасаваў…

Дзеўбанула токам добра… Выратавала тое, што хлопец трымаў “вусы” толькі двума пальцамі, а не ўсёй рукой, інакш бы першы верш ніхто не пачуў…

Змест таго верлібрыка (“свабодны верш” – заўвага аўтара) прыводзіць не буду, перш за усё па той прычыне, што сам Андрэй Хадановіч сёння крытыкуе яго сінтаксічную канструкцыю і выказвае намер сур’ёзна адрэдагаваць тэкст. Як і тое, што было потым у выглядзе вершаванай публіцыстыкі для школьнай насценгазеты і вершаў-прысвячэнняў, якія ён пісаў сябрам і сяброўкам на філфаку БДУ.

Бацька будучага паэта быў журналістам, працаваў у розных газетах (у “Знамя юности”, напрыклад) і сам складаў вершы. Праўда, не выдаў ніводнага зборніка, бо не пісаў пра “Леніна, партыю, камсамол”. Напэўна, нейкі “ген творчасці” ад яго і перадаўся сыну, бо той засынаў і прачынаўся пад стук пішучай машынкі.

Пратэстны” дэбют

Маці Андрэя Ірына Алегаўна нарадзілася ў Вялікіх Луках. Дзяцінства і юнацтва яе прайшло ў рускамоўнай частцы Казахстана, а сталенне — у Маскве. У беларускую сталіцу яна пераехала амаль перад самым каханнем і шлюбам.

Гэта я да таго, што Ірына Алегаўна з’яўляецца той (адной з нямногіх), з кім Андрэй Хадановіч сёння цалкам абгрунтавана размаўляе на рускай (некаторыя кажуць – расейскай) мове. І было б, мякка кажучы, вельмі дзіўна, калі б нешта тут адбывалася па-іншаму…

Магчыма, гэта некаму падасца спрэчным, але я не разумею людзей, якія пачынаюць успамінаць “сваю трасянку”, каб паказаць прыналежнасць да беларускамоўнай эліты, альбо робяць з гэтага нейкі модны брэнд-феціш. І ў той жа час не прымаю, калі вядучыя дзяржаўных тэлеканалаў пачынаюць размаўляць з беларускамоўнымі гасцямі на “великом и могучем” і тыя кан’юнктурна пераходзяць на яго ж.

Менавіта па гэтай прычыне мне і падабаецца шчырасць, з якой Андрэй расказвае пра тое, што пэўны час пісаў вершы на рускай мове. А “русскую филологию” ў БДУ абраў таму (юнацкі снабізм), што там быў конкурс ў некалькі разоў большы, чым на беларускім аддзяленні.

…“Вучэбны” перыяд жыцця (па словах самога Хадановіча) з’яўляецца “формай уцёкаў ад беларускага войска”. Сапраўды, падчас паступлення Андрэя на філфак БДУ там скасавалі вайсковую кафедру, што азначала мінімум год “кірзавых ботаў” пасля атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі.

Напэўна, гэта тлумачылася тым, што на філфаку заўсёды вучыцца вельмі няшмат “будучых абаронцаў айчыны”, і нават “стабільнаму” бюджэту СССР трэба было “жыць па сродках”.

Разам са сваімі аднакурсніцамі Андрэй Хадановіч старанна праходзіў нейкія медычныя курсы. Тыя сталі медсёстрамі, а ён — медбратам. Умеў накладаць складаныя павязкі “на раны” і нават (толькі тэарэтычна) прымаць роды.

Калі пасля абароны дыплома пачалі прыходзіць ваенкаматаўскія позвы, Андрэй “уцёк” у другое месца – аспірантуру пры БДУ. Акрамя вучобы стаў выкладаць французскую літаратуру ў БДУ, чым займаецца ўжо больш за дзесяць год.

А беларускамоўны дэбют у яго творчасці адбыўся ў 1996 годзе. Паспрыяла гэтаму шмат фактараў, найперш – эстэтычны, але не ў апошнюю чаргу – і рамантычна-палітычны чыннік.

Нагадаю, у траўні 1995 года адбыўся сумна вядомы рэферэндум, які “ абакраў Беларусь на нацыянальныя сімвалы і стварыў юрыдычна законную сітуацыю для лінгвістычнай дыскрымінацыі беларусаў у Беларусі”.

Гэта не толькі цытата з маёй размовы з грамадзянінам Андрэем Хадановічам. Гэта яго прынцыповая пазіцыя!

Палітычны дэбют

А першая кніга паэта Андрэя Хадановіча называлася “Старыя вершы”. Выйшла яна ў 2003 годзе і была цалкам беларускамоўнай. Сёння іх ужо 9 штук. Шэсць выдадзены на беларускай мове, тры перакладзены на ўкраінскую, польскую і шведскую. Колькасць асобных публікацый яго вершаў і перакладаў вымяраецца ўжо трохзначнымі лічбамі.

Для тых, хто любіць статыстыку, удакладню, што Андрэй Хадановіч уладальнік многіх прэстыжных (у тым ліку і замежных) прэмій, першай з якіх была прэмія часопіса “Крыніца”. З 2002 года Хадановіч сябра беларускага ПЭН-ЦЭНТРА, а з 2008 года яго ўзначальвае.

