Гардзіенка Наталля

%d0%93%d0%90%d0%a0%d0%94%d0%97%d0%86%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Нягледзячы на малады для гісторыка ўзрост, кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка ўжо паспела трапіць у гісторыю сама, калі стала ПЕРШАЙ кіраўніцай створанай нядаўна пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў секцыі нон-фікшн, то бок непрыдуманай літаратуры. Але не толькі гэта з’яўляецца яе дасягненнем. Сёння Наталля Гардзіенка — адзін з найбольшых знаўцаў беларускай эміграцыі.

Гісторыя дзяцінства

“З шостага ліпеня 1977 года і да вяселля мяне называлі Наталляй Арловай. Нарадзілася я ў Мінску. Маці, Таццяна Георгіеўна, – медык, родам таксама з Мінска, але яе бацькі паходзілі са Случчыны, з-пад Лядна. Землякі Мікалая Статкевіча.

А бацька, Сяргей Віктаравіч, паходзіць з Круглага Магілёўскай вобласці. Доўгі час ён быў вайскоўцам, скончыў вайсковую вучэльню, якую ў Мінску называюць ВІЗРВ. Калі мая маці вучылася ў медінстытуце, яны і пазнаёміліся.

Пасля заканчэння вучылішча бацьку накіравалі служыць у войскі супрацьпаветранай абароны на Далёкі Усход, дакладней, на самую мяжу з Кітаем, ва Усурыйскі раён. На дзесяць гадоў.

Калі мне споўнілася тры, разам з маці я паехала туды таксама. Там пайшла ў дзіцячы садок. На Далёкім Усходзе нарадзіўся мой брат Віктар, які цяпер жыве ў Амерыцы, працуе праграмістам.

Калі надышоў час ісці ў школу, бацькі вырашылі, што мне лепш вярнуцца ў Мінск, дзе жылі бацькі маці: мая бабуля Ганна Аляксандраўна, дзядуля Георгій Рыгоравіч і цётка Ала Георгіеўна. Так і зрабілі.

У першы клас я пайшла ў школу №150, што ў мікрараёне Масюкоўшчына. А тата з мамай разам з братам яшчэ два гады былі на Далёкім Усходзе.

У 1986 годзе бацьку накіравалі ў Еменскую Арабскую Рэспубліку, якую да аб’яднання называлі Паўночным Еменам. У трэцім класе я вучылася ў тамтэйшай сталіцы Сане, у школе пры савецкай амбасадзе. Гэта была цікавая, надзвычай інтэрнацыянальная школа.

Бацькава вяртанне з Емена супала з развалам Савецкага Саюза, і ён вырашыў застацца ў Беларусі і працягваць службу ў Лідзе Гарадзенскай вобласці, дзе ў 15-й школе я вучылася восьмы і дзявяты класы.

Бацька не імкнуўся да вялікіх зорачак на пагонах (напэўна, войскі супрацьпаветранай абароны – не самае лепшае месца для кар’ернага росту ўвогуле), таму звольніўся на пенсію ў сціплым чыне капітана. Гаворка, канешне, пра ваенную пенсію, бо ён і па наш дзень працуе інжынерам-электрыкам на хлебазаводзе ў Мінску.

Як бачна, сярэдніх школ мне давялося змяніць даволі багата, што, як вядома, магло негатыўна адбіцца на ўзроўні адукацыі. На шчасце, гэтага не адбылося, аб чым сведчыць паступленне ў знакаміты Ліцэй БДУ.

Гэта быў 1992 год. Трапіць у ліцэй заўсёды цяжка. Тым больш для дзяўчынкі з беларускай правінцыі. Зразумела, чаму ніхто з блізкіх у мой поспех асабліва не верыў. У мяне ж была моцная матывацыя — я вельмі хацела вярнуцца з Ліды ў Мінск.

Паступіла я ў ліцэй (па маім глыбокім перакананні) перш за ўсё дзякуючы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Іванаўне Вянсковіч, якая мяне для гэтага спецыяльна рыхтавала. І ішла я туды ў першую чаргу як будучы філолаг.

