Харэўскі Сяргей

%d0%a5%d0%90%d0%a0%d0%ad%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%86

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Вядомы беларускі мастак, літаратар, культуролаг і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі — шчаслівы чалавек. Ён верыць і, у адрозненне ад шматлікіх песімістаў, лічыць: нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, беларушчына ўрэшце рэшт пераможа, а сучасны перыяд не самы горшы ў беларускай гісторыі.

Наканаванае шчасце

Пачну з продкаў.

З XVIII стагоддзя ўсе мае продкі (па абедзвюх лініях) жылі каля Мінска, дакладней у засценку Астравы, што каля Міханавічаў. Зараз гэта ўжо амаль 10 кіламетраў ад сталіцы. Яны арандавалі зямлю ў Мінскага кляштара бернардзінак, дзе цяпер знаходзіцца праваслаўны Кафедральны сабор.

Калі я да яго падыходжу, разумею, што ў гэтых мурах (не ў пераносным сэнсе, а ў прамым) — плён працы пакаленняў маіх продкаў, таму знітаванасць да мінскай зямлі зусім не абстрактная.

Адзін з прапрадзедаў меў прозвішча Хмялеўскі, бо некалі для цяперашняга завода “Аліварыя” пачаў вырошчваць хмель. Гэта было яшчэ за часамі графа Чапскага.

А яго нашчадак, мой дзед, Аркадзь Паўлавіч Баркоўскі, быў старшынёй калгаса. Яшчэ да вайны. Яго не раз арыштоўвалі, аднак, дзякуючы ганаровай грамаце, падпісанай самім Сталіным, выпускалі — за ўнёсак у сельскую гаспадарку і хмеляводства. Дзедава насенне куплялі нават чэхі, якіх лічаць аднымі з найлепшых півавараў у свеце.

За гэта дзеда пасля вайны прызначылі галоўным хмеляводам Мінскага раёна.

Усе сваякі, якія потым давучвацца перабраліся ў Мінск, былі родам з вакольных вёсак, таму пытанне беларушчыны для мяне падавалася цалкам натуральным. Калі яны ехалі да бацькоўскіх хатаў на электрычцы, паміж сабой размаўлялі выключна на роднай мове.

Мае бабкі, напрыклад, іншых моў і не ведалі нават. Расейскую чулі, канешне, але не карысталіся. Чытанне на ёй іх стамляла…

Так што ў мяне не было нейкага “пошуку каранёў”. Я іх ніколі не страчваў…

Дарэчы, цалкам не згодны з тымі, хто лічыць наш час — самым цяжкім для Беларушчыны. Сваім студэнтам на гэты конт я кажу: “Не грашыце Богу! Зараз ёсць хоць які выбар, а ў мяне яго не было. Дзіцячыя садкі — толькі рускамоўныя. І школы ў Мінску працавалі выключна на рускай мове”.

Мне пашанцавала. Па настойлівых просьбах настаўнікаў на базе школы №26 стварылі “мастацкі ўхіл”, і я трапіў у новую плынь.

Як педагог сёння я разумею, што эксперымент тады быў проста бліскучым. Восем гадоў мне пашчасціла быць сярод будучай мастацкай эліты краіны.

Па наш дзень добрым словам успамінаю сваіх настаўнікаў — Абрама Львовіча Куцікава, Лідзію Маісееўну Хайфіну, Яўгена Мікалаевіча Саковіча і шмат каго яшчэ.

Дарэчы, менавіта Саковіч мяне і адкрыў, як патэнцыйнага мастака. Ён прыйшоў у наш дзіцячы садок і ўбачыў намаляваныя мной нейкія чырвоныя макі. Малюнак так уразіў, што Яўген Мікалаевіч адразу патэлефанаваў бацькам, дачакаўся пакуль тыя прыйдуць з работы і настаяў на мастацкай школе.

Мне наогул заўсёды ВЕЛЬМІ шанцавала з людзьмі, якія сустракаліся на жыццёвай дарозе. Так што ўсе лепшыя якасці, усё, што ўдалося здзейсніць, – адсюль. Яны былі як бы наканаваныя лёсам.

На жаль, так бывае не заўсёды, таму я вельмі ўдзячны за гэта лёсу і Госпаду. Ад таго, хто знаходзіцца побач, часта залежыць, кім мы вырастаем.

