Камоцкі Алесь

SONY DSC

З кнігі "Мазаіка жыцця"

У нейкім сэнсе гэты нарыс складаецца з дзвюх частак. Першая была зроблена больш за тры гады таму, другую мы запісалі цяпер. Паміж імі — некалькі сустрэч, размоў, і кожны раз я пераконваўся: Алесь Камоцкі жыве шчырасцю і гумарам. А яшчэ тым, што ніколі не спрабуе быць лепшым, чым ёсць на самай справе.

Першыя ноты

Пачну з распаўсюджанага жарту. Як і многім з нас, Алесю Камоцкаму пашанцавала нарадзіцца аж у мінулым стагоддзі. Адбылося гэта ў Барысаве 9 чэрвеня 1958 года. Там жа ён пайшоў у сярэднюю школу №1, якая была недалёка ад дома. У 1975 годзе бацькі адпусцілі будучага спевака-паэта-кампазітара “ў свет”, і ён паехаў вучыцца ў музычную вучэльню ў Маладзечна. Нагадаю, што менавіта адтуль некалі выйшаў знакаміты Юры Антонаў.

Ніякай адтэрміноўкі ад вайсковай службы там не было, і ўсяго праз год Алеся прызвалі “выконваць канстытуцыйны абавязак”.

Служыў ён у Варонежы і, дзякуючы вучобе ў музвучэльні, адразу трапіў у аркестр. Замест баявой падрыхтоўкі амаль увесь час яны гралі на пахаваннях вайскоўцаў, якіх у Варонежы вельмі багата. У савецкія часы там сялілася шмат адстаўнікоў, а вайсковых аркестраў было ўсяго два. Зразумела, яны выкарыстоўваліся даволі актыўна.

Ёсць сэнс дадаць выкарыстоўванне ваеннага аркестра і пад час лістападаўскай альбо майскай дэманстрацыі. У суме ўсё гэта і склала два гады службы Алеся Камоцкага.

У 1979 годзе ён вярнуўся з войска і вырашыў не працягваць музычную адукацыю. Хацелася вучыцца на больш высокім узроўні. Пра гэта Алесь думаў на працягу апошніх месяцаў у арміі. І “дадумаўся” да філасофскага аддзялення гістфака БДУ.

У адрозненне ад маці, упэўненасці наконт паступлення “з ходу” не было, таму на ўсялякі выпадак Алесь запісаўся яшчэ і на падрыхтоўчае аддзяленне. Хто памятае савецкія часы, ведае, што станоўчыя вынікі на ПА гарантавалі месца сярод студэнтаў. То бок, Камоцкі рыхтаваўся да больш працяглага шляху, аднак яго мама параіла рызыкнуць і мела рацыю. На сваё здзіўленне, ён паступіў з першай спробы.

Маці будучага музыканта, Ніна Уладзіміраўна Пацэева (у дзявоцтве Казлоўская), захавала сваё прозвішча ад першага мужа, які загінуў у 1942 годзе. Яе бацька, Уладзімір Канстанцінавіч Казлоўскі, Алеся ў дзяцінстве і выхоўваў. На жаль, калі той пайшоў у другі клас, ён памёр.

Бацьку Алеся звалі Верамей Герасімавіч Камоцкі. Родам з маленькай вёскі Разрыўка. Па цяперашняй геаграфіі гэта Барысаўскі раён. Лёс у яго быў складаным, але расказваць пра сябе не любіў. Шкада, але ўсе мы думаем, што бацькі будуць з намі заўсёды…

У 7-гадовым узросце Верамей Герасімавіч Камоцкі застаўся поўным сіратой і жыў у сваёй радні. Дакладней у багатага дзядзькі. Дапамагала і тое, што ён разам са сваёй цёткай іграў на вяселлях. Як потым казаў — “іграў у скрыпачку”. Яна, дарэчы, захавалася.

