Кіркевіч Алесь

%d0%ba%d1%96%d1%80%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d1%96%d1%87

З кнігі "Супраць плыні"

АРХЕАЛОГІЯ СУМЛЕННЯ

Даведка: Алесь Кіркевіч быў затрыманы за ўдзел у акцыі салідарнасці з палітвязнямі 24 снежня пад сценамі ізалятара на Акрэсціна. Асуджаны на 10 сутак. На волю выйшаў 3 студзеня, праз 3 дні быў асуджаны на штраф за арганізацыю перадвыбарчай сустрэчы кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча.    

Арыштаваны 28 студзеня пасля ператрусу ў яго на кватэры і допыту ў Гродзенскім КДБ па справе аб масавых беспарадках. Адвезены ў Мінск і змешчаны ў СІЗА КДБ. Было прад’яўлена абвінавачванне паводле ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэкса — актыўны ўдзел у масавых беспарадках. Асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі.

Люблю, калі маю работу выконваюць іншыя. Асабліва, якасна. Так, як у гэты раз. Мне нават не прыйшлося, як кажуць у падобных выпадках, “расстаўляць абзацы”, бо аўтар сам гэта зрабіў амаль бездакорна. І ўвогуле, чарговы раз пераконваюся, што існуючай уладе, мабыць, не патрэбны разумныя людзі…

Шлях у жыццё

Нарадзіўся я ў Горадні светлым восеньскім днём 9 лістапада 1989 года, акурат у дзень падзення Берлінскай Сцяны. А з радзільнага дома крыху пазней мяне першы раз у жыцці забіраў міліцэйскі ўазік: мой дзядзька тады быў падпалкоўнікам і працаваў ва УУС. Скажыце пасля гэтага, што жыццё не перапоўнена сімваламі.

Маці мая выкладчыца. Тады яшчэ ў хіміка-тэхналагічным тэхнікуме выкладала і гісторыю, і эканоміку, і філасофію — увесь спектр грамадскіх дысцыплінаў, карацей. Вельмі цікава час-почас сустракаць сярод апазіцыянераў Горадні і Мінска яе былых вучняў; значыць, семя ўсё ж такі прарасло.

З дзяцінства памятаю нумары “Народнай волі”, якія заўжды ляжалі на кухні і ў якія я перыядычна заглядваў: з іх гучалі прозвішчы Пазняка, Ганчарыка, Домаша, Ганчара і Захаранкі…

Усё гэта адкладалася, і разам з шыкоўнай дзедаўскай бібліятэкай паўплывала на погляды, на станаўленне арыенціраў у жыцці.

Наогул дзедаўская бібліятэка, як і сам дзед, у гонар якога мяне назвалі, сыгралі немалую ролю ў маім жыцці. Дзеда я не магу памятаць, бо памёр ён за дзесяць год да майго нараджэння, але вобраз дзеда-журналіста, краязнаўца, намесніка дырэктара гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея, як кажуць, “жыў у вяках”.

Дзед і стаўся пэўнай планкай, ніжэй якой нельга было нагнуцца, пра якую мне не давалі забыцца ні ў ліцэі, ні ва ўніверсітэце, ні, канешне, у сямейным коле. Сам ён калісьці пайшоў на фронт дабравольцам, хоць меў “бронь” па зроку, служыў у авіяцыі, пасля працаваў у франтавых газетах.

Аляксандр Іванавіч паходзіў з сям’і святара, які памёр яшчэ да вайны. Старэйшых ягоных братоў лёс не пашкадаваў: адзін быў рэпрэсаваны ў 1937-м, другі змагаўся з савецкімі партызанамі на Украіне і загінуў у 1944-м. Калі вярнуўся з фронту, дзед пераехаў у Горадню, дзе і сустрэў сваё каханне – былую партызанку Ніну з Вушаччыны, якая сталася маёй бабуляй. Вось такая гісторыя краіны ў асобна ўзятай сям’і.

Археолагам я марыў стаць з самага дзяцінства, калі мы з хлопцамі ў двары арганізоўвалі некалькі “раскопаў”, якія пасля давялося закідваць раз’юшаным мясцовым бабулькам. Яшчэ да паступлення ў ліцэй я пачаў хадзіць у гурток да Алеся Пятровіча Госцева, разам з якім мы арганізоўвалі музей, хадзілі ў экспедыцыі, выцягвалі з-пад каўша экскаватараў гістарычныя каштоўнасці падчас незаконных земляных працаў у цэнтры горада.

