Калінкіна Святлана

%d0%9a%d0%90%d0%9b%d0%86%d0%9d%d0%9a%d0%86%d0%9d%d0%90

З кнігі "Інтэрв'ю, якіх не было"
  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

У журналістыцы з 1989 года. Працавала палітычным аглядальнікам інфармацыйнага агенцтва БелТА, першым намеснікам галоўнага рэдактара штотыднёвіка “Имя”, першым намеснікам, а потым галоўным рэдактарам “Белорусской деловой газеты” і адзінага ў Беларусі выдання, якое спецыялізавалася на журналісцкіх расследаваннях “БДГ. Для служебного пользования”. Зараз — шэф-рэдактар газеты “Народная воля” і галоўны рэдактар сайта “Беларускі партызан”.Уладальнік нямецкай прэміі імя Герда Буцэрыюса і прэміі Камітэта абароны журналістаў (Нью-Йорк). 

1

Шчыра кажучы, журналісцкую прафесію я лічу справай суб’ектыўнай, а ўсе размовы пра аб’ектыўнасць — прыгожай словаформай, якая, па вялікім рахунку, не можа мець пад сабой рэальнага сэнсу. Бо менавіта журналіст падбірае словы, характарыстыкі, перадае ўражанні, атмасферу, у якой ён апынуўся. І ў гэтым выпадку “праўдзівасць”, “сумленнасць”, “аб’ектыўнасць” выступаюць нейкімі ідэальнымі канструкцыямі, якія не ў поўным сэнсе адпавядаюць зместу нашай прафесіі. Журналіст, на мой погляд, павінен быць сумленным перад самім сабой. Немагчыма ведаць усе акалічнасці той ці іншай падзеі, не заўсёды можна мець усю інфармацыю пра “закулісе” той ці іншай з’явы, пра шкілеты ў шафе той ці іншай асобы, і таму амаль кожны матэрыял нехта можа прызнаць неаб’ектыўным ці няпоўным, ці несумленным. Але я лічу, што не трэба надаваць журналістам і журналістыцы місію Госпада Бога. Давайце прызнаем, што няма тых матэрыялаў, якія не маглі б быць дапоўнены і дапісаны. Але калі журналіст не хоча гэтага рабіць, калі на некаторыя падзеі ці з’явы ён заплюшчвае вочы, калі тэндэнцыйна падбірае аргументы, калі проста лжэ па нечыяй просьбе альбо ў спробе пазбегнуць нейкіх непрыемнасцей, — вось гэта ўжо шулерства.

І ў гэтым сэнсе мне зусім не зразумела, як журналісты могуць працаваць і над напісаннем рэкламных тэкстаў, і над звычайнымі артыкуламі. Я проста забараніла б такія эксперыменты, бо рэклама, “джынса” — гэта менавіта тое, што супрацьпаказана прадстаўнікам нашай прафесіі. Тое, чаго нельга рабіць ні ў якім разе. Гэта наркотык, які нават не трэба спрабаваць! Проста, каб на яго “не падсесці”.

Іншая справа, што ў Беларусі выбар паміж “чэснасцю” і “нячэснасцю” — гэта выбар не столькі прафесійны, колькі выбар грамадзянскай пазіцыі. Бо як толькі ты не пагаджаешся заплюшчваць вочы і задаеш “не тыя пытанні”, адразу становішся “нячэсным”. Але ў такім жа стане знаходзяцца настаўнікі, эканамісты, дзеячы культуры, дзяржаўныя служачыя… Па вялікім рахунку, у такім стане аказалася ўся наша краіна.

