Грыневіч Таццяна

%d0%93%d0%a0%d0%ab%d0%9d%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Размову з Таццянай Грыневіч я вырашыў зрабіць зусім не таму, што яна мая зямлячка. Прычына ў цудоўным выкананні знакамітага “паланезу Агінскага”, які для альбома “Я нарадзіўся тут” быў зроблены песняй. А калі пачуў расказ пра яе жыццё, зразумеў, што мне пашанцавала, бо так марыць можа толькі ВЕЛЬМІ неардынарная АСОБА.

Першыя мары

“Зразумела, першыя спевы, якія я пачула, былі матуліны — Алы Іванаўны Грыневіч. Для мяне яны пачалі гучаць у Ашмянах 10 лістапада 1977 года.

Сям’я ў нас вельмі музыкальная. Бабуля, Варвара Кузьмінічна Альфяровіч, грала на балалайцы, дзядуля — Іван Іосiфавiч — на скрыпцы. А мама ўвогуле была настаўніцай музычнай школы, выкладала фартэпіяна.

Нягледзячы на тое, што мой тата, Іван Ігнатавіч, працаваў у энергетыцы, уся яго сям’я была таксама музыкальнай. Так што гены ў мяне, што ноты — музыка.

Бацькі пазнаёміліся ў Ашмянах. Тата служыў сувязістам, добра ведаў азбуку Морзэ, і пасля войску яго часта запрашалі ў Ашмянскі ваенкамат на радыёстанцыю, праз якую ішла сувязь з Гродзенскім ваенкаматам. А мама жыла побач з ваенкаматам, там тата яе і заўважыў, і неяк на танцах пазнаёміўся. Часам тата залазіў на дрэва, як той Рамэа, каб зазірнуць у акенца і паглядзець, ці дома каханая – поўная рамантыка, бадай, толькі рамансы пад акном не спяваў.

Неўзабаве яны ажаніліся і пайшлі дзеткі. Нас у сям’і трое, я сярэдняя. Старэйшага брата завуць Васіль, малодшага — Юрась. Абодва цяпер у Піцеры, прадпрымальнікі.

Ужо ў два гады я бегала па хаце і нешта высокім голасам пішчала. Мой дзядзька, выкладчык Гарадзенскай музычнай вучэльні Алег Іванавіч Альфяровіч пачуў гэта і прафесійна заўважыў: “Будзе мая пляменніца опернай спявачкай”. Жарт жартам, але праз шмат гадоў гэтыя словы быццам бы матэрыялізаваліся ў маё раптоўнае жаданне стаць менавіта спявачкай. Было гэта пасля другога курса Маладзечанскай музычнай вучэльні, але пра ўсё па парадку.

У Ашмянах я вучылася ў 2-й сярэдняй школе. Два першыя класы — у старым будынку, астатнія — у новым.

Паралельна было восем гадоў вучобы ў музычнай школе, дзе я зразумела: музыка — гэта маё.

Менавіта ў музычнай школе я пазнаёмілася з дзецьмі, якія потым хадзілі ў мясцовы Дом піянераў “на гітару”. Шмат разоў складала ім кампанію. І падгледзела тыя “тры акорды”, якія потым стануць базай для майго “гітарнага” досведу, бо значную частку сваіх песняў я выконваю якраз з гэтым інструментам.

Некалькі гадоў таму я прыехала з выступам у родную школу, і мяне сустрэла настаўніца беларускай мовы. Як аказалася, мая аднакласніца! Яна павіталася і расказала, што яе папярэдзілі: “З Мінска прыедзе нейкая спявачка, родам з Ашмян. Ніколі б не падумала, што гэта будзеш ты…” Аказваецца, па адзін з дыскаў, зробленых мной для школы, яна спецыяльна ездзіла ў Мінск. Яна яго знайшла і набыла, аднак не магла нават уявіць, што Таццяна Грыневіч — яе былая аднакласніца…