Наогул першы ліцэй, які ў свой час ствараўся не без удзелу Мілінкевіча, заўжды лічыўся ў Горадні аплотам вольнадумства і любой моладзевай актыўнасці. Падчас выбараў-2006 на плошчу Леніна ў Горадні стала выходзілі менавіта ліцэісты…

Наступным маім прыпынкам стаў гарадзенскі гістфак, куды я паступіў у 2007 годзе. Першы год хадзіў з шырока адкрытымі вачыма: усё падавалася цікавым, займальным, але ўжо тады адчувалася пэўная атмасфера няшчырасці. Насамрэч, усё гэта было непатрэбна большай частцы як выкладчыкаў, так і студэнтаў.

Канешне, прыемна ўзгадваць і розныя прышпілы, і археалагічную практыку, і няўмелае каханне, але абсурднасць самой сістэмы і канкрэтнай яе ўстановы прымусіла пакінуць сцены Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта і вырушыць шляхам падпрацовак, гандлю антыкварыятам, паўгадавога прыпынку на чыгуначнай станцыі Аўльс, дзе давялося праводзіць позіркам адыходзячыя цягнікі…

Пакуль нарэшце два маіх сябра абсалютна паралельна і незалежна адзін ад аднаго не запрасілі мяне ў БХД, якая акурат дамагалася сваёй рэгістрацыі на золку 2009 года.

Да БХД адразу мы ставіліся з пэўнай доляй гумару, падсмейваючыся з пэўных функцыянераў і шляхоў дасягнення вялікай мэты, якую мы аднагалосна ўпадабалі — Хрысціянская Нацыянальная Беларусь. Упэўнены, што ў гарадзенцаў ёсць вядомы адсотак “сепаратызму” ў крыві, таму з самага пачатку мы вырашылі трошкі адасобіцца і гнуць сваю лінію ў партыі з дапамогай ініцыятывы “Хрысціянская Абарона”.

Былі тут і расцяжкі са шпалераў на радзільным доме, і ўлёткі супраць “тэлезамбавання” насельніцтва і эканамічнага крызісу, і свая аднайменная газета, і першыя затрыманні, і першы пікет з мэтай сарваць канцэрт Барыса Маісеева…

Тады я ўпершыню апынуўся 25-га сакавіка ў Мінску, дзе ўбачыў не “кулуарнага”, а “вулічнага” Паўла Севярынца, які разрываўся паміж хрысціянскімі дэмакратамі і маладафронтаўцамі.

У хуткім часе мяне абралі старшынёй гарадзенскага аддзялення БХД, але пасада была безумоўна “не мая”: 19-гадоваму хлапчуку цяжка кіраваць сталымі дзядзькамі і сямейнымі жанчынамі. Патрэбная была менавіта МОЛАДЗЬ.

Вось і паслаў лёс Зміцера Дашкевіча, з якім упершыню сустрэліся на вакзале ў Горадні. Спачатку шмат спрачаліся, але ўсё ж такі знайшлі паразуменне і агульныя інтарэсы – перш за ўсё хрысціянскія.

На пачатку 2010 года я прэзентаваў у Мінску гарадзенскі аддзел Маладога Фронту, а вясной быў абраны намеснікам старшыні МФ. Тут адразу закруцілася: улёткі, сцягі, графіці, сайт dzida.org, вечарыны з дакладамі і нязменнай гітарай, выезд на мінскія акцыі, начныя агітрэйды па раённых цэнтрах.

Памятаю сваю першую “адміністратыўку”: быў у нас такі губернатар Саўчанка, які, пэўна, бачыў у сабе рэінкарнацыю Нерона, бо ўвесь час імкнуўся знішчыць старую Горадню, пабудаваўшы нанова (канешне ж, на манер аграгарадка); дык вось, ён стаў зоркай чарговага нумара нашай газеты, які падчас распаўсюджання на Савецкай вуліцы трапіў у рукі кіраўніку ідэалагічнага аддзелу аблвыканкаму – той вядома вызваў міліцыю, уазік, аўтаматы, пратакол… але выява карыкатурнага Саўчанкі, які на балонах ляціць над горадам, хутка абыйшла ўвесь інтэрнэт.

Ніколі не забуду самаадданых дзяўчат, якія цэлымі днямі выстойвалі на цэнтральнай вуліцы, дамагаючыся ад мінакоў (нават у грамадзян Конга) подпісу ў падтрымку беларускай мовы. Не забуду таксама начнога зімовага расклейвання ўлётак і графіці-рэйдаў, калі “замярзалі” балончыкі, а клей ПВА ператвараўся ў іней, закрываючы профіль палітвязня Арцёма Дубскага.

