Хаменка Алег

%d0%a5%d0%90%d0%9c%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90

 

З кнігі “Мазаіка жыцця”

 

Магчыма, некаторыя ўбачаць у гэтым тэксце пэўныя факталагічныя “недарэчнасці”, але аўтар і не рабіў мэтай абсалютную дасканаласць, бо ўспаміны любога чалавека гэта не толькі лічбы і даты. Не менш важна — эмоцыі.

У выпадку з вядомым музыкай Алегам Хаменкам — палац эмоцый.

 

Палац дзяцінства

 

“Калі Чыжоўку называюць адным з самых “працоўных” раёнаў Мінска, ніякага перабольшвання тут няма. Напэўна, гісторыкі сталічнага будаўніцтва распавядуць усё больш дэталёва, але наўрад ці нехта з іх будзе спрачацца з тым, што ўзнік гэты мікрараён ў сувязі з пашырэннем МАЗа, то бок Мінскага аўтамабільнага завода.

Мне распавядалі: паблізу сучаснага аўтазавода рамантавалі нямецкія танкі, а баракі па вуліцы Кабушкіна, вельмі падобныя на лагерныя, прастаялі, магчыма, з тых часоў да пачатку гэтага тысячагоддзя.

Чыжоўка стала ледзь не першым узорам так званых “спальных мікрараёнаў”, то бок тых, дзе ёсць жылыя дамы, магазіны, школы, дзіцячыя садкі, інфраструктура і г.д. Менавіта тады распрацавалі сістэму цэнтралізаванага будаўніцтва, своеасаблівага “горада ў горадзе”.

Пачалі будаваць гэты мікрараён у другой палове 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Якраз пасля сумна вядомага жудаснага землятрусу ў Ташкенце 1966 года. Там, напэўна, гэту новую сістэму забудовы горада і распрацавалі. Як вядома, на аднаўленні зруйнаванага стыхіяй Ташкента працавала шмат беларусаў, і па гэтай прычыне галоўнай вуліцай Чыжоўкі з’яўляецца Ташкенцкая. Яе нават спачатку думалі зрабіць праспектам. Ташкенцкі досвед вырашылі паўтарыць у беларускай сталіцы, а калі ўлічыць, што я нарадзіўся 4 красавіка 1967 года, то відавочна магу лічыцца равеснікам свайго мікрараёна.

Засялілі Чыжоўку пераважна былымі сялянамі і часткова тымі, хто меў “непрыемнасці” з савецкімі законамі, то бок папросту сядзеў. Яна вельмі беларуская, але зусім не гарадская. Недзе я нават гаварыў, што гэта прастора дзівоснага спалучэння рамантызму і нейкай крымінальшчыны, таму што ў адных дамах і нават пад’ездах лёс звёў вельмі розных людзей.

Менавіта ў гэта асяроддзе і трапіў мой бацька. Па пашпарце яго завуць Георгіем, а на самай справе імя было Жорж. Родам ён з Палесся, з вёскі Браніслаў, што месціцца паміж Жыткавічамі, Мікашэвічамі і Туравам на маляўнічым беразе прытока Прыпяці рэчкі Случ.

Быў шостым дзіцем у сям’і, самым малодшым. Нарадзіўся перад самай вайной, у 1940 годзе. І хутка стаў сіратой, бо яго бацьку, майго дзеда Зіновія Міхайлавіча, за сувязь з партызанамі расстралялі немцы. На тамтэйшай чыгунцы ён ладзіў “тэракты”.

Калі пасля вайны афармляліся дакументы, “Жорж” стаў “Георгіем”, так што мяне дзеля жарту можна называць Алегам Жоржавічам.

Браніслаў — вялікая і вельмі заможная вёска, што па наш дзень заўважна ў тых мясцінах. Мае продкі калісьці набылі там шмат зямлі. Потым, канешне, уся яна стала дзяржаўнай маёмасцю, аднак некаторыя рэчы яшчэ нагадваюць пра тыя часы.