На прафесійным узроўні граць так і не навучыўся, але некаторыя танцы мог “папіліць”.

Верамей Герасімавіч працаваў на розных работах, у тым ліку і грузчыкам, але пастаянна за поясам была кніжка. Паціху-паціху вывучыўся на настаўніка, але пачалася вайна і папрацаваць яму не далі. Забралі ў зенітчыкі

Паваяваў не доўга. Толькі да канца 1941 года. На пазіцыю ўпала нямецкая бомба. Каго пазабівала, каго параніла. Бацьку Алеся пашанцавала. Застаўся жывы, але да канца вайны лячыўся ў розных шпіталях недзе ў Казахстане. Адна нага так і не стала працаваць нармальна. Да канца жыцця хадзіў “з кіёчкам”, з чаго даволі часта жартаваў.

Калі потым вярнуўся ў Магілёў (там працаваў да вайны), атрымалася так, што былая сям’я яго падтрымліваць не стала. Па сутнасці, застаўся адзін. А гадоў праз дзесяць “прыбіўся” да маці Алеся.

Яго няма з 1987 года, але час ад часу Алесь Камоцкі заўважае за сабой ужыванне нейкіх бацькавых слоў і прыказак. Па жыцці гэта дапамагае вельмі істотна. Калі ў дзяцінстве павага да родных узнікае неяк падсвядома, то з часам яна становіцца нечым амаль адчувальным на фізічным узроўні.

Пасля сканчэння школы Алесь самастойна выбраў музвучэльню.

Дарэчы, яшчэ ў сярэдняй школе настаўнік спеваў сказаў, што ў хлопчыка цалкам адсутнічае музычны слых. Ніхто караць за “прагулы” не будзе, бо не стане іх нават фіксаваць. Гэтым Алесь і скарыстаўся.

Адным з самых любімых быў настаўнік па батаніцы Сяргей Емяльянавіч Лісоўскі. Каля школы месціліся яго грады, дзе вырошчвалася розная расліна.

Замест заняткаў па спевах Алесь мог разам з Сяргеем Емяльянавічам “пакапацца ў зямлі”.

Верамей Герасімавіч Камоцкі закрыўдаваў на ўсё гэта і сказаў: не можа быць, каб у майго сына адсутнічаў музычны слых і неяк “прыткнуў” у музычную школу. Хлопчык скончыў там клас акардэона, а праз пэўны час і сам троху “загарэўся” музыкай. Самастойна навучыўся граць на саксафоне.

Партытура жыцця

Напэўна, у жыцці кожнага з нас бываюць моманты, калі чалавек аналізуе пройдзены шлях і (пры неабходнасці) карэкціруе далейшы рух. Момант гэта даволі далікатны, таму дам слова самому Алесю Камоцкаму:

“Мае аднакурснікі па “філасофіі” БДУ сталі значнымі асобамі ў гэтай галіне – прарэктар, загадчык кафедры, нядрэнныя выкладчыкі. Неяк мы збіраліся “на каву” і адзін з іх кажа: “Здавалася б, у жыцця дабіўся вельмі многага да чаго ішоў, а часам зайздрыкі бяруць. Вось – Камоцкі. Яму ўжо пад “палціннік”, а ён расказвае, што яшчэ ходзіць вучыцца да нейкага выкладчыка па вакале, будуе планы, хоча чагосьці новага”.

Дарэчы, першы раз да выкладчыка па вакале я сапраўды пайшоў у 49 гадоў…

Канешне, чуць такое прыемна, але ў той жа час я зразумеў, што буду жыць, пакуль буду вучыцца. А вучыцца ў жыцця ёсць чаму заўсёды. Пры неабходнасці вучоныя распавядуць, наколькі адсоткаў чалавек выкарыстоўвае свой фізічны і маральны рэсурс, але я ведаю, што гутарка там пра вельмі сціплыя лічбы. Ёсць нават тэорыя, што свет развіваецца дзякуючы чалавечай ляноце. Здаецца, Троцкі казаў: “Лень — двигатель прогресса”.

