Казакоў Сяргей

%d0%ba%d0%b0%d0%b7%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e7

 

 

 

 

  • З  кнігі “Жыццё пасля кратаў”

 

РУЖАНЕЦ ЛЁСУ

 

Даведка: Сяргей Казакоў нарадзіўся 12 лютага 1992 года ў расійскім Ленінагорску.

Скончыў мінскую сярэднюю школу № 85.

Актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”. Быў затрыманы 27 2011 года студзеня ў якасці падазраванага па справе аб масавых беспарадках. Прад’яўлена абвінавачанне па ч.2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).

Да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага ў Мінску.

12 траўня 2011 года асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

11 жніўня 2011 года памілаваны згодна з указам прэзідэнта.

 

 

 

Менавіта ружанец мае непасрэдныя адносіны да таго, што стала адным з успамінаў пра Бабруйскую папраўчую калонію №2. Там Сяргей Казакоў зрабіў цэлую калекцыю ружанцаў. З хлеба. І ўвогуле, сярод “зэкаў” вельмі часта сустракаюцца таленавітыя людзі…

 

Арыенцір – Беларусь

 

Амаль усім героям сваіх нарысаў я прапаную ўзгадаць тэкст песні Андрэя Макарэвіча “Ты помнишь, как всё начиналось?” Зразумела, што як музыка Сяргей Казакоў, не мог стаць выключэннем, толькі “першы акорд” у яго быў вельмі кароткі — Ленінагорск Татарской АССР. Літаральна пасля нараджэння сына яго бацькі разышліся, і Сяргей практычна да васьмі гадоў жыў у сваёй бабулі Ганны Пятроўны ў Сібіры.

Яе муж Віктар Аляксандравіч быў вайскоўцам і менавіта дзякуючы дзеду Сяргей трапіў у Мінск. Як вядома, вайскоўцы не абіраюць месца сваёй службы, хаця час ад часу “кадравікі” прыслухоўваюцца і да іх пажаданняў. Асабліва, калі тыя ўжо “бліжэй да пенсіі”.

На жаль пайсці ў запас Віктару Аляксандравічу не выпала. Проста на службе ён трагічна памёр. Здарылася гэта ўжо ў Беларусі, дзе той служыў апошнія гады жыцця і дзе яго жонка потым атрымала кватэру.

Сяргей Казакоў пайшоў у “пралетарскую” 85-ю школу, што месціцца ў Завадскім раёне Мінска. Менавіта ў гэты час (1989 год) пачалася чарговая рэформа беларускай адукацыі, якая ў рэшце рэшт не была здзейсненай.

Як вядома, не так даўно “дванаццацігодка” была заменена на “адзінаццацігодку”, і Сяргею прыйшлося закончыць той самы клас , які пазначаўся абсурдным “штрыхом”.

Але гэта было потым, бо спачатку (пасля дзясятага ( з улікам рэформы –заўвага аўтара) класа) на вельмі кароткі тэрмін ён пайшоў вучыцца ў Авіябудаўнічае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча.

Мабыць, зараз назва камусьці прыйшлася не да спадобы, і іх перайменавалі ў каледжы. Не змяніўшы сутнасць…

Выбар ПТВ тлумачыцца вельмі проста. Як і ўсе мы, Сяргей Казакоў з самага дзяцінства пастаянна чуў словы пра неабходнасць вучыцца далей. Таму і вырашыў зрабіць менавіта так. Праўда, цягнулася ўсё вельмі нядоўга. Усяго два тыдні.

Шчыра кажучы, даволі агідна слухаць ад чыноўнікаў, якія расказваюць пра “лепшую у свеце адукацыю”, а сваіх дзяцей пры гэтым накіроўваюць вучыцца за мяжу… Калі “лепшая ў свеце”– вучыце тут!