У мінулым годзе я нават зрабіў фота мясцовых краявідаў. Праглядаецца зробленая тады пад’язная алея, захавалася некалькі яблынь, якім ужо гадоў восемдзесят.

Такіх месцаў у Беларусі вельмі шмат. Гэта, як кажуць, не толькі “малая радзіма”, гэта таткаў “родны кут”.

Напэўна, калісьці абавязкова напішу кнігу пра свае карані. Яны даволі знатныя, нават дваранскія.

…Бацька тэрміновую службу праходзіў у войсках сувязі. Здаецца, служыў амаль чатыры гады. Пасля арміі ў Жыткавічах, дзе выпраўлялі пашпарт, яму прапанавалі пайсці ў міліцыю. Там не хапала людзей, бо, як паведамілі яму, сельсавет спалілі “антысавецкія элементы”. І гэта 1964 год! Але бацька паехаў да свайго старэйшага брата Міхаіла ў Мінск.

Дзядзька Міхась быў міліцыянтам, у 80-х даслужыўся да палкоўніка. Ён і падказаў уладкавацца на МАЗ, туды бацька пайшоў працаваць токарам.

Маці, Марыя Іосіфаўна, родам са Стаўбцоўшчыны, з вёскі Шашкі. Па-расейску сказалі б — Хорьки.

Вельмі люблю той старажытны край, асабліва лясы, адчуваю ў іх сябе абсалютна бяспечна.

Яна пасварылася са сваёй маці (маёй бабуляй, якую ў вёсцы звалі Катра, хоць насамрэч яна Кацярына) і ўцякла ў Мінск. Маёй маме тады было чатырнаццаць ці пятнаццаць гадоў, працавала хатняй работніцай у сям’і савецкага афіцэра. Ён і дапамог па паўналецці зрабіць пашпарт. Працавала нянечкай у дзіцячым садку, а потым прыбіральшчыцай, дворнікам.

Такім чынам, я сын токара і прыбіральшчыцы. А пазнаёміліся яны ў інтэрнаце.

У 1969 годзе нарадзілася мая сястра Аксана. Цяпер мае некалькі вышэйшых адукацый. Працуе на МАЗе, а дакладней — на іх прадпрыемстве “МАЗ-Купава”.

У дзіцячыя садкі мы не хадзілі, не хапала месцаў. Бацькі — на працы, а мы сядзелі дома. Можна сказаць, самавыхаваліся. Хатнія дзеці.

Абое схільныя да музыкі. Абое хадзілі ў музычную школу. А перад гэтым я яшчэ хадзіў у музычны гурток пры звычайнай школе, дзе граў на акардэоне.

Напэўна, у маіх школах можна заблытацца, бо нейкі час іх было адразу тры — звычайная (агульнаадукацыйная), музычная, мастацкая і яшчэ спартовая секцыя, якая чамусьці звалася “школа”. Плюс розныя гурткі.

Дарэчы, бывала, што хобі прыходзілася абіраць з улікам выдаткаў на яго. У той жа музычнай школе, калі я туды прыйшоў, набор быў толькі ў класы трамбона і фагота. Фагот тады каштаваў 700 рублёў, а трамбон 180-200. Такім чынам я стаў трамбаністам…

У дзяцінстве, як вядома, часу хапае на неверагодную колькасць рэчаў. На гандбол і футбол, напрыклад. Вялікае футбольнае поле месцілася якраз там, дзе зараз пабудавалі “Чыжоўка-арэну”. Дваровы футбол у нас быў на даволі высокім узроўні. Хоць я ў дваровай камандзе лічыўся далёка не лепшым футбалістам, падрыхтоўкі хапіла, каб потым за зборную Інстытута культуры пару разоў згуляць.

Палац “Палаца”

 

Зараз ужо амаль нічога не засталося, а ў дзяцінстве я вельмі любіў бегаць на чыжоўскае замчышча. Там рэшткі нейкіх муроў. Потым Антон Астаповіч (старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. – Заўв. аўт.) пацвердзіў маю здагадку пра старажытнае капішча. Энергетыка вельмі моцная. Нават больш глыбінная, чым, скажам, у Лошыцкім парку.