Пакідаю магчымасць спрачацца ўсім “яйкагаловым”, я ж хачу засяродзіць увагу на іншым – мы даволі неразумна, а часам і марнатраўна ставімся да таго, што адбываецца вакол. Часта не бачым тыя простыя рэчы, якім трэба шчыра радавацца. Напрыклад, змену пораў года. Мы святкуем Дзень шахцёра і амаль не заўважаем тыя моманты, калі дзень роўны ночы. Упэўнены, гэта значна бліжэй да нейкага цуду. У адрозненне ад нашых продкаў мы шмат аб чым не ведаем”.

Як лічыць сам Алесь, па-сапраўднаму “прабіла” яго толькі ў БДУ, хаця за плячамі ўжо была, можна сказаць, першапачатковая музычная адукацыя. Камоцкі пачаў пісаць вершы. Хаця ў школе не разумеў нават навошта яны патрэбныя ўвогуле: размаўляеш нармальна, людзі цябе разумеюць – а тут нейкія рыфмы?..

Маецца на ўвазе, СВАЕ вершы, бо чужыя сталі яго песнямі значна раней.

Самая значная эмоцыя тых часоў – творчасць Караткевіча. У школе яго не выкладалі, даведацца пра творы Уладзіміра Сямёнавіча Алесь змог толькі ў больш сталым узросце. Спачатку захапілі дэтэктывы “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Чорны замак Альшанскі”, а калі прачытаў яго вершы, уразіла так моцна, што пачаў іх спяваць.

Дарэчы, у гэты ж момант у яго свядомасць прыйшоў і Уладзімір Жылка.

Праз пэўны час перастаў саромецца пісаць і сам.

Свой першы магніта-альбом ён запісаў у 1985 годзе. Тады гэта зрабіць было вельмі цяжка, бо прыватных студый яшчэ не існавала.

Пісаў на беларускім тэлебачанні, але не ў студыі, а на буфетным складзе. Вакол стаялі скрыні з пустымі шклянкамі. Музыкі зацягнулі туды пульт, паставілі мікрафоны і пісалі адразу на касетную дэку, бо ніякіх “раздзяленняў” там не было.

Атрымаўся адносна не кепскі запіс. На жаль, пасля ён недзе згубіўся. Копіі знайсці атрымалася, але гэта ўжо не тое, бо арыгінала не захавалася. Алесь Камоцкі назву даў яму даволі пафасную – “Першы сшытак”.

На дадзены момант іх ужо 14 штук.

Лічбу па маёй просьбе назваў сам Алесь Камоцкі і пры гэтым агучыў фразу, якую ёсць сэнс працытаваць:

“Бывае на канцэртах людзі просяць мяне праспяваць песню, якую сам зараз амаль не помню. Прыемна, што гэта нехта ведае дакладна”.

Музыка лёсу

Гісторыя знаёмства і вяселля Алеся і Касі Камоцкіх такая цікавая і незвычайная, што я вырашыў зноў вярнуцца да ўспамінаў самога Алеся:

“Граць на гітары пачаў яшчэ пад час універсітэцкай вучобы. Праз яе і пазнаёміўся з будучай жонкай Касяй Чалей. Яна таксама спявала песні пад гітару. Маленькая такая, худзенькая, але вельмі важная. Я нават падступіўся да яе не сам. Нас пазнаёмілі мае сябры.

Паспрабавалі спяваць разам. Дуэт назвалі “Кася і Алесь”. Не мы – іншыя. Менавіта такая назва была надрукавана ў адной з газет.

Паспявалі-паспявалі, а потым яна зрабіла неяк так, што мы пажаніліся. Каталізатарам таго працэсу была Кася, бо я, як быў тады “цельпуком”, “мядзведзем”, так і застаўся ім па гэты дзень.