Іспыты ў профільны клас адпаведныя: беларуская мова і літаратура (вусна), руская мова (пераказ) і гісторыя Беларусі (вусна). Конкурс вялікі — каля 6 чалавек на месца, што мяне зусім не здзівіла.

А вось тыя, хто прымаў іспыты, крыху здзівіліся ўзроўню ведаў “дзяўчынкі з правінцыі”… У выніку я паступіла і скончыла ліцэй з залатым медалём.

Клас у нас быў гісторыка-філалагічны. Нягледзячы на тое, што я паступала як філолаг, у час вучобы настаўнікі мяне “пераарыентавалі” на гісторыю.

Універсітэцкая гісторыя

З ліцэя адразу пайшла на гістфак БДУ. Вучылася на беларускамоўным аддзяленні.

У мяне ніколі не было праблем з беларускай мовай, хаця статус дачкі вайскоўца дазваляў яе не вучыць. Калі тая з’явілася сярод прадметаў навучання, я якраз з’ехала ў Емен, а па вяртанні ў беларускую школу настаўніца мне сказала: “Табе ж нескладана вучыць нашую мову, а ў хуткім часе яна будзе паўсюль патрэбная…”

Як і многія гарадскія дзеці, мела родных на вёсцы. Практычна кожнае лета праводзіла ці на Случчыне, ці на Магілёўшчыне, таму мову чула. Яна мне падабалася заўсёды (нават у адпаведных алімпіядах удзельнічала), і з ёй, паўтару, не было ніякіх праблем. Прафесійнае маё гістарычнае жыццё ад універсітэта звязана з беларускай мовай. У пэўны момант перайшла на яе і ў сям’і, гэта адбылося ўжо пасля нараджэння сына Яраслава.

Шчыра кажучы, да вучобы ў ліцэі ніколі не думала, што стану гісторыкам. Гісторыя мне не вельмі падабалася, бо школьны настаўнік быў не самым лепшым…

Калі ж паступала на гістфак, меркавала, што стану спецыялізавацца на сусветнай гісторыі, аднак даволі хутка арыенцір зноў кардынальна змяніўся. Ужо на першым курсе я перайшла на кафедру гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў.

Першыя гады ўніверсітэцкай вучобы былі даволі простымі, таму што мы, ліцэісты, мелі вельмі багаты “багаж”, на якім можна доўга трымацца. Але вялікую ролю адыгралі і выкладчыкі. Перш за ўсё, Павел Алегавіч Лойка і Уладзімір Пятровіч Емяльянчык, што і выкладалі старажытную гісторыю Беларусі. Яны настолькі “запалілі” студэнтаў беларускай гісторыяй, што значная частка курса хацела спецыялізавацца на іх кафедры. На жаль, абодва сышлі ў лепшы свет у маладым узросце.

Маім навуковым кіраўніком быў Уладзімір Пятровіч Емяльянчык — добры спецыяліст па беларускай гісторыі XVIII стагоддзя. Гэта і прадвызначыла цікавасць да таго перыяду. Ужо з трэцяга курса пісала па ім курсавыя работы, абараняла дыплом. А пазней і кандыдацкая дысертацыя называлася “Становішча жанчыны-шляхцянкі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVIII стагоддзі”. Тэму падказала таксама наша ўніверсітэцкая выкладчыца Алена Мікалаеўна Філатава. Яна ж вельмі падтрымлівала мяне ў працы і пры абароне.

Ва ўніверсітэце сустрэла свайго будучага мужа Алега Гардзіенку, з якім на апошнім курсе мы пабраліся шлюбам. У 2006 г. у нас нарадзіўся сын Яраслаў.

Гісторыя з прафесіяй

Натуральна, пасля сканчэння ўніверсітэта я пайшла ў аспірантуру. Амаль адразу. Вядома ж, было патрабаванне спачатку ўладкавацца на працу і толькі потым паступаць.