Пра школу памятаю больш настаўнікаў, чым нейкае асабістае стаўленне да прадметаў. Вельмі цікавыя настаўнікі гісторыі, хіміі, нямецкай і беларускай моваў. Вучыўся я ў 117-й, а потым увесь клас перавялі ў 43-ю новазбудаваную школу, і ў яе прыйшлі, на мой погляд, даволі прафесійныя педагогі.

Канешне, у нейкім сэнсе яны на мяне вельмі моцна паўплывалі. Асабліва настаўніца беларускай мовы Людміла Канстанцінаўна Дзядзюля і класны кіраўнік Юрый Уладзіміравіч Гармаш.

Розныя часткі нашага мікрараёна ставіліся адна да адной варожа, што для савецкіх часоў было звыклай з’явай. Памятаю, калі трэба было з адной часткі Чыжоўкі трапіць у іншую (з першай у другую, напрыклад), наўмысна бралі з сабой дзяўчыну, бо так не чапалі. Маглі абразіць, але не білі.

Бывала, біліся з Серабранкай. Адзін раз зімой нават на лёдзе Чыжоўскага вадасховішча. Памятаю, міліцэйскі “казёл” выскачыў прама на лёд.

Словам, звычайнае дзяцінства — разбітыя насы, гульні “ў вайну”. На маёй галаве захаваліся шрамы тых часоў.

Не ведаю, як гэта правільна назваць, але перад Алімпіядай 1980 года таксама здарылася нейкая “лібералізацыя”.

Над кожным пад’ездам чыжоўскіх пяціпавярховак звычайна ёсць такі казырок. Замовіць рэстаран, каб адсвяткаваць вяселле, тады было вельмі цяжка. Святкавалі ў кватэрах, а на тых казырках месціліся ансамблі, якія гралі такія “оўпэн-эйр” танцы. І да тых пад’ездаў сыходзілася вельмі шмат людзей, паслухаць ансамбль ці, як часам ужо казалі, групу.

Па гэты дзень памятаю назву аднаго з такіх ансамбляў — “Шторм”. Гралі не толькі нейкія полечкі ды “Мясаедаўскую”, але, пад вечар ужо, і пару песняў “Бітлз”, “Слэйд”, “Смокі”. Потым гэтую з’яву заадміністравалі і скасавалі.

Зразумела, тое вельмі прываблівала юнакоў. І мы збіраліся разам, нешта ігралі. Не ведаю як, але тады ў Чыжоўцы ўся моладзь перапісвала табулатурыУ музычных школах гэта пачалі вывучаць значна пазней, а ў нас ужо тады.

Словам, у грамадскай свядомасці ўзнік нейкі музычны бум. Я тады нават сабе не прызнаваўся, што хачу быць артыстам, марыў стаць музыкантам. І не больш.

У 1984 годзе паступіў у Інстытут культуры. Чаму менавіта такі выбар?

Адказаў на гэта пытанне шмат.

Самы галоўны — запусціў матэматыку, а па музыцы ў мяне ўсё ішло вельмі добра. У Інстытуце культуры не трэба здаваць ні алгебру, ні геаметрыю. Так атрымалася, што ў траўні я скончыў музычную школу, а ў чэрвені ўжо час паступаць. Не гледзячы на тое, што ў мяне не было спецыяльнай музычнай адукацыі ў выглядзе музвучылішча, нешта я мог сыграць. Скажам так –на “троечку”.

Каб конкурс быў вялікі, канкурэнцыі не вытрымаў бы, а тут — пашанцавала. У тым годзе на духавыя не тое што быў недабор — было безліч “двоек” па сачыненні. Такім чынам, узялі ўсіх, хто атрымаў станоўчыя адзнакі на экзаменах. І мяне ў тым ліку. Лёс.

