Карней Ігар

%d0%9a%d0%90%d0%a0%d0%9d%d0%95%d0%99

 

  • З кнігі “Інтэрв’ю, якіх не было”

 

                                          Я сам расскажу

                                          О времени и о себе.

                                                В. Маяковский

       

 

  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

 

 

Першы журналісцкі досвед атрымаў у сярэдзіне 1980-х, калі дасылаў “эксперыментальныя” допісы ў Смаргонскую раённую газету “Светлы шлях”. Падчас навучання на факультэце журналістыкі эпізадычна друкаваўся ў газетах “Знамя юности” і “Чырвоная змена”. У 1989-м пачаў пісаць у аршанскаю газету “Лідэр”. З 1991 года пачалося супрацоўніцтва з газетай “Звязда”, паралельна з тыднёвікамі “Свободные новости” і “Газетай Андрея Климова”. У 1994-м перайшоў на працу ў “Свободные новости”. З 2000 года працуе ў Беларускай службе Радыё Свабода. 

 

1

Не думаю, што карэктна развіваць некалі кінутую Аляксандрам Лукашэнкам выснову пра наяўнасць у Беларусі “чэсных” і “нячэсных” журналістаў. Бо, з гледзішча прадстаўнікоў розных мэдыя, гэты “статус” вельмі адносны: натуральна, што журналіст Беларускага дзяржаўнага радыё лічыць палітычна правільнай уласную арыентаванасць і не сумняваецца ў “прадажнасці” калег з Радыё Рацыя ці Свабоды. І гэтак жа — з дакладнасцю да наадварот. Да таго ж за паўтара дзесятка гадоў нават знакавыя ў журналістыцы асобы неаднаразова прыкідвалі на сябе строі як “чэсных”, так і “нячэсных”, і ўрэшце сталі ўзорамі “універсальнасці”. Іншымі словамі — беспрынцыповасці.

За амаль 20-гадовы журналісцкі стаж для мяне фармальна “чэсным” быў пяцігадовы перыяд працы ў газеце “Звязда”. Тады, праўда, “чэснымі” былі практычна ўсе журналісты: на мяжы 1980—1990-х іншых (з-за адсутнасці альтэрнатывы) не было фізічна. Успаміны аб працы ў сур’ёзным рэспубліканскім выданні выключна станоўчыя. У газету трапіў яшчэ на трэцім курсе журфака дзякуючы Аляксандру Коктышу. Той хоць і сам быў яшчэ студэнтам, але ўжо меў пэўны статус і па просьбе кіраўніцтва рэдакцыі падшукваў маладыя кадры для аддзела інфармацыі.

Тады “Звязда” перабудоўвалася разам з грамадствам. Галоўны рэдактар Уладзімір Наркевіч, які кіруе газетай дагэтуль, ніяк не суадносіўся з вобразам замшэлага камунякі, які намагаецца захаваць старыя парадкі. А неўзабаве, пасля спробы путчу 1991 года, выданне канчаткова развіталася з мінулым, стаўшы “беларускай газетай” — да сённяшняга дня адзінай дзяржаўнай газетай на беларускай мове. Праўда, цяперашнюю “Звязду” ўжо цяжка параўнаць са “Звяздой” пачатку 1990-х: у сілу аб’ектыўных прычын яна стала проста прыдаткам ідэалагічнай машыны. Воля кіраўніцтва ці калектыву ў гэтым пытанні наўрад ці моцна ўлічваецца.

Увогуле варта адзначыць, што “Звязда” стала сапраўднай кузняй кадраў для беларускай прэсы, яе “выпускнікі” і цяпер на першых ролях шмат у якіх яшчэ ацалелых мэдыясферах.

Але пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі стала зразумела, якая роля будзе адводзіцца прэсе ў ягонай палітыцы. Гэта паслужыла дастатковай падставай для таго, каб пачалася першая масавая міграцыя журналістаў, нязгодных з расшыфроўкай “чэснасці” ў дачыненні да новых умоў працы. Балазе, падацца куды магчымасць яшчэ была.

