Класкоўскі Аляксандр (малодшы)

%d0%ba%d0%bb%d0%b0%d1%81%d0%ba%d0%be%d1%9e%d1%81%d0%ba%d1%96

З кнігі "Супраць плыні"

ДВА ПОГЛЯДЫ НА АДНУ ПАДЗЕЮ  

Даведка: Аляксандр Класкоўскі нарадзіўся 26 верасня 1978 года. Скончыў Мінскую сярэднюю школу №55, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, потым атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю.

У1999 годзе паступіў на службу ў ДАІ Ленінскага раёна Мінска ў якасьці інспектара ДПС. У 2005 годзе ў чыне лейтэнанта з міліцыі звольнілі.

Затрыманы ў ноч на 21 снежня 2010 года ў сябе дома. Змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.   Абвінавачаны па трох крымінальных артыкулах. 26 траўня ў Ленінскім судзе Мінска асуджаны да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Няма сумніву, што фота акрываўленага падчас падзей 19 снежня 2010 года міліцыянта стаў адным з самых папулярных у тыя часы. І гэта цалкам зразумела. Здымак такі красамоўны, што сам адкажа на ўсе магчымыя пытанні.

Погляд сына

Вядома, што адны і тыя ж падзеі рознымі людзьмі ўспрымаюцца па-рознаму, таму я і вырашыў гэты нарыс зрабіць з двух частак. А пачаць хачу з успамінаў Аляксандра Класкоўсага-малодшага:

“– Тэрміновую службу я праходзіў у войсках КДБ і не думаў нават, што ў далейшым менавіта гэта структура так істотна паўплывае на мой лёс.

Дарэчы, падчас вайсковай службы пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Ажаніліся літаральна праз паўгады пасля майго звальнення ў запас. Наталля падаравала мне трох дзяцей. У 1999 годзе нарадзіўся сын Аляксей, у 2003 — дачка Дар’я, у 2008 – сын Арсеній.

Чаму пайшоў на Плошчу і надзеў міліцэйскую форму? Напэўна, гэта самае распаўсюджанае пытанне, якое я чуў у сваім жыцці, асабліва ў “амерыканцы”. Канешне, мог сказаць, што гэта цалкам выпадковая рэч, але хто б мне там паверыў…

А калі сур’ёзна, то ў той, без перабольшвання пераломны момант трэба было вырашаць галоўную праблему Беларусі. Адчувалася, што, калі гэта прапусціць, атрымаем тое, што маем зараз.

Наконт формы. Тут шмат фактараў. Падсвядома я адчуваў, што там будзе адбывацца нешта гвалтоўнае, магчыма,   сутыкненні з міліцыяй. Загадзя спецыяльна спланаванай мэты не было. Гэта інтуітыўна: магчыма, нейкага змагу абараніць ці неяк паўплываць на супрацоўнікаў міліцыі. Ніхто з тых, хто туды прыйшоў па добрай волі, не ведаў, што атрымаецца менавіта так.

Цалкам уся мазаіка тых падзей мне стала зразумелай толькі падчас судовага следства. Яе пацвердзілі нават амапаўцы.

… Асабіста я знаходзіўся побач з помнікам Леніну і стаяў спіной да будынка Дома ўрада. Прозвішчы ўсіх, хто пачаў біць шкло, устаноўлены. Яны нават былі затрыманы, але потым усіх, акрамя Хамічэнкі, адпусцілі. “Дзіўна”: адпусцілі тых, хто цалкам прызнаў сваю віну…

Гэта пры тым, што ў той момант ужо ішлі суды і давалі рэальныя тэрміны пазбаўлення волі… Для некаторых разбіўшых шкло нават не абралі меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе, а абмежаваліся толькі абяцаннем прыходзіць на допыты… Неверагодная літасць…

Амапаўцы (у той момант сядзелі ў аўтобусах) атрымалі па рацыі загад адагнаць людзей ад прыступкаў Дома ўрада. Яны так і зрабілі, пры гэтым сведкі ў судзе адзначалі, што ніякіх агрэсіўных дзеянняў з боку натоўпу ў гэты момант не было. Аднак амапаўцы на гэтым не спыніліся. Моўчкі пачалі “малаціць” людзей. Мне дасталіся некалькі ўдараў па галаве. Нават не паспеў да іх павярнуцца. Шок!

Потым яны адцяснілі натоўп прыблізна на метраў 15 і спыніліся. Стаялі так хвілін дзесяць, затым атрымалі загад вярнуцца назад у аўтобусы.

Пазней я зразумеў, што так і было задумана: раззлавалі людзей, справакавалі іх на нейкія дзеянні, сышлі, а потым вярнуліся і пачалі рабіць “зачыстку”. “Сцэнар” быў прапісаны загадзя.