Яшчэ падчас вучобы стаў граць на вяселлях. Аднак сур’ёзна пачаў займацца гэтым ужо пасля вяртання з арміі ў 1987 годзе, змушаны пэўнымі матэрыяльнымі абставінамі.

Канешне, нам як студэнтам дзённага факультэта выплачвалі стыпендыю, але 40 рублёў для маладых людзей – недастаткова. Хацелася прыстойна апрануцца, схадзіць да дзяўчат, павыпендрывацца ў рэстаране і г.д.

А за некалькі дзён вяселля я мог зарабіць 120 рублёў. Калі ў месяц вяселляў было некалькі, то сума па тых часах атрымлівалася вельмі добрая. Больш, чым мой бацька зарабляў на МАЗе.

На вяселлях, дарэчы, і з’явілася тое, што потым стане музычным падмуркам “Палаца”, бо гісторыя гурту пачыналася менавіта тады. Маю на ўвазе фальклор.

На свой сорам, мы не ведалі, што ў беларускіх вёсках спяваюць так шмат вельмі цікавых і прыгожых песняў. Памятаю, на пачатку кар’еры “вясельных музыкаў” мы не здолелі падыграць знакамітыя “Сто лят”, проста не чулі раней гэту песню. Першы раз сыгралі яе ў міноры, чым выклікалі ў слухачоў абурэнне. Пасля таго “праколу” пачалі ўсё запісваць, ствараць асабістую калекцыю.

…З Юрам Выдронкам і Юрам Беляковым мы вучыліся ў адной інстытуцкай групе — 16-я, эстрадна-духавая. З Выдронкам нейкі час гралі ў гурце з назвай “Парадокс”, які афіцыйна быў прапісаны на заводзе “Інтэграл”. А з тым жа Беляковым я сябрую ўжо больш за чвэрць стагоддзя, з восені 1987 года. Салідны кавалак жыцця, праўда?..

У 1988 годзе да нас далучыўся і Зміцер Карабач, які вучыўся на харавым.

Якраз тады адбылася прэм’ера знакамітага фільма “Кабарэ” з Лайзай Мінэлі. Вельмі спадабалася стылістыка музычнага тэатра кабарэ. Нешта падобнае калісьці рабіў суперскі аркестр Эдзі Рознера. Дарэчы, не ўсе ведаюць, што ў легендарнай “Карнавальнай ночы” здымаліся менавіта яны. Потым савецкія ўлады аркестр разагналі, але той дух у музыкаў-духавікоў застаўся.

Вось і нам хацелася стварыць нешта падобнае. Палац музыкі своеасаблівы.

Напэўна, так і ўзнікла ў свядомасці гэтае слова. На ўсіх еўрапейскіх мовах яно гучыць амаль аднолькава і мае аднолькавае значэнне.

Жартавалі мы таксама і наконт Палаца кукурузных палачак. Чаму? Па-першае — смачна. Па-другое, акрамя іх і рагоў з капытамі, на паліцах тагачасных магазінаў нічога не было. Быў такі сумны жарт: савецкіх кароў на бойні забіваюць дынамітам, і нічога, акрамя рагоў і капытоў, ад іх не застаецца… Інакш цяжка патлумачыць, чаму ў магазінах капытоў было вельмі багата, а мяса пры гэтым адсутнічала ўвогуле…

На жаль, з часам змянілася сутнасць слова “палац” у нас (палацы піянераў, пенсіянераў, прафсаюзнікаў, воднага спорту і г.д.) і на Захадзе (Palace — гатэлі альбо казіно). Насамрэч жа “палац” — гэта такі ўласны храм для жыцця, які хочацца пакінуць нашчадкам і ў якім ёсць нешта велічнае, чыстае, боскае.

Канешне, жарты пра кукурузныя палачкі адышлі, але калі мы ў 1992 годзе стваралі новую фолк-групу, узнікла пытанне пра назву. Я і кажу: “Калі мы да вечара нічога не прыдумаем, то гурт будзе называцца “Палац”.