Вяселле згулялі ў 1982 годзе. Дакладней, у “класічным” выглядзе яго і не было. Адразу пасля таго, як мы ў загсе распісаліся і абмяняліся пярсцёнкамі, Касін бацька Альфрэд Васільевіч адвёз нас у аэрапорт, адкуль мы паляцелі ў Піцер, які тады называўся Ленінградам.

Гэта мая ініцыятыва. Яшчэ за два месяцы да роспісу папярэдзіў: ніякай п’янкі для нас дваіх не будзе, бо я купіў білеты на рэйс, што адбудзецца праз дзве гадзіны пасля роспісу.

Больш за нядзелю мы “гойсалі” па Піцеры. Кася прыляцела туды ў шлюбнай сукенцы, з жывой кветкай у валасах. Так да раней прызначанага месца “дыслакацыі” нас і прывёз таксіст.

Адразу адтуль патэлефанавалі ў Мінск. Калі вярнуліся дамоў, аднакурснікі не далі нам “зажаць мерапрыемства”, і мы яшчэ месяц святкавалі. Кася вучылася таксама ў БДУ. Толькі на год пазней за мяне. Яна “ішла” па гісторыі, а я, нагадаю, па філасофіі.

Пасля сканчэння БДУ некаторы час працаваў у тэатры “Дзея” ў Міколы Трухана.

Фармальна мы пражылі разам з Касяй дзевяць гадоў і развяліся ў 1991 годзе. Абоі вырашылі – колькі можна? Сябруем па гэты дзень. Толькі праз некалькі гадоў пасля разводу я па-сапраўднаму адчуў, што мы радня. Нейкім сваяком адчуваю нават яе цяперашняга мужа – свае людзі.

Наша агульная дачка (таксама Кася) ставіцца да ўсяго станоўча і разумее, што бацькі ў яе – “нармальныя пацаны”. Нам гэта вельмі прыемна.

Пасля разводу з Касяй я ажаніўся зноў. На сваіх песнях”.

Зразумела, што за 23 гады, якія мінулі з таго часу, у жыцці Алеся Камоцкага адбылося шмат неардынарнага, але хочацца засяродзіць увагу на дзвюх падзеях, якія, на мой погляд, значна паўплывалі на лад і рытм яго жыцця.

15 гадоў таму ён “вынес з хаты тэлевізар”. І зрабіў гэта вельмі прынцыпова. Маўляў, навошта ўвесь час глядзець на тое, як падманваюць або б’юцца.

У сапраўдных музыкаў шмат іншых спраў. Часу і так не хапае. Асабліва, калі ідзе праца над чарговым альбомам. Магчыма, ёсць людзі, якія ўключаюць яго раз на год, каб выслухаць навагодняе віншаванне. Алесь не такі. Тэлевізар працаваў у яго ў “фонавым” рэжыме, то бок быў уключаны амаль пастаянна і стабільна адцягваў увагу. Словам, ад гэтай халеры ён пазбавіўся рашуча і без нейкага шкадавання.

І адбылося гэта якраз у той час, калі перастаў ужываць алкаголь, то бок “выпіў сваю “цыстэрну”. Самакрытычна Камоцкі сцвярджае, што “зайшоў у гэтай справе даволі далёка, стаў амаль “прафесіяналам”.

Як і многім з нас, “кідаць” цалкам не хацелася — толькі для адпачынку арганізму. “Адпачывае” Алесь Камоцкі ўжо 19 гадоў.

Штодзённыя акорды

Аднак вернемся да вучобы ў БДУ.

Пасля сканчэння філасофскага аддзялення гістфака БДУ Алеся Камоцкага па размеркаванні накіравалі на кафедру філасофіі Інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі, дзе ён тры гады працаваў адміністратарам.

На гэтым праца “па спецыяльнасці” скончылася, пачалося тое, што па-простаму называецца – “кім прыйдзецца”. Дыпламаваны філосаф аднойчы “шабашыў” на будаўніцтве, а потым непрацяглы час вырабляў мэблю на адным прадпрыемстве.