А зараз наконт майго “новазеландскага” паходжання… Канешне, гэта жарт пісьменніка Уладзіміра Арлова, чые кнігі (як і яго жонкі паэткі Валянціны Аксак) я некалі афармляў, але жарт, які мае пад сабой рэальную глебу. Адзін з маіх продкаў прымаў удзел у паўстанні 1863 года, а потым схаваўся ад пераследу ў Новай Зеландыі. Я ніколі там не быў, хоць далёкіх сваякоў на зямлі, дзе здымалі “Уладара пярсцёнкаў”, пэўна маю.

Генетычнае шчасце

І ўвогуле. У мяне вельмі шмат сваякоў, аднак лагічна пачаць з самых блізкіх.

Бацька, Васіль Якаўлевіч Харэўскі, — доктар эканамічных навук, географ і сацыёлаг, працаваў у навукова-даследчым інстытуце горадабудаўніцтва. Ён займаўся пытаннямі ўрбанізацыі, таму ў мяне з дзяцінства асяроддзем былі яго калегі па рабоце.

Маці завуць Людміла Аркадзьеўна Харэўская, у дзявоцтве — Баркоўская. Унікальны чалавек, тонкі педагог і псіхолаг! У яе вельмі развітая схільнасць да самааналізу, псіхалогіі і аб’ектыўнага погляду на сітуацыю.

Напэўна, яна магла б стаць вядомай артысткай альбо некім яшчэ, аднак цалкам ахвяравала сябе сям’і. У нас заўсёды было трохразовае харчаванне, абед складаўся з трох страваў. Маці — бліскучы кулінар.

Яна вельмі ганарылася маімі і бацькавымі поспехамі, таму імкнулася стварыць дома адпаведную атмасферу. У бацькі заўсёды былі накрухмаленыя кашулі і чыстыя гальштукі. Маці не шкадавала часу і шукала для нас найлепшых у Мінску цырульнікаў.

Па адукацыі яна — эканаміст, скончыла сталічны фінансава-эканамічны тэхнікум. Цікава, што тады ён месціўся ў тым самым будынку, дзе пазней вучыўся я, то бок была мастацкая вучэльня.

Працавала яна ў Беларускім дзяржаўным інстытуце інжынерных пошукаў, дзе яе начальнікам быў дзед Глеба Лабадзенкі.

Усе жыццёвыя лёсы цудоўным чынам пераплеценыя…

Сястра Таццяна, старэйшая за мяне на пяць гадоў. Яна скончыла геафак БДУ, працавала завучам у школе, зараз выкладае ў архітэктурна-будаўнічым каледжы. Нягледзячы на розніцу па ўзросце, мы заўсёды сябравалі, чым я вельмі ганаруся. Для мяне гэта надзвычай важна і каштоўна.

У сям’і ніколі не было, так бы мовіць, розначытанняў. Ва ўсіх пачынаннях мяне заўсёды падтрымлівалі. Ні ў чым не было адмовы, калі што датычылася творчасці ці вучобы. Бацька прыносіў алоўкі, фламастары, вялікую колькасць паперы.

Бацькі давалі мне неабмежаваную колькасць пластыліну і ніякім чынам не абмяжоўвалі творчасць. Я адчуваў гэта з самага маленства і з вышыні пражытых гадоў разумею, як мудра яны зрабілі, калі не сталі збіваць з панталыку і рабіць з мяне таго, кім я не быў…

Спачатку мы жылі на сталічнай вуліцы Гая, а калі мне споўнілася пяць гадоў, перабраліся на Пуліхава. Адзін паверх у нашым доме займалі нямецкія дыпламаты, другі — польскія.

Пазней я зразумеў сутнасць сацыяльнай няроўнасці і прычыны зайздрасці бацькоў аднакласнікаў, а тады…

Дарэчы, наша сям’я таксама “ўзнікла не з космасу”, у тым сэнсе, што ўсе сваякі прайшлі цяжкі жыццёвы шлях. Мой бацька не ведаў свайго бацьку — вайна. Бабуля па мячу была шаптухай, траўніцай, нонканфармісткай. Моцна не любіла бальшавікоў і нават партрэт Сталіна зневажала. Даравалі толькі таму, што яна была ўдавой, якая адна выхоўвала шэсць дзяцей…

Напэўна, яе яршысты характар перадаўся і мне.