2

Калі Аляксандр Лукашэнка і яго каманда прыйшлі да ўлады, я была палітычным аглядальнікам дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва “БелТА”. У той час нават і блізка не было той цэнзуры, што існуе ў дзяржаўных СМІ сёння, але раптам узнік такі аргумент пры “праходжанні” матэрыялаў у свет, як “мэтазгоднасць”. То высвятлялася, што “немэтазгодна”, каб грамадскасць ведала, што жонка Лукашэнкі не паедзе з ім у Мінск, то “немэтазгодна”, каб з’явіўся матэрыял аб спрэчках, якія вяліся на пасяджэнні ўрада. З тых часоў, дарэчы, я зненавідзела слова “метазгоднасць” — яно скрозь фальшывае, ужываецца толькі тады, калі няма сапраўдных аргументаў. І вось у адзін цудоўны момант высветлілася, што значная частка маіх матэрыялаў проста не выходзіць: я атрымліваю за іх ганарар, у мяне цудоўныя паказчыкі “па радках”, за разнастайнасць падыходаў і тэм мне выпісваюць прэміі, але… На маё пытанне “Чаму не бачаць свет тэксты, за якія мяне нахвальваюць на планёрках?” быў адказ: “Геніяльныя пісьменнікі дзесяцігоддзямі пісалі ў стол…”. Ведаеце, я не геній і не пісьменнік, я абрала зусім іншую прафесію, якая прадугледжвае публічнасць і дазваляе табе знаходзіцца ў самай гушчы падзей, адчуваць “драйв”, нерв дня сённяшняга… Напэўна, каб у гэтым не было нейкай унутранай патрэбы, то я б не на журфак пайшла, а, напрыклад, на гістарычны факультэт, дзе і пісаць можна дзесяцігоддзямі, і падзеі сённяшнія цікавяць менш, чым тое, што адбывалася дзесяцігоддзі і стагоддзі таму. Адным словам, з “БелТА” я звольнілася і ў той жа дзень была прынята на работу ў “Белорусскую деловую газету”.

Увогуле я чалавек, якому цяжка падпарадкоўвацца. Мяне можна пераканаць, але немагчыма прымусіць. Гэта нават не светапогляд, гэта характар такі. Таму я добра разумею, што ў сённяшняй дзяржаўнай журналістыцы мне проста няма месца. Бо без дазволу, без санкцыі, без думак пра мэтазгоднасць кроку не ступіш. Я так не ўмею, не магу і не хачу вучыцца. Таму я і не шкадавала ніколі пра тое, што сышла. Клетка, нават залатая, яна ўсё ж такі клетка.

3

Мае родныя не падтрымалі маё рашэнне ісці ў журналістыку. Справа ў тым, што ў маёй сям’і ўвогуле няма гуманітарыяў, і нашы традыцыйныя сямейныя сходы — гэта класічныя спрэчкі фізікаў і лірыкаў. Прычым “лірык” прадстаўлены адной асобай — мною.

Не буду ўтойваць, што бацькі настойліва адгаворвалі мяне ад гэтай прафесіі. І нават не таму, што яна ім не падабалася: проста ні пры паступленні ў БДУ, ні ў далейшай кар’еры мне ніхто не мог дапамагчы — у коле знаёмых нашай сям’і не было літаральна ніводнага чалавека, які б меў нейкае дачыненне да СМІ. Але па маладосці гадоў гэтая акалічнасць мяне зусім не бянтэжыла. І я, выслухаўшы розныя меркаванні, усё ж такі аднесла дакументы менавіта на журфак. Мама і сёння шкадуе, што я не стала, напрыклад, доктарам. А я не шкадую. Упэўнена, што менавіта журналістыка — тая спецыяльнасць, якая мне найбольш падыходзіць. У мяне ёсць дрэнная якасць: я занадта цікаўная. Ну, у якой яшчэ сферы такая “дрэнная якасць” магла б стаць перавагай?

Упэўнена, што ў нашай прафесіі галоўнае, каб чалавеку было ЦІКАВА, што, дзе, з кім і чаму адбываецца. І гэтаму, на жаль, навучыць нельга. Таму, як мне здаецца, далёка не ўсе людзі, якія добра валодаюць словам, знаходзяць сябе ў журналістыцы і адчуваюць сябе ў прафесіі камфортна. Мне — камфортна!

Дарэчы, у маёй сям’і катэгарычна забаронена “прыквохтваць”: маўляў, “у мамы рызыкоўная работа”. Звычайная работа. Цікавая і любімая. А не рызыкуе толькі той, хто днямі, седзячы на канапе, вышывае крыжыкам. Але я б ад суму звар’яцела на гэтай самай канапе.