Яшчэ больш агідна бачыць, як гэта робіцца па “абразлівым” апазіцыйным праграмам… Кожны раз здзіўляюся, як яны туды трапляюць… Нічога не хачу сказаць пра хабары, але, пагадзіцеся, тут ёсць шмат пытанняў… І не толькі ў мяне…

У школе Сяргей Казакоў вучыўся “так сабе” і таму спадзяваўся, што гучная назва вучэльні будзе адпавядаць і якаснай адукацыі. Памыліўся, бо па ўзроўню ведаў ён быў самым лепшым у групе. Прыйшлося хутка вяртацца назад.

Сярод захапленняў Сяргей Казакова музыка дамініравала безумоўна і абсалютна. Разам з разуменнем таго, што на сур’ёзным узроўні ёй пажадана займацца толькі з адпаведнай “корачкай”. То бок з дыпломам аб нейкай адукацыі.

Пералічваць усе месцы пасляшкольнай працы няма сэнсу па двух прычынах. Першая – іх было даволі шмат. Другая – аднолькавая сутнасць зместу. Рознарабочы.

Менавіта з апошняга месца працы (фасоўшчык базы гародніны) яго і “забралі” супрацоўнікі КДБ.

 

Арыенцір – Плошча

 

Прыход на Кастрычніцкую плошчу не быў для яго, як кажуць, спантанным рашэннем. Яшчэ за шмат месяцаў да гэтага Сяргей ведаў, што будзе менавіта там. Як і тое, дзеля чаго гэта будзе зроблена. Інакш Казакоў проста не мог. І не толькі таму, што быў сярод актывістаў “Еўрапейскай Беларусі”. Выбар дыктавала сумленне, якое не прымала тое, што робіцца вакол.

19 снежня 2010 года пачыналася, як звычайна ранішняй рэпетыцыяй. А пазней пачаліся “дэбюты”. І першы з іх – удзел у выбарах. У лютым Сяргею Казакову споўнілася 18 год, што дазваляла галасаваць.

Пасля таго, як “канстытуцыйны абавязак” быў выкананы, ён некалькі часоў з сябрамі піў каву. Нельга сказаць, што ў іх кампаніі панавала  нязмушаная абстаноўка. Хутчэй наадварот. Была нейкая атмасфера напружанасці, чаканне нечага трывожна-невядомага. Юнакі амаль не размаўлялі паміж сабой.

… Актывісты “Еўрапейскай Беларусі” збіраліся побач з цыркам. Усяго некалькі соцень метраў да Кастрычніцкай плошчы, але і іх хапіла, каб зразумець, што рыхтуецца нешта вельмі значнае. Такой колькасці аўтазакаў у дварах раней не бачыў ніхто.

Не буду падрабязна зноў распавядаць пра шлях з адной плошчы на другую, бо пра гэта шмат казалася ў кнізе “Супраць плыні”, якая была надрукавана год таму. Азначу толькі, што да стаячага ля будынку ўрада помніку Леніна Сяргей Казакоў прыйшоў адзін з першых.

Магчыма, мяне зараз не зразумеюць камуністы (у тым ліку і апазіцыйныя), але я прынцыпова лічу, што помнік самаму адыёзнаму бязбожніку не павінен стаяць побач з месцам, дзе жыве Бог.

Не гаворачы ўжо пра ўсе іншыя абставіны… Не прымаю і “адмазку” наконт “дэфіцыту сродкаў”… Каб пераставіць помнік Максіму Багдановічу яны знайшліся… Знойдуцца і зараз…

Не стану зноў прыводзіць факты, што сведчаць пра наперад падрыхтаваную правакацыю. Дадам усяго адну дэталь, пра якую распавёў Сяргей Казакоў.

Вечарам 19 снежня 2010 года ніхто з дэманстрантаў нават і не збіраўся падыходзіць да адміністрацыйных будынкаў, біць там шкло. Яму было добра бачна, як з розных частак вялікага натоўпу (як па камандзе) вызначыліся групы людзей, падбеглі да вокнаў Дома ўраду і пачалі іх біць. Пры чым рабілі гэта далёка не голымі рукамі, бо шкло там вельмі тоўстае. Самае “цікавае”, што амаль ніхто з іх потым “не свяціўся” у судах…

Калі пачаўся “хапун”, Сяргею пашанцавала. Ён прайшоў тры ачаплення. Побач з Казаковым засталося двое яго сяброў. Адзін з іх стаў на плечы астатніх і “выглядзеў” разрыў у ачапленні, якое толькі-толькі пачыналася.