Некалькі словаў пра відэазапіс, які паказвалі па Беларускаму тэлебачанню. Ён з’явіўся для таго, каб “легалізаваць” тую “шчырую размову”, якую яны на працягу двух гадзін вялі са мной (пры схаванай відэакамеры), ведаючы, што падобнае можна рабіць толькі ў прысутнасці адваката. З яе і зрабілі даволі прымітыўны мантаж.

…Механізм такі, што пасля прысуду ніяк не мінаваць Валадарку, куды мяне перавялі з “амерыканкі”. Там фарміруюцца ўсе турэмныя этапы.

Не магу зразумець, як адбылася такая “недапрацоўка”, але мы з Міколам Статкевічам “на зону” ехалі адным цягніком, толькі я ў “міліцэйскім купэ”. Разам трапілі на тры тыдні ў каранцін. Нейкага асаблівага ціску там не было. Як высветлілася потым, да пэўнай “каманды”.

Шклоўская калонія адрозніваецца ад іншых выключна цеснымі кантактамі з “вярхамі”. Усе каманды, якія аддаюцца там, тут выконваюцца хуценька і “якасна”, як кажуць у такіх выпадках, “усё схвачана”.

Шмат хто гаворыць, што ў ёй некалі працаваў Лукашэнка. Не ведаю, наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці, але наконт “любімай установы” відавочна.

Адразу пасля яго візіту на Шклоўскую папяровую фабрыку пачалася “першая хваля” незвычайнай “увагі” да маёй сціплай персоны. Разам з ім прыехаў начальнік Дэпартаменту выканання пакаранняў. Пасля адзін ахоўнік мне сказаў, што ад яго і быў загад аб узмацненні на мяне ціску.

На той час мяне ўжо перавялі ў атрад нумар 13 і адразу пачалі чапляцца да дробязей, якія ўсім астатнім асуджаным даруюцца. Накшталт шыльдачкі з прозвішчам на майцы альбо кепскага вітання начальства… Напэўна, з тлумачальных запісак, якія я напісаў у тыя дні, можна сабраць цэлую кнігу…

А з размоваў з кіраўніцтвам калоніі – чарговую “мыльную оперу”…

Наш атрад знаходзіўся на самым краі калоніі, прыблізна паўтара кіламетра ад штаба. Зразумела, пасля такой дарогі ніхто з “операў” без тлумачальнай запіскі ад мяне не вяртаўся. Яны нават не хавалі сваіх мэтаў – служба.

“Кантынгент” сустрэў мяне без асаблівай варожасці. Хаця я чакаў горшага, бо перад гэтым нехта распаўсюдзіў (напэўна, спецыяльна) сярод іх інфармацыю, што я былы супрацоўнік міліцыі. Асабліва цяжка было першы час, калі ў дзень шмат раз прыходзілася расказваць сваю гісторыю і адказваць на пытанне: “Колькі прывёз?” (так там пытаюцца пра тэрмін зняволення).

Другая хваля ціску пачалася пасля вызвалення першай партыі “памілаваных”. Толькі прызвычаіўся да парадкаў 13-га атрада, як мяне перавялі ў дзясяты. І падрыхтавалі да гэтага адпаведным чынам“глебу”… Мне далі самы благі (каля ўвахода) ложак, нягледзячы на цяжкую працу, пасля яе праз дзень ставілі ў нарады і г.д. Смешна, але мяне “ахоўвалі” нават у калоніі, каб не было ніякіх кантактаў са Статкевічам (калі той заходзіць у сталоўку), двое кантралёраў гэтаму перашкаджалі спецыяльна. Стаялі побач. Аднак і гэта не “спрацавала”.

Пісаць нейкія паперы пра памілаванне амаль не прапаноўвалі. Мабыць, разумелі, што гэта безсэнсоўна. Адразу аддалі “прэсаваць” зэкам.

Так пачалася трэцяя хваля ціску.

Днявальны прыбег у прамысловую зону і перадаў пра тое, што мяне выклікаюць у штаб. Пайшоў, але замест начальства на ўваходзе  сустрэў зэк. Павялі ў нежылое памяшканне, дзе сабраўся “актыў зоны”. То бок тыя, хто сядзіць больш за дзесяць год. Праз пэўны час я зразумеў, калі не заб’юць, то зробяць калекам, і зрабіў выгляд, што гатовы нешта падпісаць. Гэта дазволіла трапіць да “операў”.

Там ужо не білі, пагражалі іншым – “петушынай хатай”. “Размаўлялі” больш за тры гадзіны. Напрыканцы ім пачалі“дапамагаць” тры зэка, так званыя “пераседжаныя”, якія там правялі амаль усё жыццё.