З дзіцячых успамінаў засталася дарожка да любімай рэчкі Ашмянкі, якая працякае побач з бацькоўскай хатай, і горка каля ваенкамата, з якой зімой мы каталіся на санках. Побач быў яшчэ стадыён, дзе часта гулялі ў футбол, але цяпер яго забудавалі…

Пасля базавай адукацыі, то бок дзевяці класаў, я паступіла “на дырыжора” ў Маладзечанскую музвучэльню. Там пасля другога курса і “стрэльнула” думка наконт опернай сцэны. Вучыцца патрэбна было чатыры гады, таму, калі набліжаўся фініш, я падышла да настаўніка па вакале і расказала пра сваю мару.

Маўляў, у кансерваторыю “праслухалася”, але яны мяне не бяруць. Настаўнік параіў пайсці ў Акадэмію мастацтваў, дзе ёсць набор на спецыяльнасць “акцёр музычнага тэатра”. Па сутнасці аперэта нечым вельмі блізкая да класічнай оперы.

Першыя іспыты

Я ехала на ўступны экзамен з неверагоднай упэўненасцю ў сваім поспеху і атрымала… “двойку” ад прымы айчыннай аперэты Наталлі Гайды. Праз гады Наталля Віктараўна ацаніла мой голас, але ўжо не помніла, што некалі паставіла адмоўную адзнаку…

Вярнулася я тады да настаўніка па вакале ледзь не ў слязах. Спыталася, што рабіць далей? Пётр Пятровіч Туронак кажа: “Калі тут праблемы, паступай у Інстытут культуры на харавое аддзяленне. Там ёсць настаўнік вакалу, які табе зробіць правільнае дыханне”. Як вядома, гэта аснова для добрага спявання. Прозвішча ён не помніў.

Я такі чалавек, што калі чаго-небудзь хачу, то абавязкова дасягну. Літаральна ў першы дзень вучобы знайшла гэтага настаўніка, ім аказаўся Пакідчанка Віталій Вісарыёнавіч, і ў яго кабінеце амаль безапеляцыйна сказала яму: “Буду ў Вас вучыцца і стану опернай спявачкай!” Уяўляю, як ён тады разгубіўся, але папрасіў мяне заспяваць. Пачуўшы, схапіўся за галаву і кажа: “Нават не ведаю, чым дапамагчы… Прыходзь на заняткі, будзем разбірацца…”

Я наведвала яго заняткі амаль фанатычна — па пяць разоў на тыдзень. Спявала сама, слухала іншых. І так усе дні, калі ён працаваў, але, нягледзячы на гэта, маё развіццё ў спевах ішло надзвычай марудна.

Мой будучы муж вучыўся на іншым факультэце, і сярод яго выкладчыкаў быў Вячаслаў Антонавіч Ракіцкі, які стала працуе на радыё “Свабода”. Студэнты з добрым захапленнем расказвалі пра яго лекцыі. Адзін раз схадзіла і я. І таксама захапілася. Ён чытаў свае лекцыі, як і некаторыя іншыя, на беларускай мове, але менавіта ў яго адчувалася незвычайная шчырасць, да таго ж, мяккая “тарашкевіца” дабаўляла такой прыгажосці, што мне самой захацелася вывучыць беларускую мову.

На бліжэйшыя вакацыі ўзяла з сабой у Ашмяны “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча, слоўнічак Беларуска-расейскі і вывучыла беларускую мову.

З таго моманту ўва мне быццам бы прачнуўся ген жадання ведаў (у звычайнай школе гэтага не было). Я быццам бы праглынала новую інфармацыю.

Дыпломную работу напісала на беларускай мове і на ёй жа вырашыла абараняцца. Большасць успрыняла гэта нармальна, але некаторыя казалі: “Навошта табе гэта трэба?”. Ішоў 2001 год, а не пачатак 90-х, калі ідэі нацыянальнага адраджэння літаральна віравалі ў грамадстве.

