Кеснер Генадзь

 

%d0%9a%d0%95%d0%a1%d0%9d%d0%95%d0%a0

  •  З кнігі “Інтэрв’ю, якіх не было”

 

                                          Я сам расскажу

                                          О времени и о себе.

                                                В. Маяковский

       

 

 

  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

 

У журналістыцы з 1992 года, працаваў на радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная” Белдзяржтэлерадыёкампаніі, на Радыё 101,2, Радыё Рацыя, супрацоўнічаў з рознымі інтэрнэт-выданнямі. З 2008 года — карэспандэнт газеты “Новы час”. Лаўрэат дыплома “За мужнасць і прафесіяналізм” імя Зміцера Завадскага (2008 год).

1

Калі я толькі пачаў працаваць у СМІ, а гэта было ў 1992 годзе (радыёстанцыя “Беларуская маладзёжная” на дзяржаўным радыё), ніякага падзелу на “чэсных” і “нячэсных” яшчэ, дзякуй Богу, не было. Хаця напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў 1994 году наша рэдакцыя была фактычна знішчаная (дзеля гэтага нават правялі структурную рэформу ўсяго дзяржаўнага радыё і тэлебачання). У мяне нават ня ўзнікла думкі, сысці з “дзяржаўнай працы”, ці застацца ў Доме радыё. Гэта прапаноўвалася ўсім калегам, але засталіся там працаваць адзінкі, якія пазней таксама сышлі. Рашэнне было цвёрдым — мы пакінулі Дом радыё і накіраваліся ў невядомасць. Ніколі дылемы – быць “чэсным” ці “нячэсным” перада мною не стаяла, і, можа, гэта да лепшага. Хаця ўсе гэтыя вызначэнні аднаго вядомага персанажа і, адпаведна, падзелы на такія катэгорыя вельмі штучныя.

2

Скажу абсалютна шчыра – ніколі. Нават у тыя цяжкія месяцы, якія даводзілася сядзець фактычна без працы пасля закрыцця чарговага праекта (Радыё 101,2, потым першага варыянта “Радыё Рацыя”), заставалася надзея на лепшае. Можа быць, гэта была вера ў старэйшых калег па былой “маладзёжцы”, у тую ж Жанну Літвіну, якая “нараджала” новыя праекты і даводзіла іх да рэалізацыі і пры гэтым ніколі не забывалася на нас, “малых”. Але ні жадання, ні спакусаў нейкім чынам далучыцца да “дзяржаўнікаў” (прынамсі, у тым маральна-псіхалагічным варыянце, у якім яны сёння існуюць) да сёння не ўзнікала. Часам мне іх нават шкада было (асабліва, калі ўзгадаць “рыбакоўскія рэформы” у Дзяржтэлерадыёкампаніі са звальненнем сапраўдных майстроў экрана і мікрафона, з увядзеннем кантролю, больш жорсткага чымся ў аэрапортах, ідыёцкія турнікеты на радыё і тэлевізіі і, што мяне здзівіла больш за ўсё, роля журналістаў у якасці прыгонных з фіксацыяй часу знаходжання на АСК на Камуністычнай і Макаёнка ці ў тым жа Доме радыё на Чырвонай. Горай за ўсё, мне падаецца, тое, што самі “дзяржаўнікі” мусяць заганяць сябе ў пэўныя рамкі, якія часам мяжуюць з элементарнымі  нормамі маралі… Ну, гэта іхняя асабістая справа, ня буду маралізатарстваваць.

3

Нармальнае, але хвалююцца, ведаючы, што працую ў недзяржаўнай прэсе. Людзям старэйшага пакалення цяжка патлумачыць, што недзяржаўнае ня ёсць кепскае ці забароненае, хоць і не пажаданае той жа самай дзяржавай. Таму спрабую шкадаваць пачуцці блізкіх і амаль не размаўляць з імі пра маю працу. Хоць раней, бывалі дыскусіі былі гарачыя  спрэчкі.