Знаходзячыся троху на ўзбочыне палітычнага жыцця, Горадня ўсё ж такі мела багата плюсаў. Пакуль менчукі збіваліся ў блокі і кааліцыі, каб пасля віртуозна разваліцца, абвінаваціўшы ў “гэбізме”, крадзяжы ці празмернай амбіцыйнасці адзін аднаго, мы рабілі сваю справу, не даючы камітэту ды ментам забыцца пра нашае існаванне.

Калі кампанія “Гавары праўду!” збірала подпісы за наданне вуліцы Парыжскай камуны імя Быкава, у чаканні, вядома, адмовы з гарвыканкаму мы на дзень нараджэння пісьменніка наўпрост перайменавалі ўсе дамы на вуліцы з дапамогай балончыкаў з фарбай і трафарэтаў. Раніцай вуліца прачнулася ўжо пад іншым назовам.

Калі можна перайменаваць вуліцу, дык чаму нельга перайменаваць помнік? Так ў Горадні з’явіўся помнік Станіславу Булак-Балаховічу, ён жа помнік Чапаеву Васілю Іванавічу. Шыльдачка з залатымі літарамі правісела некалькі дзён, пэўна, правісела б і больш, каб не “Наша Ніва” і рэшта апазіцыйных сайтаў…

Прагучалі тады нават галасы аб непавазе, “вандалізме”, але мы зыходзілі і зыходзім з той пазіцыі, што ўсім мілы не будзеш, а ў сваёй Заходняй Беларусі мы ўжо неяк самі, без менчукоў разбярэмся.

Наогул я вельмі цаню свой рэгіён і тую свабоду, якая была ў тыя часы і, дзякуй Богу, ёсць зараз: свабоду ад грантаў, дыктату спонсараў, унутраных спрэчак і валтузні, свабоду простых чалавечых адносінаў, калі камусьці нешта трэба, ён прыходзіць і бярэ, калі мне кудысьці трэба, я тэлефаную і кажу: “Паехалі!”

Палітычная дамінанта

Канешне, родныя не былі ў захапленні ад рашэння “адкласці археалогію”, таму прыходзілася доўга тлумачыцца, карацей, трымаць аблогу. Разважаючы з пазіцыяў сённяшняга дня, канкрэтна аб рашэнні пакінуць вучобу не шкадую: так ці інакш, але хутчэй за ўсё са скандалам з гістфаку я ўсё ж такі вылецеў бы. А тады ў 2008-м усё яшчэ было па-іншаму: дэкан угаворваў застацца, абяцаў заплюшчыць вочы на пропускі і г.д.

А чаму ўсё ж такі “палітыка”? Пэўна таму, што яна ўтрымлівае ў сабе як творчы і трохі авантурны складнік, так і момант маралі, бо ўсім як заўжды ўсё зразумела са становішчам у краіне, толькі ахвочых нешта з гэтым зрабіць неяк не вельмі багата. Дык нехта ж павінен гэтым займацца! Таму “навуку” я лічыў чымсьці не зусім своечасовым, вось пераможам – тады і разбярэмся. Наколькі я памятаю, пакаленне КПЗБоўцаў, якія пасля адсідак у польскіх турмах паспелі яшчэ і паваяваць, часам пачыналі атрымліваць адукацыю, калі мелі ўжо за трыццатнік. І гэтак бывае.

Жонка

З Надзеяй мы пазнаёміліся на адным з кінапраглядаў у нейкім апазіцыйным офісе напрыканцы 2008 года. Яна была УЖО расчараваная ў апазіцыі, я быў ЯШЧЭ  не расчараваны…

Самым цікавым было тое, што нашыя дзяды добра ведалі адзін аднаго, нават сябравалі – старыя інтэлігенцкія сем’і – журналіст і прафесар, выкладчык універсітэта. Надзея жыла ў дзедаўскай кватэры з высачэзнымі, як мне падавалася, столямі, скрыпучымі палавіцамі і эркерам на вуліцу Леніна.

Не хацелася б канчаткова выносіць усе сямейныя сакрэты на публіку: нешта яшчэ мае застацца для расповедаў дзецям…

У рэшце рэшт увесну яна паступіла і з’ехала вучыцца ў Польшчу па праграме Каліноўскага (мажліва, менавіта з гэтае пары ў ва мне пасяліўся схаваны недавер да польскіх адукацыйных праграмаў).