Дыплом у Алеся захаваўся па наш дзень, і з нейкай нагоды яго можна паказаць, але ці будзе ў гэтым сэнс? Аднойчы Камоцкі хацеў здаць яго ў букіністычны магазін. Маўляў, Дыягену дыпломы былі не патрэбныя…

Зразумела, увесь гэты час ён пісаў свае песні, філасофія спачатку вельмі хутка адышла на другі план, а потым і канчаткова знікла з жыцця. Яе цалкам замяніла музыка, аднак і з той праз некалькі гадоў таксама наступіў перыяд пэўнага застою.

Алесь усё дэпрэсіўна кінуў. У гэта цяжка паверыць, але доўгі час у яго не было нават гітары.

Вызваліцца ад адчування асабістай непатрэбнасці дапамог вядомы кампазітар Ігар Палівода, якога лічылі (і лічаць) адным з самых лепшых аранжыроўшчыкаў Беларусі. Менавіта ён пераканаў Алеся Камоцкага ў тым, што трэба працягваць творчасць і надалей.

На жаль, у лютым 1996 года Ігара Ігаравіча не стала. У Алеся Камоцкага ёсць партытуры яго песняў, якія зрабіў Ігар Палівода. Пісаліся яны “па-даросламу”, то бок для цэлага аркестра, і з часам, магчыма, тыя творы ўсё ж такі прагучаць у тым выглядзе, у якім былі напісаны.

Але гэта – справа будучыні. Мінулае “прымусіла” Алеся Камоцкага звярнуцца па дапамогу да выканаўцаў, якія лічацца ў сваёй галіне сапраўднымі прафесіяналамі. З падобнай пастаноўкай пытання можна не пагадзіцца, але сам Камоцкі лічыць сябе выканаўцам, калі сказаць вельмі мякка, далёкім ад дасканаласці.

“Пад час таго “крызісу сярэдняга ўзросту” і каб у песнях было больш фарбаў, я вырашыўся на тое, каб на выкананне запрасіць сапраўдных музыкантаў. У новым фармаце быў запісаны новы альбом. Лічу, што з гэтага моманту ў маёй творчасці ўзнікла пэўная ўсвядомленасць.

Пачалося ўсё ў 2005 годзе, а скончылася — у 2006-м.

Шчыра кажучы, я толкам не ведаў за якую справу ўзяўся, думаў, спатрэбіцца некалькі месяцаў, дзеля прыгожай прыкметы перастаў галіцца і паабяцаў гукарэжысёру зрабіць гэта толькі тады, калі будзе зроблена ўся работа.

Я ж не ведаў, што адрасце такая барадзішча… Работа доўжылася больш, як паўгода… Такі Будулай атрымаўся – мама дарагая…

У дзень, калі запіс быў гатовы, я публічна пагаліўся. Спецыяльна для гэтага запрасіў гасцей, усе селі за стол, а я схадзіў у ванну і там усё “пачыкаў”. Пазбавіўся не толькі ад барады, але і ад вусоў.

Усе сказалі, што мінус трыццаць гадоў я атрымаў у той жа момант.

Пасля таго, я вусы нашу, а бараду – ніколі. Не спадабалася. Надта там свярбіць…

З таго часу ўсе альбомчыкі робяцца з музыкантамі, аднак цяпер наконт барады я ўжо ўсё ведаю…

Калі не лічыць тое, што было да 2005 года, то іх ужо шэсць.

Назваць хочацца ўсіх музыкаў, якія мне дапамагалі. Але іх вельмі шмат і я баюся некага забыць, таму агучу толькі тыя прозвішчы, без якіх ну нічога! Гэта Алег Змушка, Саша Шувалаў, Андрэй Лабчэўскі. Гэта цудоўны барабаншчык Толік Каляда. Вельмі цікавая асоба Аляксандра Сазонава. На альбомчыках больш за астатніх змяняліся басісты – Валера Башкоў, Толік Лабанок, Алег Чыжык.