І гэта не дало патрэбнага выніка. Яны дасягнулі пэўнай мяжы і нечакана спыніліся.

Нягледзячы на тое што нічога не пісаў, 14 верасня мяне вызвалілі. Была такая спешка, што зэку збіралі кешэры (сумкі з асабістымі рэчамі) трое “операў…”

Погляд бацькі

Бацьку майго субяседніка вядомага журналіста і палітолага Аляксандра Класкоўскага ведаюць усе, хто чытае “нячэсную” прэсу. Як праціўнікі ўлады, так і яе прыхільнікі. І ўсе згодны з адзнакай, што гэта адзін з самых таленавітых і ўплывовых асобаў айчыннай журналістыкі. Не выпадкова менавіта ён узначальваў “Знамя юности” падчас яе зорнага мільённага тыражу:

“— Каюся, калі мае старэйшыя дзеці — Саша і Волечка — былі малыя, то прысвячаў ім часу меней, чым хацелася б. Зараз шкадую, што праз спецыфіку журналісцкай прафесіі (камандзіроўкі, праца дапазна і без выхадных-прахадных), а таксама праз асабісты працагалізм не скарыстаў тыя благаславёныя часы па поўнай праграме.

Зрэшты, няма ліха без дабра: затое стараўся канцэнтравацца на галоўным, даваць сыну і дачцэ штуршкі да інтэлектуальнага развіцця. Цягаў па музеях, рэгулярна прыносіў дадому добрую дзіцячую літаратуру. Тады, за савецкім часам, на добрыя кнігі, як і на іншыя дэфіцыты, трэба было паляваць. І старэйшага сына, і дачку рана, задоўга да школы навучыў чытаць.

Увогуле стараўся заахвочваць, як цяпер кажуць, крэатыў. Саша і Вольга, яшчэ як былі малодшымі школьнікамі, сталі выпускаць хатнюю газету, ладзілі для бацькі з маткай лялечныя спектаклі, канцэрты на святы. Асабліва любілі Новы год. Праўда, Вольга заўжды кпіла з Сашы, бо ён, як толькі давалася адмашка, што можна распраўляцца са стравамі на святочным стале, наядаўся да адвалу і потым ленаваўся доўжыць канцэрт.

У хаце было багата беларускіх кніг. Увогуле з засваеннем беларускай мовы ў Сашы, хоць рос ён у сталіцы, праблем не было. Вакацыі бавіў у вёсцы — то ў маіх, то ў матчыных бацькоў.

У нас было шмат кружэлак з тагачаснымі хітамі “Верасоў”, “Сяброў”, “Песняроў”. Таму беларускую мову ён усмактаў натуральным чынам з малых гадоў. Па-беларуску трымаў слова і на судзе за Плошчу ў траўні 2011 года. Гэта кантраставала з рускамоўнымі пасажамі суддзі, пракурора, “пацярпелых” спецназаўцаў.

Нехта з шэрагу тых экіпіраваных да зубоў байцоў і разбіў на Плошчы галаву майму сыну; ён жа, акрываўлены, прасіў, каб не мясілі цывільны люд. На гэты выпадак і надзеў, мусіць, пад куртку міліцэйскі кіцель, што вісеў у шафе з часоў службы. Наіўна думаў, што спецназаўцы прыслухаюцца да былога міліцыянта.“Хлопцы, вы што… ідыёты?.. Ну, бі лейтэнанта… Я цябе біць не буду”, — гэтыя словы зафіксавала відэа, што разляцелася потым па сеціве.

Хто б мог падумаць, што такімі будуць рэаліі Беларусі ХХІ стагоддзя? На пачатку 1990-х, падчас “разгулу нацыяналістаў”, як потым кваліфікуе гэта прапаганда цяперашняга рэжыму, Саша, тады ўжо падлетак, прагна чытаў дэмакратычную прэсу, быў захоплены рамантычнымі ідэямі беларускага Адраджэння.

Першыя бітвы новавыбранага прэзідэнта з Вярхоўным Саветам, узмацненне аўтарытарных тэндэнцый у краіне мой сын, ужо юнак з дастаткова сфармаванымі палітычнымі перакананнямі, успрыняў блізка да сэрца, хваравіта. Пры гэтым ён не збіваўся на патэтыку, а найчасцей кпіў з калгасных замашак рэжыму.

Увогуле ягоны стыль — гэта гумар, іронія. Потым гумар будзе іскрынкамі бліскаць нават падчас следства ў справе аб “масавых беспарадках”: “Чаму пайшоў на плошчу? Хацеў пабачыць жывую Ярмошыну, хай пры нас пералічыць бюлетэні”. Гэты пасаж ахвотна цытавалі незалежныя медыі, пасля таго як ролік з допыту быў пракручаны на судзе.