Наступным разам сустрэліся мы ажно ў жніўні 2010-га. У мяне была іншая дзяўчына, Надзея ж працягвала вучыцца ў Любліне, але, пэўна, Божы провід узяў сваё і хутка мы былі зноўку разам, услых падумваючы аб вяселлі.

“Кіркевіч, калі ты сапсуеш мне калядныя вакацыі, будзеш мыць посуд усё жыццё!” – казала яна. І так у рэшце рэшт мусіла стацца (посуд пакуль нязменна мыю я): Плошча, разгон, яе суткі, мае суткі (якія схапіў ужо пасля Плошчы), чарговы мой суд у Горадні (за перадвыбарчы марш Статкевіча), яе допыт у КДБ, і… па дарозе з допыту да хаты мы рашыліся зайсці у ЗАГС і за пару хвілін да закрыцця напісаць заяву на роспіс – на 22 студзеня (напярэдадні была пастаўлена ўмова: калі за марш Статкевіча мне не дадуць суткі, адразу ідзем падаваць заяўку ў ЗАГС). І вось, значыцца, правёў я Надзею дахаты, вяртаюся да сябе… а перад вачыма праязджаюць два аўтазакі: жыццё такі перапоўнена сімваламі.

…Калі, седзячы ў “амерыканцы”, я даведаўся, што маю жонку разам з сяброўкай затрымлівалі халоднай зімовай ноччу за расклейванне ўлётак “Свабоду Кіркевічу!”, я ў чарговы раз пераканаўся, што зрабіў адзіны правільны выбар. Наогул, рашэнне аб шлюбе, якое камусьці падалося занадта паспешлівым, было ўсё ж такі прадыктаванае пэўным прадчуваннем “неспакойных часоў”, перад якімі лепш залатвіць усе свае справы, ну і, канешне ж, элементарнай хрысціянскай прагай жыцця ў законных адносінах. Як вядома, у “амерыканку” палітычным прыходзілі лісты выключна ад бліжэйшых родных. Як жа прыемна было атрымліваць адразу па пяць лістоў акурат з дома з эркерам і скрыпучымі палавіцамі і ключавым словам “Надзея” на капэрце.

“Амерыканка” дужа цікавае і незвычайнае месца, яшчэ больш “дзіўным” яно стала падчас знаходжання там палітычных зняволеных. Гэта ўсяго 18 камераў у цэнтры Мінска, дзе кожны твой крок фіксуе відэакамера; гэта кантралёры, якім у калідоры забаронена называць нават тваё прозвішча, каб раптам не пачуў хто з суседняй камеры; гэта жорсткі кантроль ліставання і афіцыйныя газеты, якія час-почас прыходзяць з выразанымі старонкамі; гэта прыбіральня з двума дзіркамі, куды ўсю камеру (3–6 чалавек) водзяць два разы на дзень і могуць для забавы даць… 2 хвіліны на “ўсё пра ўсё”…

Пра нашых “сяброў” у масках, якіх, мажліва, справядліва вязні адзінагалосна называлі “гоблінамі”, і іх дзеянні дастаткова распавёў у свой час Міхалевіч ды і рэшта экс-вязняў СІЗА КДБ, таму засяроджвацца на гэтым не буду. Спадзяюся, што зараз ужо нешта змянілася, а прысутнасць “палітычных” так і засталася своеасаблівым пошугам маланкі на небасхіле жыцця тых, хто затрымаўся ў тых мурах даўжэй, чым мы.

У параўнанні з “амерыканкай”, “Валадарка” канешне падалася курортам: там твая асоба нікога не цікавіла, адзін кантралёр-“дахадзяга” мог без лішняй боязі весці па калідорах дваццаць чалавек у лазню, а пра “рукі за спіну!” можна было наогул забыцца…

Але ўсё ж такі галоўным чыннікам і ў СІЗА КДБ, і на Валадарцы, і ў лагеры заставаліся ЛЮДЗІ, тыя, з кім табе праводзіць 24 гадзіны ў суткі, ламаць хлеб, разам радавацца і часам пакутаваць. Так, у “амерыканцы” быў прэсінг, але людзі былі цудоўнымі – інвестары, палкоўнікі, інтэлігенцыя (колер грамадства, быццам у сталінскія часы). Большасць з іх так ці інакш у пэўны час перакрочыла дарогу Камітэту, што ўжо было прыемна. Там усе мы “былі спіной да спіны” – цяжкасці гуртавалі.

