Карпенка Генадзь

%d0%ba%d0%b0%d1%80%d0%bf%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%be

 З  кнігі "Асобы"

ЛІДАР ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛ ГЕНАДЗЬ КАРПЕНКА

Падрыхтавана да друку  26.10.2007

Цалкам згодны з тымі, хто лічыць: быў бы жывы Карпенка, улады мелі б значна больш праблем. Ва ўсякім выпадку спрэчак наконт “адзінства” дэмакратычны сіл, “адзінага кандыдата”, адзінага лідара апазіцыі мы б, хутчэй за ўсё, не чулі. На жаль, гісторыя не прызнае ўмоўны лад.

На мой погляд, менавіта тое, што Карпенка меў самы рэальны шанс стаць другім прэзідэнтам Беларусі, і было прычынай яго незвычайна-раптоўнай смерці. Калі іншыя біяграфічныя нарысы я звычайна пачынаю з даты народзінаў, то гэты пачну з апошніх гадоў жыцця Генадзя Дзмітрыевіча.

24 красавіка 1994 года Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 19 ініцыятыўных груп, якія пачалі збор подпісаў. Сярод найбольш перспектыўных лічылася і каманда Генадзя Дзмітрыевіча Карпенкі. За ім была Партыя народнай згоды, якую ён на той час узначальваў. За ім былі спартыўныя арганізацыі. Яго падтрымлівала і частка дырэктарскага корпуса. Разам з тым ён быў і першым ў краіне кандыдатам, які прыцягнуў да працы і тых, хто на выбарчых тэхналогіях зарабляе грошы. Другімі словамі, модных зараз прафесійных зборшчыкаў.

І сваім эксперыментам паказаў, што на апошніх у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі стаўку рабіць нельга.

Асноўную масу подпісаў (каля 80 тысяч) сабралі, як ні дзіўна, яшчэ даволі слабыя структуры маладой партыі, 20 тысяч – спартсмены, 10 тысяч – астатнія.

Дырэктарскі корпус арганізоўваў збор подпісаў за Кебіча, за Лукашэнку, часткова і за Пазьняка. У розных аб’ёмах за магчымага пераможцу. Па словах Генадзя Дзмітрыевіча, збіралі і за яго, але (праз прадпрыемствы) свае спісы яму не аддалі.

У выніку ініцыятыўная група Карпенкі здала ў Цэнтрвыбаркам 110 тысяч сабраных подпісаў, але сапраўднымі былі толькі 93 тысячы. Астатнія былі “забракаваныя”. Ці не першы гэта вопыт уладаў “работы” над спісамі найбольш небяспечных сапернікаў.

Стаць кандыдатам у прэзідэнты ў Генадзя Дзмітрыевіча быў і іншы шанс: сабраць не менш за 70 подпісаў дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Ён гэта зрабіў, але не ўлічыў адну акалічнасць: настрой народных выбраннікаў такі ж непастаянны, як і веснавое надвор’е. Асабліва ў тых, хто залежыць ад партыйна-наменклатурных інструкцый.

Першымі “далі задні ход” прыхільнікі Шушкевіча, затым тое ж самае зрабілі некаторыя члены пракебічаўскай фракцыі “Згода”. Урэшце з 78 дэпутацкіх аўтографаў засталося толькі 64.

Так у 1994 годзе Карпенка мог, але не стаў кандыдатам у прэзідэнты. І такой магчымасці ў яго не з’явіцца больш ніколі. Нават на так званых “віртуальных” прэзідэнцкіх выбарах, якія абвясціў Ганчар.

Нагадаем, што пасяджэнне апазіцыйных рэшткаў Вярхоўнага Савета праходзіла ў студзені 1997 года. Супраць прапаноў Ганчара былі толькі двое – Вольга Абрамава і Генадзь Карпенка. Пра Вольгу Міхайлаўну гаворка асобная, а што датычыцца Карпенкі, то, на мой погляд, ён і не мог зрабіць інакш.

Добра памятаю, як скардзіўся тады Генадзь Дзмітрыевіч на здраду многіх сваіх бліжэйшых сяброў. Справа ў тым, што да гэтага Карпенка лічыўся адзіным лідарам у значнай часткі апазіцыі. І, перш за ўсё, у сваёй Аб’яднанай грамадзянскай партыі (у якую ён перайшоў у 1996 годзе, не пагадзіўшыся з фарматам аб’яднання ПНЗ і БСДГ, і ў якой ён быў намеснікам старшыні.)

Больш за тое, ён узначальваў ценявы ўрад і меў вельмі добрыя шансы, каб стаць на гэтых выбарах па версіі апазіцыі апанентам нумар адзін. У адрозненне ад таго ж Пазьняка, яго прымала наменклатура. Асабліва тыя, каго называюць “хозяйственниками”. Гэта невыпадкова. Карпенка добра ведаў, чым і як яны жывуць. Ён быў для іх свой.

Закончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Амаль сем гадоў працаваў у навукова-вытворчай сферы, звязанай з распрацоўкамі ў галіне парашковай металургіі, у тым ліку дырэктарам завода адпаведнага профілю ў Маладзечна. З гэтай пасады і стартаваў у палітыку. Быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання.

У 1991 годзе Карпенку выбралі мэрам Маладзечна, дзе ён прапрацаваў больш за тры гады. Ды і іншыя рэгаліі вызывалі павагу – доктар тэхнічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі, Заслужаны дзеяч навукі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Аўтар 50 вынаходніцтваў, яго навуковыя распрацоўкі ўкараніліся ў 15 краінах свету і адзначаны 5 медалямі ВДНГ СССР.

Словам, Карпенка вельмі нядрэнна глядзеўся ў параўнанні з былым кіраўніком не самага лепшага саўгаса. Быў прыцягальным для самых розных слаёў насельніцтва. За ім быў вялікі аўтарытэт і ў апазіцыі. Па сутнасці менавіта Карпенка стаяў ля вытокаў працэсу аб’яднання беларускай дэмакратыі, быў ініцыятарам Кангрэсаў дэмакратычных сіл, абіраўся яго старшынёй. Але выбараў па версіі апазіцыі ў 1999 годзе цураўся.

І тут у апазіцыі з’явіўся былы прэм’ер-міністр М. Чыгір. Вельмі многія з бліжэйшага акружэння Карпенкі сталі працаваць менавіта на яго. Некаторыя лічаць, што галоўнымі тут былі грошы. Як сведка тых падзей, афіцыйна заяўляю, што гэта не зусім так. Ды і не было ў Чыгіра асабліва вялікіх грошай. Проста многія ўбачылі ў ім шанс нешта канкрэтнае зрабіць.

Карпенка быў патэнцыйным лідарам, а Чыгір рабіў даволі рэальныя рэчы. Па сутнасці, яны не былі канкурэнтамі, хаця дакладна ведаю, што некаторыя менавіта на гэтым і рабілі акцэнт.

Вядомы выпадак, калі з Карпенкам сустрэўся тагачасны віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў, агітаваў яго не ўдзельнічаць у “авантуры” Ганчара, а пазмагацца ў рэальных прэзідэнцкіх выбарах, якія адбудуцца праз два гады. І Карпенка пагадзіўся, бо перамога была б зусім не “віртуальнай”. Многія лічаць, што гэта і вырашыла яго лёс.

Абставіны яго смерці да гэтага часу выклікаюць пытанні.

Адназначна толькі тое, што  ён размаўляў  з адной журналісткай, якая   нечакана папрасіла сустрэчу. І тое, што пасля гэтай  размовы ў яго здарыўся інсульт. Спачатку  Генадзя Дзмітрыевіча адвезлі ў бальніцу хуткай дапамогі, дзе суткі ніхто нічога не рабіў.

Потым  Карпенку перавезлі ў  девятую бальніцу, дзе а сёмай гадзіне 6 красавіка яго не стала.

Калі там  зрабілі трэпанацыю чэрапа, то ўбачылі даволі вялікую гематому. Урачы кажуць, што такое бывае ад моцнага ўдару па галаве, альбо ад нейкіх хімічных прэпаратаў… Калі падобнае магло здарыцца, невядома і сёння…

Па адной з версій, Карпенку стала дрэнна значна раней.

Гэта быў апошні дзень жыцця  Генадзя Дзмітрыевіча. У дадатак  хачу нагадаць яшчэ і першы.

Маці будучага віп-палітыка расказвала даволі цікавую гісторыю знаёмства з яго бацькам. Было гэта амаль адразу ж пасля вайны. Вера Міхайлаўна Розум толькі-толькі вярнулася з нямецкага палону ў родныя Смалявічы. Набліжаліся чарговыя кастрычніцкія святы. Сяброўка прапанавала ёй з’ездзіць у  Калодзішчы на танцы. Прыехалі, але танцаў там не было. Тады дзяўчаты трапілі ў ваенны гарадок, дзе Вера і пазнаёмілася з Дзмітрыем. Той прыехаў за сям’ёй свайго камандзіра з Японіі. Пасля дэмабілізацыі Дзмітрый Карпенка, у якога некалькі гадоў таму ў Ленінградзе загінула першая сям’я, пераехаў у Смалявічы і яны сталі разам жыць. Хутка перабраліся ў Мінск, дзе 17 верасня 1949 года нарадзіўся сын, якога назвалі Генадзем.

16 гадоў яны жылі ў “камуналцы” і толькі потым атрымалі аднапакаёвую кватэру.

Палітычную дзейнасць Карпенка пачаў напрыканцы 80-ых – дэпутатам і членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета 12-га склікання. У 1994 годзе яго выбралі ў Вярхоўны Савет 13-га склікання, віцэ-спікерам якога быў да самай смерці.