А ўлетку 1995 года, паступаючы на журфак БДУ, сын на ўступным экзамене напісаў крамольнае сачыненне. Нагадаю палітычны кантэкст. Тады Лукашэнка толькі што працягнуў праз рэферэндум пытанне пра зварот трохі пераробленай савецкай дзяржаўнай сімволікі. Саша напісаў, што з гэткім жа поспехам маглі б прагаласаваць і за фіялетавы штандар з папугаямі. Потым знаёмы выкладчык прызнаўся мне: як правяраў гэты тэкст, доўга рагатаў, але ў выніку паставіў добрую адзнаку, бо памылак не было. Ідэалагічны прэсінг на ВНУ, як бачыце, тады яшчэ быў не такі моцны, выкладчыкі надта не баяліся.

Сын нармальна здаў на журфаку дзве сесіі, друкаваўся ў “Прессболе”. Цалкам мог бы спакойна ісці да дыплома, але вырашыў, што гэта не зусім ягонае амплуа. Плюс, маўляў, не хачу грошы на вучобу з бацькоў браць (яму не хапіла, здаецца, паловы бала да бюджэтнай формы). Пайшоў у войска шарагоўцам. Служыў у Маладзечне. Пашчасціла: прызначылі кіроўцам. А ён да аўтамабіляў з маленства няроўна дыхаў. Так што на службе дні і ночы бавіў у боксе для тэхнікі — у кайф было.

Ну а неўзабаве пасля войска ажаніўся. Пайшлі дзеткі адзін за адным: Лёша, Даша, Арсень. Жонка Наташа — гэта яму падарунак лёсу. Сапраўдная дзекабрыстка, як паказала жыццё пасля 19 снежня 2010 года. Не толькі ўзяла на сябе клопат пра трох дзяцей, але і перадачы мужу ў КДБ насіла, і спаткання дамаглася (гэта было цудам!), і на судзе трымалася мужна, каб не рваць яму сэрца слязьмі. Увогуле: з выгляду — матылёк, а ўнутраная моц жалезная. Я сыну напісаў: “Саша, выйдзеш на волю, мусіш сваю Наташу рэшту жыцця на руках насіць!”

Тады ж пасля войска ён паставіў сабе задачу на юрыста завочна вучыцца (і дамогся свайго). Ну а тым часам на жыццё зарабляць вырашыў у “сумежнай сферы”: рушыў у міліцыю — былому ж вайскоўцу зялёнае святло.

Праўда, у міліцыі Саша пачуваўся не надта камфортна. Трохі не з тым культурным кодам прыйшоў. Выглядаў белай варонай, калі спрабаваў складаць пратаколы па-беларуску, прыносіў на працу незалежную прэсу.

Разам з тым, за некалькі гадоў зрабіў у дзяржаўтаінспекцыі кар’еру ад шарагоўца да лейтэнанта. Наколькі я разумею, атрымаць афіцэрскае званне, не маючы за плячыма школы міліцыі, не так проста. Саша не выглядаў на салдафона, але афіцэрскімі пагонамі ганарыўся. Падкрэсліваў: працай заробленыя!

Потым пасля арышту прапаганда вылье на яго цэбар бруду: маўляў, служыў абы як, рэгулярна ганьбіў гонар ведамства… Калі так, то дзе ж былі вочы ў міліцэйскага начальства, як зорачкі на пагоны давалі? Без добрых характарыстык, я мяркую, такі нумар не прайшоў бы. Калі ж сына арыштавалі, дзеячы з адпаведнага ведамства намалявалі яму такую характарыстыку, што і ў пекла не прымуць. Памятаеце дыялог са старой савецкай кінакамедыі: “А Вы давно знаете Горбункова С.С.?” — “Десять лет”. — “И что, все десять лет он пьянствовал, дебоширил?” — “Нет, он искусно маскировался под порядочного человека”.

Саша распавядаў мне, як аднойчы пасля аўтапагоні абясшкодзіў узброенага злачынцу. Начальства паабяцала заахвоціць прэміяй, але так і замыліла яе…

Затое, калі міліцэйскія спаборніцтвы, адразу згадвалі пра Класкоўскага: выручай! Аднойчы заняў другое месца на нейкіх крутых спаборніцтвах па аказанні першай медычнай дапамогі. Другое, заўважце, пасля прафесійнага медыка.

Сышоўшы з міліцыі, ён нейкі час працаваў юрыстам у прыватнай фірме. Але ж вы ведаеце, як камфортна бізнэсу ў Беларусі… У той фірмы справы пайшлі наўскасяк, і Саша, на той час ужо дасведчаны кіроўца, перакваліфікаваўся на дальнабойшчыка.