На Валадарцы апроч камерсантаў сядзела багата наркаманаў, крадуноў, “казла-бандытаў” з правінцыі. Там кожны быў сам за сябе. На зоне ўсе былі супраць усіх…

Паняцці, якія калісьці былі створаны як супрацьвага навязанаму адміністрацыяй рэгламенту і мусілі сцерагчы справядлівасць і элементарны чалавечы парадак, вельмі часта прафанаваліся, размываліся, перакручваліся зэкамі роўна так жа, як дзяржава перакручвала Канстытуцыю і Крымінальны кодэкс.

Наваполацкая зона, “дзясятка” (ПК №10), наогул лічыцца адной з самых “чырвоных” на Беларусі, то бок усімі справамі кіравала адміністрацыя, у тым ліку праз сваіх “шасцёрак”, як бы яны сябе не пазіцыянавалі. Лічыцца, што “чорных” зонаў, дзе б кіравала “братва”, на Беларусі ўжо не засталося, бліжэйшыя – у Расеі. Што ж, гэта таксама паказчык: нават “на зоне” ў Беларусі “ментаўская ідэя” перамагла чалавечую самаарганізацыю і шырокі супраціў… Вельмі сімвалічна, на мой погляд.

“У турмах і на зонах насамрэч знаходзяцца тыя самыя людзі, што і на волі. Наўпрост там бачна, хто ёсць хто, а на волі ты можаш жыць і не заўважаць гэтага,” – так мне сказаў адзін бывалы зэк яшчэ пару год таму. Там я пераканаўся ў абсалютнай слушнасці гэтай думкі. З той папраўкай толькі, што крытычныя абставіны маюць асаблівасць стымуляваць як лепшае, так і горшае ў людзях… Нягледзячы на канфлікты і непаразуменні, я дзякую Богу за тое, што на гэтым шляху давялося сустрэць і вельмі файных людзей, якіх наўрад ці калісьці забуду (хай некаторыя з іх пражылі большую частку жыцця згодна “вараўской ідэі”).

Трымацца і не скатвацца ў дэпрэсію дапамагаў, безумоўна, Госпад, Біблія, жывая малітва штодня. Заўважыў, што тыя, хто там таксама маліўся і верыў, часцей за ўсё трымаліся значна лепш за рэшту. Дапамагалі ідэя і вера ў слушнасць нашай справы, вера ў перамогу, узгадкі пра вопыт адсідак іншых нацыяналістаў – Зміцера Дашкевіча, Славаміра Адамовіча, Вадзіма Кабанчука. Дапамагалі лісты ад двух самых любімых жанчынаў, якія могуць быць у кожнага мужчыны: ад жонкі і маці; а ў іх магло быць усяго толькі два неабходныя словы — “любім” і “чакаем”.

Ад першай прапановы памілавання я наадрэз адмовіўся. Напісаў адмову ў пісьмовай форме на імя кіраўніка ДВП па Віцебскай вобласці. З гэтай паперкай мажны дзядзька, які гэтае памілаванне прапаноўваў, і паехаў зваротна ў Мінск.

Пачалася гульня з рознымі варыянтамі. Сярод іх былі даволі экзатычныя. Напрыклад, я пішу на памілаванне, аб гэтым ніхто не ведае, мяне адпускаюць з тым, каб я тэрмінова выехаў за мяжу. Такім чынам для публікі я “захоўваў годнасць”, але з’язджаў і быў за гульнёй у самой Беларусі.

У рэшце рэшт, узважыўшы сітуацыю, я пагадзіўся напісаць прашэнне. Рашэнне гэтае было няпростым, але, як мне тады падавалася, слушным у дачыненні да арганізацыі, якая была фактычна абяскроўленая рэпрэсіямі, і сітуацыі ў цэлым. Сам факт знаходжання палітзняволеных за кратамі не паспрыяў абуджэнню нацыянальнага руху, а міжнароднымі структурамі выкарыстоўваўся ўсё адно ў пэўных межах (усё, што Еўропа магла зрабіць, яна ўжо зрабіла): такім чынам “халодная вайна” магла цягнуцца яшчэ бясконца доўга…

Наўрад ці я сёння зрабіў бы нешта інакш, бо ў прынцыпе ў жыцці стараюся не мысліць падобнымі катэгорыямі датычна ўжо нязменных падзеяў. Калі ты ведаеш з дакладнасцю, як пражывеш заўтрашні дзень, ён наўпрост перастае быць цікавым, ці не так? Як кажуць мусульмане, “усё, што сталася, мелася стацца, усё, чаго не сталася, і не магло адбыцца…” За ўсё дзякую Богу!