У 2000-м мы з Матафонавым пабраліся шлюбам і нарадзіўся Адась. Так што разам з дыпломам я атрымала яшчэ і аднагадовага сына.

Аднойчы ў час аднаго выступу ў Полацку пачула: “Вам добра, у Мінску ёсць з кім размаўляць на беларускай мове, а мы тут гэтага не можам. Размаўляць няма з кім…” Адказала: “У мяне ў Мінску была такая ж праблема. Я знайшла выйсце — нарадзіла сабе сыночка…”

Менавіта з сынам звязаныя вельмі значныя падзеі ў маім жыцці. Я размаўляла з ім толькі па-беларуску, таму цалкам лагічна, што і дзіцячы садок быў абраны беларускамоўны. Напэўна, тады адзіны ў Мінску.

Дакладней, беларускамоўная група дзяцей розных узростаў. Месціцца дзіцячы садок каля вядомага многім цацачнага магазіна “Матрошка”. З мікрараёна “Зялёны Луг”, дзе тады жылі, кожны дзень мы дабіраліся каля гадзіны. У адзін бок, канешне.

У гэты ж садок вадзілі сваіх дзетак Лявон Вольскі, Вінцук Вячорка, Алесь Міхалевіч, Зміцер Сідаровіч. Пасябравалі і дзеці, і дарослыя.

Са Зміцерам Сідаровічам мы непасрэдна пазнаёміліся ў наступным годзе, калі нашы дзеці (яго Тамаш і мой Адась) разам хадзілі ў цэнтр народнай творчасці на вуліцы Кірава. Вельмі цікавымі былі заняткі па саломцы, якія праводзіла Валянціна Лойка. Адась яе так і называў — спадарыня Саломка…

Там жа дзеці наведвалі і музычныя заняткі. Аднойчы са Зміцерам мы чакалі сваіх хлопцаў, разгаварыліся і вырашылі ў будучыні зрабіць нешта разам.

У 2005-м прыйшла ідэя стварэння “Дзіцячага альбома”. Было агульнае разуменне, што для дзяцей няма ніякага беларускамоўнага матэрыялу, што ўсе мы выраслі на песнях з савецкіх мультфільмаў. Натуральна, усе яны рускія. Мы прыйшлі да высновы, што трэба стварыць нешта сваё, беларускае

Кніга “Дзіцячы фальклор” вельмі нам дапамагла. Адтуль мы са Зміцерам узялі і апрацавалі 27 песняў. Спачатку думалі, што спяваць будзем самі, а потым аддалі прыярытэт дзецям. Гэта была першая сумесная праца.

Потым запісалі “Дзіцячы альбом. Частка другая”, куды ўвайшлі калядныя і школьныя песні.

Пошукі мары

Аднак вернемся да маёй мары стаць опернай спявачкай.

Ніякага размеркавання, натуральна, не было, бо я адразу трапіла ў дэкрэтны адпачынак. Час ад часу хадзіла да свайго настаўніка па вакале, а потым амаль выпадкова даведалася, што ў нашым універсітэце па маім профілі можна атрымаць дадатковую адукацыю.

Першапачаткова ў дэканаце мне сказалі, што за год навучання стаць дыпламаванай опернай спявачкай немагчыма, і яны мне замест дыплома выпішуць даведку — “вучылася оперным спевам”. Выбару не мелася, я пагадзілася. Тата аплаціў вучобу.

Пачаліся заняткі. Ставілася да іх надзвычай адказна. Асабліва да тых, якія не былі “ідэалагічнымі”.

Прадстаўніцы дэканата прысутнічалі на экзаменах і чулі, як я спяваю, і ўрэшце рэшт выдалі не выпіску пра тое, што вучылася, а рэальны дыплом з кваліфікацыяй “спявак оперны — канцэртны”. Аказалася, дзеля мяне жанчыны хадзілі ў міністэрства адукацыі і ім “в порядке исключения” дазволілі выдаць “диплом установленного образца”.

