Халіп Уладзімір

%d1%85%d0%b0%d0%bb%d1%96%d0%bf5

З кнігі "Жыццё пасля кратаў" 

Сцэнар Уладзіміра Халіпа

Бацьку Ірыны Халіп ведаюць не толькі, як аднаго з самых выбітных кінадакументалістаў сучаснасці. Уладзімір Трафімавіч яшчэ і ГРАМАДЗЯНІН.

Менавіта з вялікай  літары.

Месца майго нараджэння вёска Двор Пліна Ушачскага раёна Віцебскай вобласці. Дата — 7-га кастрычніка 1939 года.  Калі ехаць з радзімы Васіля Быкава на радзіму Рыгора Барадуліна мая, як раз на поўдарозе. Раней яна адносілася да Полацкай вобласці, таму мы заўсёды лічылі сябе не “віцебскімі”, а “полацкімі”. У нас нават гаворка крыху адрозніваецца ад іхняй.

Мой бацька Трафім Іванавіч, быў ваенным лётчыкам, а яго бацька Іван Адамавіч, некалі быў царскім афіцэрам, за што “чэкісты” ледзь не рэпрэсавалі.  Відаць, выратавала  толькі тое, што ён сышоў у адстаўку значна раней за Кастрычніцкі пераварот…

Бацька вучыўся ў Горацкай сельгасакадэміі, але калі адчуў пагрозу з боку карных органаў (яны трымалі “на уліку” усіх)  сышоў на чацвёртым курсе  ў папулярныя тады лётчыкі.

Скончыў адпаведную Качанскую вучэльню стаў лётчыкам, але перад самай вайной зноў НКУС пачало цікавіцца яго асабістай справай. На ўсякі выпадак з арміі зволілі і накіравалі аграномам у пасёлак Свір Гарадзенскай вобласці.

У дзіцячай свядомасці засталося некалькі эпізодаў таго жыцця. Вялікае возера, на беразе якога мы жывем у лазні, якую  знялі, у якасці кватэры. Нашу гаспадыню потым “раскулачылі” і выслалі ў Сібір.

Калі пачалася вайна, раптам “узгадалі”, што бацька лётчык, і яго забралі ў дзеючую армію. Пачаў ваяваць адразу, то бок  22 чэрвеня 1941 года. Прайшоў праз усю вайну да самай перамогі.   Тройчы збівалі, быў вельмі цяжка паранены — паўгады лячыўся ў вайсковым  шпіталю ў Казані.

Пасля перамогі над Германіяй, калі здавалася, што “усё скончана”  іх полк перавялі на Далёкі Усход ваяваць з Японіяй.

У 1946 годзе зноў узгадалі, што ў бацькі “не вельмі добрае паходжанне”. Напэўна ў гэтых дэбілаў з трыма класамі адукацыі ён “праходзіў” як “сын белагвардзейскага афіцэра”. І нікому з іх не хапіла розуму, каб зразумець, што дзед зволіўся з войску за 15 год да з’яўлення “Белай гвардыі”…

З ваенных бацьку зноў зрабілі аграномам.

Увесь час яго пераследавалі. Прыходзілася часта мяняць месца жыхарства. Памёр у  Валгаградскай вобласці.

Дзед па лініі маці таксама быў заможным, меў свой хутар. За некалькі  хвілін да арышту ў яго “разарвалася сэрца” і прыехаўшыя “энкавэдэшники” доўга вагаліся: весці нябожчыка ў пастарунак альбо не…

Так атрымалася, што я скончыў школу ў Кутаісі, куды ў чарговы раз схаваліся бацькі. Два гады  правучыўся ў дзевятай кутаіскай сярэдняй школе. Там былі цудоўныя настаўнікі,  усё было не так.

Што б хто  ні казаў, нават пры саветах Грузію, так не “патрашылі”, як Беларусь. За царскім часам у нашым будынку была гімназія, і з прыходам бальшавікоў нічога па сутнасці не змянілася. Ніводнага з былых настаўнікаў не зволілі, не рэпрэсавалі.

У Грузіі  ўсе часы было 11-ць год навучання, а я не хацеў сядзець на шыі ў бацькоў, таму пасля дзевятага класа паступіў у Батумскае мараходнае вучылішча. Па парадзе разумных людзей пайшоў не на штурманскае, а на суда-механічнае аддзяленне, каб мець у тым ліку і “берагавую” прафесію.

Калі пачалася практыка,  штурманы пайшлі на караблі, а мы ў слясарныя майстэрні. Там і зразумеў, што  жалеза “не маё”. Папрасіўся перавесці, але начальнік вучылішча адмовіў. Прышлося сціснуць зубы і дацярпець да выпуску.

Адразу пасля яго паехаў паступаць у Адэскую вышэйшую “мараходку”. Зрок ужо пачаў псавацца і я не прайшоў медкамісію.

Прыехаў да бабулі ў  Двор Пліна, а адтуль накіраваўся паступаць у БДУ “на журналістыку”.  Былі яшчэ хрушчоўскія часы, таму на многія спецыяльнасці можна было ісці толькі з працоўным стажам  у два гады.

Зарабіў яго ў родным калгасе і зноў паехаў  паступаць. На гэты раз ніякіх праблем не было.