Погляд у будучыню

Пытанне “свабоды” занадта глыбока сягае філасофскіх нетраў (а мажліва, занадта высока – як каму падабаецца), каб выліваць яго зараз на старонкі майго сціплага расповеду. У любым выпадку гэта катэгорыя нематэрыяльная, таму не вымяраецца “рэжымамі”, “кантролямі”, загадамі Прэзідэнта, дзяржаўнымі межамі ці калючым дротам на турэмных сценах. Калі верыш у Бога-збаўцу, а смерць вучышся ўспрымаць як “вяртанне”, цяжка сказаць пра сябе, што я “несвабодны чалавек”. Я сябе такім асабіста не лічу. Наогул, гэта паняцце вельмі асабістае: сваю свабоду ці несвабоду чалавек носіць у сэрцы, чалавек яе гартуе, заслугоўвае.

Таму і змагацца лічу зараз вартым у першую чаргу за свабоду ў сэрцах людзей, якія паламалі свой страх, зрабілі крок наперад, пераступілі праз “стадны інстынкт” – адзіная мажлівая рэвалюцыя робіцца менавіта там, у сэрцы. “Вуліца” можа быць толькі вынікам, а прыгожая змена сцяга, герба і прэзідэнта разам з імі сама па сабе нічога не каштуе.

Упэўнены, што беларусам Лукашэнка пасланы Богам як выпрабаванне, як выбар: змагайся альбо прыслужвай яму – мый кубак пасля гарбаты, палашчы бялізну, сцялі ложак… Але як нас назваць, калі мы абярэм іншае? Таму Беларусь і не ўратуе снайпер – лёсавызначальная куля мае патрапіць не ў адно, а ў дзесяць мільёнаў сэрцаў, запаліць іх, каб сітуацыя ў рэшце рэшт змянілася.

Цяжка нешта раіць апазіцыі, бо ўпэўнены, што справа гэта марная – кожны ўсё адно зробіць па-свойму: нехта заробіць грошы, нехта сядзе ў турму, нехта расчаруецца ва ўсім і з’едзе ў Швецыю… Таму лепш рабіць усё самому для свайго рэгіёна, свайго горада. “Сепаратысцкія” праекты, на мой погляд, пакуль паказваюць сябе лепш за якія іншыя. Глабальныя пафасныя планы і кампаніі, мажліва, застануцца ў гісторыі (у якасці пары ўлётак у архіве КДБ), кропкавае змаганне, прынамсі, мае шанец застацца ў памяці людзей.

На ўсялякі выпадак некалькі парадаў усё ж такі выкажу:

  1. 1. Зразумець, што усе свае праблемы вырашым толькі мы самі, а не Брусэль ці Вашынгтон. Камічна выглядаюць палітыкі, якія больш спадзяюцца на польскі ці нямецкі народ, чым на беларусаў, якімі б яны ні былі. Гэта тычыцца як грашовых пытанняў, так і палітычных праграмаў.
  2. 2. Вярнуцца “ў масы” – працаваць “па гарызанталі” больш, чым “па вертыкалі” – вяртаць людзям заробкі, адбіваць будынкі, якія дзяржава хоча знесці, аказваць юрыдычную дапамогу студэнтам, пенсіянерам, інвалідам. Гэта нашмат больш варта, чым рэйтынгі пазнавальнасці, брэндынг ці колькасць узгадванняў у СМІ, якія толькі мы самі пасля і чытаем.
  3. 3. Меркаваць аб канкрэтных палітыках па іх учынках, а не па наяўнасці быццам “расейскіх грошай”, плямах у біяграфіі, варожых паклёпах. Калі чалавек стабільна ходзіць на суды да маіх хлопцаў, дае грошы на мерапрыемствы ці на падтрымку сем’яў пацярпелых са сваёй кішэні, дамаўляецца са СМІ, калі чыюсьці кватэру абклалі “людзі ў штацкім”, у гэтым выпадку мяне не цікавіць, на якой машыне ён ездзіць ці на якой мове размаўляюць ягоныя сябры. Не трэба кідаць адзін аднаго – вось і ўсё. Як толькі мы навучымся гэтаму, дык атрымаем ужо зусім іншую краіну.
  4. 4. Кожную справу трэба пачынаць з Богам і малітвай.

Усю сваю асабістую будучыню я аддаю на літасць Божую. Дзе б я ні быў, чым бы я ні займаўся, хацелася б быць хоць троху карысным Яму, а заадно Ягонай Царкве і гэтаму Народу.