Па размеркаванні мяне (як мінчанку) пакінулі ў Мінску, дзе і прапрацавала ў школе настаўніцай гісторыі роўна чатыры месяцы, да таго моманту, як паступіла ў вочную аспірантуру. Мне вельмі хацелася займацца менавіта даследчай працай, бо настаўніцтва здавалася не зусім маім заняткам.

Тым не менш, яшчэ да сканчэння аспірантуры і абароны дысертацыі я ўладкавалася на працу ў Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі (МАІРА – сучасная назва), то бок у тую ўстанову, што працуе з настаўнікамі, займаецца павышэннем іх кваліфікацыі.

У МАІРА я прапрацавала да канца 2010 года. Спачатку звычайным выкладчыкам, потым дэканам факультэта, а апошні год была прарэктарам па вучэбнай рабоце. Можна сказаць, “зрабіла кар’еру”, якая, што праўда, мяне зусім не цікавіла. Я проста “трапіла ў плынь”.

Да канца 2010 года ў інстытуце ніхто асабліва не цікавіўся маімі палітычнымі поглядамі і прыярытэтамі, але менавіта апошнія адыгралі важную ролю, калі я сыходзіла. Дакладней, сталі адной з прычын.

Як ужо казала, мяне не вельмі цікавіў настаўніцкі шлях. Не вельмі падабаліся мне і кіруючыя пасады. Трывала ўсё пры ўмове, што мела магчымасць займацца найбольш для мяне цікавым – даследчай працай. Але паступова часу на даследаванні станавілася ўсё меней, таму пачала шукаць варыянты, каб сысці з інстытута. Урэшце сышла не па ўласным жаданні.

Нагадаю, напрыканцы 2010 года былі прэзідэнцкія выбары і ўсё, што з імі звязана. Муж працаваў і працуе ў апазіцыйнай “Нашай Ніве”. Час пасля выбараў быў даволі нервовы, і мы чакалі розных непрыемнасцяў у выглядзе ператрусаў. Да таго ж мой бацька быў пасля выбараў на плошчы перад Домам ураду (я — не, бо сядзела з сынам)…

Словам, перад самым Новым годам кіраўніцтва інстытута вырашыла, што я ўяўляю для яго небяспеку. Справа ў тым, што я была адзіным прарэктарам, няўзгодненым непасрэдна з абласным кіраўніцтвам адукацыі. Так атрымалася ў выніку чарговай рэарганізацыі інстытута. Калі пайшлі размовы наконт апазіцыйнасці маёй сям’і, гэта стала выглядаць небяспечным для кіраўніцтва, і рэктар прапанавала звольніцца. Напэўна, каб вельмі хацела гэтай працы, то змагалася б… Але я ўжо нудзілася там, трымаў толькі вельмі добры калектыў…

У выніку, 30 снежня 2010 года я сышла “ў нікуды”. Нягледзячы на ўнутраную маральную падрыхтаванасць, самі абставіны зрабілі сыход даволі балючым.

Паўгода жыла, як кажуць цяпер, “дармаедкаю”, пакуль не ўладкавалася ў прыватную навучальную ўстанову — Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва. Так я зноў стала выкладчыцай, толькі ўжо не для настаўнікаў, а для студэнтаў. Праз тры гады выкладання мая афіцыйная прафесійная кар’ера зрабіла чарговы зігзаг — запрасілі ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва для працы з беларускімі замежнымі фондамі. За 1990-я і 2000-я гады тут назбіралася даволі шмат матэрыялаў, якія перадавалі беларусы замежжа, аднак не было спецыяліста, хто б мог з імі працаваць. Так я стала архівістам і, здаецца, нарэшце знайшла тое месца, дзе сапраўды хочацца працаваць.