І яшчэ. 5 снежня 1998 года Хадановіч пабраўся шлюбам з былой аднагрупніцай і каляжанкай па аспірантуры Марынай, якая 10 траўня 2006 года нарадзіла цудоўную дачку Алену. Андрэй Хадановіч не вельмі любіць форму імені па бацьку, але сваю шасцігадовую дачку часта іранічна называе Аленай Андрэеўнай. Мабыць, таму што яна да яго вельмі падобная…

А яшчэ ён вельмі любіць паўтараць словы Іосіфа Бродскага: пісьменнік не мае права лезці ў палітыку, пакуль палітыка не лезе ў ягоныя справы. На жаль, сённяшняя палітыка ў справы Андрэя Хадановіча “лезе”. Хаця, па вялікім рахунку, ён чалавек цалкам апалітычны.

Пры даволі скептычных адносінах да айчынных палітыкаў (дзяржаўных і апазіцыйных) Хадановіч цвёрда перакананы ў тым, што, калі ў грамадскім жыцці наступае “Час Х”, ніхто не можа заставацца ў баку. У тым ліку і паэты.

Такімі момантамі сталі прэзідэнцкія выбары 2006-га і 2010-га гадоў. У 2006-ым годзе Хадановіч выступаў на Кастрычніцкай плошчы і кожны дзень потым (да разгону) хадзіў туды ў намётавы гарадок. У 2006-ым чытаў і спяваў вершы, а ў 2010-ым на Плошчы Незалежнасці праспяваў нават свой пераклад.

Песня, якая тады прагучала, бярэ свой пачатак у канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў Каталоніі (яна тады змагалася за свае правы з франкісцкай Іспаніяй). Напісаў “Слуп” (першая назва) паэт Луіс Льяк. Падчас польскай “Салідарнасці” паэт і бард Яцэк Качмарскі перарабіў яе ў “Муры”.

Гэты варыянт і выбраў асновай для сваёй песні-верша Андрэй Хадановіч. Вобраз “муроў” ужо часткова згубіў сваю актуальнасць, бо Берлінскі мур даўно разбурылі, і таму да слова “муры” беларускі паэт дадаў словы “турма” і “свабода”.

Імі і хочацца скончыць гэты тэкст: “Разбуры турмы муры! Прагнеш свабоды – то бяры!”

P.S.

Не так даўно ў Інтэрнэце з’явіўся ролік, дзе арыштаваны малады расейскі паэт Кірыл Мядзведзеў у аўтазаку спявае свой рускі пераклад гэтай славутай песні. Накіраваны ён супраць таго, што зараз робіцца ў Расіі…

12.07.12

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Літаратурны дэбют Андрэя Хадановіча адбыўся вельмі незвычайна. Яму было чатыры гады. На Новы год упрыгожвалі ялінку. Цікавы хлопчык выцягнуў з цацкі металічны крапеж і ўсунуў “вусы” ў разетку, да якой той ідэальна пасаваў. “Дзеўбанула” токам добра. Выратавала толькі тое, што трымаў метал не ўсёй рукой, а толькі двума пальцамі.

Пасля НЗ Андрэй прачытаў узрушаным бацькам свой першы верлібр…

А жыццёвы дэбют аднаго з лепшых маладых паэтаў сучаснасці адбыўся 13 лютага 1973 года ў Мінску ў знакамітым раддоме насупраць Пішчалаўскага замка, дзе некалі пакутаваў Якуб Колас.

Нататкі пачатку

“Я рос шчаслівым дзіцем. Нягледзячы на тое, што ў адносінах паміж бацькамі ўжо былі пэўныя складанасці (урэшце развяліся), вакол мяне заўжды панавалі цеплыня і любоў.

На шчасце, бацькі жывыя па наш дзень. Абое былі і застаюцца вельмі неардынарнымі людзьмі.

Маці, Ірына Алегаўна, нарадзілася ў Вялікіх Луках. Дзяцінства і юнацтва яе прайшло ў рускамоўнай частцы Казахстана, а сталенне — у Маскве. У беларускую сталіцу пераехала амаль перад самым каханнем і шлюбам, дзе скончыла радыётэхнічны інстытут і працавала інжынерам, але праз усё жыццё былі відавочнымі яе артыстычныя схільнасці.

Калі да мяне зараз прыходзяць госці, яны звяртаюць увагу на незвычайныя карціны на сценах і пытаюцца, як тыя зробленыя? Я тлумачу, што гэта не фарбы, а аплікацыі. Са старой непатрэбнай тканіны выразаюцца розныя кавалачкі і клеяцца на дошку, што складае вельмі нетыповы цікавы малюнак.

Гэта зрабіла мая маці.

Другое яе захапленне – чытанне.

Мае першыя дзіцячыя ўспаміны якраз і звязаны з тым, што я вельмі любіў слухаць. Як кажуць, любіў літаратуру вушамі. Здаралася, чытаў і бацька, але часцей — маці. Гэта маглі быць казкі альбо дзіцячыя пераклады Юліяна Тувіна. У мяне ўчэпістая памяць. Я з першага прачытання мог усё запомніць і потым у дзіцячым садку расказваць (літаральна старонкамі) вершаваныя тэксты. Асабліва смешныя. Мяне заўжды з захапленнем слухалі і выхавальніцы, і дзіцячая група.

