Канаплёў Уладзімір

aux-head-1540280627-20181023_konoplew_t

З кнігі "Асобы"

СПІКЕР УЛАДЗІМІР КАНАПЛЁЎ

У адрозненне ад Віктара Ганчара прозвішча Канаплёва ёсць у энцыклапедыі «Рэспубліка Беларусь», якая зараз выходзіць з друку.

На мой погляд, з часам гэта выданне будзе вельмі папулярным сярод букіністаў як найбольш яскравы прыклад палітычнай цэнзуры. Дарэчы, пра Канаплёва там сказана вельмі мала, літаральна адзін абзац. Па сутнасці, ідзе толькі пералічэнне біяграфічных звестак, і не больш. Пачатак біяграфіі — звычайны для тысяч і тысяч савецкіх людзей. І незвычайны ўзлёт, характэрны для эпохі кардынальных перамен.

Нарадзіўся Уладзімір Мікалаевіч у вёсцы Акуліцы (так у афіцыйнай біяграфіі) Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці. Уся яго вышэйшая адукацыя складаецца з аднаго Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (універсітэтам ён стаў значна пазней, і гэта зразумела — кузня кадраў) імя Аркадзя Куляшова.

Не ўсе ведаюць, што па прафесіі Канаплёў географ. Больш вядомая яго пасада ў міліцыі — інспектар па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў Шклоўскага райвыканкама. Кажуць, што адтуль яму давялося сысці і зноў заняцца педагогікай. Першае працоўнае месца — выхавальнік у Шклоўскай спецыяльнай школе-інтэрнаце для сляпых дзяцей і дзяцей са слабым зрокам. Далей «правільныя» крыніцы пішуць, што ў 1994 годзе ён стаў галоўным памочнікам прэзідэнта РБ. Але мы прапануем вярнуцца на чатыры гады раней. У 1990 годзе дэпутатам ад Шклоўскай выбарчай акругі стаў Аляксандр Лукашэнка, які зрабіў сваім дэпутацкім памочнікам Уладзіміра Канаплёва. З гэтага часу той і пачаў займацца палітыкай. Тут пачатак яго ўзыходжання па прыступках улады, аж да верхняй пляцоўкі.

У 1994 годзе адбыліся першыя прэзідэнцкія выбары. Калі здалі так званыя падпісныя лісты, высветлілася, што Лукашэнка толькі чацвёрты па колькасці сабраных подпісаў. Больш было ў Кебіча, Пазняка і Новікава. Лукашэнка здаў 176 тысяч. Больш за 75 тысяч сабраў Канаплёў са сваёй жонкай Алай. Яны аб’ехалі ўсю Магілёўскую вобласць і некаторыя раёны Віцебскай і Гомельскай. Потым Ала Канаплёва скажа: «Мы ў 1994 годзе зрабілі памылку. Трэба было адразу Валодзю раскручваць».

У 1995 годзе Канаплёў сам вырашыў стаць дэпутатам і выбраў мена­віта тую акругу, дзе быў памочнікам дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га склікання Аляксандра Лукашэнкі. Без якіх-небудзь праблем ён трапіў у склад наступнага склікання і быў адным з тых, хто гэты парламент пахаваў. Дакладней, вельмі дапамог пахаваць.

Першапачаткова прапрэзідэнцкую фракцыю «Згода» ўзначаліў Уладзімір Грыгор’еў, але ён вельмі хутка вызваліў пасаду для Канаплёва. Потым была начная сустрэча ў Мінску, куды з Масквы прыляцелі прэм’ер-міністр Віктар Чарнамырдзін і кіраўнікі дзвюх палат Федэральнага сходу Расіі Генадзь Селязнёў і Ягор Строеў. Лукашэнка падпісаўся пад абяцаннем не рабіць вынікі лістападаўскага рэферэндуму абавязковымі калі будзе прыпынена працэдура імпічменту. Больш за тое, прапанавалася зрабіць канстытуцыйную камісію, у склад якой увайшлі б 50 чалавек ад прэзідэнта і 50 — ад Вярхоўнага Савета, дзе таксама былі прыхільнікі Лукашэнкі.

Параза Вярхоўнага Савета была настолькі відавочнай, што на наступны дзень на тагачаснага спікера Сямёна Шарэцкага было шкада глядзець. Адчувалася, што яму вельмі сорамна за сваю мяккацеласць. Тым больш, што яго паводзіны былі ў многім вынікам учынку старшыні Канстытуцыйнага суда Валерыя Ціхіні, пра што падрабязней наступным разам.

Але той канстытуцыйнай камісіі так і не адбылося. Перш за ўсё па прычыне, што не стала самога Вярхоўнага Савета.

Адбылося гэта так. Падпісанае Шарэцкім пагадненне павінен быў зацвердзіць Вярхоўны Савет, але тут нечакана супраць выступіла фракцыя «Згода». Добра памятаю, як Канаплёў выйшаў тады ў сярэдзіну залы і падняў над галавой свой чорнага колеру мабільнік, наглядна дэманструючы, ад каго ідуць такія інструкцыі: усе ведалі, чый ён памочнік і бліжэйшы паплечнік. Чорны колер мабільніка Канаплёва стаў чорным колерам лёсу ўсёй краіны. Прапрэзідэнцкая фракцыя заваліла пагадненне.