Гэта і дазволіла вырвацца, бо з пачатку людзей проста білі нейкія “ціхары ў цывільным”, потым лютавалі амапаўцы, а ў “трэцім колы” “працавалі” ўнутраныя войскі. Адсутнасць пэўнай “сінхроннасці” іх дзеянняў і давала  банальную магчымасць збегчы.

Напэўна, некаторым мае думкі пададуцца адносна спрэчнымі, але я прынцыпова лічу, што адказваць павінны несці ўсе, на чыіх руках людская кроў. І тыя, хто даваў загады біць, і тыя, хто біў. Адказнасць гэта прыйдзе абавязкова. Разам з любой новай уладай.

Не ў якім разе не заклікаю да нейкіх масавых люстрацый, але масавага даравання, на мой погляд, быць не павінна. Упэўнены, непазбежнасць адплаты прыпыніла бы многіх, бо не ўсе з іх’ ганарацца медалямі, якія атрыманы за збіццё невінаватых людзей.

Добра памятую, як у 1994 годзе ў кабінеты “новых” стаялі літаральна чэргі былых кебічаўскіх паплечнікаў. Даволі хутка тады яны змянілі адны крэслы на іншыя, і зараз спадзяюцца зрабіць гэтак жа.

Напэўна, частка з іх прэтэндаваць на гэта мае права (напрыклад, высокапрафесійныя кіраўнікі – заўвага аўтара), але ёсць і тыя, хто павінен адказаць за асабістыя дзеянні.

Перакананы, калі б нехта адказаў за савецкія рэпрэсіі, сёння б мы не мелі такога міліцэйска-кэдэбэшнага бязмежжа.

І яшчэ. Мяркую, што яго было б значна менш і ў тым выпадку, каб ахвяры годна адказвалі сваім катам, а не падстаўлялі пад новы ўдар “іншую шчаку”.

І не трэба прыкрывацца загадам і словамі пра “карміць сваіх дзетак”. У тых, каго збіваюць і кідаюць за краты, альбо супраць каго нахабна ілгуць у судах пра брыдкаслоўе, дзеці ёсць таксама.

 

Чужы арыенцір

 

Чаму “чужы”? Перш за ўсё таму, што Сяргей Казакоў не абіраў яго сам.

Дамоў (кіламетраў 7-8) ён ішоў па начному спужанаму гораду некалькі гадзін. Трапіў у сваю кватэру толькі ў 2 гадзіны ночы. Уключыў тэлевізар, паглядзеў рэпартаж беларускага тэлебачання і ад адчування таго, што адбываецца нешта агідна-анамальнае да пяці гадзін раніцы не мог заснуць.

На наступны дзень у яго брыгады на базе гародніны была “начная змена”. Разам з Сяргеем працуюць людзі, якія вельмі мала цікавяцца палітыкай. Дакладней – цалкам апалітычныя. Кошты тады былі дастаткова нізкімі, а заробкі высокімі. То бок ніякага эканамічнага крызісу.

А калі сказаць больш жорстка, з Сяргеем разам працуюць тыповыя прадстаўнікі лозунгу пра “чарку і шкварку”.Таму можна зразумець здзіўленне Казакова, калі ён пачуў дастаткова актыўнае абмеркаванне праблемы і вельмі крытычныя адносіны да ўлады. Як звычайна, аднымі размовамі ўсё абмежавалася і на той раз.

Першыя дні пасля падзей 19 снежня 2010 года адрозніваліся асаблівай напружанасцю. Штодзённыя арышты і ператрусы, масавая вымушаная “эміграцыя” дэмакратычных актывістаў. Складвалася ўражанне, што “цэрберы” сарваліся з ланцугоў і пад іх “клыкі” можа трапіць кожны ў каго дома ёсць камп’ютар, а ў думках — непрыняцце сістэмы.