Я заўважыў, што вельмі рана навучыўся чытаць сам, але не прызнаваўся ў гэтым бацькам, бо баяўся страціць бонус у выглядзе “чытання ў голас”, “слухання ў голас”. Можа, менавіта гэта потым спрычынілася да далейшых інтарэсаў, да паэтычнага ўспрыняцця радка, вобраза.

Сёння, калі я нешта пішу альбо перакладаю, яно гучыць недзе ўнутры. Я быццам бы правяраю тэкст, спраўджваю яго “на гучанне”. Так для мяне больш пераканальна, рэльефна, праўдападобна.

Зразумела, ёсць людзі, для якіх словы – набор літар, што адразу складаюцца ў сэнс. У мяне ўсе гэтыя сэнсы (з таго часу) найперш гучаць. За што я і мушу маме яшчэ раз падзякаваць.

Звяртаю ўвагу: такая самая ў мяне зараз і дачка Алена. Яна ўмее чытаць, і з прыемнасцю гэта робіць, але з нашмат большай радасцю слухае. Перад сном у нас цэлы рытуал. Мы абое любім чытанне: я – чытаць, яна – слухаць.

На жаль, не заўсёды ўдаецца “выкраіць” на гэта час.

Не заўсёды хапае і беларускіх перакладаў. Часам я гарантавана добрую кніжку разгортваю і пачынаю з рускай, польскай альбо ўкраінскай мовы адразу перакладаць. Атрымліваецца своеасаблівы сінхрон.

На шчасце, ёсць і ўжо гатовыя пераклады, за што асобны дзякуй і пашана перакладчыкам, і выдаўцам. Той жа “Карлсан” альбо “Пэпі – доўгая панчоха”, напрыклад.

З часам мы “дараслі” да Толкіена. Прачыталі “Хобіта” і перайшлі на беларускі пераклад трылогіі “Уладар пярсцёнкаў”. Спачатку я пабойваўся, што змест гэтых кніжак будзе вельмі складаным для дзіцяці, але – дарэмна. Дачцэ падабаецца ўсё. Яна часам асацыюе тое, што слухае, з тым, што ведае, і задае пытанні.

Супадзенні бываюць надзвычай цікавыя.

Калі мы чыталі “Хобіта”, то там ёсць пра племя птушак, пра арлоў, якія дапамагаюць гномам. У тэксце такі велічны персанаж — “Гаспадар арлоў”. Дачка пытаецца: “Татка, а які-такі Гаспадар арлоў? Уладзімер Арлоў?”

Справа была ў жніўні, і я зразумеў, як праз некалькі дзён буду віншаваць з днём народзінаў вядомага пісьменніка, якому, дарэчы, гумар вельмі спадабаўся…

Дарэчы, кнігу “Нататкі таткі” я лічу адной з найлепшых з тых, што напісаў, не толькі таму, што яе назвалі найлепшай у 2015 годзе. Яна, як і кнігі маіх калег, што пішуць для маленькіх, патрэбна будучыні Беларусі, бо галоўныя чытачы — нашы дзеці.

Дзіцячая памяць, увогуле, надзвычай цудоўная рэч. Некаторыя рэчы, што мне чытала мама (асабліва калі я прасіў яе прачытаць “на біс”), я памятаю да сёння.

Як і тое, што апошняй сямейнай гармоніяй стаў дзень 1 верасня 1980 года, калі бацька з маці разам вялі мяне ў школу…

Пасля іх разводу я жыў з маці, але даволі часта хадзіў да бацькі, дзе карыстаўся яго багатай бібліятэкай. Дарэчы, менавіта там я ўбачыў першыя кнігі дзевяцітомніка Караткевіча.

На той момант выйшлі толькі чатыры тамы. Я разгарнуў, пачаў чытаць “Каласы пад сярпом тваім” – і не заўважыў, як праляцелі суткі.

Кніжка скончылася, а раман не, бо заканчэнне друкавалася ў пятым томе. Помню, як яго чакаў і дачакаўся, набыўшы ў кнігарні, хаця зараз разумею, што праблема магла вырашыцца прасцей. Дастаткова было проста пашукаць іншае выданне.

Бацька, Валерый Фёдаравіч, быў журналістам, працаваў у розных газетах (у “Знамя юности”, напрыклад) і сам складаў вершы. Праўда, не выдаў ніводнага зборніка, бо не пісаў пра “Леніна, партыю, камсамол”. Напэўна, нейкі “ген творчасці” ад яго перадаўся і мне, бо я засынаў і прачынаўся пад стук пішучай машынкі.

Бацька вельмі любіў спорт. Займаўся боксам, бегаў на лыжах, а калі служыў памежнікам, быў у камандзе па вайсковым мнагаборстве.

Бібліятэка цяпер ёсць і ў мяне. Не скажу, што гэта нейкая супер-калекцыя, але адлік ідзе ўжо не на сотні, а на тысячы томікаў, і ні якая электроніка, баюся, не можа персанальна для мяне замяніць папяровыя кнігі.