Дзявочае прозвішча ў яе Адамовіч. Мы не сваякі знакамітаму пісьменніку, аднак усе Адамовічы пайшлі ад аднаго продка, які колісь з Каўказа, праз Малдову, пераехаў на “Літву”. Усе маюць (калі ўважліва разглядаць фотаздымкі) трохі падобныя каўказоідныя рысы, усе з норавам.

Шмат каго з нашых сваякоў у сталінскія часы рэпрэсіравалі, некаторыя трапілі ў Курапаты, таму можна толькі ўявіць, як цяжка было майму бацьку дасягаць у жыцці пэўных перамог. Як кажуць, прарывацца ў людзі.

Адзін бацькаў брат-блізнюк памёр ад голаду, а другі брат Пётр у 1944 годзе быў прызваны ў савецкае войска і амаль адразу загінуў пад Ломжай, што ў Польшчы. Майму бацьку з маленства прыйшлося стаць сярод дзяцей адказным лідарам.

У час вайны бацькаў характар не аднойчы праходзіў выпрабаванні на трываласць і ўпартасць. Калі Пятра ўжо прызвалі ў войска, прыйшлі савецкія партызаны, каб забраць… ягоныя боты!

Натуральна, пра “подзвігі партызанаў” у нашай сям’і, скажам так, непараднае меркаванне…

Партызаны хацелі чамусьці таксама спаліць і хату. Бацька скраў ад яе ключы — наіўна думаў, што так перашкодзіць бядзе. Адзін з партызанаў злавіў яго на вуліцы і ў кроў збіў шомпалам. Прайшлі гады, бацька вырас і адпомсціў яму напоўніцу…

Такі ў нас характар…

Да слова, я не разумею тых, хто негатыўна ставіцца да ўсёй так званай наменклатуры і адносіць да яе ўсіх, хто ў савецкія часы займаў нейкія кіруючыя пасады.

Што датычыцца маіх сваякоў, то яны станавіліся добрымі спецыялістамі дзякуючы асабістай, настойлівай, а часам і вельмі нялёгкай працы. І ніколі ад яе не адвыкалі. Ніхто не бачыў у мазалях нічога заганнага.

Возьмем таго ж бацьку майго стрыечнага брата, вядомага журналіста Андрэя Лапцёнка. Гэты мой дзядзька, Уладзімір Ільіч Лапцёнак, займаў пасаду намесніка старшыні Дзяржкамвыда, а, калі трапляў у вёску, і яму не даставалася канкрэтнай “сялянскай працы”, прама на нашых вачах адной сякераю мог без цвікоў зрабіць лавы і стол.

Вандроўніцкае шчасце

На сёння краіны, дзе я вандраваў, вылічваюцца ўжо дзясяткамі, аднак самая першая прыпадае на час вучобы ў мастацкай вучэльні. Тады з эцюднікамі мы двойчы аб’ездзілі ўсю Беларусь, і з сябрамі (Віктар Корзун, цяпер рэжысёр-дакументаліст, Цімафей Ізотаў, цяпер вядомы мастак і фатограф, які ўжо каля дзесяці гадоў стала жыве ў Маскве, Таццяна Цыпейнікава, Святлана Вярцінская, якая пераехала ўжо даўно ў Парыж, і я) вырашылі “пашырыць геаграфію вандровак” і “аўтаспынам” паехаць на Каўказ. Зусім дзеці, паўналетнімі былі толькі дзяўчаты.

Я звярнуўся да бацькоў па грошы. Яны, канешне, маглі даць, але зрабілі інакш — прапанавалі дапамагчы іх зарабіць, 16 гадоў усё ж…

Прыладзілі на хлебазавод да бацькавай сястры, якая там працавала загадчыцай лабараторыі. Так у мяне з’явілася працоўная кніжка і першы запіс у ёй — машыніст трэцяга разраду цестараздзелачных машын здобасушачнага цэха завода-аўтамат нумар адзін аб’яднання “Мінскхлеб”.

Я рваўся зарабіць як мага больш грошай і прасіўся ў начныя змены. За іх плацілі ў два разы больш, але гэта было парушэннем працоўнага заканадаўства. Для непаўналетніх такая работа забаронена юрыдычна. Цётка пытанне нейкім чынам вырашыла, і я пачаў працаваць у пекле, пра якое ведаюць толькі хлебапёкі.

Сутарэнні ХІХ стагоддзя, ніякай санітарыі, у цэху — плюс 50, за змену я спальваў па тры пары пальчатак. Сушкі ці булкі спачатку абпальваліся парай (пад 200 градусаў), пасля ішлі ў печ (пад 100 градусаў), а потым грузіліся рукамі ў машыны.