4

Нарадзілася я ў Мінску 12 верасня 1970 года. Толькі ў апошнія гады стала шчыра прызнавацца ў сваім узросце, а так “накідвала сабе” дадатковыя гады, бо мне здавалася, што з-за маладосці мяне ніхто не будзе ўспрымаць сур’ёзна. Увогуле я і сама не вельмі станоўча стаўлюся да “лёсавызначальных высноў” васемнаццаці- і дваццацігадовых журналістаў. Сёння скажу: у кожнага ўзросту, у тым ліку і прафесійнага, ёсць цудоўныя бакі. Таму не трэба маладзёнам па-старэчы бурчэць, бо перыяд мудрасці і глыбокіх лёсавызначальных высноў, для якіх усё ж такі патрэбен жыццёвы вопыт, яшчэ прыйдзе. У гэтым сэнсе ў нас такая прафесія, у якой “пенсіянерам” можна стаць і ў дваццаць гадоў, а можна не стаць ніколі.

Скажу яшчэ пра адно сваё “прафесійнае адкрыццё”: не клеяцца справы ў журналістыцы ў тых, хто найперш цікавіцца сабой. Я гэта называю “перагаварыць спецыяліста”, і калі бачу ў інтэрв’ю пытанні, даўжэйшыя за адказ, то адразу стаўлю дыягназ: прафнепрыдатнасць. Журналіст у першую чаргу павінен цікавіцца чужымі меркаваннямі, а не выпінаць сябе. Яшчэ раз паўтару: на мой погляд, цікаўнасць — аснова прафесіі.

Што тычыцца асабіста мяне, то я доўгі час не магла вызначыцца з тым, што ж мне больш цікавае. Бо праўдзівым адказам было: “Усё!” І чаму “размаўляе і паказвае” тэлевізар, і як жывуць людзі на беразе Бухты Залатога Рога, і што такое касмічныя войны… У выніку было знойдзена універсальнае рашэнне — журналістыка, паколькі яна дазваляе цікавіцца ўсім!

Праўда, я не сама знайшла гэтае рашэнне, жыццё знайшло яго за мяне. Неяк да нас у школу прыйшла журналіст з праграмы для юнацтва Беларускага радыё. Распытвалася пра стаўленне да алкагольных напіткаў. А потым, праслухваючы запіс, рэжысёры звярнулі ўвагу менавіта на мой адказ. Не на сэнс яго, а на голас. Так я атрымала запрашэнне весці праграму на радыё. Пачала рабіць рэпартажы, сустракацца з рознымі людзьмі, ездзіць па краіне. І аднойчы зразумела: гэта менавіта тое, чым я хацела б займацца, бо ў гэтай прафесіі мне не будзе маркотна.

5-7

І сапраўды, жыццё даказала, што я прыняла правільнае рашэнне. Усяляк было за гэтыя гады ў журналістыцы, але сумна, маркотна, не было. Сёння б я хацела бачыць больш шчаслівых твараў, бо кожны дзень пачынаецца і заканчваецца людскім болем, скаргамі на несправядлівасць, доказамі сапраўднай бездапаможнасці простых людзей. Акрамя асноўнай нашай задачы — інфармацыі, журналісты незалежных СМІ вымушаны браць на сябе дадатковы абавязак — бараніць людзей ад дзяржавы. Бо сёння ў нашай краіне гэтага не робяць суды, бо гэта ўжо не могуць рабіць адвакаты, бо чыноўнікі — слугі народа — прыкрыліся ад людскіх праблем такім стосам законаў і пастаноў, што толькі галоснасць і публічнасць могуць зламіць гэтыя кардоны. Да нас, у “Народную волю” (як і ў іншыя недзяржаўныя газеты), ідуць, як у апошнюю інстанцыю, з апошняй надзеяй. Іншымі словамі, ніяк не выпадае заплюшчваць вочы і не заўважаць гэтага болю. Вось і адказ, чаму я сярод “нячэсных”…