Жонка смяецца: вечнай праблемай нашай сям’і стала тое, што як толькі з’яўляецца нейкая дробная капеечка, я адразу апынаюся ў кнігарні. Калі заходзіш у наш дом, кнігі атачаюць з усіх бакоў, навісаюць над галавой, як бы выпіхваюць чалавека са сваёй тэрыторыі.

У мяне ёсць электронная чыталка Kindle, што значна эканоміць месца ў час падарожжаў, аднак яе так не адчуеш на дотык, гартаючы; тройчы падумаеш, перш чым залезці з ёй у ванну, і не зробіш алоўкам нейкія паметкі на палях… Папяровыя кнігі — сабе, электронныя — сабе…

Дэбютныя нататкі

На жаль, напружаны рытм сучаснага жыцця не заўжды дазваляе кантактаваць, як хацелася б, таму зразумелыя крыўды на гэты конт майго бацькі.

А вось з маці пашанцавала жыць побач.

Мы пераязджалі некалькі разоў. Пасля майго нараджэння першы год жылі на Рэспубліканскай, якая цяпер стала Гарадскім Валам. Пасля размену пераехалі на вуліцу Альшэўскага ў дом над дзіцячай крамай “Бураціна”.

Адтуль я пайшоў у дзіцячы садок, а потым у 113-ю сярэднюю школу, дзе адвучыўся першыя шэсць гадоў. Яны “прышчапілі” дзве рэчы.

Абмен рэчываў у мяне такі, што трэба сачыць за сабой, каб не ператварыцца ў стокілаграмовую хмару, зрабіўшыся вельмі тоўстым.

А мой бацька, паўтаруся, са спортам вельмі сябраваў, таму яму было істотна, каб сын рос “не хлюпікам”. Ён перыядычна заахвочваў разам з раніцы бегаць па дваровым стадыёне, дзе яго ведалі ўсе мясцовыя юнакі і падлеткі, бо мы з імі пастаянна гулялі ў футбол.

Звонку гэта выглядала крыху дзіўнавата. Усе, хто з намі гуляў, былі ў два разы старэйшыя за мяне, але ў два разы маладзейшыя за майго бацьку.

Заўсёды шчыра захапляўся яго спартовымі магчымасцямі. Ноч працуе, а днём гуляе ў футбол так, што з ім не могуць цягацца пяць-шэсць здаровых “ілбоў”. У мяне такіх талентаў няма…

Бацька адвёў мяне не ў самую блізкую да дома школу, але там быў “спартовы клас”. Пэўны час у нас нават працаваў класным кіраўніком школьны фізрук. Стала ён трэніраваў у лёгкаатлетычным комплексе “Дынама”, і мы з першага класа даволі часта туды ездзілі.

Словам, усё маё юнацтва праходзіла пад знакам спорту.

Гэта з аднаго боку.

З іншага – бонусам да спорту зрабілася нячастая ў нашых школах, амаль экзатычная французская мова, якую сталі вывучаць з 4 класа. Гэта потым мне прыдалося як перакладчыку.

Пасля быў яшчэ адзін пераезд – на вуліцу Славінскага. (На сёння – канцавы прыпынак “соткі”, дом проста насупраць.)

Калі я ажаніўся з Марынай, мы жылі ўтраіх, разам з маёй мамай, а калі паўстала пытанне пра пашырэнне сям’і, шчаслівы збег акалічнасцяў дазволіў набыць для мамы кватэру ў тым жа самым (праз пад’езд) доме.

Калі мы туды пераехалі, насупраць нашага дома спыняліся 35 і 38 тралейбусы. Апошні нават натхніў на адпаведны верш.

Неяк вельмі зранку, пасля святкавання Калядаў, я, яшчэ сонны і стомлены, выходзіў на працу, каб прыняць у студэнтаў універсітэта нейкі залік, а з-за дыспетчарскай станцыі выязджаў тралейбус нумар 38. Новага ўзору, з бартавымі агеньчыкамі, быццам бы самалёт, які вось-вось узляціць. Тады і прыдумалася “Балада пра 38 тралейбус”, якую я досыць часта чытаю публічна.

А калі з’явіліся аўтобусы новага тыпу, з аўтаматычнымі абвяшчальнікамі прыпынкаў, фраза пра наступны прыпынак – “Раствора-бетонны” (на сёння ўжо – “Вялікая Слепня”), пачутая мной зноў-такі на Каляды, зачапілася за свядомасць і натхніла на верш “Раство на раствора-бетонным”. (Святочныя сюжэты прыходзяць не абавязкова ў святочнай абстаноўцы.)

Калі пасля школы (1990 год) я трапіў на філфак БДУ, у нас яшчэ не было рамана-германістыкі, толькі беларускае і рускае аддзяленні. А я заўсёды цікавіўся замежнай літаратурай. Асабліва паэзіяй. Перадусім французскай канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Шарлем Бадлерам, Арцюрам Рэмбо, Стэфанам Малармэ, Гіёмам Апалінэрам, Блэзам Сандрарам.