Жаданы дыплом нічога, акрамя маральнага задавальнення, не даваў. На шчасце, адна са знаёмых сказала, што ў яе школе ёсць стаўка акампаніятара танцаў.

Заробак невялікі, але гэта было выйсцем. Тым больш, што яшчэ падчас вучобы выкладала ў розных школах.

У якасці акампаніятара прапрацавала некалькі гадоў. Гэта даволі цікава. Я глядзела, як дзетак вучаць танчыць, а калі гэта было магчымым, падыходзіла да “станка” сама і паўтарала іх практыкаванні.

Самастойна займалася і вакалам.

Потым два месяцы спявала ў хоры “Санорус” пад кіраўніцтвам Аляксея Шута, і нарэшце мяне прынялі ў Дзяржаўны камерны хор Беларускай філармоніі, дзе прапрацавала 12 гадоў.

Не скажу, што там было ўсё “без праблем”. Магчыма, мой голас не адпавядаў іх узроўню, а магчыма “недарэчнасці” адбываліся таму, што мая індывідуальнасць заўжды ішла наперадзе.

Хор жа — гэта калектыў са сваімі патрабаваннямі, дзе трыццаць чалавек павінны быць адным арганізмам, і сярод яго — “маленькая атамная станцыя”, як часам жартаваў Валер Мазынскі пра мяне.

Мара беларушчыны

Пад канец 2008-га ў мяне з’явілася скрыпка, якая цудоўна спалучалася з дудой Зміцера Сідаровіча, і ён сказаў: “Будзеш маёй скрыпачкай”.

Бедныя мае родныя і суседзі…

Музычная адукацыя дазваляла засвоіць новы інструмент самастойна, і даводзілася займацца па некалькі гадзін на дзень.

Ужо праз два месяцы мы дэбютавалі ў мінскім Палацы моладзі, а яшчэ праз паўгода кавярня “Жар-птушка” (некалі такая была) прапанавала папрацаваць у іх, бо дырэктарка захацела, каб у кавярні адбываліся народныя танцы.

Зміцер нядоўга думаючы сабраў гурт, і да нас далучыліся Ігар Доўгі (барабан) і Аляксей Крукоўскі (гарманіст). Кожны чацвер у кавярні адбываліся адпаведныя вечарынкі, што для мяне асабіста азначала трохгадзіннае практыкаванне ігры на скрыпцы.

Дарэчы і цяпер адбываюцца такія ж танцы летам на вуліцы недалёка ад Ратушы, а ўзімку — у розных закрытых памяшканнях. Цяпер гурт наш называецца капэла “На таку”, але разам з танцорамі, з якімі мы ладзім народныя танцы, мы аб’ядналіся ў клуб, які мае назву “Сіта”.

А тады, у 2009 годзе, нас са Зміцерам запрасілі ў Нью-Ёрк. Аб’яднанне амерыканскіх беларусаў святкавала 60 гадоў сваёй дзейнасці і на імпрэзе з гэтай нагоды таксама хацела бачыць народныя танцы.

У Нью-Ёрку адбылося вельмі важнае для мяне знаёмства з Сержуком Сокалавым-Воюшам. Хутка ў нас адбыўся творчы саюз, які матэрыялізаваўся ў цэлы шэраг сумесных праектаў. У прыватнасці, у дыск “Паспеўкі”, у якім яго пераклады і аўтарскія тэксты спявалі я і мой сын, а напрыканцы тры песні выканаў сам Сяржук. Словам, паспявалі… Таму і “Паспеўкі”…

Творчыя кантакты з Сержуком яшчэ больш зрабілі мяне беларускай. Калі раней у розных сітуацыях я яшчэ магла перайсці на расейскую мову, то цяпер яна амаль цалкам пайшла з майго жыцця. Размаўляю толькі па-беларуску.

У той жа час вядомы паэт Міхась Скобла прапанаваў падарожнічаць разам з ім па школах у межах культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Маўляў, ён чытае вершы, я — спяваю.