Былі музыкі, якія прыходзілі, каб дапамагчы запісаць толькі адну песню. Іна Перасецкая, напрыклад. У першым альбоме толькі яе музыка, а ў шостым яна нават спела са мной некалькі песняў.

Мне падабаецца свой сённяшні ўзрост – крыху больш за 50. Дарэчы, на канцэрце з нагоды “палцінніка” першы раз адчуў, што ў мяне ёсць нейкі ўзрост. Хапіла пра гэта думаць аднаго дня і зноў забыў”.

Так атрымліваецца, што з 50-ці да 60-ці (а каму пашанцуе, то і больш) у жыццё чалавека прыходзіць самы плённы перыяд — адразу здымаецца шмат праблем, якія былі дагэтуль. Канешне, пры ўмове, што Бог даў здароўе.

Да пяцідзесяці ў чалавечай галаве шмат усякай дурноты, бо не хапае адпаведнага досведу. А тут ён ужо ёсць.

Таму трэба вельмі цаніць, што маем такі плённы перыяд у жыцці, і вельмі правільна яго скарыстаць. Так я і імкнуся рабіць.

У маёй музыцы ўвесь час нешта мяняецца – немагчыма вызначыцца з канкрэтным стылем. Увесь час нейкія эксперыменты. Адну і тую ж песню можна сыграць па-рознаму. У розным рытме. Сёння гэта “рэгі”, а заўтра “блюз”. Часта я нават сам не ведаю, як яна прагучыць на канцэрце.

Раней гэта была “адтанцоўка” ад нейкай аўтарскай песні. Мабыць, трошкі кээспэшнай (у савецкія часы былі клубы самадзейнай песні (КСП). – Заўв. аўт.). Шмат хто называе іх бардамі, але мне гэта не падабаецца. Да слова “бард” я стаўлюся з вялікай павагай, бо яно вельмі сур’ёзнае. У пэўным сэнсе нават святое. “Кээспэшная” значна прасцей.

Аўтарскай песняй я займаўся толькі таму, што баяўся нешта рабіць з сапраўднымі музыкамі. А калі паспрабаваў, зразумеў – гэта маё.

Мне падабаецца рабіць у жыцці тое, што цікава”.

Сучасныя мелодыі

Не палічыце нейкім пафасам, але таленавітыя людзі, сапраўды, нейкім чынам “прыцягваюцца” адзін да аднаго. Не ўсе ведаюць, што тэксты значнай часткі (каля сарака) песняў Змітра Вайцюшкевіча напісаў менавіта Алесь Камоцкі. У тым ліку і для вядомых “японскага” і “італьянскага” альбомаў. Безумоўна, з гэтай нагоды японскую альбо італьянскую мову Камоцкі спецыяльна не вучыў. Падрабязны “падрадкоўнік” зрабіў прафесійны перакладчык.

Да падобных рэчаў ён ставіцца вельмі адказна, і таму заўсёды патрабуе зрабіць не толькі падрабязны пераклад, але і напісаць пра нейкі культурны кантэкст. Тлумачэнне геаграфічных назваў, напрыклад. Іх гісторыю. Так, на думку Алеся, лягчэй адчуць, што было на душы ў чалавека, які напісаў арыгінал. І адысці пры патрэбе ад некаторых слоў, бо тэкст песні ў спалучэнні з музыкай не толькі набор вершаваных радкоў, а яшчэ і асацыяцыі.

Да таго ж ён імкнецца, каб такіх “падрадкоўнікаў” было адразу некалькі і рабілі іх розныя людзі.