Праз гадзіну давялося сустрэцца з вядомым дэпутатам В. Кучынскім. Убачыўшы мяне, ён сам адказаў на пытанне, якога не было: «Надакучыў бардак, патрэбны парадак».

Пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 года (гэта было чаканым) Канаплёў трапіў у першы склад Палаты прадстаўнікоў і стаў там намеснікам спікера. Першая сесія адбылася 17 снежня. Праіснавала ПП амаль чатыры гады. 15 кастрычніка 2000 года адбыліся выбары ў палату другога склікання. У Канаплёва тады былі выключныя шанцы стаць старшынёй. У склад «кампактнага» парламенту ўваходзілі 110 дэпутатаў. Уладзіміра Мікалаевіча «выдвигали» 60 чалавек і перамога была, па сутнасці, у кішэні. Але прэзідэнт палічыў інакш. Спікерам стаў Папоў, а Канаплёў, які нечакана для ўсіх адмовіўся ад барацьбы, толькі яго намеснікам.

Ці было гэта праявай магчымага прэзідэнцкага недаверу?

Сам Канаплёў падобныя чуткі абвяргае, але яму мала хто верыць, асабліва ў святле апошніх падзей. Першы «свісток» прагучаў яшчэ ў 1994 годзе, калі нечакана высветлілася, што пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах для Канаплёва не знайшлося рабочага кабінета. Тады гэты «казус» хутка вырашылі, але нічога ў нашым жыцці не адбываецца выпадкова.

16 лістапада 2004 года Уладзімір Канаплёў абраны старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання. 11 верасня 2007 года ён напісаў заяву аб адстаўцы, якая і была задаволена Палатай прадстаўнікоў на сесіі 2 кастрычніка: са 107 дэпутатаў 88 прагаласавалі «за», але ж і 19 — «супраць». Апошняя лічба вык­лікае здзіўленне. Пры тым аднадушшы, якое па ўсіх пытаннях дэманструюць дэпутаты, 19 — гэта многа. Уладзімір Канаплёў можа быць усцешаны: у яго ёсць сапраўдныя, адданыя, калі не сябры, то прыхільнікі. А мо маналіт даў расколіну, і на зломе пэўных эканамічных цяжкасцяў, выкліканых зменай цэнавай палітыкі Расіі, з’явіліся пэўныя супярэчнасці ў кіруючай беларускай эліце? Афіцыйны матыў адстаўкі Уладзіміра Канаплёва — «стан здароўя і немагчымасць у сувязі з гэтым выконваць службовыя абавязкі на ранейшым узроўні». У гэта мала хто паверыў. І, відаць, невыпадкова ў некаторых дзяржаўных СМІ з’явіліся падрабязнасці пра тое, што Канаплёва чакае вельмі цяжкая аперацыя. Але і гэта выклікае шмат пытанняў. Хаця б таму, што адразу ж пасля нечаканага кроку мужа напісала заяву пра звальненне з працы ў Міністэрстве адукацыі Ала Канаплёва.

Ці не ўпершыню адстаўка высокапастаўленага чыноўніка выклікала абмеркаванні, чуткі на побытавым узроўні. У электрычцы давялося чуць энергічны абмен думкамі наконт сапраўднага месцазнаходжання Канаплёва, у краме — пра сапраўдныя прычыны адстаўкі.

Што казаць — імя гэта вядомае ў Беларусі. Не дзякуючы высокай пасадзе главы заканадаўчай улады, якая па сутнасці нічога сама не вырашае, пра дзейнасць якой няшмат паведамляюць СМІ. А дзякуючы статусу дэпутата Вярхоўнага Савета, які меў і сапраўдныя ўладныя паўнамоцтвы, і шырокую публічную трыбуну, аж да непасрэднага тэле- і радыё­эфіра. Дзякуючы публічнай дзейнасці ў сапраўды публічнай кампаніі па выбарах першага прэзідэнта ў камандзе Аляксандра Лукашэнкі. Дзякуючы шматгадоваму знаходжанню ў яго бліжэйшым атачэнні. А тут нечаканы добраахвотны сыход з гэтай каманды яе апошняга (калі не лічыць Віктара Шэймана) ветэрана, сябра і паплечніка.

Дзякуючы менавіта гэтай пазіцыі, а не публічнай пасадзе, Уладзімір Канаплёў меў, трэба меркаваць, значны ўплыў на палітыку. Але нябачны, прыхаваны ва ўнутраных інтрыгах барацьбы. Там крыецца тайна і яго адстаўкі. Тайнае, як вядома, калі-небудзь, але ж усё-такі ўсплывае. Пакуль ясна адно: ратацыя кадраў і змена каманды, уласцівыя ўсім аўтарытарным рэжымам, у яе сучаснай беларускай мадэлі з адстаўкай Канаплёва набылі дастаткова завершаны выгляд, вызначылі пэўны этап у яе развіцці. Які і што далей — пакажа час.

 30.09.07