Калі гэта і ёсць прыкметы “стабільнасці”, то мне бы вельмі хацелася б пачуць пра сутнасць гестапаўскіх метадаў і канцлагераў…

Літаральна за тыдзень у “Еўрапейскай Беларусі” змянілася ўсё так кардынальна, што на яе прыкладзе можна было бы чытаць лекцыі пра “тактыку выпаленай зямлі”. Прычым, знайсці нейкія “канцы” было немагчыма па вызначэнню. Людзі “знікалі” як у кніжках пра Гары Потара. І толькі потым станавілася вядома, што яны альбо за мяжой, альбо за кратамі.

Напрыклад, Сяргею Казакову пра тое, што яго сябра  знаходзіцца ў Варшаве расказалі “чэкісты” пад час допыту ў следчым ізалятары.

Словам, на вуліцу было выходзіць, як кажуць, маладыя, “стрёмна”…

Арышт самога Сяргея нагадваў прымітыўны крымінальны серыял, якіх зараз вельмі багата на тэлебачанні. На яго мабільны тэлефон пачаліся званкі з невядомых нумароў. Казакоў здагадваўся, хто гэта, таму адразу змяніў сімку і з’ехаў з кватэры, дзе жыў на той момант.

“Вылічылі” яго праз бабулю, да якой прыехалі з міліцыі і сказалі, што з яе ўнукам жадаюць “проста паразмаўляць”. Тая паверыла афіцэрскім словам і назвала месца працы, дзе Сяргей “афіцыйна” не значыўся.

За Казаковым “прыйшлі” 27 студзеня. У чарговую “начную змену”. Спачатку некуды выклікалі начальніцу брыгады. Неўзабаве яна вярнулася і папрасіла Сяргея “схадзіць з ёй да дзяжурнага”. Як толькі той зайшоў у адпаведнае памяшканне, следам крочыў (каб не збег) невядомы ў цывільным. Паказаў “корачку”. Потым гэты “опер” дазволіў “скінуць смс” пра затрыманне і загадаў выключыць тэлефон.

Спачатку, Казакова прывезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе ён прабыў трое сутак, а потым  — на “Валадарку”.

На  допыце Сяргею далі так званага “дзяржаўнага адваката”, які адразу ж параіў ва усім прызнацца. Такая “тактыка”, падалася Сяргею, мякка кажучы, няправільнай

Пра “вандроўкі” па Валадарцы падрабязна расказваць не буду, бо тое, што “там не курорт” добра зразумела і так. Спыню ўвагу толькі на некалькіх момантах.

Першы датычыцца прычоскі. Шчыра кажучы, калі я ўбачыў Сяргея Казакова, першы раз, то пазнаў з пэўнымі цяжкасцямі. Справа ў тым, што “бралі” яго з доўгімі валасамі, а зараз стрыжка амаль ваенная. Тлумачыцца ўсё вельмі проста – антысанітарыя “Валадарцы”. Нават, калі б нехта і хацеў захаваць да суда свае “патлы” (што не вельмі спадабаецца мясцоваму начальству), пагроза непазбежнага педыкулёзу змушае да развітання з “обильным волосяным покровом”.

Як вядома, мясцовы следчы ізалятар заўсёды перапоўнены людзьмі, таму Сяргея Казакова адразу здзівіла і насцярожыла тое, што яго перавялі ў камеру на чатырох чалавек, а сядзеў там толькі адзін былы следчы пракуратуры. Насцярожыла і тое, што той адразу ж пачаў актыўна расказваць пра сябе — у такіх месцах гэта даволі дзіўна. Да таго ж, як хутка высветлілася, да Казакова ў гэтай камеры знаходзіўся другі фігурант “дела о массовых беспорядках” – Павел Вінаградаў…У такіх умовах пра любое “красамоўства” трэба забыцца адразу…

З “подсадной уткой” Сяргей пражыў у адной камеры тры тыдні і нават сустрэў свой 19-ты дзень народзінаў, а потым яго перавялі ў звычайную, аднак не перапоўненую камеру – на 10 месцаў “прэтэндавала” толькі 12 чалавек. У ёй Сяргей адразу даведаўся пра першы прысуд “За плошчу” – Васілю Парфянкову паказальна “уляпілі” чатыры гады пазбаўлення волі.