На старэйшых курсах  у нас было паўгады практыкі. Першапачаткова хацеў паехаць на Паўднёвы флот у “На страже Заполярья””. Не атрымалася, аднак час быў крыху ўпушчаны. Большасць газет ужо набрала стажораў, і на мяне згадзілася толькі “Чырвоная змена”.

Кінулі “на перавыхоўванне” (быў вельмі падобны на стылягу) у сельскагаспадарчы аддзел. Адна супрацоўніца была ў дэкрэтным адпачынку, начальнік з язвай у шпіталі. Словам,  “на гаспадарцы” быў толькі  стажор.

У тыя часы ў краіне панавала кукурузнае шаленства. Кожны дзень у газеце павінна была быць на гэтую тэму паласа, а раз на тыдзень — разварот. Хто разумее, скажа, што гэта вельмі цяжка. Часам ад тэлефоннай трубкі распухала вуха.

Нічога, справіўся, нават у камандзіроўкі ездзіў.

Праз месяц мяне ўзялі ў штат выдання, і далей я вучобу сумяшчаў з працай. І вельмі хутка (на жаль) стаў лідарам па пропуску заняткаў. Затое ніякага размеркавання ў мяне не было. І ўжо праз год пасля сканчэння БДУ стаў загадчыкам аддзела інфармацыі.

Не гледзячы на тое, што пад час вучобы ў нас была ваенная кафедра (Рыгора Барадуліна з-за яе ледзь не выключылі), мяне ваенкамат пасля таго, як злавіў, спачатку накіраваў служыць салдатам у сумна вядомыя Печы. І толькі потым прысвоілі лейтэнанта, і накіравалі “даслужваць” камандзірам узвода ва Уручча.

Пасля вяртанне ў Мінск, адразу паступіў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства. У 1975 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, і мяне запрасілі ў газету “Савецкая культура” асабістым карэспандэнтам па Беларусі.

Потым Машэраву падалося (яму зрабілі адпаведны данос), што па беларускай тэматыцы там ідзе амаль адна крытыка. Пад час нашай размовы высветлілася, што ўсё не так.

Машэраў (з улікам таго, што гэта мая Радзіма) папрасіў напісаць сцэнар  пра знакаміты партызанскі прарыў нямецкага акружэння  ( 1944 год) і прапанаваў перайсці інструктарам у аддзел культуры ЦК КПБ.   Сказана гэта было з такой шчырасцю, што адмовіць Машэраву, я тады не змог.

Праз  пэўны час  сцэнар  фільма “Полымя”  быў напісаны, але пра яго, напэўна, забыліся. Як і пра мяне. Усе спробы вырвацца з партыйнай пасткі былі няўдалымі, але зволіцца адтуль у рэшце рэшт атрымалася.

Адбылося гэта таемна і вельмі непрыгожа. “Пакаралі”  за тое, што даў дазвол на паказ аўтарскай версіі (непакрэмсанай цэнзарамі) фільма Сяргея Параджанава “Колер гранату”. Даведаўся пра звальненне толькі праз два тыдні пасля падзеі, калі прыйшоў атрымліваць свой заробак…

Тады ж упершыню пачуў і пра  новае месца працы — Дзяржкіно БССР.  Адтуль даволі хутка перайшоў на студыю “Беларусьфільм”, дзе працаваў галоўным рэдактарам сцэнарнай майстэрні.

Набліжалася 30-ці годзе Перамогі, і тут узгадалі пра фільм “Полымя”. Зняў яго вядомы  (на жаль, ужо памерлы) беларускі рэжысёр Віталь Чацьверыкоў.

У 1987-м годзе адбыўся пяты з’езд Саюза кінематаграфістаў СССР. Пад уплывам перабудовы яны дабіліся творчага  самакіравання. І таго, што адгэтуль  іх структуры не будуць падпарадкоўвацца партыйным структурам. На чале ўсіх творчых студый будуць стаяць не чыноўнікі ў выглядзе дырэктара, а мастацкі кіраўнік.

Так я стаў кіраваць студыяй дакументальных фільмаў “Летапіс”. Працавалі добра, атрымалі шмат міжнародных прызоў, паспелі ажыццявіць шэраг цікавых праектаў.

Упершыню будучага кіраўніка дзяржавы я ўбачыў пад час нейкіх з’дымкаў у Вярхоўным Савеце 12-га склікання. Ён падаўся мне чалавекам далёкім ад нармальных стандартаў. Хутчэй наадварот.

Пасля таго, як ён стаў прэзідэнтам,  амаль адразу нам параілі змяніць назву  праграмы “Адраджэнне”, якая была прысвечана магутным постацям беларускай гісторыі і сучаснасці. Накшталт Усеслава Чарадзея і Васіля Быкава. Тлумачылася гэта тым, што з такой назвай яе не змогуць паказваць па тэлебачанню…

Нічога зменяць не сталі.

Потым мне параілі  зрабіць фільм пра Лукашэнку. Маўляў, “наверсе” не вельмі добра ставяцца да студыі…

Нічога рабіць і тут не сталі.

Некалькі разоў яны спрабавалі на чымсьці “злавіць” “Летапіс”. Нават нечаканую фінансавую праверку рабілі.

Не атрымалася.

У рэшце банальным загадам ліквідавалі саму студыю, і я адразу падаў заяву аб звальненні.

Было гэта ў 1996 годзе.