2

На пачатку 1990-х рынак прэсы істотна пашырыўся коштам грамадска-палітычных выданняў. Яшчэ працуючы ў “Звяздзе”, актыўна далучыўся да супрацоўніцтва з тыднёвікам “Свободные новости” — прадуктам выдавецкай кампаніі “Белфакс”. Дарэчы, яшчэ адна праява капіталізацыі ўзору 1990-х: заснавальнікам “Белфакса” і адпаведна “Свободных новостей” быў тагачасны загадчык інфармацыйнага аддзела “Звязды” Святаслаў Булацкі.

Здаровая “жаўцізна” “Свободных новостей” хутка акрэсліла кола адданых чытачоў, а недахоп звяздоўскай крэатыўнасці можна было з лішкам кампенсаваць журналісцкім хуліганствам у непадцэнзурным выданні. Да таго ж галоўны рэдактар Аляксандр Уліцёнак быў першым ворагам зануднасці ў падачы фактаў і ўхваляў любыя рэвалюцыйныя эксперыменты.

Калі ў канцы 1994 года будучыня дзяржаўнай прэсы была практычна вырашана, для мяне выбар на карысць “Свободных новостей” быў прадвызначаны амаль аўтаматычна. І я ўдзячны лёсу, бо наступныя пяць гадоў лічу самымі плённымі ў сваёй працоўнай біяграфіі. А ўвогуле тады пачынаўся новы этап у журналістыцы, бо ад 1995-га ўлады рэальна акрэслілі мэдыяпадзел — на ўсё тых жа “чэсных” і “нячэсных”. З дзесятак незалежных выданняў вымушана адкаціліся ў апазіцыю.

Перацягванне інфармацыйнага каната доўжылася да новага тысячагоддзя, аднак сілы былі аб’ектыўна не на баку прыватных выданняў, якіх прыдушылі найперш эканамічна — фіскальнымі праверкамі, спецтарыфамі на друк, забаронай на распаўсюд праз шапікі, выдаленнем з падпісных каталогаў і г.д. Камусьці, як у выпадку са “Свободными новостями”, дапамаглі дачасна развітацца з жыццём новыя заснавальнікі, задумаўшы рэдактарскую ракіроўку. Калектыў новаўвядзенняў не падтрымаў, але канфлікт з гаспадарамі ўрэшце прывёў газету ў тупік.

У сітуацыі няпэўнасці пачалася новая хваля міграцыі журналістаў. Праўда, на гэты момант магчымасць працаўладкавання ўжо істотна звузілася. Хтосьці “засунуў” прынцыпы ў адно месца і з лозунгам “жраць за нешта трэба” пайшоў да ўчарашніх апанентаў. Асуджаць за гэта наўрад ці каго можна, бо зусім невядома, ці насамрэч былі ў гэтых людзей прынцыпы на столькі моцныя, што яны іх раптам змянілі?

3

Мне не выпадае гадаць адносна таго, ці маглі быць у тэорыі праявы слабасці ці шкадавання — маўляў, у сітуацыі непазбежнага суіцыду недзяржаўнай прэсы нядрэнна было б вярнуцца ў лагер “чэсных” журналістаў. Такая дылема, дзякуй Богу, проста не паўстала.

На пачатку 2000 года кіраўнік Мінскага бюро Беларускай службы Радыё Свабода Валянцін Жданко, з якім некалькі гадоў, праўда, у розных аддзелах, мы працавалі ў “Звяздзе”, прапанаваў паспрабавацца ў новай ролі — радыёжурналіста. Пэўна, толькі негатыўныя тэндэнцыі на рынку незалежных СМІ падштурхнулі да ўдзелу ў эксперыменце, бо ля мікрафона я сябе не ўяўляў — не было ні вопыту, ні здольнасцей. Але былі мандраж перад такой паважанай установай і ўпэўненасць, што ўсё гэта марна. І насамрэч, “уязджаў” у сутнасць справы досыць доўга, бо паралельна даводзілася асвойваць тэхнічныя моманты ў працы радыёжурналіста. Да таго ж прыйшлося радыкальна мяняць звыклы стыль напісання — без “вады” і доўгіх разгойдванняў на тэлеграфнае паведамленне з канстатацыяй факта. Часам газетная загартоўка “вылазіць” вонкі дагэтуль, што дадае непатрэбных праблем майму кіраўніцтву.