Кашмар!

Для мяне гэта стала сапраўднай школай жыцця — цяпер ведаю, як на стале з’яўляецца гарачы хлябок…

За тры тыдні работы на хлебазаводзе я схуднеў так, быццам бы пабываў на вугальнай шахце часоў сярэднявечча…

Так сваімі мазалямі і апечанымі ў начныя змены рукамі я зарабіў на вандроўку. Бацькі далі грошы на тэлеграмы, каб ведаць, дзе ў дадзены момант я знаходжуся і як сябе адчуваю. Яно і зразумела – мабільнікаў і інтэрнэту тады не было. Сястра нават называла маю ідэю вар’яцтвам.

Але ўсё скончыліся вельмі добра.

Мы аб’ехалі Заходні Каўказ: ад Анапы, Новарасійска, усю Абхазію, Грузію да турэцкай мяжы, потым паблукалі па Асеціі і Кабардзе ды вярнуліся ў Мінск, мурзатыя, зашмальцаваныя, але шчаслівыя і чорныя ад загару.

Увогуле ж мае падарожжы пачаліся яшчэ ў дзяцінстве. Бацькі ніколі не шкадавалі на іх грошай, лічылі больш важнымі, чым сваё аўта. А потым “ген” вандроўніка стаў рысай характару. Я аб’ездзіў абшары ад Паміра да Паўночнай Афрыкі. Адных толькі сплаваў па рэках Беларусі было аж 23.

Такое ніколі ў жыцці не забываецца!

Трывожнае шчасце

Нягледзячы на тое, што мы жылі на вельмі прэстыжнай у савецкія часы вуліцы Пуліхава, я не рабіў з гэтага нечага незвычайнага, экстраардынарнага і ставіўся да жытла не больш, чым да жытла. Да таго ж, сярод сваякоў былі і абсалютна простыя людзі — калгаснікі, будаўнікі, шафёры…

Цяжкую сялянскую працу я бачыў на прыкладзе маіх бабуляў і дзеда. І дзякуючы педагагічнаму таленту маіх бацькоў, з маленства да яе прызвычаіўся, навучыўся касіць, хадзіць за канём.

Канешне, пільнай патрэбы ў гэтым не было, але ўсіх дзяцей прывучалі да такой работы асэнсавана. Каб ведалі, што як робіцца і адкуль што бярэцца, адчувалі пах роднай зямлі…

Менавіта такім чынам я запомніў свайго дзеда, Аркадзія Паўлавіча Баркоўскага. Ён быў аж з 1887 года нараджэння і ўжо напярэдадні Першай сусветнай вайны сабраў сабе дрэва на хату.

Звычайна гэта бывала так.

Дзед будзіў мяне (яшчэ дашкольніка) з узыходам сонца і прымушаў яму дапамагаць. Нейкую трэсачку паднесці альбо разам нешта папілаваць. Канешне, карысці ад такой дапамогі было няшмат, але выхавальніцкі эфект — унікальны.

Памятаю, асабліва любіў глядзець, як дзед плёў кашалі і аб нечым са мной размаўляў. Потым уставала бабка, даіла карову і збірала нам сняданак. Паснедаўшы, дзед сыходзіў па сваіх калгасных справах, аднак тыя пару гадзін — усё, што я пра яго помню.

Нас ніколі не аберагалі ад сялянскасці. Наадварот. Працаваць разам з усімі астатнімі сваякамі было нормай. Таму зайздрасць да нашага мінскага жытла была мне не зразумелай…

На мой погляд, менавіта ў тыя гады і нараджаўся нейкі алгарытм пратэсту, супраціву. Хацелася ўсё рабіць не так, як патрабуюць, а так, як трэба.

У школе я вучыўся добра, але не вызначаўся ўзорнымі паводзінамі. Знаходжанне за партай страшна напружвала, таму хацелася як мага хутчэй сысці ў мастацкую вучэльню.

Паступіў адразу пасля восьмага класа. Абраў педагагічнае аддзяленне, бо там была самая лепшая падрыхтоўка, да таго ж чатыры гады вучобы залічваліся ў працоўны стаж. Я марыў стаць мастаком-графікам.