Так і атрымалася. Потым усе ўпадабалі.

Палац іншадумства

 

У тыя часы мы не баяліся марыць. Не было ніякіх абмежаванняў. Адбывалася татальная пераацэнка каштоўнасцей і арыенціраў. На ўсе рэчы глядзелі з пазіцый юнацкага максімалізму і былі абсалютна ўпэўненымі, што Беларусь пачне размаўляць па-беларуску, адменяць візы, мы паспяхова выйдзем на еўрапейскі музычны рынак.

На жаль, наіўна памыляліся…

Праз пэўны час стала відавочна, што высокае начальства цураецца мовы продкаў. Памятаю, як Шушкевіч пачаў у парламенце размаўляць на беларускай. Гэта была прыкмета перамен, новага мыслення. Пад час святкавання 50-годдзя Перамогі, у 95-м, прыйшло адчуванне, што ўсё спынілася і імгненна вярнулася да савецкага мінулага. У тыя часы мы адносна крытычна выказаліся на гэты конт у розных інтэрв’ю.

З гэтага моманту “Палац” трапіў у няміласць, аб чым мне пазней расказалі глыбокапаважаныя людзі. Нас пачалі падціскаць. Гэта не была забарона. Гэта быў ціск. Але ў той час на такія рэчы яшчэ мала хто звяртаў пільную ўвагу. Асабліва мы. “Палац” цалкам паглыбляўся ў свае праекты. З большага ўсе яны былі звязаныя з еўрапейскімі фестывалямі. З тымі ж ангельскімі прадзюсарамі. Тады англічане перарабілі пад еўрапейскі рынак адну нашу вядомую кампазіцыю, і калі б мы там з’явіліся, гэты твор мог выцягнуць камерцыйны альбом і праграму.

Але…

Па-першае, нам не далі візаў.

Па-другое, увесь склад “Палаца” там не чакалі.

Па-трэцяе, тагачасная палітычная напружанасць (пасля рэферэндуму 1996 года) унесла значныя змены. І, скажам так, змяшала ўсе карты.

Цікавасць да постсавецкага мастацтва скончылася даволі хутка. Праз некалькі гадоў Захад зразумеў, што ў былым СССР па сутнасці нічога не змянілася. Надышло расчараванне. Гэта стала вельмі заўважна на мяжы стагоддзяў.

Так атрымалася, што аднойчы спатрэбілася хутка знайсці замену аркестру Фінберга на “Экспа-2000” у Гановеры. Нічога прыстойнага чыноўнікі ад культуры не знайшлі, і для “Палаца” зноў наступіла адліга.

Нас нават узялі ў склад філармоніі, дакладней, створанага пры ёй “Белканцэрта”. Словам, у маёй працоўнай кніжцы з’явіўся адпаведны запіс.

Менавіта ў гэты час і ўзнікла непрыемнае адчуванне ад таго, што рушыліся ўсе нашы камерцыйныя праекты. І не толькі нашы. Людзі, якія рэальна самастойна працавалі (у якасці тых жа прадпрымальнікаў, напрыклад) і зараблялі грошы асабістай актыўнасцю, адышлі па заробках у нейкі цень. А чыноўнікі, што сядзелі ў кабінетах дзяржаўных устаноў, імгненна сталі “гаспадарамі жыцця”…

Падкрэсліваю, ішоў 2002 год. Менавіта тады ў краіну прыплылі запазычаныя грошы, многія пачалі кідаць прадпрымальніцтва і ўладкоўвацца на пасады дзяржаўных устаноў. Адна справа дзеля стадоларавага заробку лётаць на рынкі Кітая, іншая — “пасядзець у кабінеце” і атрымаць у два–тры разы болей…

У людской свядомасці зноў пачалі змяняцца арыенціры. Прычым у бок Расіі. Новае пакаленне накіроўвалася на Усход. Там зарабляліся значна большыя грошы, чым на Захадзе. І мы, як і ўсе, сталі даволі часта выступаць у Маскве, з’ездзілі нават у Сібір.