Па сутнасці гэта – прывітанне з далёкай 113 школы са спартовым ухілам і бацькоўскай бібліятэкі… Цяпер, размаўляючы з бацькам, маю чым пахваліцца – паказаць свае пераклады Бадлера і Апалінэра, што зусім нядаўна выйшлі асобнымі кніжкамі ў серыі “Паэты планеты”.

На рускім аддзяленні філфака БДУ вучылася 121 дзяўчына і 11 хлапцоў, на кожнага прыпадала роўна па 11, але я так і не зрабіўся лавеласам, як пра мяне часам пляткараць злыя языкі.

Прыблізна такая ж прапорцыя была і на беларускім аддзяленні, дзе вучыўся, скажам, будучы выдавец часопіса “Архэ” Валер Булгакаў. А маім найлепшым сябрам у аспірантуры, куды я трапіў пасля ўнівера, стаў незабыўны Юрась Бушлякоў. Гэтаму чалавеку я абавязаны тым, што мой пераход на беларускую мову адбыўся лёгка і камфортна.

Што да сур’ёзных адносін, то выбар я зрабіў даволі хутка. Ужо з другога курса часта апынаўся за адной партай з будучай жонкай Марынай, потым мы разам вучыліся ў аспірантуры, а затым і стасункі свае юрыдычна аформілі.

Аспірантуру я заканчваў па спецыяльнасці “французская літаратура”, дыплом абараняў па паэзіі Бадлера, а калі ў другой палове дзевяностых “пратаптаў сцяжынку” да культавага літаратурнага часопіса “Крыніца” (дзякуй людзям, якія яго тады рабілі!), першую літаратурную ўзнагароду атрымаў менавіта за пераклады з французскай.

Гэта былі вершы Стэфана Малармэ, які лічыцца адным з самых складаных, герметычных паэтаў Францыі. Адзін французскі дасціпнік неяк пажартаваў: ”Вы перакладаеце Малармэ з французскай на ангельскую мову? Перакладзіце яго спачатку з французскай на французскую…”

Пры перакладзе вельмі хацелася захаваць “зубадрабільна-недляўсіхны” аўтарскі стыль, таму я літаральна абклаўся слоўнікамі з нетыповай лексікай – Янкі Станкевіча, Вацлава Ластоўскага і перадусім Байкова і Некрашэвіча. (Цяпер ён перавыдадзены, а тады я карыстаўся выданнем 1928 года, чытаў у навуковай бібліятэцы, адксерыў для сябе. Да нядаўняга часу цэлы стос тых ксеракопій стаяў на кніжнай паліцы.)

Памятаю, вельмі перажываў, што атрымаецца нешта больш зразумелае, чым у Малармэ, але высветлілася – дарэмна. Калі прынёс тэкст майму ўлюбёнаму паэту Алесю Разанаву, той прачытаў і сказаў: “Ні халеры не разумею…”. Гэта мусіла гучаць як крытыка, але я пачуў пахвалу: калі ўжо Разанаў, што сам лічыцца адным з найскладанейшых аўтараў, разгубіўся, то, відаць, эфект Малармэ па-беларуску дасягнуты…

За той пераклад я і атрымаў узнагароду часопіса “Крыніца”, чыста сімвалічную, але вельмі прыемную. Потым было шмат розных прэмій, але гэтая – самая запамінальная.

Нататкі паэта

У аспірантуры я найперш хаваўся ад войска, бо вайсковую кафедру ў нас на другім курсе замянілі медыцынай. Па вялікім рахунку, я мог бы працаваць медбратам, нас нават (праўда, чыста тэарэтычна) вучылі прымаць роды. Навуковую ступень я не атрымаў, бо ніколі не ставіў сабе нейкіх амбітных акадэмічна-педагагічных мэтаў. Відаць, ува мне ўсё-такі больш аўтара і перакладчыка, і толькі потым пачынаецца выкладчык літаратуры.

Але калі ўжо выкладаю, намагаюся, каб гэта было камусьці цікава, дбаю пра эмацыйны кантакт са студэнтамі, імкнуся зразумець іх матывацыю, спрабую адчуць, што там у іх у галовах, што новага з’яўляецца, чаго не было ў іх папярэднікаў. Карацей, не жадаю быць нейкім сухім ментарам. Але, што граху таіць, перакладаць французскіх паэтаў на беларускую мову мне падабаецца значна больш, чым пісаць пра іх навуковыя артыкулы.

А калі з’яўляецца імпульс напісаць нешта сваё, то гэта прыносіць яшчэ больш радасці.

Першыя асэнсаваныя вершы я пачаў ствараць на некалькі гадоў раней за першыя пераклады, калі быў студэнтам філфака. Мабыць, у значнай ступені ўплываў вялікі аб’ём чытання. Некаторыя тэксты з’яўляліся, як “пабочны эфект” ад прачытаных кніг. Вялікую ролю таксама адыгралі вельмі таленавітыя выкладчыкі з розных кафедраў нашага філфака. Напрыклад, легендарны прафесар, загадчык кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Адам Яўгенавіч Супрун. Знакаміты славіст, якога ведалі далёка за межамі.