4

Нарадзіўся 11 траўня 1971 году ў Менску. Мары ў дзяцінстве былі самыя розныя: марыў стаць і настаўнікам, і матэматыкам, і нават чыгуначнікам (некалі гадоў у дзяцінстве займаўся на сталічнай Дзіцячай чыгунцы), потым марыў стаць перакладчыкам і стаў ім (па адукацыі я перакладчык-рэферэнт і настаўнік нямецкай мовы, скончыў нямецкае аддзяленне перакладчыцкага факультэту Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моваў – цяпер гэта Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт). Калі ўжо працаваў на дзяржаўным радыё, узгадваў, што яшчэ ў сярэдзіне школьных гадоў мы з сябрамі са школы спрабавалі рабіць сваё “вулічнае” радыё, пасля заняткаў у збіраліся ў двары, рабілі на магнітафоне нейкія запісы, прымітыўныя праграмы, але тады не падавалася, што гэта ўсур’ёз, і калісьці стане сэнсам і асноўнай справай жыцця. Марыў у дзяцінстве шмат вандраваць, у школе нават займаўся ў турыстычна-краязнаўчым клубе “Брыганціна”, які ачольваў наш любімы настаўнік геаграфіі і астраноміі Станіслаў Холеў і з якім мы аблазілі ўсю Беларусь і былі нават за многія тысячы кіламетраў ад Беларусі (у Грузіі, Азербайджане). Пазней у жыцці давялося шмат ездзіць, у тым ліку і далёка за межы краіны, нават за акіян (таксама была шматгадовая мара пабыць у ЗША, якая, падавалася, так марай і застанецца, але ў 2004 годзе лёс распарадзіўся інакш, і я на ўласныя вочы пабачыў Нью-Ёрк, Вашынгтон, Сіэтл і некаторыя іншыя цудоўныя штатаўскія гарады). Давялося нават жыць многія месяцы далёка за межамі Беларусі. Была мара ўбачыць Парыж і не памерці. Здзейснілася. Але шмат мараў яшчэ засталося, пакуль ня буду казаць, каб не сурочыць…

5

У журналістыку трапіў выпадкова (я тады яшчэ быў студэнтам МДПІІЯ), дзякуючы Жанне Літвіной і Таццяне Мельнічук, з якімі пазнаёміўся ў аўтобусе на шляху ў Нямеччыну, але гэта вельмі доўгая гісторыя. Цяпер не магу сабе ўявіць, што мог бы займацца нечым іншым. Чаму? Нават не магу патлумачыць. Проста жыву гэтай сваёй любімай работай і збіраюся так жыць далей.

6

Пачынаў працаваць на радыё з падрыхтоўкі навінаў “Нямецкай хвалі” у перакладзе з нямецкай мовы на беларускую. Дзеля гэтага ўставаў ужо ў 3.50 раніцы, уключаў кароткахвалёвы прымач, хуткапісам запісваў навіны на нямецкай мове, потым першым аўтобусам з Малінаўкі ехаў у Дом радыё, дзе перакладаў гэтыя паведамленні на беларускую мову і пакідаў іх мадэратару) і шыбаваў на заняткі ў ін’яз – і так амаль кожны дзень. Зараз проста ня верыцца, што сіл і волі на гэта хапала.  Пазней пачаў рабіць нейкія кароткія сюжэцікі, яшчэ пазней – рэпартажы. Так і “уцягнуўся”. Ролю мадэратара ўпершыню прымяраў на сабе ўжо ў 1995 годзе на Радыё 101,2 – жывы эфір – гэта наркотык (хто сам працаваў “жыўцом” –зразумее мяне). Ужо пазней вучыўся ў Нямецкай акадэміі радыё ў Дортмундзе, але амаль усяму, што датычыць радыёжурналістыкі, прынамсі, яе азам, мяне навучыла “маладзёжка”.

7

Зараз працую ў незалежнай газеце “Новы час” і, як многія-многія іншыя калегі, спрабую сябе ў інтэрнеце.