Я такі выбар не ўхваляў: тыднямі ў раз’ездах, вяртаецца змучаны, часу на сям’ю не застаецца, толькі адаспаўся — зноў у дарогу. Начлег у кабіне, харчаванне сухама — здароўе ж не жалезнае, кажу. Тым болей што ў дзяцінстве на гэпатыт перахварэў, печань слабая. Забягаючы наперад, зазначу, што ў “амерыканцы” на гэта, мякка кажучы, не надта зважалі ды і на зоне харчаванне аказалася кепскае — толькі пасылкі ды перадачы з дому і выручаюць.

Звыш усяго, перавозіць дарагія грузы — рэч небяспечная, асабліва калі па Расіі едзеш. Сын распавядаў, што былі сітуацыі, калі ягоную фуру атачалі тамтэйшыя “браткі”, патрабавалі даніну. Але шчасціла неяк адбівацца ці ўцякаць.

Аднак жа і заробкі аказаліся абы што. Дакладней, гаспадары, што саджалі на дабітую тэхніку, вылічвалі з дальнабойшчыка за любую паломку, абдзіралі як ліпку. Выпісаныя за мяжой штрафы таксама даводзілася са сваёй кішэні плаціць. Там жа строга: вызначаць, прыкладам, польскія паліцыянты, што занадта доўга без адпачынку пілуеш (а куды падзецца, калі іначай за спазненне санкцыі будуць?), і выпісваюць квітанцыю. Карацей, пасля гэтых вандровак іншым разам Саша яшчэ і ў мінусе заставаўся. Я ўсё дзёўб: кідай ты гэту дурную працу! Ён нібыта і не пярэчыў, але ўсё цягнуў рызіну: ну вось яшчэ раз з’езджу, яшчэ раз…

Хаця палітычны рэжым Саша ўнутрана не прымаў, аднак класічным апазіцыянерам не быў. І перад выбарамі 19 снежня ў ніводную з кандыдацкіх каманд не ўваходзіў (што не перашкодзіла суду абвінаваціць яго ў папярэдняй змове з супернікамі Лукашэнкі).

Гадоў пяць-шэсць таму, праўда, пахадзіў нейкі час у актывістах Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Нават, здаецца, каардынаваў працу раённай суполкі. Казаў мне: на адны тэлефанаванні чорт ведае колькі грошай ідзе, і ўсё пераважна за свой кошт, бо каса партыйная, кажуць, пустая… Потым ад гэтага амплуа адышоў. Не праз ідэйныя ці якія іншыя супярэчнасці з лідэрамі БСДП, а проста таму, што захліснулі працоўныя, сямейныя клопаты: калі трое малых дзяцей, а камандзіроўкі па два тыдні, на партыйную працу часу не застаецца.

Пра Плошчу ў яго былі, бадай, рамантычныя, трохі наіўныя ўяўленні. Ведаю, што ў той дзень, 19 снежня, ён размаўляў па тэлефоне з сястрой Вольгай, якая знаходзілася ў Стакгольме. І прыканцы паўжартам кінуў: ну, усё, малая, няма калі з табою прастарэкваць, трэба ісці рэвалюцыю рабіць!

Я не ведаў, што ён на Плошчы, хаця сам быў там — і як журналіст, і як грамадзянін. А каб і ўбачыў, дык смешна было б гнаць дадому — не школьнік жа…

Цалкам разумею матывы, што вывелі яго на тую дэманстрацыю. Прычым Саша па натуры міралюбны, спакойны. Я ўпэўнены: у ягоі галаве не было ніякіх агрэсіўных намераў. Увогуле атмасфера на Плошчы напачатку была прыўзнятая, кшталту каляднай… Пераважная большасць людзей, мяркую, не верыла, што ўлады адважацца на брутальны разгон.

Пасля Сашавага арышту органы запусцяць па розных каналах відэа з мэтай дыскрэдытаваць яго: во які пагромшчык! Сам жа ён толькі на судзе здолее заявіць, што “выкрывальніцкае” відэа груба зманціравана, храналогія цалкам перакручана, а прынцыповыя моманты не адлюстраваны. У прыватнасці, не паказана, як яго ні за што ні пра што ўдарылі рабром спецназаўскага шчыта, разбілі галаву.

На кадрах, дзе Саша стаіць перад ланцугом спецназу і спрабуе нешта даказаць, выразна бачны скрываўленая патыліца і каўнер. Мяркуючы па ўсім, ударылі подла, ззаду. І што, хацелі пачуць у адказ гламурны камплімент?

Увогуле, аналізуючы радавод, прыходжу да высновы: Класкоўскія не аднойчы мелі праблемы праз тое, што ігнаравалі прынцып “не высоўвайся”. Вылазілі наперад, калі бяспечней было “схавацца ў бульбу”.