Мне пашанцавала слухаць яго, і не толькі яго. Напрыклад, знакамітага прафесара Барыса Нормана. Або бліскучага выкладчыка Якава Трамбавольскага, які мог даслоўна загіпнатызаваць аўдыторыю і скончыць сімпатычным вершам уласнага аўтарства. Дарэчы, ён ніколі не адмаўляў ва ўвазе. Даваў чытаць цікавыя кнігі і пару разоў глядзеў мае першыя, шмат у чым бездапаможныя тэксты. Менавіта гэтая кафедра штогод ладзіла культавую Славянскую вечарыну. Найчасцей яе праводзілі ў гонар Дня славянскага пісьменства. Вечарыны былі цікавыя, насычаныя розным цікавым лінгвістычным матэрыялам, і перадусім – вельмі смешныя. Бывалі таленавітыя госці. На адной з вечарынаў я ўпершыню ўбачыў Дзіму Строцава, з якім мы потым, праз шмат гадоў, пасябравалі. Яшчэ больш на мае першыя літаратурныя эксперыменты паўплываў паэт і перакладчык Канстанцін Міхееў, з якім мы чатыры гады вучыліся на адным курсе.

Косця пазнаёміў мяне з Кімам Хадзеевым, яшчэ ў мой “дабеларускі” перыяд. Тым, хто ведае культурнае жыццё Мінска, не трэба тлумачыць, кім быў Хадзееў. Я быў проста зачараваны ягонай неардынарнасцю, унутранай свабодай і незалежнасцю меркаванняў пра ўсё на свеце, глыбінёй ягоных ведаў. Гэта абсалютна несавецкі чалавек, які жыў у Савецкім Саюзе. Жыў паводле сваіх поглядаў і звычак. На інтуітыўным і вельмі індывідуальным узроўні ён мог параіць чалавеку менавіта тое, што яму вельмі патрэбна было пачуць, прачытаць, даведацца ў канкрэтны момант. Пасля пяці хвілін знаёмства ён выцягнуў з нетраў сваёй канапы (забітай, дарэчы, не падушкамі, а кніжкамі, што не змяшчаліся на паліцах) “Пену дзён” Барыса Віяна ў геніяльным перакладзе Ліліяны Лунгіной. У нейкі момант Кім прапанаваў, каб я паказаў яму сваю пісаніну. Ён не быў чэмпіёнам свету па тактоўнасці і не лез па эмацыйнае слова ў кішэнь, таму яго ацэнкі бывалі даволі рэзкія. Але за некаторыя тэксты ён хапаўся і прапаноўваў над імі “працаваць”. То бок прызначалася наступная сустрэча, і мы некалькі гадзін праводзілі над тым ці іншым маім чарнавіком.

Сёння я разумею, наколькі фантастычна ён быў запатрабаваны. Хто толькі, выбачайце, ні еў Хадзееву мозг! То ён выратоўваў маладую беларускую эканоміку, пішучы праграму па сельскай гаспадарцы. То пісаў усякім навукоўцам і псеўданавукоўцам кандыдацкія і нават доктарскія дысертацыі, прычым па самых розных дысцыплінах, то кагосьці кансультаваў. Праз яго кватэру на вуліцы Кісялёва хто толькі ні праходзіў, у тым ліку розныя нефармальныя маладыя творцы, што часам жылі ў яго на кухні і пісалі там свае раманы ці вершы… Як ён яшчэ на мяне знаходзіў час, дзіва дзіўнае! Я казаў, што ў ацэнках ён мог быць грубаватым, а вось рэдагаваў надзвычай далікатна. Здавалася б, ён мог лёгка навязаць аўтару сваю волю, сказаўшы, як канкрэтна трэба зрабіць. Але замест гэтага ён гадзінамі прапаноўваў мне свае варыянты, пакуль я, адмовіўшыся ад дваццаці пяці, прыму ягоны дваццаць шосты, а найлепей – прыдумаю свой дваццаць сёмы. Карыстаючыся мовай футбалістаў, ён часцей даваў пасы, чым забіваў галы сам. Гэта мяне па-добраму ў ім уражвала і, магчыма, прыдалося пазней мне самому – калі ўжо я мусіў рэдагаваць чужыя творы. Па-першае, Хадзееў навучыў выбіраць, знаходзіць у “славеснай рудзе” найлепшае, крытычна ставіцца да ўсяго, што чытаеш. У тым ліку і да асабістага. Навучыў глядзець на свае творы “чужым вокам”. Па-другое, не зайздросціць творчым удачам, знаходкам іншых літаратараў, а шчыра здзіўляцца, радавацца цуду іх нараджэння. Пры гэтым захапленне не перашкаджае нешта карэктаваць, прапаноўваць, каб зрабіць яшчэ лепшым.

Апошнія гадоў дзесяць мне часта даводзіцца бываць рэдактарам, і досвед пасядзелак над тэкстамі з Кімам вельмі і вельмі спатрэбіўся. Пару разоў на пытанне пра сваіх літаратурных настаўнікаў я нават трохі правакацыйна адказваў, што гэта маладзейшыя за мяне літаратары. Мне пашанцавала быць рэдактарам вельмі сімпатычных кніг, аўтары якіх ужо зрабіліся зоркамі сучаснай беларускай літаратуры. Згадаю паэзію і пераклады Вальжыны Морт, Веры Бурлак, Марыі Мартысевіч, Віталя Рыжкова, Уладзя Лянкевіча, паэзію Антона Рудака і Насты Кудасавай, вершы і прозу Андрэя Адамовіча, раман Паўла Касцюкевіча “План Бабарозы”.