…Паўтаруся, уласныя вершы Камоцкі пачаў пісаць вельмі даўно, а калі пазнаёміўся з Рыгорам Барадуліным, адважыўся паказаць яму свае творы. Адзнака была някепскай і вельмі каштоўнай, бо прагучала з вуснаў лепшага беларускага паэта.

Творчае і чалавечае сяброўства ў іх працягвалася некалькі дзесяцігоддзяў.

“Гэта было цалкам выпадковае знаёмства. Выступалі разам на нейкай сцэне. Разгаварыліся. Высветлілася, у нас шмат агульнага. Па-першае, абодва не ўжывалі гарэлку. Па-другое, абодва лічылі, што няма нармальнага беларускага раманса.

Менавіта з гэтага і пачалося наша супрацоўніцтва. Ён іх пісаў, як мемуары, а я (скажам так), як мары. У цэлым атрымліваліся рамансы. Іх даволі шмат.

Так напрыканцы мінулага стагоддзя ўзнікла цэлая “рамансная” праграма і адпаведны альбом.

Мінула ўжо больш як 15 гадоў. Абавязкова бліжэйшым часам яе перараблю.

На мой погляд, тады мы яе крыху не дапрацавалі з гітарыстам Уладзімірам Ткачэнкам. Хочацца ўсё зрабіць зноўку. Абавязкова!

Добры напамін будзе пра дзядзьку Рыгора.”

Дарэчы, менавіта Рыгор Барадулін адным з першых радаваўся выхаду зборнікаў вершаў Алеся Камоцкага. Пакуль іх толькі тры. Гэта, так сказаць, сваіх, бо было яшчэ шмат удзелу ў розных паэтычных анталогіях.

У 2012 годзе з’явіўся зборнік з назвай “Навошта было мінулае”, а сёння ўжо амаль гатовы наступны. У 2013-м са мной нешта здарылася, і вельмі хутка напісалася шмат вершаў. Так бывае. Як бывае і іншае.

Напрыклад, паміж другім і трэцім зборнікамі прайшло пяць гадоў”.

Замест P.S.

Неяк на “Зорным рынгу” ў час традыцыйнай экспрэс-апытанкі ў Алеся Камоцкага спыталі наконт яго пажадання сучаснай моладзі. Адказ быў такі: “Не мітусіцца”.

“Гэтага ж жадаю і ўсім астатнім людзям, таму што за мітуснёй мы, бывае, не знаходзім нармальнага жыцця. Мы проста праглытваем тое, што нам прапануецца ў якасці жыцця звонку. Можа атрымацца так – час прайшоў, а мы яшчэ не жылі. Той, хто не мітусіцца, усё роўна ўсюды паспявае”.

02.04.14

%d0%ba%d0%b0%d0%bc%d0%be%d1%86%d0%ba%d1%96-1 %d0%9a%d0%90%d0%9c%d0%9e%d0%a6%d0%9a%d0%86-2 %d0%9a%d0%90%d0%9c%d0%9e%d0%a6%d0%9a%d0%86-3 %d0%9a%d0%90%d0%9c%d0%9e%d0%a6%d0%9a%d0%86-4 %d0%a0%d0%b8%d1%81%d1%83%d0%bd%d0%be%d0%ba-3%d0%9a%d0%90%d0%9c%d0%9e%d0%a6%d0%9a%d0%86-8

%d0%9a%d0%90%d0%9c%d0%9e%d0%a6%d0%9a%d0%86-9 %d0%9a%d0%90%d0%9c%d0%9e%d0%a6%d0%9a%d0%86-10 %d0%9a%d0%90%d0%9c%d0%9e%d0%a6%d0%9a%d0%86-11 %d0%9a%d0%90%d0%9c%d0%9e%d0%a6%d0%9a%d0%86-12 %d0%9a%d0%90%d0%9c%d0%9e%d0%a6%d0%9a%d0%86-13 %d0%9a%d0%90%d0%9c%d0%9e%d0%a6%d0%9a%d0%86-14

_nd36297-50 _nd36297-50