За гэтыя гады творчым дуэтам мы аб’ездзілі безліч беларускіх школ.

Мабыць, усё папярэдняе было толькі добрай прыступкай да майго асабістага шляху ў беларускім творчым жыцці, бо потым творчыя праекты пайшлі адзін за адным. У 2011 годзе выйшаў мой альбом “Шыпшына”. Музычны крытык Вітаўт Мартыненка даўно раіў мне запісаць альбом беларускіх рамансаў і, урэшце рэшт, ён з’явіўся.

Пасля адной з вечарын прагучала думка, што няма нічога для дзяцей музычна-навагодняга па-беларуску. Спачатку я ад гэтай ідэі “адмахнулася”, а калі да свята заставаўся месяц, мяне быццам бы асяніла — трэба зрабіць.

Але без сяброў за такі кароткі тэрмін зрабіць нічога немажліва. Дзякуй Вользе Кашэвіч, якая цудоўна грае на фартэпіяна і заўжды адгукаецца на самыя нечаканыя творчыя ідэі. Дзякуй гукарэжысёру Валеру Бяляеву, які нястомна робіць працу за працай, і нашы дыскі растуць, як грыбы. І дзякуй сыну Адасю, які за тыдзень змог вывучыць усе песні, і Лоры Арловай за цудоўнейшую вокладку.

Шчыра кажучы, тады ўсім прыйшлося паднатужыцца. Нават Юрась Жыгамонт начытаў навагодніх вершаў у студыі, каб песні чаргаваліся вершамі. Так узнік дыск “З Новым годам”.

З вершамі звязаны і своеасаблівы працяг той працы. Аднойчы перад чарговым выступам высветлілася, што Адась (мы выступаем разам) не вывучыў верш, які яму загадалі вывучыць у школе. Часу, каб гэта зрабіць, не было, і я запісала тэкст верша на дыктафон. Ён шмат разоў яго праслухаў, натуральна, нешта запомніў, і гэта выратавала дзіця ад дрэннай адзнакі.

Праз пэўны час я выпадкова зноў праслухала той запіс, і раптам нарадзілася ідэя зрабіць дыск з вершаў, якія ў школе задаюць вучыць “на памяць”.

Ідэя ўсім вельмі спадабалася, і мы прыступілі да яе рэалізацыі.

Школьныя вершы чыталі вядомыя ў краіне людзі: заслужаная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, паэты Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі, публіцыст Сяргей Дубавец і шмат хто іншы. А спявак Лявон Вольскі, дарэчы, прачытаў два вершы свайго бацькі Артура Вольскага.

На гэты раз ужо вершы “разбаўляліся” песнямі, тэксты якіх таксама вучацца “на памяць”. Напрыклад, “Мой родны кут” Якуба Коласа альбо “Зорка Венера” Максіма Багдановіча. Атрымаўся падвойны дыск “Няма прыгажэй ад маёй Беларусі”.

Цяпер настаўнікі дзякуюць за тое, што Адась некалі не вывучыў верш, бо ў выніку мы зрабілі вельмі патрэбную для беларусаў справу.

Наступны паэтычны дыск таксама прыйшоўся настаўнікам да спадобы. У школьнай праграме шмат вершаў, якія не вучацца “на памяць”, але выразна чытаюцца. Вось гэтыя вершы і сталі асновай дыска, яшчэ дадаліся вершы, якія “сышлі” са школьнай праграмы за апошнія гады, ну і, вядома, песні, якія прагучалі пад акампанемент цудоўнага піяніста Юрыя Гільдзюка – мастацкага кіраўніка Белдзяржфілармоніі. Дыск называецца “Сотня вершаў”.

А тое, што многія вершы на дыску “Сотня вершаў” чытаюць аўтары, стала падказкай для стварэння наступнага дыска — “Галасы паэтаў”.

