
З кнігі "Жыццё пасля кратаў"
НЕДАРЭМНЫЯ ПАКУТЫ
Даведка: Ірына Халіп нарадзілася 12 лістапада 1967 года у Мінску. Уласны карэспандэнт расійскай «Новой газеты» па Беларусі. Працавала намесніцай галоўнага рэдактара «Белорусской деловой газеты» і галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Имя». Неаднаразова падвяргалася пераследу за сваю прафесійную дзейнасць. Жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. 19 снежня 2010 года па дарозе з плошчы Незалежнасці гвалтоўна затрымана разам з мужам і змешчана ў СІЗА КДБ . У канцы снежня ёй прад’яўлена абвінавачанне па па частках 1 і 2 арт. 293 КК (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках). Падчас знаходжання Ірыны Халіп і Андрэя Саннікава ў СІЗА КДБ улады спрабавалі іх трохгадовага сына Даніка забраць у дзіцячы прытулак. 20 студзеня 2011 года адміністрацыя Партызанскага раёна Мінска выдала маці Ірыны Халіп – Люцыне Бяльзацкай — дакумент аб прызнані яе апякункай унука. 29 студзеня 2011 года мера стрымання Ірыны Халіп зменена на хатні арышт. 4 красавіка абвінавачанне перакваліфікавана на ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 16-га траўня 2011 года асуджана на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады.
Напэўна, па колькасці розных прэмій Ірына Халіп — рэкардсмен не толькі ў журналісцкім асяроддзі. І кожны раз асабіста я шчыра радуюся, бо гэта той не часты выпадак, калі змагар за дэмакратычныя каштоўнасці цалкам супадае з талентам і прафесіяналізмам…
… Калі Ірыну вялі па калідору следчага ізалятара КДБ, яна гучна смяялася. І не толькі для таго, каб усе ведалі, што зламаць не атрымаецца. Галоўнай прычынай была гіпатэтычная магчымасць таго, што смех пачуе муж Андрэй Саннікаў і для яго гэта будзе своеасаблівай падтрымкай.
” Я мінчанка. Практычна ўсё жыццё пражыла вакол Парка Горкага, так што ў нейкім сэнсе гэта мая “малая Радзіма”.
Як “нормальный советский ребёнок” першы раз у першы клас пайшла ў сярэднюю школу нумар дзесяць, што месціцца на Бранявым завулку, бо на той час жыла побач у бабулі Гітэль (маці маці —заўвага аўтара).
Дарэчы, яе дом аркай спалучаўся са школай КДБ, якая маскіравалася пад нейкую ваенную вучэльню. Памятаю, як нейкія афіцэры з эмблемамі сувязістаў, пыталіся, як знайсці вучэльні сувязі, а бабуля адказала — тут нічога такога няма, а тое, што вы шукаеце — за кутом…
Акрамя суседства з будучымі “байцамі нябачнага фронту” яе дом быў адметным яшчэ і тым, што там тады працавала крама “Дары прыроды”. Службовы ўваход у яе знаходзіўся ў нашым двары і перад ім заўсёды стаяла старэнькая “Победа” дырэктара па прозвішчу Бокун. Яго сын Валодзя Бокун потым стаў рэжысёрам і рабіў добрыя тэлефільмы.
Мая бабуля сябравала з усімі прадаўцамі крамы “Дары прыроды”, і час ад часу нам нешта ад гэтага сяброўства “перападала”…
Вельмі добра запомніла гэты двор таму, што там стаяла доўгая-доўгая лаўка, на якой вечарамі збіраліся амаль усе жыхары дома. А кожны год у Дзень Перамогі ўсе выносілі ў двор сталы, рабілі агульны стол і разам святкавалі. Цяпер нават уявіць такое цяжка.
Не так даўно туды зайшла. Бабулі, якія сядзелі на лаўцы, узгадалі і мяне, і Гуту Якаўлеўну Бяльзацкую, і маю маму. Аказалася, яны па наш дзень святкуюць усім дваром свята Перамогі… Напэўна, ва ўсім Мінску гэта адзін дом, дзе жыве такая прыгожая традыцыя… На жаль…
У першым класе ў мяне выявілі скалеоз. І ужо праз два гады накіравалі у спецыялізаваны інтэрнат. Гэта была такая “школа выжывання”, пасля якой не страшная нават армейская служба альбо турма КДБ.
Калі апынулася ў інтэрнаце, мне не было і дзевяці гадоў. То бок, малое дзіця трапіла ў сітуацыю, калі трэба выжываць, усё распісана “ад званка да званка” і поўная адсутнасць любой асабістай прасторы.
Пра пабытовыя праблемы нават і гаварыць не хочацца. Напрыклад, спаць прыходзілася на цвёрдай дошцы ў спецыяльнай гіпсавай форме, якая не давала нават паварушыцца.
