Ягораў Андрэй

%d0%b5%d0%b3%d0%be%d1%80%d0%be%d0%b2-1

З кнігі "Арытмія, альбо Код супраціву"

Яго палітычныя каментары час ад часу прыходзяцца даспадобы не ўсім. Самае цікавае, што іх апаненты амаль заўсёды бываюць па розныя бакі палітычных бар’ераў. Адны крытыкуюць, другія ўсхваляюць. І наадварот. Бывае, нават не верыцца, што ў фокусе грамадскай увагі аднолькавыя рэчы.

Гранітнае” дзяцінства

Андрэй Ягораў нарадзіўся 4 красавіка 1979 года. Яго бацькі (маладыя выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў) некаторы час “падарожнічалі” па Беларусі і “аселі” ў гарадскім пасёлку Мікашэвічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці, дзе і прайшло дзяцінства будучага палітолага.

Як і многія беларускія мястэчкі, Мікашэвічы знаходзіліся ў габрэйскай “рысе аседласці”, што вызначала галоўны накірунак жыцця. Індустрыялізацыя там пачалася толькі ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. Тады і пабудавалі знакаміты “Граніт”, які стаў “градаўтваральным” прадпрыемствам. Для працаўнікоў завода пабудавалі шматпавярховыя “блочныя” дамы, і з гарадскога пасёлка Мікашэвічы ператварыліся ў горад.

У школу Андрэй Ягораў пайшоў у 1987 годзе, а скончыў яе, натуральна, у 1996-м. Напэўна, на дадзеным перыядзе жыцця падрабязна спыняцца патрэбы не было б, каб на гэты момант не прыходзіўся фініш існавання СССР і панавання камуністычнай ідэалогіі.

Акцябронкам і піянерам Ягораў яшчэ паспеў пабыць, а вось камсамольцам – не. Пачалася Незалежнасць. Ідэалагічныя канструкты савецкага ладу рухнулі, і ў настаўнікаў, як і ў вучняў, з’явілася магчымасць нешта абмяркоўваць, абіраць.

Напрыклад, мову выкладання той жа матэматыкі. Андрэй Ягораў хацеў, каб ёй была беларуская, але ён быў адзіным у класе, таму застаўся “великий и могучий”. Астатнія, мабыць, спужаліся перакладу звыклых тэрмінаў на беларускую мову…

Бурлівае юнацтва

Тым, хто вучыўся ў тыя гады, можна толькі шчыра зайздросціць, бо ні раней, ні зараз такой “вольніцы” ў навучальным працэсе не назіраецца. Сёння цяжка нават уявіць, што тады з аднадумцамі Ягораў выпускаў школьную газету, якая называлася “Правда-матка”. Раздрукоўвалі яе на каляровым прынтары.

Нічога непрыстойнага там не пісалася, але на той момант у яе быў вельмі “востры” змест. Газета вісела на адпаведным стэндзе звычайна хвілін 10 — адзін перапынак паміж урокамі. Такой была рэакцыя на крытыку школьнай адміністрацыі.

“Рэдакцыйны калектыў” складаўся не толькі з аднакласнікаў Андрэя – былі вучні і другіх класаў. Называлі яны сябе “чараватымі карузлікамі” (казачныя дробныя чэрці – заўвага аўтара). Ёсць такія персанажы ў “Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” Яна Баршчэўскага. Вельмі актыўныя істоты…

У старэйшых класах паўстала дылема, дзе вучобу працягнуць далей. З аднаго боку былі значныя поспехі па так званых “дакладных” прадметах і ўдзел у алімпіядах па матэматыцы, фізіцы, хіміі, з другога — маніў гуманітарны накірунак. І не толькі таму, што падчас росквіту нацыянальнай самасвядомасці ў іх школе з’явіліся настаўнікі новай фармацыі (напрыклад, адзін з вучняў знакамітага Міхася Ткачова), проста ў гэтым накірунку можна было прынесці больш карысці сваёй краіне.