Гэты праект быў пашыраны, бо, акрамя паэтаў сучасных, на дыску змешчаны архіўныя запісы галасоў Коласа, Купалы, Куляшова, Вялюгіна, Караткевіча, Панчанкі, Танка, запісы Ларысы Геніюш, Таццяны Сапач, Ніны Мацяш. Агулам шэсцьдзясят галасоў творцаў.

Потым з архіваў мастака Аляксея Марачкіна быў зроблены дыск “Мара”. Ніколі не думала, што ён так добра спявае народныя песні. Такі прыгожы аксаміцісты голас, які часам нават нагадваў мне голас Шаляпіна… І вершы свае таксама чытае цудоўна. І змясцілі на дыску каля 80 выяў карцін.

Далей — дыск гурту “Рутвіца” з беларускімі абрадавымі спевамі і дыск з голасам беларускай паэткі Іны Снарскай, якая чытае свае вершы.

Зараз завяршаецца праца над дыскам “Беларускія танцы для забавы і навучання”.

Калі нехта думае, што гэтая праца прыносіць камерцыйны прыбытак, ён моцна памыляецца. Грошы на іх я адкладвала са сваёй мізэрнай зарплаты. Сёння крыху дапамагаюць спонсары, але іх дапамога не заўжды пакрывае ўсе расходы.

Услед за марай

Працягну пра тое, як надалей працавала над сваім голасам.

Нейкі час я выступала разам з Юркам Габрусем, які прыйшоў у наш хор арганістам і добра спяваў тэнарам. Мой Адась у гэты час дарос ужо да баса, плюс маё сапрана, плюс альт пляменніцы Надзеі Міцэвіч…

Заснавалі ансамбль, і гэтым складам давалі канцэрты у касцёлах, у іншых месцах. Але аднойчы на творчай глебе мы паcпрачаліся з Юркам, і ён сказаў, што мне не стае прафесіяналізму. Дзякуй яму за гэта, бо гэта быў голас з нябёсаў аб тым, што забылася на сваю мару.

Паставілася да гэтага надзвычай сур’ёзна, сабрала “кансіліум” сваіх дзядзькаў. Алег Іванавіч і Валерый Іванавіч – прафесійныя музыкі — заўжды былі побач, калі патрэбна была творчая парада. Менавіта з таго моманту я аднавіла сур’ёзныя заняткі па вакале, а праз два месяцы наш хор павінен быў спяваць оперу “Паяцы”. Даведаўшыся пра такія планы, даследавала ўсю інфармацыю пра гэты твор. Праслухала-прачытала ўсё, што ёсць на гэты конт у інтэрнэце. З усіх варыянтаў мне найбольш спадабаўся тэнар вялікага Пласіда Дамінга.

Пад час першай рэпетыцыі з аркестрам хор выканаў свае партыі, і нам прапанавалі або заняцца сваімі справамі, або пасядзець у зале, паслухаць італьянскага выканаўцу. Я, канешне ж, абрала другое.

Так упершыню ў жыцці пачула ў жывую тэнара сусветнага узроўню — Франчэска Аніле. Напэўна, Франчэска заўважыў маю цікаўнасць да яго выканання, бо калі на наступны дзень я папрасіла, не ведаючы ні італьянскай, ні ангельскай мовы, даць мне ўрокі вакалу, ён пагадзіўся.

Калі некаторыя прадстаўнікі творчай беларускай эліты даведаліся, што я збіраюся вучыцца, яны не разумелі сэнс гэтага кроку. Маўляў, з маім узроўнем трэба не вучыцца, а вучыць.

Канешне, гэта падняло самаацэнку, але на першым жа майстар-класе Франчэска “астудзіў” градус пахвальбы, і я зразумела, што гэта толькі пачатак – наперадзе шмат працы. Так яно і ёсць.

Нечакана мне зноў пашанцавала. Пры чарговым наведванні Нью-Ёрка, па запрашэнні амерыканскіх беларусаў, высветлілася, што ў знакамітай “Метраполітэн-опера” ў той жа час выступаюць італьянскія спевакі. З дапамогай Франчэска Аніле я патрапіла туды і пазнаёмілася з САМІМ Пласіда Дамінга… Мары збываюцца!!!