Суд над Сяргеем Казаковым праходзіў “ціха”, то бок без асаблівай увагі прэсы. Справа ў тым, што ў гэты ж час судзілі Уладзіміра Някляева. Той “працэс” стаў асновай амаль усіх медыйных артыкулаў.

На знаёмства з “матэрыяламі справы” замест вызначанага па закону месяца Казакову далі толькі тры дні і вельмі цынічна праігнаравалі ўсе пратэсты на гэты конт.

Апошнім часам менавіта здзеклівая цынічнасць стала найбольш яскравай “прыметай” беларускай улады. Такое ўражанне, што з яе дапамогай нехта імкнецца прыкрыць асабістае ператварэнне ў паслухмяную жывёлу. Маўляў, з “адмарозкамі” і “пятай калонай” – інакш нельга. Не заслугоўваюць яны “нармальных адносін”.

Ёсць у такога падыходу і яшчэ адно тлумачэнне. Магчымасць бязпакарана “гнабіць” іншадумцаў дае ілюзію “элітарнасці”. Той самай, за якой не бачна асабістай прымітыўнасці і шэрасці…

Дваццаць гадоў таму адзін з вядомых кінакрытыкаў напісаў, што галоўны герой “Дзікага палявання караля Стаха” уступае “у царства хісткасці, якое выдае сябе за стабільнасць”. Нешта падобнае сёння адчуваецца літаральна ва ўсім. Айчыная праваахоўная сістэма (шырэй – юрыспрудэнцыя) — нагляднае таму пацверджанне.

Суд над Сяргеем Казаковым нагадваў благі дэтэктыўны раман. Ігнараваліся ўсе аргументы абароны, не вызывалі “непажаданых” сведак. У “спрэчках бакоў” адвакаты ўшчэнт “разбілі” довады пракурора, аднак на прысуд гэта не паўплывала – тры гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Падобныя “пакасці” працягнуліся і ў Бабруйскай калоніі, куды Сяргей Казакова накіравалі праз месяц (заяву на паскоранае этапіраванне банальна “страцілі” – заўвага аўтара) пасля прысуду.

Звычайна “каранцін”, які ўсе зэкі праходзяць перад асабістымі “атрадамі” займае два тыдні. Умовы там даволі цяжкія, таму асуджаныя імкнуцца прайсці яго як мага хутчэй. Без тлумачэння прычын для Сяргея Казакова ён працягваўся два месяцы. Больш за тое, абсалютна незаконна мясцовы начальнік “цэнзураваў” усе газеты, якія былі выпісаны Казакову, таму той іх атрымаў, як кажуць, постфактум.

 

Арыенцір – свабода

 

Як і іншыя “прашэнне пра памілаванне” Сяргей Казакоў “напісаў” вельмі ўмоўна. Як і іншыя, віны сваёй не прызнаў. 13 верасня 2011 года разам са Зміцерам Драздом і Арцёмам Грыбковым супрацоўнікі калоніі адвезлі яго на вакзал і літаральна “пасадзілі” на цягнік.

Ведаю, што ён крыху перажываў наконт таго, што “зламалі”, аднак гэта, на мой погляд, абсалютна дарэмна.

Па-першае, не зламалі, таму што фразу “Прашу мяне вызваліць” (па глыбокаму перакананню аўтара) вельмі цяжка назваць нейкім пакаяннем.

Па-другое, НІХТО з тых, хто сам пабываў за кратамі не асуджае падобны крок, бо добра ведае, як там умеюць “прэсаваць” людзей. “Асуджаючыя” каментары звычайна пішуцца ў цёплых і бяспечных кватэрах дзе-небудзь у Варшаве, Лондане альбо Празе, адкуль прасцей за ўсё “змагацца з крывавым рэжымам”..