17.10.11

З кнігі "Жыццё пасля кратаў"

ШАНЕЦ НА БУДУЧЫНЮ

Віртуальная размова з Алесем Кіркевічам – тыповая для тых, хто ідзе “па-другому разу”, то бок ужо быў у мінулай кніжцы. Зроблена гэта наўмысна. Каб кожны мог паранаўнаць розныя адказы розных людзей на адны і тыя ж (па сутнасці) пытанні.

 Год таму я папрасіў Алеся Кіркевіча напісаць кароткае эсэ пра сваё жыццё. Ён зрабіў гэта так якасна. што мне нават не прыйшлося “расстаўляць абзацы”. Фармат гэтай кнігі крыху іншы. Наша размова была віртуальнай, але такой жа якаснай, як і мінулы раз.

Што Вы адчувалі, калі дазналіся пра вызваленне?

— Радасць. Дзень вызвалення – як мне падаецца, самы шчаслівы дзень за час адсідкі для кожнага зняволенага. «Вызваленне» – антонім дня «затрымання» і «судовага выраку».

Каго першым сустрэлі  на волі?

— У Полацку ў прывакзальным кафэ мяне фактычна знайшлі Алесь Круткін разам яшчэ з адным хлопцам, не памятаю яго прозвішча (абодва прыехалі па просьбе Таццяны Севярынец – вось, што значыць «трымаць» вобласць). Я ўжо на гэты момант паспеў адзваніцца сваім з тэлефона афіцыянткі таго ж кафэ. Дзяўчыны зразумелі сітуацыю і без пытанняў далі патэлефанаваць. Праз пару гадзінаў пад’ехаў «эскорт» з Мінску ў складзе дзвух аўто: Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка, Уладзь Яроменак, Юрась Губарэвіч, Андрэй Кім, Сяргей Гудзілін і інш. Саставілі сталы, пасядзелі, пасмяяліся. Урэшце вырушылі на Мінску: на задняй сядушцы я слухаў расповеды Міколы аб падзеях апошніх месяцаў, палітычных раскладах, перамогах і паразах, паволі уваходзіў у курс справы.

Што Вы ўбачылі   на свабодзе?

— Першым, што я ўбачыў быў канфлікт ды штурханіна каля абменніку на тым жа полацкім вакзале. Было цікава, бо дагэтуль я сачыў за такімі з’явамі толькі праз прэсу, якая даходзіла ў калонію. У верасні я яшчэ заспеў «дагаранне» маўклівых акцыяў пратэсту – за распаўсюд агітацыі па адной з іх нават быў затрыманы праз глупства. Зараз смешна нават: ішлі з сяброўкай ад знаёмага ды па інэрцыі ляпілі агітку на слупы. Вось, што значыць згубіць кваліфікацыю.

Міліцыя на саміх акцыях у верасні ўжо нікога не затрымлівала – толькі пашпартныя дадзеныя перапісвалі ды фіксавала для «сакрэтнага ТБ». Пасля быў «Народны сход»… МФ да яго ніяк не спрычыніўся і дзякуй Богу – гэта была суцэльная катастрофа, у Горадні нават арганізатары не прыйшлі на загадзя вызначанае месца – стадыён «Нёман». У справах палітвязняў была заўважнай пэўная сегрэгацыя: былі вязні «элітныя», сапраўды «палітычныя», а была нібыта «рэшта», пра якіх мала пісалі СМІ, за якіх часам баяліся прасіць праваабаронцы. Мы не маглі разарвацца на ўсіх, таму рабілі хоць нешта для маладафронтаўцаў: падключалі айчынныя і замежныя СМІ, угаворвалі падпісацца за Дашкевіча вядомых людзей (дзякуй ім!), сярод рэпрэсіяў і суцэльнай апатыі было праведзена дзве прысягі маладафронтаўцаў: у Якушоўцы ды Слуцку, што безумоўна мела свой сэнс.

Ні было адчування дарэмных пакутаў?

— Я не шкадаваў і не шкадую пра час, праведзены за кратамі. Крыўдна толькі за краіну ў цэлым – мы сядзелі ў той час, калі бандыты і барыгі выступалі з высокіх трыбунаў, а сонейка на парадах адбівалася ў дзесятках медалёў, незразумела на якіх войнах атрыманых.

— Што першае зрабілі на волі?

 — Паехаў на абед да маці: там была мая сям’я, сябры.

Як складалася “Жыццё пасля кратаў”?

