Халезін Мікалай

%d1%85%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d0%b7%d1%96%d0%bd

 

 

З кнігі “Будзіцелі”

Падрыхтавана да друку  ў 2008 годзе

 

Даведка: Мікалай Халезін стварыў  Свабодны тэатр 30 сакавіка 2005 года.  Сёння ў ім працуе 23 чалавекі. 10 снежня 2007 года тэатр атрымаў прэмію Французскай Рэспублікі. А 13 красавiка 2008 ў Салоніках ім уручылі прэмію “Еўропа – Тэатру”.

 

– Пачну з біяграфіі. Нарадзіўся 30 сакавіка 1964 года ў Мінску.  Скончыў сярэднюю школу №93. Маці, Галіна Андрэеўна,  працавала ў штабе ваенна-паветраных сіл. Бацька, Мікалай Пятровіч, спявак беларускай філармоніі, таму ўсё дзяцінства я правёў у гастролях.  Выхоўвалі мяне ў асноўным музыкі. Няблага маляваў.  Вайсковую службу праходзіў у Лідзе, у “авіяцыі”. У Першай гвардзейскай дывізіі знішчальнікаў-бомбардыроўшчыкаў.   Пасля службы паступіў у наргас на ўліковы факультэт. Адвучыўся там два з палавінай гады, мне “хапіла”. Зразумеў, што я не бухгалтар. Спачатку пайшоў працаваць на завод, але даволі хутка пачаў займацца іншым. Гэта і відэаздымкі , і аўдыёзапісы, адчуў  усе прыгажосці кааператыўнага жыцця.

– Якія?

-Пачынаючы ад першага вопыту гандлю аўдыёкасетамі, канчаючы звычайным рэкетам.

– Грошы “вышыбаў”?

– Наадварот. З мяне. Гэта вельмі непрыемныя моманты перабудовы, якія былі тады тыповымі.

А потым  з Вітасам Грыгалюнасам і Леанідам Дзенірынштэйнам стварылі Альтэрнатыўны тэатр, дзе я адкрыў асабістую карцінную галерэю. Затым яна стала існаваць асобна, а потым на яе аснове быў створаны Цэнтр сучаснага мастацтва. Далей наступіў 1994 год, і ўсё памерла.

Пётр Марцаў запрасіў мяне папрацаваць у журналістыцы.

– Газета “Имя”?

– Тады яна толькі-толькі пачыналася і гэта была цалкам рэкламная газета. Першы нумар  быў амаль правальным. Як кажуць,  быў абраны “не той фармат”.

Зышоў з яе перад самым закрыццём. Потым рабіў газеты “Навіны”, “Наша свабода”. Усе яны былі зачынены.  Як толькі сацыялагічныя даследаванні паказвалі рост колькасці чытачоў, адразу ж прымаліся меры па знішчэнню выдання.

Пасля займаўся палітычным маркетынгам і кансалтынгам.

– Мабыць, нешта вельмі разумнае?

– У нас гэта называюць палітычным піярам альбо паліттэхналогіямі, хаця ва ўсім свеце гэта рэчы зусім іншыя. Паліткансалтынг па сутнасці азначае такі від кансультавання палітыкаў, калі  палітыкай ты  не займаешся сам.

Акрамя гэтага была  палітычна-грамадская дзейнасць. Прымаў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні грамадска-палітычных мерапрыемстваў.  Напрыклад, два “Маршы Свабоды”, усе акцыі карпаратыўнай салідарнасці журналістаў.

 Добра памятаю “паласатыя робы” і тое, як Славамір Адамовіч зашыў сабе рот. На жаль, менавіта салідарнасці журналістам часцей за ўсё і не хапае.

– Тады было прасцей, таму што гэта не ў чыстым відзе палітыка. Акцыі былі  эмацыйнымі і, можна сказаць – больш эпатажнымі. А галоўнае, адразу зразумела, хто і супраць чаго выступае.

– Працягнем  біяграфію…

— Напісаў адну п’есу, потым другую. Яна  атрымала вельмі шмат прызоў на  розных тэатральных фестывалях. Над ёй пачаў працаваць МХАТ імя Чэхава, а дакладней Алег Паўлавіч Табакоў. Прычым яны даволі жорстка канкурыравалі  з Меншыкавым. Словам, пачалася мая тэатральная кар’ера.

У 2005 годзе з жонкай Наталляй Калядой мы арганізавалі Свабодны тэатр.  З гэтага моманту можна лічыць, што маё жыццё пайшло толькі ў такім накірунку. Заняткі тэатрам захопліваюць амаль на 100%. Толькі час ад часу я займаюся  грамадска-палітычнай дзейнасцю, а журналістыку абмежаваў толькі асабістым блогам і  інтэрв’ю для прэсы.

– Прапаную вярнуцца менавіта да журналістыкі. Пачнём з “Тадж Махала”?

