Кім Таццяна

%d0%ba%d1%96%d0%bc

 

  • З кнігі “Будзіцелі”

Даведка:Таццяна Кім нарадзілася 25 снежня 1954 года ў горадзе Самарканд. У  1978 годзе скончыла ленінградскі інстытут, які рыхтаваў кінаінжынераў. У 1980 годзе прыехала ў Мінск, выйшла замуж.

 

–Тое, як вашага сына судзілі, добра вядома, таму я папрашу зараз спыніцца на гэтым амаль схематычна.

— Усіх  абставінаў я і сама не ведаю. Затрымалі сына  21 студзеня. Мне патэлефанавала сяброўка Андрэя, Даша, плакала, казала, што ўсё вельмі блага, Андрэя арыштавалі, яму пагражаюць і г.д. У той час я была на працы, узяла таксоўку, прыехала да Цэнтральнага РУУС, але туды мяне  нават не пусцілі. Не зразумела ад каго, аднак  будынак там агароджаны. Мабыць, ад тых, каго яны “абараняюць”. На падыходзе мяне спынілі два міліцыянты, не пусцілі нават на тэрыторыю, параілі тэлефанаваць. Амаль суткі я не ведала, дзе сын. У РУУС адказвалі, што яго ў іх няма. Тое ж самае было і на Акрэсціна.

Андрэя  ўбачыла толькі на самім судзе. Яго справа была апошняй. У час суда яго некуды забралі на 40 хвілін, я вельмі хвалявалася, бегала, спрабавала высветліць, куды яго павезлі. Ніхто нічога не гаварыў, я і зараз памятаю, які жах я адчувала ў той час. Потым высветлілася, што яго вазілі ў РУУС, каб скласці чарговы, здаецца, чацвёрты пратакол.

Пра тое, што здарылася на пачатку года, зараз цяжка ўспамінаць. Для мяне гэта было зусім нядаўна.  Атрымалася так, што я зараз стараюся заняцца чым-небудзь іншым,  думала —  ўсё будзе менш балючым. Аднак не так.  Раней, калі нешта здаралася ў свеце і ў тэлевізійных навінах казалі пра неабходнасць псіхалагічнай дапамогі, я да гэтага ставілася даволі скептычна. Маўляў, якая можа быць дапамога, калі ўсё ўжо мінула  і трэба радавацца жыццю. Зараз лічу інакш. Тое, што было ў нашым жыцці, застаецца ў чалавечай душы назаўсёды. Нават калі мы пра гэта і не думаем.

Супраць сына ўзбудзілі дзве крымінальныя справы і далі паўтары гады. Быццам бы за тое,  што пабіў супрацоўніка ДАІ.

— А пры чым тут ДАІ?

— Не ведаю. У пракуратуры мне спачатку сказалі, што ў іх  ёсць відэястужка, дзе сын збівае міліцыянера, але пад час суда яе так і не паказалі. Тады я яшчэ не ведала, што яны могуць маніць. Калі я звярнулася да галоўнага пракурора Цэнтральнага раёна за дапамогай і каб распавесці, што мой адзіны сын не можа быць злачынцам,  што ён добры і сумленны чалавек і хрысціянін, то ён выслухаў мяне і адказаў, што ваш сын злачынца і павінен сядзець. Для мяне гэта было ўдарам па твары. Ў Генеральнай пракуратуры ў адказ на мае словы, што ў сына кепскае здароўе і ён можа не вытрымаць у гэтых умовах і памерці, я пачула: “Ну і што?”. Гаворка ў абодвух выпадках вялася пра змяненне меры ўтрымання да суда, і пры гэтым каля ста паважаных і вядомых людзей Беларусі падпісаліся пад асабістым паручыцельствам, але гэта ўсё было марным.