Асобная размова — нашы педагагічныя практыкі: шаснаццацігадовы настаўнік выкладае дванаццацігадовым вучням урокі малявання і чарчэння. Калі ты здольны прыцягнуць іх увагу, то надалей будзеш спраўляцца з любой аўдыторыяй.

Вельмі цікавымі былі і мастакоўскія практыкі, калі нас на месяц звозілі ў які-небудзь раён і вызначалі заліковую колькасць пейзажаў і нацюрмортаў.

Падчас майго паступлення “дыплом” рабіў Тодар Кашкурэвіч, які заўсёды размаўляў толькі па-беларуску, а ўжо вучыліся Міхал Анемпадыстаў, Ігар Варашкевіч, Лявон Вольскі з усёй будучай “Мрояй”, Уладзімір Давыдоўскі, Алег Дзямідовіч, заядлы нацыяналіст Юрась Мурашка і шмат хто іншы.

У чарговы раз мне пашанцавала сустрэць на жыццёвым шляху добрых паплечнікаў.

У вучэльні, апроч іншага, я быў яшчэ ды-джэем амаль на ўсіх дыскатэках. Як вынік — шматлікія бойкі са сталічнымі пэтэвэшнікамі, “мясцовымі” на “бульбе”, вельмі цяжкія траўмы, што потым ператварылася ў “годны да нестраявой службы”.

Ганаруся, што выпала правесці першыя ў краіне дыскатэкі на беларускай мове.

Я вырас у вельмі дэмакратычнай і адукаванай сям’і, дзе цаніліся веды (амаль ва ўсіх сваякоў былі добрыя бібліятэкі), цанілася беларускае слова, народныя песні, таму арыентацыя на беларушчыну была цалкам натуральнай. Мастацкая вучэльня толькі дадала да яе новых рысаў.

Побач вучыліся людзі з усёй Беларусі, і мне, як чалавеку камунікабельнаму, які не ведаў “гарадской фанабэрыі”, кампанію аднадумцаў было знайсці не цяжка.

І таму цалкам зразумела, чаму Міхал Анемпадыстаў прывёў нас у “Майстроўню”, дзе я пазнаёміўся з Вінцуком Вячоркам, Сяргеем Дубаўцом, а потым, калі на базе “Майстроўні” стваралася “Талака”, з Алесем Сушам і светлай памяці Віктарам Івашкевічам.

Усе яны былі значна старэйшыя, але адразу прынялі ў сваё асяроддзе. Зноўку — пашчасціла.

Хутка ў мастацкай вучэльні вакол мяне пачалі гуртавацца аднадумцы, неафіцыйна сфарміравалася сябрына прыхільнікаў нацыянальнага адраджэння. Гэта і адыграла драматычную ролю ў наступных падзеях.

Мы сустракаліся, падоўгу размаўлялі пра беларускую гісторыю, але далей размоў не ішло. І тады мае сябры вырашылі гэта выправіць.

У дзень Савецкай Канстытуцыі над мастацкай вучэльняй з’явіліся бел-чырвона-белыя сцягі. Больш за тое. Хлопцы сарвалі два сцягі СССР. Адзін выкінулі ў сметніцу, другі паклалі замест анучы на ўваходзе — каб усе выціралі ногі…

Тры выхадныя дні ніхто гэтага не заўважаў. У панядзелак усё і пачалося. Калі на новыя сцягі, не ведаючы, што гэта такое, не звярталі ўвагі, то анучу пад нагамі ўбачылі.

Імгненна дзверы вучэльні закрылі. Нікога не выпускалі. Настаўнікі рабілі выгляд, што нічога не адбываецца, але выйсці было немагчыма.

1985 год. Андропаўскія часы скончыліся толькі намінальна. Асабліва ў Беларусі… Адразу распачалося следства. Падзея выпала на мой дзень нараджэння — 5 кастрычніка. Я нават не ведаў, што хлопцы вырашылі зрабіць такі падарунак, але гэта не выратавала.

Хутка выявілі ўсіх нацыяналістаў і “нядобранадзейных”, сярод якіх я быў лідарам. Пасля ў КДБ мяне знаёмілі з даносамі. Прачытаць, хто і што пра цябе сказаў, было каласальным узрушэннем. Атрымаць такі досвед у 17 гадоў — вельмі драматычна.