Галоўнае, гэта менавіта тое месца, дзе грамадская пазіцыя супрацоўнікаў на ўсе сто супадае з пазіцыяй Радыё Свабода. У такой сітуацыі не застаецца іншага, як працаваць з павышанай аддачай, адчуваючы, што ты насамрэч сумленны ў адносінах да слухачоў.

Ці варта казаць, што такой жа пазіцыі трымаюцца і людзі, з якімі даводзіцца кантактаваць па працы ці па-за ёй. Паказальна, што нават прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, з якімі даводзіцца кантактаваць пры розных абставінах, не маюць звычкі ставіць пад сумнеў неабходнасць дзейнасці прынамсі Радыё Свабода. Перабор у аднабаковасці дзяржаўнай прапаганды завочна крытыкуюць нават супрацоўнікі “чэсных” СМІ.

4

Нарадзіўся 1 студзеня 1968 года ў вёсцы Наваспаск Смаргонскага раёна на Гарадзеншчыне — у некалькіх кіламетрах ад мястэчка Крэва, дзе была падпісана знакамітая Крэўская унія. Наваспаск вядомы перадусім сваім стратэгічным становішчам падчас І Сусветнай вайны — тут праходзілі жорсткія баі вайсковых фарміраванняў кайзераўскай Германіі і Расійскай імперыі, пра што дагэтуль нагадваюць напаўразбураныя сцены старой царквы і шматлікія дзоты ў наваспаскіх лясах і абапал мясцовых дарог.

Гістарычны падтэкст малой радзімы нарадзіў і першыя асэнсаваныя мары аб прафесіі. З сябрамі часта натыкаліся на рэчавыя доказы вайны 90-гадовай даўнасці, дзе беларусы былі толькі ў ролі статыстаў падчас чарговага падзелу свету. Гэта як разнастайная салдацкая амуніцыя — сапёрныя рыдлёўкі, біклажкі, лыжкі, фрагменты ботаў, патроны, нават кайзераўскі шлем з “пікай”, так і парэшткі невядомых байцоў — ад касцей усіх калібраў да чарапоў. Пазней даведаўся, што ў некалькіх кроках ад нашай хаты калісьці была інтэрнацыянальная магіла ахвяр абедзвюх варожых армій. Ужо тады, у шасці-сямігадовым узросце марыў пра археалогію, нібыта падсвядома адчуваючы, што іншым да маіх знаходак ніякай справы няма.

Пазней прафесійныя прыярытэты, вядома ж, істотна карэкціраваліся — ад ваеннай авіяцыі да сферы радыёэлектронікі. У першым выпадку гэта, хутчэй, юнацкае трызненне патрыятычнай рамантыкай, у другім — прыхаваныя здольнасці “тэхнара” ўва мне спрабавалі адшукаць бацькі. Пасля заканчэння школы была нават спроба паступіць на факультэт радыёфізікі і электронікі БДУ, аднак справядлівасць перамагла: Ігар Карней і дакладныя навукі разышліся назаўсёды.

5

Любому нармальнаму чалавеку ў выбары прафесіі патрэбна падказка. Пасля фіяска з радыёфізікай бацькі паспрабавалі пераарыентаваць мяне на гуманітарны кірунак, дзе справы ішлі непараўнальна лепш. Як і большасць падлеткаў, пісаў тэматычныя вершы (перавага чамусьці аддавалася космасу); багаж музычнай школы нібыта даваў маральнае права ўсё гэта перакладаць на музыку, з чаго нараджаліся песні пад гітару для ўнутранага спажывання. Ніколі не паўставала пытанняў са школьнымі сачыненнямі, вельмі любіў чытаць (праўда, несур’ёзную літаратуру фармату Талстога). Аднак пра журналістыку як прафесію сур’ёзна не думаў — журналістаў успрымаў як “дзікі і нявыхаваны натоўп” з кадраў заходніх фільмаў.