— Калі адказываць літаральна, то жыццё «пасля кратаў» яшчэ «не склалася»… Складзецца тады, калі будзе вызначанасць, яснасць, план гадоў на 5 наперад. Пакуль гэтага няма – застаецца рэагаваць на выклікі звонку, падтрымліваючы сябе ў пэўнай форме. Адносіны ў сям’і толькі ўзмацніліся, сябры і знаёмыя прайшлі праверку. Я пачаў пісаць артыкулы ў розныя СМІ, пад новы 2011-ы год зарэестраваўся рамеснікам: магніты на лядоўню для турыстаў, свечы, кніжныя пераплёты…

Вельмі важным этапам было ўцэркаўленне: увосень я прыйшоў у царкву, да веры сваіх продкаў, а менавіта ў грэка-каталіцкую парафію Горадні. Спадзяюся, што мае дзеці таксама будуць яе наведваць.

— З моманту “прэзідэнцкіх” арыштаў прайшоў пэўны час. Вашы думкі на гэты конт? Што трэба было (з пункту гледжання сённяшняга дня) тады зрабіць не так?

— Я трымаюся наступнага меркавання: «Што адбылося, тое мелася адбыцца, а што не адбылося, таго адбыцца і не магло». Падчас падзеяў «Чарнобыльскага Маршу» – 1996, альбо «Маршу Свабоды» – 1999, таксама казалі аб правакатарах, падкладзеных вазочках з камянямі і г.д. Пры гэтым зараз дадзеныя падзеі ўжо сталіся легендамі нацыянальнага руху, людзі з гонарам узгадваюць, што былі там, штурхаліся з міліцыяй, кідаліся ходнікамі. Тое самае, думаю, будзе і з Плошчай-2010: як казаў Мікола Статкевіч, з часам усё больш і больш людзей захочуць сказаць, што былі там і «выбівалі» тыя дзверы. Гэта ўжо эпізод найноўшай гісторыі. Аб праблемах і памылках, зробленых тады, казаць па шчырасці не хочацца. Галоўныя з іх: адсутнасць адзінства сярод кандыдатаў, адсутнасць плану, ну і канешне лепш было б усім зняцца напярэдадні. Нехта спрабуе зараз меркаваць, што было б, каб выбары прайшлі адносна мірна і Еўропа ўсё прызнала: Лукашэнка б узмацніўся яшчэ больш, Ярмошына б ездзіла ў Парыж на выходныя, а БРСМ атрымліваў бы гранты ад ААН на барацьбу са СНІДам… Быў бы такі сабе Сальвадор у цэнтры Еўропы, прызнаны ЗША, але ўсё адно дыктатарскі.

Вы гэтага хацелі? Такія разважанні перакрэсліваюць пакуты тых, хто пацярпеў тады і з’яўляюцца знявагай тым, хто зараз працягвае знаходзіцца за кратамі.

Навошта Вам працягваць змаганне? Не баіцеся зноў трапіць за краты?

— Трапіць за краты ў нашай краіне можа кожны і для гэтага знойдзецца мільён прычынаў. Куды прыемней сядзець за перакананні, чым за «хабар», які табе прынясуць на працу. Мы жывем у надзвычай цікавы перыяд гісторыі Беларусі: на нашых вачах фактчына нараджаецца нацыя, пасля Лукашэнкі людзі маюць канчаткова развітацца з савецкім мінулым ды міфам аб «братняй» Расеі, усё заканамерна. Гэты прэзідэнт – своеасаблівая прывіўка для беларусаў. Ва Ўкраіне «памаранчовы» перыяд прынёс шмат расчараванняў – мы маем шанец зрабіць усё з розумам, пабудаваць моцную і вялікую Беларусь, але для гэтага трэба змагацца. За гэта ВАРТА змагацца.

Калі ёсць, думкі і разважанні “агульнага” плана?

–Мае ўражанні і разважанні можна будзе прачытаць у маіх нататках, якія дасць Бог выйдуць з друку ў адным з незалежных выданняў неўзабаве. Я жывы і на свабодзе – за ўсё гэта ўдзячны Богу!

16.07.12

%d0%ba%d0%b8%d1%80%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87-1 %d0%9a%d0%98%d0%a0%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%98%d0%a7-2 %d0%9a%d0%98%d0%a0%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%98%d0%a7-3 %d0%9a%d0%98%d0%a0%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%98%d0%a7-4 %d0%9a%d0%98%d0%a0%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%98%d0%a7-5 %d0%ba%d1%96%d1%80%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d1%96%d1%871 %d0%ba%d1%96%d1%80%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d1%96%d1%872 %d0%ba%d1%96%d1%80%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d1%96%d1%874%d0%ba%d1%96%d1%80%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d1%96%d1%87-5