– У “Имени” графічна я рабіў амаль усё, што датычылася канцэпцыі газеты. Рубрыкацыя, новыя крэаціўныя ідэі. І, натуральна, кожную нядзелю на апошняй старонцы быў “Тадж Махал”. Гэта дызайнерскі кампутарны праект, сутнасць якога ў неардынарных падыходах. Напрыклад, мы бралі нешта вельмі вядомае (карціну альбо фотаздымак) і “адаптавалі” да сучаснай палітычнай сітуацыі.

Кожны тыдзень у краіне адбывалася нейкія падзеі. Мы вычлянялі адну з самых важных, і я ствараў  чорна-белы газетны постэр.  Фармат А3, апошняя старонка. Менавіта з яе амаль усе і пачыналі чытаць.

– Помню, помню…

– Гэта было першае адраджэнне эстэтыкі калажу. У Беларусі ён не культываваўся ніколі, ды і ў Расіі толькі ў 20-30 гады мінулага стагоддзя. Невыпадкова, прынцып стварэння  “Тадж Махала” потым “узялі” даволі многія расейскія газеты. Дарэчы, газета “Имя” там  была вельмі папулярнай. Як правільны ўзор газетнай структуры, бо ў сваю чаргу таксама стваралася па лепшым заходнім узорам.

Было шмат гісторый, якія спадарожнічалі гэтаму праекту.

– Якія?

– Пачыналася з выклікаў да Генеральнага пракурора Беларусі і спроб узбудзіць крымінальныя справы, якія мы заўсёды выігрывалі. Адбываліся і сапраўды кур’ёзныя  сітуацыі. Напрыклад, такі. Калі выйшаў калаж “Явление герба народу”, прысвечаны рэферэндуму 1995 года (за аснову ўзятая вядомая карціна). Прэзідэнт, зразумела, “быў” Іоанам Хрысціцелем. Памятаеце вучняў на беразе Іардана? З дапамогай кампутара замест іх твараў я зрабіў твары вядомых апазіцыянераў і супрацоўнікаў прэзідэнцкай адміністрацыі. Размяшчэнне ў іх было розным. Нехта знаходзіўся ў вадзе, нехта стаяў на беразе. Глядзелі яны ў розныя бакі. Атрымалася так, што Леанід Сініцын, які тады кіраваў адміністрацыяй, глядзеў на раку.  Заўсёды газета выходзіла па серадах, і ў гэты ж дзень звычайна праходзілі нарады ў прэзідэнта. Традыцыйна ў каго-небудзь знаходзіўся свежы нумар і яны яго абмяркоўвалі. Так было і ў той раз. Расказвалі, Аляксандр Лукашэнка пачаў гагатаць, а з ім і ўсе, бо, як вядома, у нас заўсёды чэлядзь смяецца разам з панам. Раптам ён спыніўся і абсалютна сур’ёзна кажа: “Лёня, а ты чаго ад гербу адвярнуўся?” Паўза. Цішыня. Мабыць, непрыемны асадак такі застаўся.

Другі цікавы момант. Я зрабіў  кампутарнаю графіку – плот з дошак і на ім аб’ява: “Запушчу заводы, паніжу сабекошт, буду жыць прыпяваючы” і сапраўдны тэлефон адміністрацыі прэзідэнта. Дэпутаты сядзелі ў сваім буфеце.  Андрэй Клімаў (яшчэ перад арыштам) дастаў адзін з першых у краіне “мабільнікаў”   і патэлефанаваў. Адказала нейкая сакратарка. Ён спытаў пра спецыялістаў па “запуску заводаў і паніжэнні сабекошту”  і пачуўшы – у нас такіх няма – адключыўся. А потым на ўвесь буфет зрабіў заяву: “Фігня! Няма ў іх такіх спецыялістаў”.

Усялякіх “прыколаў” было шмат. Некаторыя і сёння паказваюць мне пажаўцелыя постэры тых часоў. Па сей дзень шкада  праект, бо ён застаўляў поле смешнага, якое ва ўмовах жорсткага рэжыму проста неабходна.

– І як тады палітыкі ставіліся да такога гумару?

– Па-рознаму. Напрыклад, Вячаслава Францавіча Кебіча (знакаміты парык з косамі) навучыла ставіцца спакойна да гумару само жыццё. Калі ён быў прэм’ерам, то рэагаваў вельмі нервова, а калі зваліўся з палітычнага алімпу, неаднаразова прызнаваў, што ціск на прэсу быў з яго боку памылкай. Напрыклад, калі ў чарговы раз арыштавалі наш разліковы рахунак, ён даў такі каментарый: “Глупства змагацца з прэсай. Я шмат гадоў ганяў па ўсёй Беларусі газету “Свабода”, а ўрэшце яны так і засталіся жыць”. Лепшага прызнання  абсурднасці барацьбы з друкаваным словам і знайсці цяжка.