Пратрымацца пад дзяржаўным “дахам” атрымалася да 2004 года, калі прайшло дзесяць гадоў ад першых прэзідэнцкіх выбараў і “наверсе” ўзнікла жаданне змяніць Канстытуцыю, каб пазбавіцца ад “двух тэрмінаў”.

Тады мы зрабілі абсалютна прынцыповы крок — выступілі супраць. Якім бы добрым ні быў бы прэзідэнт, калі ён ведае, што яго ніхто не зменіць, то ён абавязкова ператвараецца ў дыктатара. Ад гэтай спакусы не застрахаваны ніхто.

Пра гэта мы адносна гучна выказаліся на апазіцыйным мерапрыемстве. “Стукнулі” на нас добра, і ў той жа дзень усіх музыкаў “Палаца” (дзе б хто ні працаваў) звольнілі без тлумачэння прычын. Хоць прычына і так была вядомая…

Самае цікавае, што па дакументах (начальнікі прыкрывалі адно месца) усіх нас “звольнілі” за гадзіну да таго, як мы прыйшлі на плошчу Бангалор. Беларускія дзівосы, так бы мовіць… Адным словам — беспрацоўныя. Плюс фактычная забарона на канцэртную дзейнасць у Беларусі.

У той момант я сказаў сваім хлопцам, што “Палац” пераходзіць у стан дадатковай працы, то бок кожны павінен адшукаць іншую магчымасць зарабляць на хлеб. Асабіста я пайшоў здзяйсняць даўнішнюю задуму — паступіў у аспірантуру на культуралогію.

Не скажу, што было зусім проста, бо нейкая насцярожанасць да мяне адчувалася, але амаль без праблем. Усё вырашылі выдатныя адзнакі на іспытах, і ў трыццаць сем гадоў я зноў пачаў вучыцца.

“Разбаранілі” нас толькі ў 2009 годзе, за год да чарговых прэзідэнцкіх выбараў. Зноўку пачалася так званая лібералізацыя. Адным з першых крокаў стала запрашэнне ў адміністрацыю прэзідэнта. Чагосьці экстраардынарнага я тут не ўбачыў. Нас сабралі, каб паведаміць: ёсць рашэнне ўсім “забароненым” зноў дазволіць выступаць. Усё астатняе — “выслухалі”, “прапанавалі”, “пагадзіліся”, “здраднікі” — было пустым аздабленнем, якое шалёна пачалі абмяркоўваць розныя СМІ.

Як вядома, адліга доўжылася нядоўга. На тых выбарах я быў наглядальнікам і на свае вочы ўбачыў, што такое выбары, што такое “голаСУваніе” ў нашых умовах…

Праз паўтара года мы цудам адыгралі канцэрт “20 год гурту “ПАЛАЦ” па квітках у Мінску. Гэта асобная гісторыя, якая яшчэ чакае свайго часу.

Мінула пару месяцаў пасля знакамітага пытання Віталя Зыблюка да прэзідэнта, і “чорныя спісы” значна скараціліся. З нас зноў знялі забарону на выступы…

Палац культуры

 

Сёння “Палац” — восем паплечнікаў, гукааператар і сем музыкаў. Плюс сябры, якія дапамагаюць вырашыць нейкія адміністрацыйныя пытанні.

У 2007 годзе я скончыў аспірантуру. Дысертацыю напісаў, але пакуль не абараніў — няма часу.

Так склаліся абставіны, што пачаў працаваць на кафедры менеджменту культурнай дзейнасці, потым рэжысуры эстрады. Выкладаю курсы “Тэхналогіі прадзюсавання”, “Арганізацыя шоу-бізнесу”. Да таго ж, пэўны час вёў аўтарскія праграмы на “Аўтарадыё” і “Радыё “Рацыя”.