Гісторыя з эміграцыяй

Вельмі добра памятаю, што, калі на гістфаку мы здавалі іспыт па пасляваеннай гісторыі Беларусі, я надта не хацела, каб мне трапілі пытанні па беларускай дыяспары. З-за фрагментарнасці інфармацыі гэтая тэма была для мяне “цёмным лесам”. Тады я літаральна малілася, каб мне не дасталася тое, чым займаюся сёння.

У змене стаўлення зноў, як часта ў маім жыцці, адыграла ролю асоба. На пачатку 2000-х гадоў пазнаёмілася з архівістам, бібліятэкарам, даследчыкам беларускай эміграцыі з Нью-Ёрка Лявонам Юрэвічам. З таго часу пачалося супрацоўніцтва і сяброўства. Калі скончыла сваю дысертацыю, XVІІІ стагоддзе стала не вельмі цікавым, прыйшла так званая “стомленасць ад матэрыялу”. Нехта з калег слушна заўважыў: гісторыку трэба праз пэўны час змяняць або тэму, або перыяд даследаванняў, бо “прытупляецца” ўспрыманне матэрыялу. Для мяне XVІІІ стагоддзе змянілася на ХХ, на тэму эміграцыі.

На пачатку 2000-х мы рыхтавалі да друку “Хроніку беларускага жыцця на чужыне” Міколы Панькова. Гэта храналагічныя запісы (памесячныя і нават падзённыя) пра тое, што адбывалася ў асяродках беларускага замежжа на Захадзе, пачынаючы ад канца 1940-х гадоў і да пачатку 1980-х. Я дапамагала рабіць іменны паказнік. Вельмі ўразіла, што многія з некалькіх тысяч узгаданых прозвішчаў былі цалкам невядомыя для нас. Складанасцю стала нават расшыфроўваць ініцыялы. Нараджалася крыўда за гэтых людзей, захацелася “вярнуць” імёны…

Паколькі мая дысертацыя была прысвечана жанчынам, то і тут я вырашыла аддаць прыярытэт менавіта эмігранткам. І калі пра беларускую эміграцыю наогул даволі мала інфармацыі, то пра жанчын — амаль не было.

Дзякуючы Лявону Юрэвічу і Віктару Кавалеўскаму (беларусу з Аўстраліі) я пачала збіраць адрасы беларусак, да якіх можна было б звярнуцца, каб запісаць іх успаміны.

Адправіла вельмі шмат лістоў у Канаду, ЗША, Аўстралію… Хтосьці адгукнуўся, як Раіса Жук-Грышкевіч з Канады, з якой у нас наладзілася ліставанне. Але найбольш актыўнымі аказаліся беларусы Аўстраліі, прычым, менавіта мужчыны. Яны вырашылі, што лепш не ліставацца, а запрасіць мяне туды, каб я на месцы паразмаўляла з іх жанчынамі і запісала ўсё, што хачу. Папярэдне, вядома ж, яны высветлілі, хто я такая, зрабілі адпаведныя даведкі ў Згуртаванні беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Так, нечакана, праз месяц пасля абароны дысертацыі, з’ехала на чатыры тыдні да аўстралійскіх беларусаў. Было гэта ўвесну 2003 года.

Тыдзень я правяла ў Мельбурне, тыдзень — у Адэлаідзе, два тыдні — у Сіднеі. Жыла ў сем’ях беларускіх эмігрантаў. Яны арганізоўвалі сустрэчы з іншымі беларусамі. Я запісала тады дзясяткі інтэрв’ю. Дакладней – паспела запісаць… На жаль, шмат удзельнікаў тых размоў ужо адышлі ў іншы свет…

Аўстралійскія ўспаміны сталі асноўнай часткай маёй першай кнігі. Але ў працэсе працы над ёй стала зразумела, што пісаць выключна пра жанчын не выпадае — пра беларусаў Аўстраліі наогул амаль нічога не было вядома ў Беларусі. У выніку кніга прысвечаная і беларусам, і беларускам Аўстраліі. Яна пабачыла свет у 2004-м і стала першай маёй прыступкай у вывучэнні беларускай эміграцыі.