Так, мой прадзед, селянін Вацлаў Класкоўскі, у 1930 годзе падчас масавай калектывізацыі скрытыкаваў на вясковым сходзе калгасны лад. Неўзабаве быў асуджаны сумна вядомай “тройкай” па артыкулах “бандытызм” ды “антысавецкая агітацыя”, патрапіў у ГУЛаг. Рэабілітавалі яго толькі пасля смерці Сталіна ў 1960 годзе.

Рэжым Лукашэнкі недалёка адышоўся ад сталінскага. Ва ўсякім разе, ментальнасць тая ж: іншадумцаў абвяшчаць бандытамі і кідаць у вязніцы. Ды толькі эпоха ўжо не тая. І я веру, што мой сын будзе рэабілітаваны не праз трыццаць гадоў, як прадзед Вацлаў, а значна раней.

Мне цяжка было на судзе, але і гонар быў, што мой сын ды іншыя падсудныя (а ў клетцы Ленінскага суда ў траўні 2011 года іх сядзела сямёра, старэйшы — экс-кандыдат Мікола Статкевіч) трымаліся годна. У абвінавачванні безліч разоў гучаў выраз “бесчинствующая толпа”… Дык вось, Саша, калі трымаў апошняе слова, падкрэсліў: “Гэта быў не натоўп, а нацыя, і я ганаруся, што быў там”.

P.S.

Падчас размовы з Аляксандрам Класкоўскім-малодшым я дакладна зразумеў, што трэба пісаць другую частку гэтай кнігі, якая будзе называцца “Жыццё пасля кратаў”. Назва  сама будзе казаць пра змест…

27.11.11

З кнігі "Жыццё пасля кратаў"

  ПРАГА  ПЕРАМЕН

 Пад час нашай сустрэчы год таму не толькі нарадзілася ідэя зрабіць гэтую кнігу.  У Аляксандры Класкоўскам я тады ўпершыню ўбачыў  песімізм, які  толькі нараджаўся ў пачуццях некаторых з тых, хто за 19 снежня 2010 года бываў за кратамі. Маўляў, калі меркаваць па  колькасці іншамарак каля крамаў, то атрымліваецца, што “мы сядзелі дарэмна”…

Нешта падобнае  пачуў і на гэты раз. З той толькі розніцай, што дадалася яшчэ і прага перамен.

 — Што Вы сустрэлі на свабодзе?

— Адразу пасля вызваленне я прыехаў у Белынічы Магілёўскай вобласці, адкуль родам мая жонка. Калі параўнаць з Мінскам, гэта амаль вёска. Людзі там літаральна замбіраваны афіцыйнай прапагандай. І не толькі беларускім тэлебачаннем. Бацька (вядомы журналіст Аляксандр Класкоўскі — заўвага аўтара) расказваў, што “адпаведныя” артыкулы былі нават у раённых газетах. У тым ліку і дзе “марудзілі” мяне.

Гэта, дарэчы, гаворыць пра ўзровень беларускай улады. Я бы, напрыклад, ніколі не апусціўся  да “цяўкання” у “раёнцы”.

Пры гэтым (недзе ў глыбіні душы) яны разумеюць, што не правыя, але інстынкт самазахавання мацней. Заўважце, што робіцца ўсё не на “вышэйшым узроўні”, а на мясцовым. Зразумела, што артыкулы для “раёнак” пісаў не асабіста Лукашэнка…

Праз пяць дзён вярнуўся у Мінск. Аўтобус прыходзіў на “Усходні” аўтавакзал. Насупраць — гіпермаркет. Як раз у той момант ўзнімаліся мытныя пошліны, і ўсе закупіліся іншамаркамі.  Паглядзеў на гэты “аўтапарк” і стала неяк сумна. Не самыя бедныя ў нас людзі. Некаторых назваў аўта я нават не ведаў…

Мы  думаем пра нейкія “глабальныя” рэчы, а простыя людзі жывуць “на побытавым ўзроўні”. Іх больш хвалюе адказ на пытанне: “Дзе знайсці грошы на машыну? Узяць крэдыт, альбо папрасіць  у сваякоў?”

Потым мне выпала пабываць у Варшаве. Там прыйшоў да высновы, што “аўтамабільны парк Беларусі”, калі не лепей польскага, то можа з ім сур’ёзна паспаборнічаць.

Народ у прадчуванні крызісу, літаральна, пазбаўляўся ад беларускіх рублёў. У краме кошыкі “ламіліся”  ад розных тавараў.