І такая “бадзяга” на пяць гадоў.
Плюс дзеці, якіх “вырвалі” з сем’яў і якія у большасці сваёй не разумеюць, што гэта было зроблена во благо . Сапраўдная воўчая зграя. Кожны змагаецца за асабістае “месца пад сонцам”, кожны хоча быць важаком. У зграі абавязкова некага цкуюць, некаму робяць “цёмныя”, аб’яўляюць байкот. Бязлітасны дзіцячы калектыў. Калі звычайныя дзеці прыходзяць за школы іх бацькі альбо бабуля з дзядулям будуць шкадаваць і мілаваць, то тут цэлы тыдзень думаеш пра тое, каб выжыць і паставіць сябе так, каб ніхто не змог нават падумаць, што мацней за цябе.
Не гледзячы на тое, што там былі сябры і сяброўкі, усё роўна тое асяроддзе было вельмі бязлітасным.
Асабліва, калі дадаць яшчэ і тое, што нас пастаянна пераконвалі ў сваёй непаўнавартаснасці і дэфектнасці… Мне яшчэ пашанцавала… Памятаю, адна дзяўчынка прыйшла ў трэцім класе адначасова за мной (была ў лепшай форме па стану здароўя), то яна к канцу сёмага класа стала амаль гарбатай… І ніхто не мог нічога зрабіць…
Інтэрнат даў незвычайную прыстасаванасць да любых умоў, магчымасць адаптавацца, дзе заўгодна і ўжывацца з кім заўгодна. Нават з супрацоўнікамі КДБ, якія, як вядома, жылі ў маім доме да суда.
Хаця больш, канешне, там дапамог Данька. Не хацелася, каб ён быў сведкам нашай “вайны”…
У звычайную школу (54-ю) вярнулася з пачаткам восьмага класа. Вельмі хвалявалася. Раптам нехта падумае, што інтэрнат быў нейкім неўралагічным…
Скончыла яе з залатым медалём і пайшла на журфак БДУ. Бацькі хацелі, каб я была фізікам, але выбрала іншае і ні адной секунды аб гэтым потым не шкадавала.
Гэта тое самае, калі прыходзіш у краму нешта на сябе прымераеш, і разумееш, што рэч — ТВАЯ.
У бацькоў, канешне, быў, шок, але яны ў мяне звыклыя да ўсяго…
Паступіла ў 1984 годзе, а з 1985 пачалася перабудова з яе вальнадумствам. Можна сказаць — пашанцавала яшчэ раз.
Пасля журфаку мяне (як і бацьку) накіравалі ў “Чырвоную змену”, што адразу выклікала размовы пра нейкі “блат”. Такія ярлыкі ўзнікалі не аднойчы, і з часам на іх я нават перастала звяртаць увагу.
Потым быў часопіс “Парус” і нават “Советская Белоруссия”. Дакладней дадатак з назвай “Панядзелак”. Было гэта як раз перад прыходам новай улады. Рэдагаваў яе тады Ігар Асінскі, і мы мелі цвёрды намер ператварыцца ў акцыянернае таварыства. Але газета стала прэзідэнцкай.
Неўзабаве з’явіліся “белыя плямы” замест даклада Антончыка. На месца Асінскага прызначылі Якубовіча, і я адразу адтуль зволілася.
Добра, што ў гэты момант (1995 год) Пеця Марцаў адкрыў газету “Имя”, і я адразу стала ў ёй працаваць. А калі яе не стала, пачала працаваць у “Белорусской деловой газете” і пісаць для прыдуманай Светай Калінкінай “Для служебного пользования”. Потым (амаль выпадкова) у 2003 годзе трапіла ў “Новую газету”.
З Андрэем Саннікавым мы пазнаёміліся пад час прэзентацыі “‘Хартыі-97” Пачаўся раман, а з 2002 года (ужо 10 год!!!) мы пачалі жыць разам.
Ніякага вяселля не было, а распісаліся мы для таго, каб па дакументах Андрэю не прыйшлося б усынаўляць свайго сына… Дурацкая бюракратычная сістэма…
Распісаліся 8-га траўня 2007 года.
Памятаю, каб у мяне засталося адчування вясельнага картэжу, Андрэй прычапіў на капот свайго старэнькага зялёнага “Опеля” гумовую качачку, якіх звычайна мы бачыў у дзіцячых ваннах, і сказаў — гэта будзе вясельны лімузін.
15 траўня 2007-га года (у законным шлюбе) нарадзіўся Данька.
Часта пытаюцца навошта мне тое, што адбылося потым, адкажу без пафасу — каб жыць з чыстым сумленнем і ведаць, што я нікому не здрадзіла і не раблю нічога дрэннага. Як пісаў Салжаніцын — каб не жыць у хлусні.
