Кебіч Вячаслаў

kebich2-31s

З  кнігі "Асобы"

ПРЭМ’ЕР — ВЯЧАСЛАЎ КЕБІЧ

Цалкам згодны з тымі, хто лічыць, што да 1990 года, да прызначэння кіраўніком Савета Міністраў БССР Кебіча, як палітыка, не існавала. Дагэтуль ён лічыўся даволі «крепким руководителем» і палітыкай не займаўся ўвогуле.

У 1990 годзе адбыўся яшчэ адзін палітычны дэбют: ад імя Беларусі Вячаслаў Францавіч выступіў на чарговай сесіі Вярхоўнага Савета СССР. Выступленне было вельмі жорсткім. Кебіч выказаўся супраць «разборак» паміж Ельцыным і Гарбачовым, якія перашкаджаюць нармальна працаваць у правінцыі.

Пазней менавіта «разборкі» на некалькі гадоў стануць адным з атрыбутаў яго палітычнай кар’еры. Пачалося ўсё ў жніўні 1991 года. Аб тым, як ён сустрэў весткі пра жнівеньскія падзеі, Кебіч распавядаў сам.

«У дзень путчу я быў на адпачынку ў Крыме. 19 жніўня мне больш за ўсё запомніліся дрыжачыя рукі Янаева на экране тэлевізара і разуменне таго, что ўсё гэта — правальная ідэя. А ўляпацца было прасцей простага, таму цалкам свядома не стаў тэлефанаваць ні Малафееву, ні Дземянцею, а працягваў адпачываць. І, як высветлілася, быў праў».

На той час Кебіч значыўся дэпутатам Вярхоўнага Савета. Менавіта «значыўся», таму што да перабудовы савецкі беларускі парламент, як цяпер Палата прадстаўнікоў, быў пэўнай бутафорыяй. Але выбары ў Вярхоўны Савет 12-га склікання, што адбываліся ўжо падчас перабудовы, былі сапраўднымі. Наменклатура ўжо напалову выпусціла з рук старыя рычагі кантролю, а новых яшчэ не стварыла. На выбарах Кебіч перамог дырэктара саўгаса Лукашэнку, які ўжо распачаў свой шлях да ўлады.

Праз тыдзень пасля правалу путчу, 26 жніўня, пачалася пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета, дзе Мікалай Дземянцей быў вымушаны сыйсці з пасады старшыні. Як вядома, яго крэсла заняў Станіслаў Шушкевіч і, думаю, гэта не вельмі пакрыўдзіла Вячаслава Францавіча. Ён саступіў пасаду, якая насіла на той час чыста фармальны характар, але рэальнай улады не згубіў. А пагадзіўся на барацьбу за месца спікера па вельмі простай прычыне. Пасля таго, як рухнула кіруючая роля КПСС, адзінага кіраўніка ў краіне не засталося. Гэта роля магла перайсці да Вярхоўнага Савета. І, хутчэй за ўсё, калі б менавіта Кебічу ўдалося стаць на чале парламента, наша краіна і па сённяшні дзень заставалася б парламенцкай рэспублікай.

Як вядома, Кебіч змагаўся тады з Шушкевічам некалькі тыдняў, але перавагі не было ні ў кога. І Вячаслаў Францавіч добраахвотна зняў сваю кандыдатуру. І твар захаваў, бо рэальнай паразы не было, і красамоўна паказаў, што ён не з тых людзей, хто дзеля ўлады не здольны на кампрамісы. У той час Кебіч дыпламатычна адступіў, каб праз два гады нанесці больш моцны ўдар.

У нетрах старой наменклатурнай арыстакратыі ўзнікае і набывае канкрэтныя арганізацыйныя формы ідэя ўвядзення пасады прэзідэнта, якая разумелася як свайго роду новае ўвасабленне і цара, і генсека разам. Ідэя вярсталася персанальна пад Кебіча. На аднаго разлічвалі — другога атрымалі. Не хацелі, не любілі, але ж прынялі дзеля вышэйшай мэты бюракратыі — самазахавання пры ўсіх прывілеях і ўладнага становішча.

Тая пазачарговая парламенцкая сесія стала «моментом истины», своеасаблівым адлікам супрацьстаяння двух палітыкаў. Ніхто з іх ніколі не адмаўляўся ад магчымасці зрабіць візаві нейкую бяку. Напрыклад, Кебіч папрасіў КДБ сабраць кампрамат на Шушкевіча. І быў вельмі расчараваны тым, што «кампраматам» сталі толькі плёткі і чуткі.