Шчыра скажу, было страшна. Асабліва, калі прыйшлі на работу да маці, паказалі “корачкі” і папрасілі вызваліць памяшканне “для беседы с Хоревской о её сыне”…

Уяўляю, колькі сівых валасоў тады дадалося…

Хаця насамрэч ніякага злачынства з майго боку фактычна не было, бо ў гэтай акцыі я ўдзелу не прымаў… Але яны “раскрылі змову”.

Маўляў, “пасля заняткаў я вёў нацыяналістычныя размовы, распаўсюджваў нацыяналістычную літаратуру, прыносіў малітоўнікі і г.д.”

Сёння гэта гучыць смешна, а тады — было не да смеху. На допыты ў КДБ хадзіў некалькі месяцаў…

У пошуках шчасця

З камсамола мяне выключылі. З вучылішча таксама, бо акадэмічны адпачынак, у які я быццам бы пайшоў па сваёй волі, быў фактычнай спробай адвесці “каток рэпрэсій”. Я сышоў, каб адчапіліся ад астатніх.

Пасля каля года працаваў у выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі”. Маючы афіцыйна адукацыю ў восем класаў, я быў рэдактарам аддзела каляровай ілюстрацыі. У мае непасрэдныя абавязкі ўваходзілі рэтушаванне і рэдактура фотаздымкаў і малюнкаў пяцітомнай энцыклапедыі па гісторыі мастацтва і культуры.

Моцна гэтым захапіўся і пераглядзеў на слайдах (тады вельмі дарагое задавальненне. — Заўв. А. Т.) усе беларускія помнікі. Прычым не проста праглядзеў, а вывучыў пад лупай кожны міліметр выявы кожнага помніка Беларусі. Пагадзіцеся, пра такое можна толькі марыць.

Там жа пазнаёміўся з унікальнай кампаніяй фатографаў-нонканфармістаў на чале з Георгіем Ліхтаровічам, якім заказвалі аздабленне кніжак нашага выдавецтва фотамі. Яны аб’ездзілі ўсю Беларусь і крытычна расказвалі шмат чаго цікавага. У краіне пачынала віраваць перабудова, і ў пачатку 1986 года я аднавіўся ў сваёй мастацкай вучэльні.

Праз некалькі месяцаў здарылася аварыя ў Чарнобылі. Нас тэрмінова “пашыхтавалі” і прымусілі даць прысягу, сутнасць якой палягала ў гатоўнасці паехаць па размеркаванні ў любую кропку БССР. Многіх гэта здзівіла, бо раней такога не было. З урачамі зразумела, бо ў іх ёсць клятва Гіпакрата, а тут — мастакі…

Вызваляліся ад прымусовага размеркавання толькі тыя, хто працягваў вучобу далей.

Я здаў усе экзамены на выдатна і збіраўся паступаць у Тэатральна-мастацкі інстытут. Усіх, хто такой (альбо нейкай іншай) магчымасці не меў, размеркавалі ў Чарнобыльскую зону.

У час працы ў энцыклапедыі я пазнаёміўся са светлым чалавекам Міхасём Раманюком, якога, на жаль, ужо няма сярод жывых. Ён быў выкладчыкам у Тэатральна-мастацкім інстытуце і вельмі хацеў бачыць мяне сярод студэнтаў толькі-толькі створанага факультэта тэорыі і гісторыі мастацтва.

Два першыя ўступныя экзамены я здаў на “выдатна”, а трэці (пісьмовы і вусны) па гісторыі Беларусі на “тройку”. Калі я даведаўся пра гэта і пачаў абскарджваць, скандаліць (маўляў, не можа быць), мяне выклікаў Раманюк і па-сяброўску сказаў, што з КДБ яго начальству быў званок…

Я вельмі яму ўдзячны за шчырасць і параду не губляць час. Працэс паступлення быў спынены, і я па размеркаванні паехаў у Краснапольскі раён.

З Міхасём мы потым доўга сябравалі, а яго сын Дзяніс Раманюк — хросны бацька маёй дачкі.

У Краснаполлі высветлілася, што вёска, куды мяне размеркавалі, ужо выселеная, а ўсе будынкі закапаныя, але адпускаць не сталі. Каб не было “текучки кадров”. Маўляў, мяне накіравалі да раённага аддзела адукацыі, а не да канкрэтнай школы. Сказалі: “Будзеш нам тут насценгазеты рабіць”.