Напісаў і ледзь не зачырванеў ад пафасу. Напэўна, гэта таму, што сёння моладзь думае выключна прагматычна, а тады рамантычныя настроі так панавалі ў грамадстве, што многія пераканана лічылі – нацыянальнае адраджэнне перамагло назаўсёды і ніякага вяртання «ў Савецкі Саюз» больш не будзе.

На жаль, усе мы памыліліся…

Прэстыжнае студэнцтва

Сярэднюю школу Андрэй Ягораў скончыў з залатым медалём, але тады гэта ўжо не дазваляла “здаваць адзін экзамен”. Тым больш, што быў абраны суперпрэстыжны факультэт міжнародных адносін БДУ, які толькі-толькі “адпачкаваўся” ад гістфака.

Як вядома, моладзі ўласцівы максімалізм, але справа зусім не ў гэтым. Прычынай празаічнае глупства, якое абумоўлена адсутнасцю адпаведнага досведу – на экзамене па любімай матэматыцы Ягораў страціў адзін бал і не паступіў.

Было гэта летам 1996 года, а восенню Андрэй Ягораў пайшоў на падрыхтоўчае аддзяленне. Па-першае, гэта давала адтэрміноўку ад вайсковай службы. Па-другое, з’яўлялася высокая верагоднасць паступлення на наступны год. Па-трэцяе, дзеці з Чарнобыльскай зоны, да якой тады адносіліся Мікашэвічы, вучыліся бясплатна.

Але адзін з уступаў нечакана замянілі другім (у тыя гады такое бывала даволі часта), і Андрэю Ягораву прыйшлося пайсці на аддзяленне паліталогіі юрыдычнага факультэта БДУ. Так лёс (напэўна, невыпадкова) паставіў яго на шлях, якім ідзе і па гэты дзень.

Неардынарная дыпломная работа дазволіла пасля заканчэння ў 2002 годзе адной вучобы адразу заняцца другой. Андрэй Ягораў атрымаў накіраванне ў магістратуру, дзе адвучыўся яшчэ год. Потым была яшчэ аспірантура, але абараніцца ён не змог. Дакладней, у гэтым больш не было ніякага сэнсу, бо афіцыйная паліталогія стала часткай афіцыйнай ідэалогіі. Навуковую работу, якая не адпавядае “лізаблюдскім стандартам”, у тыя гады (у адрозненне ад нашых) напісаць у дзяржаўных установах яшчэ можна было, а вось абараніць – ужо немагчыма.

Палітолаг Андрэй Казакевіч зрабіў гэта ў Каунасе, у Інстытуце Вітаўта Вялікага. Яго цёзка Андрэй Ягораў нават не стаў марнаваць час.

Новы накірунак

На апошніх універсітэцкіх курсах акрамя непасрэднай вучобы Андрэй Ягораў пачаў займацца тым, што на навуковай мове называецца грамадска-палітычнай дзейнасцю. Напрыклад, валанцёрскай дапамогай толькі-толькі створанаму праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

Да таго ж будучыя палітолагі ўжо пачалі пісаць артыкулы і задумалі зрабіць часопіс “Палітычная сфера”. Ідэя стала рэальнасцю. Ён выходзіць па гэты дзень.

І яшчэ некалькі даволі важных момантаў.

У 1999 годзе Андрэй Ягораў пачаў наведваць Беларускі калегіум, дзе адукацыя была зусім іншай і значна больш цікавай чым у БДУ.

У 2000 годзе ён упершыню наведаўся на семінар, які праводзіў вядомы метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Спадабалася, аднак тады Андрэй Ягораў яшчэ не ведаў (і не мог ведаць), што праз пяць год будзе працаваць побач з ім. У такіх выпадках звычайна кажуць – “пути Господни неисповедимы”.

Прэзідэнцкія выбары 2001 года ў нейкім сэнсе сталі крахам многіх надзей на хуткія перамены і паказалі, што гэта ўлада прыйшла “всерьез и надолго”. Больш за тое, з кожным днём станавілася відавочней, што яна не збіраецца “цырымоняцца” з апанентамі.