Пасля пабывалі з жонкай у літоўскім санаторыі. Шкада, што віза была аднаразовая, бо, калі потым пачалі здымаць фільм пра падзеі 19 снежня 2010 года ( адным з рэжысёраў быў Франак Вячорка), ад прапановы прыняць удзел у здымках прышлося адмовіцца. Яны пачыналіся з панядзелка, а перад гэтым (у пятніцу) быў апошні дзень майго дазволенага   знаходжання ў “зоне Шэнгена”.

— Наколькі мне вядома, здымкі гэтага фільма праходзілі ў Варшаве?..

— Так.

Адразу з Друскінінкай мы паехалі ў Гданьск, а потым у Варшаву.

Калі б віза не скончылася, усё магло бы быць па-іншаму.

Вярнуліся ў Мінск. Менавіта ў гэты час праз ЕўраЗЭС Расія дала Лукашэнку першы транш крэдыту. Гэта быў ВЕЛЬМІ моцны ўдар, бо ўсе мы спадзяваліся, што яна не будзе яго больш падтрымліваць. Для А.Г. гэта было апошняе выратавальнае кола… А для нас першы цвік у труну надзеяў і мараў…

Амаль у гэты ж час у амерыканскай амбасадзе была прэзентацыя кнігі “Адзін дзень палітвязня”. Сабраліся ўсе, хто гэта на той момант мог зрабіць.

Мне вельмі не спадабалася, што праз некалькі хвілін пасля яе заканчэння,  у мяне не атрымалася паразмаўляць не з адным (акрамя Кіркевіча) з тых, хто пабываў за кратамі. А вельмі хацелася наладзіць пэўныя камунікацыі. Прайшло літаральна 10 хвілін пасля сканчэння прэзентацыі кнігі “Адзін дзень палітвязня”, а там ўжо амаль нікога не асталося…

У Варшаву хацелася вярнуцца зноў, але не было адпаведнай візы. Многія паабяцалі гэта зрабіць, але аднымі словамі ўсё і абмежавалася. На жаль, неабавязковасць вельмі распаўсюджаная справа для апазіцыйнага асяроддзя.

— Цалкам з гэтым згодны…

— Канешне, спачатку былі пэўныя спадзяванні, але потым яны адышлі. Зараз я ўжо НІЧОГА не ад каго НЕ ЧАКАЮ. Магчыма, раней  ў нечым памыляўся. Мабыць, самому трэба было стаць больш ініцыятыўным.

— Некаторыя ставяцца да паняцця “судзімасць” даволі легкаважна…

— І дарэмна.

Судзімасць накладае на чалавека вельмі шмат абмежаванняў. Я, напрыклад, калі

хацеў купіць мэблю, звярнуўся у тры банкі за крэдытам. Паўсюды адмовілі. Потым

у крымінальна-выканаўчай інспекцыі патлумачылі, што гэта бессэнсоўна, бо ў іх

нават напісана ў інструкцыях: тым, хто “сядзеў” — грошы не даваць. Нават

маленькія сумы, якія звычайна даюць і “сінякам” з пад крамы.

Пасля вызвалення за намі быў устаноўлены, так званы прафілактычны нагляд. Ён  накладае не шмат абмежаванняў. Накшталт такіх: калі больш чым на месяц выязджаеш у іншую мясцовасць, павінен аб гэтым неабходна паведаміць (не папрасіць дазволу). Альбо раз у месяц яны праходзяць на тваё места жыхарства, каб праверыць жывеш ты там, альбо не.

Праўда адразу пасля вызвалення яны прыходзілі кожны тыдзень, а часам і два разы на тыдзень. Асабліва перад нейкімі гучнымі мерапрыемствамі. Напрыклад мяне не толькі “папрасілі” не прымаць удзел у Народным сходзе, але і прыйшлі з праверкай за паўгадзіны да яго пачатку.

У прафнаглядзе ёсць яшчэ адно непрыемнае абмежаванне. Хутчэй пагроза. Гэта усталяванне больш жорсткага прэвентыўнага нагляду пасля трох адміністрацыйных правапарушэнняў на працягу года, за якія у санкцыі артыкулу прадугледжаны адміністрацыйны арышт.

А там і да турмы, як кажуць, рукой падаць. Сумны “прыклад” Уладзіміра Парфянкова сведчыць аб вельмі канкрэтным настроі уладаў.

На шчасце, прэвентыўны нагляд за мной не усталёўваўся — не было такіх парушэнняў.

…Калі да мінулага Новага года, у гэтым сэнсе было нейкае “зацішша”, то потым прагучала каманда “Фас!”.

Умоўна ўсіх асуджаных за 19 снежня 2010 года я падзяляю на тры катэгорыі.

Да першай адносяцца тыя, хто адразу з’ехаў за мяжу.