Прапанавалі выбраць любую хату, бо траціна Краснаполля ўжо з’ехала, але я абраў гасцініцу, дзе адразу заклікалі “не гадзіць пад вокнамі”, бо “выгоды” там былі на вуліцы…

Праз некалькі месяцаў міністэрства сярэдняй адукацыі ліквідавалі і мяне “адмацавалі”.

У Мінску ўладкаваўся ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук, дзе на той момант дырэктарам быў Георгій Штыхаў. Праз паўгода адбылося “скарачэнне штатаў” і зноўку наконт мяне прагучаў “званок з КДБ”…

Натуральна, “скарацілі”. Міхась Чарняўскі, з якім мне пашанцавала пазнаёміцца, парупіўся прыладзіць у інстытут “Белспецпраектрэстаўрацыя”.

Тыя, хто непасрэдна займаўся жывапісам, мяне браць не сталі. Пагадзіўся археалагічны аддзел, і на пяць гадоў маім непасрэдным начальнікам стаў Алег Трусаў.

Алег Анатольевіч — вельмі дысцыплінаваны, патрабавальны, прынцыповы чалавек. Працаголік сам і патрабуе гэтага ад іншых.

Новая работа мне вельмі падабалася. Я працаваў тэхнікам-мастаком, то бок фіксаваў усе знаходкі, чарціў планы раскопак і г.д. Гэта цяпер у археолагаў ёсць лічбавыя фотаапараты і ксераксы, а раней усё рабілася асабіста, то бок — рукамі.

Дарэчы, тое, што я ўмею маляваць, адыграла значную ролю. Алесь Краўцэвіч гэта ўбачыў і прапанаваў аформіць вокладку яго кнігі “Стары гарадзенскі замак”.

З гэтага і пачалося маё супрацоўніцтва з рознымі выдавецтвамі. Я аформіў каля трох дзясяткаў кніг. У тым ліку і масавы школьны варыянт знакамітай “Песні пра зубра” Гусоўскага.

У 1988 годзе паступіў у Ленінград, на завочнае аддзяленне Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР, дзе нікому не было справы да маёй каляпалітычнай дзейнасці і нейкіх анкет.

Нягледзячы на конкурс у 20 чалавек на месца я прайшоў. Гэта нешта накшталт магістратуры. Акадэмія мела спецыфічны, асобы статус. Вучыліся там пяць гадоў. Нам чыталі лекцыі лепшыя вучоныя і знакамітасці Савецкага Саюза (акадэмік Дзмітрый Ліхачоў, літаратуразнаўца і культуролаг Юры Лотман, пісьменніца Таццяна Талстая, напрыклад) і вядомыя палітыкі, накшталт кіраўніка “Дэмплатформы” Юрыя Афанасьева.

А сам Анатоль Сабчак быў шчырым прыхільнікам і ледзь не мецэнатам мастацтва. Яго дачку Ксюшу я памятаю яшчэ маленькай дзяўчынкай.

Год паступлення стаў апошнім годам так званай ленінградскай эрзацнасці, потым быў — “Бандыцкі Пецярбург”. Усё развалілася літаральна на вачах, асабліва “бытавуха”. Ніхто не вывозіў смецце. Паявіліся чэргі. З паліц крамаў зніклі прадукты. Памятаю, як у лютым на 30-градусным марозе, у завею, мы стаялі ў чарзе. Для таго, каб па талончыку, які нам далі ў акадэміі, студэнцкім квітку і пашпарце купіць сваю палову буханкі хлеба… Як у блакаду…

Мая вучоба скончылася ў 1992 годзе. Цікава, год таму сярод нашых прадметаў быў навуковы атэізм, а на апошнім курсе ён ператварыўся ў гісторыю рэлігіі. Ледзь не ў закон Божы. Чытаў курс айцец Аляксандр, які потым стаў кіраўніком маёй дыпломнай работы.

Менавіта ў час вучобы нам давялося перажыць “паўлаўскую рэформу” і распад Савецкага Саюза.

Паралельна ў мяне яшчэ было і “беларускае жыццё”. Сяргей Дубавец (з якім мы сябравалі і часта кантактавалі, бо жылі побач на Пуліхава) прапанаваў мне ў якасці мастацкага рэдактара заняцца газетай “Свабода”, якую ён потым перадаў Ігару Герменчуку.

Друкаваліся мы ў Магілёве. 19 жніўня 1991 г. я здаваў чарговы нумар і прама ў друкарні даведаўся, што адбыўся путч. Пазваніў Герменчуку, вырашылі тэрмінова перарабіць першую паласу.