Альбо “каменты” пішуць “інтэрнэт-тролі” з КДБ, бо ў іх “такая праца ”…

Крыху дзіўна, але на сваёй працы, пасля таго, як “адкінуўся” Сяргей Казакоў аднавіўся без якіх-небудзь праблем, але прапрацаваў там нядоўга – паўтары месяца. Потым рабочыя пачалі страйк з патрабаваннем павышэння заробкаў. Кіраўніцтва пайшло насустрач, аднак ужо праз тыдзень Казакова адтуль зволілі банальна не працягнуўшы працоўны кантракт. Мабыць, нехта падумаў, што страйк “замуціў” менавіта ён.

Літаральна пасля звальнення ён “атрымаў” “дзесяць сутак” за чарговую акцыю салідарнасці. Гэта было першае і пакуль адзінае парушэнне ўмоў вызваленне, якія могуць хутка (3-4 парушэнні) стаць больш жорсткімі і скончыцца новым судом. Пра што яму і паведамілі проста на Акрэсціна, хаця трэба гэта рабіць толькі пасля таго, як будзе разгледжаная адпаведнае прадстаўленне. Канешне, калі такая з’віцца ўвогуле, бо фармальна нават за кратамі чалавек лічыцца невінаватым.

Праз месяц Сяргей Казакоў зноў уладкаваўся на працу — гардэробшчыкам начнога клуба, але і там пратрымаўся нядоўга. Да таго моманту, як спатрэбілася несці ў міліцыю характарыстыку з новага месца працы. Можа супадзенне, але адразу пасля таго, як у клубе даведаліся пра судзімасць, пасаду гардэробшчыка “скарацілі”. Праўда, гэта не перашкодзіла на “скарочаную” пасаду адразу ж прыняць іншага чалавека…

На жаль, “прыклад” Сяргея Казакова не адзіны ў гэтым сэнсе. Дастаткова ўзгадаць яшчэ Аляксандра Малчанава, каб пераканацца ў тым, што вакол тых, хто “сядзеў за Плошчу” штучна ствараюцца абставіны для чарговай “адсідкі”. Прычым, даволі часта гэта робіцца “чужымі рукамі”.

Вельмі паказальна, што літаральна на другі дзень пасля вызвалення Сяргей Казакоў пайшоў на рэпетыцыю рок-гурта “Скрыжалі”. Пра іх трэба сказаць асобна, бо гэта як раз той выпадак, калі ярлык “былога зэка” не змяніў адносіны паміж людзьмі. У адрозненне ад дзяўчына Сяргея, якая выйшла замуж, яны дачакаліся свайго бас-гітарыста.

“Скрыжалі” нарадзіліся яшчэ ў 2002 годзе ў Горках. У 2008 годзе яе лідары вакаліст Дзяніс і гітарыст Сяргей пераехалі ў Мінск і  “выйшлі” на Казакова. Запрасілі граць разам. Ён пагадзіўся, хаця на той момант граў яшчэ ў двух гуртах. Аказалася, не дарэмна, бо, калі Сяргея “пасадзілі” Скрыжалі” аказаліся АДЗІНЫМІ, хто яго дачакаўся з турмы. Замену свайму “басісту” шукаць не сталі. Яго функцыю пачаў выконваць вакаліст .

Не моцна разбіраюся ў музычных дасягненнях рок-гурта “Скрыжылі”, якіх даволі багата, але ў плане чалавечага высакародства яны паступілі вельмі прыстойна –малайцы! Упэўнены таксама і ў тым, што самыя галоўныя музычныя “медныя трубы” у іх яшчэ наперадзе.

 

… Пад час нашай размовы ў руках Сяргея Казакова зноў быў ружанец. Але ўжо не з хлеба. З дрэва. Вельмі паказальны момант, які сведчыць аб тым, што лёс чалавека часта залежыць не толькі ад Бога, але і ад яго самога.

30.08.12

 

%d0%ba%d0%b0%d0%b7%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e1  %d0%ba%d0%b0%d0%b7%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e3 %d0%ba%d0%b0%d0%b7%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e4 %d0%ba%d0%b0%d0%b7%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e5 %d0%ba%d0%b0%d0%b7%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e6

%d0%ba%d0%b0%d0%b7%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e2