— Зразумела, што кожнай маці цяжка нешта расказаць пра свайго сына ў той час, калі ён знаходзіцца за кратамі,  але я ўсё ж папрашу вас гэта зрабіць…

—  Яшчэ са школы Андрэй імкнуўся мець дачыненне да ўсяго цікавага, што адбывалася навакол. Напрыклад – японская культура. Дарэчы, ён быў адным з арганізатараў і удзельнікаў фестывалю японскай культуры ў Мінску ў 2006 годзе.  Палюбіў беларускую мову, гісторыю, літаратуру. Пачаў з захапленнем займацца перакладамі з ангельскай мовы на беларускую. Занімаўся ў інтэлектуальным клубе “Дэбаты”. Прымаў удзел у “Што? Дзе? Калі?”, быў капітанам каманды. Дарэчы, адтуль мы бралі для суда характарыстыку. Яна была станоўчай, як і тыя, што напісалі наш участковы і настаўнікі  гімназіі,  ліцэя. І не магла быць іншай, таму што Андрэй – прыстойны, добры чалавек. Я вельмі ўдзячна ўсім, хто не пабаяўся  ў нашых умовах сказаць пра Андрэя праўду.

З ранняга дзяцінства  вучыла: ніколі не біцца. Казала, што на любую моц знойдзецца іншая моц і лепш даказваць сваю праўду словамі.

Ён і да Бога прыйшоў вельмі рана. Амаль у шэсць гадоў. Тады мы паступілі ў музычную школу, дзе  пазнаёміліся з цудоўным педагогам. Пакідчанка Віталь Вісарыёнавіч.  Ён выкладаў там харавыя спевы.

Я заўжды зайздросціла творчым людзям, тым, хто можа намаляваць, сыграць, выразіць свае пачуцці праз верш і г.д. Вельмі жадала, каб гэта ўмеў мой сын. І не памылілася. Андрэй  нават музыку сам прыдумляў.

Мне вельмі падабаюцца духавыя інструменты, а іх у звычайных школах не было. Стандартны набор для “спальнага” раёна – акардэон, баян, цымбалы, фартэпіяна. На ім мы і спыніліся. Аднак дырэктар сказаў, што туды патрапіць даволі складана, і параіў пайсці на харавое, дырыжорскае аддзяленне, бо яму настаўніца па сальфеджыо сказала, што ў Андрэя добры голас. Так мы трапілі на праслухоўванне да Віталя Вісарыёнавіча.

Пасля таго як Андрэй праспяваў, пачалі “распявацца” нейкія дзяўчынкі з хору. Сапраўды моцныя галасы, і я падумала, што шанцаў не будзе. Але Пакідчанка сказаў так: голас слабаваты, але разумныя вочы. Потым ён неаднаразова падкрэсліваў, што добры спявак гэта толькі на 50 адсоткаў  прыгожы голас, а на другія 50  – розум. У сем гадоў ён пачаў спяваць у хоры музычнай школы №17,  а таксама ў царкоўным хоры. Амаль восем гадоў  разам з хорам прымаў актыўны удзел у дабрачынных канцэртах у дзіцячых дамах, школах, бальніцах. Былі частымі гасцямі ў НДІ дзіцячай анкалогіі і шпіталі ўдзельнікаў і ветэранаў ВАВ у Бараўлянах і гэтак далей. Таксама выязджалі за рубеж.

Віталь Вісарыёнавіч і прывёў нас у пратэстантскую царкву.

Пасля школы Андрэй паступіў на гістарычны факультэт БДУ, але восенню мінулага года яго адтуль выключылі. Пасля адлічэння з універсітэту займаецца самаадукацыяй.

–Пасля таго як да вас прыйшло гора, наколькі змянілася кола кантактаў?

— Амаль цалкам. Але і падтрымка была каласальная.

Што датычыцца маіх пачуццяў, то з’явілася нешта новае. Гэта не гонар за сына. Гэта ўдзячнасць. У нейкім сэнсе я нават адчуваю сябе вінаватай перад ім, бо прыйшла да разумення таго, што адбываецца вакол, толькі  праз яго пакуты. Дагэтуль не ва ўсім падтрымлівала  і нават казала – навошта табе падобнае патрэбна? Сын мне заўсёды казаў, што трэба дапамагаць людзям і рабіць дабро.