Часам гавару, што я беларускі культуртрэгер. Некалі да мяне патрапіў артыкул “Культуртрэгерства — адмоўны і станоўчы сэнс”, які зачапіў. Здаецца, нешта такое я насамрэч і раблю. Бо да філосафа, якім мяне некаторыя лічаць, я, канешне, не дацягваю. Як не дацягваў да музыканта, бо маё выканаўчае майстэрства, мякка кажучы, даволі сціплае (катэгарычна не згодны. — Заўв. аўт.). Прафесійны музыкант павінен быць вельмі добрым выканаўцам. З тэхнікай, з мелодыкай, з бездакорным валоданнем інструментам. Усяго гэтага ў мяне няма. Я магу граць, спяваць як артыст. Але ўзровень артыста — не ёсць узровень музыканта. Канешне, пішу тэксты, а не вершы, і як кампазітар музыку, але гэта больш песні, чым творы. Ды і мая дзейнасць, звязаная з папулярызацыяй традыцыйнага фальклору, беларускай казкі, удзел у арганізацыі фестываляў, праца мадэратара-вядучага на розных імпрэзах — што гэта адным словам? Я вырашыў — культуртрэгерства.

У расейскай мове гэтае слова ўжываецца з нейкім іранічна-грэблівым адценнем. Відавочна спалучэнне “беларускі культуртрэгер”, то бок чалавек, які для беларускай культуры “захоплівае жыццёвую прастору” і лічыць яе лепшай у свеце, гучыць крыху штучна-смешна, але ў гэтым нешта ёсць. Мне прыкольна прадстаўляцца менавіта так.

У дачыненні да фальклорнай музыкі нельга гаварыць пра нейкую канкурэнцыю. Паміж “Палацам” і “Троіцай” або “Старым Ольсам”. Гэта не канкурэнцыя, а даўняе сяброўства “місіянераў”.

Іван Кірчук стаў асобай, якая дала мне дадатковае асэнсаванне таго, як можа быць прадстаўлены сцэнічны аўтэнтычны фальклор. У 1989 годзе я пабачыў яго малавядомы гурт на сцэне ДК прафсаюзаў. Гэта было вельмі важна ў тыя часы, калі мы стваралі “Палац”. Тое — дадатковы аргумент на карысць абранага кірунку.

Гэта ж самае датычыцца гурту “Стары Ольса”. Менавіта пасля першых выступаў Зміцера Сасноўскага я пачаў аналізаваць гармонію і рытміку еўрапейскай сярэднявечнай музыкі – вельмі дапамагло асабіста мне ў вынаходстве прынцыпу электроннай аранжыроўкі.

Я думаю, што дзякуючы ў тым ліку і “палацаўскім” хітам беларускі шараговы слухач больш лёгка і прыязна пачаў прымаць няпростую музыку “Ольсы” і “Троіцы”. Таму, хто прызвычаіўся слухаць адных, прасцей зразумець іншых. Усе мы валанцёры беларускай культуры. Хіба паміж такімі валанцёрамі бывае канкурэнцыя?”

28.02.2015

 

%d0%a5%d0%90%d0%9c%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-1%d0%a5%d0%90%d0%9c%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-2%d0%a5%d0%90%d0%9c%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-3

%d0%a1%d0%83%d0%a0%d1%94%d0%a0%d0%a0%d0%85%d0%a0%d1%91%d0%a1%d0%82%d0%a0%d1%95%d0%a0%d0%86%d0%a0%d0%a0%d0%85%d0%a0%d1%91%d0%a0%c2%b50013_2017-02-10_01_26_42%d0%a5%d0%90%d0%9c%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-4%d0%a5%d0%90%d0%9c%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-5%d0%a5%d0%90%d0%9c%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-6%d0%a5%d0%90%d0%9c%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-7%d0%a5%d0%90%d0%9c%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-8%d0%a5%d0%90%d0%9c%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-9 %d0%a5%d0%90%d0%9c%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-10 %d0%a5%d0%90%d0%9c%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-11 %d0%a5%d0%90%d0%9c%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-1210407859_962353560457438_9128612718660920781_nimg_6712-2