Так у мяне наладзіліся добрыя стасункі са Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”, і паступіла прапанова працягнуць працу над тэмай. Тады беларусы Брытаніі шукалі каго-небудзь, хто б папрацаваў з іх архівамі, і я паехала туды. Так з’явілася другая кніга ў 2010 годзе. Потым, якраз у перыяд вымушанага “дармаедства”, я змагла папрацаваць з архівамі канадскіх беларусаў, на падставе якіх плануецца яшчэ адна кніга… Таксама разам з Лявонам Юрэвічам за апошнія гады мы выдалі ўжо дзве кнігі пра Раду БНР на эміграцыі і рыхтуем трэцюю.

Цікавасць да эміграцыі адлюстравалася не толькі ў кнігах. Яшчэ калі ішла праца над “аўстралійскай” кнігай, паступіла прапанова паўдзельнічаць у выданні альманаха “Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва”. Ён пачаў выдавацца яшчэ ў 1950-х у Нью-Ёрку, калі інстытут толькі заснавалі.

Пачынаючы з 2004 года да сёння я рэдагую “Запісы”, а выдаюцца яны штогод.

Ад самага пачатку гэтай працы беларусы замежжа, найперш з БІНіМа, перадалі вельмі шмат каштоўных дакументаў. З часам наша кватэра стала нагадваць музей, таму я ўсё перанакіравала ў больш адпаведнае месца — Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, той самы, дзе цяпер працую. Тут мы стварылі своеасаблівы Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа, які можа займацца збіраннем матэрыялаў больш эфектыўна. Дзякуючы нашай працы ў мінулым годзе ў Беларусь з ЗША сярод іншага вярнуліся аўтографы Янкі Купалы і Уладзіміра Жылкі.

Цікавасць да беларускага замежжа ў мяне шматбаковая. І выставу неяк удалося арганізаваць, і інтэрв’ю запісваюцца, і архівы збіраюцца, і секцыю на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўна арганізоўваю… Даволі шмат даводзіцца займацца падрыхтоўкай да друку розных эміграцыйных ці эміграцыязнаўчых тэкстаў. Багата кніг выдадзена ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” Згуртавання беларусаў свету.

У 2010 годзе пачалося таксама супрацоўніцтва з выдавецтвам “Лімарыус”. З’явілася ідэя стварыць серыю, дзе б выдаваліся ўспаміны беларускіх эмігрантаў. Аляксандр Фядута прапанаваў пашырыць ініцыятыву да выдання наогул беларускіх мемуараў. Так узнікла “Беларуская мемуарная бібліятэка”. У 2011 г. амаль адначасова выйшлі дзве кнігі: “Успаміны пасла” Аляксандра Стагановіча, падрыхтаваныя гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам, і “Успаміны” Яўстафія Янушкевіча, што былі падрыхтаваныя Вольгай Гарбачовай. І серыя атрымала жыццё. Сёння ў ёй выйшла ўжо больш за дзясятак кніг, сярод якіх значная частка “эміграцыйных”…

Тэма эміграцыі даволі шмат мне дала. Але, бадай, самае каштоўнае — гэта вялікая колькасць цікавых знаёмстваў з беларусамі (і не толькі) з розных краін. Асабліва важнымі асобамі сталі айцец Аляксандр Надсан, які дапамагаў у працы над кнігай пра беларусаў Вялікабрытаніі і ў размовах з якім прайшло багата гадзін; Вітаўт Кіпель, што падтрымлівае, бадай, усе мае эміграцыязнаўчыя ініцыятывы і чый прыклад актыўнай жыццёвай пазіцыі дае і мне сілы для працы; Янка Запруднік, што актыўна папаўняе нашы архіўныя фонды, дапамагае матэрыяламі; Юры Туронак, чыя даследчая праца для мяне заўсёды будзе прыкладам дакладнасці і сумленнасці… Можна згадваць дзясяткі імёнаў беларусаў Аўстраліі, Брытаніі, ЗША, Канады, Польшчы ды іншых краін, з кім давялося спаткацца і якія пакінулі след у маім жыцці. Гэтыя сустрэчы не толькі ўзбагацілі мае веды пра эміграцыю, але і шмат далі ў разуменні каштоўнасці міжчалавечых адносінаў.