У апошні час мне даволі часта прыходзіцца бываць у следчым ізалятары. Проста жудасныя гісторыі распавядаюць сваякі зняволеных. У мяне няма прычын не верыць ім, бо я бачыла іх разгубленасць і гора матак, у якіх сядзяць дзеці 18-25 год. Бацькі не ведаюць, куды звяртацца за дапамогай, згубілі веру ў нашы праваахоўныя структуры. І калі я раіла пісаць скаргі, казалі, што баяцца, каб не зрабілі гэтым горш. Я гавару не аб злачынцах, а аб тых, хто аступіўся па сваёй маладосці, інфантыльнасці і якіх  трэба не караць, а даць шанец на выпраўленне і нармальнае жыццё. Самае жахлівае, што пасля адсідкі амаль усе гэтыя дзеці будуць згублены для грамадства, не ў сэнсе, што яны стануць дрэннымі, а гэта дзеці з калечанымі псіхікай і лёсамі. Атрымліваецца нешта ірацыянальнае.

Зараз я больш за ўсё кантактую і сябрую з Галінай Васільеўнай Сіўчык. Наша знаёмства адбылося, калі Андрэя пасля адміністрацыйных “10 сутак” перавялі ў СІЗО. Яны жывуць побач. Галіна Васільеўна мне вельмі дапамагала. Дзякуючы ёй пазнаёмілася з рознымі цікавымі людзьмі, і  перш за ўсё з яе сынамі.

На мой погляд, Вячаслаў чымсьці нагадвае  “апошняга з магікан”. Нягледзячы ні на што, ён імкнецца зрабіць Беларусь незалежнай. Сапраўдны патрыёт. Пастаянныя рэпрэсіі можа вытрымаць не кожны. Толькі моцны духам чалавек, той, які шчыра любіць сваю Радзіму.

Дзякуючы Галіне Васільеўне, я, як бы па-новаму, пачала адкрываць для сябе Беларусь. Раней для мяне гэта была толькі Беларусь савецкая. Шмат хто ў гэтым сэнсе зайздросціць беларусам. Маўляў, як быў тут Савецкі Саюз, так ён і застаўся. Цяпер я ведаю, што ўсё не так.

Атрымліваецца, ёсць людзі, якія добра ведаюць гісторыю сваёй краіны.  І ёсць сапраўды беларуская Беларусь. Калі святкавалі 90 год БНР, я першы раз пачула, што ў 1918 годзе ў Беларусі быў незалежны ўрад, які потым амаль цалкам знішчылі. Жудасна. З усіх савецкіх рэспублік Беларусі дасталася больш за ўсё.

Здзіўляюся, чаму гэта не вывучаюць у школах. Калі б беларускі народ пачаў размаўляць на сваёй мове, то ён бы быў цалкам іншым. Адчуць сваю нацыянальную прыналежнасць можна толькі праз мову. Няблага, калі нехта размаўляе на “великом и могучем”, але гэта зусім не тое. Апошнім часам я стала задумвацца, чаму разумныя людзі (урачы, настаўнікі, ІТР) так абыякавы да сваёй духоўнай спадчыны, не разумеюць, што паважаюць толькі той народ, які ганарыцца сваёй мовай і каранямі. Нават у савецкія часы гаварылі, што народ, які не шануе сваё мінулае, не мае будучыні.

Зараз у Беларусі быццам бы спыніўся час.  І я вельмі ўдзячная сыну і ўсім маім сябрам, якіх я спаткала ў сваёй бядзе, што яны прымусілі мяне ўбачыць другое жыццё (не толькі стол, ложак і праца, а нешта яшчэ…).

Толькі зараз я разумею сапраўдны сэнс слова “свабода”. Нядаўна я ішла і думала: якое шчасце жыць у сапраўды свабоднай краіне і адчуваць — ты абаронены законам! Калі  ведаеш, што пакаранне магчыма толькі тады, калі ты  вінаваты. Яшчэ раз падкрэсліваю –абараняць чалавека павінен закон, а не нейкі міліцыянер альбо пракурор. Толькі так можна пазбегнуць трагедыі, якую мы назіраем сёння.

 

 

АЎТАРСКІ КАМЕНТАРЫЙ

Нягледзячы на тое, што пад час таго, як ішла праца над гэтай размовай, чарговая судовая інстанцыя заставіла прысуд Андрэю Кіму без зменаў, хочацца верыць — паўтара гады зняволення ён цалкам за кратамі не правядзе. Не, ніхто не верыць у беларускую Феміду, бо ўсе разумеюць, што Андрэй там аказаўся толькі для звычайна цынічнага гандлю. І яго могуць  адпусціць  так жа нечакана,  як і арыштавалі.

 

P.S.

Пазней так і адбылося.