Дарэчы, усе вакол былі заадно з намі — друкары, начальнікі, міліцыянты. Напэўна, тысячу нумароў рабочыя выцягнулі, як кажуць, “з-пад станка”. Думкі ў людзей ужо былі іншымі, таму, на мой погляд, ёсць сэнс вярнуцца да 1989 года, калі ў Вільні адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага Народнага Фронту.

Я там быў дэлегатам, таму галасаваў за ўсе пастановы. На рабоце многія цесна кантактавалі з Зянонам Пазьняком, таму наш актыўны ўдзел ва ўстаноўчым з’ездзе цалкам лагічны.

Да слова, я таксама меў адносіны да “Тутэйшых”, але гэта асобная тэма.

Таксама быў і кур’ерам ад Дубаўца да Міколы Статкевіча. Сяргей тады рэдагаваў статут Беларускага згуртавання вайскоўцаў.

А потым Дубавец прапанаваў пераехаць у Вільню і адрадзіць “Нашу Ніву” там, дзе яна і пачалася. Пяць гадоў майго жыцця сталі “віленскімі”. У тым ліку і звязаныя з крывавым штурмам тэлевежы.

У тыя часы было шмат цікавых падзей, пра якія ёсць сэнс расказаць асобна, аднак зараз, карыстаючыся выпадкам, я хачу добрым словам узгадаць светлай памяці Таццяну Дубавец, якую многія ведаюць па дзявочым прозвішчы Сапач. Зямля пухам мужнай і прыгожай ЖАНЧЫНЕ!

У 1996 годзе рэдакцыя пераехала ў Мінск, і праз пэўны час Сяргей Дубавец перадаў кіраванне Андрэю Дынько. Я пакрысе дыстанцыянаваўся, бо заставаўся яшчэ ў Вільні.

У 2003 годзе амерыканцы пачалі “вызваляць” Ірак. Курс літа да даляра ўзмацніўся ў чатыры разы. Я скарыстаўся сітуацыяй, прадаў усю літоўскую маёмасць і вярнуўся ў Мінск.

Скончыў тут аспірантуру Акадэміі мастацтваў (былы Тэатральна-мастацкі інстытут) і там жа (каб не страціць кваліфікацыю) крыху выкладаў. Заробкі, натуральна, былі мізэрныя…

Асобна хачу падзякаваць за падтрымку ў гэты няпросты момант майго жыцця сябру Адаму Глобусу, які прыцягнуў мяне да выдавецкіх справаў і напісання кніг, ды сябрам-філосафам Алесю Анціпенку з Валянцінам Акудовічам, якія прапанавалі чытаць лекцыі ў Беларускім калегіюме.

Потым пісьменнік Ігар Бабкоў сагітаваў папрацаваць у ЕГУ, то бок зноў вярнуцца ў Літву. Супрацоўнічаю там з імі і сёння.

Закончу рэфрэнам, які прайшоў праз усю гэтую размову: архіважна, якіх людзей ты сустрэнеш на жыццёвым шляху. Мне пашчасціла сустрэць НАЙЛЕПШЫХ!“

16.10.2014

%d0%a5%d0%90%d0%a0%d0%ad%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%86-1%d0%a5%d0%90%d0%a0%d0%ad%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%86-3%d0%a5%d0%90%d0%a0%d0%ad%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%86-2%d0%a5%d0%90%d0%a0%d0%ad%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%86-4%d0%a5%d0%90%d0%a0%d0%ad%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%86-5%d0%a5%d0%90%d0%a0%d0%ad%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%86-6

%d0%a5%d0%90%d0%a0%d0%ad%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%86-7

%d0%a5%d0%90%d0%a0%d0%ad%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%86-8

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

%d0%a5%d0%90%d0%a0%d0%ad%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%86-10

%d0%a5%d0%90%d0%a0%d0%ad%d0%8e%d0%a1%d0%9a%d0%86-11 23%d1%81%d0%b5%d0%bd2008_3375

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
OLYMPUS DIGITAL CAMERA

28%d1%81%d0%b5%d0%bd2008_305623%d1%81%d0%b5%d0%bd2008_337528%d1%81%d0%b5%d0%bd2008_305612918998_1133219183375563_1747217732_n

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
OLYMPUS DIGITAL CAMERA

dsc_0026

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
OLYMPUS DIGITAL CAMERA

img_1007