Нягледзячы на тое, што ёсць яшчэ багата планаў і даследчых, і выдавецкіх, і іншых, сёння я задаволеная тым, што ўжо ўдалося зрабіць.

Пэўная ідэалізацыя эміграцыі, уласцівая 1990 гадам, па сутнасці, знікла. Тады яна была цалкам абгрунтаванай, бо тэма толькі-толькі адкрывалася. Але сёння створаны падставы для сапраўды сур’ёзных даследаванняў і для разумення, што беларускае замежжа шмат у чым ёсць адлюстраванне грамадства метраполіі, там дзейнічаюць тыя самыя механізмы, існуюць тыя самыя праблемы. Вельмі важна ўсведамляць, што і ў Беларусі, і ў замежжы жывуць тыя ж беларусы, яны — часткі адзінай нацыі, складнікі агульнай нацыянальнай гісторыі і культуры.

Гісторыя з літаратурай

Нягледзячы на тое, што ўжо больш за дзесяць гадоў актыўна працую з рознымі тэкстамі, багата пішу, але доўгі час не думала пра сябе як пра менавіта пісьменніка. Штуршок прыйшоў звонку. Восенню пазамінулага года мне патэлефанавалі з Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) і прапанавалі з’ездзіць у Швецыю, паглядзець, як пры тамтэйшым пісьменніцкім саюзе працуе секцыя нон-фікшн.

Зразумела, пасля такой прапановы я стала цікавіцца, у чым сутнасць літаратуры нон-фікшн, бо гэта было для мяне адносна новым паняццем. Вырашыла стаць сябрам СБП.

Пазней даведалася, што з гэтым былі праблемы, бо далёка не ўсе пісьменнікі лічаць нон-фікшн сапраўды літаратурай…

У Швецыі я паглядзела, як усё працуе там, пазнаёмілася з кіраўніцай секцыі Анэт Розэнгрэн. У час гэтай паездкі ўзнікла ідэя стварыць падобную секцыю і ў нас. Старшыня СБП Барыс Пятровіч ідэю шчыра падтрымаў. У выніку ўвесну мінулага года секцыя непрыдуманай літаратуры пры СБП была створана і мяне абралі яе кіраўніцай.

Пакуль значнымі вынікамі працы пахваліцца не магу. Напэўна, найбольш важным стала заснаванне Прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў у галіне непрыдуманай літаратуры, якую мы сёлета ўпершыню ўручылі. У гэтай прэміі спалучылася тое, што мяне на сёння найбольш цікавіць: тэма эміграцыі і літаратура нон-фікшн. Спадзяюся, у абедзвюх галінах яшчэ атрымаецца нешта карыснае зрабіць”.

25.06.2015

%d0%93%d0%90%d0%a0%d0%94%d0%97%d0%86%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-1%d0%93%d0%90%d0%a0%d0%94%d0%97%d0%86%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-2%d0%93%d0%90%d0%a0%d0%94%d0%97%d0%86%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-3%d0%93%d0%90%d0%a0%d0%94%d0%97%d0%86%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-4%d0%93%d0%90%d0%a0%d0%94%d0%97%d0%86%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-5%d0%93%d0%90%d0%a0%d0%94%d0%97%d0%86%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-6%d0%93%d0%90%d0%a0%d0%94%d0%97%d0%86%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-7%d0%93%d0%90%d0%a0%d0%94%d0%97%d0%86%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-8 %d0%93%d0%90%d0%a0%d0%94%d0%97%d0%86%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-9 %d0%93%d0%90%d0%a0%d0%94%d0%97%d0%86%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-10 %d0%93%d0%90%d0%a0%d0%94%d0%97%d0%86%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-11