У пэўным сэнсе пайшоў насустрач ужо цяжка хвораму бацьку, які пераканаў паспрабаваць напісаць заметку ў Смаргонскую раённую газету “Светлы шлях”. Гэта быў 1985 год, гаворка ішла пра пяць двухпавярховых дамоў “павышанай камфортнасці”, якія пачалі будаваць у вёсцы. Заметку надрукавалі, і рука сама пацягнулася да пісаніны. Потым ужо з рэдакцыі рабілі невялікія замовы; некаторыя матэрыялы, удасканаліўшы, дасылаў у рэспубліканскія “Чырвоную змену” і “Знамя юности”. Карацей, да творчага конкурсу на факультэце журналістыкі БДУ падышоў з багажом друкаванай драбнаты, характэрнай для любога пачынаючага пісакі.

6

Пасля першага курса забралі ў войска. Каб не “затупілася” пяро, раз-пораз дасылаў артыкулы на “злабадзённыя тэмы” ў акруговую “Во славу Родины” ў Мінск і ў “Красную звезду” ў Маскву — галоўны армейскі орган. Пісаць можна было нават досыць рэзка, бо эпоха перабудовы патрабавала “агаляць негатыўныя моманты армейскіх рэалій”. Начальства хоць і псіхавала, але нядоўга — наяўнасць “штатнага крытыка” дэманстравала праявы плюралізму.

Пасля двух гадоў службы вярнуўся на другі курс журфака. Якраз тады аднаму з аднакурснікаў, Ігару Алешчуку, непамерна “дэмакратызаваны” Аршанскі гаркам камсамола прапанаваў выпускаць у Оршы моладзевую газету. Ад ідэі да яе ўвасаблення прайшло кадя двух месяцаў, і ўжо ў канцы 1989 года тыднёвік пад назвай “Лідэр” пачаў адлічваць дні “Ленінскаму прызыву” — застылай у сваім кансерватызме мясцовай раёнцы.

У працу “Лідэра” ўліўся з шалёным энтузіязмам. Нягледзячы на камсамольскае “крышаванне”, гэта была газета з фактычнай адсутнасцю цэнзуры. Да таго ж рабілі яе зусім маладыя людзі, не толькі не сапсаваныя савецкай сістэмай, а якія скурай адчувалі непазбежнасць кардынальных змен. Падаецца, “Лідэр” увогуле быў першым прыкладам рэальнай альтэрнатывы цэнтральным беларускім выданням, не кажучы ўжо пра органы райвыканкамаў. Пяціразовая розніца ў коштах у параўнанні з “Ленінскім прызывам” не пужала галодных да інфармацыі чытачоў — за некалькі месяцаў наклад газеты перавысіў 20 тысяч асобнікаў.

Аднак бясконцыя камандзіроўкі ў Оршу прымусілі прымаць рашэнне — або працягваць рабіць добрую газету, але пераводзіцца на завочную форму, або ўсё ж вучыцца на стацыянары. Цяжка было адмаўляцца ад магчымасці займацца тым, што табе сапраўды падабаецца, але гэта ўрэшце мусілі зрабіць і іншыя хлопцы, якія прыязджалі з Мінска. Праз некалькі гадоў “Лідэр”, на радасць мясцовай раёнцы, не знайшоўшы ўдалай журналісцкай замены, спыніў існаванне. Але газету, якая не была падобнай на іншыя, аршанцы памятаюць і сёння.

7

Апошнія восем гадоў, ад 2000 года, працую карэспандэнтам Беларускай службы Радыё Свабода. Прыярытэты: сацыяльная палітыка, падзеі ў галіне культуры і беларускі аспект у вялікім спорце.