Але гэта так, хутчэй дзеля спартыўнага інтарэсу. Галоўныя намаганні Кебіча ў той час, пры адсутнасці ўладнага цэнтра ў выглядзе ЦК КПБ і інертнасці новага старшыні Вярхоўнага Савета, былі скіраваны на канцэнтрацыю ўладных паўнамоцтваў ва ўрадзе, дакладней — апараце Савета Міністраў, які ён імкнуўся пераўтварыць у своеасаблівы сімбіёз урада і ЦК. Менавіта па ўзору ЦК ён пачынае фарміраваць у межах саўмінаўскага апарата аддзелы, якія па сутнасці дублююць міністэрствы, мала таго — імкнуцца імі кіраваць. Хутчэй за ўсё, атрымай Кебіч перамогу на прэзідэнцкіх выбарах, гэтыя аддзелы сталі б асновай адміністрацыі прэзідэнта.

І ўсё ж такі Вячаслаў Францавіч адчуваў недастатковасць і хісткасць гэтай канструкцыі, неабходнасць эканамічных рэформаў. У рэшце рэшт, ужо як бы і рашыўся на іх правядзенне. У размове з адным са сваіх паплечнікаў у сакавіку 1999 г. (за тыдзень да заўчаснай смерці) Генадзь Карпенка пацвердзіў тыя чуткі, што хадзілі напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў: яны сапраўды дамовіліся з Кебічам, што той бярэ яго ва ўрад сваім намеснікам з камандай у колькасці 7 чалавек і дае ім поўны карт-бланш на правядзенне рэформаў. Але ўжо вечарам патэлефанаваў, мякка кажучы, з рэзкай вымовай. Карпенка не адразу змог нават уцяміць за што. Аказалася — за подпіс пад заявай дэпутацкай апазіцыі БНФ з патрабаваннем адстаўкі Кебіча. «Заяў, — смяяўся Генадзь Дзмітрыевіч, — рознага кшталту ў той час хадзіла дзесяткі, якія ён падпісваў не чытаючы. А тут, на табе, такое супадзенне».

Вось так: маленькі эпізод — і іншы паварот гісторыі. Хаця будзь рашэнне Кебіча цвёрдым — пра гэту недарэчнасць забыліся б на другі дзень. І не такое даруюць, забываюць палітыкі дзеля дасягнення мэтаў, якія яны лічаць галоўнымі для сябе. Ці яны — не палітыкі.

Кебіч не ўзяў у Саўмін нікога з былых першых кіраўнікоў кампартыі Беларусі. Выключэнне зрабілі толькі для Малафеева, прычым на адносна невысокую пасаду. Урад Кебіча часова прыпыніў сваю належнасць да кампартыі, і працаўладкаванне А. Малафеева было своеасаблівым прабачэннем, адкупной перад партыйнай наменклатурай. І знакам вернасці: Францавіч нікога не «здае».

Сам Кебіч не здраджваў. Здраджвалі толькі яму. Больш за ўсіх ён скардзіўся на Міхаіла Мясніковіча, якога лічыў самым блізкім чалавекам. А яшчэ на Сяргея Лінга, які потым сам стаў прэм’ерам. І яшчэ на Замяталіна, які шмат разоў публічна ганарыўся сваёй адданасцю Вячаславу Францавічу, што не перашкодзіла хуценька перабегчы на бок пераможцы — Лукашэнкі. Да гэтага часу па палітычных кулуарах блукае пытанне: эпізод са сцюардэсай, які так цудоўна спрацаваў на імідж Лукашэнкі, Замяталін раскруціў па дурасці, ці як тайны агент кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі ў камандзе Кебіча?

Наконт апошняга ўспамінаецца адзін выпадак з маёй журналісцкай практыкі.

У 1994 годзе прэс-сакратар Замяталін вельмі дапамог мне арганізаваць інтэрв’ю з Кебічам. Праўда, папрасіў падрыхтаваць пытанні за некалькі дзён да сустрэчы і дадаў да іх некалькі сваіх.

Пасля першага тура, калі ўсім стала зразумела хто будзе пераможцам, я паспрабаваў знайсці шчырых прыхільнікаў Кебіча. В. Замяталін адмовіўся выступіць у гэтай ролі…

Тое, што Кебіч прайграе прэзідэнцкія выбары, было зразумела амаль усім, акрамя самога Вячаслава Францавіча. Ён змагаўся ў першаю чаргу з Шушкевічам і амаль не звяртаў увагі на Лукашэнку, які ў свой час пагаджаўся нават на пасаду міністра сельскай гаспадаркі ў новым урадзе. Дай яму Кебіч гэтую пасаду — глядзіш і не стаў бы той прэзідэнтам. Гавораць, што Кебіч стаяў за тымі, хто адхіліў Шушкевіча ад старшынства ў Вярхоўным Савеце. Не станем гадаць, наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці, але нешта падобнае выглядае вельмі лагічным.