А яшчэ мне двойчы пашэнціла быць укладальнікам выбраных зборнікаў нашых знакамітых класікаў – Максіма Танка і Рыгора Барадуліна. Во дзе літаратурная вучоба, калі выбіраеш сярод добрага (часам – вельмі добрага!) тое найлепшае, што робіць паэта геніяльным, – так, гэтую геніяльнасць змаглі ацаніць сённяшнія, сучасныя чытачы паэзіі.

Пэнаўскія” нататкі

У ПЭН-цэнтр я ўступіў на год раней за незалежны Саюз пісьменнікаў. Адпаведна ў 2002-м і ў 2003-м гадах. На той момант праца з моладдзю была ледзь не самай занядбанай “дзялянкай” беларускай літаратуры, і неяк склалася, што мяне пацягнула гэтым займацца. Разам з пэнаўскімі калегамі мы штогод арганізоўвалі конкурс маладых літаратараў. Яго назву часам падказваў той ці іншы прыгожы юбілей. Так, першы конкурс насіў імя Наталлі Арсенневай, а праз год было 700-годдзе Франчэскі Петраркі, і мы зрабілі вялікага італьянца патронам беларускага конкурсу. Пасля быў Уладзімір Караткевіч, потым адзначалася 100-годдзе “Нашай Нівы”, а затым былі конкурсы імя Карласа Шэрмана, Ларысы Геніюш, Чэслава Мілаша і Максіма Танка. Апошні меў вынікам пленэр на Браслаўскіх азёрах, але мы не столькі цешыліся з маляўнічай прыгажосці, колькі з раніцы да ночы апантана працавалі над тэкстамі. Ранейшыя конкурсы таксама сканчаліся майстар-класамі, прычым не толькі ў Мінску, але і ў Вільні або ў Празе. Быў яшчэ адзін бонус – пасля конкурсу мы выдавалі зборнік з творамі яго пераможцаў. Злыя языкі называюць такія зборнікі “брацкімі магіламі”, але ў нас, на шчасце, выйшла інакш. Гэтыя кніжкі звярнулі на сябе ўвагу (магчыма, таму, што мы ладзілі туры па ўніверсітэцкіх гарадах Беларусі, каб нашыя аўтары маглі выступіць перад новай аўдыторыяй).

Згадаю толькі некалькі ўдзельнікаў першага зборніка. Гэта Вальжына Морт, што стала адной з самых вядомых беларускіх паэтак у свеце. Гэта Глеб Лабадзенка, чые кніжныя, культурніцкія і журналісцкія праекты вядомы не менш за яго творчасць. Гэта Анатоль Івашчанка, які сёння разам з Барысам Пятровічам робіць часопіс “Дзеяслоў”. Гэта Сяргей Прылуцкі, які цяпер жыве ў Кіеве, але ёсць адным з найлепшых беларускіх аўтараў. Шэраг можна працягваць. Цяпер дзейнасць ПЭНу паспяхова працягвае незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў, які штогод ладзіць для маладых аўтараў літаратурны конкурс “Экслібрыс”. Сёлетні носіць імя Скарыны і прысвечаны мастацкаму перакладу.

Другім важным кірункам дзейнасці ПЭН-цэнтра стаў удзел у арганізацыі незалежных літаратурных прэмій: імя Францішка Багушэвіча – за гістарычную прозу, Алеся Адамовіча – за публіцыстыку, Карласа Шэрмана – за мастацкі пераклад, Цёткі – за дзіцячую літаратуру. Вядома ж, прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча – для маладых творцаў, якую, як і некаторыя іншыя, падтрымлівае наш заслужаны мецэнат Павел Бераговіч. (Сузаснавальнікі трох апошніх пералічаных прэмій – Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.)

Асобна хачу сказаць пра прэмію імя Францішка Аляхновіча, якую неафіцыйна яшчэ называюць “турэмнай”, бо яна ўручаецца за творы, напісаныя ў зняволенні. Яе ініцыятар – Аляксандр Лукашук, кіраўнік беларускай службы “Радыё Свабода”, якая ўручае прэмію разам з ПЭН-цэнтрам. Дзякуй Богу, што апошнія пару гадоў не даюць падставаў для яе ўручэння.