Але самая вялікая мара яшчэ застаецца, яна лейтматывам праходзіць праз усё маё жыццё, не даючы прыпыніцца, адкрываючы ўсё новыя і новыя прасторы. Оперныя спевы. Спевы, у якіх працуюць творцы найвышэйшага прафесійнага гатунку. А таму заняткі вакалам і самаўдасканальванне працягваюцца і будуць працягвацца ўсё жыццё. (Цяпер дзеля гэтага асвойваю новы для мяне інструмент – трубу, якая лепей дапаможа разабрацца з асновамі дыхання.)

І апошняе.

З Алесем Матафонавым мы, па маладосці, па неабачлівасці, разышліся. Адасю было толькі тры гады. Я засталася, па-ранейшаму, Матафонавай, не хацела розных з сынам прозвішчаў. Карыстацца ж дзявочым стала дзякуючы парадзе Сержука Сокалава-Воюша. Ён заўважыў слушна: “Грыневіч гучыць больш па-беларуску”.

21.12.2016

6-%d0%b3%d0%b0%d0%b4%d0%be%d1%9e %d0%97-%d0%91%d0%90%d0%91%d0%a3%d0%9b%d0%af%d0%99-%d0%92%d0%90%d0%a0%d0%92%d0%90%d0%a0%d0%90%d0%99-%d0%9a%d0%a3%d0%97%d0%ac%d0%9c%d0%86%d0%9d%d0%86%d0%a8%d0%9d%d0%90%d0%99jpg %d1%81%d1%8f%d0%bc%d1%8f-%d0%b4%d0%b7%d1%8f%d1%86%d1%96%d0%bd%d1%81%d1%82%d0%b2%d0%b0 %d0%bb%d1%96%d1%81%d1%96%d1%87%d0%ba%d0%b0-%d0%bd%d0%b0-%d1%91%d0%bb%d1%86%d1%8b 16-%d0%b3%d0%b0%d0%b4%d0%be%d1%9e-%d0%97-%d0%b1%d1%80%d0%b0%d1%82%d0%b0%d0%bc %d0%97-%d0%9c%d1%96%d1%85%d0%b0%d1%81%d1%91%d0%bc-%d0%a1%d0%ba%d0%be%d0%b1%d0%bb%d0%b0%d0%bc %d0%97-%d0%9f%d0%bb%d0%b0%d1%81%d1%96%d0%b4%d0%be-%d0%94%d0%b0%d0%bc%d1%96%d0%bd%d0%b3%d0%b0 %d0%b7-%d0%a1%d0%b5%d1%80%d0%b6%d1%83%d0%ba%d0%be%d0%bc-%d0%a1%d0%be%d0%ba%d0%b0%d0%bb%d0%b0%d0%b2%d1%8b%d0%bc-%d0%92%d0%be%d1%8e%d1%88%d0%b0%d0%bc %d0%97-%d0%a1%d0%ab%d0%9d%d0%90%d0%9c-%d0%90%d0%94%d0%90%d0%a1%d0%af%d0%9c-%d0%86-%d0%93%d0%95%d0%9d%d0%90%d0%94%d0%97%d0%af%d0%9c-%d0%91%d0%a3%d0%a0%d0%90%d0%8e%d0%9a%d0%86%d0%9d%d0%ab%d0%9c %d0%93%d1%83%d1%80%d1%82-%d0%97%d0%bc%d1%96%d1%86%d0%b5%d1%80%d0%b0-%d0%a1%d1%96%d0%b4%d0%b0%d1%80%d0%be%d0%b2%d1%96%d1%87-%d0%b7%d0%bb%d0%b5%d0%b2%d0%b0 %d0%9a%d1%83%d0%bf%d0%b0%d0%bb%d0%bb%d0%b5