Другую складаюць завербаваныя за кратамі людзі, якіх “падцягвалі” на усе “знакавыя” працэсы, то бок тыя, дзе судзілі кандыдатаў у прэзідэнты. Рабіолася гэта для таго, каб “даказаць віну”. Іх было няшмат 6-8 чалавек. Усе адразу пасля судоў “зніклі” і не звярталіся ў нейкія праваабарончыя арганізацыі, Мабыць, было чаго хаваць.

Трэцяя — тыя, хто застаўся ў Беларусі, і нейкім чынам працягнуў змаганне.

Менавіта за гэту катэгорыю ўзяліся, як след.

Даволі хутка некаторыя з нас (Малчанаў, Парфянкоў)  зноў апынуліся за кратамі, А Вінаградава, Яроменку, Атрошчанкава пачалі “прэсаваць”

Дарэчы, спецслужбы імкнуцца спецыяльна арыштоўваць людзей у чацвер. Каб за пятніцу тыя не паспелі знайсці адвакатаў, а потым — выходныя. Гэта своеасаблівы псіхалагічны ціск, бо тры дні чалавек знаходзіцца толькі сам на сам са сваімі думкамі. Галоўная — “Ты ніколі не выйдзеш на волю!”

Люты-сакавік яны мяне вельмі актыўна шукалі, каб “прычапіцца” і змяніць форму нагляду, але не знайшлі. Напэўна, пашанцавала.

…Пасля вызвалення ў пошуках працы пачаў хадзіць па розных фірмах. Калі там “прабівалі” па базах дадзеных і бачылі судзімасць з рэкамендацыяй “не браць”, адмаўлялі з вельмі туманнымі тлумачэннямі. Афіцыйна працаўладкавацца немагчыма было нават грузчыкам, што красамоўна пацвердзіў “досвед” Новіка з Баранавічаў.

Мабыць, нехта вельмі хацеў “выштурхнуць” мяне з краіны. Пачалі  “прэсаваць” па усіх напрамках. Даходзіла да абсурду. Падаткавікі сталі патрабаваць, каб заплаціў ім грошы  за час, калі знаходзіўся … у калоніі, а сама калонія праз суд загадала вярнуць грошы за турэмную робу, харчаванне і г.д.

—  Вы выйшлі на волю  ў разгар крызісу.  А зараз нешта ў настроях людзей стабілізавалася?

— Добрае слова “стабілізацыя”. Як кажуць, сітуацыя ў нас “стабільна цяжкая”.

У мяне такое адчуванне, што людзі займаюцца сваімі штодзённымі праблемамі, і амаль ніхто з іх палітыкай. Магчыма, змірыліся.

Нейкіх ідэйных ператварэнняў у нашай сучаснасці не бывае. Здараюцца толькі эканамічныя, а ім адбыцца не дасць Крэмль. Расейцы скупяць тут усё. Адзін толькі “Белкалій” можна прапіваць і праядаць гады два.

Калі ўсё ўспрымаць комплексна, становіцца страшна…

— Можа нешта зменіцца на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года?

— Не думаю. Лукашэнка сыдзе не праз выбары. Да і ў не канкрэтнай асобе тут справа. Створана цэлая Сістэма. Ім ёсць што страчваць. І гутарка не толькі пра катэджы ў Драздах…

 

%d0%ba%d0%bb%d0%b0%d1%81%d0%ba%d0%be%d0%b2%d1%81%d0%ba%d0%b8%d0%b9-2 %d0%ba%d0%bb%d0%b0%d1%81%d0%ba%d0%be%d0%b2%d1%81%d0%ba%d0%b8%d0%b9-3  %d0%ba%d0%bb%d0%b0%d1%81%d0%ba%d0%be%d0%b2%d1%81%d0%ba%d0%b8%d0%b9-5%d0%ba%d0%bb%d0%b0%d1%81%d0%ba%d0%be%d0%b2%d1%81%d0%ba%d0%b8%d0%b9-4

Opposition protesters at a rally denouncing the results of presidential elections in central Minsk, Belarus. 19/12/2010

%d0%ba%d0%bb%d0%b0%d1%81%d0%ba%d0%be%d0%b2%d1%81%d0%ba%d0%b8%d0%b9-6

%d0%ba%d0%bb%d0%b0%d1%81%d0%ba%d0%be%d1%9e%d1%81%d0%ba%d1%961 %d0%ba%d0%bb%d0%b0%d1%81%d0%ba%d0%be%d1%9e%d1%81%d0%ba%d1%962 %d0%ba%d0%bb%d0%b0%d1%81%d0%ba%d0%be%d1%9e%d1%81%d0%ba%d1%963 %d0%ba%d0%bb%d0%b0%d1%81%d0%ba%d0%be%d1%9e%d1%81%d0%ba%d1%964