Тыя палітыкі, што ўжо пабывалі пры ўладзе, гэта вельмі добра зразумелі. А тыя, хто пры ўладзе зараз, усё зразумеюць, калі яе страцяць. Гэта закон для ўсіх посткамуністычных краін. Любыя граблі трэба праверыць асабіста. Спачатку яны праколюць нагу, потым дадуць па лбу і ты страціш прытомнасць. І толькі пасля гэтага зразумееш, што на граблі наступаць было нельга. Пагадзіся, значна прасцей было б паверыць тым, хто ўжо такі “вопыт” мае.

– А далей давай звернем увагу, толькі на тое, чым ты займаешся сёння?

– Калі быў створаны  тэатр,  усе разумелі, што ніхто працаваць свабодна нам не дасць, бо ён не меў ніякіх зносін з дзяржавай. Агульнае толькі тое, што мы знаходзімся

ў адной краіне. У Беларусі падобны тэатр адзіны. Нават калі нехта не атрымлівае дзяржаўных датацый, ён працуе ў памяшканнях, якія належаць дзяржаве. І гэта ўжо элемент ціску, рычаг, якім можна карыстацца.

У нас нічога такога не было, і ўжо з першага спектаклю сваёй непадкантрольнасцю пачалі раздражняць уладу, хаця яна ўвогуле не разумела, чым мы займаемся.

Пачыналася ўсё як конкурс сучаснай драматургіі.

У выглядзе конкурсу мы праіснавалі толькі два месяцы. Планавалі стварыць тэатр толькі

недзе праз год, але прыйшоў рэжысёр Уладзiмір Шчэрбань і быў уключаны “фарсаж”. Тэатр і конкурс сталі існаваць паралельна.

На сённяшні дзень ужо адбылося цэлых тры конкурсы. У апошнім прымалі ўдзел 273 п’есы з 16 краін свету. І ён увайшоў у тройку вядучых конкурсаў Усходняй Еўропы.

Першы спектакль быў па п’есе Сары Кейн “Псіхоз 4,48”, дзе гутарка ідзе пра праблемы выбару жанчыны паміж гетэра- і гомасексуальнымі пачаткамі,  суіцыдальнымі думкамі і любоўю да жыцця. Гэта маналог самой драматургесы. Яна яго напісала і пакончыла жыццё самагубствам роўна ў 4, 48 раніцы. Па сутнасці, гэта перадсмяротны маналог.

Натуральна, што ніякай палітыкі там не было і блізка.

Спектакль выйшаў. Аб ім вельмі добра напісала газета “Тайм”, вядомы Том Стопард у

“Гардыян”, які завітаў да нас у госці. І яго забаранілі.

Наступным быў “Самаідэнтыфікацыя”. Мы папрасілі напісаць кароткія навелы беларускіх драматургаў . Ён таксама быў паспяховым і яго таксама забаранілі, таму што там у адной з навел ёсць маналогі будаўнікоў Нацыянальнай бібліятэкі. Аўтар сам працаваў на будаўніцтве і запісваў на дыктафон гутаркі. Мы далі ўсё, абсалютна без купюр. З лаянкай рабочых бытовак. Атрымалася, што “алмаз знаний” будавалі нейкія алкаголікі і дармаеды. Зал літаральна рагатаў, бо добра бачыў усе кантрасты нашага жыцця.

Зразумела, што  чытаць кнігі там амаль не будуць, галоўнае, каб стаяў будынак.

Потым быў абсалютна нелегальны спектакль. Паставілі яго па п’есе расіянкі Наталлі Моршынай “Техника дыхания в безвоздушном пространстве”. Мабыць, нехта ўбачыў у ім беларускія аналогіі, хаця гутарка там пра дзяўчынку, якае памірае ад рака ў хоспісе.

Прэм’ера павінна была адбыцца ў адным з клубаў, але туды патэлефанавалі і прыгразілі закрыццём. Людзей прыйшло вельмі шмат. Тады адзін з нашых сяброў прапанаваў  сваю вялікую кватэру. Прама там адыгралі два спектаклі запар. Адны чакалі на лесвічнай пляцоўцы, другія глядзелі. А потым мяняліся месцамі.

Так мы цалкам выпалі з легальнага поля. З таго часу ў клубы нас пускаць перасталі.

Больш за тое, два клубы з-за нас пазбавілі ліцэнзій.

Адбылося як бы раздваенне сітуацыі. З аднаго боку, мы былі абсалютна нелегальныя тут, з другога – як снежны ком, расла папулярнасць на Захадзе.

АЎТАРСКІ КАМЕНТАР

 

Сумны факт. Свабодны тэатр стаў адзіным у свеце, які трапіў у пастарунак разам з гледачамі. Сумна, і таму яны не будуць прэтэндэнтамі   на запіс у Кнізе рэкордаў Гінэса. Як вядома, многія ўспрымаюць любы тэатр як нейкае прытворства.  Толькі не зусім зразумела – яно на сцэне альбо вакол нас?