Таму цалкам зразумела, чаму Андрэй Ягораў прыйшоў у маладзёвы рух “Зубр”. І займаўся там у асноўным праваабарончай дзейнасцю. Была наладжана вельмі добрая сістэма збору інфармацыі, усе актывісты былі падрабязна праінструктаваны, кожны меў “памятку” наконт арышту альбо затрымання.

“Зубр” даволі хутка пачаў “пачкавацца”, і сёння амаль ва ўсіх палітычных структурах ёсць “зубраняты”… Амбіцыі… Амбіцыі… На жаль, часта яны перашкаджаюць справе..

…Як вядома, на стыпендыю аспіранта пражыць амаль немагчыма, а “даіць” маці Андрэю не дазваляла сумленне. Асабліва, калі ўлічыць яго малодшага (на восем год) брата. Ягораў разумеў, што ў сям’і матэрыяльнае становішча складанае і без яго праблем. Ён пачаў шукаць работу.

З магістэрскім дыпломам не ўзялі ні ў адну прыватную ВНУ. Маўляў, абароніш дысертацыю – прыходзь. Таму яму прыйшлося пайсці працаваць “не па спецыяльнасці” – пільнаваў піўную палатку ў сталічным парку імя Янкі Купалы. Ноччу спаў унутры, раніцай і вечарам растаўляў-збіраў стулы, падмятаў вакол.

Зразумела, зімой такое немагчыма, і ў 2003 годзе Андрэй Ягораў пайшоў працаваць у прыватную кампанію “Юрспект”, якая спецыялізавалася вытворчасцю даведкава-прававой сістэмы. Прапрацаваў там да 2005 года, калі Уладзімір Мацкевіч паклікаў яго ў Кіеў, займацца арганізацыйнай работай гульні “Распрацоўка пераможнай палітычнай стратэгіі для Беларусі”.

З гэтага пачаўся новы перыяд у яго жыцці. Андрэй Ягораў стаў часткай “каманды Мацкевіча”. Жартоўна яны гэта называюць “Агенцтва гуманітарных тэхналогій II”.

Дзеля будучыні

Паўтаруся, што не люблю ўзнёслай пафаснасці, але без яе не абысціся, калі гутарка ідзе пра будучыню цэлай краіны. На мой погляд, апазіцыя амаль 18 год не можа перамагчы дзеючую ўладу па той прычыне, што заўсёды імкнецца гэта зрабіць “з наскоку”, не падрыхтавана. Забываючы пры гэтым, што з другога боку знаходзяцца не толькі халуі, але і прафесіяналы.

Калі ўзяць усе апошнія прэзідэнцкія выбары, то нават неэксперту зразумела: перамога не адбылася па прычыне адсутнасці адзінай палітычнай стратэгіі. І адзінства ўвогуле. Такое ўражанне, што нехта наўмысна перашкаджае сваім візаві быць паспяховымі, разумнымі, аўтарытэтнымі. І (самае цікавае) апошніх цалкам задавальняе такі “расклад”…

Успамінаю, як мінулай вясной з’явілася прапанаваная “Агенцтвам гуманітарных тэхналогій” “Стратэгія-2012”, як варожа яе сустрэлі ў апазіцыйным асяроддзі, матывуючы гэта немагчымасцю перамоваў з уладамі, пакуль у краіне ёсць палітзняволеныя. Так то яно так, але ўсё гэта вельмі нагадвае высакародную “адмазку”.

І амаль ніхто тады не звяртаў увагу на тое, што галоўнае ў гэтай канцэпцыі – прымусіць размаўляць. Размаўляць на роўных, а не падпарадкоўвацца напісанаму спецслужбамі сцэнару. ТОЛЬКІ ТАК!

Прайшоў год… І што? Сярод апанентаў улады маем яшчэ большы “раздрай”, чым быў у сакавіку 2011-га, поўнае разуменне таго, што час быў страчаны амаль марна, і пытанне – колькі можна?

Банальна, канешне, успамінаць пра танцора, якому вечна нешта перашкаджае. Нагадаю толькі, што ў такіх выпадках часцей за ўсё змяняюць не мелодыю, а самога танцора…