І яшчэ. Кебіч занадта моцна верыў свайму блізкаму атачэнню. Хаця зрэдку і ў яго прарываліся сумненні. Вось эпізод з адной з перадвыбарчых вечарын у маладзечанскім рэстаране. Кебіч гучна на ўсю залу мовіў: «Бачыш, тут — усе верныя саратнікі, а як толькі пахіснуся, здадуць і вокам не міргнуць». Праз паўзу мінутнай цішыні «саратнікаў» як бомбай узняло з крэслаў, каб на перабой і хорам праспяваць: «Ну што Вы, Вячаслаў Францавіч, мы Вас любім!» Тыя, хто вырас у віхурах розных партыйных інтрыг, самі інтрыгавалі, ільсцілі, утойвалі праўдзівую інфармацыю, дакладвалі тое і так, што «бос» хацеў пачуць.

І не шчыравалі ў працы. Як успамінаў Сямён Шарэцкі — у той час дарадца Кебіча — усе кіраўнікі на ўсіх ступенях уладнай лесвіцы, ад аблвыканкама да старшынь калгасаў, запэўнівалі ў поўным кантролі за галасамі выбаршчыкаў, а на справе імітавалі дзейнасць. Больш за тое, добра адчувалі сапраўдныя настроі насельніцтва, і тайна рыхтавалі глебу для ўласнага выратавання, аж да збору подпісаў на карысць Лукашэнкі.

Ну, а з апанентамі змагаліся метадамі савецкай прапаганды. Настолькі кандова і прымітыўна, што часта выклікала адваротны эфект. Яны не хацелі бачыць — змяніўся сам час.

З дыстанцыі сённяшняга дня здзіўляе нейкі стыхійны дэмакратызм Кебіча і яго чалавечая прыстойнасць. Так, адміністрацыйны рэсурс у яго руках быў не роўня сённяшняму, але яго хапіла б, каб не адзін раз зняць свайго апанента з выбарчай дыстанцыі на рэальных, а не штучна прыдуманых, праколах яго каманды (хаця б за лёзненскі эпізод, за перадвыбарчыя плакаты, надрукаваныя ў нямеччыне). Палічыў для сябе за трусасць адмовіцца ад тэледэбатаў з Лукашэнкам, хаця гэта агульнапрыняты ход для дзеючага кіраўніка.

Ня гледзячы на неаднаразовыя пагрозы, Лукашэнка, пасля перамогі на выбарах, не стаў помсціць Кебічу. Больш за тое, паспрыяў яму стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Чаму? На мой погляд, справа ў тым, што Кебіч, з аднаго боку, перастаў быць пагрозай новай уладзе, з другога — заставаўся рэальным лідарам старой наменклатурнай бюракратыі, якая мела моцны ўплыў на ўсіх ступенях тагачаснай вертыкалі. Лаяльнасць гэтай арыстакратыі для пераможцы ў прэзідэнцкай гонцы на першым этапе была патрэбна як паветра.

І яшчэ адзін даволі важны нюанс. Па сутнасці Лукашэнка пачаў рабіць амаль тое, чым займаўся Кебіч: інтэгрыравацца з Расіяй. Кебіч абяцаў хуткі прыход расійскага рубля і нават цалаваўся с Чэрнамырдзіным у засос. Лукашэнка з тым жа Чэрнамырдзіным пачаў будаваць саюзную дзяржаву, каб пад гэтую дуду, як цяпер ужо відавочна, атрымліваць ад Расіі эканамічныя прэферэнцыі на газ і нафту ў суме 6—8 мільярдаў штогод.

Пасля нечаканай паразы ў 1994 годзе Кебіч сышоў у «цень». Спачатку ён узначаліў Беларускі гандлёва-прамысловы саюз. Потым атрымаў дэпутацкую сінекуру — у Вярхоўным Савеце 13-га склікання і Палаце прадстаўнікоў, першай і другой.

Сёння Вячаслаў Францавіч — звычайны пенсіянер. Падкрэсліваю — не персанальны, а звычайны. Было б няправільна маляваць Кебіча толькі чорнымі фарбамі. Безамоўна, шмат чаго з яго палітычнай кар’еры многім не падабаецца, але нельга забываць і пра іншае. Сёння самыя заядлыя апазіцыянеры з настальгіяй узгадваюць пра часы «разгулу кебічаўскай дэмакратыі».

У 1994 годзе «Свободные новости», у якіх я працаваў, праводзілі конкурс анекдотаў пра Кебіча, Пазьняка і Лукашэнку. Сёння гэта немагчыма.

Што агульнага паміж Кебічам і Шушкевічам? Абодва, хаця і кожны па-свойму, увасабляюць сабой слабасць беларускай нацыянальнай эліты. Адзін не змог стаць нашым Бразаўскасам, другі — нашым Вацлавам Гавелам.

19.08.07

P.S.

Калі гэта кніга рыхтавалася да друку, выйшлі ўспаміны В.Ф. Кебіча, якія мне вельмі не спадабаліся. Аўтар хлусіць, як некалі хлусілі яму. І гэта не «пустыя словы». Калісьці Кебіч расказваў мне зусім не тое, што «ўспомніў».