І, канешне ж, прэмія імя Ежы Гедройца, якую мы зладзілі разам з Амбасадай Польшчы, Польскім інстытутам у Мінску і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Дарэчы, так склалася, што чым больш на ПЭН і СПБ “ціснула” дзяржаўная ідэалогія, чым больш выпіхвала нас на маргінэз, тым у большай ступені мы рабіліся партнёрамі і падтрымлівалі адно аднаго. У нас і сёння з Саюзам і яго нядаўна пераабраным старшынёй Барысам Пятровічам вельмі прыязныя адносіны. Варта згадаць сумесную арганізацыю знакавага для Беларусі апошніх гадоў міжнароднага паэтычнага фестывалю “Вершы на асфальце” імя Міхася Стральцова. І сама ідэя правядзення, і арганізацыя была супольнай ад самага пачатку. Ганаруся, што фестываль не толькі ўшаноўвае памяць нашага выбітнага творцы, але і зрабіўся штогадовай, вельмі значнай для Мінску і ўсёй Беларусі культурнай падзеяй. Ён дазваляе сабраць на адной пляцоўцы найлепшых паэтаў як са сталіцы, так і з розных іншых беларускіх гарадоў, а таксама запрасіць у Мінск класных аўтараў з іншых краін. У розныя гады гасцямі фэсту былі такія фантастычныя аўтары, як шведскамоўная фінка Солья Крапу, ісландзец Адальстэйн Асбэрг, паляк Богдан Задура, чэх Яхім Топал, нарвежац Эрлінг Хітэлсен, літоўцы Антанас Янінас, Гінтарас Граяўскас, Альвідас Шляпікас і Данатас Пятрошус, латышы Карліс Вердзіньш, Арвіс Вігулс, Сяргей Цімафееў і Сямён Ханін, расійцы Марыя Галіна і Аркадзь Штыпель, эстонцы Андра Тээдэ і Ігар Коцюх, казахстанка Жанар Секербаева, ізраільцянін Ёнатан Барг, украінцы Аляксандр Ірванец, Люба Якімчук, Алена Сцепаненка, Дзьмітро Лазуткін і многія іншыя аўтары. Двойчы госцем фестывалю быў Сяргій Жадан, а нядаўняя скандальная гісторыя з яго затрыманнем і забаронай на ўезд да нас выклікала не абы-які выбух салідарнасці сярод беларусаў.

Я заўсёды ясна ўсведамляў, што ПЭН-цэнтр – гэта найперш аб’яднанне творцаў, якое мусіць абараняць свабоду літаратара ва ўсіх яе праявах. Невыпадкова, што ў няпростыя часы, калі пад пагрозай не толькі свабода слова, але і свабода саміх пісьменнікаў, якія ў Беларусі перыядычна трапляюць за краты, наша аб’яднанне адным з першых ажыццяўляе розныя праявы салідарнасці.

Так было ў выпадку з арыштаваным Уладзімірам Някляевым, якога ў 2011 годзе мы вылучылі на атрыманне Нобелеўскай прэміі. Магчыма, гэта быў больш палітычны крок, чым літаратурны, бо Нобелеўскую ўзнагароду без шматгадовай падрыхтоўкі ніхто не атрымлівае, але наш аўтар і апальны палітык атрымаў тады шмат іншых узнагарод, ягоныя кніжкі былі выдадзеныя ў розных краінах, столькі вядомых людзей выступілі ў яго падтрымку. Думаю, такая хваля салідарнасці была не апошнім аргументам для вызвалення паэта. Дарэчы, для мяне істотна, што менавіта спадар Уладзімір, папярэдні старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, прапанаваў у 2008 годзе нашай Радзе, а потым і Сходу маю кандыдатуру.

Пасада старшыні носіць чыста сімвалічны характар, забіраючы шмат часу, не прыносіць нічога, акрамя клопату і хваляванняў. Але таксама і радасць, калі нешта ў нашай культурнай сітуацыі ўдаецца змяніць да лепшага. Напрыклад, заснаваўшы новую ўзнагароду, якой нядаўна зрабілася Кніга года – прэмія, дзе за пісьменнікаў галасуюць самі пісьменнікі. Усведамляю, як нам яшчэ далёка да салідарнасці, узаемапавагі і талерантнасці хаця б на тэрыторыі літаратуры, але любы крок у гэтым кірунку быў бы дарэчны”.

05.03.2017

%d1%85%d0%b0%d0%b4%d0%b0%d0%bd%d0%be%d0%b2%d1%96%d1%87-2 %d1%85%d0%b0%d0%b4%d0%b0%d0%bd%d0%be%d0%b2%d1%96%d1%87-3 %d1%85%d0%b0%d0%b4%d0%b0%d0%bd%d0%be%d0%b2%d1%96%d1%87-4

PENTAX Image

%d0%a5%d0%90%d0%94%d0%90%d0%9d%d0%9e%d0%92%d0%86%d0%a7-1 %d0%a5%d0%90%d0%94%d0%90%d0%9d%d0%9e%d0%92%d0%86%d0%a7-4-2

%d0%a5%d0%90%d0%94%d0%90%d0%9d%d0%9e%d0%92%d0%86%d0%a7-5%d0%a5%d0%90%d0%94%d0%90%d0%9d%d0%9e%d0%92%d0%86%d0%a7-11%d0%a3-%d0%a1%d0%b5%d1%83%d0%bb%d0%b5%d0%86%d1%81%d0%bb%d0%b0%d0%bd%d0%b4%d1%8b%d1%8f-%d0%b7-%d0%90%d0%b4%d1%8d%d0%bb%d1%8c%d1%81%d1%82%d1%8d%d0%b9%d0%bd%d0%b0%d0%bc %d0%92%d0%b0%d0%bb%d1%8c%d0%b6%d0%9a%d0%b0%d1%80%d0%b0%d1%82%d0%ba